12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Галіна Багданава

_____________________
Дуэт.
Мастацтва

Нараджэньне Васюковай Венеры.

— Венеры-Тамары, — скажуць тыя, хто іх ведае.
— Васючыхі, — удакладнілі б, калі б засталіся яны жыць на Палесьсі.
— Тамары Янаўны, — сьветла ўздыхнуць тыя, каго яна вучыла і вучыць мастацтву керамікі ў Беларускім універсітэце культуры.
...Як у хвіліны пяшчоты называе яе Валодзя спытаць не рашылася.
Кожны мужчына люляе ў думках і мроях сваю Венеру. У эпоху Раньняга Адраджэньня італьянцу Батычэлі “Нараджэньне Венеры” убачылася ў спакусьліва-ўзьнёслым уздыху імклівых марскіх хваляў. Венера, зрэшты, паводле легенды, так і нарадзілася. Было гэта даўным-даўно, яшчэ ў дагістарычную эпоху, калі неба толькі-толькі аддзялілася ад зямлі. Калі стыхіі абагаўляліся, а богі ачалавечва­ліся. І ў тую самую, асьвечаную міфамі богатворную пару, шмат тысячагоддзяў да нашай эры ў розных кутках нашай планеты безыменныя мастакі, не згаворваючыся, пачалі выразаць з косьці і ляпіць з гліны бястварых аголеных дзяўчын, акцэнтуючы ў іх тыя часткі цела, якія найперш адказваюць за працяг роду. Пазьней археолагі назвалі іх Венерамі. Спачатку чалавек пераўвасобіў жывёлу, потым – жанчыну, а ужо значна пазьней сябе самога, мужчыну — мастака і паляўнічага. У кожнага племені быў свой ідэал. Венера з Вілендорфу – быццам налітая сокам, круглявая, ды што там, па нашым мерках, тоўстая. Венеры з Елісеевічаў больш грацыёзныя і пластычныя... Ідэал прыгажосьці быў для першабытнага чалавека знакам плоднасьці, знакам урадлівасьці, знакам жыцьця.
Яшчэ ня так даўно, напрыканцы XX стагоддзя абарыгены аднаго з астравоў у Ціхім акіяне ляпілі такія фігуркі з гліны і клалі іх на ўскрайку поля, каб яны, размытыя дажджом, надавалі полю сілы, каб зерне ўрадзіла.
Сёньня Тамара Васюк у сваёй майстэрні чаруе (іншага слова ня зной­дзеш!) над сваёю архаічнаю Венерай, дакладней Венерамі. Венерамі, якія маглі б стаць ня толькі яе, але ж, пэўна, і Валодзіным ідэалам. Хаця ён, Уладзімір Васюк больш вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі ня як выпуск­нік аддзяленьня керамікі, а як выдатны плакатыст, мастак-графік. Васюкі. Тамара і Валодзя. Пры іхнім нават чыста зьнешнім падабенстве (яны –карэнныя палешукі), кожны з іх застаецца яркай творчай індывідуальнасьцю.

Вяртаньне ў будучыню.
...Гэтым творам ня трэба твараў. Яны самі – твары вечнасьці. Разрэзаная напалам шурпатая шкарлупка вялізнага, на паўстала глінянага арэха-формы хавае ў сабе таемны зьмест: са­кавітае ядро, старажытную пасудзіну – гаршчок з завостраным донцам і няроўным, зьедзеным часам, бы толькі з архелагічнага раскопу венчыкам. Але варта прыгледзецца, і ў той пасудзіне бачыш ледзь пазначаныя рэльефам абрысы жаночага цела, няскончаны торс палеалітычнай Венеры са сьлю­дзянымі бліскаўкамі на баку...
А старажытныя карчагі (пасудзіны з шыйкай і вушкамі), форму якіх таксама пераасэнсоўвае Тамара, і зусім падобныя на жаночыя постаці.
Яна, майстар, пяшчотна праводзіць па шыйцы-таліі яшчэ цёплай пасьля абпалу Венеры... І я адчуваю, што гэта ёсьць нешта большае, чым проста жанчына. У гэтай форме няма пустаты. Яна хавае ў сабе рэха ўсёй нашай гісторыі.
На вакне – цэлыя папкі ксерако­-піяў архелагічных знаходак з розных частак сьвету і, вядома ж, найперш з Беларусі. Якія яны ўсе розныя і якія часам падобныя! Недзе глыбока ў гісторыі, на неспазнаным яшчэ, карэнным узроўні і трэба шукаць усім нам ключ да узаемаразуменьня. Дзіўна, чым выразьней “самасьць” вобразу, тым бліжэй ён да “юнгаўскага” калектыўнага падсьвядомага, да архетыпу, які ўспрымаецца намі на ўзроўні падсьвядомасьці.
кажа:
— Архаіка...
І дадае:
— Некаторыя вучоныя сьцьвярджаюць, што XXI стагоддзе будзе стагоддзем архаікі.
Чым жа яна, архаіка, вабіць сучасных мастакоў? Што шукаюць яны ў вобразах, створаных за дзесяткі тысячагоддзяў да іх нараджэньня? Можа быць, ёсьць надзея там, за даляглядам вечнасьці адшукаць найпростыя адказы на вечныя пытаньні? А што, калі нашыя продкі лепш за нас ведалі, што ёсьць космас і што ёсьць чалавек? Чаму так розьняцца мужчына і жанчына?
Рускі філосаф Мікалай Бярдзяеў дакладна вызначыў: “У сьветапарадку мужчынскае і ёсьць пераважна антрапалагічны, чалавечы пачатак, жаночае – пачатак прыроды, касьмічны. Мужчына – праз жанчыну зьвязаны з прыродай, з космасам, па-за жаночым ён быў бы адрэзаны ад душы сьвету, ад маці-зямлі. Жанчына па-за сувязьзю з мужчынскім не была б цалкам чалавекам, у ёй занадта моцная цёмная прыродная стыхія, безасабовая і несьвядомая”.
І калі ўявіць сумесную выставу твораў Тамары і Уладзіміра Васюкоў, то Тамара, яе Венеры, будуць якраз увасабляць натуральную прыродную гармонію, космас, душу сьвету і маці-зямлю. Пустэча, цемра ў глыбіні пасудзіны ці ня ёсьць тая самая цёмная прыродная стыхія? А Уладзімір Васюк пераасэнсоўвае ў вобразах-сімвалах, калі можна так сказаць, сьляды чалавека на гэтай зямлі. Сьляды, якія па­кідае пасьля сябе і кожны з нас па­асобку, і цэлы народ. І ўся нашая цывілізацыя... Чаша, цярновы вянец, рог Рагвалода. Сімвал усеагульны, сімвал хрысьціянскі, сімвал наш...
І ня толькі ва ўласнай творчасьці, але і ў вучнях сваіх – выпускніках аддзяленьня народных рамёстваў Беларускага універсітэту культуры, дзе выкладае Тамара і аддзяленьня рэкламы Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе выкладае Уладзімір, Васюкі, ізноў жа быццам пазначаюць два, здавалася б, супроцьлеглыя накірункі разьвіцьця на­шай культуры.
Выхаванцы Тамары паказваюць кам­пазіцыі з керамікі, дзе ў сучаснай стылістыцы пераасэнсоўваюцца традыцыйныя сьвяты, вобразы язычніцкіх багоў. Яны бачаць у камянях абрысы анёлаў і надаюць крыжам падабенства з людзьмі. Дыпломныя ж праекты, кі­раўніком якіх зьяўляецца Уладзімір, — гэта суперсучасныя, часта выкананыя з дапамогай кампутара, плакаты ці прапановы па афармленьні ўстановаў, крамаў.
Дыпломнікі Тамары і Валодзі Васюкоў заўжды дэманструюць выдатны, бездакорны густ, яны маюць пачуцьцё меры, ведаюць, адчуваюць, што ёсьць гармонія лініяў, колераў, пластыкі. І яшчэ дыпломныя праекты, ля якіх разам са студэнтамі чаравалі Тамара і Валодзя вельмі нашыя, беларускія і адначасова – еўрапейскія. Яны – традыцыя. Яны – сучаснасьць. А значыць – будучыня...

Хутаранка.
Каб увасобіць голас сваёй зямлі, яго спачатку трэба пачуць. Гучней за ўсё зямля нашая прамаўляе на Купальле, тады, калі якраз і зьявілася на сьвет Тамара.
— Я родам з Гомельшчыны, з вёскі Хутаранкі, — расказвае яна і ўслухоўваецца як бы нанова чуе знаёмыя з маленства словы, — Хутар Янкі... Да фанатызму адчуваю сувязь з роднай зямлёю, з дзядамі. Яны былі крыштальна чыстыя людзі... А маці мая з Жураўлёўкі... Чуеце, прыгажосьць, хараство якое ў саміх назвах... Валодзя таксама з Гомельшчыны, з Хойніцкага раё­ну, з пасёлку Леніна... Мы з ім палешукі. Гэтым шмат што сказана...
Дзіўна, (але хай гэта будзе добры знак!), гаворка нашая пачалася не з напаміну пра Чарнобыль, а з успаміну пра аднаго з новых нашых сьвятых – сьвятара з Кармы Іаана Блажэннага.
Тамара нагадала:
— Ён усіх прасіў рабіць толькі дабро. Шанаваць адно аднаго. Толькі так можна ўратаваць сваю душу. Вось якія у нас з Валодзем землякі.
— А маляваць пачалі са школы? – пытаюся.
— Мяне падахвоціў стаць мастаком мой настаўнік матэматыкі – Іван Мартынавіч Харкоў (я скончыла Пясочна-Будскую школу). Ён чарціў на дошцы і тлумачыў, што за кожнай лініяй і геаметрычнай фігурай ёсьць прастора. Дасюль вельмі люблю гэтае слова – Прастора. Ён навучыў мяне бачыць усё аб’ёмна, цэласна.
—Але ж, каб займацца маляваньнем, наколькі памятаю, езьдзіць даводзілася ажно ў Гомель...
— Так, у пяць раніцы ўставала, чатыры кіламетры праз лес да чыгункі, а там – да Гомелю... У Гомелі, як мы казалі “пад купалам князя Паскевіча” займаліся і юныя музыкі, і юныя мастакі. Маім першым настаўнікам у мастацтве быў Валянцін Пятровіч Пакаташкін.
— Вы ж тады былі зусім юнай. Не баяліся адна, цёмначы, праз лес...
— Мама за мяне вельмі хвалявалася. А баба Апанасіха супакойвала: “Ідзі, Ідзі... Я за цябе памалюся”. І, праўда, як усё адно мяне штосьці ахоўвала. Баба Апанасіха, дарэчы, да 99 гадоў дажыла. Адна ў хаце. І з чысьцейшаю памяцьцю. Кажуць, памяць звязана з сумленьнем. Чыстае сумленьне – чыстая памяць.

Сустрэча.
На плоскасьці паралельныя не сустракаюцца. А ў прасторы, у прасторы вялікага гораду, сталіцы, у прасторы Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава, куды Тамара паступала два разы, а Валодзя, ужо з арміі, трэці, — яны сустрэліся. Так трэба было. Трэба было, каб абодва яны трапілі ў майстэрню да цудоўнага мастака і педагога Дубара, які да самазабыцьця любіў пяшчотны, мяккі жывапіс Бялінскага-Бядулі. Ён вучыў слухаць сваю зямлю, пісаць не пэўна ж, добра ведаючы, ды што там, нават адчуваючы кожнага са сваіх вучняў, менавіта настаўнік аднойчы зірнуў на Тому з Валодзем і сказаў:
—А вы пажэніцеся!..
У 2002 годзе Валодзя і Тома адз­начылі трыццаць гадоў сумеснага жыцьця.
Любімы настаўнік, Дубар, дапамог ім, пасьля паступленьня на аддзяленьне керамікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер – Беларускай Акадэміі мастацтваў), уладкавацца мастакамі-афармляльнікамі ў Ле­нінскую (цяпер – Нацыянальную) біб­ліятэку. Валодзя з Томай адпрацавалі там каля сямі гадоў. Дзякуючы таму, што ў іх была майстэрня, ды яшчэ ў цэнтры гораду, нават нараджэньне сына (ён цяпер біёлаг) не спыніла іх самых дзёрзкіх творчых пошукаў.
Тамара, абараніўшы дыплом (гэта былі экстэр’ерныя скульптуры “Дзяды”), пайшла працаваць у эксьперыментальную лабараторыю па жалезнай фурнітуры. А Валодзя захапіўся графі­кай. Пачалі зьяўляцца цэлыя нізкі ягоных плакатаў. Шэксьпір, Колас, Купала, экалагічная тэма... Прычым, экалогія прыроды хвалявала Валодзю гэтаксама востра, як і экалогія душы, выток якой у гістарычнай памяці, культуры, мове свайго народу...
На пачатку 1980-х гадоў імя Ула­дзіміра Васюка мастацвазнаўцы ўпэўнена паставілі ў шэраг самых яркіх асобаў у беларускім плакаце: Захава, Крукоўскі, Стома, Васюк...

Вечны пошук.
— Нам шанцавала на настаўнікаў. У вучылішчы – Дубар, у тэатральна-мастацкім інстытуце – Угрыновіч (гэта ён навучыў мяне гліне), Раманюк. Гэта людзі, што прыцягвалі дабро – і думкамі, і словамі, і памкненьнямі...
Тамара на імгненьне задумалася...
— Але для мяне асабіста сапраўдным адкрыцьцём была сустрэча з выдатнай латышскай керамісткай Олітэ Абалінэ, якая працавала бібліятэкарам, а ў вольны час ляпіла. Калі я ўбачыла яе ўпершыню (ёй было тады 50, мне каля 30), яна уразіла мяне незвычайна. Магутная, цэльная асоба.
Гавару з Тамарай, і лаўлю сябе на думцы: “Зараз гэтаксама захапляюцца ёю самою яе студэнты і студэнткі”. І сьвяты ганчарства ў нас цяпер ладзяць, як і яшчэ ў 1980-ыя ў Латвіі. Мне пашчасьціла быць на адным з такіх сьвятаў у Латгаліі... З конкурсам майстроў, народнымі танцамі, сьпевамі, да якіх далучаліся праз нейкі час і госьці. Можа быць, там, у Латвіі, я ўпершыню адчула, што Майстар, Ганчар – гэта не гісторыя, гэта сучаснасьць і будучыня. Хто ж, як не ганчар, стварае падобна да Бога з гліны новую рэальнасьць?! Цяпер і ў нас, на Беларусі, ладзяць сьвяты ганчароў, і Тамара Васюк там ня толькі шаноўны госьць, але і член журы...
Ня ўсе, нават ганчары, ведаюць, што, калі лепіш, трэба ўмець кіраваць дыханьнем, супыняцца на выдыху. Тамара Васюк вучыць гэтаму тых, хто сёньня прыходзіць да яе ў “Майстар-клас”. Яна вельмі любіць выраз “сапуніся імгненьне!”, значыць, “замры!”, дай угледзецца, палюбавацца.
Для яе, Тамары, гэткім цуд-імгненьнем была сустрэча з Олітэ Абалінэ. Для мяне – выстава габелену і керамікі, што была наладжаная ў 1985 годзе ў Заслаўі. На той час у будынку Спаса-Прэабражэнскай царквы разьмяшчаўся музей. А выставачнай залаю былі сутарэньні і вежа. Уздымаешся па прыступках і, паверх за паверхам, зала за залаю, аглядаеш экспазіцыю. Габелены Галіны Крываблоцкай, Валянціны Бартлавай, кераміка Лявона Панамарэнкі, Тамары Васюк... Былі і яшчэ ўдзельнікі, і яшчэ творы... Але цяпер лягчэй за ўсё згадваюцца яе, Тамарыны кубкі, медалі, увасобленая ў кераміцы пластыка народных строяў і , галоўнае, “Белая”, “Срэбраная”...
Скульптуры, якія так натуральна глядзеліся ў, як быццам сьпецыяльна для іх прыдуманых старажытных ні­шах... У іх, гэтых скульптурах ужо было прадчуваньне вобразаў Еўфрасіньні Полацкай, Барбары Радзівіл, якіх значна пазьней, ужо на мяжы XXI стагоддзя ўвасобіла Тамара Васюк. У іх было прадчуваньне вабных, пластычных торсаў, кожны з якіх – верш, песьня, паэзія... У іх было прадчуваньне і гэтых дзіўных архаічных Венераў, якія доўгі час нікуды за сьцены майстэрні не выходзілі...
Мы гаварылі і незаўважна ад таго, што было створана, перайшлі да таго, што страчана, незваротна страчана. Пайшлі з жыцьця незабытныя В. Угрыновіч і М. Раманюк, ня толькі настаўнікі, шчырыя сябры.
Няма ў Тамары цяпер і майстэрні, якую яна мела на Барысаўскім мастацкім камбінаце (колькі твораў там нарадзілася, колькі разумных думак было запісана па дарозе, у электрычцы, колькі вершаў сплыло пад аднастайныя сьпевы колаў электрычкі!). Да­рэчы, праграму, паводле якой цяпер выкладае,таксама напісала ў дарозе.
І дасюль балюча ўспамінаць: ідзе яна па вуліцы Астроўскага, а насустрач ляцяць накіды, малюнкі, і яна з жахам разумее, што гэта іхнія з Вало­дзем накіды і малюнкі з абрабаванае, разбуранай майстэрні...
Але гэта нішто ў параўнаньні з тым, што Чарнобыль адабраў у палешукоў Бацькаўшчыну...

Выспа.
І тады Тамара стварыла з гліны сваю выспу... Дзіўныя, паліваю расьпісаныя керамічныя кампазіцыі – Востраў На-дзеі.
Я хадзіла па выставе Тамары і Ула­дзіміра Васюкоў у Палацы мастацтва і адчувала, што я блукаю ва ўратаваным мастакамі сьвеце хараства і гармоніі, які не, не зьнікае, а толькі нараджаецца. Бо нават канец ёсьць пачатак новай рэальнасьці.
Яны такія падобныя і такія розныя.
Тамара, жанчына, у нейкім пазасьвядомым адчуваньні прасторы і часу, заглыбляецца ў гісторыю, быццам сама сябе суцяшае: жылі людзі тысячы гадоў да нас і жыць будуць праз тысячы пасьля нас, і Чарнобыль з небясьпечнае плямы ператворыцца ў ледзь заўважную радзімку...
А Валодзя, той не... Той пакутуе ў творах. Вобразы-сны не даюць спакою... Пасьля Чарнобылю ў ягоных графічных аркушах зьявілася нешта ірэальнае. Дастаткова згадаць нізку “Мая малая радзіма”... Тут лінія сьпявае, і лінія плача, і лінія маўчыць...
— Чыстая лінія, як чысты голас, — кажа Тамара, — у Валодзі гэта ёсьць.
І дадае:
— Можа радасьць жыцьця ад дэфіцыту жыцьця?..
Дык вось чаму ёй так хочацца даць шанц нарадзіцца яшчэ адной сваёй Венеры...
...Людзі паглядзяць на яе і Валодзя паглядзіць... І нешта зразумее.
Сапуніся імгненьне!..
Сапуніся...



Ілюстрацыі да артыкулу:



Тамара ВАСЮК


Уладзімір ВАСЮК


Т. Васюк. Купалінка


Т. Васюк. Музыка


У. Васюк. Еўфрасіньня Полацкая