12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY







_____________________
"...Паэзія - несьмяротная..."

У чым сёньня зьяўляюцца аднадумцамі патэнцыйныя антаганісты — Крытык і Аўтар? Найперш у тым, што кніг (проста кніг, а не “шэдэўраў”) выходзіць дужа мала, а шлях ад газетна-часопіснай публікацыі да асобнага выданьня можа расьцягнуцца на гады. Аднак, распачынаючы рубрыку “Кнігапіс” у “Дзеяслове”, мы і ня думалі, што праблема добрай кнігі цяпер настолькі сурёзная, і давядзецца зьвяртацца нават да публікацыяў у газетах ды часопісах. каб запаўняць прабелы...
Свабода ў церневым вянку

Імем няўмольным Свабоды: старонкі ўкраінскай паэзіі.
Пераклад і ўкладаньне Алеся Траяноўскага. Мн., 2002.

Няма ў славянскім сьвеце народу, больш блізкага і роднага беларусам, чым украінцы. І наблізіла ды парадніла нас ня толькі шматвяковае суседства, але і аналагічны гістарычны лёс, супольнае змаганьне за сваю свабоду перад хіжым абліччам тых злыдняў, якім карцела перахрысьціць Украіну і Беларусь у Маларасею ды Паўночна-Заходні край. Але міналі стагоддзі, а паміж жорнамі чужацкіх сцылаў і харыбдаў гучала нескаронае “ще не вмерла Украіна” і адгукалася братняму голасу наўздагон тысячагалосае “жыве Беларусь”.
І літаратуры нашы ішлі поплеч. Журыўся над Тарасовай доляй Янка Купала, уплятаў у Багдановічаў вянок палыновы квет з украінскага стэпу Міхайла Драй-Хмара, заклікала “ото ж не треба ворога любіть” беларускую княгіню Рагнеду кіянка Ліна Кастэнка, а беларускага паэта Уладзіміра Караткевіча ледзь ня выгналі з кіеўскага універсітэту за …украінскі нацыяналізм.
І ў часы камуністычнага тэрору нас ставілі да сьценкі разам. Прывяду некалькі лічбаў дзеля параўнаньня. 29 кастрычніка 1937 г. у Менску былі расстраляныя 17 беларускіх пісь­меньнікаў. За адну ноч! Дзе яшчэ быў такі масавы мэтанакіраваны адстрэл, абезгалоўвань­­не літаратуры? У Кіеве трыма гадамі раней. 15 сьнежня 1934 г. там забілі 15 украінскіх літаратараў. Пад час сталінскіх рэпрэсіяў у ГУЛАГу былі загубленыя прыкладна 2000 пісьмень­нікаў. Гэта з усяго СССР. Каля 450 з іх – беларускія. Факт больш чым паказальны. Дзе зьнішчэньне пісьменьнікаў адбывалася з падобным размахам? На Украіне – іх там палег­­ла больш за 480. Кажуць, сьмерць аднаго чалавека – трагедыя, а сотняў і тысячаў – статыстыка. Але статыстыкай гэта можа быць толькі для д’ябальскай канцылярыі, а не для людскога сьвету, які ўжо два тысячагоддзі спрабуе жыць па хрысьціянскіх законах. Найлепшая даніна памяці бязьвінна загубленым пісьменьнікам – не ўвекавечаньне іх у “камні, жалезе і золаце” (хоць і рукатворныя помнікі патрэбныя), а вызваленьне з павуты нябыту і выданьне іх спадчыны. На жаль, за ўсю “эпоху Рэабілітансу” ў Беларусі так і не прыйшлі да масавага чытача кнігі А. Луцкевіча, Т. Лебяды, В. Казлоўскага... Пералік можна доўжыць. Нашыя паўднёвыя суседзі са значна большай руплівасьцю вяртаюць у літаратуру забытыя ці забароненыя за савецкім часам імёны. Толькі цягам 1990-х гадоў у кнігарнях зьявілі­­ся кнігі Д. Фалькіўскага, О. Тэлігі, О. Ольжыча, Я. Славутыча, В. Самійленкі, А. Олэ­­ся, Г.Чупрынкі… На ўдзячнай радзіме знайшлі супакаеньне душы М. Зэрава, М. Ёгансэна, М.Антыёха, Я. Плужныка, В. Бабінскага, А. Сьлісарэнкі, Л. Старыцька-Чарняхіўскай, Д.Загула, Я. Саўчанкі… Іх “расстраляная муза” (Я. Славутыч) працягвае стукаць у сэрцы жывых.
Згаданыя вышэй імёны сустрэліся мне не ў кнігарні на Крашчаціку (іх там значна больш), а ў нядаўна выдадзенай у Менску кнізе “Імем няўмольным Свабоды: старонкі ўкраінскай паэзіі”. Уклаў і пераклаў яе на беларускую Алесь Траяноўскі — чалавек з непадканвойнай ва ўсе часы душой, ці не адзіны ў нас знаўца серба-лужыцкай паэзіі. Скасіў я вока ў энцыклапедычны даведнік, каб падгледзець, з якой пары ён перакладае ўкраінцаў, і вачам ня веру – там пра Траяноўскага напісана: “лаўрэат Сталінскай прэміі”. Мяне ажно перасмыкнула. Прыгледзеўся і ўздыхнуў з палёгкай: Сталемскай – за пераклады кашубскай паэзіі. (Паэтычныя выспы лужыцкіх сербаў і кашубаў А. Траяноўскі адкрываў для беларускага чытача гадоў дваццаць, падрыхтаваў дзьве анталогіі.)
Адразу скажу: мне імпануе гэткі вось “анталагічны” падыход, калі перакладчык намагаецца даць панарамную карціну іншамоўнай паэзіі, а не “прывязваецца” да двух-трох аўтараў. “Імем няўмольным свабоды” — таксама анталогія, куды ўвайшлі ўкраінскія паэты, аўтары “недасьпяваных песьняў”. І хіба істотна – у сталінскіх засьценках ці ў гітлераўскіх казематах спыніліся іх сэрцы? Хіба сістэматычны чалавекапавал на калымскіх засьнежаных берагах больш гуманны за Бухенвальд ці Трасьцянец?
Грыцько Чупрынка забіты кіеўскімі чэкістамі ў 1921-м… Дмытро Фалькіўскі (родам з-пад нашага Кобрына, сам былы чэкіст) расстраляны колішнімі саслужбоўцамі ў Кіеве ў 1934-м… Алег Ольжыч ня выйшаў з нямецкага канцлагеру Саксэнгаўзэн у 1944-м… Алена Тэліга закончыла свой зямны шлях у Бабіным Яры пад Кіевам у 1942-м… Міхайла-Драй Хмара (перакладчык Максіма Багдановіча і выдавец альманаху “Нова Білорусь”) згінуў у тайзе на Далёкім Усходзе ў 1939-м…
Чытаеш іх вершы і разумееш, што ацалець у той цемрашальскі час паэты ня мелі шанцаў. І Ольжычавы радкі “о, Нацыя, ты ўсемагутна, як Бог – / Ня з роду лядачых халопаў” выклікаюць у памяці самапрысуд нашага Тодара Кляшторнага: “Ходзім мы пад месяцам высокім, / а яшчэ пад ГПУ”.
Нейкі дасьціпнік вызначыў, што чытаць пераклады – як цалавацца праз шыбу: і блізка, і звабліва, а смаку не адчуваеш. У перакладах А. Траяноўскага смак адчуваецца: і солад, і горыч, і кісьлінка. Перакладчык знаходзіць патрэбны лексічны адпаведнік, дапільноўвае дынаміку радка, як, прыкладам, у вершы земляка Д. Фалькіўскага: “Заціхла трохдзюймоўка, / На змроку выпаў сьнег… / Самотны месяц воўкам / Над пушчаю пабег. / Каманда на лафеце / Навек заснула, сьпіць, / Ня ўзьняць іх пеўням трэцім, / Трубой не пабудзіць”. Пераклад стаў упоравень з арыгіналам, яго другаснасьць не заўважаецца.
Перакладаць з блізкароднасных моваў няпроста. Агульная лексіка зьвязвае, не дае разьняволіцца творчаму ўяўленьню таго, хто ўзяўся за перастварэньне ўпадабанага тэксту. Часам перакладчык, імкнучыся захаваць ключавыя словы, не зважае на дапаможныя дзеясловы і часьціцы. Падобнае, на жаль, сустракаецца і ў некаторых перакладах А. Траяноўскага. За­зірнем у арыгінальны тэкст А. Тэлігі “Поворот” (дае нам такую магчымасьць паслужлівы Інтэрнэт): “Душа з розбігу стане на сторожі, / Щоб обережно, але гостро стежить /Всі інші душі – зимні чи ворожі – / І всі глибокі поміж ними межі.”
А вось што атрымалася ў перакладзеным “Вяртаньні”:
Душу ў разьбегу гэта насьцярожыць, / Каб скіравала пільны зрок навокал, / Да іншых душ – халодных і варожых, /І межаў тых, што дзеляць нас глыбока.”
Першы радок відавочна ня даўся А. Траяноўскаму. У арыгінале душа спачатку спыніцца, а потым вартуе. У беларускім тэксьце душа рухаецца і адначасова вартуе. Што, пага­дзіцеся, далёка не адно і тое ж. Шкада, што пры перакладзе зьніклі гукапіс і пругкасьць другога радка, але гэта, як падаецца, непазьбежныя выдаткі любога паэтычнага перакладу. Наогул, захаваць эўфанію радкоў практычна немагчыма, калі перакладаць, а не тварыць паводле.
На шчасьце, творчых удачаў у перакладчыка значна больш, чым агрэхаў ці пралікаў. Адэкватна пераствораны верш А. Олэся “Вам звычны глум над роднаю зямлёю…” (дарэчы, нізка гэтага паэта адна з самых цэласных і аб’ёмных – 24 творы). Дакладна перададзены гнеўны настрой аўтара, скіраваны супраць запраданцаў Бацькаўшчыны: “Наш родны край з агідай вас адкіне, / Хоць кленчыць будзеце і каяцца прад ім, / Вам не даруе гнеўная Ўкраіна — / выроднікам сьляпым, глухім”. Міжволі прыгадваецца старажытнае выслоўі: Ira facet poetam – гнеў спараджае паэта. Так, і гнеў таксама.
Калісьці, яшчэ за савецкім часам, у Беларусі выйшла некалькі паэтычных анталогіяў украінскай паэзіі (шмат зрабіў дзеля гэтага Анатоль Вялюгін, які адзін пераклаў 30 кнігаў сваіх па­брацімаў). Дык у той час, скажаце вы, існавала гэткае чыста савецкае зьявішча, як “дружба народаў – дружба літаратураў”. А сёньня дружба куды падзелася? Літаратура ж, дзякуй Богу, жыве.
Нядаўна ўкраінец Р. Лубкіўскі прывёз у Менск шыкоўна выдадзены том Максіма Багдановіча па-ўкраінску. Беларусы дзякавалі і апускалі долу вочы. Чым аддзячыцца, калі над айчынным кнігавыданьнем каторы год вісіць дамоклаў меч русіфікацыі, узьняты асманістай рукой? Нізкі паклон чалавеку шляхецкай годнасьці, самотніку і працаўніку Алесю Траяноўскаму, які выданьнем анталогіі “Імем няўмольным свабоды” часова ўратаваў гонар нашай літаратуры-цярплівіцы. На кнігу ўжо зьявіўся прыхільны водгук на старонках “Літаратурнай Украіны”. А са штабу Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў А. Траяноўскаму прыйшоў падзячны ліст і прапанова стаць ганаровым сябрам АУН. І нашчадак паўстанца 1830 г. адказаў, што гэта для яго вялікі гонар…
Пад час нядаўніх Шаўчэнкаўскіх дзён у Беларусі маладая паэтка з Кіева Олэся Мамчыч пасьля вечарыны ў сталічным Доме літаратара папрасіла звазіць яе да прыхварэлага перакладчыка, каб засьведчыць яму сваю павагу. У сьціплай кватэрцы плыла нясьпешная гутарка, а са сьцяны прыхільна паглядаў пышнавусы Кабзар… Калі мы выйшлі, на вуліцы шалела сьнежаньская завея і хацелася голасна чытаць што-небудзь накшталт “реве та стогне…” Але прамовілася іншае: “Калі Бог пісаў вершы, то рабіў ён гэта па-ўкраінску”. “І па-беларуску!” – тут жа адгукнулася Олэся, обережно несучы ў руках пакунак кніг – для кіеўскіх бібліятэк. Паэзія —несьмяротная, нішчаная па вязьніцах, у Бабіных Ярах і Курапатах, яна аджыла, пачуўшы імя няўмольнай і прыўкраснай Свабоды.
Міхась СКОБЛА.



Паланэз для паэта без аркестра...

Ніл Гілевіч. Паланэз Агінскага. Бібліятэчка часопіса “Куфэрак Віленшчыны”,
Маладэчна, 2002 .

“Паланэз Агінскага” — знакавая рэч у гісторыі беларускай музычнай культуры. І ня толькі музычнай. Два гады таму гэты твор нароўні з песьнямі “Магутны Божа” і “Пагоня” прэтэндаваў на ролю Дзяржаўнага гімну ў дэмакратычных колах нашага грамадства.
“Паланэз Агінскага” — новая кніга лірыкі Ніла Гілевіча. І хай сабе паэзіі Ніла Гілевіча “ня сьвеціць” легальная — афіцыйная крытыка, тым ня менш, творчае жыцьцё Ніла Сымонавіча мне нагадвае суцэльнае “донкіхотства” — у самым высокім разуменьні гэтага вызначэньня. Сёньня сапраўдны паэт — той самы сервантэсаўскі Дон Кіхот — рыцар бяз страху і папроку — які з адкрытым забралам змагаецца супраць “ветракоў” нацыянальнага манкурцтва і дзяржаўнага нігілізму, баронячы высакародныя ідэалы свайго жыцьця.

А іх, свае ідэалы, Ніл Гілевіч ніколі ні ад кога ня ўтойваў. Радзіма, Народ, Мова — сьвяты трыкірый, на вернасьць якому прысягнуў на пачатку творчай пуцявіны шаснаццацігадовы паэт-юнак.

А задумае вораг з чужога далёкага краю
Адабраць у мяне, зьнішчыць родную мову маю —
Не дазволю.
Ня дам.
Не прадам.
Не зьмяняю.
І да сьмерці за волю тваю пастаю...
(“Першая клятва”, 1947.)

Верным гэтым ідэалам паэт застаўся й па сёньня. Яскравы доказ таму — вершы і паэмы з новай кнігі.
Але! Дарагія мае (улюбёны зварот Ніла Сымонавіча) чытачы, у радасьць сустрэчы з новай кнігай, міжволі прымешваецца скрушнае пачуцьцё, калі пацікавішся накладам выданьня. А ён, (О, Час, о, Век і о, Эпоха!) улічваючы статус аўтара ў нашай літаратуры, – ажно 100 асобнікаў. І то яны зьявіліся, дзякуючы выдавецкай руплівасьці вядомага края­знаўцы і “гаспадара” “Куфэрка Віленшчыны” — Міхася Казлоўскага. Менавіта з гэтага “куфэрка” Міхась, як факір, дастае час ад часу прыемныя для беларускага чытача літнеспадзяванкі. У кніжнай серыі “Куфэрка Віленшчыны” пабачылі сьвет некалькі сумесных і самастойных зборнікаў Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай, а таксама кніга маладэчанскай паэткі Алы Клемянок. Шкада толькі, што такі Міхась Казлоўскі покуль адзін на ўсю Беларусь...
Адзін асобнік з рарытэтнай сотні “Паланэзаў” Н.Гілевіча маю гонар мець у сваёй хатняй бібліятэцы. Структурна кніга падзяляецца на два разьдзелы: “І спытае суд высокі”, куды ўвайшлі вершы апошніх гадоў, і “Вер і помні”, які аб’яднаў дзьве паэмы: “Лодачкі” і “Паланэз Агінскага”. Паэма “Лодачкі” ўжо трапляла ў поле зроку беларускай крытыкі і належным чынам была ацэненая. На жаль, абмежаваны аб’ём часопіснага агляду не дазваляе грунтоўна прааналізаваць мастацкія вартасьці драматычнай паэмы “Паланэз Агін­скага...”
Таму спынімся на першым, вершаваным разьдзеле.

Родная мова! Ты воч не расі!
Лёс твой — свабода.
Іменна ты незалежнасьць дасі
Духу народа.
Ты — чыя веліч, і моц, і краса
Толькі ўзыходзяць.
Ты — чыя слава наперадзе ўся,
Ў тысячагоддзях.

Як бачым, з першай старонкі кнігі мастакоўскія прыярытэты засталіся нязьменнымі, гэткімі ж, як і 50 гадоў таму. З зайздроснай па нашым пераменлівым часе пасьлядоўнасьцю і перакананай верай у сваю маральную рацыю Народны паэт гаворыць пра роднае і дарагое кожнаму з нас, пра нашыя сьвятыні.

Я глядзеў на неба зорны купал,
На зіхоткі пыл у сіняве,
І па зорках у бліскучых купах
Прачытаў я: Беларусь жыве!
І гукнуў ад радасьці: браты!
Вось ён — сімвал нашай праваты!
Божы знак! І калі з вас каторы
Траціць веру стаў — чытайце зоры!

“Жыцьцё кароткае — Радзіма вечная” — гэта адна з галоўных тэмаў, якая гучыць на старонках “Паланэза”. Варта згадаць вершы “А лісьце жоўтае...”, “Не бядуйце”, “Навошта Радзіма паэту?”, “У ноч пакут” і інш.
Паэта-трыбуна, паэта-ваяра, барацьбіта з нацыянальным дафінізмам, гістарычным цемрашальствам і славутай беларускай памяркоўнасьцю, якая зазвычай мяжуе з фарысействам, пазнаем па вершах: “У ноч пакут”, “Насарогі”, “Пішыце дзёньнікі, паэты!”, “І спытае суд высокі”, “Ужо сам Бог сказаў”, “На могліцах”, “Божа, дай ты ім, асьлеплым”...

Божа, дай ты ім, асьлеплым,
Вочы ў рукі!..Бо іначай —
Хто напоўніць духам хлебным
Хату Бацькаўшчыны нашай?

Тонкім лірыкам, знаўцам душэўных глыбінь, вечным прыгоньнікам Каханьня і палоньнікам жаночага Хараства паўстае перад намі лірычны герой Ніла Гілевіча ў вершах “Запозьненае”, “У бальніцы”, “Зусім прыватнае”.

О, друг мой,
Як гэта нямала —
На захадзе дня
Сядзець каля грубкі
І слухаць,
Як трэскаюць дроўцы,
Як льецца мелодыя жарсьці
З-пад пальцаў агня,
І ў тон ёй шукаць у душы
Запаветныя слоўцы.

Гімнам чалавечаму жыцьцю, матчынай любові і бязьмежнай сыноўскай пяшчоце да роднай зямлі гучыць заключны верш, ці, дакладней, акорд, вершаванага паланэза. Я маю на ўвазе “Баладу пра горкасьць”, якая па ўсіх сваіх мастацка-выяўленчых і ідэйна-эстэтычных сродках уяўляецца мне анталагічным творам. Гэта, уласна кажучы, верш-малітва, толькі не для шырокага, а для прыватнага, аўтарскага карыстаньня.

...Думаў: з часам прыцярпеўся, звыкся.
Не. Пад вейкамі ўсё больш гарчэй.
Неба роднае! Пара! Схіліся
І мне горкасьць выцалуй з вачэй!

Застаецца толькі па-біблейску закончыць: Амін.

Эдуард Акулін.


Эміграцыя духу

Алесь Бадак. Эміграцыя. Паэма. “ЛіМ”, № 42, 2002.

Эміграцыя — моўнае словапазычаньне. Гучыць — як пазычанае жыцьцё. Для тых, хто воляй лёсу ці па ўласным жаданьні апынуўся па той бераг Айчыны.
Эміграцыя — для сёньняшняй эліты беларускіх літаратараў — слова звыклае. “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць...” Толькі чамусьці не сьпя шаюць вяртацца на Радзіму нашыя слынныя творцы. А можа, не такая і страшная яна, тая чужына, якая “сэрца джаліць і цісьне, як зьмяя ?..” Можа, страшней ад фізічнай — эміграцыя духоўная? Менавіта гэтай тэме прысьвяціў сваю новую паэму паэт Алесь Бадак.
Дзіўныя рэчы адбываюцца сёньня ў нашым літаратурным жыцьці. Графаманы, літневідзімкі выдаюць на “гара” па адной, а то й па дзьве кнігі на год. Прычым у цьвёр­дых вокладках з суперакладамі, з “саліднымі” прадмовамі пад заказ, з фамільнымі фотаіканастаса­-мі і сусаль­най вязьзю (найчасьцей бяздарных) назоваў. Множацца новасьпечаныя літаратурныя дэ­міургі. Што гэта? Баляваньне пад час чумы? Парад мастацкага вычварэнства або вакхана­лія літаратурнай ліліпуціі?.. Адначас сур’ ёзныя, сталыя майстры Слова вымушаны маўчаць. Няма таленту здабываць грошы ў спонсараў, ісьці на “бугурт” з уласным сумленьнем.
Гэта тычыцца і яркага самадастатковага паэта прызыву 80-ых — Алеся Бадака... Апошняя ягоная вершаваная кніжка “За ценем самотнага сонца” выйшла ў 1995 годзе. Аднак гэтыя восем гадоў “маўчаньня па няволі” далі свой творчы плён. Алесь напраўду “вымаўчаў” сваё “паэтычнае золата”— не збаюся гэтак ахарактарызаваць ягоную апублікаваную мінулагодняй восеньню ў “ЛіМе” паэму “Эміграцыя”. І гэтая мая суб’ектыўная ацэнка ёсьць адказам на дэкларацыйна-правакацыйнае пытаньне Л.Галубовіча ў ягоным артыкуле “Недавершаная Беларусь” (“Дзеяслоў”, №2, 2003 ) — “Ці сёньня ёсьць яшчэ тыя, хто піша нятленныя творы для вечнасьці?” Ёсьць, Лёня! Акрамя згаданага табой Віктара Шніпа , ня менш “геніяльны ў сваім літвар’яцтве” твой сусед па холдынгавым калідоры — Алесь Бадак. Як бы да апошняга часу Галубовіч ніколі ня скардзіўся на паэтычнае “недачуваньне”. Старэем, Лёня...
“Эміграцыя”— гэта 160 радкоў дасканалай мастацкай фактуры, якая ёсьць вынікам ня столькі паэтычнага майстэрства (яно ў паэме — “стопудовае”), колькі — катар­сісным станам духоўнай іпастасі яе аўтара.

Ідзі сабе самому растлумач,
Як жыць далей, калі ўсе дні — бы ночы,
І як цяпер суцішыць гэты плач,
І паспрабуй што-небудзь перайнач,
Калі душа не знае чаго хоча...

Бунт сумленьня, духоўныя самаагледзіны, перакуленая сьвядомасьць — тыя тры кіты, на якіх, на маю думку, трымаецца “паэтычная суша” паэмы “Эміграцыя”.
Я даўно “пілную” за паэзіяй Алеся Бадака, якога ўважаю за прадстаўніка “тутэйшага” літпакаленьня і, прызнаюся, шчыра рады за свайго калегу і сябра, бо згаданая паэма — яскравы доказ творчай эвалюцыі паэта. Алесь Бадак дасягнуў таго мастакоўскага ўзросту і ўзроўню, калі, кажучы словамі У.Някляева — “ні ў вучні, ні ў настаўнікі...” Зрэшты, добра засвоеная паэтычная школа таго ж Някляева, Барадуліна і раньняга Разанава станоўчым чынам паўплывала, як на экспрэсіўна-эмацыянальную метафорыку паэмы, так і на яе бездакорна выпісаную сюжэтна-кампазіцыйную структуру. Асабліва ўражвае добра згарманізаванае спалучэньне канцэнтравана-філасофскай напоўненасьці з нейкай прасьветла-чульлівай (стральцоўскай) лёгкасьцю гучаньня паэтычнага радка. Ня выціснутага, а выдыхнутага з душы.
Ну, хіба не цудоўна сказана?—

І я ішоў нячутна у пакой,
Дзе стол і пёры з золата і срэбра.
Нябёсны дух сьхіляўся нада мной,
Ды заставалася душа пустой,
І чыстай заставалася папера...

Выдатна! Нібы пра ўсіх нас, хто пачувае сябе творцам на духоўнай эміграцыі.

Э.А.