12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Адамовіч

_____________________
"Зямля - рубеж"

З дзёньнікавых запісаў 90-х гадоў


l l l
Галоўнае: ідэалогія таталітарызму рухнула. Албанія, Кітай, Паўночная Карэя, Беларусь – астраўкі, а не кантынент!
Ніхто ўжо не навяжа – нават “Палітычны субяседнік” – сьвету тупіковы шлях.
А значыць, сусьветнай атамнай вайны ўжо ня будзе. Вось Ірак… Што было б… Валасы… – 60 тысячаў боегаловак.


l l l
Помніцца, што гэтым ганарыліся: толькі пры сацыялістычнай дзяржаўнай сістэме можна зьдзейсьніць такую канцэнтрацыю рэсурсаў.
Што і ўзарвалася толькі пры сацыялізме і чаму – ужо нямала гаварылася. Нават формула: мы ішлі да Ч[арнобылю] як да непазьбежнасьці.
А што тычыцца справаў па выратаваньні, то машта­­бы, так, але колькі – міма.
...Потым млрд. [мільярды] рублёў на бессэнсоўнае мыцьцё лясоў і палёў. Замест чаго-небудзь больш рацыянальнага.
А гэтая – глабальная і бесчалавечная сакрэтнасьць, ад якой столькі зла...
Паказушная работа, як і ўсё будаўніцтва камунізму. Легасаў: Масква цікавіцца адным – што там Захад?
Чаму так бяздумна рабілася? Быў жа Чэлябінск. І там нейкія навуковыя рэкамендацыі былі напрацаваныя… Уся навука ў справу не пайшла, пайшло самае бесчалавечнае: зьмешваньне прадуктаў да “дозы”, завышаныя нормы, зэкі (тут салдаты) для ўсіх спраў замест навуковых рэкамендацыяў і мэтанакіраваных справаў.
Што ж было паміж Чэлябінскам і Чарнобылем? А вось гэта: барацьба з залішняй бясьпекай (не паверыш!) як інтрыгі Захада, які хоча нас разарыць.
Сутнасьць і прырода сістэмы ва ўсім бляску.
Што з намі, з беларусамі, адбываецца.
Кляшчы радыяцыі з паўднёвага ўсходу распаўзаюцца на паўночны захад… У выніку ўсёй той паказушнай злачыннай дзейнасьці...
І тут, як увогуле ў грамадстве выяўляецца, як мечанымі атамамі – на тых жа ключавых пастах працуюць усё тыя ж людзі. Ільін у кляшчах трымае да гэтай пары людзей – праз сваіх людзей, якіх расставіў Міцюхін /?/ (радыялогія) узначальвае ў Беларусі, гэта пад яго ўплывам 3 млн. аддалі Ільіну з тых Чарнобыльскіх сродкаў.
Зразумела, што моцныя сувязьзю зьверху, яны ўсе павязаныя шматгадовай злачыннай сістэмай і бескантрольнасьцю…
Што гэта за сістэма – паказвае яшчэ адзін факт: аказваецца, у 60-я гады выпрабоўвалі тактычную ядзерную зброю на поўдні Беларусі ў будучых Чарнобыльскіх раёнах, на Брэстчыне. І забрудзілі.
За кароткі ядзерны век злачынная бескантрольная сістэма амаль немагчымай для пражываньня зрабіла ледзь ня ўсю краіну: вось апошняе “адкрыцьцё” па Маскве…


l l l
(Італія, Фларэнцыя, 10–15 сакавіка 1991 г.)
Расійскі парламент – гэта параўнаньне магчыма з прарывам у зьнешняй палітыцы – выратаваньне ад атамнай вайны.
Беларускі парламент можа ўвайсьці ў гісторыю Перабудовы і атрымаць аўтарытэт, калі ня проста паўторыць рускі варыянт, а далей…
Ёсьць усе магчымасьці: мацней гаспадарка, і таму ўтрымлівае тых, што кормяць…
Пытаньне ня проста даць столькі і столькі. Для фермерскіх гаспадарак гэта наогул не праблема. Там плацяць, каб зьнішчаў…
Справа галоўная: вярнуць селяніна краіне, таго, што вымарожвалі, вытручвалі, што ў вайну: зноў калгасы, пасьля вайны.
А гэта магчыма толькі на ўласнай зямлі. Якой ён распараджаецца цалкам, як уласным целам.
Ну, а каб не сьпекуляваў – ёсьць мноства законаў. Прыміце і іх.
А вы падумалі, чаму заходнія беларускія гаспадаркі мацней? Селянін? Можа, наогул таму лепей у Беларусі, што не калектывізавалі селяніна да ручкі.


l l l
Японцы сабралі мільён йен, і я прывёз іх у Менскую бальніцу, дзе ляжаць дзеці, хворыя на лейкоз. Гэта было страшнае месца, вы бачылі па тэлевізары. І зараз ня бляск. Але ўжо нейкая аппаратура, швейцарскія дактары сядзяць і мужна п’юць наш нішчымны чай-абед, – надзеі ў маці, якія там жывуць. І ў той жа дзень Б. мне паведаміў: ваенныя таварышы з ліку дэпутатаў заявілі ўльтыматум Прэзідэнту: навошта прымае і нават просіць дапамогі, абражаючы чалавечую годнасьць.
Увесь сьвет набрыняў, як сокам увесну дрэва, спачуваючы народу нашаму шчыра брацкім пачуцьцём. І вось абраза за Радзіму. А вы спыталі ў сотняў і тысячаў дзяцей – ці патрэбная ім дапамога?
У гэтым ультыматуме я бачу болей, чым эмоцыі асобных дэпутатаў. А логіку ваенна-прамысловага комплексу, які абрабаваў і разарыў краіну і, адчуваючы, што смактаць болей няма чаго, неабходна рэзкае скарачэньне, асабліва, калі брацкая дапамога народаў сьвету поўнасьцю разбурыць вобраз ворагаў, што ва ўсіх накірунках, – і вось ультыматум. Я прапанаваў бы зрабіць нашым чорным палкоўнікам у генеральскіх пагонах-мундзірах: пакіньце ў спакоі гэту няшчасную краіну, разрабаваную ў імя мілітарысцкай ідэалогіі сусьветнай камуністычнай будучыні, і калі ідэалогія рухнула, механізм (армейскія, КДБ[ісцкія] структуры) ацалелі і пачынаюць дыктаваць волю сваю тым узроўням улады, якія абслугоўвалі. Рабіліся дзяржавай у дзяржаве. Найхутчэй выправіць гэтую сітуацыю…
Скажуць: а ўльтыматум заснавальнікам “МН” [“Московские новости”]? Думаю, той выраз – перабор эмоцыяў. Але зразумела, што тут прынцыповая розьніца: інтэлігенцыя не грыміць зброяй, ня мае бронежылетаў і танкаў.
Мы гатовыя любіць і паважаць армію, мы самі. Ваенных. Але ня ў той ролі, якую ўсё болей выбіраюць.
Створаны пад ідэалагічны класавы канфлікт з цэлым сьветам ваенных структураў, велізарны генералітэт пачынае дзейнічаць аўтаномна. Тое, што здарылася з НКУС, створаным для зьнішчэньня сялянства... Потым зжэрла і тую партыю, і тую…
Ці не паўторыцца гэтая гісторыя, калі ўжо і армія тую ж ролю гатовая выканаць. Якая роля КДБ, пакажа час. Баюся, што сілы аб’яднаюцца гэтыя. Тым больш, што прадстаўнікі арміі, парушаючы традыцыі высакародных, паводзяць сябе правакацыйна, па-нкусаўску – я маю на ўвазе выступленьне напрамую па пытаньні пра сакрэтную нараду ЦРУ і бел[арусаў], укр[аінцаў] і рус[кіх].


l l l
Зямля – рубеж.
Беларусь можа пайсьці далей за Расію. Гавораць нам: у нас і так мацнейшая гаспадарка! Іменна таму: чаго ж баяцца калгасна-саўгаснай канкурэнцыі, калі яны моцныя.
Але дзе мацней – у Заходняй Беларусі, там, дзе сяляне засталіся.
…Пытаньне: вярнуць селяніна.
На ўзроўні чалавека. Сьлюнькоў… Барташэвіч… Чэбрыкаў…
…Нас яны ператварылі… Але і сябе. Усе ахвяры сістэмы.
Хочацца сказаць і вандэйцам: ды нічога добрага і вам. Есьці пад коўдрай украдзенае ў народа, “чыстае”?
Прывілея быць нелюдзьмі?
Няшчасныя мы людзі!
Не, мудры японец перамудрыў. Мы сваё зло раней экспартавалі. Сёньня павінны яго зьнішчыць – у сябе ў краіне. У сабе, у нас саміх.


l l l
19.4.91 г.
Чытаю Пушкіна… Што больш каштоўным, патрэбным было рускім, Расіі – яшчэ адзін Самарканд заваяваць ці даліну каўказскую, ці захаваць жыцьцё Пушкіну яшчэ на 20 гадоў. Усе Самарканды вось могуць адпасьці, а за 20 гадоў Пушкін стварыў бы нешта на тысячагоддзе – рускага, для ўсяго сьвету, такога вечнага.


l l l
Пастка…
Цяжкая і адсталая, вялізная армія патэнцыйных беспрацоўных, с/г – 40% купля, за кошт выкапняў… А сама сельска-калгасная ня здольная была сабраць. Цяпер – і пасеяць.
Нацыянальныя праблемы. Чачэнцы – асецінцы. Крамсалі: каму Смаленск, каму Вільню?..
Розныя ўмовы і праблемы. Але вывад адзін. Усё па-ранейшаму на партыі. Асабліва ў Беларусі. Тры катэгорыі: 1. Пойдуць, не азіраючыся. Большасьць. 2. Доўга будуць раздумваць: як жа так атрымалася, хацелі аднаго, а атрымалася іншае. 3. Не раздумваць, а дзейнічаць схільныя, каб вярнуць тое, што вярнуць немагчыма. Гэта яны ствараюць “Саюз”, выпускаюць ястраба з Лубянкі, перафарбаванага ў… Няўзорава, рэдактар “Политического собеседника”… Гэта яны, засланіўшыся Шушкевічам, падлічваюць шанцы і амапаўцаў, як нічога не саступаючы, адкупіўшыся чым заўгодна, захаваць уладу на Беларусі. Нават перафарбаваўшы партыю.
(Трэція: палітычныя авантурысты кшталту Ціхіні – даў Бог про­зьвішча, як псеўданім.)
Вывад: працоўныя масы, падняўшыся ў адказ на апошнія дзеяньні ўраду, павінны разумець: лёгка рашыць праблемы немагчыма. І трэба настройваць сябе на працяглую барацьбу. А яшчэ непазьбежнае расчараваньне. Але бліжэйшыя мэты бачны: дэпартызацыя вытворчасьці, зямельная рэформа, перавыбраньне Вярхоўнага Савету БССР і прамое выбраньне Прэзідэнта Беларусі.


l l l
Цікавая гутарка адбываецца паміж народам беларускім і яго парламентам. Народ вось так зьбіраецца на плошчу і прапануе сваім абраньнікам:
– Зьбірайцеся і вы, і давайце працаваць.
А тыя:
– Не, у нас канікулы.
– Мы для гэтага вас выбіралі?
– Хто мяне выбіраў ці прызначаў, тыя вунь дзе сядзяць (ззаду). І яны якраз мне загадваюць адпачываць.
Такая вось перапалка. На вачах у цэлай краіны.
Вашыя патрабаваньні: парткамы – за заводскія брамы! Зямлю – фермерам! Да суда чарнобыльскіх злачынцаў! – гэта ім ніяк не падыходзіць.
Назіраў я сам у Вярхоўным Савеце Беларусі: паспрабаваў слова сказаць пра тое, што вось у Расіі зямлю робяць уласнасьцю селяніна – дык адразу ўбачыў шырокія сьпіны старшыняў калгасаў і саўгасаў – шырокія сьпіны і патыліцы – а паперся з залы першы, ведаеце хто: Ціхіня! Так, сакратар ЦК, пра якога я чытаў, што ўжо нейкі камітэт рыхтуе. Мабыць, каб ратаваць заваёвы сацыялізму – разьмеркавальнікі, калгасы, гулагі!
На ўвесь сьвет вядома: самыя паслухмяныя слугі сістэмы, імперыі – беларускія партакраты. Нядаўна вядомы стаў і яшчэ адзін доказ таго: аказваецца, у 60-я гады на Палесьсі выпрабоўвалі тактычную ядзерную зброю. Ваенныя захацелі, нашыя адразу ж згадзіліся. Так што мы мелі Чарнобыль ужо тады. Толькі ня ведалі.
Калі 2 чэрвеня 86 г. я быў у Сьлюнькова па Чарнобыльскіх справах, ён з захапленьнем расказваў, як быў ім і Кавалёвым задаволены Рыжкоў, што яны, у адрозьненьне ад украінцаў, нічога ня просяць, а гато выя нават палівальныя машыны аддаць Кіеву. Вось там я зразумеў канчаткова: уся гэтая партыя можа толькі гулагі будаваць, вялікія ці малыя. Але рэспубліканская кампартыя – гэта яшчэ жахлівей. І калі яны будуць заўтра замест Маскоўскай партакратыі навязваць сябе – маўляў, мы таксама беларусы, мы за самастойную камуністычную Беларусь, ня верце ім.
Нічым яны ня лепшыя: ды і не бывае лёкай лепшым за пана. І ня дай Бог панам стаць яму. Бяз вас хопіць! У вас было 74 гады.
Бяда ёсьць бяда. Тым больш такая, як Чарнобыльская. Але яна двойчы бяда, калі народ перад ёю апусьціць рукі.
У гісторыі нашай ХХ ст. былі тры пагрозы генацыду: сталінскі, гітлераўскі, а цяпер вось – ядзерна-чарнобыльскі. Перад сталінскім мы былі разгубленыя. Ня верылі яшчэ, што “свае” гэта могуць. Таму і цела, і душа былі растаптаныя.
Перад гітлераўскім мы аб’ядналіся. І хоць [мелі]страты, але душу зьбераглі.
І вось цяпер: супраць чарнобыльскага атаму і той сістэмы, якая стала сімвалам яе – камуністычнай.
І аб’яднаць нас супраць “атаму” можа толькі маналітнае супрацьстаяньне сістэме. Толькі пазбавіўшыся ад яе, мы выжывем.


l l l
Для мітынгу ў Менску:
1. Мадэлі “соц. стран”, а цяпер і рэспублік.
Дзьве пагрозы:
1. Замест маскоўскай партакратыі мясцовая, замешаная на нацыянальных амбіцыях (Сярэдняя Азія).
2. Антыкамунізм, але прэтэнзіі на асабістую дыктатуру (Грузія). Ні тое, ні другое непажаданае. Як пойдзе Беларусь: рабочы рух + нацыянальная свабодная інтэлігенцыя, побач, даючы папраўку адно другому. Інтэлігенцыя нацыянальная, БНФ – супраць неабальшавіцкай дэмагогіі, рабоча-дэмакратычны рух, дэмакратычныя партыі – супраць нацыяналістычнага экстрэмізму і нецярпімасьці, за якой таксама дыктатура ці адрыў ад шырокай грамадскасьці. Гэта пашкодзіла і ў Прыбалтыцы, і ў Маскве.
Мы спазьніліся, але ня спалі – роздум, свой і чужы вопыт нам дапаможа.


l l l
Калі Ільічоў быў на Беларусі сакратаром ЦК, такі факт. Супрацоўнікі Інстытуту літаратуры АН БССР Пшыркоў, Перкін і інш. пісалі для яго даклада “літаратурную частку”, ну і зрабілі абавязковую заўвагу аб рэцэдывах нацдэмаўшчыны і іншай нечысьці, але ніякіх імёнаў не назвалі. Партбос грымнуў:
– Хто пісаў?
– Такія-та.
Узяў і ўпісаў іхныя прозьвішчы (гумар па-сталінску). Потым 5–10 гадоў адмываліся ад “ідэалагічных памылак” нашыя аўтары.


l l l
10. 7. 1991 г., Масква.
Толькі сялянаў і толькі літаратуру загналі назад так далёка – пасьля вайны, пасьля Перамогі. Адняўшы заваёваныя пад час вайны права на слова, свабоду.
Сталін ня толькі скраў Перамогу, але і само сьвята: Дзень Перамогі адмяніў, як дзяржаўны...
Дзень Перамогі адноўлены да 20-годдзя Перамогі.


l l l
Гановер – Кесель, 20–25 чэрвеня 91 г.
Патрабуем, каб КДБ сябе адмяніў (у цяперашняй якасьці тайнай паліцыі). Калі б і хацеў – ня можа. Стукачы не дазволяць. Іх жа (па падліках Валянц[іна] Крылова, палкоўніка ў адстаўцы) – 20 млн.! Хто каму прыслугоўвае – яны КДБ ці КДБ гэтым 20-ці млн.?


l l l
1991 г.
Калі нечага і баюся (баяўся) – ня скончу аповесьць. Так і падумалася 19 жніўня, калі пазваніў Быкаў: пераварот! Э, чорт, не пасьпеў! Не дадуць скончыць, надрукаваць!..
Ізноў стаў баяцца самалётаў.

Чамусьці думаю, што запісныя кніжкі зьберагуцца.


l l l
Армянскі дзед:
– Армяне, беражыце яўрэяў.
Беларускі дзед:
– На яўрэях замесяць, а з беларусаў сьпякуць.

Заходняя Беларусь, запрашаюць “пана”-бедняка ў калгас:
– Карову аддасі!
– Калі ласка!
– Каня?
– Калі ласка!
– Авечкі?
– Авечкі, не, не аддам.
– Калі каня, карову, чаму авечкі?
– Разумееце, авечкі ў мяне ёсьць.


l l l
3.10.91 г.
Пачаць з дзьвюх ліній разьвіцьця, адна тупіковая. Магло так і скончыцца. Пашанцавала: адна сістэма рухнула. Але пацягнула за сабой Імперыю. Бо ў іншых сацыялістычных краінах – цяжка вяртацца, але ня так, ядзерная зброя – частка таго. Як хітруюць? Краўчук: не дадзім вывозіць, але бязьядзерная зона, Назарбаеў – тое ж, але не гаворыць пра бязь­ядзерную. Кебіч: НАТО, мы заходні рубеж і нам трэба. Што трэба – стаць суцэльным Чарнобылем у імя абароны Імперыі? Якой няма.
Бачыце, і тут гульні, і ў беларускага кіраўніцтва. Хацелася б, каб яны не зацягнулі кагосьці з Народнага фронту ў такія гульні. Цьвёрда: ні адной шахты боегаловак у Беларусі.


l l l
6.10 1991 г.
Сёньня зноў успомнілі пра атамную зброю. Чаму зноў? Бо часы перабудовы зрабілі гэтую праблему як бы і другараднай. Цяпер мы разумеем: і сэнс, вынік Перабудовы трэба ацэньваць з п[ункту] гл[е­джаньня] ядзерных праблем. Калі падлічваем, што страцілі, што набылі. Галоўны аргумент – гэты. Так, іменна ядзерная пагібель адсу­нутая была і, можа, нас ад гэтага выратавала Перабудова. Якой цаной? А хоць бы якой, бо жыцьцё чалавека і чалавецтва нічым не вымя­раецца.
І вось успомнілі: пра бомбу. Але ва ўмовах распаду імперыі. Калі зброя становіцца таксама прадметам спрэчкі. Логіка вялікай імперыі. Але і малая імперская логіка. Мне таксама патрэбна спачатку бязь­­-я­дзерная зона! Потым: Назарбаеў – не аддадзім! Украіна, Краўчук: мы ў сябе і гандаль весьці будзем з ЗША, Кебіч: НАТО, мы на Захадзе…
Уяўляеце, калі б ядзерная бомба была ў кожнай рэспубліцы Юга­славіі!..
І хто ведае, хто на месца цяперашніх лідэраў – заўтра.
Зьнішчаць пад наглядам ААН.
Тым больш, што ЗША прапануюць свае [паслугі].
Ну, а як Расія. Яна ў зьвязцы з Захадам. І таксама – гэта свой працэс. Калі ўмяшаюцца яшчэ 2-3 ядзерныя рэспублікі, ён спыніцца.
Што гэта такое: НАТО, заходнія рэспублікі на сябе гатовыя ўдар прыняць? Ды я і гэтаму ня веру. Проста логіка даядзернай эры: мець [моц]? – бясьпеку – незалежнасьць.
А яшчэ: Сярэдняя Азія, схаваць наменклатуру за ядзерны шчыт.

l l l
Менск. Я паўтару тое, што пісаў Ельцыну і Руцкому 23 жніўня і гаварыў на сесіі ВС СССР: ядзерную зброю нельга пераводзіць за Урал, яна адразу павінна зьнішчацца: і “беларуская”, і “eкраінская”, і “казахская”. Але і гульні з тым, каб гэты шчыт займець, трэба спыніць.
А яны вядуцца. Паслухайце Краўчука, Назарбаева. І наш Кебіч тры беларускія грошыкі кінуў.
Хто трымаецца за ядзерную зброю, баюся, не гатовыя да самастойнасьці. А толькі да ўлады гатовыя, як атрымаюць. І трымацца за яе, як у Грузіі.
Беларусь не павінна азірацца на Казахстан.
Там свая мусульманская палітыка. Ну, а мы з Украінай? Мы Еўропа і павінны праводзіць еўрапейскую палітыку. Тым больш, што мы мечаныя.
Чарнобыль. Хто ж нам дапамагаць стане, калі мы будзем ядзернай дзяржавай?
Калі ёсьць нехта, хто са мной згодны, заклікаю – выкрасьлі з усіх сьпісаў галасаваньня любога – правы, левы, верхні, ніжні – хто хоча зрабіць Беларусь ядзернай дзяржавай. Гэта самы вялікі непрыяцель беларускага народу, якія б абяцаньні ні даваў і чым бы ні казыраў!


l l l
…І зноў людзям спатрэбіўся Дастаеўскі. Ён – як Евангельле, неабходны людзям. [...]
Калі чалавек – гэта сьвет, краіна, сусьвет, а Д[астаеўскі] тым больш, то можна сказаць: мы ня першыя паставілі эксьперымент і зламаліся. Яго паставіў Д[астаеўскі] над сваёй душой, сабой – утапічны сацыя­лізм, а затым барацьба з пеклам. Карамазаўшчына і д’ябальшчына.


l l l
Ёсьць вялікія дзеячы, паэты ў народа. А ёсьць любімыя, як дзеці, малодшыя звычайна. Вось такім малодшым назаўсёды (у параўнаньні з класікамі Купалам і Коласам) быў М. Багдановіч. Дзіця-паэт (мудры) любіў парадоксы, з якіх жыцьцё складаецца. Усе пра жыта, хлеб – лёс народа. А ён: навошта і хлеб, калі няма васількоў? А васількі – гэта пустазельле. Прыгажосьць уратуе сьвет? Душу народа ўратуе – гэта дакладна.
У народзе беларускім шмат ад Купалы, ад Коласа, Чорнага. Але і ад Багдановіча. Мы сьвету адкрываемся наноў. Учора Бі-Бі-Сі: словы- фаварыты. На першым месцы – Мінск у сусьветнай сьвядомасьці. Як гаворыцца: нашае цялятка ваўка з”ела.
Мы – незалежная дзяржава. Я зразумела – эйфарыя. Як 55-гадовая ўпершыню нарадзіўшая. Бяда для дзіцяці! Залюбіць!
Глядзіш на рэспублікі, і ўжо мутарна ад самазахапленьня. М[ожа] б/ыць/, хоць мы пакажам прыклад. І стойкасьці, і сьціпласьці, талерантнасьці – той, што адрозьнівае паэзію і асобу Багдановіча.
Два пытаньні, праблемы.
Пазьбегнуць нацыянальнага чванства ў сябе дома. І другое: паказаць прыклад у адносінах да ядзернай зброі.
Хто аб чым, а вашывы аб лазьні.


l l l
1992 г.
…Сёньня Беларусь і беларусы ставяць пытаньне: хто мы і адкуль, якімі быць і куды рухацца? І што браць з сабой у дарогу. Што патрэбна сёньня, а што, магчыма, спатрэбіцца пасьлязаўтра.
Шмат чаго, што народжана пад прымусам, што фальшыва і фальш [ыва] раскрывалася разам з крахам камуністычнай сістэмы, проста зьнікла з вачэй. У 50–60-я як змагаліся з псеўдалітаратурай… А яна сама!.. Праўда, заглянеш у мінулае, парадоксы: сярод пісьменьнікаў у рускай літаратуры – зьніклі з гарызонту. А Булгарын і Грэч… Яны нават у “Тарасе на Парнасе”. Крыўдна, але як Пілат каля Іешуа навекі, так і Булгарын каля Пушкіна. Хто [каля] варот?.. Пётр… У нас – двое: Купала з Коласам. І вось прыходзіць Бэндэ, просіцца ў будучую гісторыю беларускай літаратуры. Гнаць яго!.. Але: Купала кажа: – А як зразумець, чаму Купала вымушаны быў напісаць “Над ракой Арэсай”… І Колас думае: і хто зразумее, чаму пасьля “Новай зямлі” магла зьявіцца такая рэч, як “Адшчапенец”.
– Ідзі, нечысьць, будзеш сам сабе катам цяпер навекі!
Ёсьць два тыпы геніяльнасьці: складанасьць жыцьця чалавека разгадваць, але так, што тлумачэньне таксама складанае. Нават простыя рэчы ўскладняюцца.
Талстой мог, умеў любую складанасьць растлумачыць проста. Думаю, што Коласаў геній таксама: не спрашчаў, вядома (хоць партыя і патрабавала ад літаратуры), а прастата. Не выпадкова пішучы верш на сьмерць Талстога, назваў яго па-вясковаму: родны! Але іменна гэта так важна нам у час складаны.
На сесіі В[ярхоўнага] С[авету]… аб чым там? А ён: хоць бы камні сабралі.
Тым, што ўсё яшчэ хацелі б уласьніка на зямлю не пазбаўляць бюракратаў – чытаць бы з трыбуны “Новую зямлю”. Можа, праняло б.
Ня хочуць раставацца з тым, што падабралі за 70 год: з уладай, уласнасьцю. Вось хутка будуць галасаваць за КПБ… І сьпяшаць падаць сябе народу яго дабрадзецелямі… Чытаем у газетах жыцьцяпісы Сьлюнькова, Барташэвіча – гэта ў Беларусі. Увесь цэкоўскі сінкліт… (Сімура). Самі не лянуюцца і пра тое, як Беларусь і беларускі народ вялі ў сьветлую будучыню. Адзін… яшчэ Быкава вучыць… Ды што Быкаў яму? Пра Дастаеўскага: таксама добры гусь! Прачытаў у “Звяздзе”!
Я пачаў са старых запісаў. Цікава разглядаць старыя фатаграфіі. Вазьміце часоў вайны і пасьля – усюды ў цэнтры Гарбуноў, ЦК. Ну, што ж, народ сапраўды не забудзе іх, іх страшныя 70 год гвалту і зьдзеку [з] усяго, што чалавеку і народу дорага.
Але каля дзьвярэй беларускай культуры стаяць ня Бэндэ і Клімковіч, не Пілатовіч. Стаяць дзядзька Якуб з дзядзькам Янкам. Яны ведаюць, што патрэбна браць у вялікую дарогу.

l l l
Анёл-ахоўнік роду Адамовічаў-Тычынаў мог адпачываць, перадаручыўшы гэтую справу нашай маме. Што ў вайну, што пасьля. Яна выратавала 10 чалавек у Глушы, а пасьля вайны – усе шляхі да яе вялі: інтарэсаў, імянін, вясельляў, экзаменаў (школьных і інстытуцкіх), кватэр, сварак, прымірэньняў, сьмерцяў, сустрэчаў і інш., і інш.


l l l
/1993 г./
Адметная асаблівасьць сістэмы – Вялікая мана. І самая Вялікая: фабрыкі – рабочым, зямлю – сялянам, мір – народам. Атрымалася ўсё наадварот. Нават тую, якую сяляне атрымалі ў 1861 г., адабралі. Самае поўнае прыгоннае права, толькі прыгонныя сталі дзяржаўнай наменклатурай.
У вайну…
І не выпадкова: з калгасамі зьвязаныя – высылкі, голад, бяспраўе. І пастаянны дэфіцыт.
Рэформы… Магчымыя толькі з зямлі. Кітай таксама паказаў. Усё павінна ўпасьці некалі… на зямлю. Мы ўсё яшчэ ў падзеньні.

Падрыхтоўка да друку
і публікацыя В. Адамовіч.


Апошняе слова
“Добра быць запісной кніжкай Бога! – думка вылецела аднекуль са сну”, – такі запіс, зроблены ў сьнежні 1992 году, неўзабаве пасьля перажытага ім цяжкага інфаркту, ад якога пісьменьнік так і не ачуняў, сустракаем у дзёньніку Алеся Адамовіча. Бог даў Адамовічу крыху больш за год тэрміну, каб ён давёў да ладу свае творчыя задумы, зрабіў апошнія пасьпешлівыя запі­сы сваіх назіраньняў, развагаў, ацэнак, высноваў. Пісьменнік плённа выкарыстаў адпушчаныя яму дні, тыдні, некалькі месяцаў, завяршыўшы незавершанае, падвёўшы рахункі з мінулым.
“Лепшая за ўсё ў Гогаля ягоная запісная кніжка...” – у гэтым спрэчным сьцьвярджэньні Івана Буніна галоўнае – дакладна выяўленыя адносіны пісьменьніка да літаратурнай класікі, калі хрэстаматыйны глянец пера­шкаджае ўбачыць яе вечна жывую сутнасьць. Сёньня, заўважана, цікавей чытаць не мастацкія шэдэўры нашых класікаў, а чарнавікі, варыянты, папраўкі, заўвагі на палях для сябе, накіды планаў, калі гарачая магма словаў і вобразаў яшчэ не застыла і мы ўвачавідкі адчуваем варыятыўнасьць і шматзначнасьць задумы...
Такое ўражаньне можа скласьціся і ў чытача запісных кніжак, чарнавых сшыткаў, блакнотаў, дзёньнікавых нататак Алеся Адамовіча. Слынны празаік, праніклівы крытык (“Мой самы праніклівы крытык”, – сказаў аднойчы пра яго Васіль Быкаў), бліскучы публіцыст, каларытная асоба паўстае ў іх з нечаканага боку – у якасьці назіральніка, нязвыкла адстароненага, падкрэсьлена іранічнага, уважлівага да адваротнага, ценевага боку зьяў і падзей, вынаходлівага ў параў­наньнях і метафарах, якімі ён шчодра перасыпаў ня толькі сваю мастацкую прозу, але і акадэмічныя літаратура­знаўчыя дасьледаваньні. У аснове гэтага адчуваньня, вядома ж, грунтоўнае знаёмства з яго творчасьцю, неабыякавае (у дачыненьні да Адамовіча іншае і ўявіць цяжка) стаўленьне да яго самога як асобы, адсутнасьць стомленай і лянотнай развагі, – калі пра пісьменьніка хочацца ведаць больш і больш, радавацца кожнай новай знаходцы ў яго архіве, жыць у стане чаканьня, што вось-вось будзе сказана аб ім “апошняе слова”.
Хутчэй за ўсё ён жа сам, Адамовіч, і скажа гэтае апошняе слова, як бы неасьцярожна абмовіўшыся. Хто яшчэ больш і глыбей сказаў пра самога сябе і сваю творчасьць ва ўласных інтэрв’ю, эсэ, артыкулах, навуковых працах, быццам не спадзяваўся на прыход уважлівага чытача-аналітыка, аднадумцу-дасьледчыка, сябра-суразмоўцу?!.
Першыя свае запісы, вельмі нерэгулярныя і таропкія (у маладыя гады гэта натуральна, бо здаецца, што наперадзе яшчэ столькі ўсяго, куды больш значнага, і што памяць сьвежая і надзейная, калі спатрэбіцца, дык усё прыгадаецца), Алесь Адамовіч рабіў яшчэ у студэнцкія гады. Тым больш значным успрымаецца яго пазнейшае адкрыцьцё вялікіх тэхнічных магчымасьцяў “магнітафоннай літаратуры”, здольнай усё зафіксаваць і “запомніць”.
Аднойчы, недзе ў сярэдзіне 70-х гадоў, я зайшоў да яго на кватэру і засьпеў за разборам, праглядам, адборам старых папераў, лістоў, запісных кніжак розных фарматаў. “Ды вось старыя запісы пераглядаю!” – самакрытычна-весела патлумачыў ён. Узяў з адкладзенай горкі адну з кніжак і зачытаў запіс пра Якуба Коласа, якога ён наведаў у 1946 годзе разам з аднакурсьнікамі.
Здаецца, амаль усё, што ўспаміналася тады пра нашага класіка, я чытаў, шмат чуў ад людзей, якія бачылі, помнілі дзядзьку Якуба, так бы мовіць, апокрыфаў пра яго самога, розныя анекдатычныя гісторыі, але нічога падобнага, як запісанага ў Адамовіча, я ні ад каго ня чуў. Коласа я пабачыў уважлівымі да падрабязнасьцяў і адценьняў вачамі Алеся Адамовіча, нядаўняга партызана, студэнта-філолага, пачынаючага літаратара. Гэта была дэталёва апісаная сцэна сустрэчы з жывым класікам, які здаўся юнаку стом­леным усякімі непатрэбнымі візітамі і пустымі гаворкамі цікаўных наведвальнікаў, старым і адзінокім чалавекам, далёкім і чужым маладому, незнаёмаму племені (“Не я пабачу твой узьлёт”). І гэта была, як я сёньня разумею, сапраўдная мастацкая проза на добрай беларускай мове.
На жаль, запіс Адамовіча пра сустрэчу з Коласам некуды зьнік. Хутчэй за ўсё выпадкова. Сам Адамовіч, падобна, ня вельмі высока цаніў чарнавікі, рабочыя сшыткі, аддаючы перавагу завершаным творам, выдадзеным кнігам. Праўда, гэта датычылася толькі яго асабістага архіву. Сямейныя архівы Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа ніхто, акрамя хіба толькі тэкстолагаў, не вывучаў з такой увагай і павагай, як Алесь Адамовіч, аб чым выразна сьведчаць ягоныя цудоўныя навукова-дасьледчыя працы і літаратурна-гістарычныя каментары да твораў згаданых празаікаў.
Адамовіч рабіў свае запісы імклівым, хвалістым почыркам без папярэдняга ўступу, тлумачэньня, абмалёўкі тэмы і назвы. Так робяць накіды, эскізы, напаміны для саміх сябе. Яго, як заўсёды, захапляла, спальвала прага “думку вырашыць”, “дайсьці да канца”, “выказацца дарэшты”. А пытаньняў на працягу ўсяго ягоннага жыцьця і творчасьці было занадта багата, каб вырашыць іх сходу, адным узмахам пяра; хваробы грамадства былі такія застарэлыя, што пісьменьні­ку, і не аднаму Адамовічу, часьцей выпадала выступаць у ролі хірурга, чым тэрапеўта. Адсюль “вяртаньне” да пачатку, жаданьне нешта ўдакладніць, зігзагі і павароты думкі, раптоўныя асацыяцыі, імкненьне не ўпусьціць самае істотнае, трымаць ідэю на вастрыі пяра і адначасова не занядбаць падрабязнасьці, “адгалінаваньні”, удакладненьні, пошук трапнага слова, лаканічнага і запамінальнага параўнаньня, якое было б апошнім. Як цьвік у труну ўсяму, што аджыло, блыталася пад нагамі, не давала вольна дыхаць.
Адчуваньне “сваёй” і “чужой” аўдыторыі, калі рабіліся нататкі да новай задумы, накідваўся шпарка, амаль без паправак, тэкст выступленьня, у Адамовіча было рэдкасным. Матэрыял у асноўным быў “на слыху”, асаблівых тлумачэньняў не вымагаў, а праблемы ўздымаліся часта вельмі хваравітыя як для ўлады, так і для асобных набліжаных да яе літаратараў, аднак сёе-тое, зьвязанае з асаблівасьцямі літаратурнага жыцьця ў краіне, трэба было ўдакладніць, па­тлумачыць, падаць як мага больш уражліва. Тады Адамовіч ахвотна і дасьціпна зьдзяйсьняў “партызанскія” рэйды ў пісь­ меньніцкі побыт, у гісторыю асабістых стасункаў паміж літаратарамі і ўла­дай, добра ўяўляючы магчымую рэакцыю і адных і другіх, сяброў і ворагаў, а ўрэшце і прадстаўнікоў улады, без якіх у тыя часы не абыходзі­лася ні адно больш ці менш важнае мерапрыемства, а, можа, і найперш іх, бо “што жадаць ад песьняра”.
Асабліва шмат запісных кніжак, блакнотаў, якія шчодра выдавалі тады да кожнага зьезду ці пленуму дэлегатам, належыць да апошніх двух дзесяцігоддзяў жыцьця Адамовіча, самых актыўных і баявых у яго літаратурнай біяграфіі. Ужо набірала сілу эпоха галоснасьці, а ў Беларусі панавала дзіўная маўчанка: выдавецкія планы былі складзеныя на цэлую пяцігодку наперад, і можна было наогул нічога не пісаць, не адгукацца на бурныя падзеі. Затое кіпела калялітаратурнае жыцьцё: класікі (Іван Мележ, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч, Міхась Стральцоў) пайшлі з жыцьця, Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч адбівалі амаль у поўнай адзіноце нападкі мясцовага “генералітэту”, які абвінавачваў іх у касмапалітызме, пацыфізме і непатрыятызме, а... сьвятое месца пустым не бывае. Патасоўка ішла вакол салодкага пірага славы, і такая заядлая, што насьмешлівае ўціхамірваньне, напрыклад, паэта Уладзіміра Някляева (“Ня будзем дзяліцца, Давайце мірыцца: Лімітнае бронзы ня хопіць на ўсіх!”), у запале пабоішча ніхто ня чуў.
Рэха і падрабязнасьці гэтай калялітаратурнай міжусобіцы тут і там чутныя на старонках запісак Алеся Адамовіча, па сутнасьці, нарыхтовак для будучай карціны літаратурнага жыцьця 2-й паловы ХХ стагоддзя. Многія падзеі гэтага часу здаваліся тады ледзь не лёсавызначальнымі, і Адамовіч ня мог адносіцца да іх абыякава, спадзявацца на тое, што гнойная рана сама зацягнецца, а хворы ачуняе. Ён з усёй жарсьцю былога байца-падпольшчыка і партызана кідаўся ў чарговы бой – як самы апошні і самы вырашальны ў пабоішчы з ворагамі перабудовы, з літаратурным мяшчанствам і замшэлым правінцыяналізмам у “геаграфічным цэнтры Еўропы”. А на вайне як на вайне, азірацца і разважаць, што з усяго атрымаецца і “абы ціха было”, не даводзілася. Ды і не ў манеры, не ў натуры гэта Алеся Адамовіча – быць абачлівым, разьлічваць, выгадваць, спадзявацца на шчасьлівы зьбег акалічнасьцяў і на добрую волю ўладатрымцаў.
Запісы фармальна незавершаныя, “заканчэньні” пачатых і “кінутых” на паў­шляху фразаў, “вісячыя радкі” асобных роздумаў, часам “цёмныя” мясьціны, – усё гэта сёньня, у эпоху постмадэрнізму, успрымаецца як частка агульнай задумы аўтара і поўніцца надзвычайным сэнсам і шматзначнасьцю. Як, зрэшты, і ўсялякае “апошняе слова” чалавека, які пакінуў незабыўны сьлед у памяці тых, хто яго ведаў, любіў і любіць. Алесь Адамовіч і на малой пядзі “запісных кніжак” і “дзёньнікаў” па-ранейшаму змагаецца і перамагае. І за яго, за Адамовіча, сёньня, – такое часам узьнікае адчуваньне, – змагаюцца, і гэтак, быццам ён усё яшчэ жывы.
Міхась Тычына.