12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Базылёва

_____________________
Сьляпое сонца. Вершы

* * *
Кляновы ліст.
Ён — восені скрылёк.
З краёчкаў чэрствы:
Ён — палоньнік ветру.
І кожны рух прымаецца на веру.
І кожны ўздых.
Мо, гэта й ёсьць палёт?
Кляновы ліст
апрануты ў агонь.
Палае,
не згарыць аднак дашчэнту.
Чыя рука памкнецца
Да яго?
Чыя душа даверыцца паветру?

* * *
Матыль
У слоіку з-пад мёду
Ратуецца,
Напэўна, хоча
ня чуць, што надыходзіць
Восень,
А можа, кіслае надвор’ е
Падсаладзіць.
Дажджы.
Дажыць
Да абыякавай усьмешкі
Сьляпога сонца
Матылю
Зусім няцяжка.
Шкло — бязьмежжа
Сьцюдзёнае,
А слоік —
Ліпкі.
У мёдзе — крыльцы.
Жыць па звычцы:
Баяцца холаду,
Хавацца ў слоіку
І засынаць...



* * *
Я памятаю
Мітусьлівы
Дождж і мокрых
Галубоў
На падваконьні.
Як словы
Расплыліся
На паперы,
Я памятаю...
Што была
Вясна,
І дождж
Быў цёплы,
З доўгіх
Шэрых нітак.
І я на ганак
Выйшла
Басанож,
Каб прачытаць Сябе
Не на паперы,
Але ў люстэрках.
Мітусьлівы дождж
Ствараў іх
Безьліч
І ўціскаў
у камень,
Зямлю,
Асфальт.
І я ішла
Па небе
І неба разглядала
Над сабой.
Я памятаю...
Ты
Пад парасонам,
У доўгім
Паліто
Дадому бег.
Дажджу баяўся
І саромеўся
Адбітку
Свайго ў люстэрках.
Мне было
спакойна.
І пакамечана
Ўсё для цябе
Было.

Я памятаю
Не цябе
Й мяне,
А мокрых
Галубоў
На падваконьні...


* * *
Ледзь схапіўшыся
За галінкі,
Задрыжэла твая
Павуціна.
Я расой абарвалася
З ніткі.
Сотня шкельцаў —
І ўвесь напамін.
Ноч прыгадвала сьнег —
Церушыла
Вішні. Ноч не спужалася
Пылу
Нечаканага ранку.
Паныла
Боль згадзіўся
Прэч не пайсьці.
Вецер зраніў
Крыло аб галінкі.
І — упала твая
Павуціна.
Вось і новае штосьці
Ў жыцьці нам —
Я пабілася,
Ты сышоў.