12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Эдуард Акулін

_____________________
Мной прыдуманы вершасьвет. Вершы

Сьпяшайма жыць!

Міхасю Скоблу

Па дарозе з Гомеля на Менск
у лісьцёвым залатым тунэлі
хуткасьць набывае новы сэнс,
нібы штрых на сьвежай акварэлі.

Восень, што скалела ад вятроў,
восень, што азябла ад туманаў,
просіцца ў нагрэтае аўто,
нібы прыдарожная путана...

Восень пашкадуем — так і быць,
бо і самі сёньня — пілігрымы.
Між аблок стралой анёл ляціць, —
ледзьве пасьпявае за машынай...


Мова

Выплачу вочы ў снах.
Высушу крыўдай сьлёзы.
Мова мая — сасна
паміж Нямкамі й Гомлем.

Прыйдзе паэт-юнак
і без якой прычыны
з сэрца яе няўзнак
стане шчапаць лучыну.

Потым сівы скрыпач
скрыпку з душы дастане,
ды заіграе так —
вусьцішна ў сьвеце стане.

Ну, а сьляпы сьвятар
сьвечку з крыві-жывіцы
ставіцьме на алтар,
каб на сьвятло маліцца.

Як пералётны птах,
шлях на Радзіму помню, —
покуль шуміць сасна
паміж Нямкамі й Гомлем.


Прарок

Ці быў прарок
у тых, каго няма...
Калі і быў —
даўно пасьпеў зьнябыцца.

Бажок тутэйшы
з зорнага сяйва,
нібы з латка,
гандлюе Мілавіцай.

Няма Народу
і мяне няма...
Над пляцам Волі
ў свастыку з сярпа
спрабуе маладзік
перарадзіцца.


Прыцягненьне

Я — серабро. Ты — золата. Павек
не паяднаць нам нашыя стыхіі.
Як срэбра Беларусі — сьлёзы рэк
з крывёй чачэнскай — золатам Расіі.

Я — серабро. Ты — золата. Наноў
не пераплавіць лёсаў нам ніколі.
Мой срэбны боль —
з імперскіх кайданоў,
твой — залаты, ён выкаваны з Волі.

Я — серабро. Ты — золата. Чаму ж
між намі незямное прыцягненьне...
Такое — як кахае жонку муж,
бы месяц сонца —
да жыцьцязацьменьня.


Азаімія

Прылягуць вятры
між азяблых аблок,
а за імі й я прылягу...
Азаімія
заінелы радок,
што з завейнага вынік ранку.

Азаімія
сноў зазіміны.
Азаімія
сьнегаспеў.
Азаімія
даль задымлена
і зазімлена неўспадзеў.

Прачнуцца вятры
і зьдзівяцца,
а за імі й я — усьлед.
Азаімія
песьня зімняя,
мной прыдуманы вершасьвет.


шэптам

Прыкшчуся нанач
да шэптам вымаўленага
слова Радзіма,
што ў Бога вымалена...
Што ў злачасіну
было затулена —
крылом Страціма,
душой матулінай.


Жыцьцё і Сьмерць

Сьмерць за Жыцьцём штодзень
блукае неадступна, —
як надакучны цень,
як неадольны смутак.

Жыцьцё на Сьмерць глядзець
стамілася ў маркоце...
Жыцьцё — мацней за Сьмерць,
і Сьмерць за гэта помсьціць.


Здрада

Вясновы настрой — яснасловы.
Знаёмку ў кавярні сустрэў...
І нейкі матыў выпадковы
у сэрца няўзнак заляцеў.

Ліліся, як музыка, словы,
ды вось жа знаёмку сустрэў,
і стала падобным на ловы
жыцьцё з пачуцьцём напавер.

На ноце узьнёсла-фальшывай
загнаная ў пастку душа
спаймала сябе і зламіла
у сэрцы стралу ледзяша...


Нічога

Паміж намі нічога няма.
Ні каханьня, ні здрады — нічога.
І завея — як цень ад крыла
херувіма — пасланьніка Бога.

Ён у нашыя сны заляцеў
і прымусіў паверыць дазваньня,
што як хваля на ціхай вадзе,
узьнікае з нічога Каханьне.



Жанчына

Жанчына — сасуд бяз дна...
Дакладней — Сусьвет сусьветаў.
Сам Бог у яго віна
наліў, каб натхняць паэтаў.

Заблудзяцца ночы ў днях
у пошуках апахмелкі...
Жанчына — сасуд бяз дна
для тых, хто душой нямелкі.

Камусьці — фрагмент рабра,
узноўлены клон Адама...
А мне — акіян сьвятла —
Каханая, Муза, Мама.


Жарсьць

Мой грэх сьмяротны — гэта ты.
Я так кахаў цябе аддана —
да першароднай яснаты
на дне сьвітальнага тумана.

Мой грэх сьмяротны — гэта ты.
Я так хацеў цябе бязбожна, —
як хоча грэшніцу сьвяты
схіліць на праведнае ложа...


Рай

Райскае дрэва
вецер гайдаў...
Ты — мая Ева.
Я — твой Адам.

Хто нас спакусіў —
цяжка сказаць.
Зьмей нам ня схлусіў —
шчасьце кахаць.


Каханьне

Сем тысяч начэй –
Я спаў ля тваіх вачэй.

Сем тысяч начэй –
Я дыхаў тваім дыханьнем.

Сем тысяч начэй –
Нам месяц сьвяціў ярчэй...

Сем тысяч начэй –
Каханьня.


бессань

Нібы прарвала высі —
ноч барабаніць дождж.
Бессань душу капрызіць.
Гострыць самота нож...

Ды беспрытульны вецер
форткі зьвініць крылом —
згадкаю, што ў Сусьвеце
ёсьць твой сапраўдны дом.


верш

Калі адчую, што высьпеў вецер
у весьнім небе для першагрома, —
зноў заначую з Каханай-песьняй
і прытулюся душой да Слова.

І сон з пакою зьбяжыць упрочкі,
і будуць зябка аб шыбу біцца
радкі-падлёткі насупраць ночы,
каб ранкам вершам у высі ўзьвіцца!


Натхненьне

Як цеціва, страла і лук,
як з ноты вызвалены гук,
як палімпсеста тайнадрук,
як варажба цыганскіх рук,
як аральля і гостры плуг,
як жырандоля і жаўрук —
Натхненьне.


класіка

Мой родны ліфт,
як ты мне мілы... —
шапчу, вярнуўшыся з дарог.
Паэтам дадзеныя крылы,
іх выбірае з лепшых Бог.

У неба месячных падстрэшках,
як вераб’і, анёлы сьпяць...
Пакуль паэты пішуць вершы —
паэтам дадзена лятаць!


настрой

Колькі велічы ў слове Радзіма!
Колькі гонару ў слове Род!
Як жабрак, што асьлеп вачыма,
прыблукаю у свой народ.
Пілігрымам, прыблудным сынам
узыду на сьвяты парог,
і нарэшце вярыгі скіну
і з душы, і з бадзяжных ног.


Сон

Хлопчык, што бяжыць па вадзе,
часта ў снах зьяўляецца мне.

Не ўсьвядомлю ў сьне я ніяк —
як ён гэта робіць, дзівак.

Пырскамі вясёлкавы дым
вырастае сьледам за ім.

І куды ён столькі гадоў
па рацэ бяжыць маіх сноў?..


Покуль ляцім..

І. І. Думанскай

Хтосьці выпе з нас келіх поўны,
хтось — палову, як дасьць Гасподзь...
Пад нябёсаўзьнёслым Словам
не жагнаюцца мімаходзь.

Тое Слова было ў Максіма —
як заклён, як сьвяты зарок,
каб мы ў сэрцах сваіх насілі,
бы ружанец — яго “Вянок”.

Каб забылі пра звадкі-спрэчкі,
а пагляды зьліліся ў сінь,
дзе Страцім вартавацьме вечнасьць,—
покуль мы да яго ляцім...