12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Федарэнка

_____________________
Графіці.
Апавяданьне

Мой сусед Іван, як толькі падап’е ў кампаніі, так заводзіць адну й тую ж пласьцінку: пачынае скар­дзіцца, што ў свой час ад уладаў пацярпеў. “Каб ня гэтая пляма на маёй біяграфіі, — так і кажа ён, — я б цяпер, можа, не баранак круціў, а чалавекам быў бы”.
І замаўкае.
Натуральна, адразу пачынаецца — што, ды як, ці не рэпрэсаваныя сваякі тут замешаныя, ці не крымі­нальная якая дурасьць па малалецтве?
Аказваецца ж вось што.
Даўно, калі Іван наш быў яшчэ Іванькам-пяцікласьнікам, у іх у школьным калідоры вісеў плакат, “Вучыся плаваць” (выдатна помню яго, хоць і розных мы з Іванам гадоў і ў розных школах вучыліся): плывец на баку, з ненатуральна паднятай рукою, з мёртвай усьмешкай на сінім твары, ня столькі на сьпецыяліста па плаваньні падобны, колькі на тапельца, што ўсплыў на паверхню, паказаў пару прыёмаў-практыкаваньняў і цяпер спакойна сабраўся сабе назад на дно… Дык вось. Аднойчы на плакаце, у ніжняй яго частцы, прыкладна на жываце тапельца-інструктара зьявіўся надпіс:
“Адзін за ўсіх — усе за аднаго!”
Надпіс як надпіс. Яшчэ і не такія зьяўляюцца. Акрамя, канешне, крыху падпсаванага школьнага інвентару, дык і тое лёгка было паправіць — ну, зацерла б прыбіральшчыца гумкаю, ці лязом сашкрэбла, ці палоскай паперы заклеіла — і ўсе праблемы, пасьмяяцца і забыць.
Аднак жа нічога падобнага. Ці то час нейкі такі выпаў, калі Тацяне Парфіраўне, дырэктарцы, а менавіта яна адразу ж, рукавы закасаўшы, узялася за расьсьледаваньне, больш рабіць не было чаго, ці то вырашыла яна ў зародку прыдушыць малое, каб ня мець пасьля справы з большым і горшым, ці то проста ўмяшалася ва ўсё гэта самая звычайная містыка і Іванаў (на яго чамусьці першага ўпала падазрэньне) чорны анёл прачнуўся… Хто ведае! І тады прычына, з чаго, з якой трасцы разгарэўся сыр-бор, была загадкаю, а цяпер, праз столькі год, і падаўна.
Карацей — нават па самых строгіх мерках нязначнай гэтай падзеі надаецца раптам самая сур’ёзная ўвага. Роўная, можа, цяперашняму ананімнаму званку аб тым, што школа замініраваная, альбо што ў кабінеце хіміі разьбіўся літровы слоік ртуці… Штось такое. Вядуць Іваню ў настаўніцкую. Пад прыцэлам паўтара дзесятка пар вачэй, у каго зларадных, у каго спагадлівых, у каго абыякавых, пачынаецца допыт.
“Што ты хацеў гэтым сказаць?”
“Нічога, бо гэта не я”, — напачатку сьмела, нават весела адказваў Іван. Яму нават шкада крыху было, што хутка, праз якую хвілінку-дзьве, максімум да канца перапынку недарэчнасьць разьвеецца, праўда возьме верх, і ён выйдзе з настаўніцкай такім жа самым, якім пера­ступіў парог. Апраўдацца яму было лягчэй лёгкага. Па-першае, надпіс зроблены чарнільнай ручкаю, а ў яго шарыкавая. Па-другое, почырк — не ягоныя каракулі, а прыгожыя, каліграфічныя літаркі — яўна якогась зубрылы-выдатніка ці “шасьцёркі”-харашыста. Па-трэцяе, надпіс зроблены нізка, а Іван росту высокага, значыць, калі б і прыйшло яму ў галаву пяром высечы гэты нявінны мушкецёрскі дэвіз, дык нашто б ён гнуўся ў тры пагібелі?
Рэч была ў тым, што яго жалезныя апраўданьні нікому і непатрэбныя былі. Пытаньне зусім ня ставілася, ён гэта, ці хто іншы:
“Што ты хацеў гэтым сказаць?” — вось як з настырнай зацыкленасьцю ставілася пытаньне. Дыялог сьляпога з нямым.
“А што ў гэтых словах такога? — паціснуў плячыма стары матэматык. Нават праз шкельцы акуляраў у добрых яго вачах чыталася няўцямнасьць. — Калі нават і ён — дык што такога?”
“І вам яшчэ трэба тлумачыць, — ужо ў матэматыка ўперыла ледзяны пагляд Тацяна Парфіраўна, — што тут такога?!”
Запахла крамолаю. Справа пачала набываць небясьпечную, двухсэнсоўную, ледзь не палітычную афарбоўку. Івану стала не да сьмеху. Сярод мёртвай цішыні істэрычна віскнула гістарычка:
“Выключыць з піянераў!”
“Бацькоў штрафануць — і баста!”, — басам сказаў фізрук.
“Ды што там — са школы гнаць”, — ці то з іроніяй, ці то ўсур’ёз, нічога ўжо не зразумець было, азваўся географ.
Спалоханы Іван заплакаў...
І гэта часткова выратавала яго. Часткова, бо з піянераў яго ня выключылі і са школы, канешне, ня выгналі, — але адбітак на ім чагось непрыстойнага, замешанасьць яго ў нечым саромным так на ім і засталіся. Не дапамагло нават і тое, што ўжо назаўтра аб’явіўся сапраўдны віноўнік: малакроўная ціхоня-дзяўчынка з паралельнага класу, з касьнікамі, большымі за галаву, падобная на Мальвіну і на П’еро адначасова... “Мы цэнім тваю салідарнасьць, — выслухаўшы яе пакаяннае лепятаньне, сказала Тацяна Парфіраўна, — аднак нельга ж так літаральна разумець, і да дзеяньня прымаць, сэнс дэвізу!” Яна, мабыць, падумала, што дзяўчынка закаханая ў Івана, і знарок бярэ віну на сябе.
Калі б Іван быў большы і разумнейшы, дык мог бы супакоіць душу тым, што не за адно, дык за другое кару нясе. Вадзіліся ж у яго і сапраўдныя грахі: цыгарэт паленьне, шыбка, футбольным мячом высаджаная… Якая розьніца, за што адказ трымаць? Аднак ён быў у тым самым лепшым і самым небясьпечным узросьце, калі пачуцьцё справядлівасьці гіпер-разьвіта, калі немагчымасьць даказаць сваю праўду ўспрымаецца цэлай трагедыяй… Хаця, з іншага боку, усё праходзіць, усё забываецца. Забылася б і тая гісторыя — каб не працяг яе. Пусты той выпадак дурным нейкім чынам прыліп да Івана — радзімай плямаю, жуйкаю да падэшвы, — пачаў жыць разам з ім і міжволі ўплываць на яго характар, паводзіны і нават на лёс. Мянушка ў яго зьявілася — Пісака, і калі, падчас звычайных хлапечых разборак, дражнячыся, хацелі мацней, больш балюча яго ўкалоць, дык са злосьці замест сярэ­дзіннага “а” выкрыквалі “я”.
Мяняліся настаўнікі, на зьмену старым прыходзілі новыя, і ім, характарызуючы вучняў, пра Івана, нібы эстафетную палачку, перадавалі: неблагі, старанны хлопец, але вось рукі нячыстыя… Так дабыў ён да восьмага класу. І калі прачытаў на сябе характарыстыку — у цэлым станоўчую, з маленькай прыпісачкай у канцы: “схільны да псаваньня школьнай маёмасьці…”, ён успрыняў яе амаль спакойна. Тым больш гэта ўжо была праўда. Папсаваў ён за апошнія гады і школьнага інвентару, і настаўніцкіх нерваў.
Хапала пасьля ўсяго ў жыцьці. І ён крыўдзіў, і яго крыўдзілі — і заслужана, і незаслужана, і па-ўсялякаму… Але нічога падобнага на той першы выпадак, на тую горыч, прыкрасьць, адчай ён ужо не адчуваў і блізка. Стаўшы дарослым, ён, падобна многім і многім, прыняў як панацэю на ўсе выпадкі жыцьця пару агульных ісьцінаў, кшталту: “Няма нічога тайнага, што не зрабілася б яўным” і “Рукапісы не гараць”, і кіраваўся імі — гэтым, па вялікім рахунку, жалезабетонным глупствам, бо, прыгледзеўшыся, убачым адно тайнае вакол нас, без на­дзеі на разгадку, а рукапісы гараць, патрэскваючы, часта яшчэ і разам з рукамі, што іх пісалі…
Ня так даўно, стоячы ў чарзе ў гастраноме перад сівенькай гарбаценькай бабулькай, Іван раптам прызнаў у ёй… дырэктарку Тацяну Парфіраўну! І яна яго. Адышліся ўбок, разуспаміналіся. Бабулька пусьціла сьлязу — яе ўсе старыя настаўнікі пры сустрэчы з былымі вучнямі пускаюць.
“А помніце той выпадак, Тацяна Парфіраўна? — не ўтрымаўся Іван. — Дзеля ўсіх сьвятых — растлумачце!..”
Бабулька высмаркалася і адказала ціхім, і разам з тым цьвёрдым, го­ласам:
“Я цябе вельмі люблю, Іваня. Але зрабіў тое ты”, — і відаць было, што гэтае перакананьне яна забярэ з сабою ў блізкую магілу.
Шмат чаго загадкавага на сьвеце!
11. 04 — 11. 05. 2003г. Менск.