12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрка Голуб

_____________________
Ад пяшчоты да злосьці.
Вершы

Наезд на Кромані

Зьмяркала. Вяшчуючы збор,
Паўмесяц вашчыну адкроіў.
Зусім не дэкор, а дакор
Закрэсьліла Кромань.

І шары нябыт не шалеў
У шкельцах бінокля.
На Кромань накінуў шынель
Туман Налібока.

І загваздкай дуба – насьмерць –
Заклініла рух паднябесны:
Каўша сухажыльны асьвер
Ня рыпаў балесна.
Няўклюдна струну шкуматаў,
А тая цярпела.
Вось так і зямля на кітах
Замучыла цела.

У выхілках полымя – глянь –
Спакуса зьнікала.
І хвалі нягучнае здань
Запала за камень.

На вежы абшарных легенд
Басяк не галёкаў.
Паклаў незаплюшчаны ген
Далонь пад галоўку.

2

Загорнуты сну лемантар
(Хоць бухай з гарматы!)
Паміж кнігазбораў лятаў,
Ну, рыхтык, граматык.

Абвестка пытала пасьля
У спосаб каронны:
Навошта пісак пасылаць
Бяз сэнсу на Кромань?
……………………………

На седале сонцу пякло.
Круціла пясчугу на лядах.
І падаў на зломе паклон
Пад колы балады.


Пад шалямі

Злуе сабачы брэх:
Заела жытка злая.
Вавёрка дзьме арэх.
Хрумсьціць капустай заяц.

Кастрычніцкі запал
Пад першым лёдам глухне.
Празрысты ліст запаў
Бярэзьніку за вуха.
На зэльвенскі кірмаш
Габлюе клёпкі бондар:
Капейчыны нямаш,
А нос апух, як бонда.

Напеша напрасьцяк
Туман валочыць стому.
Падобна, халасьцяк
Папоўз з чужога дому.

Наперадзе ў брыдзе
Ня чорт грудзіну клычыць
І ў Бога ў барадзе
Сьлязу за дробязь лічыць!

На Шалях зорак шмат:
Любую бабу ўразіць!
Вось чарка. Сала шмат.
Жыву, ва ўсякім разе.


Роспач

Легенду згубіў атаман.
Згібелі палацы.
А згубу нябыт атрымаў,
І памяць палацьме.

Заплечных даробкаў мастак
Карэньне ахайваў.
Ня ржэ заржавелы мустанг
З гаючага гаю.

Той літару кінуў на змор
І раю патрафіў.
Цяперака бронзай замёр
У плесьні метафар.

Захутаны ельнік у жаль
З часоў шарачковых:
Яго апалохаў кінжал…
Згрымелі падковы.

Смакуе лівер з пірагоў:
Ад пуза прыгрэўся.
І страціў надзею прыгон
У лічбах прагрэсу.

Дагледжаны сьвет, бы турма,
Вякамі з ваўкамі.
І попел у шчопцях трымай,
Як стораж вулкану.

На помач заве залатар
З падземнага спрату.
Няўжо і ягоны ліхтар
Судзілі на страту?


Рэльеф

Скарынку сонца напалам
Зламаў заходу бор рукасты.
Вясёлка мёд не дапіла
І зацягнула вузел кайстры.

Каўтаў у схове сухавей
Захраслай глоткай чад кялейны:
Яго каханку салавей
Украў на дзёрзкае калена.

Ды непазьбежна – дзесь пад Спас –
Загадка думкай кіравала,
Што пакрысе сплываў запас
Ня толькі, мабыць, карнавала.

Гамонку вабіў перабор:
Хістаўся звычай незалечны.
А мост з раструшчаным рабром
Усьлед за полазам заенчыў.

Сьпіхнула зорку на сумёт
Гурма суродзічаў на кручы,
А ёй хацелася самой
Ляцець і цешыцца бліскуча.

Схіляла ноч спакусны стан
У кажушку, як барва печы,
І мела вызнаную з тайн,
Калі нямка рабіла пеўчым.


Драматургія ядлоўца

Дзейныя асобы, або картка пралогу:
Ядловец звычайны (juniperus communis):
з роду хвойных, з сям’і кіпарысавых.
Расьце ў падлесках, а таксама на адкрытых пясчаных месцах, на бедных глебах.
Жыве да 800 гадоў і больш.
Асобныя прыкметы: вечназялёны,
мужны, стойкі.

Драма

Баёў дыярама. Засоп
Пад дротам і потам:
За ядлоўцам акоп
Выгрызала пяхота.

Не на зьлёце сьвінец
Драў ядлоўцавы скулы:
Не кальчугай зьвінець
Аб варожыя кулі.

Ён адказны за тыл,
Як заложнік за слова.
Вунь ядловец застыў.
Нібы помнік…
(Заслона.)

Камедыя

На калючках мароз
Назапашвае мосьце.
Ды ядловец ня рос
Ад пяшчоты да злосьці.

Пырснуў іскраў фантан
Ад зялёнай каметы –
Так прыблізна вітаў
Ён прыгонных камедый.

Ды й ці мог скамарох
Сум атрэсьці з галечы?
Ёй ядловец памог
Трэскам з велічнай печы.
І абшару жадзён,
Месяц толькі што ў чвэрці.
На сьцяну – не ў загон –
З печы шаснулі чэрці.

І ядловец матляў
Іх дзікунскае кодла!
Вецер так матыля
Не цягае на модлы.

Падаў вобзем услон:
Рогат сьлізгаў з услона!
А ядловец, як слон,
Трушчыў чорта!
(Заслона.)


Трагедыя

Непадлеглых вякам
Іскра здольная сьцерці? –
Выбухае вулкан
З ядлаўцовае сьмерці.

Божа вольны забраць
Нескароных у помач.
Хто апосталам брат –
Той палае запоўнач.

Міг – яму драбяза:
Ён старэйшы за соймы.
Узьлятае брызант…
Ападае…
(Заслона.)


Эпілог з успамінаў

Каб прайсьці праз чысьцец,
Нібы ў непагадзь лоцман,
Не часьцей, а чысьцей
Б’ецца сэрца ядлоўца.

Там зямляк – як стаяк –
Не ў паўзгібе міністра.
Ён – ядлоўцу сваяк,
Бо таксама смалісты.

Пецярнёй валявой
Бразнуў злодзея ў сані!
Перадаў валавод
Ён ядлоўцу таксама.

Не пакіне кажух
Наапашкі завея,
Дзе ядлоўцавы дух,
Як зямляк, бранзавее.

Як гара ды з гарой
Аб’ядналіся сьпеўна –
Так узьлеску герой
Стаў героем паэмы.

Пракаўтнуўшы камяк
Са слаўцом нескаромным,
Не зграбастаць кумпяк
Вылез з пекла праз комін.

Ён па службе сусек
Даглядаў адмыслова:
Зерне прэч не зьнясе –
Падмятае ядловец.

За загрывак аблаў
Ён сьцярушыць ігліцу.
Эх! Была не была:
Рызыкуе ня гіцаль!

Не з пазнакай на скон,
Скон ня сьведчыць карысьці,
Гадаванец пяскоў,
Пасланец кіпарысаў.

Прагным хрэсту вачам
Край для схову адловіць:
Сьвечкі ўзмах не зачах –
Над узгоркам ядловец.