12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Астравец

_____________________
Каўтун. Неверагоднае апавяданьне

Каўтун — наш крыж,
Каўтун — наш гонар,
Каўтун — наш сьцяг,
якi вядзе ўпярод.

Кожная краiна мае свае адметнасьцi. У адной мужчыны носяць чалмы, а жанчыны паранджу, у iншых любяць самбрэра або цюбяцейкi. Галовы аздабляюць шыньёнамi, парыкамi, пучкамi пер’яў, робяць процьму касiчак, заплятаюць у iх стужкi, пацеркi. А ў нас ёсьць каўтуны. З летапiсу вядома, што першы наш князь меў гэтую рэч у сябе на га-лаве. Жыцьцё было цяжкае, вакол дрыгва, багна, твань, i гэтым усё тлумачыцца. Мыла не было зусiм. Княская дружына з каўтунамi выглядала, як iндзейцыз пер’ем на галовах. Наводзiла жах дружына княская. Застаючыся ў памяці ворагаў менавiта сваiмi каўтунамi, якiх ня мела нiякае iншае войска.
Вядомыя гравюры кнiжныя з тутэйшымi жыхарамi, у кожнага каўтун, i подпiс лацiнскi kovtuns abyknaveny. Князь сьцiнаў каўтуны ваярам, якiя збаялiся або папросту ня здолелi выканаць баявы загад. Найвышэйшая ганьба — некаторыя сканчалi самагубствам, як самураi. Шляхетны звычай.
Сёньня пачалося адраджэньне традыцыяў, вяртаньне да перша-крынiцаў, да падставовых вартасьцяў. Культываваньне нацыянальных асаблiвасьцяў летапiсных. Усё таму, што нашыя папярэднiкi развучылiся весьцi за сабой слушнай дарогай, самi страцiлi перакананасьць, страцiлi аргументы.
— Што гэта ў вас каўтун зьмяўся, ня выспалiся, цi што? — цiкавiўся на ранiшнiм пасяджэньнi старшыня ўраду Кабяк. — Трэба сачыць за сабой, за сваiм выглядам, народ па гэтым мяркуе аб стане ўлады. Калi мы ўсе з памятымi або з лахматымi каўтунамi будзем сядзець у тэлевiзары, што пра нас падумаюць у цывiлiзаваным сьвеце?..
Каўтун, як нi дзiўна, падабаўся ня ўсiм. Былi ворагi нават, якiя змагалiся супраць каўтуна, за еўрапейскi выгляд i гiгiену. Нарфронт абвясьцiў здраднiцкi лозунг — “Без каўтуна — у Эўропу!” На дэманстрацыях трымалi галоўным чынам транспаранты “Каўтун — гэта ганьба!”.
Усё тое адбывалася шмат у чым праз неразуменьне народных патрэбаў. Народу падабалася з каўтунамi. Апазiцыя прапагандавала мыла i шампунь заходнiх рэкламных гатункаў. Народ жа папросту ненавiдзеў тэлерэкламу, якая перашкаджала глядзець кiно. Афiцыйная прапаганда папулярна тлумачыла: часта мыцца — чужая, заходнiцкая звычка.
Народу падабалася ўпарадкаваная iерархiчнасьць. Агульнадзяржаўным каўтуном узнагароджваў старшыня ўраду. Нiжэйшыя ўлады мелi свае ганаровыя граматы i каўтуны — меншыя памерамi — адпаведна чым меншай была ўлада: выканкам губернскi, павятовы, сельвыканкам.
Каб нiкому не рабiлася крыўдна, у краiне былi розныя прафесiйныя сьвяты. Ня толькi Дзень працаўнiкоў, напрыклад, сельскай гаспадаркi або машынабудаваньня, а нават — Дзень архiварыуса або Дзень вахцёраў i стралкоў ВОХР i шмат iншых. Амаль кожны дзень кагосьцi ўзнагароджвалi. Было i асобнае сьвята — Дзень каўтуна, асаблiва любiмае народам. У траўнi, адразу пасьля Дня перамогi над ворагамi. На агульнадзяржаўных дажынках каўтуны выдавалi героям жнiва — камбайнёрам. Ганаровыя каўтуны даставалiся замежным гасьцям i палiтыкам, зрэшты нешматлiкiм, якiя яшчэ сябравалi з Краiнай Каўтуноў. Пуцяцiн, Жырноў, Суцiн, Баймурадаў, Манонаў, Аман-баша, Чумак Башкiравiч.
Апазiцыя i ўсе нядобранадзейныя — валацугi розныя засталiся без каўтуноў. Шум усчаўся. Аб правох чалавека. Людзi двух гатункаў! Прадуктовыя карткi горшыя i гэтак далей. Забылiся, што каўтун яшчэ трэба заслужыць. Звычайным грамадзянам таксама ня ўсiм давалi. У войску — адно элiтным аддзелам. Амонаўцам. Ім прыдумалi жалезныя будзёнаўкi, каб захоўвалiся каўтуны. Крыху нагадвалi ку-клукс-кланцаў. Супрацоўнікам дзяржбясьпекі выдавалi каўтуны пагалоўна. Яны мусiлі хадзiць заўжды ў шапках, нават у сьпёку, каб не вылучацца.
У кабiнеце мiнiстраў наяўнасьць каўтуноў таксама была ўсеагульнай. Урадавая рэспублiка — такая iснавала форма кiраваньня, як завяшчаў Калiноўскi. Па трэцiм варыянце новай канстытуцыi. Без парламенту, як, па сутнасьцi, лiшняга воргану. Накшталт рудыментальнага, ад якога нiякай карысьцi, як ад копчыка, якi зьяўляецца рэшткамi нашага хваста. Князь каўтун таксама некалi веча разагнаў, i адразу настаў парадак. Пра гэта пiсалася ў Тураўскiм летапiсе, якi, на жаль, не захаваўся.
Затое можна пачытаць Сагу аб дружыне княскай. На Нямiзе адбываецца крывавае жнiво. Каўтуны сьцiнаюць, як калосьсе — цэлымi жмутамi, быццам снапы дажынкавыя. Сам Каўтун на той час ужо памёр. Вось такая гiсторыя.
Уся сталiца цяпер завешаная аб’яўкамi: купiм валасы, не карацейшыя за 32 см. Каўтуны, згодна дзяржстандарту, павiнны быць натуральныя. Першы каўтун выдаецца бясплатна. Але можа змокнуць, зьлямчыцца, таму запасныя — у продажы. Купiць можна толькi па дакументах. Спынiць патруль на вулiцы i спраўдзiць тваё пасьведчаньне. Падробныя трапляюцца. Тады — 15 сутак або штраф — 100 мiнiмалак.
Ды што просты народ, моднiцы пачалi ў падпольных цырульнях заплятаць валасы ў каўтуны, шапкi на iх заказваць у Доме модаў Сашы Салманава. Пра каўтун марылi ўсе, нават апазiцыя, толькi не прызнавалася. Цэлая iндустрыя ўзьнiкла — сьпецшампунi, лакi, хiмчыстка: “каўтуны, старэйшыя за 10 гадоў i перазабруджаныя — не прымаюцца!”. Каўтун зрабiўся ладам жыцьця.
— Таварышы мiнiстры, — працягваў урадавае пасяджэньне прэм’ер, — штосьцi мне не падабаецца ваш зьнешнi выгляд. Каўтуны павесiлi, прабачце, як насы. Весялей трэба, больш аптымiзму! Вось паглядзiце, якi ў мяне каўтун. Як агурок. Мне ж ня жонка яго натапырвае, сам. А то гальштук жонка завяжы, кашулю папрасуй, чаравiкi каб блiшчэлi таксама. Сорамна, гаспада мiнiстры! Так справа ня пойдзе. Ну вось вы, Раздрай Раздраевiч.
— Раздракавiч.
— Ну, прабачце. Чаму ваш каўтун нейкi млявы?
— Пад дождж трапiў, калi з машыны выходзiў.
— Пад дождж. А для чаго я ўсiм членам кабiнету футраныя цылiндры пашыў? З бабра. Насiць трэба, а то моль паб’е.
— Жарка цяпер у iм.
— Жарка яму! Я ў цылiндры прама заляцеў у Арабскiя Эмiраты. Вось там сапраўды. I нiчога, не сапрэў. А як узьбекi ходзяць у папахах, вачэй не вiдно? Казьбек Узьбекавiч, раскажы яму, каб не баяўся цяпла i сонца. Ад пары касьцей ня ломiць. Яшчэ i чай гарачы з пiялаў п’юць у папахах сваiх, у кучмах. Сярэднеазiяты. У Кушцы сваёй. Чай, дарэчы, тлусты, з тлушчам авечым. Але вас нiхто не прымушае. У нас чай “Бяседа” — бяседуйце на здароўе!” Можа нам на пасяджэньнях чай пiць? Каб больш па-дамашняму было.
— Можна, канешне.
— А якi хочаце — байхавы там, зялёны або кiтайскi?
— У гранулах некаторыя любяць.
— А ў нас — лепей з доўгiм лiсьцем... А калiсьцi грузiнскi, азербайджанскi, армянскі...
— Армянскага не было, толькi каньячок. Пяць зорачак.
— Ну, добра. Закончым дыскусii. Паставiм самавар i кропка. Электрычны. Двухвядзёрны. Нас тут многа. Вернемся да нашых каўтуноў, пачнем. Таварышы мiнiстры, прашу праверыць свае каўтуны i заправiцца, як у войску гавораць. Неахайнасьцi я не пацярплю. Калi ня ўмееш свой каўтун у парадку трымаць, якi з цябе мiнiстр? Калi ў цябе на галаве гармiдар. Калi на галаве абы-што, дык што ў галаве тады? Якая форма, такi i зьмест. Толькi не крыўдуй, Рамзэс Шыракавiч. Крытыку i сама-крытыку трэба разьвiваць. Трэба заўжды трымаць сябе ў форме. Быццам рыхтуешся на прыём да брытанскай каралевы. Там этыкет — будзь здароў. А то параспускалi сябе, сядзiце за сталом з жыватамi, з пучкамi на галаве — як чыпалiны нейкiя. Падзiвiцеся на сябе! Часьцей трэба перад люстэркам затрымлiвацца. А то пагалiў-ся — i хутчэй за стол. Боршч сёрбаць.
— Няёмка перад жонкай. Мужчыны ўсё-такi.
— Не, ну так нiяк не гадзiцца, мужыкi. Каўтуны зусiм не трымаюцца. I гэта ў членаў кабiнету. Сорамна!
— Дождж кожны дзень.
— Нашы вучоныя мне далажылi. Новы сродак вынайшлi. Для замацаваньня каўтуноў. Вось наладзiм прамысловую вытворчасьць — каб усе прыдбалi, а то несалiдна перад рабочымi, калi мiнiстрам — усё забясплатна. Давайце паслухаем справаздачу з каўтуннай фабрыкi. Што там з планам, гарыць? Кiнь ты гэтыя парыкi, Хазбулат Уралавiч, пачакаюць. Каўтуны трэба. Больш i лепшай якасьцi. Запомнiце. А то, што пагорш — камбайнёрам. Iм, маўляў, не фарсiць па сталiцах. I што атрымлiваецца? Наадварот! Такiя ўмовы працы, што хутка псуецца. Ад пылу, ад поту, сьпёка, дажджы. Часьцей трэба мяняць. Марнатраўства нейкае. У сталiцы мы тут маем лепшую якасьць, можам ашчаджаць. Зноў просты народ пакрыўджаны, хоць i з каўтунамi.
— Не хапае валютных запасаў, каб усiм лепшы гатунак.
— Трэба выкручвацца. Напрыклад, спартсмены зарабляюць медалi, прызы. Мы для iх нiчога не шкадуем. Нашы спартсмены самыя высокiя на Алiмпiядах, апроч мурынаў. Там у iх племя цэлае ў Афрыцы ёсьць. Адны кароткiя зусiм — пiгмеi, другiя наадварот. Такая катавасiя. Бананы з дрэва зрываюць. Як жырафы. Але нашы з каўтунамi ўсё роўна сiмпатычней глядзяцца.
— У мяне, таварыш прэм’ер, будзе зараз паведамленьне. У калгасе iмя Парамон Парамоныча прыцягнулi народных умельцаў каўтуны рабiць з iльну...
Пасяджэньне трансьлявалася праз радыёкропку дзеля пашырэньня публiчнасьцi i дэмакратызацыi жыцьця ў краiне.
— Што вы каўтунамi варушыце? Мазгамi трэба варушыць.
— Каўтуны добра не стаяць, радыяцыя сказваецца.
— Усё вам перашкаджае, як кепскаму танцору. Трэба даглядаць iх, пудрыць. Увогуле, запасныя каўтуны трэба мець пры сабе — дождж там цi яшчэ што здарыцца. Футаралы iснуюць сьпецыяльныя. Не эканомце! Несалiдна!
— Народ незадаволены. Як раней, гавораць, шчэць i шкуру кабаноў забiралi ў калгасьнiкаў, цяпер валасы ў цырульнях — каб абавязкова.
— Гэта камерсанты-сьпекулянты толькi могуць абурацца, што iм перашкаджаюць нячэсныя грошы нажываць. Нiхто з iх ня мае каўтуна свайго, дык хоць нажыцца рукi сьвярбяць. Тут манаполiя павiнна быць дзяржаўная, як на гарэлку. Стратэгiчны тавар. Каўтун яшчэ трэба зарабiць. Гэта ня проста так, гэта не прывiлей перш за ўсё, перш за ўсё гэта — абавязак. Трэба апраўдваць давер. А ня проста начапiў i фарсiць толькi. Фарсуны нам тут не патрэбны. Тут у нас кабiнет мiнiстраў, хачу гэта напомнiць, хто забыўся. Таму трэба работаць, працаваць i дбаць пра свой зьнешнi выгляд. Штохвiлiнна i штогадзiнна. З каўтуном сваiм трэба любоўна. Абыходзiцца, як з дарагой рэччу. Трэба несьцi свой каўтун з гонарам праз жыцьцё, каб ня стала потым пакутна, сорамна i балюча за бязмэтна пражытыя гады. За свой збэшчаны каўтун...
Раптам мiнiстры паўскоквалi, з вулiцы пачуўся стукат i звон. Кiнулiся да вокнаў, пачалi расчыняць. З высокай i вялiкай статуi Парамон Парамоныча, якая стаяла перад Домам ураду, звалiўся на брук бронзавы каўтун...
Праз расчыненыя вокны пачулiся нейкiя архаiчныя гукi. Пошчак капытоў. Цi конны Амон у жалезных будзёнаўках. Цi княская дружына.
25-26 сакавiка 2000 г.