12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алег Дашчынскі

_____________________
З пятлёй на шыі.
Згадка пра сябра

Прайшоў год, як напрыканцы красавіка 2002 году
ня стала рэдактара, журналіста, палітыка,
галоўнага рэдактара газеты “Свабода”
Ігара Гермянчука, які адным з першых на Беларусі
пачаў пасьлядоўна адстойваць права чытачоў
і творцаў на свабоду слова, на свабоду думкі...
Згадкамі пра свайго тагачаснага рэдактара
з чытачамі “Дзеяслова” дзеліцца былы супрацоўнік
газеты“Свабода” Алесь Дашчынскі.

...Сьнег гэтай зімы – першы. Белы аркуш, пры­значаны іншаму слову. Таямнічая мяжа дзеля адліку новых дзён. Напамінак аб чаканьні вясны: сувязь бачнага і схаванага ад вачэй.
Слова – гэта жыцьцё, і адабраць яго можна хіба толькі разам з дыханьнем. Неспа­дзяваны і заўчасны адыход Ігара Гермянчука вясной 2002 году, у перадвелікодныя красавіцкія дні. Сябра, паплечнік, ён застаецца для нас рыцарам найноўшай Беларусі, які сваёй зброяй абраў журналісцкае слова, а найвя­лікшай каштоўнасьцю – вольную Беларусь. Гэта тая духоўная аснова, на якой гартавалася, да якой імкнулася асноўная ягоная справа – незалежная бе­ларуская газета. Сяргей Дубавец, аднакурсьнік і даўні сябар Ігара, расказаў пра Ігара-студэнта і Ігара-“сьвядомага беларуса”, я ж больш ведаю яго як рэдактара...
“Свабода” вярнулася ад пачатку мінулага стагоддзя на мітынговыя плошчы Менску, на­была ў руках Гермянчука прафесійнае аблічча і засталася ў гісторыі. Час ягонай “Свабоды” адметны чаканымі пераменамі, крушэньнем імперыі і нараджэньнем новай Беларусі. Ігар апынуўся ў віры падзеяў воляй лёсу і сілай характару. Вясковы хлапец са Сьветлагоршчыны падаваўся старэйшым за сваіх аднагодкаў, ведаў сваю справу і сваё прызначэньне. Ігар ня шмат расказваў пра сябе, але адзін сюжэт з асабістага жыцьця патрапіў нават на старонкі газеты.
18 лістапада 1937-га Ігараў дзед Гвозьдзь Пятро Панкратавіч быў арыштаваны і праз тыдзень асуджаны “тройкай” НКВД на дзесяць гадоў за тое, што заявіў сельсаветчыкам, якія прыйшлі забіраць апошнюю жывёлу: “Вы бандыты, і ўлада вашая бандыцкая”. Найпершы ўрок, які вынес з кнігі жыцьця ўнук: “Каб беззаконьне не паўтаралася, трэ­ба не маўчаць, а называць рэчы сваімі імёнамі”. Вось яна — еднасьць пакаленьняў, працяг той выпакутаванай мужыцкай праўды. Пятро Панкратовіч — адзін з найбольш вядомых рэдактарскіх псеў­данімаў, якія засталіся на старонках “Свабоды”, і гэта ня быў спосаб абароны, перастрахоўкі на ўсялякі выпадак. Ігар гаварыў ад імя свайго дзеда, сьцьвярджаючы справядлівасьць, растаптаную той “тройкай” і сельсаветчыкамі.
Калі ты хочаш ведаць чалавека, то пацікаўся ягонымі ўчынкамі ў экстрэмальнай сітуацыі. Прыгадваецца знакаміты фотаздымак з красавіка 1995-га, які патрапіў на старонкі замежных выданьняў: дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Ігар Гермянчук разам з сябрамі апазіцыі БНФ у цэнтры парламенцкай залы, ля трыбуны, на якой апынуўся той самы “сельсаветчык”. Дэпутацкая галадоўка супраць рэферэндуму аб мове, гістарычным сьцягу і гербе, які прапаноўваўся, са словаў часткі дэпутатаў, “ва ўмовах жабрацтва, бяспраўя, інфармацыйнай блакады і поўнага беззаконьня”. Яны мелі рацыю, таму такой бессаромнай і ашалелай сталася расправа: начны напад на парламентароў, які ажыцьцяўлялі ўзброеныя людзі ў чорных масках, сьпецназаўцы ў шлемах, аўтаматчыкі. Вось як згадваў пра тыя падзеі сам Ігар: “Пакуль дацягнуліся да мяне, удалося сарваць некалькі масак. Але потым — удар у сьпіну, схапілі і пацягнулі (за рукі, за ногі). У нейкі мо­мант удалося вырваць адну нагу, тады схапілі ўжо чалавек шэсьць. Нейкі падонак пачаў біць кулаком у твар. Адчуў, што палілася кроў... Мяне кінулі ў жоўты міліцэйскі “ўазік” уперад нагамі. Бразнулі дзьверы, і машына выехала ў горад”.
Небывалая падзея не пакідала нас абыякавымі: у рэдакцыі гэтая тэма гучала. Ігар Гермянчук не выдаваў сябе за нейкага героя, але адзінае, што добра запамяталася, ён сказаў прыкладна так: “З іх па­трэбна найперш зрываць маскі, тады яны губляюць сілу”. Ён ганарыўся менавіта сарванымі маскамі, сваім супрацівам бессаромнаму тэрору. Генеральная пракуратура займалася тады расьсьледаваньнем па факце гвалту, ужытага супраць дэпутатаў, і Гермянчуку давялося зрабіць судова-медычную эксьпертызу: налічылі каля дзесяці сьлядоў ад пабояў.
На той час пра менскія падзеі распавядала замежная прэса і практычна нічога не паведамілі афіцыйныя мас-медыі ў Беларусі. Гэтая акалічнасьць прымусіла рэдактара “Свабоды” парушыць цынічнае маўчаньне. Думаю, шмат хто памятае знакаміты сімвалічны артыкул пра тое, як быў выкананы загад “гаспадара”, напісаны ў адметным герменчукоўскім стылі: ясным і вострым. Абурэньне публікацыяй выказаў у тэлевізійным выступе і сам “гаспадар”, а по­тым прыйшло папярэджаньне з Генеральнай пракуратуры, якая пры­гразіла вырашыць пытаньне “аб прад’яўленьні ў суд зыску пра спыненьне дзейнасьці газеты”.
Зьнешне наш галоўны рэдактар – эмацыйна стрыманы, паважны, ін­тэлігентнычалавек, на ягоным працоўным стале ляжалі стугоры папераў, газетаў, кнігаў; на ўсё вакно вісеў вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. Па гэтым сьцягу з вуліцы таксама можна было вызначыць вакно рэдактарскага кабінету. Найперш беларускія сімвалы складалі яго духоўную сутнасьць. Ігар аднойчы заўважыў: “Гэта павінна быць унутры”. Альбо нашая размова наконт факсімільнага выданьня “Бібліі” Францішка Скарыны: з ягоных словаў, мець такі фаліянт у хатняй бібліятэцы ёсьць гонарам для любога беларуса. Аднак ён не імкнуўся навязваць сваё меркаваньне іншым: кожны павінен быў прайсьці сваім шляхам, адкрыць сябе. “Мы не нацыяналісты, мы – нацыянальныя дэмакраты”, – памятаецца Ігарава фраза ў часе спрэчкі са знаёмым.
Пасьля сумнавядомага “моўна-сімвалавага” рэферэндуму 1995-га году Ігар вырашыў зьмясьціць на шапцы “Свабоды” адменены і зьняты з афіцыйных газетаў герб “Пагоня”. Ягонае жаданьне быць зразумелым і даступным большай аўдыторыі стала прычынай адыходу ад тарашкевіцы ў газеце і частковага выкарыстаньня расейскай мовы. Дарэчы, адна з асаблівасьцяў характару Ігара — жаданьне параіцца з калегамі – спрыяла ўсталяваньню творчага і калектыўнага характару рэдакцыйнай працы, хаця ў кожным нумары “Свабоды” адчувалася Ігарава рэдактарская рука. Гэта разумелі чытачы: лісты ў рэдакцыю ішлі на імя Гермянчука, яму тэлефанавалі, на яго спадзяваліся ў нялёгкіх жыцьцёвых сітуацыях.
Асоба Гермянчука прыцягвала людзей: чытачоў, якія дзяліліся сваім набалелым; аўтараў артыкулаў, якія імкнулася надрукавацца менавіта ў “Свабодзе”; дыпламатаў амбасады Казахстану, якая месьцілася ў гэтым жа будынку; гасьцей з замежжа, якія цікавіліся менавіта поглядам Ігара на сітуацыю ў Беларусі. Чытацкі водгук быў тым галоўным здабыткам, асабліва важным для рэдактара газеты. “Свабода” выклікала розныя меркаваньні, каму яна падабалася, а нехта яе не прымаў, аднак яна не пакідала людзей абыякавымі да лёсу сваёй Бацькаўшчыны. Сёньня, бадай, нельга назваць перыядычнае выданьне па сваім значэньні ў кантэксьце часу, роўнае “Свабодзе”, якая мела свой почырк і адметны стыль, іграла ролю не шараговага статыста, а ўдзельніка падзеяў. Падшыўкі газеты, ведаю, захоўваюцца дагэтуль у многіх. Яна трапляла ў міністэрскія кабінеты, з ёю лічыліся. Найперш небясьпечнай “Свабода” была для асноўнага апанента Ігара – чытача №1.
У 1996 годзе будынак, у якім рэдакцыя арэндавала памяшканьне, далучыў да сваёй гаспадаркі тагачасны прэзідэнцкі “заўхоз” Іван Ціцянкоў, прычым нягледзячы на тое, што ў рэдакцыі мелася дамова на тры гады і дзейнічала незалежна ад зьмены ўласьніка. Гэта быў ужо ня першы наступ на “Свабоду”.
Змаганьне з незалежным словам пачалося ад гісторыі з публікацыяй дакладу Сяргея Антончыка аб карупцыі ў прэзідэнцкім асяроддзі. Ігарам была абраная, здаецца, адзіна правільная на той момант тактыка. Спачатку чакалі, як пойдзе друкаваньне гэтага выступу ў афіцыйнай прэсе, і калі справа дайшла да “белых плямаў”, а волю менскага Дому друку заціснула жалезная рука, нумар “Свабоды” з антыкарупцыйным дакладам нелегальна выпусьцілі накладам у 100 тысячаў асобнікаў і распаўсюджвалі “з рук”. У выходных дадзеных значылася “Друкарня імя Аляксандра Лукашэнкі”. Потым спрабавалі выдаць даклад легальна ў наступным нумары, аднак улады спынілі станок: ад таго часу “Свабодзе” назаўсёды было забароненае карыстаньне паліграфіч­най базай менскага Дома друку.
Разам з дакладам Антончыка ў газеце зьявілася ня менш знакамітая паэма Ведзьмака Лысагорскага “Лука Мудзішчаў – прэзідэнт”, якая стала прычынай дзеля высокага гневу. Нехта ў краіне не цярпеў іроніі да пэўных асобаў, і ў гэтым плане паэма трапіла ў “дзесятку”. У рэдакцыю пачалі наведвацца прадстаўнікі рэспубліканскай пракуратуры. Ігар Гермянчук, перакананы ў сваёй праваце, даў зразумець, што рэдакцыя наважваецца друкаваць працяг апакрыфічнай паэ­мы, якую хтосьці палічыў “антыпрэзідэнцкай”.
Не знайшоўшы Лысагорскага, улады пачалі шыць справу на галоўнага рэдактара “Свабоды” за зьнявагу прадстаўніка ўлады. У адпаведным дакуменце пазначана, маўляў, “надаўшы публічнасьць зьняважлівым выразам у адрас Прэзідэнта РБ, якія зьмешчаныя ў гэтых творах, Гермянчук І.І. ўчыніў злачынства”. На пачатку красавіка 1995 году ў Вярхоўны Савет прыйшло “Прадстаўленьне аб дачы згоды на ўзбуджэньне крымінальнай справы і прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці дэпутата ВС Герменчука І.І.”.
Адказ Ігара быў бескампрамісным: ён лічыў у такой сітуацыі найлепшай тактыкай наступ: “Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Калі Лукашэнку гэта не падабаецца, у яго ёсьць выбар – ён можа чытаць сваю кішэнную прэсу. А ў нас гэтага выбару няма, бо мы ня хочам жыць у грамадстве хлусьні. Акрамя таго, мы шануем сваю прафесію, якая абавязвае нас гаварыць праўду”.
Цэлы Інстытут літаратуры Акадэміі навук вызначаў тады хто ж адлюстраваны ў паэме. У выніковай эксьпертызе значылася, што ў творах “утрымліваюцца элементы абразьлівых выразаў у адносінах да Прэзідэнта РБ”. Пагроза ўзбуджэньня крымінальнай справы была тады цалкам рэальная, калі згадваць цяперашнія падзеі, бо фактычна за тую ж “віну” адпраўленыя на “хімію” ўжо тры журналісты. Тады яшчэ расправу з галоўным рэдактарам “Свабоды” ўдалося спыніць, дапамагла і дэпутацкая недатыкальнасьць. Беларускі ПЭН-цэнтр правёў круглы стол, на якім у абарону свабоднага мастацкага слова выступіў Васіль Быкаў. Ігар называў пісьменьніка-франтавіка сумленьнем Беларусі: да Быкава ён зьвяртаўся па каментар у самыя драматычныя перыяды найноўшай гісторыі краіны.
Падзеі разгортваліся імкліва, на Беларусь насоўвалася шэрань “суперчэстных і суперпарядачных”. Было відавочна, што на парламенцкіх выбарах, кантраляваных уладай, перамога асобных кандыдатаў наўрад ці магчымая. Але для Ігара дэпутацтва было яшчэ і спосабам абароны газеты ад чаканых “наездаў”.
Адхіліўшы прапановы балатавацца ў Менску, Гермянчук паехаў у Сьветлагорск, дзе ў ягонай камандзе налічвалася нямала паплечнікаў, якія заняліся актыўнай агітацыяй якраз напярэдадні выбараў і, напэўна, крыху перастараліся, абклеіўшы цэнтр гораду партрэтамі свайго кандыдата. Імя Гермянчука было досыць вядомае, і ён ня меў патрэбы ў рэкламе. Да імправізаванага выбарчага пікету, зладжанага ў цэнтры Сьветлагорску, каля крамы, падыходзілі людзі, і Гермянчук актыўна дыскутаваў на вуліцы з “электаратам”. Ён імкнуўся быць зразумелым людзям у журналісцкай працы і ў звычайнай размове. Затым мы па­­ехалі ў вёску Стракавічы, дзе жыла Ігарава маці.
Мясцовая вертыкаль, як гэта было відаць па працы выбарчай камісіі, мела намер “праваліць” рэдактара “Свабоды”, што ўрэшце і здарылася.
У Ігара заставалася любімая справа – газета, якой ён аддаваў перавагу перад палітычнай дзейнасьцю. “Свабода” была ягоным жыцьцём. Ігар Гермянчук імкнуўся абагнаць час, якога яму не хапала, і вельмі шкадаваў, калі даводзілася адрывацца ад газетных палосаў і траціць час на разьбіральніцтва з надуманымі прэтэнзіямі амбіцыйных чыноўнікаў.
Да жніўня 1991 году “Свабода” друкавалася ў Летуве і Латвіі і толькі пасьля правалу ГКЧП газету дазволілі друкаваць у Беларускім Доме друку. За кебічаўскім часам перасьлед “Свабоды” быў таксама адчувальным. Прыгадаем справу “правай рукі” прэм’ер-міністра, Дзярж­сакратара Савету міністраў па барацьбе са злачыннасьцю і нацыянальнай бясьпецы Данілава, які, між іншым, дамагаўся абвяржэньня зьвестак аб сваёй падтрымцы ГКЧП, хаця гэты факт фігураваў у дакладзе часовай камісіі Вярхоўнага Савету.
Судовыя выканаўцы спрабавалі канфіскаваць выдавецкую тэхніку, арыштавалі рахунак газеты (падобныя метады апрабаваныя ў барацьбе са “Свабодай”, пазьней стануць звычайнымі ў змаганьні з незалежнай прэсай).
У дзень шматтысячнага страйку рабочых, 15-га лютага 1994 году, “Свабода” ня выйшла. Друкаваньне нумару забаранілі, маўляў, у зьвязку з публікацыяй матэрыялаў, якія “заклікаюць да гвалтоўнага зьвяржэньня ці зьмяненьня існуючага дзяржаўнага ладу”. Пасьля нататкі “БЗВ забараніць немагчыма” рэдактару не давалі спакою падпалкоўнікі з аддзелу КДБ па барацьбе з тэрарызмам. Іх цікавіла папярэджаньне арганізацыйнай рады БЗВ тым асобам, якія хацелі здаць Беларусь Расеі. Праз некалькі дзён гэтую заяву агучыў з дэпутацкай трыбуны Лявон Дзейка, каб абараніць права газеты на публікацыю.
Ігар Гермянчук лічыў судовы працэс з высокапастаўленым чыноўнікам бясплатнай рэкламнай паслугай газеце, таму з гумарам ставіўся да такіх зыскоўцаў. Сьмеласьць “Свабоды” была прывабнай для чытацкай публікі і давала ўсе падставы рэдактару для рэзкай ацэнкі друку, цалкам падкантрольнага ўладам: “Каб выпускаць газету, якую купяць, трэба дзьве рэчы: свабода і прафесіяналізм. Калі ж ёсьць праблемы з прафесіяналізмам, то бессэнсоўна дамагацца і свабоды, бо тады – верная сьмерць, можна застацца без кавалку хлеба. Таму зразумела, што з Саўмінам больш надзейна: ён дае грошы і патрабуе толькі аднаго – “трымаць лінію”. Трымайце, хлопцы!”.
Запалохаць Ігара ня мог ні начны наезд мафіі, якая хацела “па-харошаму пагаварыт”, ні стрэлы па вакне звычайнай вясковай хаты ў Калодзішчах, дзе жыў Ігар разам з сям’ёй, ні рабаваньне рэдакцыі, ні пагрозы.
Так, за кебічаўскім часам было цяжка, але на дзяржаўнай арэне зьявіўся іншы кіраўнік. Сваімі дзеяньнямі, як адзначае Ігар Гермянчук, новы лідэр засьведчыў: “Ён ня спыніцца ні перад чым, ён гатовы рабіць усё, што заўгодна, не зважаючы ні на законы, ні на тое, які гэта выкліча рэзананс у Беларусі і на Захадзе... Удумліва прааналізуйце сітуацыю, і вы прыйдзеце да высновы, што і палітычныя арышты, і загадкавыя забойствы палітычных лідэраў і актывістаў, і танкі на вуліцах – усё гэта цалкам верагодна... Відавочна, што галоўным ягоным апірышчам будуць КДБ, міліцыя і ўнутраныя войскі. А які ў гэтым выпадку можа быць сцэнар уратаваньня – зразумець няцяжка”. Нагадаю, гэта напісана ў сьнежні 1994 году.
Ствараючы газету, Ігар Гермянчук імкнуўся менавіта да заходняга стандарту журналістыкі, абранага своеасаблівым узорам. Трымаючыся жыцьцёвага прынцыпу “шукаць і гаварыць праўду”, ён зьвяртаў увагу, што падобным прынцыпам кіруецца ўся свабодная прэса сьвету: “Розьніца хіба ў тым, што шукаць і распаўсюджваць аб’ектыўную інфармацыю нам больш складана, чым калегам-журналістам у свабодных краінах. Нашу журналісцкую дзейнасьць спрабуюць абмежаваць рукамі Пракуратуры РБ, судоў, мі­ністэрства юстыцыі, дзяржкамітэту па друку і іншых грозных кантораў”.
На той час улады мелі на мэце зачыніць газету “легальным” чынам, праз суд. З Дзяржкамітэту па друку пасыпаліся папярэджаньні, якіх урэшце набралася ажно пяць. Пачалі з артыкулу “Як судзілі – ведаем. А хто судзіў?”, у якім цэнзары ўбачылі “грубую спробу дыскрэдытацыі судовай сістэмы”. Абскарджаньне гэтага папярэджаньня ў судзе рэдакцыя прайграла, але асноўныя падзеі разгортваліся ў 1997-м, калі Ігар планаваў зрабіць “Свабоду” самай масавай газетай у краіне і наладзіць штодзённы выпуск.
У артыкуле “Што чакаць ад “Свабоды” Гермянчук трапна заўважыў: “Газета працягвае выходзіць легальна, хаця і з пятлёю на шыі”. Дзяржкамдрук настойваў на забароне выданьня і для гэтай мэты ў якасьці ката быў абраны Вышэйшы гаспадарчы суд. “Па сутнасьці, у падобнай сітуацыі (з пятлёю на шыі) знаходзіцца цяпер усё грамадзт­ва. Многія церпяць і гатовыя цярпець далей. Мы ж мірыцца з гэтым ня хочам і ня будзем. Няўжо ўлады разьлічваюць, што яны забароняць СВАБОДУ і мы спакойна гэта праглынем? Нічога падобнага! Газета ўсё адно будзе выходзіць, але падпольна. Безумоўна, гэта крайні варыянт. Хацелася б верыць, што скарыстоўваць яго не давядзецца”, – адказваў уладам Ігар Гермянчук.
Пасьля аднаго з апытаньняў чытацкай думкі газеце быў выказаны папрок, што яна занадта шмат увагі надае “ўсенародна абранаму”, аднак гэта было не што іншае, як адлюстраваньне тагачаснай палітычнай сітуацыі ў краіне, а палітыка заставалася прыярытэтнай на старонках газеты. Рэдактар тлумачыў гэтую акалічнасьць: “Нам таксама гэты герой ужо надакучыў. Але ж ён настолькі працавіты чалавек, што амаль кожны дзень выдае сюрпрызы, вартыя ўвагі чытачоў. Ён такі ўсюдыісны, што без ягонага бласлаўленьня ў гэтай краіне можа хіба што толькі сонца ўзыходзіць”.
Для Ігара Гермянчука самае каштоўнае было ў газеце – якасныя, аператыўныя, цікавыя навіны. Бадай, гэта было асноўным, за што любілі “Свабоду”. Калі навінаў не было, а такія дні здараліся, то Ігар казаў, што іх трэба рабіць. У 1997 годзе газета выходзіла тры разы на тыдзень, і асноўная яе пазіцыя заставалася нязьменнай – незалежнасьць, дэмакратыя, рынкавая эканоміка. “Мы будзем дамагацца ад уладаў такога парадку ў краіне, каб людзям не даводзілася пакідаць сваю Бацькаўшчыну ў пошуках свабоды і лепшай долі”, — пісаў Гер­мянчук.
Улада адказвала цынічна і нахабна: Вышэйшаму гаспадарчаму суду было даручана ўрэшце рэшт паставіць кропку і разабрацца са “Свабодай”. 24 лістапада 1997 году суддзі Клімянковай спатрэбілася ўсяго 15 хвілінаў, каб вынесьці небывалае ў краіне рашэньне аб закрыцьці газеты. Пасьля суда Ігар Гермянчук заўважае: “Мы не зьбіраемся мяняць сваю прафесію, не зьбіраемся зьязджаць з краіны”. Ягонае стаўленьне да палітычнай эміграцыі было адназначным: яна не прыймалася, бо для палітыка такі крок зьяўляецца памылковым і тупіковым. Асоба павінна фармавацца на тутэйшым матэрыяле, якім бы горкім і агідным ён ня стаўся. Страчваючы Айчыну – губляеш аснову.
Гермянчук умеў трымаць удар, і гэты ўдар быў жорсткім. Ён ведаў, што, так ці інакш, яму наканавана месца ў гісторыі Беларусі, як рэдактару першай свабоднай газеты. Але ў яго адбіралі апошняе, што ён меў, ягонае дыханьне. Зноў сельсаветчыкі і тая ж “тройка”!?
Закрываючы газету, улады прайгравалі і паказвалі сваю слабасьць. Спыненьне выданьня адбывалася на фоне сапсаваных адносінаў з еўрапейскімі міжнароднымі арганізацыямі, з вольным сьветам. За ўсё гэта ўлада адпомсьціла “Свабодзе”. Міжнародная супольнасьць адгукнулася на яе закрыцьцё адназначна негатыўна, і па гэтай рэакцыі можна меркаваць, якую палітычную вагу мела газета.
“Улада, якая зьнішчае свабоду слова, пацьвярджае сваю таталітарную сутнасьць”, – адзначылі ў адмысловай заяве пяцёра рэдактараў вядомых выданьняў Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыны, Славакіі і Расеі. Дэпутаты Бундэстагу, а сярод іх імя вядомай цяпер Уты Цапф, у сваім лісьце да беларускіх уладаў патрабавалі: “Вярніце свабоду “Свабодзе”! Без свабоды прэсы дэмакратыя жыць ня можа”. Аднак кіраўніцтва Беларусі не на­давала значэньня пратэстам. “Свабода” працягвалася ў Інтэрнэце, а праз некалькі месяцаў пачалося выданьне газеты “Навіны”, у шапцы якой яшчэ доўгі час зьяўляўся стары свабодаўскі лагатып. Але нават гэты сімвал апальнай газеты па патрабаваньні Дзяржкамдруку давялося зьняць.
Якая настальгія па свабодаўскім часе, па новым нумары “Свабоды”, на якой выхоўвалася цэлае пакаленьне! Згадаю тэлефонную размову з Ігарам Гермянчуком, тады ўжо рэдактарам часопісу “Кур’ер”. Гэта была апошняя нашая размова. Ён пакінуў для мяне тэму артыкулу ў часопісе. На жаль, не хапіла часу, але спадзяюся, што ў разьвіцьці гэтай тэмы будзе і мой асабісты працяг размовы з Ігарам Гермянчуком, які застаецца для мяне прыкладам у стаўленьні да журналісцкага слова і да жыцьця.
Мяняюцца зімы, сыходзяць сьнягі. Застаецца Слова.
Люты, 2003