12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Аляксей Нічыпорка і Рудольф Гес. Паэма
1.
У суботу 10 траўня 1941 году а шостай вечару намесьнік Гітлера Рудольф Гес выляцеў з Аўгсбурга на сваім асабістым “Месершміце” ў напрамку Вормса.
Шмат рызыкі чакала наперадзе, і дзеля спакою Рудольф Гес дэкламаваў астралагічны вершык уласнага крэмзаньня:

Трэба сябе хваліць
Хоць раз, хоць калі,
Хоць адным,
Але ласкавым словам, —
Гэтак жа,
Як невідушчы хваліць зоркі.

Верш ажыўляў тыя пачуцьці, якія ўпершыню прыйшлі ў душу падчас першага самастойнага палёту ў траўні 1918-га, калі ён, малады лейтэнант, вучыўся лётаць на біплане “Альбатрос”.
А пачуцьці былі такія: ён ня проста звычайны Рудольф, ён — эпічны герой Зігфрыд, што па дарозе на Вормс забівае пачварнага Цмока.
Аднак жа Вормс — толькі пачатковы напрамак палёту.
Шлях быў няблізкі, за межы Рэйху — ажно ў Шатландыю.
Каб шчасьліва адужаць небясьпечную дарогу, якраз і трэба адчуваць сябе эпічным асілкам...
Перад вылетам ён загадаў зьняць з самалёта гарматы і кулямёты.
На Брытанскіх выспах павінны ацаніць гэта, бо няўзброены сама­-лёт – вобраз дружалюбнасьці.
Хваляваньне насычала кроў, і ён узбуджана гладзіў сваё правае калена, як гэта рабіў на Берлінскай Алімпіядзе сам фюрэр...
А яшчэ ён думаў пра маленькага Вольфа.
Думкі пра сына найбольш супакойвалі.
Раніцай ён удосталь нагуляўся з Вольфам у сваім садзе.

2.
У гэты ж дзень і ў гэты ж прыблізна час жыхар Давыд-Гарадка бон-дар Аляксей Нічыпорка гаротна сядзеў на сваім падворку, намёртва стуліўшы ўчарнелыя ад моцнага душэўнага болю вусны; сядзеў, не варушыўся і пакутліва прыслухоўваўся да таго, што рабілася ў ягонай хаце.
У хаце, здаецца, нічога й не рабілася, адно — на ўсе іконы хрысьціўся глухі Аляксееў бацька Максім, ляжала на ложку вельмі хворая пяцігадовая Волька, а ў калысцы толькі што заснула самая меншая — Валя.
Дзьве ж старэйшыя дзяўчынкі Ганна і Люба бегалі па двары, гулялі ў хованкі...
Сёньня бальшавіцкі лекар сказаў Просі, Аляксеевай жонцы, што Волька месяцы праз два можа памерці, калі яе не лячыць.
З выпісаным рэцэптам заплаканая Прося пайшла ў аптэку Кап-ліньскага...

3.
У Рудольфа Геса былі дакументы на імя капітана Люфтвафэ Альфрэда Хорна.
З іншага — меў пры сабе аксамітную пушачку з двума Жалезнымі Крыжамі (узнагароды спатрэбяцца, калі давядзецца выступаць у парламенце!), маршрут палёту, тапаграфічную карту Паўднёвай Шатландыі, пляшку ружовага віна (адзін глыток надоўга вяртаў бадзёрасьць!), пісталет сістэмы “Вальтэр”, але без патронаў (таксама ж, каб нават і гэтым паказаць дружалюбнасьць свайго рызыкоўнага прылёту), некалькі сямейных фотаздымкаў і — самае галоўнае — схаваны ў падручніку па астралогіі ліст да герцага Гамільтана.
Экзальтаванае шкадаваньне агортвала Рудольфа Геса: адно месца ў “Месершміце” пуставала, а там жа магла б сядзець жонка Ільза з маленькім Вольфам.
І хоць тое было немагчыма, усё ж вельмі хацелася, каб у такі гістарычны момант самыя блізкія людзі знаходзіліся побач і адчувалі кожны па-свойму, што момант сапраўды гістарычны, бо ён – іхні муж і бацька Рудольф Гес — імкнецца памірыць два вялікія арыйскія народы, паміж якімі не павінна быць вайны.

4.
Аляксею Нічыпорку трэба было не сядзець, а працаваць — работы ж у двары, як і заўсёды, да гібелі.
Найперш чакала недаробленая бочка шкляра Нахіма Машэевіча і недаробленая дзежка каваля Лезара Пейсаховіча.
Аднак жа гэблік, шархебель, склобка, струг, набівач, спуст, дола-та, сьвердлік, разьмер-цыркуль, лучковая пілка, нацягіч, навёртка, дор-нік – і нішто іншае не трымалася ў руках.
Ведаў, як шмат працаваў яго бацька Максім — таксама ж бондар; не кідаў работу й тады, калі хварэлі дзеці.
А вось ён чамусьці ня можа, занядужала дачка, і апусьціліся рукі.
Ён мала робіць, а трэба ж больш, бо чым больш робіш, тым бліжэй да Бога.
Так заўсёды кажа бацька.
А яшчэ бацька гаворыць, што чым далей, тым людзі будуць рабіць усё менш і менш і гэтак назусім адсунуцца ад Госпада.

5.
Усё адбывалася паводле дакладных разлікаў і ўсё знаходзілася на сваіх прызначаных месцах.
Урэшце — усё Рудольфу Гесу падабалася: і надзейны гудат руха-вікоў, і дакладныя паказаньні прыбораў, і моцнае радыё, у якім чуліся ня толькі нямецкія паветраныя перамовы – англійскія таксама.
Яму падабалася й новая ягоная абмундзіроўка — нябеснага колеру кашуля і гэткага ж колеру гальштук; лётны, толькі што пашыты, мундзір; цёплыя, на сабачым футры, чаравікі.
Праляцеўшы над Вормсам і Бонам, ён упэўнена кіраваў сваю магутную машыну далей, на галандскае астраўное мястэчка Дэн-Бург, на сігналы радыёстанцыі ў Калунборзе.
“Я, прадстаўнік фюрэра і вялікай Германіі, буду не прасіць, а па-трабаваць міру! — гэтак сам сабе мроіў. — Англічане павіны зразумець, што за апошнія гады палітычнае становішча ў сьвеце зьмянілася канчаткова, і Брытанія ўжо не галоўная краіна Еўропы... Яны павінны здагадацца: мэта фюрэра — не пусьціць бальшавізм у Еўропу... Вайна супраць СССР — неабходнасьць... Аднак жа гэтая вайна мусіць перарасьці ў вайну ўсяго Захаду супраць дзікунскага Усходу!..”

6.
Неспакой усё мацней сьціскаў душу, і, каб даць сабе хоць якое адхланьне, Аляксей Нічыпорка глядзеў на сваіх большых, на іхнюю бесклапотную гульню ў хованкі...
Вось Ганна хаваецца за гурбаю арэхавых абручоў.
Люба шукае і хутка знаходзіць Ганну. А тады ўжо зьбіраецца шукаць Ганна і таксама хутка знаходзіць Любу, якая хавалася за гураю колатых дубовых і сасновых клёпак.
У хаце пакуль што ціха, адно чуецца бясконцая малітва старога Максіма...
У хортцы бразнула клямка.
Гэта ж, мусіць, з аптэкі вярнулася Прося?!
Аднак жа не.
У двор увайшоў шкляр Нахім Машэевіч, а за ім — каваль Лезар Пейсаховіч.
Шкляр пачаставаў дзяўчатак цукеркамі, а каваль даў ім пернікаў.

7.
Маршрут палёту ляжаў над Рэйнам да Эмерыха, а пасьля — да ракі Эмс.
Далей пачыналася Паўночнае мора.
На чульлівага аскета Рудольфа Геса мора ўзьдзейнічала містычна.
Ён да самазабыцьця любіў бясконцую прастору вады.
Бераг дзяцінства быў егіпецкі.
Зрэшты, хутка гэты бераг зробіцца нямецкім.
Афрыканскі корпус Ромеля пакажа незгаворліваму Чэрчылю каму па-сапраўднаму павінен належаць Егіпет...
Як зачараваны, Рудольф Гес кружыў над вялікаю вадою.
Удосталь налюбаваўшыся небясьпечнаю прастораю, запусьціў кіна-камеру: гэтым краявідам, вядома, пазайздросьціла б Лені Рыфеншталь!
Аднак жа адначасова здымаць і кіраваць самалётам — занятак не зусім просты.
Балюча заныла левае плячо: засьвярбелі даўнія раны, атрыманыя пад Вердэнам і ў Трансільваніі.
Выключыўшы камеру, паклаў яе на падручнік па астралогіі, — акурат на ліст да герцага Гамільтана.
У лісьце ж такія простыя і справядлівыя словы: Германія дзейні-чае ў Еўропе, Брытанія — у сваіх калоніях... Вайну паміж сабою неабходна спыніць... Магчымая толькі сумесная вайна супраць бальшавікоў...

8.
Нахім Машэевіч і Лезар Пейсаховіч прынесьлі грошы.
“Але ж я яшчэ не зрабіў вашую работу!” — зьдзівіўся Аляксей Ні-чыпорка.
“Нічога, работа ня вельмі пільная, — пачуў Аляксей, — а грошы мы даем наперад, бо ведаем, што ў цябе захварэла трэцяе дзіця”.
Зноў бразнула хортка.
Гэта ўжо нарэшце вярнулася Прося.
Заместа лекаў яна прынесла звыклую навіну — і Капліньскага арыштавалі, і ў ягонай аптэцы трусяць.

9.
З Калунборга ішла трансляцыя “Урачыстай месы” Бетховена, і гэта быў добры знак, бо Рудольф Гес гэтак жа любіў Бетховена, як любіў мора.
Дачакаўшыся першых зорак, выпіў крыху ружовага віна, яшчэ раз успомніў, што “трэба сябе хваліць...”, уявіў, што сам ён – нябеснае цела і, як у егіпецкім дзяцінстве Біблію, пацалаваў падручнік па аст-ралогіі.
І толькі пасьля гэтага павярнуў свой “Месершміт” дакладна на захад ад Калунборга.
Наперадзе была Шатландыя...
Так, ня Вагнер, а менавіта Бетховен любімы кампазітар, і гэта, дарэчы, адзіная таямніца, якую ён асьмельваўся хаваць ад фюрэра. Аднак жа, калі гээтая будзе шкодзіць ідэі абсалютнага падпарадкаваньня Адольфу Гітлеру, тады ён, Рудольф Гес, назаўсёды адкіне яе і ўголас абвесьціць: “Мой любімы кампазітар — гэта любімы кампазітар правадыра: Рыхард Вагнер!”
Супакоены такім скуткам, адчуў палёгку і ўпэўніў сябе, што выканае сваю пачэсную місію.
Яму дапаможа ўласнае лётнае майстэрства і палітычна-уплывовы герцаг Гамільтан.
Яму дапамогуць зоркі.
Яму дапаможа нават і тая выпадковасьць, што любімы яго англійскі фільм “Жыцьцё бенгальскага ўлана” — гэта ж любімы фільм і герцага.
Да ўсяго яшчэ герцаг — палкоўнік авіяцыі.
Яны — лётчыкі!
Лётчыкі ж заўсёды дамаўляюцца...
Аднак жа адбылося так, як захацелася лёсу.
10 траўня 1941 году Рудольф Гес даляцеў такі да гасподы свайго знаёмца герцага Гамільтана, але быў арыштаваны і знаходзіўся за кратамі ажно да самай сьмерці — да 17 жніўня 1987 году.

10.
А 7 ліпеня 1941-га, як толькі ў Давыд-Гарадок увайшлі немцы, Прося панесла Вольку да іхняга лекара.
Той адно разьвёў рукамі — позна.
Прося заплакала.
Суцяшаючы яе, лекар па-польску сказаў, каб Германія ня ўлезла ваяваць з Англіяй і прышла б у Давыд-Гарадок раней, — дзіця можна было б выратаваць...
Прося хавала Вольку з Ганнай і Любай — без Аляксея: чырвонаармеец Нічыпорка гінуў у гэтыя дні недзе пад Жлобінам.
Паўз могілкі некалькі обершутцаў гналі забіваць шкляра Нахіма Машэевіча і каваля Лезара Пейсаховіча.
І ўсьлед за імі гналі ў яму яшчэ сотні такіх як яны шкляроў, кавалёў, краўцоў, гарбароў, кушняроў, рымараў, крамнікаў, шаўцоў...
Пахаваўшы Вольку, Ганна і Люба бегалі глядзець у тую яму і на ўсё жыцьцё запомнілі: чалавечая кроў ня тоўпілася ў глыбокім доле і вылівалася з яго, як з вялізнай, перапоўненай балеі.
Ах, Божа ж, ты мой...
А тым часам нямоглы Максім вынес маленькую Валю ў двор і паклаў спаць у сасновыя стружкі.
У хаце баяўся пакідаць адну, бо мог не дачуць, калі што якое...
Перахрысьціўшы дзіця, стары ўзяўся дарабляць Нахімаву бочку, каб за ёю дарабіць і Лезараву дзежку.