12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Каб на зямлі жыцьцю цяплей было... Вершы

Дажджынкі на рунь неўміручасьці Васіля


Чарга

Рака ўспамінаў ілам заплывае,
Прынесеным імгненьнямі кароткімі.
Ня спыніцца,
Пакуль зямля трывае,
Чарга жывая
На сустрэчу з продкамі.

Ці ёсьць?..

Цікаўнасьць,
Трымаючы ўсё на прыкмеце,
Пытаецца ў вечара з-за сьпіны,
Ці ёсьць у пані Вечнасьці дзеці.
Як ёсьць,
Дык якія і хто яны?


Хатнік

Да валуна ўтрапеньня хінуся,
Зьнямелага ў беспрабуддзі.
Васіль
Быў хатнікам Беларусі.
А хатнікі паміраюць,
Як людзі…


Журботна…

Няшчадны лёс
Дамалаціў гадоў калосьсе,
Каб словазерні прарасьлі ў вякі.
І там над Васілём
Журботна занялося
Сузор’е зьвечарэлых хат –
Бычкі…


Зязюлька

З бароў вушацкіх,
Што зрабілі лядамі,
Апошняя зязюлька баравая
Над братам убіваецца, кукуе.
Прыбітая і горам, і спагадамі
Як толькі шчырая душа трывае.
Анёле крэўнасьці,
Падай руку ёй…


Паднявольніца

Лёс кроіць бохан скупымі акрайцамі.
Жыцьцё,
Выкрадаючы ў вечнасьці дні,
Прыземіць клапотамі ўпарта стараецца
Душу –
Паднявольніцу вышыні.


Пяцізоркавасьць

Гарох гаркоты,
Боб спакоры пералушчаны.
Гул выкрыкаў адгуў,
Шал выбрыкаў адбрыкаў.
Пяць зорак каньяку
Упартай Беларушчыны –
Купала, Багдановіч, Колас,
Караткевіч, Быкаў.


Каб сагрэцца…

Сьвітаньне і зьмярканьне
Хмураць бровы.
Аб лоб нябёс
Пытаньне хмарай трэцца,
Ці гэта людзі –
Маладыя дровы,
Якія вечнасьць паліць,
Каб сагрэцца?


Застацца…

Пражыць сваё ў жыцьці –
Адказнае мастацтва:
Адкуль прыйшоў,
Пайсьці,
А на зямлі застацца.


Настрой

Дрэва ростані абрастае карой.
У хаце чаканьня імшэюць сьцены.
Адвячорак,
Як Васілёў настрой, –
Руплівы, мройліва задуменны.

Як і ў Бычках…

Бараніць Радзіму на радзіме.
Гадаваць журбу сваю ў выгнаньні.
І вітаць, як і ў Бычках, у Рыме
Лістападаўскае ліставаньне…


Вачыста…

Абыйшла душа мясьціны ўсе,
Дзе пакутавала, дзе трывала,
Дзе сабе шчымлівасьць даравала,
Кволы сум даверыўшы красе.
За душой вачыста сорак дзён
Сьлед у сьлед ступаў вячысты кон…


Выдых

Дзень параіць небасхілу вырасьці.
Прыцемак адскібіць хмары скрыль.
Вырвецца з грудзей самотнай шчырасьці
Выдых –
Выбух роспачы:
Васіль…


Дзякаваць…

Бог, Мама, Васіль –
Трыкірый,
Трохзор’е,
Тры ксты
Жагнаюцца й душою шчырай
Нябёсам дзякуюць
За воблачка мілаты…


Не зазелянеюць…

Ня стомяцца маладыя вякі
Трымаць нябыт
У жыцьця ў палоне.
Ніколі не зазелянеюць цьвікі,
Якія ўпіліся ў Хрыстовы далоні…


Засталася…

Нечысьць на зямлю бяду наклікала.
Перагарадзіла белы дзень гара.
Засталася Беларусь бяз Быкава
Беднай хатай
Без гаспадара…


Туды вярнуцца, дзе снам нямулка…


А там?

Вось і восень у нашых краёх.
(А якая там паравіна?)
Мох зязюльчын
Рэху пад ногі лёг.
Дрэмле лог.
Ня сьпіць баравіна.

На глухіх ад бур’яноў хутарох
Расьцьвітаюць катовы мудкі –
Краскі ціхія.
Памяці на парог
Асьцярожна ступаюць смуткі.

І дзядоўнік
У нерашучасьці за сьпіной
Зацьвітае як жывасільлю.
Ветравеі,
Глынуўшы вады азярной,
Вучацца вымаўляць:
Ва – сі – лю…


Ня верыш

Канец жыцьця пачатак паўтарае:
Які прыйшоў,
Такі ты й адыходзіш.
Табе адна маркота патурае.
Каўшу з гаркотаю
Ня скажаш: годзе ж!

Час б’ецца,
Як падлетак-недаперыш,
З гнязьдзечка выпаўшы
На недакосы.
Што ты зьнікаеш,
Сам сабе ня верыш
Няпэўны, як туман,
Як вецер босы…


Адышлі…

Адышлі маладыя дні,
Спадзяваньні з сабой забралі.
Шчырымі засталіся сябрамі
Нябожчыкі.
І ў памяці,
Як у бульбяной яме,
Пабольшала
Пустой глыбіні.
І толькі ўсьмешка не пастарэла ані.
І пралегла
Лініяй лёсу сьцежка
У дамавіны на далані…

Мы!

Пакуль мы ўсё яшчэ
Сабе належым,
І самі
На зямлі бацькоў пануем,
Пакуль ня б’ем чалом
Суседскім вежам,
Бо вежу Белую сваю шануем,
Пакуль ня душым горла
Думкам сьвежым
І хмарачосы подласьці руйнуем,
І старцамі па сьвеце не начлежым,
І вольных незайздросьліва раўнуем, –
Мы незалежныя!
Пачуй…

Дамінічка шэпча “Ойча наш” –
Вечнасьці пакорыцца ўніятка.
Божа,
Ты пачуй сваё ягнятка,
Просьбу незапыленую ўваж.

У турме жыцьця
Душа ў яе
Звонкая, як раньняя крынічка.
З даланятак
Кволая каплічка
Чысьцінёй да неба дастае.

Слова беларускае знава
Міласьцівіць, першаадкрывае.
Дамінічка –
Краска лугавая.

Не шумі, будзённая трава…


Каб цяплей было…

Цень Волі
І ў пячоры на сьцяне
Хацеў акрэсьліцца й дрыжэў азябла.
Агонь няволі тлеў у зяпе д’ябла.
Гнеў ласкавеў яшчэ пры Перуне.

Цень Волі
Крылы птушак прымяраў,
Каб асланіць бег часу несупынны.
І горы гора прагіналі сьпіны.
І хворы змрок паціху паміраў.

Цень Волі
Днеў і запрашаў сьвятло
Даверыць людству
Позірк свой і подзіў.

Дзень Волі
Рос як пасынак стагоддзяў,
Каб на зямлі
Жыцьцю цяплей было…


Яшчэ…

Туды вярнуцца,
Дзе снам нямулка,
Дзе высакосна цёплым залевам,
Дзе сьпіну не разгінае вулка,
Дзе вуж дагэтуль
Жыве пад хлевам.

Пад неба
Над мамінай хатай выйсьці,
У жаўталісьці
Згубіўшы крокі.
Бо, як сказаў Караткевіч
Калісьці:
Зямля чакае
І вечар яшчэ далёкі…


Трымаем…

Помста места.
Містыка мястэчка.
Весткі вёскі
З голасам сарокі.
Вейкі сонца.
Дамавіны вечка.
Зараніцы позьнія зарокі.
Гэты скарб
Пялегуем і тоім.
І сябе трымаем
Неспакоем…


Просьба
(з Жозэпа Карнэ)

Мама, калі памру я,
Ты пахавай мяне
На кухні, дзе сьмецьце зьмятаюць,
Якое агонь глыне.
Як хто спытае, чаго ты
Плачаш, скажы тады,
Шалела ўначы залева –
Хапіла імжы й вады.

І трэскі так адсырэлі –
Гарэць ня хочуць зусім.
І вочы мне дым выядае,
І дужа ён горкі, дым…


Спаміж
( З Ду Фу)

Калі ж бы літаратура
Хоць трохі мне стала падмогай,

Вызваліла ад службы –
Вечнай пагоняй за хлебам.

Сёньня ж маё становішча
Падобна сваёй трывогай

Да чайкі, якая мітаецца
Спаміж зямлёю і небам.



Коця-браце

Вокам яшчэ не патухлым
Зірнуў на мяне,
Перш чымся яго патушыць,
Міроне!
Магу паскардзіцца
Толькі сваёй віне,
Што я зрабіўся самотнікам
Сёньня…

Ты пайшоў,
Каб сьпяваць Васілю курню
Па-вушацку стрымана і прачула.
Коця-браце,
Адведай усю радню,
Што ў вушацкай зямлі заснула.
Там твой цёзка Мірон,
Што на хутары пасьвіў кароў,
Бацькаў Вурдаль,
Маміна Каця.
А мяне ты пакінуў
Без успомненых вечароў,
Дзе сон з каптура
Мякка скакаў на палаці…

Зьніякавеласьць найшла, нібыта
Запрошаная самой зімой…

Дзякуй за тое, што быў ты,
Апошні спагадца мой!


Repetitio est mater studiorum

Ня ведаю, пра што
Шэпчацца ў моры парусьніку,
З чым трэба таіцца на мытнях
Дыпламатычным валізам.
А вушацкі салавей-запойнік
Паўтарае, каб не забыцца
Слова незразумелае ў парасьніку
Сюррэалізм…


Адна

На прагалістай лесасецы
Яшчэ не заціх
Соснаў паваленых крык.
І на тое адна сасна
Застаецца,
Каб на ёй
Павесіўся маладзік.


Сямейны партрэт

Калі мы разам,
У нас маразм.

Сам

Сам ворага свайго ствары,
Зьляпі яго з калянай гліны.
Вазьмі яго сабе ў сябры
І да апошняе хвіліны
З ім шчыры будзь
І не хітры.

Мець ворага свайго лацьвей.
І на самоце, і ў застольлі
Ён твой крумкач і салавей.
Цябе ён не прадасьць ніколі,
Ты лагадней ці суравей.

Сябры, вядома, да пары.
Наноў ня выдумаеш порах.
Усе бабры сабе дабры.
Калі ты сам сабе ня вораг,
Дык ворага свайго ствары!


Помні!

І гаворачы з быдлаю,
Помні пра Біблію.
І мроючы мрою сьветлую,
Помні пра апраметную.
Рупячыся ў кляцьбе,
Помні і пра сябе.


Доўга

Сьвежую дошку трымаць,
Як малога.
Думаць,
Што новая ляжа падлога.
Чуць шчабятаньне ўнучкі,
Якая
Сябе вярцікруцяю называе.
Доўга зьбіраць яшчэ
Грошы на плату
За дошкі на безваконную хату…

Прашэньне

Калі я адыду, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне.
Засьведчыць крыж,
Што адышоў з імшой
Паганец кшчоны,
Уніят душой.

Крумкач, як чорны плач,
На валуне
Спачне, і значыць,
Памяне мяне.

І стрыж, як крыж здранцьвелы,
Прамільгне,
Цень студзячы ў труне
На самым дне.

Калі я замаўчу, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне…