12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юры Чарнавусаў

_____________________
Бунт супраць сучаснасьці

Альбо тэрарызм як канфлікт традыцыйнай і мадэрнавай культураў

Сёньня мала якiя праблемы хвалююць сусьветную су­польнасьць гэтак, як тэрарызм. Вытокі тэрарызму ся­гаюць у сівую даўніну, але толькі цяпер, у эпоху глабалі­зацыі, ён стаў феноменам сапраўды агульначалавечага маштабу. На нашых вачах кожны дзень то ў адным, то ў другім кутку сьвету адбываюцца жудасныя ахвярапрынашэньні богу тэрору.
Шмат якiя дасьледчыкi займаюцца класiфiкацыяй падвiдаў тэрарызму i пошукамi ягонай дакладнай дэфiнiцыi. Толькі асноўных вызначэньняў тэрарызму цяпер можна налічыць далёка за сотню, і колькасьць іх павялічваецца. Гэты занятак мала прадуктыўны ў навукова-практычным сэнсе. Мае рацыю Робэрт Лукаба, калі параўноўвае розныя падвіды тэрарызму і ягоныя шматлікія формы з рознымі мутацымі вірусаў. Некаторыя штамы параўнальна бясшкодныя, некаторыя выклікаюць цяжкія захворваньні. Але працэс зьмяненьня аднагоштаму тэрарызму іншым адбываецца так хутка і пад уплывам столькіх фактараў, што справа навуковай класіфікацыі адыходзіць на другі план. Да таго ж, складаецца ўражаньне, што наяўнасьць дзясяткаў падвідаў тэрарызму і залішняя ўвага да пытаньня дэфініцыі толькі ўскладняе дасьледваньне і адводзіць навукоўцаў ад сутнасьці праблемы.
Таму ў якасьці ўводзінаў дазволім сабе адзначыць цяжкасьці, якія перашкаджаюць замацаваць за тэрарызмам нейкае канвенцыйна прынятае вызначэньне, даць яму адназначнае тлумачэньне і класіфікаваць ягоныя праявы і падвіды. Справа ў тым, што на працягу чалавечай гісторыі сам характар тэрарызму зазнаў шмат зьменаў. Маем на ўвазе не прагрэс сродкаў запалохваньня і чалавеказабойства, а менавіта зьмяненьне формаў, у якiх індывіды і групоўкі зьвяртаюцца да такога сьпецыфічнага віду гвалтоўных дзеяньняў. Сапраўды, цяжка правесьці і акрэсьліць выразную і трывалую агульную генеалогію для ўдзельнікаў “Аль-Каіды” і амерыканскага Унабомбера, каманды Патрыцыі Хорст, уругвайскіх тупамарас і перуанскага руху “Сэндэра Люміноса”, беларуса-царазабойцы Ігната Грынявіцкага i рэвалюцыйнага рэжыму якабінцаў у Францыі XVIII стагоддзя, што адкрыта называў сабе рэжымам тэрору. Не ўзгадваючы ўжо пра шматвекавыя традыцыі забойстваў каранаваных асобаў, нізку якіх ужо ў нашыя часы працягваюць чатыры прэзідэнты ЗША, два прэм’еры Індыі і тузiн іншых ачольні-каў дзяржаваў і ўрадаў. Ці існуе паміж усімі гэтымі зьявамі нешта агульнае, акрамя тэрміну “тэрарызм” і выкарыстаньня пэўных метадаў гвалтоўнага ўзьдзеяньня на палітычнае жыцьцё? Цi маем мы справу з рознымi формамi i праявамi аднаго феномену, альбо з прынцыпова рознымi зьявамi? Гэтае пытаньне патрабуе асобнага грунтоўнага дасьледваньня.
Таму ня будзем акцэнтаваць увагу на тым, чым ёсьць тэрарызм, а пацікавімся тым, як паўстае тэрарызм, якія фактары пабуджаюць розных лю­дзей брацца за зброю і ўжываць тэрарыстычныя метады.


Канфлікт культураў

Зразумела, на фармаваньне тэрарызму ўплываюць розныя чыньнiкi: гэта сацыяльна-эканамiчныя i псiхалагiчныя фактары групавога i iндывiдуальнага ўзроўню. Пераважная большасьць дасьледчыкаў вылучае ў якасьці асноўных крыніцаў тэрарызму сацыяльныя перадумовы, а менавіта праблемы грамадскага разьвіцьця і беднасьці, немагчымасьці выказваць сваю незадаволенасьць агульнапрынятымі палітычнымі сродкамі. Безумоўна, кожная з гэтых гіпотэзаў мае пэўную рацыю. Але найбольш прадуктыўным падаецца вылучэньне i дасьледваньне культурных чыньнiкаў, прычым гаворка вядзец­ца ня проста пра палiтычную культуру, а пра культуру ўвогуле. Гэта вынікае з азначэньня культуры як усяго таго, што створанае альбо назапашанае пэўнай чалавечай грамадой. Культура — гэта ўсё, i яна вызначае ўсё.
Цэлы шэраг замежных дасьледчыкаў (М. Вольфганг, Е. Феракуці, Ф. Вес­тыэ, А. Пікіні, С. Бол-Рокач, У. Эрлангер, Дж. О’Конэр) наўпрост зьвязваюць паўставаньне тэрарызму з экспансіяй сучаснай заходняй культуры. Не апошнюю ролю ў гэтым працэсе адводзяць культу гвалту, што, да прыкладу, прапагандуецца мас-медыямі. Сучасны падлетак да шаснаццаці гадоў бачыць па тэлебачаньні столькі брутальнага гвалту (і, між іншым, гвалту лёгкага і бытавога, які выглядае добрым сродкам вырашэньня нават дробных праблемаў), што стаўшы дарослым ён ня можа зрабіць адрозьненьне паміж гвалтам візійным ці ўяўным, і гвалтам рэальным. Прастора гвалту робіцца адзі-най яшчэ і таму, што Бэн Ладэн ці Чарлі Мэнсан (злодзей сапраўдны, рэальны) на тэлевізійным экране анічым не адрозніваюцца, напрыклад, ад Ганібала Лектара ці Доктара Эвіла (злодзея ўяўнага, прыдуманага, створанага мас-культурай). Вядомы біхевіярыст А. Бандура лічыць, што вызначальны ўплыў тут аказвае першасны інстытут сацыялізацыі, якім ёсьць сям’я. Па-першае, гэты інстытут зараз кепска выконвае сваю сацыялізуючую функ-цыю і, аб’ектыўна, знаходзіцца ў заняпадзе, па-другое, бацькі часта міжволі спрыяюць фрустрацыям і, адначасова, гвалту.
Перакананы, што тлумачэньне тэрарызму павінна быць комплексным, паколькі гэты феномен палягае на перакрыжаваньні біялагічных і сацыяльных зьяваў. Таму культурныя тлумачэньні тэрарызму, таксама не бездакорныя, хоць і дазваляюць больш грунтоўна разгледзець праблему.
Лічу, што карані тэрарызму ляжаць у тых супярэчнасьцях, якімі суправаджаецца нераўнамернае распаўсюджаньне ў сьвеце сучаснай культуры, культуры мадэрніці, арыентаванай на зьмены i перманентныя iнавацыi, на “прарыў у будучыню”. Традыцыйная патрыярхальная культура не саступае пад ціскам мадэрніці і спараджае тыя псіхалагічныя ўмовы, што робяць з чалавека тэрарыста. Зыходзячы з гэтай тэзы, паходжаньне сучаснага тэрарызму палягае ў культурных супярэчнасьцях цяперашняй глабальнай цывілізацыі, сусьветнай цывілізацыі, якая перажывае цяжкі працэс пераходу да постмадэрнага стану. Цяжкасьці зьвязаныя з тымі супярэчнасьцямі, якія перашкаджаюць традыцыйнай культуры інтэгравацца ў сусьветныя працэсы глабалізацыі і сістэмнай мадэрнізацыі. Шок ад гэтых супярэчнасьцяў (“футуршок”) фармуе сьпецыфічны псіхалагічны тып чалавека, схільнага да тэрарызму. А ў постмадэрным стане кожны чалавек мае магчымасьць, пры наяўнасьці рэсурсаў, рэалізаваць свае прыхільнасьці. Такая глабальная схема спрыяе выбуху тэрарызму па ўсім сьвеце, які зрабіўся сапраўды глабальнай вёскай – ад жабрака традыцыйнай культуры да пана мадэрніці рукой падаць. І жабрак “падпальвае хату” пана.
Такая агульная схема тлумачэньня тэрарызму.

Выхад на праблемы мадэрнізацыі, асучасніваньня грамадства і культуры можна знайсьці ўжо ў працах Макса Вэбера і Карла Маркса. Потым гэты тэмат разьвіваў Талкот Парсанс і цэлы шэраг прадстаўнікоў гэтак званай “тэорыі мадэрнізацыі” ў 50-70-я гады мінулага стагоддзя. Але ключавая постаць у дасьледваньні праблемнага поля культурнай мадэрнізацыі, асабліва палітыка-культурнай мадэрнізацыі, гэта, безумоўна, Габрыэль Алманд. Ягоныя тэорыі адыгралі істотную ролю ў дасьледваньні праблемаў, з якімі сутыкаецца распаўсюджаньне ў сьвеце мадэрнавай культуры і сучасных сацыяльных інстытутаў.
Росквіт тэорыі мадэрнізацыі прыпадае на 60-я гады. Тады лічылі, што мадэрнізацыя, а разам з ёй і індустрыалізацыя, і дэмакратызацыя, гэта непазьбежны працэс, які няўхільна адбудзецца ў краінах “трэцяга сьвету”. А калі гэты працэс непазьбежны, дык чаму нельга яго крыху падштурхнуць, каб ён ішоў хутчэй? У якасьці прыкладу прыводзіўся выпадак Японіі, якая здолела надзвычай шпарка прайсьці шлях, па якім краіны Еўропы ішлі стагоддзямі. На аснове гэтай думкі рыхтаваліся і выкарыстоўваліся шматлікія праекты паскоранага разьвіцьця лацінаамерыканскіх і афра-азіяцкіх краінаў, разьвіцьця па заходнім ўзоры і пад заходнім кантролем. І менавіта ў гэты час тут разгортваецца эпідэмія тэрарызму, герыльі і нацыянальна-вызвольных рэвалюцыйных рухаў. Тэарэтыкі мадэрнізацыі зьвярталіся першза ўсё да стымуляваньня індустрыалізацыі і эканамічнага разьвіцьця. Са-цыяльна-культурныя асьпекты гэтага напачатку зусім выносіліся за дужкі. Лічылася, што лакаматыў эканамічнага разьвіцьця хутка і непазьбежна вывязе грамадства да росквіту і дэмакратыі, без аніякіх перашкодаў і з мінімальнымі выдаткамі зьмяніўшы традыцыйную культуру на культуру мадэрнавую. Маўляў, заходняя культура мадэрніці прыйдзе аўтаматычна, з першымі вынікамі павелічэньня ВНП і рэцэпцыяй грамадска-палітычных інстытутаў заходняй формы. “Замянiце пальмавыя лiсты на еўрапейскiя нагавiцы — i будзеце як мы, еўрапейцы” — казалi краiнам Афрыкi былыя каланiзатары. Палітычная мадэрнізацыя азначала простую рэцэпцыю заходняга канстытуцыйнага і адміністратыўнага ладу (разьдзяленьне ўладаў, незалежны суд, выбарныя органы ўлады, вяршэнства права) з адначасовым узмацненьнем нацыянальна-дзяржаўнай еднасьці, паслабленьнем кланавасьці і трайбалізму, стымуляцыяй паскоранага фармаваньня грамадзянскай супольнасьці. Замест тэалагічных і патэрналісцкіх рэсурсаў легітымацыя ўлады павінна ажыцьцяўляцца на падставе ідэалагічных і палітычных пазіцыяў грамадскіх групаў шляхам усеагульных выбараў. Мадэрнізацыя ў культурным сэнсе – гэта працэс зьмены культурнай сістэмы на тую, якая зараз існуе на Захадзе, з секулярызацыяй, ліквідацыяй непісьменнасьці, росквітам індывідуалізму, рэлігійнай талерантнасьці, свабоды слова і друку, філасофскім і навуковым плюралізмам. Карацей, гэта праекцыя культурных каштоўнасьцяў Захаду на незаходні сьвет з адначасовай імгненнай рацыяналізацыяй грамадскай сьвядомасьці і зьяўленьнем прагі да інавацыяў. Гэтак было ў тэорыі, і адпаведным чынам ажыццяўлялася палітыка разьвітых краінаў у адносінах да сваіх былых калоніяў.
Але тэорыя мадэрнізацыі на практыцы нідзе не спрацавала так, як гэта планавалі яе аўтары. Культура традыцыйнага грамадства апынулася больш трывалай, чым меркавалі. У лепшым выпадку на яе месцы паўставалi сiмулякры, мадэрнавыя па форме, але выбухова-небясьпечныя па культурным зьмесьце. Шэраг паразаў мадэрнiзатарскiх праектаў (В’етнам, Камбоджа і Інданезія, Іран, шматлікія дзяржавы Афрыкі і Лацінскай Амерыкі) выклікаў увагу да культуралагічных тэорыяў грамадскага i, асаблiва, палiтычнага разьвіцьця. Асноўнай метадалогіяй дасьледваньняў стаў сістэмны структурны функцыяналізм і розныя формы транзіталогіі, тэорыі пераходу да дэмакратыі. Цэнтральнай тэзай сталася канцэпцыя эфектыўнай культурнай дыфузіі і трансьляцыі заходніх культурных каштоўнасьцяў на незаходні сьвет, а зусім ня рост капіталаўкладаньняў і ВНП. У гэтым працэсе вырашальную ролю іграе пазіцыя элітаў пераходных грамадстваў, а зусім не пазіцыя прагных да заходніх матэрыяльных каштоўнасьцяў, але па-ранейшаму традыцыяналісцкіх масаў. Менавіта эліты маюць магчымасьць зьменшыць сацыяльны бунт і незадаволенасьць нацыяў імпартам заходняга ладу жыцьця. Але нават эліты ня могуць прадухіліць дыскамфорт і незадаволенасьць асобнага індывіда.
Нават у краінах Еўропы культура не гамагенная, у ёй існуюць значныя пласты традыцыйных элементаў (якiя паступова iнтэгруюцца ў агульную сучасную культуру) і рацыяналізацыя жыцьця там яшчэ працягваецца. Тым больш гэта справядліва для краінаў, што знаходзяцца ў стане пераходу. Іх культура прадстаўляе сабой кангламерат, выбуховую і непрадказальную сумесь традыцыйных і мадэрнавых эмацыйных установак, фундаментальна розных сьветаўспрымальных схемаў, якiя не паддаюцца ўзаемаўзгадненьню. Розныя этыкі паводзінаў і стратэгіі дзеяньня спараджаюць шматлікія канфлікты. Таму наступ заходняй мадэрнізаванай культуры часта стварае ўмовы дзеля гвалту, ад якога адзін крок да тэрарызму. Сутыкненьне паміж традыцыйнымі і мадэрнавымі сегментамi культуры прыводзіць да таго, што ў пераходным грамадстве аніякая культура не адчувае сябе камфортна. Адпаведна, чалавек ня можа прыстасавацца да нестабільнай сістэмы, інтэгравацца ў сацыяльныя інстытуты, прыняць нейкі сацыяльны статус і мець вызначаную, стабільную сацыяльную ролю. Iндывiд ня можа разабрацца, цi грамадства гуляе па-ранейшых традыцыйных правiлах, цi ўжо прыйшоў час мадэрнiцi i правiлы зьмянiлiся. Але самая вялікая праблема для традыцыйнага чалавека – прызвычаіцца да перманентных і непазьбежных паскораных сацыяльных інавацыяў. Нават грамадствы, якія стагоддзямі жывуць у сучаснасьці, у мадэрніці, пакутуюць ад “футуршока” і зьвязаных з ім стрэсаў.
Дзяржавы з пераходнай культурай таксама маюць амбіцыі на міжнароднай палітычнай арэне. Але справа ўвасабленьня іх у рэчаіснасьць усклад­няецца тым, што барацьба з магутнай цывілізацыяй мадэрнасьці сродкамі, якія маюцца ў цывілізацыі традыцыйнай, зьяўляецца немагчымай. Традыцыйная культура натуральным чынам саступае шлях сучасным тэхналогіям – гэта і ёсьць прагрэс чалавецтва. Традыцыйная дзяржава ня можа адмовіцца ад заходняй тэхналогіі, заходняй навукі, бо гэта значыць сьвядома наканаваць сабе ролю аўтсайдэра і ахвяры. Немагчыма ізалявацца ад сьвету, неабходна далучацца да сусьветнага бегу ў будучыню, да прагрэсу. Але калі дзяржава традыцыйная бярэцца спаборнічаць з дзяржавай мадэрнавай у сферы тэхналогіі – яна альбо зьнемагае і саступае больш моцнаму канкурэнту, робіцца калоніяй, альбо сама скрочвае на шлях паскоранай неарганічнай, негарма-нічнай мадэрнізацыі, павялічваючы ўзровень фрустрацыяў у грамадстве. Гэты ўзровень павялічваецца з-за таго, што немагчыма ўспрыняць прывабныя заходнія “цацкі” (зброя, тэхніка, рэгулярнае войска, навука як вытворчы сродак) без адначасовага пранікненьня культурных каштоўнасьцяў сучаснасьці (капіталізму, інстытутаў дэмакратыі, правоў чалавека, секулярызацыі і рацыяналізацыі ўсіх сфераў жыцьця). Але пранікненьне каштоўнасьцяў ёсьць, а рэцэпцыі саміх зьяваў няма, бо грамадства (больш кансерватыўнае за прагматычныя дзяржаўныя элiты) арыентаванае па-ранейшаму на традыцыю. Соцыюм вестэрнізуецца звонку, на паверхні, а ў глыбіні сасьпявае выбух бунту традыцыйнасьці супраць наступу варожых каштоўнасьцяў і чужынскага ладу жыцьця. Дзяржава фанабэрліва спадзяецца, што здолее прымірыць гэтыя супярэчнасьці і пазьбегнуць выбуху.
Механізм таго, як мадэрнізацыя тэхналогii i матэрыяльнага боку культуры цягне за сабою трансфармацыю ментальнасьці, сацыяльнага i духоўнага быў выдатна адлюстраваны ў разьдзеле фундаметальнай працы А. Тойнбі “Разуменьне гісторыі”, прысьвечаным сацыяльным наступствам кантактаў паміж сучаснымі цывілізацыямі, якiя па культурнай шкале разьдзеленыя стагоддзямi. Напрыклад, стварэньне ў Асманскай Iмперыi, у прыватнасьцi, у Егіпце сучаснага войска (неабходны крок дзеля захаваньня Блiскучай Порты) пацягнула за сабой цэлы шэраг сацыяльных зьменаў: зьявіліся прыклады сучаснай грамадскай медыцыны, у тым ліку мужчыны-акушэры, што супярэчыць мусульманскім традыцыям, шмат замежных сьпецыялістаў, зьмяніўся сацыяльны статус былых арыстакратаў-вайскоўцаў і кавалерыстаў, паўстала рэгулярнае войска з усеагульным вайсковым абавязкам, павялічылася сацыяльная мабільнасьць, паўстаў рабочы клас, зьнiклi некаторыя традыцыi. Неўзабаве ў гэтай краіне зьявіліся такія тэрарыстычныя групоўкі, як “Малады Егіпет” і “Мусульманскае брацтва”, ад рук якіх у 20-40-я гады загінулі некалькі выбітных палітыкаў і чыноўнікаў. Па сёньняшні час мусульманскі тэрарызм у гэтай краіне не здае пазіцыяў. Падобным чынам разгортваліся падзеі і ў Індыі, і ў іншых каланіяльных краінах з больш-менш высокім узроўнем мадэрнізацыі. Безумоўна, тэрарызм быў адной з праяваў руху вызваленьня ў калоніях. Там жа, дзе канфлікт паміж двума сьветаўспрыманьнямі ня быў разгорнуты і радыкалізаваны, нацыянальна-вызвольны рух крочыў збольшага іншым, нетэрарыстычным шляхам, хоць таксама ў гвалтоўнай барацьбе.
Адзначым, што дзяржаўная ўлада амаль паўсюль у сьвеце зьяўляецца адным з асноўных агентаў мадэрнiзацыi. Элiты, якiя з-за асабiстых жаданьняў iмкнуцца да заходняга ўзроўню жыцьця i заходняга ўзроўню дзяржаўнае магутнасьцi, робяць усё, каб вестэрнізаваць грамадства. Гаворка вядзецца пра ўсе асьпекты мадэрнiзацыi, акрамя, зразумела, палiтычнага. Урады “трэцяга сьвету” iмкнуцца да заходняга ўзроўню дабрабыту i эканомiкi, але панiчна баяцца заходняй дэмакратыi. Пачытайце нашыя газеты: вы зной-дзеце пра тое, што недзе ў сьвеце людзi церпяць ад несправядлiвага зьняволеньня, дыскрымінацыі, катаваньняў i пакараньняў без судовага рашэньня з-за непрымальных для ўрада перакананьняў. І сярод гэтых краінаў ёсьць такія, дзе ў стане вырабляць атамнае ўзбраеньне і нават запускаць штучныя спадарожнікі!
Індывід таксама прагне заходняга ўзроўню жыцьця. Але індывід ці невялічкая але кансалідаваная групоўка – гэта не дзяржава і не грамадства. Яны адначасова бачаць, што іх культура саступае месца сучаснасьці, яны ня хочуць з гэтым зьмірыцца, і... яны могуць набыць сучасную зброю і сьвядома зрабіцца барацьбітамі з той жа самай сучаснасьцю.


Месii, iдэалiсты, маньякi, забойцы...

Што робіць чалавека тэрарыстам? Чаму ён бярэ ў рукі зброю і пачынае змагацца супраць ворага, які ёсьць відавочна нашмат мацнейшы? Што ім пры гэтым кіруе? Якая ягоная матывацыя? Сьвядома не бярэм пад увагу клінічныя выпадкі і выпадкі чыста крымінальнага кшталту, бо тут мусілі б разглядаць праблему гвалту ўвогуле і выходзіць у зусім іншае праблемнае поле. Але нават выпадкі індывідуальнага тэрарызму ў “шчасьлівых” ліберальных грамадствах Захаду ўкладаюцца ў агульную схему псіхалагічнай канстытуцыі асобы, схільнай да тэрарызму, і ў канцэпцыю вяртаньня да традыцыйнага грамадства.
Дасьледчыкі вылучаюць пэўны набор псіхалагічных рысаў, якія ўлась-цівыя тэрарысту. Перш за ўсё, гэта адчуваньне сябе месіяй, якому наканавана выратаваць калі ня сьвет, грамадства, дык нацыю, рэлігійную супольнасьць. Прычым гэтае пачуцьцё, як адзначае Канвэй, мае калектыўнае, групавое вымярэньне, гэта значыць, фармуецца асобная месіянская групоўка асобаў, якім адкрылася ісьціна, своеасаблівае сакральнае братэрства. Тэрарыст адчувае, што ён належыць да адметнага культу – гэта пачуцьцё амаль рэлiгiйнай далучанасьцi. Пры гэтым істотнае значэньне мае той факт, што сярод тэрарыстаў, як, дарэчы, і ўвогуле сярод экстрэмістаў, ёсьць вялікі адсотак асобаў з парушаным станам сацыялізацыі. Гэтыя людзі – маргіналізаваныя асобы. Нацыянальныя і іншыя прыгнятаемыя, неінтэграваныя ў супольнасьць меншасьці, студэнцтва, інтэлектуалы з павышаным узроўнем агрэсіўнасьці, дэкласаваныя элементы, выхадцы з няпоўных сем’яў, беспрацоўныя і жабракі, людзі, пакрыўджаныя жыцьцём, альбо проста людзі з няўдалым лёсам – вось асяродак, дзе фармуецца тэрарыст. Няўдачнік ці лайдак ускладае адказнасьць за свае няўдачы на зьнешнія абставіны і выкарыстоўвае зьнешнія фактары дзеля тлумачэньня ўласнай неадэкватнасьці жыцьцю. Калі такіх асобаў шмат і атмасфера ў грамадстве не стварае адчуваньня культурнай еднасьці, гармоніі – паўстае экстрэмізм. Ключавы момант – пошук ворага, прычым ворага абсалютнага, адказнага за ўсё зло ў сьвеце. Для тэрарыста характэрнае маніхейскае ўспрыняцьце рэчаінасьці, ён дзеліць сьвет на сьвет дабра і сьвет цемры: Мы і Яны, Белае і Чорнае, Дабро і Зло. Калі вораг знойдзены – ім можа быць капіталізм, каланіялізм, “чырвоная пагроза”, істэблішмэнт, нейкая нацыя, Імперыя зла – далей ужо справа пераходзіць на ўзровень пошуку тэхнічных сродкаў барацьбы з несправядлівасьцю. І пад гэтую барацьбу часьцей за ўсё падводзіцца пэўная ідэалагічная альбо рэлігійная матывацыя. Чалавек, нават чалавек традыцыйнае культуры, гэта істота ўсё ж разумная. Здаровы сэнс звычайна не дазваляе здароваму чалавеку без дай прычыны выйсьці на гаўбец і пачаць страляніну па мінаках. Так, гэткае дзеяньне ў тэрарыстычным сьветаўспрыняцьці ёсьць магчымым, але яно ўсё ж патрабуе нейкага зьнешне рацыянальнага тэарэтычнага абгрунтаваньня, нейкай ідэалогіі, якая б адыграла ролю падставы да актыўнасьці. У гэтым прынцыповае адрозьненьне тэрарыста, якi б крыважэрны ён ні быў, ад традыцыйнага тырана, фэадальнага людажэра, iнквiзiтара i палача-манарха. Старыя дэспаты мелi права на тэрор, якi небудзь Хамурапi забiваў тысячы людзей “па-пасадзе”, традыцыя дазваляла яму гэта. Тэрарызм жа шукае апраўданьня.
Пратэст супраць гвалтоўнай і неарганічнай мадэрнізацыі праявіўся ў шматлікіх радыкальных і нават экстрэмісцкіх вучэньнях, у тым ліку ў тэо-рыях Самфана, ідэолага тэрарыстычнага рэжыму Пол Пота ў Кампучыі, і антымадэрнізатарскім вучэньні Франца Фанона. Апошні шчыра казаў, што мадэрнізацыя – гэта завуаляваная форма расізму і зьнішчэньня культураў “трэцяга сьвету”.
Але тут мусім зрабіць важную рэмарку метадалагічнага сэнсу. Тэрарызм ня ёсьць ідэалогія! Гэта не ідэалогія нават тады, калі з вуснаў тэрарыстаў не чуваць нічога акрамя змрочных ідэалагічных штампаў (як, дарэчы, няма ў тэрарызме і рэлігійнасьці). Гэта трэба вельмі ясна ўсьвядоміць. Тэрарызм – не ідэалогія i не рэлігія, хоць ён i хаваецца пад гэтымi маскамi. Тэрарызм – гэта метад, стратэгія, якой могуць скарыстацца прадстаўнікі любой з палітычных плыняў. Напрыклад, нельга казаць, што правыя (ці левыя) плыні больш схільныя да тэрарызму, пры некаторых абставінах да гэтага метаду зьвяртаюцца і лібералы, і памяркоўныя кансерватары. Так, існуе міф аб ідэалагічным зьмесьце тэрарызму, але гэта ўсяго толькі штамп, які навязваецца не дасьледчыкамі, а перш за ўсё прагнымі да рамантычных замалёвак прадстаўнікамі мас-медыяў. Але тэрарысты-фашысты і тэрарысты-мааісты, роўна як тэрарысты-нацыяналісты і рэлігійныя фундаменталісты, што карыстаюцца метадамі тэрору, час ад часу выклікаюць (нягледзячы на прынцыповую несумяшчальнасьць ідэалагічных перакананьняў!) адчуваньне нейкага падабенства, прыналежнасьці да нейкага супольнага фронту. У іх жа так шмат агульнага! Гэта ня так заўважна на нацыянальным узроўні, але яскрава бачна на ўзроўні інтэрнацыянальным і ў гістарычнай персьпектыве. Тут мы можам прасачыць роднасьць ментальнасьцяў, сьветаўспрыманьняў, жыцьцёвых установак і нават псіхалагічных тыпаў у тэрарыстаў левых i правых, пратэстантаў, каталiкоў, iсламiстаў i iнш. Нездарма прэса нам кажа пра iснаваньне патаемнага “тэрарыстычнага iнтэрнацыяналу”. Вядома, прызнацца ў гэтым яны ня могуць, але пра гэта кажуць факты. Сапраўды, пераход ад тэрарызму нацыяналістычнага да тэрарызму левага, ад “чорных брыгадаў” да “чырвоных брыгадаў” ёсьць справай, можна казаць, звычайнай. Прыклад Рэната Курча, які без аніякіх перашкодаў перайшоў ад фашыстаў да “Чырвоных брыгадаў” i зрабiў там кар’еру – ня ёсьць выключэньнем. Ды што далёка хадзіць па прыклады! Гэта можна заўважыць нават на ўзроўні экстрэмісцкіх моладзевых груповак у Беларусі – тут выпадкі пераходу з РНЕ (расійскае нацыянальнае адзінства) да іх зацятых ворагаў з лiку правых экстрэмiстаў – ёсьць звычайнаю справаю, далёкай ад сенсацыі. Гэтаксама чалавек, які схільны да ўдзелу ў таталітарнай секце, можа выпадкова далучыцца да кожнай з іх, і тут амаль нічога не залежыць ад ягоных асабістых якасьцяў. Як кажа Уолтэр Лакер, падобна да таго, як тэхналогіяй тэрору могуць валодаць людзі самых розных палітычных перакананьняў, гэтак і ягоная філасофія без залішніх цяжкасьцяў пераадольвае перашкоды, што існуюць паміж рознымі палітычнымі дактрынамі. Гэтая філасофія гвалту універсальная і беспрынцыпная. Палітычныя сьветапогляд і перакананьні тэрарыста ня маюць аніякага дачыненьня да ўступленьня ў тэрарыстычную арганізацыю – яны ўсяго толькі рацыянальнае тлумачэньне ўласных іррацыянальных памкненьняў тэрарыста да бунту супраць інтэрвенцыі сучаснасьці. Сапраўдная прычына – патрэбнасьць далучэньня да арганізацыі тых, хто змагаецца супраць ворага. Асоба з заганнай сацыялізацыяй атрымлівае доўгачаканы калектыў, інтэгруецца ў яго, і гэты вораг групы робіцца і асабістым ворагам чалавека. А чалавек прагне гвалту і барацьбы. Вельмі яскрава “экзістэнцыйная драма” тэракта, у якой пераплеценыя рацыянальныя і іррацынальныя матывы, адлюстраваная ва ўспамінах удзельнікаў нямецкай “Фракцыі Чырвонай Арміі”, асабліва ў працах Ульрыхі Майнгоф. Яна адзначае, што падчас тэракту чалавек выходзіць на новы ўзровень экзістэнцыі, адчувае ў сабе прыхаваныя ў нармальным жыцьці якасьці, пра наяўнасьць якіх ён нават і не здагадваўся.
І няма розьніцы паміж матывіроўкай тэрарыста і матывіроўкай звычайнага сябра экстрэмісцкай групы альбо радыкальнага руху.

Пратэст супраць несумяшчальнасьці элементаў мадэрну і традыцыі выклікае схільнасьць да тэрарызму ня толькі ў інтэлектуалаў, але і ў іншых прадстаўнікоў элітаў і ў простых людзей. Яны імкнуцца да ўзроўню дабрабыту, які дае заходні лад жыцьця. Іх прыцягваюць ня толькі джынсы, кока-кола і тэлівізія, але і простая магчымасьць атрымліваць большую колькасьць кілакалорыяў у суткі. Пры гэтым іхняя мянтальнасьць не гатовая да таго, каб успрыняць іншыя праявы заходняга ладу жыцьця, якія неадлучныя ад заходняга ўзроўню дабрабыту. Яны ня маюць нічога супраць высокага ўзроўню жыцьця, але не гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць сваімі культурнымі каштоўнасьцямі і зьмяняць іх на каштоўнасьці секулярызацыі, дэмакратыі і правоў чалавека. Але гэтыя варожыя іх мянтальнасьці зьявы прыходзяць да іх супраць іх волі разам з джынсамі і кока-колай, разам з матэрыяльнымі праявамі заходняй цывілізацыі. Гэта спараджае жудасныя фрустрацыі, якія часам набываюць масавы характар. Адсюль – нестабільнасьць пераходных рэжымаў. Пры гэтым звычайна большасьць народу не гатовая перамагчы кансьюмерысцкія настроі і пагаджаецца жыць у стане фрустрацыі і перманентнага стрэсу (Іран у гэтым сэнсе выключэньне, але і там апошняе слова яшчэ не сказанае). Але найбольш чуйныя асобы, асобы з адмысловым псіхалагічным станам пераходзяць да тэрарызму, бо ня могуць далей глядзець, як вынішчаецца традыцыйная культура і насаджаецца мадэрніці ў, як ім здаецца, пачварным, нялюдскім выглядзе. І не абавязкова гэта адбываецца пад адкрыта традыцыяналісцкімі лозунгамі, але заўсёды гэта вынік канфлікту традыцыйнай і мадэрнізаванай культуры.
І таму менавіта радзіма мадэрнізацыі, Захад як культурная зьява і пэўная мадэль існаваньня, заходні лад жыцьця, зьяўляецца галоўнай мішэньню для тэрарыстаў.
Нават бунтарскія высілкі палітычнага тэрору ўдзельнікаў “Народнай Волі”, скіраваныя супраць архаічнага царскага самаўладдзя, мелі выразны антымадэрнізатарскі зьмест. Манарх ці губернатар для іх быў толькі персаніфіка-цыяй гвалтоўнай мадэрнізацыі і насаджэньня капіталізму. Дарэчы, цікава, што ў рамане Дастаеўскага “Бесы” намаляваны класічны партрэт нігіліста, які цалкам ахоплівае псіхалогію сучаснага экстрэмізму і тэрарызму.
Расейскі дасьледчык Натальля Мялецьева таксама адзначае, што тэрарызм мае традыцыяналісцкія карані. Гэта праяўляецца, напрыклад, у тым, што сама лігітымацыя тэрарызму зьяўляецца вяртаньнем да традыцыйнай, дамадэрнавай канцэпцыі права. Сучасная рацыяналізацыя прававых нарматываў і канцэпцыя прававой дзяржавы, універсалізацыя і абсалютызацыя абстрактнага права, уласьцівая Новаму Часу, стварае сітуацыю дэгуманізацыі сацыяльна-палітычнага жыцьця. Патэрналісцкая культура пратэстуе супраць пераходу ад арганічнага, патрыярхальнага, звычаёвага права да механічнай штучнай канструкцыі, да безасабовага таталітарызму абстрактных нормаў і ўсебаковага плюралізму. У гэтым сэнсе тэрарыстычны акт як сацыяльна-псіхалагічная драма зьяўляецца памкненьнем да традыцыйнага разуменьня права, зьвязанага з рашэньнем, адказнасьцю, спантаннасьцю і непрадказальнасьцю. У сьвеце канцэпцыі права слыннага нямецкага мысьляра Карла Шмідта, калі манарх, уладар, тыран саступае сваю неабмежаваную ўладу безасабовай дэмакратыі і дыктатуры закону, дык такая дэперсаніфікацыя ўлады надзяляе правам на тэрор (якім раней валодаў выключна манарх) прадстаўнікоў альтэрнатыўных структураў. І гэтыя структуры, калі лічаць прававую дзяржаву ўзурпацыяй законам улады, распачынаюць фармальна незаконную барацьбу супраць ліберальнага посттрадыцыйнага грамадства, маючы мэту павярнуць хаду гісторыі назад, скасаваць легітымнасьць ліберальную і ўсталяваць замест яе легітымнасьць традыцыйную. У тым ліку гэтае змаганьне адбываецца і праз тэрор. Прадстаўнікі тэрарызму правага робяць гэта сьвядома, але гэты механізм дзейнічае і ў асяродку левых тэрарыстаў. І тыя і гэтыя бачаць перад сабой адзінага ворага – Сучаснасьць, якая для іх увасабляе зло. Паказальна, што левыя партыі ўсяляк адмаўляюцца ад сваёй датычнасьці да левага тэрору. Гэта тлумачыцца тым, што парламентарныя левыя належаць да сучаснай палітычнай структуры, да сучаснага бачаньня палітычнай сістэмы каардынатаў, а ультра-левыя тэрарысты дзейнічаюць у сьвеце традыцыйнага разуменьня легітымнасьці. Нават радыкальныя левыя партыі, незадаволеныя сучасным капіталізмам, прапануюць удасканальваць сучасны сьвет, рухаючыся шляхам прагрэсу: эвалюцыйным шляхам. Экстрэмісты і тэрарысты адрозьніваюцца ад звычайных левых ня проста метадамі, а фундаментальнымі філасофскімі перакананьнямі, бо вызнаюць прынцып штучнай і маментальнай зьмены гэтага сьвету іншым. Адзінае адрозьненьне левага тэрарызму ад правага ў тым, што апошні заклікае вярнуцца ў мінулае, а левыя бачаць царства традыцыі і нязьменнасьці ў будучыні. Але будучыня непрадказальная, таму інстынктыўна на яе пераносіцца канцэпцыя Залатога Веку, Царства Божага на зямлi — канцэпцыя выключна традыцыяналісцкая. Гэтыя думкі левыя тэрарысты даносяць да нас на зьнешне сучаснай, матэрыялістычна-эканамічнай мове. Але ў выніку для іх уласьціва ўсё тое ж маніхейскае і эсхаталагічнае ўспрыняцьце сьвету.
Ды і тэрарысты-індывідуалісты, кшталту тых, што час ад часу распачынаюць нематываваную страляніну ў амерыканскіх школах, таксама дзейнічаюць у межах падобнай схемы матываў. Проста чалавек (а ён увогуле, збольшага, кепска пераносіць перамены – прыгадайце славуты кітайскі праклён “Каб табе жыць у часы пераменаў!”) больш ня можа жыць у сьвеце, які не кіруецца традыцыйнымі нормамі, ён адчувае, што навакольнае мадэрнавае асяроддзе не адпавядае ягонаму ўласнаму “Я”, уціскае і забівае яго. У выніку магчымыя два выйсьці з гэтай сітуацыі страшэннай дысфункцыі – альбо самазабойства, альбо зьнешне нематываванае забойства. Але наступствы гэтых крокаў аднолькавыя. Такі ўчынак заўжды ўспрымаецца як апошні сродак і суправаджаецца імкненьнем да сьмерці. І неістотна, што стала падставай — беспрацоўе, жабрацтва, недахоп каханьня – гэта заўжды вынік існаваньня ў мадэрнавым грамадстве. Жахліва, але ў ходзе паскарэньня рытму цывілізацыі асоба, непрыстасаваная да сучаснасьці, арыентаваная на натуральнае для людзей традыцыйнае грамадства, стаіць перад экзістэнцыйным выбарам: альбо суіцыд, альбо тэрор. І невыпадкова ў зьнешне шчасьлівых звышразьвітых грамадствах Захаду адбываецца неверагодная колькасьць самазабойстваў і спробаў самазабойства. Як слушна адзначае Эміль Дзюргейм, там, дзе распад асобы і асабістасьці павялічваецца, расьце і колькасьць самазабойстваў. Дарэчы, намаляваная канцэптуальная карціна тлумачыць і тое, чаму ў разьвітых грамадствах на працягу другой паловы XX стагоддзя ў структуры злачыннасьці нашмат павялічылася доля гвалтоўных злачынстваў супраць асобы, асабліва нематываваных – злачынцамі рухаюць тыя самыя адчуваньні фрустрацыі і культурнай неадпаведнасьці, але гэтыя зьявы не залічваюцца ў статыстыку тэрарызму.
І яшчэ адна відавочная выснова: і злачынцамі, і самазабойцамі, і тэрарыстамі ў пераважнай большасьці зьяўляюцца маладыя людзі.


Бой з ценем

Можа падацца, што такое тлумачэньне паходжаньня тэрарызму зьяўляецца занадта псіхалагічным, што тут зусім адкінутыя палітычны кантэкст праблемы, палітычныя матывы. Але якое можа быць палітычнае абгрунтаваньне тэрарызму, калі з дапамогай гэткага сродку яшчэ ніколі не даводзілася сапраўды дасягнуць палітычных мэтаў? Зьвязваць тэрарызм выключна з палітычнымі і ідэалагічнымі мэтамі тых сілаў, якія яго выкарыстоўваюць – гэта памылка. Так, сацыяльна-эканамічныя, рэлігійныя, ідэалагічныя, палітычныя канфлікіты абумоўліваюць узьнікненьне тэрарызму, але сфармавацца ён можа толькі ў адпаведнай сацыяльна-псіхалагічнай атмасферы ў грамадстве. Рэальны палітычны зьмест тэрарызму значна перабольшваецца, ягоная роля ў значнай ступені сімвалічная.
Сёньня не існуе цалкам традыцыйных грамадстваў, грамадствы ўсіх краінаў зьяўляюцца ў той ці іншай ступені мадэрнізаванымі. Тэлевізар, рэч першай неабходнасьці ў нашым сьвеце, якая адчыняе вакенца ў сучаснасьць нават у джунглях Амазоніі. Але гэтаксама цяпер не існуе і грамадстваў цалкам мадэрнізаваных. Нават тыя з іх, якія ўжо адной нагой ступілі на глебу пост-мадэрнасьці, па ранейшаму нясуць у сабе рэшткі традыцыйнай культуры. Па ўсім відаць, гэтыя элементы традыцыйнасьці зьяўляюцца нашымі натуральнымі ўласцівасьцямі, як элементы самой чалавечай прыроды. Таму і глыбінныя карані тэрарызму знаходзяцца ў самой чалавечай прыродзе, і мы ніколі не пазбавімся ад ягонай пагрозы, бо заўжды ў чалавеку можа прачнуцца пачвара, і толькі сіламі розуму яе магчыма кантраляваць.
Нагадаем, што выкарыстаньне тэрарыстычных метадаў ня трэба ўспрымаць як сьвядомую рэакцыю людзей на намаляваныя працэсы неарганiчнае мадэрнiзацыi. Так, антыімперыялістычны і антызаходні пафас уласьцівы шмат якім з груповак. Але мы кажам не пра сьвядомыя матывы, а пра калектыўнае несьвядомае, якое ў людзях з асаблівым тыпам мянтальнасьці, з павышанай інтравертнасьцю і пачуцьцём уласнай неадпаведнасьцi праяўляецца гэткім незвычайным чынам. Таму нават фашыстоўскія і іншыя правыя тэрарыстычныя рухі Заходняй Еўропы (як, дарэчы, і нацысцкi рэжым у Нямеччыне) былі такой самай адваротнай рэакцыяй на пераўтварэньні, што нясе за сабой мадэрнізацыя. Шмат якія нацыянальна-вызвольныя тэрарыстычныя рухі працягвалі сваю гвалтоўную дзейнасьць і пасьля таго, як было рэалізаванае права іх народаў на самавызначэньне і былі абвешчаныя суверэнныя дзяржавы, таму што гэтыя новаствораныя дзяржавы таксама былі вымушаныя крочыць па шляху мадэрнізацыі. Сучасны тэрарызм, як адзначае Жан Бадрыяр, часьцей за ўсё ня мае канкрэтнай акрэсьленай мэты ці рэальнага ворагу, ён ператварыўся ў “бой з ценем”, барацьбу з уяўным, сімвалічным ворагам. Сапраўдная “ваенна-стратэгічная” вартасьць наступстваў тэрарыстычных актаў вымяраецца амаль выключна іхнім сімвалічным зьместам. Да таго ж, гэты сімвалічны асьпект надае тэракту функцыю сродку камунікацыі. Пераважная большасьць тэрарыстычных актаў робіцца публічна і рэпрэзентуе сабой мэсадж, пасланьне. Дадзены камунікатыўны асьпект тэрарызму – вельмі цікавы аб’ект дзеля дасьледваньня.
Асяродкам тэрарызму можа быць толькі такая палітычная сістэма, якая зазнала пэўную ступень мадэрнізацыі культуры. Як вядома, таталітарныя і антымадэрнізатарскія аўтарытарныя рэжымы амаль ня ведаюць тэрарызму акрамя тэрарызму дзяржаўнага. Традыцыйная мянтальнасьць спакойна ўспрымае таталітарны стан, бо ён укладаецца ў яе сетку паняцьцяў. Тата-літарныя дыктатуры сучаснасьці – гэта мара фундаменталістаў-традыцыяналістаў: яны сумяшчаюць мадэрнізацыю тэхнікі, індустрыялізацыю з кансервацыяй традыцыйнай культуры. Так, паўстаньні і рэвалюцыйныя ідэі магчымыя і тут, але істотных тэрарыстычных рухаў мы не заўважаем, нават асобныя акты тэрарызму зьяўляюцца тут незвычайнай рэччу.
З іншага боку, у краінах “першай хвалі мадэрнізацыі”, дзе яна адбывалася эндагенна і павольна, дзе, па сьведчаньнях большасьці сацыёлагаў, рэшткі традыцыйнай культуры мінімальныя (Галандыя, Бельгія, Скандынавія), тэрарызм таксама найменш распаўсюджаны. Так, тут здараюцца эканамічныя крызісы і існуюць іншыя праблемы капіталізму, адбываюцца страйкі і бойкі “чырвоных” са “скінамі”, распаўсюджаныя экстрэмісцкія групоўкі. Але пры гэтым тут існуе разьвітая прававая дзяржава, разьвітая грамадзянская супольнасьць і грунтоўныя традыцыі дэмакратыі ў грамадстве. Таму сістэматычны палітычны тэрарызм тут сустракаецца толькі ў прывазным варыянце, як імпарт у метраполію з калоніяў, аўтахтоннага палітычнага тэрарызму тут няма. Захоп прадстаўнікоў АПЭК у Стакгольме – таксама акцыя, скіраваная звонку. Наадварот, краіны Заходняй Еўропы, якія адносяцца да другой хвалі мадэрнізацыі (Гішпанія, Нямеччына, Францыя, Італія), зазналі перыяды росквіту тэрарызму.
Адзначым, што і сілы мадэрнавай культуры ў гэтым процістаяньні двух сьветаў час ад часу ня грэбуюць экстрэмісцкім фундаменталізмам (як зацятай барацьбой з традыцыяй) і тэрарыстычнымі метадамі. Гэта зразумела, таму што платай за пасьпяховаю экспансію цывілізацыі робіцца культурнаядыфузія, пранікненьне ў культуру-пераможцу элементаў экзатычнай культуры яе ахвяраў. Зараз гэтая рэцэпцыя чужых каштоўнасьцяў адбываецца па гістарычным вымярэньні імгненна, з-за прагрэсу ў сродках камунікацыі і павелічэньня хуткасьці міграцыяў. Ды і звычайны скептыцызм заходніх тэарэтыкаў адносна персьпектываў сваёй уласнай цывілізацыі спрыяе гэтаму. Аб тым, што цывілізацыя Захаду зайшла ў тупік, нам даводзяць Шпенглер, Тойнбі, Ясьперс, Сарокін, Артэга-і-Гасэт. Да гэтай плынi мысьленьня далучаюцца і тэорыі К. Маркса, але той хоць прапаноўваў “рацыянальную і аптымістычную” альтэрнатыву – потым яе выкарысталі “чырвоныя” дзеля абгрунтаваньня ўласных тэрарыстычных (і, як мы ўжо адзначалі, іррацыянальных па-сутнасьці) памкненьняў. Менавіта заходняя думка і зараз прапануе традыцыяналістым прыемныя тэзы аб тым, што чалавек ня ёсьць homo economicus і сукупнасьць працы, працоўных роляў, што ацэнка чалавека па працы не адлюстроўвае сутнасьці чалавека ў цэлым.
Але заходнiя грамадствы таксама перажываюць мадэрнізацыю! I гэтая зьява яшчэ больш цiкавая i заслугоўвае пiльнага разгляду, бо рэшткі традыцыйнай культуры застаюцца яшчэ паўсюль. Сэмюэл Хантынгтан меў рацыю, калi казаў, што мы жывем у час сутыкненьня цывiлiзацыяў, але гэтае сутыкненьне можа адбываецца i ў межах аднаго грамадства. Удакладнiм, не “суктыкненьне цывiлiзацыяў”, а сутыкненьне культураў, традыцыйнай i мадэрнавай. Калі раней канфігурацыі сутыкненьня цывілізацыяў былі падобныя на лініі фронту, то зараз гэта “гарачыя кропкі”, сапраўдная “партызанская вайна культураў” у межах аднаго грамадства. Практыка апошняй паловы мінулага стагоддзя дэмаструе, што нават існаваньне кансалідаванай дэмакратыі ў ліберальным сэнсе гэтага слова не надае грамадству імунітэту да тэрарызму. Больш за тое, як мы ўжо адзначалі, тут існуе спрыяльны асяродак дзеля фармаваньня індывідуальных псіхалагічных перадумоваў тэрарызму.
У той жа час, зараз у найбольш разьвітых грамадствах пачынае фармавацца новая культура, культура постмадэрнавая. І менавіта яна, як зьява глабальная, дэманструе прыклады іншых шляхоў сублімацыі супраціву мадэрнізацыі. Гэтак званы антыглабалізм – прыклад сапраўднай альтэрнатывы тэрарызму, прычым пастмадэрнісцкага кшталту. Аб’яднаньне феміністак і радыкалаў-эколагаў, гомасексуалістаў і прыхільнікаў “стрэйт лайф”, звольненых рабочых і праціўнікаў сачэньня за Інтэрнетам, барацьбітоў супраць “спама” (непажаданай рэкламы) і аўтахтонных народаў, якое адбываецца па ленінскім прынцыпе “асобна йсьці, разам біць” дзеля дасягненьня агульных часовых вынікаў (пры тым, што ў рэшце рэшт мэты ва ўсіх розныя) – гэта праява іншых, цывілізаваных сродкаў вырашэньня праблемаў і канфліктаў, што нараджаюцца з распаўсюджаньнем сучаснай культуры, грамадства глабалізацыі. У межах гэтага разнароднага руху зьмяншаецца верагоднасьць фармаваньня фундаменталісцкіх і экстрэмісцкіх плыняў. Правы чалавека таксама дазваляюць мірным шляхам дамагчыся інтэграцыі культураў, бо яны шмат у якіх асьпектах набліжаюць грамадства традыцыі да сучаснай культуры, адначасова абараняючы некаторыя праявы традыцыйнай культуры.

Сёньня сьвет перажывае часы глабалізацыі. Гэты тэрмін абазначае разнародныя і ў шмат чым супярэчлівыя працэсы. У пэўных сваіх праявах гэтыя працэсы блізкія да працэсу вестэрнізацыі, працягваюць яго. Але ўсё ж глабалізацыя – зьява новая. Яна належыць ужо не да мадэрнізацыі, а да постмадэрнізацыі, да фармаваньня новага сьветапарадку, глабальнага інфармацыйнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства i глабальнай грамадзянскай супольнасьцi. На гэтай стадыі разьвіцьця соцыюма ўжо няма той супярэчлівасьці паміж культурай традыцыйнай і культурай мадэрніці, якая была характэрная для часоў мадэрнізацыі. Адметнасьць працэсаў постмадэрнізацыі ў тым, што шмат якія элементы традыцыйнай культуры і дамадэрнавага грамадства бесперашкодна інтэгруюцца ў новую сістэму і нават граюць там пэўную карысную ролю. Напрыклад, у постмадэрнавым грамадстве цалкам прыймальныя такія элементы традыцыйнага грамадства, як ягоная працоўная этыка, а канцэпцыя правоў чалавека, як мы заўважылі, шмат у чым скіроўвае нас, на новым узроўні, да звычаёвага права, права чыстае справядлівасьці. Але гэтыя элементы ня могуць быць успрынятыя непасрэдна з грамадства, якое не перажыло пэўнай трансфармацыі. Традыцыйныя каштоўнасьці бесперашкодна ўспрымаюцца постмадэрнавым грамадствам толькі ад грамадства хаця б часткова мадэрнавага. Немадэрнізаваная культура ўсё роўна ня можа адразу скокнуць у пастмадэрн. Таму сучасныя праявы тэрарызму належыць разглядаць як апошнія выступы моцнага традыцыяналізму супраць сучаснасьці. Менавіта з-за таго, што гэтыя выступы зьяўляюцца апошнімі, яны адбываюцца ў найбольш жорсткіх і крывавы формах. Але гэтыя выступы робяцца менавіта з боку тых грамадстваў, якія былі найменей мадэрнізаваныя.
Важна прызнаць, што мы маем справу са зьявай культуры, а ня проста са злачынствам ці сусьветнай змовай. Перакананьне, што дзеля спыненьня тэрарыстычнай навалы дастаткова толькі схапіць няўлоўнага Усаму Бэн Ладэна і разбурыць сетку ягоных сімпатызантаў – гэта вялікая памылка. Дададзім, што разглядаць тэрарызм як звычайнае цяжкае злачынства, свое­асаблiвы гангстэрызм, гэта тое самае, што называць звычайным крымінальным злачынствам нацызм, не прымаючы пад увагу ягонае сацыяльна-культурнае і псіхалагічнае паходжаньне.
Напэўна, немагчыма пазбавіцца ад псіхалагічных чыньнікаў, уласьцівых чалавечай сутнасьці, якія штурхаюць людзей да тэрарызму. Таксама мы ня маем жаданьня адмовіцца ад прагрэсу і выгодаў сучаснай цывілізацыі, вярнуцца ў пячоры, у мінулае традыцыйнай культуры. Ды і немагчыма гэта. Але вырашыць канфлікт паміж культурамі і істотна зьменшыць падмурак тэрарызму мы можам. Дзеля гэтага мы павінны выпрацаваць і разьвіваць новыя механізмы дасягненьня сацыяльна-культурнай талерантнасьці.