12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімер Арлоў

_____________________
Маленькі канцэрт для міланскіх катоў

Фрагменты аднаго падарожжа

Амстэрдам.

Ты плывеш на катэры па амстэрдамскiх каналах i думаеш пра вострага на вока i розум французскага маркiза дэ Кюстына. Ягоную кнiгу “Расея ў 1839 го­дзе” ў краiне, якой яна прысьвечаная, шмат разоў забаранялi, канфiскоўвалi або друкавалi з вялiзнымi купюрамi — ажно да нашых дзён, калi нарэшце пабачыў сьвет першы поўны пераклад, што ляжыць у тваiм дарожным наплечнiку. Ты можаш разгарнуць мар­кiзаву кнiгу i прачытаць: “З борту карабля пецярбургскiя набярэжныя здаюцца велiчнымi i раскошнымi, але ступiўшы на сушу, вы iмгненна выяўляеце, што гэтыясамыя набярэжныя брукаваныя дрэннымi камянямi, няроўнымi, гiдкiмi, гэткiмi ж непрыемнымi для позiрку, як i небясьпечнымi для мiнакоў i экiпажаў…”
Ты згадваеш, як калiсьцi сядаў у сваiм Полацку на начны суботнi аўтобус, каб у нядзелю пабыць у Пецярбурзе—Ленiнградзе, якi мроiўся табе еўрапейскiм горадам. Вiльню, Рыгу i Талiн ты любiў нязьмерна больш, але ўспрымаць iх як “еўрапейцаў” табе замiнала iхняя, няхай сабе й iстотна дазаваная параўнаўча з Беларусьсю, але ўсё адно вiдавочная залежнасьць ад метраполii. А Пiцер здаваўся наiўнаму i невыязному табе вольным i вальнадумным горадам-мiтам, блукаючы па якiм можна было ўяўляць сябе то ў Лондане, то ў Парыжы, то ў Амстэрдаме.
Але з кожнай новай вандроўкаю ў “горад на Няве” ты пачынаў усё больш сумнявацца. Ты ўжо ня памятаеш, калi з тваёй сьвядомасьцi выплыла слова “дэкарацыi” i калi ты ўпершыню падумаў пра схаваныя за iмi вусьцiшныя двары, задворкi й памыйкi, дзе нараджаюцца рас­кольнiкавы… Ты зразумеў (хоць i не адразу адважыўся сфармуляваць сваю выснову), што Пецярбург — толькi пародыя на еўрапейскi горад.
Кюстын ведаў гэта за 150 гадоў да цябе: “…антычныя статуi, чые рысы, стыль i аблiчча так жудасна супярэчаць тутэйшай глебе, колеру неба i клiмату, як i тварам, адзеньню i звычкам тубыльцаў, што статуi гэтыя нагадваюць палонных герояў у стане ворага; будынкi, якiя стаяць не на сваiм месцы, храмы, немаведама навошта перанесеныя з вяршыняў грэцкiх гор у лапландcкiя балоты, дзе страцiлi ўсю сваю велiч… Пецярбург заснаваны й пабудаваны людзьмi, надзеленымi густам да безгустоўнасьцi. Бязглузьдзiца, на мой погляд, галоўная адметная рыса гэтага велiзарнага гораду, што нагадвае мне недарэчны павiльён, узьведзены пасярод парку; парк гэты, аднак, займае трэцюю частку сьвету…”
У тваёй памяцi аднаўляецца апошняя паездка — ужо ў Санкт-Пецярбург — i змрочны нумар у акадэмiчным гатэлi, дзе хацелася забiць каго-небудзь буйнейшага за тамтэйшага тлустага прусака на палiчцы ў ваннай…
Ты абрываеш ланцужок небясьпечных успамiнаў i проста любуешся амстэрдамскiмi набярэжнымi — суладнымi галандцам, клiмату, шэраму небу і паўночна-заходняму ветру.
Ты думаеш, што прыехаў сюды з краiны, да якой кнiга Астольфа дэ Кюстына ня мае непасрэднага дачыненьня.
Ты ўпэўнены, што нiколi ня будзеш жыць у Расеi, бо лепшае, што яна можа стварыць — толькi еўрапейскi фасад, дэкарацыi, за якiмi ўсё адно будзе дрымотна варушыцца Азiя.


l l l

Калi трапiўшы за мяжу, вы прагнеце пабачыць, памацаць ды пакаштаваць усе наяўныя тамтэйшыя славутасьцi — у вас вiдавочныя праблемы з самаiдэнтыфiкацыяй. Зрэшты, гэта твая прыватная i, магчыма, небясспрэчная думка. Але асабiста ты ад нейкага часу паўсюль шукаеш найперш сувязi, сугучнасьцi й паралелi з краiнаю, у якой нарадзiўся, ускормлены есьмь па Бозе i да якой чамусьцi гэткую вялiкую ласку iмаеш, што не зьбiраешся пакiдаць яе iначай, як па этапе.


l l l

Некалi ў Амстэрдаме атабарыўся сьцiплы выпускнiк Слуцкай каль­вiнскай гiмназii Iльля Капiевiч, што валодаў дзясяткам еўрапейскiх моваў i лiставаўся з заснавальнiкам i першым прэзідэнтам Берлiнскай Акадэмii навук Готфрыдам Вiльгельмам Лейбнiцам.
I тут у Амстэрдам iнкогнiта зарулiў расейскi цар Пётар I. Самадзержац быў не ў гуморы. Па дарозе ледзь ня ў кожным еўрапейскiм горадзе ён бачыў кнiгарнi й бiблiятэкi, а ў ягоных уладаньнях за цэлае XVII ста­годдзе выйшла ўсяго сем сьвецкiх кнiгаў, у тым лiку такiя захапляльныя, як “Грамота о таможенных пошлинах”. Карацей, цару падфартунiла сустрэцца з былым слуцкiм гiмназiстам, якi ўклаў ды выдаў для расейцаў цэлы кнiгазбор падручнiкаў i слоўнiкаў, а потым яшчэ й стварыў iм новы, “грамадзянскi” шрыфт.
Трэба меркаваць, што выпiваючы з Капiевiчам, цар ня раз узгадваў вучонага манаха Сiмяона Полацкага, што ажыцьцяўляў агульнае кiраўнiцтва над выхаваньнем малога Пецi. Ты таксама не аднойчы ўспамiнаў Сiмяона i неяк зрабiў яго героем сцэнару гiстарычнага кiнаэсэ, якое зьнялi i нават паставiлi ў праграму БТ. Ты лёг на канапу, уключыў тэлевiзар i падрыхтаваўся папесьцiць сваё славалюбства. Аднак замест “твайго” Сiмяона на экране паплылi тытры фiльму пра возера Байкал.
У апошнi момант стужку вырашыў прагледзець адзiн адказны таварыш. Узгадаваная за савецкiм часам iнтуiцыя не падвяла: фiльм атрымаўся навылёт антыiнтэграцыйны i проста шкоднiцкi. Досыць ужо было таго, што сцэнарыст сам залез у кадр i распавёў, што калi Сiмяон адчынiў у Маскве сваю друкарню, iхняя колькасьць у Расейскай дзяржаве адразу падвоiлася: была адна, стала дзьве, у той час, калi ў нейкай там захудалай Рэчы Паспалiтай гэтых самых друкарняў было ажно 134.
Мараль: ня трэба плiшчыцца ў кадр i драматызаваць сітуацыю. Хiба нельга было дзеля таго, каб падкрэсьлiць пэўную культурную перавагу дзяржавы тваiх продкаў, выказацца больш мякка? Да прыкладу, замiж лiчбы 134 назваць 4.


l l l

Тут няма прастытутак i сутэнёраў, а ёсьць цалкам прыстойныя супрацоўнiцы й менеджэры, згуртаваныя ў баявых прафсаюзах. Паколькi “Беларусь — у Еўропу!”, некалi, верагодна, так будзе i ў цябе на радзiме. Вулiцы Маркса, Энгельса i Ленiна маглi б стаць афiцыйным раёнам “чырвоных лiхтароў”, i менскiя гiды, як цяпер iхнiя амстэрдамскiя калегi й каляжанкi, узахапы тлумачылi б, што мiнiмальны кошт паслугi, якую табе там прапануюць, складае 25 еўра, што аб адзiнаццатай у валхвiцаў любовi — перапынак на каву, а ў глыбiнi адмысловага раёну iснуюць установы, дзе ў вiтрынах сядзяць не жанчыны на любы густ, а гэткiя самыя гатовыя да супрацоўнiцтва як з слабым так i з моцным полам мужчыны-бiсексуалы.
Але ты памятаеш формулу гiстарычнага аптымiзму: усё будзе добра, толькi ты да гэтага не дажывеш. Ну хiба што пабачыш шчасьлiвае жыцьцё пасьля рэiнкарнацыi.
А пакуль тое, ты атрымлiваеш першы (праўда, апасродкаваны) досьвед знаёмства з менеджэрамi ды iхнiмi падначаленымi.
Твой вечны “саюзьнiк” расейскi турыст, што прыбыў у Амстэрдам з запалярнай Поўначы з адзiнай мэтаю як сьлед адпачыць у “чырвона-лiхтарных кварталах”, толькi што вярнуўся адтуль з багажом каштоўных ведаў, якiмi, з прычыны шырынi расейскае душы, шчодра дзелiцца проста насупраць каралеўскага палацу на пляцы Дам.
Сьпярша ўсё адбывалася акурат паводле абяцанак гiда: 25 еўра, упадабаная супрацоўнiца, маленькi ўтульны офiс з неабходнай “аргтэхнiкай”… Аднак хвiлiны гармонii й згоды з усiм сьветам маюць, на жаль, улась­цiвасьць не асаблiва здоўжвацца. На выхадзе ў недасканалую рэчаiснасьць перапоўненага самымi ўзьнёслымi пачуцьцямi клiента далiкатна спынiў менеджэр, якi агiдным будзённым голасам паведамiў, што ён, клiент, вiнен установе яшчэ 125 еўра. Уражаны падвышэньнем кошту паслугаў роўна ў шэсьць разоў, палярнiк “не понял” i зрабiў роспачную спробу прарвацца на выратавальную вулiцу, але ў мiрг вока быў уцiснуты ў мяккi зручны фатэль, дзе выслухаў на сваёй спрадвечнай матчынай мове даходлiвае тлумачэньне, што 25 еўра — усяго толькi стартавы кошт за той варыянт абслугоўваньня, калi супрацоўнiца знаходзiцца ў “пасіўнай паставе”. Усё астатняе — па прэйскуранце. Палярнiк паспрабаваў таргавацца (маўляў, французскай любоўю не займаўся), у вынiку чаго без асаблiвага чамусьцi задавальненьня прагледзеў увесь вiдэазапiс свайго знаходжаньня ў эдэме.


l l l

Жыцьцё ў Амстэрдаме, як i ўва ўсёй Галандыi, некаму падасца сумнаватым. У тым сэньсе, што няма за што змагацца: апроч усiх магчымых традыцыйных правоў, дэмакратыя забясьпечвае тут i ня самыя традыцыйныя.
Напрыклад, на кожным кроку ты можаш зайсьцi ў “coffeeshop” i абсалютна легальна курнуць траўкi або гашышу. Знаёмы менскi студэнт апавядаў табе, як пасьля вiзіту ў такую ўстанову перажыў неверагоднае захапленьне, пачуўшы, што на амстэрдамскай вулiцы ўсе загаварылi па-беларуску.
Калi савецкiя хворыя былi самымi здаровымi хворымi ў сьвеце, дык галандскiя — самыя шчасьлiвыя, бо маюць права на эўтаназiю.
Галандскiя гомасексуалiсты й прыхільніцы лесьбiйскага каханьня карыстаюцца правам ня толькi на грамадзянскi шлюб, але й на вянчаньне. Без вялiкiх праблемаў можна зарэгiстраваць надзейны i моцны шлюб з самiм сабою, як зрабiла нядаўна вядомая мастачка, бязьмежна шчасьлiвая, што не застанецца ўдавой.
Табе добра й сьветла думаецца пра шанец рэiнкарнавацца ў жанчыну й жыцьцярадасна далучыцца да лесьбiянак або выйсьцi замуж за самога сябе.
Ты — ня самы здаровы грамадзянiн сваёй краiны, i часам цябе вельмi нават займае праблема эўтаназii.
Зьлёгку пагойдваючыся разам з столiкам у бары-катамаране, ты марыш пра “coffeeshop” на прасьпекце Ф. Скарыны ў Менску — каб у хвiлiну самоты цалкам афіцыйна зрабiць там пару зацяжак, выйсьцi на сталiчны брук i пачуць, як усе вакол гавораць па-беларуску.


Дрэздэн.

Сьцяну каралеўскага палацу на Аўгустусштрасэ аздабляе стомятровы фрыз з размаляванай мэйсэнскай парцаляны: даўжэзным конным цугам кіруюцца ў смугу гiсторыi ўсе саксонскiя курфюрсты. Сярод іх гербаў твой позiрк адразу схоплiвае досыць нядбайную выяву “Пагонi”. Курфюрст Аўгуст II Моцны адначасна быў i манархам тваiх продкаў. Адрозна ад папярэднiка, вялiкага князя й караля Яна Сабескага, што на чале лiцьвiнскiх i польскiх палкоў разьбiў туркаў пад Венай, Аўгуст выславiўся тым, што ўтруцiўшы Вялiкае Княства й Карону ў Паўночную вайну на баку Расеi, прайграў усё, што мог i нават мусiў адмовiцца ад кароны.
На трон Аўгуста вярнула перамога расейцаў пад Палтавай. Удзячны саксонец разьлiчваўся ўсё жыцьцё. Ад таго часу царскiя войскi ўжо фактычна не пакiдалi тваёй краiны. Надавалi, як пiсаў адзiн iхнi генерал, “соответствующее направление мыслям здешних жителей”. I, трэба прызнаць,— надалi.
Выдатна разумеючы сваё месца, Аўгуст II засяродзiўся на клопатах, якiя ўрэшце й прынеслi яго каралеўскае мосьцi ганаровае найменьне Моцны. Толькi паводле дакументаваных зьвестак, ён меў 365 дзяцей. Названую лiчбу трэба памножыць, прынамсi, на 10.
Цiкава было б зьвесьцi Аўгуста з пацыентам твайго знаёмага лекара. Гэтага пацыента хтосьцi пераканаў, што мужчына здольны зьдзейсьнiць ня болей за тры тысячы палавых актаў, падзеленых на трыццаць гадоў, i што пасьля перасягненьня крытычнага паказчыку, не ўважаючы нават на самую цудоўную эрэкцыю, трэба неадкладна iсьцi ў завязку, iначай уарганiзьме пачнуцца незваротныя згубныя зьмены. Напэўна, бяздарны палiтык i палкаводзец, але выбiтны каханак Аўгуст здолеў бы пахiснуць дакладную матэматычную канструкцыю твайго сучасьнiка. Нездарма жыхары саксонскае сталiцы кажуць, што сэрца шчодралюбнага манарха, якое знайшло апошнi прыстанак у дрэздэнскай катэдры, дагэтуль не прапускае нiводнай прывабнай турысткі ці верніцы, пачынаючы калацiцца ў пахавальнай срэбнай урне.
Тваё ўласнае, жорсткае й непрыхiльнае да Аўгуста II сэрца раптам на iмгненьне мякчэе, i ты, зладзеявата азiрнуўшыся на бакi, пасылаеш ягонаму, закансерваванаму, тры па-мужчынску салiдарныя ўдары.


l l l

Захапляючыся калекцыяй Дрэздэнскай галерэi, не забудзьце ўспомнiць, што цi ня большая частка ейных шэдэўраў набытая за грошы вашых продкаў у трыццацiгадовае ўладараньне ў Рэчы Паспалiтай Аўгуста III, абсалютна законнага сына Аўгуста Моцнага. Ну, хоць засiліся, не шанцавала тваёй радзiме з манархамi цэлае XVIII стагоддзе. Адзiн толькi й умеў, што псаваць лiцьвiнскiх дзевак. Другi ня мог зьвязаць на мове падданых i пяцi словаў, затое па ўсёй Еўропе купляў карцiны за сабраныя з тваiх прадзедаў падаткi. (На добры лад, усiм нашчадкам жыхароў Вялiкага Княства Лiтоўскага трэба зрабiць уваход у Дрэздэнскую галерэю дармавым.) Трэцi, Станiслаў Аўгуст, i немцам, здаецца, ня быў, i па-беларуску ўмеў гаварыць лепей за каторага народнага пiсьменьнiка, ды вось наогул стаў апошнiм каралём i вялiкiм князем…


l l l

Побач з выявамi двух Аўгустаў катуе скрыпку хлапец з менскага фальклорнага гурту. Вы пару разоў недзе сустракалiся, i ён таксама, вiдавочна, прызнаў цябе. Найлепшае, што вы можаце зрабiць у гэтай сітуацыi: ты — абыякава, як i большасьць мiнакоў, прайсьцi паўз ягоны зацухмолены брыль, ён — удзячна “ня ўбачыць” цябе.
З сваiх коней паблажлiва глядзяць на гэтую псіхалагiчную мiзансцэну абодва Аўгусты. Такое ўражаньне, што яны нейкiм чынам чыталi фiласофскiя трактаты Гегеля i памятаюць, што ў аналiзе ўсясьветнай гiсторыi той разабраўся з усiмi славянамi ў некалькiх сказах: “Гэтыя народы сапраўды засноўвалi царствы й вялi актыўныя войны… Часам яны бралi ўдзел у змаганьнi як авангард, што мае прамежкавае становiшча памiж хрысьцiянскай Еўропай i нехрысьцiянскай Азiяй. Палякi нават вызвалiлi Вену ад туркаў… Тым ня менш, усе гэтыя народы выключаюцца з нашага разгляду, бо дагэтуль яны не фiгуравалi як незалежны элемент гiстарычных этапаў, якiя прайшоў Розум”.
“Не фiгуравалi i ўсе тут”,— весела падмiргваюць табе Аўгусты, прышпорваючы коней. Паспрабуйце, маўляў, пафiгураваць цяпер, а мы паглядзім, што атрымаецца.


Венецыя.

Джакома Казанова ў параўнаньнi з Гегелем бачыў сьвет, безумоўна, шырэй i славянаў (асаблiва славянак) з сферы свайго разгляду не выключаў.
Калiсьцi ты пацiкавiўся афiцыйным сьпiсам каханак славутага iталiйца i быў уражаны iхняй зусiм не астранамiчнай колькасьцю (Аўгуст Моцны толькi б паблажлiва хмыкнуў). Усяго — уявiце сабе — 132 асобы, пачынаючы ад адзiнаццацiгадовых малалетак да жанчын зусiм няпэўнага веку.
Маэстра быў перакананы патрыёт: 47 iталiек. Ужо з вялiкiм адрывам на другiм месцы iдуць 19 дачок Францыi, за iмi — 10 швейцарак i 8 немак. У канцы сьпiсу своеасаблiвай скорагаворкай мiльгаюць пара грачанак, галандка, партугалка, “афрыканка”. Славянкi рэпрэзентаваныя адной расейкай i дзьвюма полькамi (яшчэ трэба разабрацца, цi не лiцьвiнкамi).
Чамусьцi няма чэшак. А мiж тым, свае апошнiя трынаццаць гадоў Казанова пражыў у недалёкiм ад Дрэздэну Дуксе, цяперашнiм чэскiм Духцаве, дзе ў старадаўнiм замку Вальдштайнаў выконваў ролю бiблiятэкара i працаваў над мемуарамi.
Зласьлiўцы пагаворвалi, быццам мемуары былi для састарэлага авантурнiка кампенсацыяй згаслага лiбiда. Ты ня згодны: гэты выдатны твор свайго часу ня мог быць напiсаны без непасрэднага дабратворнага ўплыву жанчын.
Але дзе ў такiм разе чэшкi? Вiдаць, аддаючыся замкаваму бiблiятэкару-замежцу ў спальнях, альтанках i стажках сьвежага сена, яны шапталi нешта па-нямецку, на мове гаспадароў, таму й трапiлi ў iншую графу, ускосна пацьвярджаючы высновы Гегеля…
Усё гэта вярзецца ў тваёй галаве насупраць маляўніча аздобленай цьвiльлю турмы, дзе выбiтны знаўца хараства i ўсяго астатняга, чым надзеленыя жанчыны, адбываў зьняволеньне i адкуль зьбег папаўняць сьпiс сваiх шчасьлiвых “ахвяраў”. Шчасьлiвых, бо калi Дон Жуан быў змрочным генiем спакушэньня, якi пакiдаў за сабой сьлёзы й няшчасьцi, Казанову лёс надзялiў сьветлым генiем легкадумнага, п’янкага, карнавальнага каханьня, якое дарыла ягоным юным i немаладым амаранткам толькi радасьць. Прынамсi, так ты думаеш каля старадаўняй венецыянскай вязьніцы.
Ты не Казанова (нi з вялiкай, нi з малой лiтары), але табе, як i яму, аднойчы таксама было дадзенае разуменьне, што жанчына — ня толькi таямнiца, радасьць i асалода, але i нешта непараўнальна вышэйшае. Спасьцiжэньне сябе самога. Глыток з келiху неўмiручасьцi. Дотык да Вечнасьцi.
У кожнага — свае сьвятыя мясьцiны. Некалi ты зьдзейсьнiш паломнiцтва ў Духцаў.


l l l

Венецыя выклікае ў памяці ня самае прыемнае для беларускага самалюбства: Францiшак Скарына яшчэ сядзеў на гаршку, а ў гэтым горадзе варштаты ўжо працавiта стукацелi ў 150 друкарнях.
Нацыянальную раўнавагу вяртае адно шкляначка старой добрай лямбрускi. Пасьля другой шклянкi ты ўзгадваеш, што вашая друкаваная Бiблiя выйшла раней за польскую й лiтоўскую. Трэцюю ты п’еш за тое, што беларуская Кнiга кнiгаў пабачыла сьвет значна раней за расейскую і ўкраiнскую. Чацьвертая шклянка жыватворнай лямбрускi ўздымаецца за ваш прыярытэт перад баўгарскiмi ды сербскiмi пера­кладчыкамi i друкарамi. Пятая — за тое, што беларуская Бiблiя зьявiлася на восем гадоў раней, чым ангельская ды iстотна апярэдзiла французскую.
Шостую порцыю насычанай сонечнай лагодаю лямбрускi ты выпiваеш не за Скарыну, а за полацкага праваслаўнага сьвятара айца Мiхаiла Уля­хiна. Праўдзiвей, за тое, каб хоць у райскiх кушчах Госпад шапянуў яму, што калi чалавек цэлае жыцьцё пiсаў сваё iмя як Мiхаiл, значыцца, ён – Мiхаiл, а калi пiсьмова менаваў сябе Францiшкам, дык ён i ёсьць Францiшак.
Сёмая шклянка канчаткова пераносiць цябе ў царства нябеснае, i ты ўяўляеш, як Скарына шпацыруе сярод райскiх размарынаў пад руку з Лютэрам цi Парацэльсам i тут на даляглядзе ўзьнiкае айцец Мiхаiл, якi здалёк, па-зямляцку нязмушана пачынае крычаць: “Запомнi, схiзматык! Цябе звалi Георгiй, а па-нашаму Жора!” Гуманiст, ня зьвёўшы й вокам, прамiнае крыкуна, але з эдэмскага хмызьняку раптам вынырвае менскi скарыназнаўца Уладзiмер Агiевiч i, спраўджаючы сваю “тэорыю”, гукае: “Георгi Лукiч! Разрашыце абрацiцца!”
Адно тут ты ўспамiнаеш, што сёмую чару любамудрыя продкi нездарма называлi “богагнявiцельнай”.


l l l

Ты, бясспрэчна, не царкоўны вернiк. Сумовiцца з Богам ты можаш за пiсьмовым сталом або, напрыклад, у лодцы сярод белых лiлеяў на тваiм полацкiм возеры Люхаве.
Але гэтаксама бясспрэчна й тое, што ты — грэка-католiк. Ня толькi паводле атрыманага дзесяць гадоў таму багаславеньня, але і па генах.
Вось чаму табе так утульна ў цалкам падпарадкаваным грэцкай планiметрыi каталiцкiм саборы сьвятога Марка. Ягоныя купалы, абразы i мазаiкi дыхаюць Бiзантыяй, а алтар Пала д’Ора адгукаецца ў памяцi iканастасам Смаленскага сабору маскоўскага Новадзявочага манастыру, народжаным генiем беларускiх майстроў.
Сабор сьвятога Марка — сучасьнiк твайго Полацку. Iх будавалi, калi падзелу хрысьцiянства на праваслаўе i каталiцтва яшчэ не было. Яны будуць стаяць i тады, калi гэтага падзелу ўжо ня будзе i ўсе хрысьцiяне стануць, як i ты, у нейкiм сэньсе грэка-католiкамi.


l l l

Пра пляц сьвятога Марка ўсё напiсана ў турыстычных даведнiках. Апрача аднаго: туды пакуль не пасьпелi трапiць жывыя статуi — усе гэтыя напалеоны, афрадыты ды ўсамы-бэн-ладэны, якiя гадзiнамi незварушна стаяць на драўляных цi пластыкавых п’едэсталах. Тым часам у навакольлi гучаць на розных мовах эстэтычныя ацэнкi. “Глянь, Сiрёга, нармальный станок у тёлкi”,— ацэньвае замежны турыст палепшаны, бо з цэлымi рукамi, варыянт Венеры Мiлоскай. Тая захоўвае поўную нерухомасьць, з чаго вынiкае, што расейская мова для яе — суцэльная тарабаршчына.
А вось пра беларускую мову i “Мону Лiзу” гэтага ня скажаш. Пачуўшы твой зварот да спадарожнiка, Мона ўвачавiдкi здрыганаецца. Ейнай рэакцыi не змаглi схаваць нi маска, нi рэнесансавы строй. Ты не сумняешся, што на задрапаваным сiнiм ядвабам пастаменце — твая суайчыньнiца, якая ў дзяцiнстве купалася ў Сьвiслачы цi ў Дзьвiне, а магчыма, нават зазiрала ў твае кнiжкi.
Першае, што прыходзiць у голаў — прапанаваць ёй сысьцi на брук i зашыцца разам з табой у якую-небудзь пiцэрыю. Але дзе гарантыя, што тым самым ты ня змусiш яе парушыць кантракт? А раптам вунь той сiньёр з бацькоўскiм тварам мафiёзi, што сьцiпла трымаецца ў засенi сярэднявечнай калоны,— менеджэр усяго гэтага парку жывой скульптуры? Ды ня трэба й менеджэра: настучыць начальству станiстая “Венера” цi якi-небудзь “Напалеон“. Тваёй “Моне Лiзе” давядзецца плацiць няўстойку або класьцiся ў ложак з потным мафiёзi. Што прынцыпова iншае ты можаш прапанаваць? Як там пiсаў Рыгор Iванавiч Барадулiн: “Спадарыня, дазвольце запытацца, цi можна ў вас да ранiцы застацца?”
Ты шукаеш параду ў ейных вачах, якiя зусiм нядаўна на момант ажывiлi маску, але iхнi позiрк ужо праходзiць праз цябе лёгка, як праз вакно.
Увечары, у гатэлi, ты будзеш дакараць сябе, што спудлаваў. Мог, напрыклад, сесьцi на пляцы за столiк кавярнi й дачакацца заканчэньня ейнага працоўнага дня. Мог пакiнуць цыдулку, што будзеш чакаць яе ўвечары каля сабору сьвятога Марка. Мог… Адзiнае, што ты зрабiў абсалютна правiльна — нiчога ня кiнуў ёй у зялёны капялюшык.

l l l

Калi тургрупа, да якой ты прыбiўся, уладкавалася ў гандоле, ейны “капiтан”, палiглот з круцельскiмi вачыма пытаецца: “Рускiе?”
“Рускiе!” “Рускiе!” — радасна адгукаюцца “рускiе” з Менску, Гомелю й Берасьця. Але адна спадарыня ня хоча быць “рускай” i тлумачыць гандальеру, што ў яе i ўсiх астатнiх пасажыраў ёсьць свая краiна й свая культура.
У пацьверджаньне, калi гандола заглыбляецца ў сецiва каналаў, спадарыня нечакана чыста й амаль прафесійна сьпявае пра вярбу, якая ў рацэ расла, а як вырасла — вада зьнясла. Позiркi бальшынi пасажыраў (адрозна ад гандальеравага) у лепшым разе абыякавыя. Сваёй краiны i сваёй культуры iм мець ня хочацца. Хочацца быць “нармальнымi”. Нейкая нармальная бабёнка прапануе сяброўкам зацягнуць што-небудзь нармальнае, i ты ўжо настройваешся на праслухоўваньне нечага накшталт “Ой, мароз-мароз”… Ды толькi нiчога нармальнага чамусьцi не знаходзiцца. Апошняе слова застаецца за спадарыняй, якая пяе “Зорку Венеру”.
Гандальер кажа: “Беларусь!” – i ўзьнiмае вялiкi палец угору. Магчыма, ён пачуў гэтую назву ўпершыню.
А сэр Арнольд Тойнбi, каб ён таксама сядзеў у гандоле, мог бы нагадаць табе, што ў дыялогу нацыi з Богам у вынiку ўсё вырашае зусiм не “нармальная” большасьць, а крэатыўная меншасьць.


l l l

У параднай зале Палацу дожаў можна ставiць вароты й гуляць у футбол.
Падобнае жаданьне некалi апанавала табой у кабiнеце начальнiка роднага айчыннага КДБ. Табе заманулася зазiрнуць у справу “Саюзу вызваленьня Беларусi”, а потым, калi пашанцуе, то й знайсьцi дакументы пра твайго расстралянага дзеда Максiма.
Быў пачатак 1990-х, i ты здолеў затачыцца на прыём да кiраўнiка ўсемагутнай канторы, якая клапатлiва апекавала цябе ў студэнцтве, абяцаючы, сярод iншых выгодаў, вычысьцiць з унiверсітэту й паслаць у салдаты куды-небудзь пад Магадан.
Гаспадар кабiнету спаткаў цябе як дарагога госьця, што засьведчыла шчырая настаўнiцкая гутарка на тэму “Янка Купала i Паўлiна Мядзёлка”. Ты даведаўся, што газеты не зманiлi: Мядзёлка сапраўды давала ў органы iнфармацыю на паэта. Але ж яна яго шчыра кахала. А калi ўявiць, што оперу пiсаў бы нехта iншы, бяз кроплi каханьня… Гэта ж суцэльны жах!
Пакуль ты ператраўляў “уводную”, таварыш начальнiк выклiкаў палкоўнiка з прыгожым прозьвiшчам (або кансьпiрацыйнай мянушкаю) Верас, якi адказваў за iхнюю чытальную залу. Як высьветлiлася, зала часова на рамонце, але праз тыдзень адчынiцца. Палкоўнiк даў табе нумар тэлефону, якi ты набiраў колькi месяцаў, пакуль не датумкаў, што для некаторых чытачоў некаторыя чытальныя залы рамантуюцца вечна.
Палац дожаў, як некалi кабiнет у менскiм доме пад бэльведэрам, ты пакiдаеш у абладзе займальнай думкi: што ўсё ж лепей — калi ў органы на тваю персону пiша той, хто цябе аддана кахае, цi той, хто цябе люта ненавiдзiць?


Мiлан.

Ты з маленства любiш катоў.
Апрача магчымых трансцэдэнтальных, у цябе ёсьць i цалкам зямныя падставы дзеля такой любовi. З гэтымi вернымi чацьвераногiмi сябрамi чалавека зьвязаны адзiн з першых успамiнаў твайго жыцьця, якi меў усе шанцы стаць апошнiм.
Ты ў мамiнай роднай вёсцы. Паклаўшы цябе на печ, бабуля пайшла ўходжвацца. Яна нездарма называе цябе покрутнем: у сьне ты зьбiваеш посьцiлку й апынаешся на голай чарэнi. Тая — гарачая, i ты, шукаючы, дзе халадней, падкочваешся ўсё блiжэй да краю, каб урэшце натыкнуцца на якуюсьцi ўтульна-мяккую, але ўадначас i ўпорыста-пругкую перашкоду. Яна не пускае цябе ў выратавальны халадок, а калi ты спрабуеш у сьне скiнуць яе з свайго маршруту, гэтая перашкода робiць табе балюча. Ты прачынаешся й бачыш у сябе пад бокам старую бабулiну котку Дуню, якая дзеля пэўнасьцi яшчэ раз драпае цябе лапай i ашчадна адсоўвае ад стромы вышынёю на пяць белых кафляў (гэта два твае росты). Унiзе — голы, калi не лiчыць алюмiніевага паўмiску з сольлю, цагляны прыпечак. Дуня вартуе цябе, пакуль у хату не вяртаецца бабуля.
Ад таго часу каты ў тваiм жыцьцi заўсёды займаюць значнае месца, выяўляючы сваю прысутнасьць у самых розных формах. Напрыклад, у цябе няма мастацкiх здольнасьцяў, але катоў ты малюеш амаль як мастак-анiмалiст — у тым лiку i на ўроках маляваньня, калi на стале ў настаўнiка стаяць праграмныя кубы й пiрамiды. Настаўнiк прыехаў да вас з Дагестану. Зноў убачыўшы ў тваiм альбоме вусатае й хвастатае стварэньне, ён, ня маючы больш змогi ўтаймоўваць каўказскi тэмперамент, хапае цябе за шкірку i, як кацяня, нясе ў калiдор, а адтуль у прыбiральню, дзе колькi разоў б’е цябе рабром далонi. Ад болю, а перадусiм ад страху ты сядаеш на сьлiзкую мокрую падлогу, i твае штонiкi iмгненна прамякаюць. Агiда надае табе сiлы й мужнасьцi: ты ўпiваешся зубамi ў валасатую руку i з пякучай асалодаю чуеш лаянку на незразумелай мове…
Каб усё гэта выразна, ажно да прылiву адрэналiну, аднавiлася ў памяцi, табе трэба было прыехаць у Мiлан, уладкавацца пры фантане каля замку роду Сфорца й прылашчыць папялiстага тутэйшага ката. Ён пухнаты і сонны ад сытага еўрапейскага жыцьця, зьявiўся з-за разложыстага платану й адразу важка, але ўвачавiдкi прыязна ўскочыў табе на каленi: пэўна, атрымаў праз iхнi кацiны тэлеграф паведамленьне, што ты — свой хлопец, цi, дакладней, свой кот.
Калi-небудзь ты напiшаш пра твае стасункi з катамi асобны натхнёны твор. А цяпер табе досыць цёплага, як выгiнастая шэрая сьпiнка ў цябе над даланёю, усьведамленьня, што ты любiш катоў i яны адказваюць табе ўзаемнасьцю нават у Мiлане.


l l l

Замак Сфорца непазьбежна прыводзiць на ўспамiн вялiкую княгiню й каралеву тваiх продкаў Бону — шчодрую каханку, надзеленую тонкiм мастацкiм густам мецэнатку, жорсткую сьвякруху, якая цалкам у традыцыях сваёй фамiлii спрычынiлася да зьяўленьня ў Нясьвiжы несупакоенай душы нялюбай нявесткi Барбары…
Але адчуць “свойскасьць” родавага гнязда Сфорцаў табе замiнае навязьлiвая недарэчная асацыяцыя з нечым, далiкатна кажучы, непрыемным. Як неўзабаве выяўляецца, нiчога недарэчнага ў асацыяцыi з крамлёўскiмi вежамi-катоўнямi й пагрозьлiва-зубчастымi мурамi няма. У негустым прыцемку цэнтральную крывава-тэракотавую вежу Сфорцавага замку i бяз келiху к’янцi нескладана зблытаць з ейнымi крамлёўскiмi сёстрамi. Цiкава, што ўплывала на запрашэньне ў Маскву тутэйшага дойлiда? Адно цыклапiчныя памеры замку? А мо тонкi разьлiк перанесьцi ў сэрца Масковii разам з архiтэктурай i ягоную змрочную застрашлівую аўру?


l l l

У мiланскiм Домскiм саборы цябе найглыбей уразiць не палымяная готыка, не партал i контрфорсы, не Мадонна, узьнесеная ў неба на самым высокiм сьпiчаку, а — статуя сьвятога Варфаламея, з якога, як вядома, зьдзерлi скуру. Менавiта гэты ключавы факт жыцьцяпiсу хрысьцiянскага пакутнiка і натхнiў у 1562 годзе скульптара Марка д’Агратэ. Сьвяты паўстае перад вамi ўжо пасьля экзекуцыi, прычым аўтар дэманструе настолькi дасканалае веданьне анатомii, што мiжволi задумваешся пра ягоную нялёгкую працу на падрыхтоўчым этапе.
Статуя прастаяла роўна дзесяць гадоў, як французская каралева Кацярына з iталiйскага роду Медычы (магчыма, натхнiўшыся якраз творам д’Агратэ) разам з гэрцагамi Гiзамi зладзiла ў Парыжы вясёленькую Варфаламееўскую ночку. Ты памятаеш, што да ейнае падрыхтоўкi прычынiўся й Генрык Валуа, што (даўшы ўрачыстае абяцаньне нi ў Вiльнi, нi ў Кракаве падобных мерапрыемстваў не арганiзоўваць) праз год быў абраны гаспадаром айчыны тваiх продкаў, а яшчэ праз год, здаецца, так i не патрапiўшы наведаць сталiцу Княства, уначы падмазаў пяты i ўзяў курс на Парыж, дзе памёр Карл IX. На французскiм троне Генрык беспардонна карыстаўся тытулам вялiкага князя лiтоўскага i караля польскага, хоць твае прадзеды ўжо мелi законных манархаў — Сцяпана Батуру, а потым i Жыгiмонта Вазу. Тыя, дарма што таксама былi iншаземцы, нiкуды па начах не ўцякалi, што неабвержна сьведчыць пра арганiчную ўлучанасьць твайго Вялiкага Княства ў агульнаеўрапейскi цывiлiзацыйны кантэкст (як па-свойму сьведчыць пра гэта й тая акалiчнасьць, што пад час аблогi Парыжу недарэзанымi гугенотамi Генрыка Валуа зарэзаў дамiнiканскi манах).


l l l

Разглядваючы строгi неакласічны фасад тэатру “Ла Скала”, ты малюеш сваёй фантазiяй той вечар 1905 году, калi тут давалi прэм’еру Манюшкавай “Галькi”.
Конныя экiпажы, рэдкiя таксаматоры, польскiя эмiгранты i польская мова, якая падабалася Генры Мiлеру, выклiкаючы ў ягоным уяўленьнi пяшчотна завостраную траву, густа населеную шэршнямi й вужакамi…
Манюшка ўжо адсутнiчаў на гэтым сьвеце трыццаць тры гады — столькi сама, як i перакладчык лiбрэта на iталiйскую мову сьпявак i танцмайстар Банольдзi.
Шчыра кажучы, табе ўжо набiлi аскомiну зьвесткi пра тых, каго Беларусь дала (аддала) iншым культурам. Тваё здаровае нацыянальнае пачуцьцё прагне ведаць iншае: каго сьвет даў Беларусi? Цi, дакладней, каго Лiтва—Беларусь уцягнула ў магiчнае поле сваёй культуры.
Цябе цiкавiць Джузэпэ Ахiл Эльмiра Банольдзi. Барселонец паводле нараджэньня. Iталiец па крывi. Лiцьвiн па духу. Паўстанец 1863 году. Сябра Часовага ўраду Беларусi й Лiтвы. Палiтэмiгрант. Уладальнiк моднага парыжскага фотаатэлье. Улюбёнец жанчын. Камандзiр эскадрону ў вулiчных баталiях часоў Парыжскай камуны, якi ў перапынках памiж баямi сьпяваў сваiм жаўнерам беларускiя песьнi, а цяжка паранены, у перадсьмяротным трызьненьнi размаўляў з Калiноўскiм…
А яшчэ ты хочаш убачыць на ўваходзе ў “Ла Скала” тэнара з еўрапейскiм iмем Мiхала Забэйду-Сумiцкага,— яшчэ да Прагi, яшчэ не закаханага ў Ларысу Генiюш, якая двойчы зьлёгку прыадкрыла табе тую таямнiцу, можа, па-жаночы адчуваючы, што ты таксама (вядома, з разуменьнем усёй пралеглай памiж вамi безданi гадоў i жыцьцёвага досьведу) па-свойму закаханы ў яе. Так, яна загаворвала з табой пра Забэйду два разы: аднойчы лiпеньскiм адвячоркам у Зэльве, а потым, калi памiрала ў гарадзенскай больнiцы i перад тваiм прыходам шпурнула ў Яўгенiю Янiшчыц пушку цукерак, якую тая прывезла з сесii ААН…
Але ты перакананы, што некаторыя таямнiцы павiнны ўпрыгожваць жыцьцё менавiта як таямнiцы.
У цябе няма нi цудоўнага голасу Банольдзi, нi яркага лiрычнага тэнару Забэйды. Ты наогул ня маеш вакальных здольнасьцяў нават длясамадзейнасьцi. Але ў ваколiцах “Ла Скала” ты таксама манiшся засьпяваць. Ты знаходзiш вольную лавачку i сам сабе цiхутка заводзiш улюбёную “Александрыну”.
“А-лек-сан-дры-на…” Савецкая рэчаiснасьць i наскрозь зрусiфiкаваны Полацак твайго дзяцiнства гадоў да шаснаццацi пасьпяхова хавалi ад цябе тое, што ты — беларус. Але, калi ты вучыўся ў дзясятым класе, у твой горад прыехалi “Песьняры” (тады яшчэ “Лявоны”). Ты ўжо слухаў “Бiтлоў” i “Ролiнгаў” i перад канцэртам быў настроены даволi скептычна. Апрача таго й сам канцэрт апынуўся пад пагрозаю. Бацька, якi працаваў пракурорам i знаходзiўся ў курсе гарадскiх навiнаў, уручыўшы табе запрашальнiк, расказаў, што сакратар гаркаму партыi па iдэалогii, убачыўшы “Лявонаў”, дакладней, iхнiя “бiтлоўскiя” фрызуры, выставiў ультыматум: або “дзiкабразы” iдуць у цырульню, або канцэрт адмяняецца.
На тваё велiзарнае шчасьце, Мулявiн выбраў цырульню. Пасьля канцэрту ты некалькi тыдняў напяваў “Александрыну”, адчуваючы, як у табе прачынаецца зусiм iншая iстота… Каб ты не баяўся высокiх словаў, ты мог бы сказаць, што “Песьняры” далучылi цябе да нацыянальнага космасу.
Ты сьпяваеш “Александрыну”, i з мяккага сутоньня на твой бездапаможны голас выходзяць слухачы: на смарагдавым газоне зьяўляецца паважны руды кот, а ўсьлед за iм — белы з чорным хвастом. Яны ся­даюць насупраць i сьвецяць табе аднолькавымi лiмонавымi вачыма.
Ня выключана, што ў ранейшым жыцьцi яны былi беларусамi.