12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Астраўцоў

_____________________
Руна ..

Палемічны эскіз

Дзіўна чуць адасабленьні кшталту — “беларусы і ліцьвіны”, “беларусы і габрэі”. Ну, з ліцьвінамі ды габрэямі на першы погляд усё зразумела, а вось як быць з беларусамі? Хто, уласна, тут маецца на ўвазе? Выключна славяне? Тады заходнія ці ўсходнія? Але ж заходніх адразу залічваюць у каталікі, а ўсходніх – у праваслаўныя. Выходзіць белаРусы — бліжэй да ўсходніх: бо Русь, так бы мовіць, праваслаўная. А хто ж тады каталікі – ліцьвіны ці чарнарусы? І чаму беларусамі называюць сябе татары з “Аль-Кітабу”?
А можа ніякіх беларусаў увогуле не існуе?
Пэўна, шмат хто з апошнім з радасьцю пагадзіўся б, згадайце: Крэсы Усходнія – Крэсы Заходнія; Вялікая Літва; Крыўя; Яцьвягія…
Абсурднымі гэтыя развагі могуць падацца толькі на першы погляд. І толькі таму, што, каб разважаць на любую тэму, трэба спачатку прывесьці прадмет развагаў да вызначаных сістэмаў каардынатаў. Паколькі па цалкам зразумелых прычынах цывілізаваныя нацыі афіцыйна не называюцца імем якога-небудзь аднаго з этнасаў-складнікаў, дык і з намі, беларусамі, тут усё зразумела: беларусы – нацыя, а ўсе астатнія – этнасы, якія яе складаюць. А таму прапановы наконт Крыўя ці Літвы не прыймальныя для ўсіх разам. Да прыкладу, гішпанская нацыя складаецца з касьцільцаў, каталонцаў, арагонцаў, андалузцаў, баскаў (з чым самі яны ня вельмі згодныя) і г.д.; брытанская – з ангельцаў, шатландцаў і валійцаў (апошнія два – таксама дужа спрачаюцца з гэтым); польская – з ляхітаў, мазураў, памораў і інш. Нават у Францыі, дзе амаль 90 адсоткаў насельніцтва лічацца менавіта французамі, а нарманы, брэтонцы, эльзасцы, латарынгцы ды інш. – толькі нацменшасьцямі, уласна французы склаліся з нашчадкаў дзясяткаў гальскіх плямёнаў, прадстаўнікі якіх ня толькі ў часы Цэзара, але нават і Карла Вялікага зусім не лічылі сябе адзіным народам. Тое ж і на Беларусі: беларуская нацыя склалася з крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, ліцьвінаў, яцьвягаў ды інш., у тым ліку з габрэяў і татараў, што стала пражываюць на нашай зямлі з часоў Вялікага князя Вітаўта. А таму нашчадкі іх маюць поўнае права лічыць сябе як прадстаўнікамі нацменшасьцяў, так і ўласна беларусамі. Адсюль вынікае, што прызнаньне свайго дачыненьня да пэўнай нацыі справа ў рэшце рэшт дабраахвотная (у адрозьненьне ад прыналежнасьці да пэўнага этнасу). У разумных межах, вядома, хаця ў гісторыі і існуюць выпадкі, калі захапіўшыся экзатычнымі для сябе культурамі, белыя людзі пачыналі лічыць сябе індзейцамі, кітайцамі ці японцамі, ну а колькі зараз у Тыбеце ламаў з прадстаў-нікоў усіх кантынентаў, ніхто ня возьмецца падлічыць (у Аўстраліі вунь паводле апошняга перапісу зьявіліся джэдаі – наглядзелася моладзь “Зорных войнаў”).
Тым ня менш гэта ўсё ж выключэньні. Звычайна выбар абмежаваны. (Класічны прыклад – сям’я піцерскага інжынера-мостабудаўніка пана Іваноўскага, маёнтак якога месьціцца ў Лябёдцы Шчучынскага павету: з трох ягоных сыноў адзін стаў беларусам, другі – палякам, трэці – летувісам. Грузі­нам, напрыклад, ніхто ня стаў). Іншая справа, калі ты зьехаў куды за акіян. Усе, хто называе сябе амерыканцамі і дадае нацыянальнае паходжаньне (кітайскае, японскае, французскае, беларускае і г.д.), сувязь з уласным этнасам у такім выпадку пакідаюць толькі на генетычным узроўні, часта ўносячы блытаніну ва ўяўленьні суграмадзянаў. Калі, напрыклад, суполка габрэяў-эмігрантаў з Беларусі кажа за акіянам, што яны – эліта беларускай нацыі, у простых амерыканцаў натуральна складаецца ўражаньне, што беларусы – гэта семіцкае племя.
А, і на самой справе, ці магчыма абагульняюча казаць пра нацыянальныя рысы беларусаў, іх характар, менталітэт? У любым выпадку ў адрыве ад гісторыі Беларусі гэта зрабіць немагчыма. І ў першую чаргу таму, што на нашай тэрыторыі за апошнія тысячу гадоў існавала некалькі дзяржаваў: Полацкае княства, ВКЛ, Рэч Паспалітая, БССР, РБ. І на кожным з тых гістарычных этапаў дзяржаваўтваральнымі выступалі розныя беларускія этнасы: крывічы, дрыгавічы, радзімічы...
Нашая краіна ўзьнікла прыблізна ў тых самых межах, у якіх яна існуе зараз, у часы панаваньня Усяслава Чарадзея, які, несумненна, быў крывічом (паколькі пскоўскія крывічы заўсёды цягнуліся да Ноўгараду, а Смаленск, трымаючы кантроль над аднымі з трох асноўных валокаў, сам заўсёды імкнуўся да пануючай пазіцыі і ўдзельнічаў ва ўсіх паходах супраць Полацку, падмурак пад стварэньне беларускай нацыі паклалі менавіта полацкія крывічы, а на аснове іхняй мовы ўтварылася сучасная беларуская мова). Але Напачатку асноўнае капішча з кумірам Крыві і рэзідэнцыя першасьвятара крыві-крывіча месьціліся ў Ромаве (мястэчка на поўдзень ад Кёнігсберга), пакуль не былі зьнішчаныя тэўтонамі. Пасьля гэтага і капішча, і рэзідэнцыю перанесьлі ў Крыві-горад (цэнтр сучаснай Вільні), дзе яны былі зьнішчаныя ўжо Вялікім князем Гедымінам. Першымі ж задоўга да гэтых падзеяў ад крывіцкага племяннога саюзу адпалі палачане са смалянамі і пскавічамі, што яшчэ раз даказвае неаднароднасьць ягонага этнічнага складу, а таксама тое, што ўсходнія крывічы знаходзіліся неаспрэчна на больш высокай стадыі разьвіцьця грамадства. Але каб зразумець гэта, трэба зьвярнуцца да беларускай гісторыі рэлігіі.
Родавыя стасункі, як вядома, не вымагалі буйной эканомікі: кожная сям’я займала пэўную тэрыторыю, з якой харчавалася самым розным чынам: паляваньне, рыбацтва, зьбіральніцтва, прымітыўнае земляробства. Натуральна, што за непатрэбнасьцю ня рухаўся і тэхнічны прагрэс. А значыцца не было і дакладных інструментаў вымярэньня часу. Менавіта таму панаваў зорны касмаганічны культ (экватарыяльныя зоркі, як вядома, хаваюцца і зьяўляюцца ў адзін і той жа дзень году, а перыяд іх адсутнасьці над даляглядам роўны 270 дням, альбо 9 месяцам цяжарнасьці жанчыны) і культ месяцу (прамежак паміж зьменамі фазаў – маладзік, ветах, поўня – заўсёды аднолькавыя і вымяраюцца ў ночах), правадніком якіх зьяўляецца шаманізм. Кіраваў у тыя часы галава роду, які адначасова павінен быў быць і самым магутным, і самым разумным – чараўніком-валхаўцом (роля шамана-ваўкалака крыху адрозьніваецца, але гэта тэма для асобнай гаворкі). Не было войнаў (за выключэньнем нязначных сутычак з-за ўпаляванай дзічыны ці з-за жанчынаў), не было голаду (людзі проста глядзелі на гастранамічныя справы, калі што, маглі падхарчавацца і чарвякамі з жабамі), не было культуры (культура ўзнікла са зьяўленьнем культур земляробчых, адкуль і паходзіць само слова). Такі жыцьцёвы лад вельмі нагадвае львіную сям’ю…
Зьяўленьне племянных стасункаў – гэта зьяўленьне культуры. Людзі забываюцца на чарвякоў з жабамі, харчуюцца галоўным чынам прадуктамі земляробства. Такім чынам зьяўляецца голад ад неўраджаяў і, адпаведна, страх перад ім. Таму статус валхаўца-шамана, бо ён адзін ведае, як дамагчыся добрага ўраджаю, нягледзячы на заўсёды неспрыяльнае надвор’е – нешта кшталту сучаснага агранома – вырастае да статусу валхва-жраца. Пачынае зрушвацца з месца тэхнічны прагрэс. Першае геніяльнае вынаходніцтва – гадзіньнік (мусіць, кляпсыдры). Цяпер можна вымяраць дакладна даўжыню ночы і дня, вызначыць дні сонцастаяньня і сонцавароту. Зьяўляецца сонечны культ Перуна, а разам з ім – тэагонія, культ герояў. Багамі становяцца людзі, якія дасягнулі пры жыцьці стану прасьвятленьня. Менавіта таму яны – не аб’екты пакланеньня, а ўзоры для ўпадабленьня, а іхнія выявы – ня стоды, як абазвалі іх хрысьціяне, а куміры, як называюць іх самі “язычнікі”.
Спынімся на гэтым і некаторых іншых паняцьцях. Афіцыйная версія палягае ў тым, што нехрысьціянаў называюць так, бо яны не прынялі слова Божага. Але тлумачэньне досыць цьмянае. “Фрэйдызм” тут больш канкрэтны: язычнікі ўжываюць аральны сэкс (у дадзеным выпадку маецца на ўвазе менавіта кунілінгус), што зараз характырызуецца як вычварэньне і для хрысьціянаў цалкам не прыймальнае. У гэтым ёсьць логіка, бо для языч-нікаў сьвет не падзяляецца на чорнае і белае – і тое, і другое – праявы аднаго жыцьцёвага працэсу (прынцып маятніка – чым больш амплітуда, тым большая ўнутраная энергія сістэмы), як плюс і мінус электрычнага току (пры адсутнасьці аднаго з іх ніякага току няма). А таму і “верх”, і “ніз” аднолькава самакаштоўныя, што яскрава ўвасабляецца ў сімвале Сусьветнага дрэва (богі над намі і пад намі). Другое вызначэньне язычнікаў – паганцы, якое яны атрымалі за часамі Рымскай імперыі (paganus – селянін, а ў вёсцы, як вядома, даўжэй захоўваліся так званыя політэістычныя культы, чым у гарадах). Аднак паганкамі называюць і грыбы-мухаморы, наркатычныя адвары з якіх у той ці іншай ступені выкарыстоўваліся падчас рытуалаў. Цікава, што тут першаснае, а што другаснае? Лепей не сьпяшацца з адказам, бо ў рымскіх вёсках, натуральна, даўжэй захоўваўся і шаманізм пасьля ўвядзеньня ў гарадах політэізму. З барбарамі ж крыху прасьцей – так грэкі называлі ўсіх, хто размаўляў на незразумелай ім мове. Тут мы ад старажытных грэкаў недалёка адышліся, бо дагэтуль называем германцаў, што ня ведаюць “нашае чалавечае мовы”, немцамі-нямко. У любым выпадку і першае, і другое, і трэцяе вызначэньні – сутнасна абразлівыя, і для сучасных нехрысьціянаў так жа ж непрымальныя, як для іўдэяў – быццам бы традыцыйнае слова “жыд”.
Такім чынам блізкія роды, аб’яднаныя ў плямёны, утвараюць грамадства, якое без іерархіі жыць ня можа, а таму ў сваю чаргу пачынае падзяляцца на касты. Іх заўсёды чатыры: служкі культу (валхвы), прафесійныя вайскоўцы (распачынаюцца войны, што вядуцца выключна з мэтай захопу больш урадлівых земляў і ў напрамках гандлёвых шляхоў), вытворцы (сяляне і майстры-рамесьнікі) і так званыя недатыкальныя, прадстаўнікі пагарджаемых вышэйшымі кастамі прафесіяў (гандляры, мянялы, найміты-пралетары, музыкі, танцоры, прастытуткі і г.д.). Рабы ніколі кастай не былі, бо ўласна і за людзей не лічыліся – накшталт хатняй жывёлы. Варта адзначыць, што паколькі закон непрыняцьця міжкаставых сямейных стасункаў найбольш жорстка дзейнічаў у дачыненьні чацьвёртае касты і ў некаторай ступені захаваўся дагэтуль, шудры, як іх называюць у Індыі, з цягам часу ўтваралі штосьці падобнае да асобнага этнасу, які з трывалаю перыядычнасьцю выганяўся ў поўным складзе за межы той ці іншай дзяржавы (так адбывалася ў старажытных Індыі, Егіпце, Бабілоне, а ў сярэднявеччы – па ўсёй Еўропе). Падставай дзеля гэтага часта служылі ўспышкі венерычных захворваньняў.
З тых часоў асноўныя этапы гісторыі чалавецтва – гэта пераход улады ад адной касты да другой (у парадку зьмяншэньня іх статусу), якія адбываюцца ў форме сацыяльных рэвалюцыяў з непазьбежнымі радыкальнымі зьменамі пануючых рэлігійных ідэалогіяў.
Першыя дзяржаўныя ўтварэньні былі тэакратычнымі. Кіравалі валхвы. Князі мелі функцыі выключна ваеначальнікаў, абіраліся ўсім народам на вечы і ў выпадку вайсковае няўдачы папросту маглі быць прынесеныя ў ахвяру богу вайны. Рашэньне пра пачатак баявых дзеяньняў прымалі выключна валхвы Вялікага кола, пасьля чаго, як тое было ў нас, крыві-крывіч дасылаў да князёў сваіх вястуноў-вясталак з патрабаваньнем зьявіцца на пагоню ў прызначанае месца. У пацьверджаньне афіцыйнасьці загаду яны перадавалі ім посах першасьвятара – крывулю.
Вядома, што абраны лад жыцьця племя вельмі моцна залежыў ад прыроднага асяродку: стэпавыя народы адрозьніваюцца ад горцаў, паморы – ад лясных народаў. Насельнікі беларускіх земляў мелі шмат агульнага з германцамі, бо тэрыторыя і тых, і другіх была спрэс пакрытая пушчамі (нашы збольшага захаваліся дагэтуль, а пра пушчы германцаў мы ведаем з гісторыі Рыма). А таму ў якасьці аналогіі мы маем поўнае права зьвярнуцца да Карнэлія Тацыта:
“Досыць вядома, што германскія народы зусім не жывуць ў гарадах і нават не жадаюць, каб іх жыльлё сутыкалася адно з другім; селяцца яны на адлегласьці адзін ад другога і ўроскід, дзе хто ўпадабаў які-небудзь ручай, ці паляну, ці лес. Вёскі яны ладзяць не па-нашаму – у выглядзе аб’яднаных паміж сабой і прылягаючых адзін да аднаго будынкаў, але кожны акаляе Каралёў яны абіраюць па славутасьці, а ваеначальнікаў па адвазе. Пры гэтым у каралёў няма неабмежаванай ці самавольнай улады, а правадыры ўзначальваюць хутчэй прыкладам, тым што яны мужныя, вылучаюцца ў баі, змагаюцца сьпераду шыхта. І гэтым выклікаюць зьдзіўленьне. Аднак караць сьмерцю, закоўваць у кайданы і катаваць не дазваляецца нікому, акрамя жрацоў, ды і то ня ў выглядзе пакараньня, а як бы па наказу бога…
Сходы старэйшынаў адбываюцца ў маладзік ці поўню, бо германцы вераць, што гэтыя дні зьяўляюцца самымі шчасьлівымі дзеля пачатку справы. Лік часу вядзецца не па днях, а па начах…
Маўчаньне натоўпу, пачатак сходу старэйшынаў ці народнага сходу ўсталёўваецца і абвяшчаецца жрацамі…
Германцы вырашаюць усе справы, грамадскія, прыватныя, толькі узброенымі…”
Да канца I тысячагоддзя пантэон славянскіх багоў акрэсьліўся цалкам. Славянская “Мекка” са сьвятым Алатыр-камянём (верагодна, метэары-там) – пупам Сусьвету, месцам, дзе знаходзіцца брама паміж трыма сьвета-мі – месьцілася на балтыйскай высьпе Руян (сучасны Руген) (“на востраве Руяне, на моры-акіяне”). Такім чынам стварэньне антычнай славянскай імперыі на ўзор Рыму здавалася справай прадвызначанай. Аднак да таго часу на поўдні і захадзе набыла моцы хрысьціянская рэлігія, якая зьявілася для славянскага сьвету рэвалюцыйнай ідэалогіяй пераходу ўлады ў рукі прадстаўнікоў касты вайскоўцаў. Хрысьціянскія місіянеры казалі князям: хрысьціце язычнікаў у адзінаслушную веру “мячом і агнём”, забівайце ўладароў-валхвоў, забірайце іх уладу і багацьці ў свае рукі, а нам за гэта – толькі дзесяціну. І некаторыя сквапныя князі (цяпер асобныя з іх – сьвятыя хрысьціянскіх цэркваў) з радасьцю пагадзіліся на гэта. Немалую ролю ў той справе адыгралі нарманы, якіх славяне называлі варагамі (у гістарычнай навуцы прынята перакладаць гэта слова са старажытна-германскіх моваў са значэньнем “купец”, аднак насамрэч нічога, акрамя нашага “вораг” — у заходняй Эўропе слова “вараг” невядомае — у ім ня чуецца).
Шырокамаштабная экспансія нарманаў у кантынентальную Еўропу пачалася прыкладна ў той самы час – у канцы I тысячагоддзя. Усе гісторыкі са зьдзіўленьнем адзначаюць, што іх паводзіны на захадзе моцна адрозьніваліся ад паводзінаў на ўсходзе Еўропы. Але гэтаму існуе цалкам лагічнае тлумачэньне.
Распачыналі нашэсьце нарманы-язычнікі. Пануючай рэлігіяй у той час быў культ Одзіна-Перуна (у сэнсе “Громавержца”), што сьведчыць пра існаваньне на той час у Скандынавіі тэакратычнага дзяржаўнага ўтварэньня. Як і ва ўсіх астатніх рэлігіях, вярхоўны бог ня мае імя, а толькі дзясяткі (напрыклад, сто імёнаў Алаха) прыметнікаў-вызначэньняў. Одзін – першае вызначэньне бога з гэтым жа значэньнем – Першы (адсюль пачатак нашага ліку – Адзін; па-арабску Першанец – Алі). Нельга блытаць Одзіна-Перуна з Торам, які кідаецца сваім мячом маланкай-м’ёльнірам. Одзін – ня бог навальніцы, а бог Сонца. І Пярун – гэта зусім не грымоты падчас маланкі, а грукат выбуховай моцы, які чуецца пры падзеньні метэарыту (адзначым, між іншым, што ўсе метэарыты падаюць па траекторыі з усходу на захад). Метэарыты бываюць двух тыпаў – каменныя і жалезныя. Вялікія каменныя метэарыты ад удару аб зямлю разьлятаюцца на дробныя кавалкі, а адносна невялікія – памерамі да дзясяткаў сантыметраў – застаюцца суцэльнымі, але падчас палёту скрозь шчыльныя слаі атмасферы яны аплаўляюцца і набываюць форму яйка. Жалезныя метэарыты застаюцца суцэльнымі незалежна ад памераў, але таксама аплаўляюцца, набываючы абрыс галоўкі фаласа. У гэтым адна з прычынаў таго, што падзеньне метэарыту стала асацыявалася з актам зачацьця паміж Зямлёй і Небам на груба матэрыяльным узроўні. На містычным узроўні – гэта нараджэньне прасьветленых бога-людзей – сыноў і дачок Одзіна (наўпроставая аналогія з Зеўсам, які мае бясконцы шэраг зямных каханак і дзяцей ад іх). Але якая адметнасьць вызначала Одзіна з бясконцага шэрагу прасьветленых (гістарычнасьць асобы Одзіна сьцвяр-джаюць і Старэйшая Эдда, і Малодшая сярэднявечнага скальда Сноры Стурлусана)? Тая ж, што і ўсіх іншых прарокаў – Заратустру, Буду, Лао-Цзы, Ісуса: ён меў талент растлумачыць людзям свой містычны досьвед. Якім чынам гэта зрабіў Одзін, агульнавядома – даў скандынавам вучэньне рунаў, а з дапамогай яго – уяўленьне пра будову як духоўнага (структура чалавечай псіхікі), так і матэрыяльнага сьветаў. У агульных рысах сьвет падзяляецца на Хель (карані Сусьветнага дрэва), Мідгард (Сярэдні зямны сьвет, сьвет усіх магчымасьцяў, з якога можна рухацца ва ўсіх напрамках) і Асгард (крона). Мідгард у сваю чаргу падзяляецца на чатыры бакі сьвету. Дык вось, на ўсходзе – Ётунхейм, які супрацьстаіць Ванахейму, што на Захадзе. У Ванахейме знаходзяцца сілы ва ўрадлівай статычнай раўнавазе, там жывуць ваны – раса багоў, што адказваюць за функцыі ўрадлівасьці і дастатку. Ётунхейм – гэта сьвет пастаяннага руху, гатовы ўчыніць супраціў усяму, што стаіць на ягоным шляху. Там знаходзяцца сілы распусты і падману – рэакцыйныя сілы зьнішчэньня, неабходныя дзеля эвалюцыйных зьменаў. А паколькі экспансію нарманаў правакавалі валхвы (тэакратыя), дык немагчыма разглядаць яе ў адрыве ад тагачасных уяўленьняў скандынаваў пра навакольны сьвет. Яны адпачатку рухаліся альбо ў Ванахейм — на захад, альбо ў Ётунхейм — на ўсход. Таму нядзіўная і розьніца ў паводзінах…
Ётунхейм – гэта прыродны “ніз”. На ўсходзе знаходзіцца Зямное ўлоньне, там адбываецца акт зачацьця паміж Небам і Зямлёю, там нараджаюцца зоркі і Сонца. Рух на ўсход – гэта рух супраць Сонца. Там – краіна грубай матэрыяльнай сілы, краіна цемры, населеная волатамі і асілкамі. Населеная зубрамі: “адважны, з рагамі вялізнымі, люты зьвер, рагамі змагаецца, слынны жыхар балотаў, мужны зьвер (Старажытная рунічная паэма)”.
Вось чым была для нарманаў славянская зямля.
Яны не памыліліся ў сваіх чаканьнях. Прыплыўшы на ўсход, нарманы, натуральна, сустрэлі… зуброў. Аднак і тутэйшыя людзі ў іхнім уяўленьні былі, як зубры. “Я бачыў русаў, калі яны прыбылі па сваіх гандлёвых справах і разьмесьціліся каля ракі Атыл. Я ня бачыў людзей з больш дасканалым целам, чым яны. Яны падобныя на пальмы, бялявыя, чырвоныя на твар і белыя целам. Яны ня носяць ні халатаў, ні кафтанаў, аднак мужчыны апранаюць кісу, якой абхопліваюць адзін бок, прычым адна з рук застаецца вольная. І кожны з іх мае сякеру, меч і нож, прычым з усім гэтым яны ніколі не растаюцца. І ў некаторых ад пазногцяў да шыі цела размаляванае выявамі дрэваў і таму падобным”. (Ахмед ібн Фадлан, 921-922 гг.).
Тут дарэчы будзе рызыкнуць выкласьці ўласную версію паходжаньня слова “рус”, нягледзячы на тое, што ўжо трэцяе стагоддзе гэтым займаюцца лепшыя гісторыкі сьвету. Аднак усе разам яны так і не прасунуліся далей фінскага вызначэньня Швецыі Ruotsi і назвы швецкага ўзьбярэжжа Упланда Roslagen. Гучыць гэта вельмі пераканаўча, але значэньня слова не раскрывае. Да таго ж навуковая дыскусія захрасла ў спрэчцы паміж нарманістамі і антынарманістамі, а таму заідэалагізаваная дазваньня. Прычым гісторыкі шукаюць моўныя падабенствы, часам не зважаючы на тое, які сэнс укладаецца ў словы. А гэта няслушна, бо ў мовах, што маюць агульнае паходжаньне, аднолькавымі захоўваюцца карані выключна тых словаў, што мелі для старажытных сакральнае значэньне (напрыклад, ма-ці, сон-ца, ва-да), а па дабенства ў назвах рэчаў пабытовых для няроднасных моваў – збольшага супадзеньні. Калі гэтага ня ўлічваць, дык можна лёгка дапусьціць меркаваньне, быццам на тэрыторыі нашай менскай Серабранкі была некалі гара па назве Бранк, на схілах якой жыло іберыйскае племя, сьведчаньне пра што захавалася ў сучаснай назве – Сьерра-Бранка.
Рус па гучаньні вельмі нагадвае слова Зубр па старажытна-германску – Uruz. Мала таго, гэта ня простае слова, а адно з самых сакральных: Uruz – другая па ліку руна : : усіх рунічных алфавітаў-футаркаў (ад гіперлітэрацыі першых шасьці рунаў – F, U, Th, A, R, K). Гэта адзнака найпрасьцейшага стварэньня, арганічнай трансфармацыі, што ўбірае ў сябе прымітыўную сусьветную энергію. Менавіта таму сімвалам дадзенай руны зьяўляецца зубр – дзікая і дужая жывёла, слынная сваёй магутнасьцю, упартасьцю і лютасьцю. У сярэднявечных рунічных паэмах даецца два значэньні гэтае руны – ачышчальны агонь, які спальвае ўсё непатрэбнае, альбо дождж, які амывае зямлю. Як і кожная руна, Uruz мае і станоўчы, і адмоўны сэнс. Сутнасьць гэтага магічнага знаку ў сьветлым значэньні – жыцьцёвая сіла і эмацыйны ўздым; веды і спасьціжэньне, здароўе і шанцунак. Гэтая энергія мусіць выкарыстоўвацца дзеля абароны як роднага агменю, так і ўласнае душы – рухаючыся да ўнутранай мэты і перамагаючы свае слабасьці можна дасягнуць боскай псіхічнай трансфармацыі. Лічыцца, што сэнс падковы, як сімвалу шанцунку, паходзіць менавіта з формы гэтае руны. У цёмным значэньні руна Uruz азначае апантанасьць абаронай ад уяўнае небясьпекі. Гэта сіла, што выкарыстоўваецца няслушным чынам, у няслушны час і ня тымі людзьмі – бо яны хочуць толькі ўлады над іншымі. Энергія ж, што выкарыстоўваецца не па прызначэньні, здатная ператвараць у руіны ўсё навокал, бо некантралюемае натхненьне – гэта манія.
Урусамі называюць русаў жыхары Усходу (магчыма гэта ня проста каламбур у стылі “культур-мультур”), а шведы дагэтуль ганарацца, што некалі іх продкі назвалі русамі ўсходніх славянаў (нейкі ж сэнс яны ў гэтае слова ўкладалі…)
Тое, што русы не саманазоў, зразумела, бо гэтая назва не азначае прыналежнасьці да аднаго этнасу – занадта адрозныя па прыродным асяродку пражываньня народы называліся гэтым імем на працягу сваёй гісторыі – ад Кіева да Ноўгараду. Аднак дасёньня яна захавалася толькі ў назове нашае нацыі (рускія – адно вытворнае: прыметнік ад “рус”). І папуляцыя зуброў на тэрыторыі ўсходняе славяншчыны адноўленая менавіта ў нас, таму ня дзіўна, што зубр у сьвядомасьці жыхароў былога СССР стала асацыюецца з Беларусьсю. Ну чым не архетып?
Увязваньне значэньня слова “рус” з рунічным вучэньнем – гэта зусім не сьцьверджаньне, быццам яно было прыўнесенае на нашыя землі нарманамі. Факт існаваньня рунічнай пісьменнасьці ў нашых продкаў да скандынаў-скае экспансіі доказаў ужо не патрабуе. Археалагічныя дадзеныя даюць магчымасьць прасачыць, што руны распаўсюдзіліся па ўсёй Еўропе на пачатку новае эры з паўночна-італійскае тэрыторыі, населенай этрускамі ды венетамі (некаторыя дасьледчыкі, спасылаючыся на корань “рус”, лічаць, што этрускі – таксама славянскае племя). Аднак самае істотнае палягае ў тым, што ў сваім першапачатковым значэньні слова “руна” захавалася толькі ў беларускай (ды яшчэ украінскай) мове.
Сучасным рунолагам этымалогія дадзенага слова зразумелая – яно азначае “рэзаць”, але паходжаньне яго яны ня ведаюць. Гэтае слова захавалася ў ірландскай мове са значэньнем “таямніца”, валійскай – “шэпт” і шатланд-скай – “жэрабя” (у сэнсе “жрэбій”). Усе яны маюць наўпроставае дачыненьне да руналогіі (дакладней, да рунічнай магіі), але зьяўляюцца адно вытворнымі ад першапачатковага значэньня. Бліжэй да яго ўсходнеславянскае слова “рана”. Існуюць рэкі з назвай Руна (адна з іх упадае ў Верхняволжскія азёры на мяжы Цьвярской і Наўгародскай вобласьцяў Расіі), але этымалогія тых гідронімаў рускім незразумелая.
Каб высьветліць гэтае пытаньне, неабходна зразумець першародную магіч-ную сутнасьць рунаў.
Руны адкрыліся Одзіну пасьля дзевяцідзённага самаахвярнага ўкрыжаваньня на Сусьветным дрэве Ігдрасыль. Такім чынам яны – не прыдумка чалавечага “вума”, але і не выключная адметнасьць боскага “розуму”. Гэта маргінальная зьява, што існуе на памежжы чалавечага і боскіх сьветаў і зьяўляецца адным са сродкаў камунікацыі паміж багамі і людзьмі, а таму іх выявы і значэньне – рэчы аб’ектыўныя. А значыцца на эрыля – майстра рунаў – кладзецца вялікая адказнасьць: ён уваходзіць у наўпроставы кантакт з вышэйшымі сіламі, і таму ягоная памылка можа прывесьці да сумных і незваротных наступстваў. У тым, што рэакцыя на дзеяньні эрыля адбудзецца абавязкова, раней ні ў кога сумненьняў не выклікала.
Дзейнічаў эрыль наступным чынам: падрыхтоўваў дошчачку белага плоднага дрэва, рэзаў на ёй выяву рунаў магічнае формулы, пасьля чаго зафарбоўваў парэзы ўласнай крывёю (наш сьцяг вельмі нагадвае рунічны стаў з выявай руны : I :). Іншымі словамі, эрыль наносіў самаахвярнаму дрэву рытуальную рану, засяваў яе ўласнай душою, што, як вядома, месьціцца ў крыві, і яму заставалася толькі чакаць непазьбежнай рэакцыі з боку багоў. Гэта – поўны адпаведнік дзеяньням аратага, які наносіць самаахвярнае зямлі рытуальную рану, засявае яе зернем жыта, пасьля чаго яму застаецца толькі прычакаць ураджаю.
Такім чынам “руна” і нашая “рунь” – гэта адно і тое ж слова.
Вернемся ж да нарманскае вайсковае экспансіі, якой ёсьць яскравы адпаведнік у позьнім сярэднявеччы і новым часе – швейцарскія гвардзейцы-найміты пры дварах усіх уладароў Еўропы, у тым ліку і ў ВКЛ. Прычына таму добра вядомая: у горнай Швейцарыі мала прыдатных дзеля сельскае гаспадаркі земляў, а таму шматдзетны бацька мог забясьпечыць будучыню толькі старэйшаму сыну, якому перадаваў у спадчыну ўсю маёмасьць. Максімум, чым ён мог забясьпечыць астатніх сыноў – зброяй. Не знаходзячы ўжытку для свайго патэнцыялу на радзіме, такія “шэвалье” былі вымушаны аб’ядноўвацца ў атрады і прадаваць свае прафесійныя вайсковыя паслугі. Нешта падобнае адбывалася на паўтысячы гадоў раней у Скандынавіі, слыннай сваімі скалістымі берагамі, ф’ёрдамі і бязмежнымі лясамі, што былі канчаткова вынішчаныя толькі ў XVI-XVII стст. (выспа Готланд хоць чымсьці і нагадвае заходнюю Беларусь па клімаце і краявідзе, але таксама мае абмежаваную плошчу).
Неабцяжараныя клопатам пра маёмасьць, вольныя нарманы перасякалі мора на сваіх лоддзях, заклапочаныя пошукам той самай маёмасьці-багацьця. Але што тады лічылася крытэрам багацьця, бо “[германцы] не апантаныя страсьцю да валоданьня каштоўнымі металамі (Тацыт)”? Узгадаем Ірландскі эпас “Voyage of Bran”: усё дзеяньне адбываецца вакол змаганьня за пародзістых бычкоў і каровіных статкаў дзеля далейшага паляпшэньня пароды. Да таго ж самая першая руна ўсіх футаркаў : : (Fehu), што азначае менавіта “багацьце” і “жыцьцёвую сілу”, перакладаецца як “быдла”.
Але шмат быдла на лоддзях не вывязеш. Дый доўга рабаваць беспакарана мясцовае насельніцтва нельга – давядзецца бараніцца ад непазьбежнае помсты. Таму нарманы вымушаныя былі ўсталёўвацца на захопленых тэры ючы абарончыя ўмацаваныя цэнтры каланізацыі (цалкам магчыма, што гэта былі першыя гарады на нашых землях, і тутэйшыя пачалі ўмацоўваць свае паселішчы толькі ў адказ на дзеяньні захопнікаў), абіраючы дзеля гэтага стратэгічнага значэньня мясьціны – марскія пратокі, вусьці рэкаў, парогі.
Паколькі нарманы былі на той час адзінымі прафесійнымі вайскоўцамі на ўсходне-славянскіх землях, у хуткім часе іх пачала выкарыстоўваць мясцовая арыстакратыя ў сваёй міжусобнай барацьбе за ўладу. Так правадыры нарманаў сталі князямі з уласным рэгулярным войскам-дружынай, так пачала фармавацца будучая шляхецкая каста на землях русаў.
Першымі нарманы пачалі пераходзіць і ў хрысьціянства: дакладна вядома, што ўжо за сынам Рурыка кіеўскім князем Ігарам частку дружыны складалі хрысьціяне, а ў Кіеве ў 940-х гадах існавала царква, прыхаджанамі якой яны зьяўляліся. У выніку гэта паспрыяла сацыяльна-палітычнай рэвалюцыі, што адбылася на Русі ў канцы I – пачатку II тысячагоддзяў. У тым, што гэты працэс закрануў у першую чаргу ўсход і поўдзень Беларусі – нічога дзіўнага, бо землі ўздоўж Дняпра, Дзьвіны і Прыпяці – галоўных транспартных магістраляў – з дагістарычных часоў вызначаліся найбольш прагрэсіўным насельніцтвам.
Полацкія крывічы-русы, абяскроўленыя ў пастаяннай барацьбе за аб’яднаньне ўсходнеславянскіх земляў з русамі кіеўскімі і наўгародскімі, саступілі вядучую ролю ў будаўніцтве будучай Беларусі і фармаваньні беларускай нацыі крывічам наваградскім.
Росквіт Наваградка і Вялікага княства Літоўскага справакаваў князь Міндоўг: дзеля атрыманьня з рук папы каралеўскае кароны ён мусіў зрабіць подзьвіг на карысьць касьцёлу – хрысьціў агнём і мячом крывічоў-літву, чым вывеў на гістарычную арэну Беларусі новы этнас (полацкія крывічы-русы сыйшлі ў глухую апазіцыю). Адзначым, што шляхта ліцьвінаў ніколі не спасылалася на скандынаўскае паходжаньне. У перыяд максімальнага ідэалагічнага імперскага ціску з боку Польшчы была апублікаваная версія аб рымскім паходжаньні ліцьвінаў (“Хроніка Быхаўца”). Пры ўсёй фантастычнасьці аповеду пра ўцёкі патрыцыя Палямона з сямействам ад Нерона, заканчэньне ягонага марскога падарожжа выглядае зусім рэальна. Цалкам верагодна, што сьвятарская славянская арыстакратыя з выспы Руян магла лічыць сябе правапераемніцай традыцыяў Вялікага Рыму і ў ідэалагічных мэтах выводзіць свой род ад рымскіх пантыфікаў-патрыцыяў. Іх двухсотгадовае змаганьне з хрысьціянамі скончылася канчатковай паразай у 1169 годзе. За год да гэтага па загадзе біскупа Абсалона былі падсечаныя ногі куміра Ругевіта ў горадзе Караніца, пасьля чаго біскуп Сьвен праехаўся па горадзе верхам на ськінутым бажастве. Ён жа зьнішчыў куміры Парэвіта і Парэнуча. 15 чэрвеня наступнага году Абсалон апаганіў і разрабаваў храм Сьвентавіта-Белабога на мысе Аркона, а сам кумір быў зьнішчаны. Натуральна, што ацалелыя арыстакраты вымушаныя былі ўцякаць з выспы, і шлях іх быў прадвызначаны: на захадзе знаходзілася хрысьціянізаваная Данія, на ўсходзе – пакуль што вольная Прусія-Ульмерыгія. Там менавіта яны маглі стварыць капішча ў Ромаве (а гэта значыць, што правадыром руянцаў быў абожаны пасьля сьмерці Крыві). Выціснутыя з Прусіі рыцарамі-тэўтонамі яны пайшлі далей – у Панямоньне.
На карысьць гэтай версіі кажуць славянскія імёны Вялікіх князёў ВКЛ (з дапамогай летувіскай мовы іх паходжаньне патлумачыць нельга). Напрыклад, імёны Віцень і Вітаўт паходзяць ад кораня “віт” – мудрасьць, складовай часткі імёнаў шматлікіх бостваў з Руяна (Сьвентавіт, Ругэвіт, Парэвіт і інш.), Ягайла – ад “яга” – пярэварацень (адсюль баба-яга). Да таго ж, родапачынальнік самага слыннага шляхецкага роду ВКЛ князёў Радзівілаў Войшунд быў нашчадкам знакамітага сына крыві-крывіча вайдэлота Лідзейкі. Такім чынам увядзеньне сармацкага стылю ўбраньня, прыўнесенага польскай шляхтай, якая, у адрозьненьне ад нашай, мела на поўдні пастаянныя сутычкі з туркамі і мусіла шукаць у адказ адпаведнае ідэалогіі, для шляхты ВКЛ было ня болей, чым даніна модзе (Радзівілы, хоць і фундавалі Слуцкую мануфактуру па вытворчасьці “персідскіх” пасоў, сваіх продкаў, як бачым, стэпавымі качэўнікамі не лічылі, а Сымон Будны ўважаў Радзівілаў за прадстаўнікоў народу “славного языка славянъского”).
Сотні гадоў ідэалагічнага супрацьстаяньня паміж літоўскай і польскай шляхтай прывялі ў выніку да аслабленьня нашай (яшчэ і з-за зьнішчальных войнаў з Масковіяй) і да стварэньня дзяржавы-зьвязу Рэчы Паспалітай. Пасьля беларускія землі былі акупаваныя Расійскай імперыяй. Крыху больш за сто гадоў гэтае акупацыі былі прасякнутыя няспыннай узброенай барацьбой шляхты супраць агрэсараў. Раз за разам з упартасьцю, вартай часам лепшага ўжытку, ліцьвіны з “сармацкімі” турэцкімі шаблямі кідаліся на гарматы непараўнальна пераўзыходзячых колькасна рэгулярных расійскіх войскаў, у выніку чаго шляхта была вынішчаная фізічна, адпраўленая ў Сібір, зьехала на эміграцыю альбо перабралася ў гарады, страціўшы, згодна Статуту Вялікага княства Літоўскага, свой прывілеяваны статус. Такім чынам беларускае грамадства, страціўшы сваю арыстакратыю, страціла і сацыяльную структуру – засталіся, па вялікім рахунку, толькі дзьве апошнія касты, якія зусім ня мелі і не маглі мець дзяржавастваральных традыцыяў. Нягледзячы на адчайны супраціў амаль усіх этнасаў (сярод татараў найбольш яскравы прыклад – генерал Булак-Балаховіч, які напачатку зрабіў дзеля незалежнасьці Эстоніі столькі ж, колькі генерал Манергейм – дзеля Фінляндыі, а потым аказаў магутнейшы супраціў Чырвонаму войску Троцкага, аднак ня быў падтрыманы іншымі беларускімі дзеячамі за тое, што аддаваў перавагу каню ды шаблі, а ня круглым сталам перамоваў па ўтварэньні аб’яднанай антыбальшавісцкай кааліцыі і падзеле грантаў на ўтрыманьне яе кіраўніцтва: цікава, што яшчэ можна было чакаць ад татарына, які нарэшце адчуў сябе ў сваёй стыхіі?), беларусы так і ня здолелі пасьля зьнішчэньня Расійскай імперыі супрацьстаяць агрэсіі бальшавікоў. Пасьля стварэньня БССР ліцьвінская шляхта сыйшла ў глухую апазіцыю.
На заключным этапе будаўніцтва разьвітога сацыялізму ў БССР вядучую ролю па стварэньні дзяржавы і ўмацаваньні беларускае нацыі бяс­спрэчна адыгрывалі дрыгавічы-палешукі. У гэтым няцяжка пераканацца, прасачыўшы, напрыклад, этнічнае паходжаньне кіраўнікоў дзяржавы і галоўных рэдактараў перыядычных выданьняў тых часоў. Пасьля ўтварэньня незалежнай Рэспублікі Беларусь, у якой пануючую ролю адыгрываюць радзімічы, палешукі сышлі ў апазіцыю, у чым няцяжка пераканацца, прасачыўшы этнічнае паходжаньне галоўных рэдактараў незалежных выданьняў і кіраўні­коў апазіцыйных партыяў.
Такім чынам, мы зьяўляемся сьведкамі працэсу канчатковага ўтварэньня беларускае нацыі, вядучую ролю ў якім на розных этапах гістарычнага разьвіцьця і ў розных сацыяльна-палітычных умовах у залежнасьці ад свайго менталітэту і сьветапогляду па чарзе адыгрывалі практычна ўсе асноўныя беларускія этнасы. У тым жа, што ў сёньняшніх умовах гэтую ролю ўзялі на сябе менавіта радзімічы, нічога дзіўнага няма – гэтае племя тысячу гадоў таму ўдзельнічала ледзьве не ва ўсіх паходах Полацка на Кіеў і ледзьве не ва ўсіх паходах Кіева на Полацак.
Адсюль палягае і стракатая разнастайнасьць палітычнае карціны і куль жыцьця сучаснай Беларусі. Калі ўзмацняецца ідэалагічны націск з боку радзімічаў і сітуацыя здаецца крытычнай, аднымі з першых здаюцца беларускія габрэі, якія пачынаюць казаць пра тое, што Беларусь будзе канчаткова ператвораная ў расійскі анклаў... Беларусы-дрыгавічы пачынаюць змагацца, і як сапраўдныя палешукі знаходзяць сабе ў тым змаганьні ўсе магчымыя выгоды. Беларусы-татары пачынаюць аднаўляць мячэты і вучыць Каран. А беларусы-ліцьвіны, з захапленьнем паглядаючы на крывыя сармацкія шаблі сваіх продкаў у музейных вітрынах, пакуль толькі назіраюць за валтузьнёй з “саюзнай дзяржавай”, прыгаворваючы: “А ні халеры ў іх ня выйдзе…”
І тым ня менш усе разам яны – ствараюць Беларусь.