12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Барабаншчыкава

_____________________
Краіна разбуранага купалу

Фрагменты абпаленай фрэскі

1.
Андрэй Таркоўскі ў фільме “Андрэй Рублёў” запыняе нашую ўвагу на тым, як доўга і пакутліва расьпісвае Усьпенскі сабор іканапісец Рублёў. У адрозьненьне ад свайго настаўніка Феафана Грэка ён верыць у моц мастацтва і чалавечага духу. Сабор зруйнавалі татары, і мастак, калі апынуўся ў амярцьвелым, з пакалечанымі фрэскамі храме, дзе замест купалу было неба, з якога падаў сьнег, даў зарок маўчаньня. Ад невыноснага болю разуменьня, што жыцьцё, якое віравала вакол расьпісанага ім сабору, мацнейшае за веліч мастацтва. А людзі, дзеля якіх ён стараўся, — могуць зьнішчыць сьцены разам з фрэскамі…
Пасьля прагляду новых беларускіх фільмаў у мяне зьявілася нясьцерпнае жаданьне замаўчаць, стаць пасьлядоўніцай ісіхазму. Ад невыказнай крыўды за мастацтва Кіно, якое ня можа свабодна разьвівацца ў нашай краіне. Краіне разбуранага купалу…
2.
У краіне разбуранага купалу ўвогуле любяць выдумляць веласіпеды. Мо таму, што праз гэтую дзірку ў столі, як надзьмутыя шары, зьнікаюць ня толькі мінулыя здабыткі кінематографу, а і ўсе больш-менш арыгінальныя ідэі. Таму “веласіпеды” пачынаюць камусьці здавацца чым-сьці неверагодным.
Напрыклад, беларускі рэжысёр А.Яфрэмаў лічыць свой фільм “Павадыр” патрыятычнай акцыяй, адметнасьць якой у тым, што ў карціне зьняліся толькі беларускія акцёры.
Наогул фільм пакідае ўражаньне сваёй “тусоўкі”. І гэта натуральна, бо энергія рэжысёра затрачваецца не на своеасаблівае аўтарскае пасланьне гледачам, а на якасную прэзентацыю творчых здольнасьцяў нашых акцёраў.
У “Павадыры”, жанр якога вызначаецца як меладрама з элементамі камедыі, няма ніякіх падтэкстаў і сімвалаў. Сюжэт карціны адсылае гледача да адной з першых гукавых стужак Ч. Чапліна “Агні вялікага гораду”, у якой мілы бадзяга закаханы ў сьляпую прадаўшчыцу кветак. У “Павадыры” таксама ёсьць сьляпая дзяўчына. У хату да яе, скарыстаўшыся хваробай, трапляе малады чалавек, што хаваецца ад перасьледу міліцыі. Вядома, як у кіно, маладыя людзі за­кахаюцца адно ў аднаго, а сьляпая дзяўчына ўрэшце ўбачыць: і ня толькі твар любага (ці пыску сабакі-павадыра), але і “агні вялікага гораду” – калядны маскарад з фейерверкам.
Прыгажуня В. Арланава іграе сваю гераіню беражліва, баючыся быць сьмешнай, непрыгожай, непрывабнай у пэўных эпізодах карці­ны (яна ж – сьляпая!) Вельмі бераж­ліва ставіцца да актрысы аператар А.Рудзь, выбіраючы самыя выйгрышныя для яе лялечнай прыгажосьці ракурсы. На жаль, гэта робіць актрысу надзвычай халоднай, статычнай, эмацыянальна нерухомай. Але ж яе гераіня – творчы чалавек (працавала мадэльерам), асоба думаючая (прынамсі, гераіня Арланавай лічыць сваю сьлепату – па-караньнем за тое, што жыла бесклапотна). Відавочна, што актрыса не імкнулася распрацаваць, дадумаць, перажыць сваю ролю больш глыбока. Па-сутнасьці, праца над роляй заключалася для яе толькі ў імітацыі паводзінаў сьляпой жанчыны, у штучным прадстаўленьні ча­лавечай кволасьці, безабароннасьці, немачы.
А вось акцёр П. Юрчанкоў-малодшы – поўная супрацьлегласьць Арланавай. Ён не баіцца быць непрыгожым, нязграбным у кадры, нават дазволіў сабе зьняцца голым. Відавочна, што Юрчанкоў-мал. імкнецца ў нечым пераймаць Чапліна: наш акцёр ні на хвіліну не перастае блазнаваць у кад­ры. Таму сцэны, зьнятыя з ім у турме, у кватэры, у двары дома (у апошняй разам з Юрчанковым акцёр В.Манаеў, рэжысёр С.Колбышаў разыгрываюць вясёлую п’янку) напоўнены тонкім гумарам (г. зн. элементамі камедыі).

Прэм’ернаму паказу дэбютнай карціны беларускага рэжысёра І. Паў-лава (дарэчы, выпускніка майстэрні А. Яфрэмава) папярэднічала іншая рэкламная “фішка”. У “Сьвежаніне з салютам” беларускія акцёры іграюць толькі на беларускай мове.
Некалі падчас свайго наведваньня нацыянальнай кінастудыі “Беларусь­фільм” А. Лукашэнка зазначаў, што бы­ло б пажадана, каб у нашых філь­мах здымаліся беларускія артысты і гучала родная мова. У гэтым сэнсе на экраны краіны выйшаў сапраўды заказны фільм. Вясёлая, забаўляльная стужка пра тое, як вясковыя мужыкі-дзівакі Язэп (Я. Лявонцьеў) і Сьцяпан (Г. Аўсяньнікаў) спрабавалі забіць сьвіньню на закусь для вясельля. (А што яшчэ трэба нашаму народу: шкварка ды чарка!?) Аўтар сцэнарыю С. Даві­довіч аздобіў твор так званым народным гумарам, жарцікамі, стварыўшы своеасаблівы беларускі варыянт “Но­чы перад Калядамі”. Экранныя гумарэскі з вясковага жыцьця (“паляваньне” на сьвіньню, пераапрананьне Язэпа ў сьвятара, каб вянчаць закаханых, вясельле) пастаўлены таленавітым рэ­жысёрам. І ўсё ж І. Паўлаву не хапіла вопыту, каб зьняць цэласную, дынамічную поўнаметражную кар­ціну (па гэтым сцэнарыі атрымалася б цу­доўная кароткаметражная стужка). Апроч таго, фальклор, прыгожыя народныя касьцюмы, у якія часам за­шмат апранутыя галоўныя персанажы фільма, не зрабілі карціну сапраўды беларускай…
Памятаю, пасьля надрукаваных у “ЛіМе” маіх уражаньняў ад стужкі, стваральнікі фільма, пакрыўджаныя нататкай, тэлефанавалі ў рэдакцыю. Маўляў, як так: у газеце творчай інтэлігенцыі і супраць беларускай мовы?!
Але ж размова ішла не пра тое... Недасканаласьць фільма не прыхаваеш выкарыстаньнем у ім роднай мо-вы. Тут, як кажуць, без каментароў…


3.
Разбураны купал зьяўляецца ў кадры новага беларускага фільма “Эскіз на маніторы” (“Госьці”). Вучань В. Турава рэжысёр Р. Зголіч, які нарэшце атрымаў магчымасьць зьняць дэбютную карціну, выводзіць на першы план Пісьменьніка (яго іграе таленавіты купалаўскі акцёр А. Малчанаў), у фантазіі якога разыгрываюцца выдуманыя чалавечыя лёсы, аб’яднаныя пошукам Мужчынам і Жанчынай узаемапаразуменьня, любові, вернасьці. Пісьменьнік, накід-ваючы свой эскіз на маніторы, імк-нецца трапіць у прастору жыцьця кожнага свайго персанажу – “госьця” яго творчай майстэрні.
На жаль, беларускае кіно апошняга часу вызначаецца няўменьнем разважаць, філасофстваваць, думаць. А ў “Эскізы на маніторы”, зробленым на аснове арыгінальнага драматургічнага матэрыялу, узьнікае цікавы персанаж з глыбокім унутраным сьветам, які спрабуе зразумець сэнс жыцьця і чалавечых адносінаў. Акрамя гэтага ў фільме пануе асаблівая містычная атмасфера, якая і можа ўзьнікнуць, калі Пісьменьнік нешта выдумляе ў пахмурны восеньскі дзень. Бо, што сапраўды ўдалося стваральнікам фільма, дык гэта перадаць таямнічае, няўлоўнае імгненьне ўзьнікненьня іншай рэчаіснасьці ў фантазіі творцы. Адзін з запамінальных кадраў “Эскізу на мані­торы” – постаць Пісьменьніка, які сядзіць на стадыёне пад жалезным купалам, абцягнутым рызьзём. Адчуваньне безабароннасьці перад Жыцьцём і Мастацтвам сапраўды ўзрушвае…


4.
У кнізе Эклезіясту сказана: “Бывае нешта, пра што кажуць: “глядзі, вось гэта новае”; але гэта было ўжо ў стагоддзях, якія былі раней за нас”. Вось і рэжысёр Р. Зголіч быў упэўнены, што ягоная карціна – гэта нешта зусім новае ў кінамастацтве. Але італьянская карціна “81/2” Феліні, зьнятая пра рэжысёра, які ня ведае, што за карціну ён хоча паставіць, фільмы французскай “новай хвалі” хаця і засталіся ў мінулым стагоддзі, але людзі яшчэ памятаюць пра іх. Таму незвычайныя мантажныя стыкі – рыбіны, якая хапае паветра, побач са стомленымі тварамі людзей – падаліся ўсім стваральнікам “Эскізу на маніторы” акрамя рэжысёра непатрэбнымі, а рэ­жысёру-пастаноўшчыку (сёньня фільм існуе ў двух, па-рознаму змантаваных, копіях) – наватарскімі…У афіцыйнай копіі “Эскізу на маніторы”, якая мо калі-небудзь будзе дэманстравацца ў нашых кінатэатрах (пакуль прайшлі толькі закрытыя паказы на “Беларусьфільме”), прозьвішча рэжысёра зьнятае з цітраў…


5.
У краіне разбуранага купалу чамусьці многія лічаць сябе геніяльнымі. Напрыклад, айчынны каляровы часопіс пра кіно перакананы, што ўсе прэм’ерныя стужкі “Беларусьфіль­му” заслугоўваюць увагі (і павагі). Чаму? З якой прычыны? Толькі таму, што яны ўвогуле ў нас робяцца?
Вядомы расійскі акцёр, а цяпер пісьменнік Л. Філатаў расказваў неяк: “Астаф’еў даваў інтэрв’ю перад сьмерцю. І адна журналістка пытаецца ў яго: а як гэта — адчуваць сябе геніем, класікам? Ён адказвае: ну як табе сказаць, дзяўчынка, вядома, гэта прыемна, пырхаеш, лётаеш, а потым прыходзіш дахаты, заходзіш у кабінет, бачыш на паліцах Пушкіна, Гогаля, Талстога, Чэхавага і нейк… супакойваешся.
Слова “супакойваешся” мяне цалкам расплавіла. Карысна ўключаць сябе ў культурны кантэкст. Пішаш – добра. Але не кажы, што майстар. Чаляднік. Нават чаляднік чалядніка…”
А беларускі артыст, які сыграў у “Павадыры” эпізадычную ролю, усур’ёз скардзіцца са старонак адной нашай газеты, што гэтую карціну нідзе не паказваюць, што яна нікому не патрэбная.
Хочацца паўтарыць словы Філатава: часам карысна ўключаць сябе ў культурны кантэкст…


6.
Шкада, што ў свой час гэтага не зрабіў беларускі рэжысёр М. Пташук. Яго фільм “У жніўні 1944…”паводле Багамолава лічаць першым айчынным блокбастэрам. І ў гэта паверыў сам рэжысёр. Праўда, нашчадкі, якія будуць гартаць пажоўклыя старонкі нашых газетаў, хутчэй зацікавяцца бруднаватай гісторыяй здымкаў гэтай кар ціны. Але ці захочацца ім па­глядзець самую стужку М. Пташука, у якой выпадкова адбілася страшэннае аблічча краіны з разбураным купалам?..
Казалі, што рэжысёр М. Пташук узяўся ставіць раман, які немагчыма ўвасобіць у кіно. Нешта накшталт “Майстра і Маргарыты” Булгакава. Але наш рэжысёр паспрабаваў. У выніку аўтар сцэнарыю У. Багамолаў зьняў сваё прозьвішча з цітраў, будучы многім незадаволены ў карціне. “Напэўна кіно – гэта падман. Дзесьці мы нахлусілі. Рэжысёра часам цягнула да Галівуду, да аб’ёмных масавых сцэнаў, супраць чаго рэзка пярэчыў Багамолаў. Ён лічыў, што гэта павінна быць камерная карціна...” — прызнаваўся неяк расійскі акцёр Я. Міронаў.
Сапраўды, падчас прагляду філь-му здавалася, што апынуўся на па-лігоне гульні “Зарніца” вядомай усім савецкім піянерам. Нясьцерпнае адчуваньне ненатуральнасьці дзеяньня (што ваенныя батальёны, тэхніка, якія ўвесь час праскокваюць у кадры, існуюць нібыта па-за сюжэтам, проста як сімвалы ваеннага часу), штучнасьць сасьпенсу, непрыхваная “галівудскасьць” пагоні на ваенных грузавіках, статычнасьць масоўкі, якая глядзіць у камеру, перашкаджалі ўспрымаць усур’ёз тое, што адбываецца на экране. Карціну выратоўвалі толькі адметныя акцёрскія работы Я.Міронава (Алёхін) і У. Галкіна (Таманцаў), якія сыгралі герояў, ужо “здольных існаваць па законах уласных перакананьняў, а не ідэйных установак звыш”.
Цікава, што фільмам М. Пташука быў адкрыты як быццам “новы накірунак у беларускім кіно” (мерка-ваньне чыноўніка Міністэрства культуры РБ). Думаецца, што гэта накірунак у бок зьяўленьня ў нацыянальным кінематографе герояў Дзікага паляваньня. Бо гэтыя СМЕРШаўцы, “ваўкадавы”, “чысьцільшчыкі” жывуць у фільме ў пастаянным пошуку ворага, якога трэба знайсьці і зьнішчыць у неверагодна кароткі тэрмін. Іншага яны ня ведаюць і не павінны ведаць (запамінальны па эмацыянальным узру­шэньні эпізод, калі маладзенькі “чысьцільшчык” Бліноў разрываецца паміж выпадкова сустрэтымі аднапалчанамі – былым бесклапотным жыцьцём — і новымі ўмовамі службы, якія назаўжды будуць патрабаваць ад яго асьцярожнасьці, рызыкі, назіральнасьці за іншымі людзьмі).
Новая беларуская карціна Д. Зайцава “Паміж жыцьцём і сьмерцю” (рабочая назва “Лялька”) распавядае пра агента НКВД, засланага ў школу АБВЕРу. Тут дзеяньне адбываецца таксама ў даваенныя і пасьляваенныя гады на тэрыторыі Заходняй Беларусі (дарэчы, стужка “У жніўні 1944…” лі­чыцца нацыянальнай пераважна па месцы дзеяньня ў карціне). Памятаючы аб “праколах” Пташука, Д. Зайцаў імкнецца да праўдападобнага ўзнаўленьня на экране тагачаснага навакольля, побыту. Нават гераіню на адну з галоўных роляў ён падбірае з тварам, падобным на твары людзей 40-х гадоў мінулага стагоддзя.
Герой новай карціны, несправядліва абвінавачаны “сваімі” ж, савецкі шпіён, робіцца “лялькай”. Жывым манекенам, сьмяротнікам, якога ў мэтах навучаньня павінны знайсьці і зьнішчыць у кароткі тэрмін. Для Зайцава істотна, што яго герой перамагае, адстойвае сваю праўду перад дзяржавай. Фільм пра чалавечую годнасьць. Нездарма рэжысёр выбраў на галоўную ролю расійскага акцёра Я. Сідзі­хіна, з моцным, валявым абліччам…
Я ўпэўненая, што экранныя героі – гэта заўсёды своеасаблівыя знакі часу. У сёньняшнім беларускім кіно іх можна падзяліць на два тыпы – радасныя, бесклапотныя ўладальнікі шкваркі ды чаркі і тыя непрыкметныя “ці то людзі, ці то лялькі”, якія кантралююць першых. Праўда, у новым фільме Д. Зайцава герой пасьпяхова змагаецца за праўду – мабыць, гэта зьяўленне персанажу нейкага новага часу? Альбо таксама паклон у бок Галівуду — “фабрыкі мрояў”?
7.
У краіне разбуранага купалу не любяць асэнсоўваць мінулае. Тым больш – сучаснае. Наш кінематограф у гэтым сэнсе – відовішча беднае, нават слабое.
Неяк па НТБ ішоў рэпартаж з Рыжскай кінастудыі. Сёньня большасьць з яе павільёнаў пераўтварылася ў тэнісныя корты, а дырэктар студыі ня памятае, які фільм глядзеў апошні раз у кінатэатры. Парадаксальна, але, нягледзячы на гэтае бязладдзе, у Латвіі зьяўляецца з майго гле-дзішча цудоўнейшы фільм Я.Стрэйча “Містэрыя старой управы”. Пастаноўшчык вядомай кінастужкі “Тэатр” (якую ў нашай краіне запусьцілі ноччу падчас падліку галасоў у дзень прэзідэнцкіх выбараў), зьмяшчае ў свой новы фільм мноства цікавых тэм. На экране здымаецца фільм (прыём “кіно ў кіно”) пра былога чэкіста, якому не даюць спакойна жыць прывіды закатаваных ім людзей. Рэжысёр цікава асэнсоўвае ня толькі мінулае сваёй краіны – савецкае, паганскае, бо дзеяньне стужкі адбываецца падчас народнага сьвята Ліго, — але і сучаснасьць: на здымачнай пляцоўцы вясёлы гурт “кіношнікаў” забывае расьпятага Хрыста…


8.
Спадабаліся чатыры радкі Л. Фі-латава, прысьвечаныя драматургу Валодзіну:

Какую подлость,
мерзости какие –
Что он такое в мире углядел,
Что тыщу раз видали и другие,
Но только он взглянул –
и поседел.

Як хочацца дачакацца беларускага ігравога фільма, зьнятага чалавекам, які б толькі “зірнуў” на нас і — “пасівеў”!..
9.
Праз разбураны купал даўно падае сьнег. Няма грошай. Няма жаданьня нешта рабіць і ўвогуле жыць. Але падстава дзеля масавай істэрыі заўсёды знойдзецца. Напрыклад, можна паперажываць за новы нацыянальны кінапраект “Беларусьфільма”.
Па традыцыі за фільмам Ю. Ялхова “Легенда пра Анастасію Слуцкую” пацягнулася серыя ўсемагчымых скандалаў і плётак. Адмова здымаць гэтую стужку беларускага рэжысёра-кліпмейкера І. Янкоўскага, які адразу зразумеў, што на пастаноўку якаснага фільма ў нас проста ня хопіць грошай, пакутлівы пошук сярод расійскіх “зорак” актрысы на галоўную ролю Анастасіі (у выніку знайшлі яе “пад носам” – у Купалаўскім тэатры), зьбіраньне адусюль, дзе можна знайсьці, гістарычных касьцюмаў (Ю. Ялхоў нават зьвяртаўся праз газету да беларусаў, каб прыносілі ў кінагрупу розныя гістарычныя рэчы), дыялог стваральнікаў фільма з беларускімі гісторыкамі, якія адмаўляюць сцэнарыю ў гістарычнай праўдзе, здымкі расійскага стрыптызёра Тарзана ў эпізодзе, прыезд на натурныя здымкі ў Смалявічы прэзідэнта РБ А. Лукашэнкі – несумненна, у гэтай карціны яшчэ шмат наперадзе…
Дарэчы, аб нацыянальных кіна-праектах. Новы ўкраінскі фільм Ю.Ільенкі “Малітва пра гетмана Мазепу” быў адзіны з нацыянальных стужак, якому актыўна дапамагла дзяржава. Але пасьля выхаду стужкі на міжнародныя экраны (“Мазепа” ўдзельнічаў у конкурсе Берлінскага кінафестывалю) яго забаранілі “пракатваць” у расійскіх кінатэатрах. Справа ў тым, што фільм пачынаецца са сцэны, дзе Пётр І гвалтуе салдаціка ля магілы Мазепы са словамі: “я табе пакажу незалежнасьць!”
Нацыянальныя праекты бываюць розныя…
10.
На сустрэчы з мінскімі гледачамі польскі рэжысёр К. Занусі шчыра прызнаваўся: сёньня беларускія стуж-кі амаль не трапляюць на міжнародны кінарынак, і ён нічога пра сучаснае беларускае кіно ня ведае…
Я не разумею, чаму ў нашай краіне не жыве кіно. А хутчэй – не прыжываецца як від мастацтва. Ніхто ня ведае, адкуль яно прыходзіць і куды сыхо-дзіць. Беларускае кіно – нябачны дух. Альбо цень, альбо туман. Адчуваньне, што кінематографу ў нас няма – ка-тастрафічнае. Я не разумею чаму, бо з Беларускай акадэміі мастацтваў пастаянна выпускаюцца кінарэжысёры, аператары, а з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры – кінадраматур-гі. Дзе гэтыя людзі, дзе іх задумы?! Вылятаюць праз разбураны купал?