12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Гібок-Гібкоўскі

_____________________
Ці далёка нам яшчэ да Беларусі?
Эсэ

Неяк давялося прысутнічаць на адной школьнай
вечарыне, напрыканцы якой вучні выканалі цудоўную
песьню Мікалая Сацуры на словы Ніла Гілевіча
“О, як далёка нам яшчэ да Беларусі!”.
Мая суседка, маладая настаўніца, расчуленая
песьняй, з горыччу прамовіла: “Дык колькі ж нам
яшчэ ісьці да Беларусі?!”… На жаль, пытаньне
гэтае сёньня, напачатку ХХІ стагоддзя,
становіцца ўсё больш актуальным
і рытарычным ня толькі па сваёй форме…

У становішчы бурыданава асла
На першы погляд, незалежная краіна Беларусь, як геапалітычная дадзенасьць прызнаная добраю сотняю краінаў, ужо трывала замацавалася ў нашай сьвядомасьці і на палі­тычнай мапе сьвету. Беларусь сёньня — гэта ня нейкі там прывідны ідэал, а аб’ектыўная рэальнасьць. Разам з тым іспыты на незалежнасьць, якія наладзіў нам лёс у апошняе дзесяцігоддзе, мы здаем пакуль што (у адрозьненьне ад іншых былых “сясьцёр” па СССР) пасрэдна. І хоць, напэўна, нельга пакуль сказаць, што правальваем зусім, але прынамсі на сёньняшні дзень відавочна, што цягнем мы на адзнаку вельмі далёкую ад “выдатна”. А ў такіх варунках прэтэндаваць на паступленьне ў элітную ВНУ “Клуб незалежных дзяржаваў” надзвычай праблематычна…
Невысокая адзнака тая выяўляецца ў многіх фактарах: духоўных, палітычных... Але для простых людзей найперш, зразумела, у рэальным эканамічным стане, дакладней кажучы, у важкасьці ўласнага кашалька. Больш за 10 гадоў незалежнага існаваньня не прывялі Беларусь да росквіту. Сёньня становіцца ўсё больш відавочным, што той шлях разьвіцьця, які нам выбралі (у задумцы ён мусіў акамуляваць усё лепшае з двух існуючых у сьвеце эканамічных мадэляў — гэткая спроба скрыжаваньня “бульдога” капіталізму з “насарогам” сацыяліз­му) цяжка назваць плённым. Як вынік, эканамічны стан краіны ўсё больш нагадвае вядомы парадокс абсалютнага дэтэрмінізму – Беларусь становіц­ца падобнай да знакамі­тага бурыданава асла, які так і ня змог зрабіць выбар паміж двума стагамі сена і ў выніку… памёр з голаду…
У якасьці прыкладу нам расказваецца пра посьпехі некаторых азіяцкіх краінаў. Але ж не сакрэт, што тамтэйшыя здабыткі абапіраюцца найперш на спаконвечныя традыцыі так званай “працоўнай этыкі” — фенаменальнай працаздольнасьці і самаахвярнасьці грамадзянаў. Нашая ж сацыяльна-эканамічная “глеба” цяжка ўспрымае чужое “насеньне” і не заўсёды здольная даць добры ад яго ўра­джай.
Зразумела, апынуўшыся на раздарожжы, нашае кіраўніцтва, што мае свае карані ў брэжнеўскім сацыялізме, у пэўнай ступені разгубілася. Нават лепшыя розумы апынуліся ня ў стане разборліва і дакладна сфармуляваць ня толькі эканамічныя, але і галоўныя духоўныя імператывы нацыі. І гэта ў сітуацыі, калі трэба было тэрмінова рабіць рашучыя крокі, калі час жорстка патрабаваў адэкватнай рэакцыі на рэаліі. Але на грандыёзным Перавале Гісторыі лёсаносная рэакцыя, на жаль, аказалася моцна затарможанай...
Нехта сёньня бачыць у такой вось “затарможанасьці” (інакш, кансерватызме — тыповым, дарэчы, элеменце беларускай “памяркоўнасьці”) — станоўчы момант. Маўляў, мы, у адрозьненьне ад нашых суседзяў, здолелі захаваць з нядаўняга мінулага шмат добрага. Што ж, кансерватызм, як якасьць, па самім вызначэньні — рэч, часам, і сапраўды карысная. Але ў сітуацыі станаўленьня незалежнай дзяржавы гэтая якасьць, па сутнасьці, “дапамагла” прасабатаваць рэфармаваньне эканомікі... Вядома, у сёньняшнім моцна ўзаемазьвязаным сьвеце ніякі “сабатаж” ня ў стане спыніць самое эканамічнае разьвіцьцё. У нашым унутраным экана­мічным “арганізме” ішлі і будуць ісьці працэсы “капі­талізацыі”, якія выяўляюцца практычна ва ўсіх сферах жыцьця. Самі па сабе аб’ектыўныя законы эканамічнага разьвіцьця ня ў стане зьмяніць ніхто. А тыя, хто стаіць на шляху такога разьвіцьця, рана ці позна падзеляць лёс вядомай “жабы ў каляіне”… Але час можа быць безнадзейна страчаны...

Усьмешка Беларусі
Разгадка нашага цяперашняга незайздроснага стану, хутчэй за ўсё, хаваец­ца ня столькі ў хібах эканамічных мадэляў... Зрэшты, пакінем аналіз іх сьпецыяліс­там. Нашая галоўная праблема, пэўна, у тым, што займаючыся “базісам”, мы праігнаравалі “надбудову”. Дакладней, угрунтавалі яе на сумніўных старых ідэалагемах, якія ў астатнім сьвеце даўно ўжо скампраметавалі сябе. Тых самых, якія дагэтуль досыць паблукалі ня толькі “па Еўропе”, але і па ўсім сьвеце, і якім нідзе нічога “ня выгарала”!.. У выніку Беларусь нябезпадстаўна лічаць у сьвеце “асколкам Савецкай імперыі”, “камуністычным музеем пад адкрытым небам”. І выяўляецца гэта ня толькі ў зьнешнім “антуражы”: у сьпецыфічным палітычным слэнгу “лідэраў”, помніках былой эпохі, назовах населеных пунктаў, вулі­цаў, і. г.д. Яны, гэтыя праявы – у самім духу і ладзе нашага жыцьця – ад побытавага ўзроўню да высокага дзяржаўнага.
Дарэчы, у сусьветнай практыцы над згаданым “антуражам”, ці, як яшчэ яго называюць — “палітычным іміджам” краіны, працуюць сотні дасьледчых установаў. У нас жа даволі часта ўсё вызначаецца эмацыйнымі імпульсамі кіраўні­коў. Між тым, нават у дачыненьні да асобнага чалавека, праблему яго дэманстратыўнага іміджу псіхолагі лічаць вызначальнай і прапануюць ставіцца да яе толькі сістэмна. Яны сьцьвярджаюць, што ўсе станоўчыя зьнешнія праявы вымагаюць ад чалавека і аналагічных унутраных зьменаў. Нездарма на Захадзе і ў Японіі ў сьвеце папулярны такі лозунг: “Усьміхайцеся!..” Псіхолагі перакананыя, што ствараючы такім чынам вакол сябе станоўчую ауру, чалавек сваёй прыязнасьцю прыцягвае да сябе людзей, а ў выніку лягчэй вырашаюцца ягоныя праблемы… Што ўжо казаць пра цэлую дзяржаву!
Зразумела, і Беларусь таксама імкнецца ўсьміхацца. Але ўсе гады незалежнасьці (за выключэньнем, магчыма, некалькіх першых, калі нашая краіна прэзентавалася сьвету найперш усьмешкаю міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі) тая “ўсьмешка” была крываватай. Беларусь была прыязнаю толькі ў адзін бок – на Усход, усяляк імкнучыся задобрыць сваю суседку Расею. Забыўшыся чамусьці на вядомую народную мудрасьць пра власкавае ягнятка, якое умудралася дзьвюх матак смактаць...
Сьцьвярджаюць, што нашая “аднабаковасьць” — вымушаная, бо іншыя “маткі” нас бачыць не жадаюць... Да таго ж, маўляў, такое нашае стаўленьне да ўсходняй суседкі выяўляе натуральны інстынкт самазахаваньня ўсялякага “ягняці” ў дачыненьні да мацёрага “ваўка”, які намерыўся пад’есьці. Тут, маўляў, хочаш ня хочаш, а ўсьміхацца мусіш!..
Так гэта ці ня так, пакажа час. Гісторыя сьведчыць, што ў палітычнай гульні няма цалкам проігрышных сітуацыяў. Што да нашай усходняй суседкі, то ў яе ва ўсе часы былі ў дачыненьні да нас свае пэўныя (калі хочаце, нацыянальныя) інтарэсы, якія насамрэч выяўляюць здаровы інстынкт мацнейшага да слабейшага. Асабліва, калі праз землі гэтага “слабейшага” воляю лёсу пралягае адна з галоўных сыравінных “дарогаў жыцьця”. Стаўленьне Расіі да Беларусі практычна не зьмянілася за апошнія некалькі стагоддзяў. І сёньня няшмат знойдзецца расія­наў, якія лічаць беларусаў асобнай нацыяй са сваёй уласнай моваю, ужо ня кажучы пра нашае права на суверэнную дзяржаву… Вядомы расейскі ана­літык Барыс Шмялёў (ня блытаць з Мікалаем Шмялёвым) знаходзячыся неяк ў нашай краіне, у размове з аўтарам гэтых радкоў назваў беларускую нацыянальна з’арыентаваную інтэлігенцыю ня болей і ня меней як маргінальнай. Што ўжо казаць пра простых расейцаў! Магчымае “паглынаньне ягняці”, то бок інкарпарацыя Беларусі Расеяй, так званымі “шырокімі масамі” там, у асноўным, успрымаецца станоўча. Частка палітычных элітаў лічыць, што яно можа мець відавочны гаючы эфект на моцна параненае распадам вялікай і магутнай імперыі – СССР — нацыянальнае пачуцьцё расейцаў.
І іншага стаўленьня палітычных элітаў Расеі чакаць ня варта, хоць гэтая краіна і лічыцца сёньня фармальна дэмакратычнай. Глыбокія і даўнія традыцыі азіяцкай гвалтоўнай экспансіі, імперскай экстэнсіўшчыны трывала ўрасьлі ў расейскі менталітэт. Усходні “воўк” яшчэ яўна не дасьпеў нават да такога прымітыўнага лагіч­нага ўсьведамленьня, што “ягня”, калі яму даць падрасьці, будзе нашмат больш карысным... Што станаўленьне і існаваньне незалежнай і моцнай Беларусі на шляху на Захад – безумоўна больш выгадная для Расіі рэч, чымсьці аншлюс яе і ператварэньне ў адну са сваіх правінцыяў... Але, паўторым, такія думкі малахарактэрныя для цяперашніх палітычных элітаў Расіі, за выключэньнем невялікай колькасьці прадстаўнікоў ліберальна-празаходніх палітычных плыняў.
А раз так, то — “Даешь Белоруссию!”...

“Маўчаньне ягняці”
І нашыя ўлады “даюць”!.. Прычым без вялікіх сумненьняў!.. А між тым яны, гэтыя сумненьні, маглі б і быць... Напрыклад, у дачыненьні да ключавой тэзы інтэграцыйнай прапаганды пра незалежнасьць Беларусі ў складзе меркаванага саюзу. Яна настолькі слабая, што не вытрымлівае ніякой крытыкі. Бо нават палітычныя “першакласьнікі” цудоўна ведаюць пра немагчымасьць быць у такіх выпадках “трошкі цяжарнай”… Ці рэальна быць незалежным пад крылом у геапалітычнага гіганта, маючы адзіныя з ім войска, фінансы, эканоміку? Асабліва ў сітуацыі, калі пад самым ягоным чэравам працягвае нарываць сьмяротна небясьпечная чачэнская “скула”, а, значыць, ня зьнікла яшчэ пагроза самой цэласнасьці імперыі? А такая пагроза застаецца для Расіі дастаткова рэальнай, нягледзячы нават на татальную “праполку” мусульманскага “агароду”, што старанна робяць у апошнія гады англасаксы…
Зразумела, “маўчаньне” нашага “ягняці” ў перадпалудзенны час “ваўка” – рэч і насамрэч у многім вымушаная. Грувасткі воз жыцьцёва важных праблемаў трэба цягнуць “здесь и сейчас!”, а ўласных рэсурсаў дзеля гэтага відавочна бракуе. Таму і маўчыць яно, чакае, што скажа, ці вырашыць ягоная сьветласьць, таварыш “воўк”…
Трэба прызнаць, за час знаходжаньня пад цяжкім усходнім “крылом” мы мелі ня толькі ахвяры і страты. Як гэта ні дзіўна, але тады мы пэўным чынам умацоў­валі і свой “нацыянальны рэсурс”. Расея дала нам ня толькі эвалюцыйную звычку да маштабнасьці мысьленьня (“наша Радзіма — ад Брэста да Курылаў!”) і адчуваньне адказнасьці за гэтую маштабнасьць (“рукі прэч ад Грэнады!”), і ня толькі разбуральную мацяршчыну і алкадэградацыю. У стасунках з усходняй суседкай мы мелі магчымасьць сілкавацца і яе немалой культурнай, навуковай ды і эканамічай энергіяй. Ня варта тут падводзіць дакладныя рахункі, хто каму болей пазастаўся вінаваты. Такія рахункі не дадуць ніякога практычнага плёну. Трэба ўсё ж прызнаць, што мы (асабліва ў апошнія 30 гадоў існаваньня СССР!) мелі адносна спрыяльныя ўмовы дзеля разьвіцьця, што дазволіла значнай частцы народу жыць адносна стабільна. Ды і што ўтойваць, пэўны час быць спакойнымі за сваю будучыню… Тут мяне можна абвінаваціць у выкарыстаньні вышэйзгаданых старых ідэалагемаў. Але, як кажуць, з песьні слова ня выкінеш... Нельга не прызнаць, што беларусы ў гэтыя гады і насамрэч мелі не такую ўжо частую ў сваёй гісторыі (хай і мінімальную!) магчымасьць дзеля самарэалізацыі і пэўныя ўмовы дзеля свайго станаўленьня як нацыі. А галоўнае, нягледзячы на ўсе абставіны (часам трагічныя), у гэтыя гады была ўзрошчаная і новая крона нацыя­нальнага дрэва — ягоная нацыянальная эліта, і яе найбольш каштоўны складнік – нацыя­нальная інтэлігенцыя.
Як толькі не называлі нашую нацыянальную інтэлігенцыю: і кішэннай, і дэкаратыўнай, і духоўна незаможнай. Але яна ўсё ж змагла ў вельмі неспрыяльныя часы ня толькі ацалець, але “прарасьці” і выявіць сваю самадастатковасьць ня толькі ў кантэксьце Беларусі. Сьведчаньне таму – значны ўплыў нацыянальнай інтэлігенцыі ў грамадстве ў часы перабудовы і першыя гады незалежнасьці. Немалая яе частка апынулася на чале новай хвалі нацыянальнага адра­джэньня. І як канкрэтнае сьведчаньне – больш за мільён выбаршчыкаў, што ў розныя часы галасавалі на выбарах паводле духоўных імператываў гэтай новай беларускай інтэлігенцыі. Іншая рэч, што той уплыў, той посьпех захаваць і замацаваць яна не здалела… Але гэта ўжо тэма дзеля асобнай гаворкі...
Кажуць яшчэ, што новая нацыянальная інтэлігенцыя змагла падняцца не дзякуючы, а насуперак волі савецкай улады. І тут ня ўсё так адназначна, бо без падтрымкі ўладаў, без яе “прыкормкі”, інтэлігенцыя б проста не змагла б існаваць. Зразумела, ва ўсе часы ўсялякая ўлада, калі дапамагае ўзрошчваньню інтэлігенцыі, то робіць гэта са сваімі пэўнымі мэтамі. Але сам такі працэс увогуле цяжка паддаецца кантролю, а ягоныя “дзеткі” — поўнаму “прыручэньню”. Няўрымсьлівага “джына” – інтэлігенцыю – цяжка ўтрымаць у “бутэльцы”, а дастаткова яго адтуль на імгненьне выпусьціць, і потым даводзіцца дзесяцігоддзямі вылоўліваць яго ды заганяць за краты і на эшафоты…
Але як бы там ні было, менавіта існаваньне нашай нацыянальнай інтэлігенцыі (хай нават у нечым і дэфармаванай) ёсьць самім фактам наяўнасьці беларускай нацыі. Бо пакуль яна існуе нават і ў такім “іміджы” — застаецца і пэўная надзея на новае адра­джэньне нацыі, вера ў тое, што наш дзяржаўны дом будзе ўрэшце адбудаваны…

“Там , наперадзе!..”
Ва ўсіх аналітычных пасьянсах, якія, як правіла, прадказваюць, што Расія інкарпаруе Беларусь, практычна ня ўлічваюцца інтарэсы тых насельнікаў нашага краю, што працягваюць захоўваць надзею на рэальнасьць пабудовы свайго дзяржаўнага дома. Тых, што не паехалі асвойваць прасторы Сібіры, будаваць храмы ў Маскве, азіраць запалярныя пякноты Нарвегіі, апрацоўваць плантацыі ў джунглях Бразіліі ці абпраменьвацца ў лабараторыях штату Ваймонт, а засталіся жыць на сваёй роднай зямлі...
Ня будзем каментаваць песімістычныя прагнозы нашае дзяржаўнай будучыні: яны цалкам палягаюць у рэчышчы звыклай геапалітычнай дыялектыкі. Паўторым толькі: спадзяваньні на тое, што ў выпадку нашага блізкага кантакту (саюзу) з усходняй суседкай і “воўк” будзе сыты, і нашае “ягнятка” будзе цэлым, выглядаюць фантастычнымі. Бо законы ўзаемадзеяньня фізічных целаў з рознавялікай масай яшчэ ніхто не адмяняў. Такі варыянт наўрад ці пакідае беларусам якія-небудзь шанцы захаваць ранейшы статус-кво. Прычым найбольш драматычным ён можа быць якраз для нашых цяперашніх уладных элітаў, некаторыя з прадстаўнікоў якіх, магчыма, і шчыра вераць у такі неверагодны палітычны сімбіёз.
Не сакрэт, што існаваньне суверэннай Беларусі для значнай часткі нашых уладных элітаў стала ня толькі фактарам удалага кар’ернага росту, але і, як гэта ні парадаксальна, у пэўнай ступені, сьветапогляднай канцэпцыяй. Пры страце Беларусьсю суверэнітэту, ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з “прышлым элементам” яны, мякка кажучы, рызыкуюць прайграць. Гісторыя сьцьвярджае, што ў нашых краях такая канкурэнцыя ніколі не вырашалася на карысьць “мясцовых” кадраў. (Чытайце падручнікі па гісторыі, спадары сёньняшнія начальнікі Беларусі!)
Які “элемент” прыйдзе да нас у выпадку “канчатковага вырашэньня праблемы” — тое мы можам лёгка ўявіць, уключыўшы каналы расейскага тэлебачаньня. За апошнія дзесяць гадоў бязьлітаснай напаўкрымінальнай барацьбы за ўладу ў “брацкай” краіне селекцыянаваліся даволі сьпецыфічныя палітычныя элі­ты, для якіх няма нічога сьвятога. На вышэйшых прыступках тамтэйшай са­цыяльнай лесьвіцы нярэдка шчыруюць кадры, якія так і не змаглі спрадуктаваць духоўную ідэю (акрамя, зразумела, ідэі “залатога цяльца”), якая магла б кансалідаваць патэнцыйна магутны народ. Сёньня вялікая Расея, неўпрыкмет стаўшы “как бы” Расіяй (фенаменальна рухомая часьцінка “как бы” паразітуе ў мове расейцаў – ад дворніка да міністра – цяпер ледзь ня сімвал гэтай краіны!), відавочна стаіць на грандыёзных гістарычных ростанях. Выбар у сусе­дзяў даволі абмежаваны – застацца на мінімальна прыстойным геапалітычным узроўні або канчаткова разбурыцца, як гэта здарылася практычна з усімі імперыя­мі. Вяртаньне Расіі ў клуб супердзяржаваў, як пра гэта марыць хто-ніхто – рэч абсалютна нерэальная. Дарэчы, праблематычная для Расеі і магчымасьць стаць раўнапраўным домам” у агульнаеўрапейскай “вёсцы”. Бачна па ўсім, Захад “па сяброўстве” прымеркаваў для Расеі іншую ролю – геапалітычнага буфера ад няўхільнай (гадкоў гэтак праз 20-30!) пагрозы з… Кітаю! Дальнабачная Еўропа ўжо сёньня пачынае ставіць на тым шляху заслону з… “жывога цела” Расеі. І гэта — ня проста скандальныя гіпотэзы палітолагаў. Кітай ужо практычна засяліў далёка­ўсходнія раёны Расеі (тое прызнаюць і мясцовыя расейскія ўлады!) і відавочна не зьбіраецца на гэтым спыняцца... Такім чынам, спадзяваньні некаторых нашых апазіцыйных палітыкаў, што Беларусь можа лягчэй уладкавацца ў Еўропе “разам з дэмакратычнай Расеяй” даволі сумніўныя…
Зразумела, што сёньняшняя Расея – ня толькі крымінал і разбурэньне. Патэнцыял яе застаецца велізарным. Іншая рэч, што апошнія 300 гадоў народ гэтай краіны па вялікім рахунку быў адсунуты ад штурвалу свайго дзяржаўнага карабля — рашэньні за яго часта прымалі іншыя, і не заўсёды на карысьць гэтага народу. Зрэшты, у тым найперш віна яго самога — сьвятое месца ніколі пустым не бывае!.. Хто ведае, ці ня тут — разгадка многіх цяперашніх праблемаў расейцаў?

Збой рытму
У апошнія гады шмат пісалася і гаварылася пра “дэнацыяналізаванасьць” беларусаў, “схільнасьць да пошуку найкарайцейшых і найлягчэйшых разьвіцьцёвых шляхоў”. Гэта цяжка аспрэчыць. Бо такія тэндэнцыі — неад’емная частка нашага менталітэту. Чаму так здарылася?
Аналізуючы галоўныя гістарычныя падзеі і калізіі этнагенезісу беларусаў, няцяжка прыйсьці да высновы: на пэўных этапах відавочна адбылося нешта выключна драматычнае (нават трагічнае!) у нашым лёсе, што страшэнна пахіснула генеалагічнае дрэва беларусаў, падпсавала ягоную крону і пашкодзіла карані, парушыла спаконвечны інстынкт замазахаваньня, які дазваляе захоўваць імунітэт ад зьнешніх неспрыяльных для жыцьця ўзьдзеяньняў. У выніку і адбыўся, вобразна кажучы, пэўны “збой” эвалюцыйна-гістарычнага рытму разьвіцьця нацыі… А менавіта ж захаваньне аптымальнага рытму (а, галоўнае, наяўнасьць адзінага для ўсёй нацыі вектару разьвіцьця) дазволіла сотням народаў сьвету пабудаваць свае трывалыя дзяржаўныя ўтварэньні. Паспрабую выказаць адну з версіяў прычыны парушэньня аднаго з найгрунтоўнейшых і асноватворных інстынктаў народу.
Сёньня шмат пішуць пра гэтак званыя “патагенныя” зоны – лакальныя месцы ландшафту, у якіх дзейнічае адмоўнае энергетычнае поле. Там нельга будаваць жытло, вытворчыя будынкі, бо працяглае знаходжаньне на такіх “нядобрых” месцах негатыўна ўплывае на здароўе чалавека і ўсяго жывога. Дык вось, мяркуючы па ўсім, нашыя продкі калісьці пасяліліся, вобразна кажучы, якраз у такой зоне. Толькі, зразумела, не лакальнай патагеннай, а геапатагеннай… Пусьціўшы карані акурат на энергетычным разломе між дзьвюма магутнымі цывілізацыйнымі плынямі, яны адчувалі перманентнае вялікае напружаньне, ня мелі, як кажуць, магчымасьці і дыхнуць спакойна. Такое месцазнаходжаньне нашай краіны стала адметным знакам усёй гісторыі, вызначальным фактарам разьвіцьця. Пастаяннае напружаньне разбуральна дзейнічае на жыцьцёва важныя “органы” і як вынік — узьнікае парушэньне інстынкту замазахаваньня. Колькі войнаў пракацілася па нашай зямлі з Захаду на Усход і з Усходу на Захад... І колькі разоў паўставаў наш народ супраць экспансіі і з Захаду і, асабліва, з Усходу. Гінулі пры гэтым, як правіла, лепшыя, і лепшыя ж высылаліся і эмігравалі...
Як вядома, галоўнай прыкметай кожнай нацыі ёсьць наяўнасьць нейкага свое­асаблівага ўнікальнага коду адметнасьці, які не дазваляе ёй зьнікнуць у віхурах часу. Гэты код, а, дакладней, своеасаблівы ўзор непаўторнага этнічнага лякала – заключаны ў тысячах вялікіх і дробных рысаў, элементаў, якія і складаюць адметную мазаіку вобліку ўсялякай нацыі. Ён ствараецца цягам не аднаго стагоддзя, не адным пакаленьнем, коштам велізарных ахвяраў. Наш беларускі (ці ліцьвінскі) “ўзор” сваю форму пачаў набываць ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.
І вось сёньня, напачатку ХХІ стагоддзя, контуры такога ўзору-мазаікі зноў пачалі імкліва “размывацца”. Прычыны гэтага і ў неспрыяльных зьнешніх фактарах, найперш у згаданай культурнай і палітычнай экспансіі суседзяў, і ў моўнай асіміляцыі, якая ёсьць прадуктам гэтай экспансіі. (Хаця, бу­дзем аб’ектыўнымі, падобнай экспансіі падвяргаюцца і многія іншыя народы сьвету, якім “пашчасьціла” месьціцца побач з “вялікімі” суседзямі…) Такім чынам, можна канстатаваць у беларусаў парушэньне натуральнага інстынк­ту самазахаваньня. Такі інстынкт, дарэчы, характэрны для практычна ўсялякага асобнага чалавека і патрабуе выкананьня пэўных мінімальных патрабаваньняў засьцярогі па захаваньні душы, свайго роду, сваіх сакральных каштоўнасьцяў, бясьпекі цела. Ён вымагае падтрымліваць на належным узроўні маральнае і фізічнае здароўе, духоўную і маральную гігіену, не дазваляе зьмятаць на свой надворак чужое “сьмецьце”. Парушэньне гэтага інстынкту — рэч увогуле сьмяротная. чалавек у такім выпадку можа проста кінуцца пад колы аўто, бяз роздуму залезьці ў пятлю або ўліць сабе ў глотку які-небудзь “шклоачышчальнік”… А нацыя можа проста зьнікнуць.
У духоўным плане ў дачыненьні да асобнага чалавека інстынкт самазахаваньня выяўляецца ў веры, у дачыненьні да нацыі — у выглядзе пэўнай ідэалогіі. Менавіта ідэалогія магла б стаць тым самым неабходным духоўным начыньнем дзяржаўнай палітыкі нашай маладой незалежнай дзяржавы.

Айсьберг нацыянальнага рэсурсу
У сусьветнай практыцы такая ідэалогія носіць назву “нацыяналізм”. У Брытанскай энцыклапедыі гэтае слова тлумачыцца як — “любоў да сваёй радзімы, патрыятызм”. Менавіта нацыяналізм у ХІХ–ХХ стагоддзях выступаў як магутная кансалідуючая сіла ў барацьбе за нацыянальнае вызваленьне ў Еўропе, а потым у Афрыцы, Азіі і Лацінскай Амерыцы. Для многіх народаў сьвету ён стаў тым “паравозам”, што выцягнуў іх дзяржаўны цягнік з тупіку. Да прыкладу, брытанскі нацыяналізм у свой час (ХVІІ стагоддзе) бы магутным каталізатарам кансалідацыі англічанаў і дазволіў ім узяць самы шпаркі ў Еўропе старт у пабудове капіталізму.
Безумоўна, у нацыяналізме (як, зрэшты, і ўсялякай “анклавісцкай” ідэалогіі) нямала хібаў і слабых месцаў. Але менавіта ад ступені ягонай “учэпістасьці” і залежала ў гісторыі выжываньне той ці іншай нацыі. Якраз ідэалогія нацыяна­лізму рабіла этнасы цэльным арганізмам, дазваляла рэалізавацца. Болей за тое, прадстаўнікі шэрагу філасофскіх школаў якраз і называюць нацыяналізм заха вальным імунітэтам нацыі. У такім ключы выказваўся і выдатны беларускі філосаф ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, які загінуў падчас другой сусьветнай вайны…
Размова тут не ідзе пра ўбогі побытавы нацыяналізм, а пра вышэйшую і найбольш прадуктыўную яго форму — дзяржаўны нацыяналізм (патрыятызм). Якраз ён і мог бы стаць галоўным духоўным начыньнем дзяржаўнай ідэалогіі, ратавальным колам для беларускай нацыі. У тым ліку, дарэчы, і для яе сёньняшніх уладных палітычных элітаў (якія ўжо да самога тэрміну “нацыяналізм” ставяцца скрайне негатыўна)… Такое стаўленьне выхоўвалася ў нас з пялюшак. Нацыяналізм у Беларусі, на жаль, заўсёды блыталі з ягонай радыкальнай формай – шавінізмам, тымі скрайнімі праявамі, што, як пісаў расейскі філосаф Уладзімір Салаўёў, “губяць далучаны да яго народ, робячы яго ворагам чалавецтва, якое заўсёды будзе ў выніку мацнейшым за асобны народ”. Менавіта шавінізм грунтуецца на ўяўленьні сваёй выключнасьці, перавагі над іншымі нацыямі, на ігнараваньні іхніх інтарэсаў. (Найбольш яскравы прыклад гэтай па сутнасьці і патэнцыяле разбуральнай ідэалогіі – нацызм у Германіі). Тэрмін “нацыяналіст” у нас выкарыстоў­ваўся ў выключна негатыўным сэнсе, як “вораг народу”, “шкоднік” і г.д. Многія і сёньня шчыра перакананыя, што нацыяналізм – гэта нешта надзвычай пачварнае і небясьпечнае. Гэтыя людзі, як сказаў адзін мой знаёмы, які, дарэчы, займае немалую пасаду, гатовыя “морды біць гэтым нацыяналістам!” Самыя страшэнныя ярлыкі падчас рэпрэсіяў над “ворагамі народу” ў гады савецкай улады былі абавязкова з прыдаткам “нацыянал”. Нацыяналізм у “сям’і вольнай, новай” быў вялікім грэхам, які караўся бязьлітасна і імгненна. Бо выпадаў з агульнай лініі на нівеліроўку нацыянальных рысаў, стварэньне агульнай звышнацыі. (У пэўнай ступені яна была створаная і атрымала назву — “саўкі”.).
А таму прымем да ўвагі тыповае і масавае стаўленьне нашай грамадскасьці да гэтага шматпакутнага тэрміну і будзем называць яго надалей крыху інакш – нацыянальным патрыятызмам, а яшчэ лепш — нацыянальным рэсурсам...

Усё астатняе – ад “лукавага”
Але хто сёньня мусіць стаць галоўным “каталізатарам” нацыянальнага рэсурсу ў нашым народзе? Безумоўна, “мозг” нацыі, той яе орган, што найперш адказны за яе здароўе — то бок якраз нашыя палітычныя эліты. Такі рэсурс, як натуральная праява інстынкту самазахаваньня нацыі, мусіць ня толькі ўсьведамляцца імі, але і ўсяляк генерыравацца ў масы і плённа выкарыстоўвацца дзеля умацаваньня суверэнітэту, у тым ліку і (як гэта ў нашых суседзяў — украінцаў), на сваю уласную карысьць. Дзіўна, дарэчы, што большасьць сёньняшніх нашых моцных гэтага сьвету тое пакуль ня ўцямілі!..
Якраз нацыянальны рэсурс можа стаць гнуткім і трывалым стрыжнем сістэмнай палітыкі ўлады, эфектыўным інструментам ня толькі самога дзяржаўнага будаўніцтва, але кіраваньня масамі. Прычым (маючы добрую духоўную базу) нашмат больш персьпектыўным і надзейным, чым любыя гвалтоўныя палітычныя “рычагі”. Толькі пры гэтай умове ўлада можа быць моцнай і трывушчай, незалежна ад усялякіх зьнешніх узьдзеяньняў. Усё астатняе – ад “лукавага”…
Менавіта нацыянальны рэсурс (у спалучэньні з вышэйзгаданым нашым традыцыйным захавальным кансерватызмам) можа даць трывалую цэментуючую сумесь дзеля будаўніцтва дзяржаўнага дому беларусаў.
Але дзе сёньня магчыма знайсьці рэальнае сілкаваньне такой ідэі ў нашым дарэшты здэнацыяналізаваным народзе? Большасьць жывых парасткаў нацыянальнага рэсурсу былі “выкарчаваныя” з коранем падчас вядомых нацыянальных “зачыстак” яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Менавіта тады нашаму нацыянальнаму рэсурсу быў, груба кажучы, надламаны хрыбетнік. (Чаго ня здарылася, дарэчы, у той жа Украіне, дзе запас трываласьці “этнамасы” аказаўся значна большым). І такая цяжкая “траўма” ня можа быць залечанай хутка толькі грамадскімі высілкамі, без дзяржаўнай падтрымкі...
Сёньня тых, хто не саромеецца ў Беларусі сваёй нацыянальнай прыналежнасьці (што выяўляецца найперш у карыстаньні роднай мовай) — меншасьць. Але мы ня толькі баімся вярбальна выявіць сваю нацпрыналежнасьць. Не рашаемся гэта зрабіць і графічна. Прынамсі, нацыянальная тэматыка практычна закрытая для дзяржаўных выданьняў, а калі часам і падаецца, то з негатыўным адценьнем. Дзяржаўная сістэма з назовам Беларусь легкадумна падсякае сук, на якім сядзіць! Навідавоку ігнараваньне тых духоўных рэзерваў, якія пакуль яшчэ ёсьць у нашым народзе. Асабліва гэта кантрастна выяўляецца на фоне тых жа ўкраінцаў, якія маюць тут ужо немалы станоўчы досьвед, дзе сёньня “раман дынамічнай жыцьцёвай энергетыкі ўладных элітаў з духоўным патэнцыялам нацыянальнага рэсурсу народу пачынае даваць рэальны плён.
Само па сабе пераўтварэньне дзяржаваўтваўтваральнай нацыі ў нацыянальную меншасьць, рэч, зразумела, парадаксальная. Але сітуацыя не ўяўляецца безвыходнай. Хрысьціянства ўвогуле пачыналася з некалькіх дзясяткаў чалавек. Усё залежыць ад якасьці ідэі, ад яе духоўнай і стваральнай моцы. Зразумела, каб зрабіць нацыянальны рэсурс у Беларусі важкім, простых шляхоў няма. Патрэбна ня толькі згаданае задзейні­чаньне ўсіх дзяржаўных механізмаў, але і, як гэта ні банальна, грунтоўная асьветніцкая праца ў шырокіх масах усіх тых, хто яшчэ ня страціў цалкам свае нацыянальныя рысы і не баіцца іх выяўляць вонкава...
Так, нацыянальна сьвядомых беларусаў пакуль меншасьць і голас іх слаба чуваць у масах. Але гісторыя сьведчыць, што вырашэньне глыбінных праблемаў грамадства па сілах і невялікай групе людзей, пра што сьведчаць прыклады Чэхіі, Нарвегіі ды і Ізраілю. Праўда, яна, гэтая група, мусіць быць абавязкова пасіянарнай — гатовай ахвяраваць сабою дзеля дасягненьня высокай мэты. Нездарма пісаў Кандрат Рылееў: “Ну где, скажи, когда была без жертв искуплена свобода?..” Зрэшты такога кшталту самаахвярнасьць — зусім не сацыяльны алгарытм, а чыста прыродны. Даводзілася назіраць, як група мурашоў адчайна, але мэтанакіравана кідаецца на месца падпалу мурашніка і сваімі целамі закрывае шлях агню да глыбінных яго “скарбаў”.
Зразумела, я не заклікаю тут “кідацца на амбразуру” — нашмат больш каштоўнай ёсьць самаахвярнасьць духоўная. А дзеля яе рэалізацыі патрэбна шмат энергіі і сіла, а самае галоўнае — трывалае духоўнае апірышча – ідэя (дакладная і зразумелая для большасьці!)... Як бачым, кола замыкаецца!..
Такая пасіянарная група людзей пачынае складвацца ў нашым энтасе. Найперш у асяродку моладзі. Задача дзяржавы – не тушыць гвалтоўна гэтую ёмкую і высокую энергію, а скіраваць яе ў стваральнае рэчышча. Бо ідэйныя мэты маладых нацыянальна з’арыентаваных грамадзянаў (як гэта ні парадаксальна) практычна неадрозныя ад стратэгічных мэтаў, неаднаразова заяўленых сёньняшняй палітычнай элітай краіны. І галоўная з іх — захаваць суверэнітэт Беларусі.
Рэсурсы дзеля рэальнага адраджэньня нацыянальнай ідэі беларусаў сёньня ёсьць. Нягледзячы на неспрыяльныя гістарычныя і сучасныя калізіі, гэтая ідэя пакуль ня стала ў нас нечым экзатычным і маргінальным (як бы каму таго ні хацелася). Што самае парадкасальнае — жыцьцяздольнасьць гэтай ідэі выяўляецца ня толькі ў апазіцыйных колах, але даволі часта і на высокіх прыступках дзяржаўнай сістэмы, у чым аўтару ня раз даводзілася пераконвацца. Многія высокія чыноўнікі зусім ня супраць свайго, нацыянальнага. Трэба бачыць, як мяняецца ў многіх з іх голас, выраз вачэй, калі пачынаеш казаць пра прыгажосьць роднай мовы, згадваць іх малую радзіму. Моцна памыляецца той, хто лічыць нашыя палітычныя эліты цалкам дэнацыяналізаванымі. Як толькі ўзьнікнуць спрыяльныя умовы дзеля выяўленьня свайго нацыянальнага, то скрыты патэнцыял выявіцца імгненна. Прычым моўнае пытаньне будзе тады ўвогуле вырашанае беспраблемна…
Зрэшты, “наверсе” нямала і такіх, хто ўжо сьпісаў наш нацыянальны рэсурс у архівы. Але (цытуючы Марка Твэна) чуткі пра ягоную сьмерць вельмі перабольшаныя. Іншая рэч, што, як добра сказаў журналіст Андрэй Дынько, гэтаму рэсурсу ад барацьбы за выжываньне трэба пераходзіць да стваральных задачаў. Аднак гэта ўжо зусім іншы ракурс праблемы, для якога патрэбныя пэўныя палітычныя ўмовы – і найперш — кансалідацыя беларусаў як нацыі.

“Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты няпоўная?!”
У адрозьненьне ад многіх іншых еўрапейскіх народаў, якія мелі ў сваёй гісторыі магчымасьць хоць крыху перавесьці дыханьне і кансалідавацца як нацыя, беларусы такіх “падарункаў” ня мелі. Ворагі білі без перадыху, дакладна і выверана. У першую чаргу па самых жыцьцяважных органах — па “галаве” (выбівалі найперш інтэлектуальных і прафесійна падрыхтаваных), і ў “сэрца” (найбольш індывідуальна выразных, адметных, эмацыйна, пачуцьцёва і творча адораных)… Словам, па тых, хто і быў тымі носьбітамі-захавальнікамі згаданага вышэй выратавальнага нацыянальнага коду. Бо калі нейтралізаваць “пастыраў”, дык лёгка будзе кіраваць “статкам”.
Бліскуча выкарыстоўваўся на нашай зямлі і вядомы прынцып: “Падзяляй і ўладарнічай!” Колькасьць братазабойчых войнаў, што пракаціліся па нашай тэрыторыі, проста ўражвае. Усё гэта ўрэшце адбілася і на якасьці генетычнага “матэрыялу”. Мы ў многім сталіся “няпоўнымі”, прычым, хранічна. Нездарма адна з лепшых нашых народных песьняў, неверагодна ёмкая па сваёй сімволіцы, мае назоў “Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты няпоўная...” Хто толькі за сотні гадоў ні паіў з гэтай “рэчанькі” сваіх коней, хто толькі ні чэрпаў з яе, не турбуючыся пра парушэньне “экалагічнага балансу”! І хоць “баланс” той і быў ад прыроды надзвычай трывалы і стойкі, ён урэшце “ня вытрымаў”.
Зразумела, дзеля таго, каб зьбіць цэлы народ з панталыку, прымусіць яго страціць уласныя арыенціры, зрабіць “падатлівым”, спатрэбілася не адна сотня гадоў. Як ні дзіўна, у гэтай нашай “падатлівасьці” вінаваты… усё той жа інс­тынкт самазахаваньня. Толькі ўжо не духоўны, а прыродны. Не сакрэт, што захаваньне адметнасьці зьвязанае з рызыкай. “Высоўвацца” было заўсёды небясьпечна, што і зафіксавалася трывала ў эвалюцыйнай памяці народа. Куды прасьцей было часам проста схавацца…
Можа, таму і сёньня, праз тысячы гадоў нашай гісторыі не саромеюцца ў дачыненьні да беларусаў гаварыць, што яны – толькі “ветвь”. Так цяпер ужо не гавораць у дачыненьні да тых жа ўкраінцаў, якія далі гэткім “дэкларацыям” добры адлуп. Можа адсюль карані і тых празьмерных (нейкіх нават дзіўных па сваім імпэце!) інтэграцыйных памкненьняў. Што ж, сапраўды, куды зручней схавацца пад крысо больш моцнага, узяўшы ягонае апякунства, прыняўшы ягоныя правілы гульні. Але такі стан, даючы ілюзіі бясьпекі, паступова разбэрсвае волю, не дае засяродзіцца на ўласных мэтах, выпрацаваць уласны падыход да выхаду з тупіку. Нават падчас выхаваньня малых дзяцей бацькі (ня толькі людзі!) імкнуцца прышчапляць ім самастойнасьць, спадзяваньне найперш на свае сілы. І гэта ў эвалюцыі лічыцца адным з самых важных і мудрых педагагічных хадоў. Што ўжо тут казаць пра цэлы народ! Дык ці ня ў гэтым асноўная прычына нашай “няпоўнасьці” і “затарможанасьці”?..
І тым ня менш пытаньне кансалідацыі нашай нацыі, пытаньне нацыянальнага прымірэньня (бо ці не сапраўдная вайна на вынішчэньне адной часткі нацыі іншай цягнецца ўжо ледзь ня 100 гадоў!) ня ёсьць сёньня невырашальным. Дзеля гэтага пакуль што ёсьць выдатная глеба – дзяржава Беларусь. Таму і найважнейшай задачай цяпер ёсьць захаваньне яе суверэнітэту.

Вера беларуса
Захаваньне нашай краінай незалежнасьці – сёньня рэч зусім не эфемерная, як можа некаму падацца на першы погляд. Наш суверэнітэт падмацоў­ваюць шмат якія (магчыма, і не адразу бачныя), важкія фактары. Хто ведае, ці ня дзякуючы ім трэцяя інтэграцыя, у прынцыпе, пакуль што рэальна так і не адбылася? Нездарма, напэўна, адзін вядомы расейскі аналітык, блізкі да Крамля, неяк заявіў, што ў дачыненьні саюзу Беларусі і Расеі відавочна спрацоўваюць нейкія прыхаваныя механізмы “сабатажу” з боку часткі палітычных элітаў Беларусі, якія перашкаджаюць ажыцьцявіць “канчатковае вырашэньне ўсіх праблемаў сёньняшняй Беларусі” (так і сказаў!..).
Ня будзем тут усур’ёз разважаць пра нейкія “палкі ў колы” інтэграцыі з боку нашых палітычных вярхоў. Але, напэўна, нямала там і такіх, хто разумее рэальныя наступствы такога “вырашэньня праблемаў”. Ці не пра гэта пісаў калісьці расейскі філосаф Мікалай Бярдзяеў, які сьцьвярджаў, што страта нацыяй сваёй дзяржавы, сваёй самастойнасьці і суверэннасьці будзе вялікім няшчасьцем, цяжкай хваробаю, якая скалечыць душу нацыі і прывядзе яе да поўнай духоўнай дэградацыі?..
Беларусы, нягледзячы ні на што, ужо даволі глыбока “ўжыліся”, “укараніліся” ў свой суверэнітэт. Прывыклі да яго! Асабліва гэта датычыць палітычных, культурных, эканамічных элітаў нашага грамадства. Ці не таму ўсе мы былі сьведкамі шчырага абурэньня ад зробленай у свой час прэзідэнтам Расеі прапановы далучыць Беларусь у якасьці шасьці губерняў? Менавіта тады на нашым самым высокім уладным узроўні раптам былі ўзьнятыя “на шчыт” некаторыя “нацыяналістычныя” лозунгі (на якіх раней было самае цьвёрдае “табу”, і якія мы чулі хіба ад Зянона Пазьняка). кшталту таго, што мы ніколі не аддамо нашую свабоду, аплочаную крывёю многіх пакаленьняў, і што Беларусь ніколі зноў ня будзе “Северо-Западным краем”…
Што гэта было – зьмена ідэалагічнага вектару? Вядома ж, не… Навідавоку пакуль што палітычная кан’юнктура. Але сам гэты факт найперш сьведчыць пра тое, што існуюць такія інтарэсы, якія аднолькава важныя для ўсіх беларусаў!.. Навідавоку выкарыстаньне ўладамі пэўных элементаў духоўнага багажу сваіх палітычных праціўнікаў. “Нацыянальны рэсурс” аказаўся карысным у пэўных палітычных абставінах! Дык чаму ня быць яму карысным і на персьпектыву?..
У справе інтэграцыі Беларусі і Расеі сёньня ўсё больш неспрыяльнымі становяцца і зьнешнія, геапалітычныя калізіі. Праўда, у аншлюсе Беларусі пакуль што ў пэўнай ступені зацікаўленыя некаторыя краіны Заходняй Еўропы. Прычым не адкрыта і сумленна (на словах яны, баючыся грамадскай думкі ў сваіх краінах — гарачыя прыхільнікі беларускага суверэнітэту!). Незалежная Беларусь апынулася на шляху іх гарачых любоўных (стратэгічных нафтава-газавых) стасункаў з Расеяй, добра абкатаных і ўладкаваных яшчэ з часоў СССР. Хто ведае, а раптам незалежная Беларусь задумае мець нейкія свае інтарэсы ў такой выгоднай справе? Зразумела, што ў якасьці расейскай правінцыі яна ніякіх сваіх інтарэсаў мець ня будзе.

Надзея памірае апошняй!
Зразумела, што аўтар гэтых радкоў не прэтэндуе на ўсеахопны аналіз стану нашага нацыянальнага духу. Але адну выснову зрабіць усё ж варта. Пакуль жывы наш “нацыянальны рэсурс” — будзе існаваць і краіна Беларусь. Вельмі хочацца верыць, што беларусы – самастойны і адказны за свой лёс народ. Бо ягоная спаконвечная філасофія ўтрымлівае ў сабе ня толькі памяркоўнасьць, цярплівасьць ды і прыцярпеласьць, але і невынішчальны аптымізм, глыбокую мудрасьць, здольнасьць цьвяроза аналізаваць свой сапраўдны стан, як бы балюча тое ні было. І таму беларускі народ, рана ці позна, зробіць слушныя высновы. Але каб напоўніць ізноў нашую беларускую “рэчаньку” – патрэбнае не адно дзесяцігоддзе карпатлівай і цяжкай працы...
Так, надзея ў нас ёсьць. Большасьць людзей у гэтым сьвеце даўно ўжо жыве па законах, паводле якіх чалавек выступае не як сродак, а як мэта; па такіх законах, якія імкнуцца ўладкаваць чалавечае жыцьцё максімальна зручна і добра… Хочацца верыць, што і мы, беларусы, дажывем да такіх часоў. А галоўнае — дойдзем да сваёй Беларусі, якім бы далёкім ні здаваўся нам шлях да яе!..