12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Дэбіш

_____________________
Жыцьця мацнее прага.
Вершы

Пеўнік

На Пакровы бацьку пахаваў…
Сьнег ішоў, такі бялютка-чысты.
Плакаў я.
А на двары сьпяваў
Бацькаў пеўнік, звонкі, галасісты.

Я забіць яго хацеў…

Найвялікшы быў тады мой гнеў.
Я падняў сякеру.
І, магчыма…
Ды жахнуўся – пеўнік на мяне
Паглядзеў бацькоўскімі вачыма.


* * *
Душа – турма, куды сьвятла праменьні
Праз краты думак рэдка далятаюць.
На дне яе такія спусташэньні,
Мярзоты гэткія… Я зазірнуў. Я знаю.

О смутак! О журба! Іх сьлед ня сьцерці
Ні смакам славы, ні сяброў увагай…
Мацнее і расьце жаданьне сьмерці,
І, разам з тым, жыцьця мацнее прага.


Сьнежная ноч

Сьнег ідзе ўсё, ідзе. Я люблю сьнегапад.
Зацярушаны сьнегам дарога і сад.
Люты коўдру касматую белую тчэ.
Вунь ліхтар, ён заблытаўся
ў зрэбным няісным сьвятле.
Гоніць вецер халодны, нібы акіян,
Хвалі сьнежныя… Сьнежны ахутаў туман.
Горад сьпіць. Навакол ні людзей, ні сьвятла.
Толькі морак начны ды начная імгла.


Раб і кат

Я – раб твой, любая. Тваіх
Хімераў, выдумак, жаданьняў.
Служыць табе – маё прызваньне
І цэлы век, і кожны міг.

Я – раб твой, любая… Ці кат,
Тваім валодаючы целам,
Кахаць цябе адчайна-сьмела
І ў сьнег, і ў дождж, і ў лістапад...
Я – раб твой, любая. Ці кат?..


БЕРАСЬЦЕ (1830)

Касьцёлы… Вежы… Брукаванкі.
Быў горад. І, раптоўна, зьнік.
Ды й сёньня Дух жыве паганскі…
Адчайны, сьлёзны чую крык:
“Памілуй, Божа, і даруй!” –
Дзіцятка просіцца малое.
Цар не пачуе. Бо цару
Расейскаму ўсё тут чужое:
І мова, і народ. Тыран
Ня знае літасьці. І Бога
Маліць дарэмна… Гвалт і страх.
Храм зьнішчаны… Дамы гараць.
І ад мінулага нічога…
Адзіным росчыркам пяра.


Старая хата

Старая хата.
Зайду.
Тут жыў мой бацька.
Шафа, пакрытая пылам.
Стол.
Іржавы ложак –
Прылягу на хвіліну.
Прыціснуўшы да сэрца
Цьвілую падушку,
Праплачу ўсю ноч…
А раніцай выйду адсюль шчасьлівым.