12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Бога і маму ў душы нашу. Вершы

Белы воўк

“Ты — белы воўк”, —
Сказала мне
Да незабыту незабытая,
Якую я
Ні з кім ня зблытаю
Ні пры сьвятле,
Ні пацямне.

Разгублена перапытаў,
Які ён, белы воўк,
Тлумачыла:
“Я шэрага цябе ня бачыла,
Ты белым не сягоньня стаў”.
У прочкі рушыла сама
Самота —
Недаверу хрэсьніца.
“Ты — белы воўк” —
Мая зіма
Чарнапраталінкаю весьніцца...



Каб ня ўкрыўдзіў...

Бога і маму ў душы нашу,
Ступаю па грэшнай зямлі асьцярожна,
Каб толькі не здрыгануць душу,
Звышняга й маму не патрывожыць.

Богам Адзіным душа жыве,
Мама душу дабрыні навучае.
Там па завоблачнай мураве,
Ходзіць журба з мамінымі вачамі.

Зычу хоць подых вясны ледзяшу,
Ясачку яснага досьвітку скрусе.
Бога і маму ў душы нашу,
Каб аніхто іх ня ўкрыўдзіў,
Малюся...



Доля

Маміна паданьне

Здарожаны Бог ішоў палыном,
З сабою ўзяўшы зямную стому.
Бачыць,
А баба белым бліном
Выцірае срачку малому.

А ў тыя часіны ад самай зямлі
На кожнай цыбатай сьцябліне
Багатыя каласы расьлі
І па чарназёме й па гліне.

І ў жменю сьцінуў сьцябліну Бог,
І ўгору павёў рукою.
І долу за коласам колас лёг,
І неспакойна стала спакою.

І голас прарэзаўся з нематы,
І сілу ўзгадала бясьсільле.
З наўкольля ўсяго сабакі й каты
Завылі ды загаласілі.

Абабегчы кожны ўзгорак і лог
Рэху хапіла хвілінаў.
І зьлітаваўся над жывацінамі Бог,
І колас апошні пакінуў.

Ня зважыць той колас бясконцасьць сама —
Ня стане зорных бязьменаў.
На сьцябліне,
Дзе былі каласы нездарма,
Засталося дванаццаць каленаў.

Ці сьпіць цішыня,
Ці прачнецца гром,
Ня мусім забыцца ніколі,
Што мы на гэтым сьвеце жывём
На сабачай
І на кацінай долі...



Ёсьць!

Ёсьць душа і ў вераб’я.
А душа, яна такая,
Што ў яе журба ўцякае
З маладога ручая.

Маладога ад вады,
Перакшчонай Перунамі,
Дзе, парваўшы невады,
Вадзянік з зялёнай Паннай

Глушыць гул млынам віроў,
Змора змроку патакае.
І журба з душы ўцякае
Да зялёных вечароў.

Нельга...

Хрэсьнікі маланак утрапёных —
Думаюць захмарна валуны.
Згорбіліся сьпіны даўніны.
Першасэнс заблытаўся ў імёнах.

Зоры пазіраюць па-зямляцку,
Як на доле зябкавата снам.
Ані валунам, ні перунам
Нельга ісьціну застаць зьнянацку.



Узаемнасьць

Вяршыні падвышаюць вышыню,
А вышыня вяршыням ценіць чолы.
Ноч хоча смутак свой пазычыць дню,
А ўжо сьмяецца досьвітак вясёлы.
Гарыцца нецярпліваму агню
Сагрэць абражаныя сьцюжай долы.
Вяршыні падвышаюць вышыню,
А вышыня вяршыням ценіць чолы.



Прапанова

І я адчуваю: старасьць пілнуе мяне...
Се Лін’юнь, ІІІ ст.

Пакуль саманасьмешнасьці стае,
Калісьці гожую і маладую
Стараюся не заўважаць яе,
Сябе абкрадзенага не шкадую.

Ад крыку першага майго яна
Мяне чакала і сама старэла.
І без віны схмялелая віна
Спаліць спакой мой
Прагла вогнестрэла.

І падпаліла —
Дымам сівізны
Замест рэцэнзіі

Я й мамінай хаты падстрэшша
Слухаем антычны дождж Валянціны Аксак.
Рэха недзе з Элады
І вушацкакрыўскае
Зьліваюць свае пагляды
У адзінае часам разьяднанае
Некалі першачалавекае рэшша,
У якім жывы яшчэ страх
Набіць на ілбе гузак
У дзьвярах вячніны
Аб вушак,
Вычасаны сякераю Перуна
З сухастою,
Дзе застылі зоркі сукоў.
Заадно і мне страхавіта
Пад нервовай ад скразьнякоў
Астравіцянкай страхою.
Адна яна не баіцца,
Прыручальніца крэўнага слова,
Нясьвіжанка валхвіца...



Жывуць!

Пётру Кухарскаму

Жывуць, пакуль іх помняць,
І таму,
Хто іх ня выракся, дапамагаюць
Паганскія багі
І ўсю гурму
Прыкмет і прымхаў
За сабой цягаюць,
Як немаўлят,
Заплеччу ў хатулях
Нясуць,
Гарбацячы ўракліва цені.
Зайздросьліва глядзяць
На іхны шлях
Прыземленыя нашыя трымценьні.
Агонь, вада,
І рунь, і гавяда
Што голас твой падае,
Якога я ўжо ня ўчую,
Калі, муравой
Акрыўшыся з галавой,
Пад соннымі зоркамі
Абначую.



Чакае...

За мной цікавалі і грэх, і брэх.
Сяброў і дарог мне было ўсё мала.
Сябе даганяў я,
Спазьняўся, бег.
А мама мяне чакала.

Мой сум саладзее,
Гарчэе сьмех.
Сяброў забірае дарога глухая.
Сябе не дагнаў я,
Прыстаў мой сьпех.
А мама мяне чакае...