12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксандр Ірванец

_____________________
Электрычка на Вялікдзень. П'еса на дзьве дзеі

Пераклад
з украінскай
Уладзімера Арлова.

Першая дзея

Ноч з суботы на нядзелю, увесну на мяжы XX i XXI стагоддзяў. Платформа вакзалу ў Шапятоўцы. Цьмяна сьвецяць прывакзальныя лiхтарнi. Колькi постацяў пасажыраў з рэчамi. Аднекуль зьверху, з цёмнага неба чуецца аб’ява: “Увага-ўвага! Элект-рацягнiк Здалбунаў–Кiеў адпраўляецца з другой каляiны! Увага-ўвага! Электрацягнiк Кiеў–Здалбунаў прыбывае на трэцюю каляіну!” Гэтая фраза дублюецца па-расейску. Пасажыры як быццам прачынаюцца й бяруцца за валiзкi ды клункi. Праз натоўп пасажыраў кудысьцi ў процiлеглы бок, да вакзалу працiскаецца постаць прапаршчыка ўнутраных войскаў у плашчы й кашкеце. Iхнi ўладальнiк трэ далонямi замерзлыя вушы. Ноч халаднаватая.
Электрычка Кiеў–Здалбунаў павольна заходзiць на трэцюю каляіну. Нас у электрычцы цiкавiць, уласна, толькi адзiн вагон. Другi з галавы цягнiка. Вось ён спыняецца, натуральна, ня сам сабою, а разам з усёй электрычкай. Дзьверы з шыпеньнем адчыняюцца, i з iх таксама выходзiць даволi шмат пасажыраў. Няўздагон iм з дынамiкаў гучыць ГОЛАС, якi паведамляе: “Грамадзяне пасажыры! Наш электрацягнiк прыбыў на станцыю Шапятоўку. У сувязi са спазьненьнем стаянка скарачаецца да дзесяцi хвiлiнаў. Паўтараю: стаянка дзесяць хвiлiнаў! А другой гадзiне адпраўляемся!”
Пад гэты механiчны рыплiвы ГОЛАС частка пасажыраў пачынае рухацца хутчэй, амаль бегма: хтосьцi па ваду, хтосьцi да прыбiральнi або яшчэ за якой патрэбаю. Iм насустрач у вагон сунуцца пасажыры, якiя сядаюць у Шапятоўцы. Усчынаецца невялiкая штурханiна.
У другiм вагоне сьвятло слабенькае, бо цягнiк стаiць. Калi ён кранецца, сьвятло стане зырчэйшым. Вагон запоўнены недзе напалову. Хтосьцi седзячы дрэмле, а хтосьцi выцягнуўся на лаве, каб паспаць як сьлед. Нейкi чалавек смокча ў цёмным тамбуры цыгарэту. Новыя пасажыры сноўдаюцца па праходзе, шукаючы вольныя месцы.
Па прыступках у вагон падымаюцца чацьвёра постацяў. У паўцемры можна збольшага бачыць iхнiя ня надта прыязныя твары, мехаватае кухвайкападобнае адзеньне, на двух з iх — ватныя нагавiцы. Рэзка таргануўшы дзьверы ў вагон, яны ўвальваюцца ўсярэдзiну й займаюць адну з лавак паблiзу дзьвярэй, не заўважаючы на ёй сумкi, што стаяць пад вакном. Чалавек, якi курыць у тамбуры, адчыняе палову дзьвярэй i крычыць:
— Гэй! Не сядай там, там я сяджу!..
Адзiн з чацьвёркi, запiхваючы сваю сумку на багажную палiцу, лена паварочвае голаў:
— На параше ты сядзiш, поняў?
Чалавек з цыгарэтай апошнi раз зацягваецца й выстрэльвае недакуркам за вагонныя дзьверы:
— Ня поняў…
У гэтую хвiлю дзесьцi над вагонамi падымаецца токазьёмнiк, i сьвятло ўспыхвае iмгненна й зырка. Курэц з тамбуру, разгледзеўшы чацьвярых бамбiзаў, што ўладкавалiся на ягонай лаўцы i насупроць яе, пераступае парог, рэзка падыходзiць i забiрае з-пад вакна сваю сумку. Буркнуўшы нешта падобнае на “чорт з вамi…”, ён пераходзiць на лаўку з iншага боку, каля супрацьлеглага вакна. Там на адной лаўцы ўжо хтосьцi скурчыўшыся сьпiць, а другая яшчэ застаецца вольная. Чалавек з сумкай сядае, а нехта з чацьвёркi кiдае яму ўсьлед:
— Што ты там вякнуў, фраер?..
Чалавек з сумкаю ўжо прымайстраваўся каля вакна. Сутыкнуўшыся з такiм непрыхаваным хамствам, ён, вiдаць, трохi сумеўся. Алеўсё ж наважваецца павярнуцца ў бок тых чацьвярых i нават агры-заецца:
— А ты што — здаровы?
— Да, здаровы! — чуецца ў адказ.
— Ну й дай Божа здароўя! — нечакана выкручваецца гаспадар сумкi, зьмякчыўшы й разрадзiўшы на нейкi час небясьпечную сітуацыю.
З боку чацьвярых новых пасажыраў далятае штосьцi накшталт “а пайшоў ты…”, пасьля чаго яны працягваюць разьбiрацца са сваiмi торбамi, “падсаджваюць” iх на багажную палiцу, а адну пакiдаюць унiзе. Наймажнейшы i найпахмурнейшы з усiх чацьвярых буркае нiзенькаму й галаватаму:
— Ну што, Мульцiк? Пасьпеў купiць? Цi, можа, зра куска адвлякалi, пака ты ў сральнiк бегаў?
Прысадзiсты Мульцiк пачынае нешта шукаць у сумцы, пры гэтым не адкрываючы яе вельмi шырока й прамаўляючы:
— Пасьпеў, канешна, пасьпеў. Што я, зра, што лi з вамi… пасьпеў… вось яна…— З гэтымi словамi здабывае з сумкi зялёную пляшку, заторкнутую скручаным шматком газеты.— Свая… у бабак браў, казёнкi ўжо не было, кажуць, прадалi на пасажырскi. Ну, нiчо… сваёй паспрабуем.
У гэты час з трэскам i хрыпеньнем з-пад столi зноў азываецца ГОЛАС:
— Увага-ўвага! Грамадзяне пасажыры! Наш электрацягнiк прасьледуе ад станцыi Шапятоўка да станцыi Здалбунаў. Прыпынкi будуць рабiцца толькi на станцыях. Паўтараю: прыпынкi толькi на станцыях! Дзьверы нашага электрацягнiка зачыняюцца аўтаматычна. Каб пазьбегнуць няшчасных выпадкаў, не прыхiнайцеся да дзьвярэй пад час руху цягнiка. У цягнiку катэгарычна забараняецца: сьмяцiць, ужываць алкагольныя напоі, курыць у тамбурах, выкідваць у вокны пляшкi ды iншыя рэчы. За парушэньнi накладаецца штраф! Просiм не праходзiць мiма парушальнiкаў правiлаў праезду i грамадскага парадку. У выпадку неабходнасьцi просiм выклiкаць супрацоўнiкаў мiлiцыi па сiстэме сувязi! Паўтараю: электрацягнiк прасьледуе да станцыi Здалбунаў з пры-пынкамi толькi на станцыях! Асьцярожна, дзьверы з правага боку цягнiка зачыняюцца! (Чуваць шыпеньне дзьвярэй.) Наступная станцыя Цьвятоха! Платформу Каменка цягнiк прасьледуе без прыпынку. Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца!..
Цягнiк торгаецца й кранаецца з месца, павольна, з гудзеньнем, набiрае хуткасьць. Праплылi за вакном агнi Шапятоўкi. Асьвятленьне зрабiлася яшчэ ярчэйшае. Цяпер можна добра разгледзець усiх, хто едзе ў вагоне. Найперш гэта чацьвёра непрыемных тыпаў. Наймажнейшы i пануры — гэта ШТЫР, нiбыта iхнi верхавод. Прысадзiсты, галаваты МУЛЬЦIК нам ужо вядомы. Яшчэ двое — гэта ТАЛЯН, малодшы i нават трохi прывабны мужчына з мяккiмi рысамi, а таксама ЦЫГАН — чарнявы, гадоў на сорак, са змаршчкаватым абсiвераным тварам. Усе чацьвёра, заняўшы абедзьве лаўкi, зараз пускаюць па коле сваю зялёную пляшку, папярэдне яе адкаркаваўшы. Пры гэтым абыходзяцца без нiякай прыкускi, занюхваючы пiтво зашмальцаванымi рукавамi.
Насупраць iх, каля процiлеглага вакна прыладкаваўся абражаны ЧАЛАВЕК З СУМКАЙ, каля яго, на суседняй лаўцы, сьпiць, павярнуўшыся тварам да прыслону, яшчэ адзiн пасажыр. Пад ягонай лаваю ляжыць гармонiк, таму назавем яго ГАРМАНIСТАМ. Далей за iмi сядзiць i нешта чытае АНДРЭЙ — малады мужчына гадоў на 25. Ён быў задрамаў, але калi цягнiк рушыў, зноў прахапiўся, працёр вочы i ўтупiўся ў кнiгу. Яшчэ далей за iм па вагоне сьпяць, зацiскаючы свае сумкi памiж ног, дзьве жанчыны ў палiтонах з футравымi каўнярамi. Затым адно, так бы мовiць, “купэ” займаюць трое маладзёнаў гадоў на 20-23, у спартовых штанах, высокiх цёплых красоўках i куртках-пухоўках. З iмi i над iмi стаiць добры дзесятак шчыльна наладаваных сумак. Насупраць iх — яшчэ дзьве жанчыны. Адна, старэйшая, апранутая проста й шэранька, другая — маладая, прывабная, мае на сабе адзеньне ня вельмi кiдкае, але, як той казаў, “па фiрме”.
Дзьверы ў вагон разыходзяцца, i ў iх зьяўляюцца дзьве цыганкi нявызначанага веку (гадоў памiж 16 i 60). Адна трымае на руках соннае дзiця, яшчэ двое дзяцей гадоў на 5-6 блытаюцца ў iх пад нагамi. Цыганка з дзiцем, спынiўшыся так, каб увесь яе вывадак змог увайсьцi ў вагон i прычынiць за сабой дзьверы, пачынае гугнява, але гучна дэклямаваць:
— Таварышчы дарагiя! Стыдна прасiць, да нiчыво не падзелаеш! Мы бежанцы з Севернай Асецii, дабiраемся к радне ў Прыднястроўе. Шлi мы чэраз горную Сванецiю, чэраз Чачэна-Iнгушэцiю… У Растове на вакзале нас абакралi, воры абчысьцiлi, рэкецiры аграбiлi… Памiласерствуйця, хто чым можат, памагiце хаця б на бiлеты…
Цыганкi з цыганятамi паволi рухаюцца, спыняючыся каля кожнай з лавак, але заспаныя пасажыры не сьпяшаюцца расшпiльваць парт-манэткi. Адно трое юнакоў у пухоўках пра нешта перамовiлiся, заварушылiся, памацалi кiшэнi, але той, што сядзiць ад краю, раптам, адвярнуўшыся ад цыганятаў, гучна й капрызьлiва кажа да спада-рожнiкаў:
— Што я iм дам, лiты цi “зайчыкi”? А можа, кроны эстонскiя? Дванаццаць крон за долар, парынь! А грыўнаў у мяне няма, у мяне бiлет да самага Лунiнца.— I, павярнуўшыся да цыганятаў, якiя ўжо глядзяць на яго з надзеяю: — Няма ў мяне грыўнаў, панятна?!
Цыганкi нясьпешна iдуць па вагоне. Чацьвёрка вядомых нам новых пасажыраў якраз астатнi раз пусьцiла па колу сваю зялёную пляшку, i цяпер МУЛЬЦIК, махаючы ёю, крычыць усьлед цыганкам:
— На, вазьмi, здаш, прыгадзiцца!..
Адно цыганё ў дзьвярах азіраецца:
— Засунь яе сабе ў сраку!.. Бэ-э!..— i, паказаўшы язык, выскоквае за дзьверы.
МУЛЬЦIК сядзiць прыгаломшана. Нарэшце выцiскае з сябе:
— Вот так усягда, як хочаш зрабiць чалавеку дабро…
— А што, зона ня гэтаму вучыла? — хмурна пытаецца ШТЫР.
Чацьвёра аглядаюцца вакол. ТАЛЯН, здаецца, захмялеў найбольш. Ён, хiстаючыся, падымаецца, прыхiнуўшыся сьпiнаю да вакна, паварочваецца да ўсяго вагону, набiрае поўныя грудзi паветра…
ТАЛЯН: Ат-рад! Пад’ём! Уняўрочныя работы!..
Колькi твараў азiрнулася на яго. Колькi заспаных галоў адарвалася ад лавак. Хтосьцi нават прамармытаў: “Дурыла нейкi…” Вагон дрэмле далей. Цягнiк спыняецца. Зьверху азываецца ГОЛАС.
ГОЛАС: Станцыя Цьвятоха! Выхад на правы бок. Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца! (Гук ад дзьвярэй, якiя зачыняюцца.) Наступная станцыя Славута!
Электрычка кранаецца. ТАЛЯН, трымаючыся за плечы сваiх кары­фанаў, трохi хiстаючыся, выбiраецца на сярэдзiну вагону, у праход. Электрычка набiрае хаду, i, каб яго ня зьнесла сiлаю паскарэньня, ТАЛЯН хапаецца за прыслоны лавак. Урэшце ён пасьпяхова перасякае праход i наблiжаецца да суседняй лаўкi, дзе ЧАЛАВЕК З СУМКАЙ ужо нiбы трохi й задрамаў. ТАЛЯН схiляецца над iм, тузае за плячо. Той iмклiва сядае.
ТАЛЯН: Ну што, мужык? Дай-ка закурыць!..
ЧАЛАВЕК (ужо авалодаўшы сабой пасьля кароткага перапуду): “Дай” не праходзiць. Яно грошай каштуе. Курыва, значыць.
ТАЛЯН: Што, жалка?.. (Ён вiдавочна не чакаў такога павароту.)
ЧАЛАВЕК (яшчэ сьмялей): Жалка ў пчолкi. Вы мяне з майго месца сагналi, а я яшчэ далжон вас сiгарэтамi ўгашчаць?..
ТАЛЯН (ажно адступае ад такога афронту): Да? Ну ладна… Я даю табе… дзясятку за цыгарэту. Сагласен?..
ЧАЛАВЕК: Ха! Багач! Гэта сiчас ужо ня грошы, парынь. Шчас пач-ка знаеш, скока стоiць? Iдзi, купi за сваю дзясятку… Найшоў дурня…
З супроцьлеглай лаўкi за ўсiм, што адбываецца, панура сочыць ШТЫР з кампанiяй,— напаўвока, яшчэ й спадылба.
ШТЫР (прыцiшана): Па рагам яму ўехаць, цi што?..
МУЛЬЦIК (падхоплiваючыся): Талян! Ды ўрэж ты яму па рагам!.. (ШТЫР неспадзявана дае МУЛЬЦIКУ гучную, з ляскам поўху, ажно ў таго зьлятае шапка.)
ШТЫР: Сядзь, шасьцёрка!.. (Да ТАЛЯНА.) I ты сядзь, тожа. Чаго да фраера дакалупаўся? Дамоў ты едзеш цi зноў на кiчу хочаш? Лiвер давiць?..
ГОЛАС: Станцыя Славута! Выхад на левы бок!
Вагон гамуе, спыняецца. Дзьверы расчыняюцца. I ў дзьверы зьнянацку плывуць далёкiя-далёкiя галасы званоў i царкоўныя сьпевы. ТАЛЯН неахвотна вяртаецца й сядае поруч з сябрукамi.
ГОЛАС: Зачыняю дзьверы! Наступная станцыя Бараньне! Ну чаго, чаго ты стоп-кран дзёргаеш?! Пастаў стоп-кран на места!..
Цягнiк, некалькi разоў таргануўшыся, нарэшце кранаецца. Другi вагон дрэмле далей.
ШТЫР: А гэта ж яшчэ й Пасха сягоньня…
МУЛЬЦIК: Да?.. (Пяе на матыў “Маршу энтузiястаў”):

Сяводня пасха, абнiмi кiтайца,
Мао Цзэ-дуну перадай прывет!
Кагда он жолтыя цібе працянет яйца,
Ты яму красныя працягiвай ў атвет!

Зноў заварушылiся, заазiралiся пасажыры ў вагоне. Ад МУЛЬЦI-КАВАЙ песьнi ачомаўся й ЦЫГАН, што пасьля пляшкi ачмурэла заснуў. Разьляпiўшы павекi, ён навобмацак знаходзiць пляшку пад лаўкаю, куды яе паставiў МУЛЬЦIК, падносiць да вуснаў, нахiляе — але яна пустая. Тады ЦЫГАН зноў ставiць пляшку пад лаўку i, блукаючы позiркам па тварах пабрацiмаў, спыняецца на ТАЛЯНЕ. Хрыпла выцiскае з сябе пытаньне.
ЦЫГАН: А чыя гэта Пасха? Жыдоўская цi ўжо наша?
ТАЛЯН (незадаволена гледзячы ў чорнае вагоннае вакно): Што-што?
ЦЫГАН: Ну, Пасха, спрашую, чыя? Жыдоўская цi ўжо наша, руская, хрысьцiянская?
ТАЛЯН: А я знаю?
ЦЫГАН (з цяжкасьцю варочаючы языком): Ну, жыды ж, яны ў Хрыста ня веруюць. А ў нiх тожа есьць Пасха свая. Яны ж якраз Хрыста й расьпялi. А мы, рускiя людзi, мы ў Хрыста якраз веруем. I наша Пасха патом ужэ, як ён васкрэс… Дык якая сiчас Пасха, жыдоўская цi руская?
МУЛЬЦIК (сьмеючыся): Цыган! Так ты разьвi рускi?
ЦЫГАН: А што? Я веруюшчы хрысьцiянiн! Да! А ў што мне вераваць? Мы веруем у Хрыста… (успамiнае) Iiсуса… Да! Там жыды ў сваго бога веруюць, це… мусульманы ў сваго… у алаха… тады iтальянцы ў сваго… папу рымскага, каталiчаскага, i палякi, кажысь, тожа… Немцы… падаждзi, як эта iхняя цэркаў завецца… а — лютаранская, яны ў якога-то сваго Лютара верыюць. А мы, хрысьцiяны — у Хрыста! (Асьмягла каўтае сьлiну й замаўкае.)
МУЛЬЦIК: А баптысты ў каго веруюць?
ШТЫР (панура): Яны таксама ў Хрыста.
МУЛЬЦIК: Што, i баптысты тожа?
ЦЫГАН: А закурыць няма?
Усе чацьвёра пераглядаюцца. ШТЫР сустракаецца вачыма з раззлаваным i абражаным ТАЛЯНАМ.
ШТЫР: Ладна, Талян, iдзi, пашманай закурыць.
ТАЛЯН: Ну да. Знайшоў ваньку.
МУЛЬЦIК: Ладна, я схаджу. (Падняўся, падышоў да ЧАЛАВЕКА З СУМКАЙ, паглядзелi адзiн на аднаго гэтак нядобра, незычлiва. МУЛЬЦIК, не сказаўшы яму нi слова, разварочваецца, iдзе па вагоне далей, да хлопцаў у пухоўках. Падыходзiць, нахiляецца, трымаючыся за прыслоны лавак.) Братаны, закурыць не найдзёцца?
Хлопцы паварочваюцца да яго.
СЯРГЕЙ: Братан, ня курым…
АЛIК: I табе не саветуем…
МУЛЬЦIК: Да вы што?
АЛIК: А нiчо-о… Табе што, завесьцiся няма з кiм? Чапляешся, як п’яны да радыё…
МУЛЬЦIК (нагнуўшыся да iх блiжэй, пагрозьлiвым шэптам): Вы, пацаны, базар бы фiльтравалi. Нас тут чацьвёра едзе, понялi? Шчас тока я сьвiсну…
Не пасьпявае МУЛЬЦIК патлумачыць, што будзе, калi ён сьвiсьне, як АЛIК, не падымаючыся з лаўкi, моцна й упэўнена бярэ ягоную шыю ў “замок”. Прыцiснуўшы МУЛЬЦIКА, якi ня можа нi дыхнуць, нi паварушыцца, да сябе, шэпча яму на вуха.
АЛIК: Так, братан. Я левай рукой жму сто дваццаць. А ў яго (паказвае на Пашу) — чорны пояс па каратэ. А ў гэтага (паказвае на Сяргея) — першы разрад па боксу. Мы тваю банду замочым у мамент. Давай, завi iх! (Рэзка адпускае МУЛЬЦIКА, якi спалохана сьцяўся.)
ПАША: Алiк! Алiк, помнi пра тавар!..
МУЛЬЦIК адскочыў на колькi крокаў ад хлопцаў. Трэ шыю. Адсопваецца, азiраецца — цi заўважыў хто ў вагоне ягоную ганьбу. Як быццам усё спакойна. Прамармытаўшы: “Ну ладна…”, аглядаючыся, вяртаецца да сваёй кампанii. Хлопцы ў пухоўках устурбавана праводзяць яго позiркамi.
ПАША: Сярога! Алiк! Трэба лiняць. Пераходзiм у той вагон. Узялi тавар i пераходзiм. Што б не завялiсь i мянтоўку ня вызвалi. Пайшлi… (Усе трое падхоплiваюцца, хапаюць з-пад лавак i палiцаў па дзьве-тры свае велiчэзныя сумкi й цiха, амаль нячутна выходзяць у наступныя дзьверы, у першы вагон.)
ШТЫР (да МУЛЬЦIКА): Ну што, прынёс?
МУЛЬЦIК: Няма нi ў кога, Штыр… Там, эта… сiдзяць сасункi… Ня кураць яны. Iм яшчэ карамелькi сасаць… спарцмэны… (Азiраец-ца.) — О, iх ужо й няма. Валной змыла… Ха-ха!..
Устае з свайго месца ТАЛЯН. За iм — Штыр. Не чапаючы нi ЧАЛАВЕКА З СУМКАЙ, нi соннага ГАРМАНIСТА, робяць колькi крокаў па вагоне, праводзячы рэкагнасцыроўку. Заўважаюць паблiзу дзьвюх жанчын — адну старэйшую, яна сьпiць лежачы, i другую, маладую й эфектную, што дрэмле седзячы.
ТАЛЯН (да ШТЫРА): Ты глянь, якая шмара…
ШТЫР: Нiшцяк так хуна. Iдзi, пашчакачы.
ТАЛЯН падыходзiць, зьлёгку пагойдваючыся, цiха апускаецца на лаўку, дзе пад вакном, прытулiўшыся плечуком да шыбы, дрэмле V.KACHMARSKY. Трое сяброў — МУЛЬЦIК i ЦЫГАН седзячы, а ШТЫР стоячы — сочаць за iм з крывымi ўсьмешкамi. ТАЛЯН цiхенька заводзiць руку жанчыне за плечы i ўжо амаль абдымае яе. Другую руку падносiць да грудзей, але тут жанчына прачынаецца i, страпянуўшыся, адштурхоўвае ТАЛЯНА.
V. KACHMARSKY: Што гэта такое? (У ейным голасе амаль няма страху, больш зьдзiўленьня й выразны “дыяспарны” акцэнт.) Цёця Люба! Цёця Люба!.. Што гэта такое? Дзе мы?
Старэйшая жанчына ў просьценькiм палiтончыку сьпiць, лежачы на супрацьлеглай лаўцы.
V. KACHMARSKY (тузае яе за плячо, пазiраючы то на ТАЛЯНА, то ў вакно): Цёця Люба, прачнiцеся! (Цётка варушыцца i, яшчэ не зусiм прачнуўшыся, сядае.)
У гэты момант ТАЛЯН, сагнуўшы ногi ў каленях, амаль наўпрысядку, робiць лёгкi выпад у яе бок.
ТАЛЯН: Гоп-стоп! Ну што ты смотрыш на мiня!..
V. KACHMARSKY (адхiстваецца, палохаючыся ўжо болей): Вы што, бандыт? Чаго вы хочаце ад мяне?..
Зьнячэўку цягнiк, таргануўшыся, спыняецца.
ГОЛАС: Станцыя Бараньне. Выхад зьлева. Наступная станцыя Крывiн. Платформу Калом’е прасьледуем без прыпынку. Паўтараю — Калом’е без прыпынку. Асьцярожна, зачыняю!
Цягнiк, яшчэ раз сутарглiва таргануўся, кранаецца з месца.
Тым часам i ШТЫР падступiў блiжэй да V. KACHMARSKY. Разам з ТАЛЯНАМ яны нахiляюцца да яе.
ШТЫР (пагрозьлiвым паўшэптам): Ша, барышня. Нiчо мы табе ня зьдзелаем, акрамя рабёнка. Iдзём, у карцiшкi з намi перакiнемся…
V. KACHMARSKY (пераадольваючы страх, адсоўваецца ад бандыта, нiбы й ня бачыць яго, цераз плячук голасна гаворыць да сваёй яшчэ заспанай ЦЁТКI): Ну што, цёця Люба! Цi не казала я вам пераплацiць ды наняць аўто? Навошта было ехаць гэтаю… як яе… электрычкаю? (З нянавiсьцю зiркае на ШТЫРА з ТАЛЯНАМ. Тым часам ЦЁТКА, па-сапраўднаму перапалохаўшыся, глядзiць навокал.) — Ну? Што будзем рабiць? Трэба неяк выклiкаць палiцыю… гэтую вашу мiлiцыю…
ЦЁТКА: Цiшэй, дачушка. Твая праўда. (Да вуркаганаў.) Што вам трэба? Чаго чапляецеся? Зараз мiлiцыю выклiчам!
ШТЫР (прысаджваецца каля ЦЁТКI на лаўку): Цiха, мамаша. Не зьямо вы вашу дзевачку, хiба чуць-чуць аблiжам. Чаго гэта вы рас-хадзiлiся?
ТАЛЯН у сваю чаргу сядае поруч з V. KACHMARSKY, але тая, не-спадзявана адштурхнуўшы яго, выскоквае ў праход i шпарка iдзе да дзьвярэй, каля якiх вiдаць жоўты пульт выклiку мiлiцыi. ТАЛЯН iмкнецца затрымаць яе, аднак ШТЫР спыняе сябрука: “Пусьцi, няхай iдзе”. Павярнуўшы голаў, ТАЛЯН глядзiць усьлед V. KACHMARSKY. Штыр усьмiхаецца. МУЛЬЦIК i ЦЫГАН таксама памкнулiся спынiць жанчыну, але сутыкнулiся з позiркам ШТЫРА.
V. KACHMARSKY (нацiснуўшы гузiк выклiку): Алё! Алё!
ГОЛАС: Што трэба?
V. KACHMARSKY: Алё! Мы тут ёсьць у вагоне… у другiм вагоне. Тут ёсьць патрэбна мiлiцыя! Да нас тут чапляюцца нейкiя gangsters… нейкiя крымiнальныя тыпы!
ГОЛАС: Тры часа ночы, гражданка! Дзе я вам шчас мiлiцыю вазьму? Тыя, што былi, яшчэ ў Казацiне зьлезлi.
V. KACHMARSKY: А што нам рабiць? Няхай б’юць i рабуюць? Так?
ГОЛАС: Едзьце цiха i не правацыруйця. I яны вас ня тронуць. (Сувязь з трэскам адключаецца.)
ШТЫР (падымаючыся з лаўкi, кплiва): Ну што, вызвала? Пажалавалась? Давай-давай, жалуйся. Празiдзенту свайму амерыканскаму пажалуйся! (Павольна рухаецца ў бок V. KACHMARSKY.)
V. KACHMARSKY (лiхаманкава нацiскае гузiк выклiку некалькi разоў): Mister President! Mister President!
ГОЛАС: Speaking! (ШТЫР уражана спыняецца.)
V. KACHMARSKY: I’m V. Kachmarsky. I’m American citizen. I need a help very bedly. I’m a terrible mess. My aunt and me, we are attacked by a gang of criminals. Please, do something!
ГОЛАС: OK, mam! Where are you?
V. KACHMARSKY: Just a moment. (Цераз плячук да ЦЁТКI): — Цёця Люба! Дзе гэта мы зараз?
ЦЁТКА (зiрнуўшы ў вакно): Як быццам Бараньне праехалi. Наступная, здаецца, Крывiн.
V. KACHMARSKY (у перамоўны прыстасон): We are in a train going to Zdolbunav, Western Ukraine. Next stop Kryvyn, Еаstern Ukraine.
ГОЛАС: OK, mam, got it. Don’t worry. You’ll be safe in a coupple of minutes.
V. KACHMARSKY: Thank you, sir. I apprecate it. And-oh-please hurry up! (Азiраецца ад перамоўнай панелi ў вагон.)
ТАЛЯН (павярнуўшыся да МУЛЬЦIКА й ЦЫГАНА): Во, батанула! Па якому гэта яна? (ШТЫР павольна iдзе да V. KACHMARSKY.)
V. KACHMARSKY (устае насустрач ШТЫРУ, з годнасьцю): Ня сьмейце да мяне наблiжацца! Вы бандыт! Нягоднiк!..
Цягнiк спыняецца надзвычай рэзка, ажно плюхнулiся на лаўкi тыя, што стаялi, i хiснулiся тыя, што сядзяць.
ГОЛАС: Платформа Калом’е. Тэхнiчны прыпынак.
Дзьверы вагону раптоўна адчыняюцца. Ленавата пажоўваючы жуйку, заходзяць два вялiзныя мурыны ў форме амерыканскiх дэсантнiкаў. Па-гаспадарску аглядаюць увесь вагон.
ПЕРШЫ МУРЫН: Which one of you ladies is Ms. V. Kachmarsky?
V. KACHMARSKY: I’m.
ПЕРШЫ МУРЫН (казырнуўшы): American Military Service, mam. May I help you?
V. KACHMARSKY: Oh, yes! Please do! Please take us out of here. There are two of us, me and my aunt.
ПЕРШЫ МУРЫН: Is she. American citizen as wess?
V. KACHMARSKY: No, she’s not, but I don’t think you it matters. She’s my aunt, you know.
ПЕРШЫ МУРЫН: I see. OK, ladies. Please, follow us.
V. KACHMARSKY: Цёця Люба! Хадзiце сюды! Будзем выходзiць.
ЦЁТКА (падхоплiвае сваю сумку й амаль бяжыць да пляменьнiцы паўз зьнямелых вуркаганаў. ДРУГI МУРЫН адчыняе дзьверы з вагону. Пад аховаю дэсантнiкаў жанчыны пакiдаюць цягнiк. Электрычка зноў кранаецца. Нейкi час пануюць маўчаньне й агульная прыгаломшанасьць. Нарэшце ШТЫР трохi яшчэ неўразумела падыходзiць да перамоўнага прыстасону, нацiскае гузiк.
ШТЫР: Мiстэр прэзiдэнт! Ало-о!
ГОЛАС: Ну чаго нада? Чаго нармальна ня едзецца? Сядзь i сядзi, як морду налiў!..
МУЛЬЦIК (iстэрычна): Ну, харэ! Дасьць закурыць хто-небудзь цi не? Замачу шчас якую-нiбудзь падлу!.. (Падбягае да ЧАЛАВЕКА З СУМКАЙ, штурхае яго груба й зьнянацку.) Ну, ты, даеш закурыць, фраер? Пака шчэ па-добраму!
Цераз лаўку ад iх падымаецца АНДРЭЙ. Адкладае кнiжку, падыходзiць ззаду да МУЛЬЦIКА, рукою кранае за плячо. Той iмклiва паварочваецца.
АНДРЭЙ: Хадзем, закурым. У мяне ёсьць. (Дастае з кiшэнi й падае МУЛЬЦIКУ пачаты пачак цыгарэтаў.)
МУЛЬЦIК (цераз ягонае плячо да сваiх): Пайшлi смалiць. Тут лох знайшоўся з табакеркай!
МУЛЬЦIК з АНДРЭЕМ, а за iмi яшчэ трое вуркаў выходзяць у тамбур.
К а н е ц п е р ш а й д з е i




Другая дзея

Цяпер дзея пераносiцца ў тамбур — амаль усё будзе адбывацца якраз тут. А вагон i далей сьпiць, дрэмле — i так будзе спаць, вiдаць, да самага канца дарогi.
Вось жа, АНДРЭЙ i чацьвёра вуркаў выйшлi пакурыць. Усе, апрача АНДРЭЯ й ШТЫРА, на добрым падпiтку i ўзбуджаныя. Апынуўшыся ў тамбуры, МУЛЬЦIК адразу выхоплiвае ў АНДРЭЯ з рук пачак, колькi цыгарэтаў перакладае сабе ў шапку, раздае сябрам, якiя ня грэбуюць дзьвюма-трыма, адну дае АНДРЭЮ, а пачак хавае сабе ў кiшэню.
МУЛЬЦIК (да АНДРЭЯ, прыпальваючы цыгарэту ШТЫРУ, сабе, потым ТАЛЯНУ з ЦЫГАНАМ): Што, добры? Зжалiўся, угасьцiў сiгарэткамi?.. А што зразу ня даў, калi я гарлаў на ўвесь вагон?
АНДРЭЙ: Я… чытаў. Я ня надта прыслухоўваўся, што вы там робiце.
МУЛЬЦIК: Чытаў… Чытаў ён. А што ня сьпiш? Далёка едзеш?
АНДРЭЙ: Да Здалбунава. А вы?
МУЛЬЦIК: А мы таксама да твайго Задалбунава!..
Цягнiк сутарглiва спынiўся. Адчынiлiся дзьверы.
ГОЛАС: Станцыя Крывiн! Наступная станцыя Магiляны! Платформу Бадзiўка прасьледуем без прыпынкаў! Наступная — Магiляны!
У гэты момант, пакуль цягнiк стаiць i дзьверы адчыненыя, ТАЛЯН, якi дасюль маўклiва курыў цыгарэту, раптам кiдаецца на АНДРЭЯ, iмгненна заломвае яму руку за плечы i штуршком нахiляе да дзьвярэй.
ТАЛЯН: Хочаш шагнуць? Шагнуць хочаш, спрашую?
АНДРЭЙ, не чакаўшы такога абыходжаньня з сабою, зьлякана вырываецца, адступае на крок, прыхiнаецца плячыма да дзьвярэй.
АНДРЭЙ (зьнiякавела, з страхам): За што… вы так мяне?..
ТАЛЯН (раззлавана): За што?.. За што?.. Маўчы!.. Замачу, падла!..
ШТЫР (хапае яго ззаду за каўнер): Талян! Уймiсь. Засохнi!
ТАЛЯН (рэзка крутнуўшыся да ШТЫРА, амаль крычыць): А што! Ты што, тут у нас аснаўной, да?! Мы ўжо не на зоне, мы дамой ужо едзем, ты забыў? Да?!
ШТЫР (спакойна): Ты ўсю жызнь так будзеш ехаць, мужык,— дамой з зоны i з дому на зону. Гэта табе толькi першы раз так кажацца, што наўсягда вяртаешся. I кажды раз над табой аўтарытэт будзе. Не я, дык другi хто. Ці разьве што псы канвойныя, вось тады, можа, без пахана абыдзецца. I ня дзёргайся. I ўспакойся. Пакуры цiхонька…
Усе чацьвёра, а з iмi разам i АНДРЭЙ, папыхкваюць цыгарэтамi. АНДРЭЙ пакрысе ачомаўся i нарэшце, зацягнуўшыся, спрабуе аднавiць размову, але зноў, на жаль, няўдала.
АНДРЭЙ: Хлопцы, а вы… вы з зоны едзеце?
Чацьвёра пераглядаюцца, незадаволена гмыкаюць.
ЦЫГАН: Што гэта за вапросы ў цiбя такiя мянтоўскiя? Аткуда едзеце, да как зваць, да за што сядзелi? Яшчэ табе што расказаць?.. (Пагрозьлiва насоўваецца на АНДРЭЯ.)
АНДРЭЙ: Ды я… я проста так спытаў…
ТАЛЯН (таксама ступае ўперад, на падтрымку ЦЫГАНУ): Ты сваё “простатак” пры сабе дзяржы, поняў?..
ШТЫР за iхнiмi плячыма стаiць спакойна, але адсочвае сітуацыю. МУЛЬЦIК вырашае разрадзiць напружаньне.
МУЛЬЦIК: Да ладна, Талян, астаўце фраера ў пакоi. Ён жа вам закурыць даў, между прочым… (ТАЛЯН i ЦЫГАН паварочваюцца да яго, i МУЛЬЦIК намагаецца выкарыстаць увагу сяброў, якою раптам завалодаў.) Вось шчас бы выпiць яшчэ, да? Пашлi, пашманаем па вагону — няўжо нi ў кога няма? А то яшчэ трэсьцiся да таго Здалбунава… (Да АНДРЭЯ.) — Скока яшчэ туда ехаць, зямеля?
АНДРЭЙ: Яшчэ… да Здалбунава… ды хвiлiнаў сорак, мабыць…
МУЛЬЦIК (да сваiх): Поняў? Сорак мiнут яшчэ ехаць. Ну ясна, што нада выпiць. Вунь там бабцы кiмараць, дальшэ па вагону, у iх точна далжно быць, я зуб даю!.. Давай, дакурвай, пайдзём знакомiцца. (Некалькi разоў запар зацягваецца цыгарэтай, назiраючы, як яна штораз карацее. Потым зьвяртаецца да верхавода.) — Ну што, Штыр, мы i праўда пойдзем, папробуем. Удруг i абломiцца. (ШТЫР кiвае, сам павольна падносiць цыгарэту да вуснаў, зьбiраючыся ёю яшчэ доўга дымiць.)
МУЛЬЦIК (да ЦЫГАНА з ТАЛЯНАМ): Ну што, пайшлi? (Выкiдае цыгарэту i, таргануўшы дзьверы, ступае ў вагон. ТАЛЯН i ЦЫГАН прытоптваюць свае недакуркi, пасьля чаго Талян востра зiркае на АНДРЭЯ.)
ТАЛЯН: Учцi, фраер, мы яшчэ вернемся. (Удвух з ЦЫГАНОМ захо-дзяць у вагон.)
З гэтай хвiлiны дзея разьдзяляецца. ШТЫР з АНДРЭЕМ застаюцца ў тамбуры, а трое вуркаў прамышляюць у вагоне. Яны падыходзяць да жанчынак, што сьпяць, прыцiснуўшыся да сваiх сумак i нават накруцiўшы iхнiя рамянi сабе на рукi.
ЦЫГАН спыняецца над iмi, МУЛЬЦIК i ТАЛЯН — ззаду. ТАЛЯН наагул адышоў кудысьцi да сваiх рэчаў, нешта там шукае, знаходзiць, потым вяртаецца да сябрукоў.
ЦЫГАН: Дзяўчаты! Гэй! Пад’ём! Прасьпiце й царства нябеснае!..
ЖАНЧЫНЫ (прачынаючыся, спалохана): Га? Што? (Пераглядаюцца, пераводзяць вочы то на ЦЫГАНА, то за вакно.) — Якая станцыя? Шапятоўка?..
ЦЫГАН: А вам што, да Шапятоўкi? Ды вы ўжо даўно цю-цю!.. Слыш, дзяўчаты, нада пабазарыць…
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Не, нам не ў Шапятоўку, нам дальшэ. А якая была станцыя?
ЦЫГАН: Ладна вам: якая станцыя, якая станцыя? Едзеце — i харэ. Слыш, дзяўчаты, а ў вас выпiць не найдзёцца? Мы заплацiм…
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Выпiць? Дзе? Мы няп’юшчыя, праўда, Сьвет? (Какетлiва пераглядаецца з сяброўкаю.) — А якая станцыя, скажыце, хлопцы?..
ЦЫГАН: Няп’юшчыя… Ну што з вас толку? (Расчаравана пазiрае на карыфанаў.) Ну ладна, мы пашлi. Пардоньце, дамачкi… (Выходзяць.)
У гэты час у тамбуры ШТЫР з АНДРЭЕМ, пераглядаючыся, пых-каюць цыгарэтамi. АНДРЭЙ зноў наважваецца загаварыць.
АНДРЭЙ: Вялiкдзень сёньня. Вунь у вёсцы царкву вiдаць… Хросны ход… (Паказвае вачыма за вакно.)
ШТЫР: Да-а… Шчас прыйдуць дамой, самагоначкi ўрэжуць, кра-шанкамi разгавеюцца. Вялiкi празьнiк!..
АНДРЭЙ: Уваскрэсеньне Гасподняе. Найвялiкшае сьвята хрысь-цiянскае… Чуеш, а чаму твае хлопцы такiя злыя? Асаблiва той, малады…
ШТЫР: Да пры чым тут, што малады, ха-ха!.. (Выпускае струменьчык дыму.)
АНДРЭЙ: Вы ж дадому едзеце. Цешыцца павiнны… радавацца... далжны, што вяртаецеся. Ранiчкай… утрам… жонак, дзяцей, мацярок пабачыце… Навошта ж злавацца?..
ШТЫР: Хто пабачыць, а хто й не… У каго iх няма… Я вот, напрымер, да вас еду на работу ўстрайвацца. На “Азот”, знаеш такую фiрму? (Андрэй кiвае.) — I вабшчэ, што гэта ты пачаў? Я табе так скажу — ня лезь ты ў душу. А то яны… (Кiвае ў бок вагону.) — яны цябе ўдзелаюць. I я нiчым не памагу. Ты ж бачыў, як яны з рук вырываюцца…
А ў вагоне тым часам ЦЫГАН, МУЛЬЦIК i ТАЛЯН перайшлi ад жанчынак, якiя выявілiся непiтушчымi, да лаўкi, дзе сьпiць ЧАЛАВЕК З СУМКАЙ, а таксама той, якога мы ўмоўна назвалi ГАРМАНIСТАМ. Супынiлiся над iмi, пра нешта перамаўляюцца.
АНДРЭЙ: Ану стой! Чакай! Неяк ты ня так гаворыш, як пахан павiнен. Ану давай спачатку. (Адвярнуўшыся да вакна, цiха, лiрычным тонам.) — Уваскрэсеньне Гасподняе. Найвялiкшае сьвята царкоўнае…
ШТЫР: А вот слыш, братан. Я шчэ на свой первы срок iшоў, дзесь у семьдзесят яком-та там гаду. I на перасылке адной, на распра-дзялiцелi, вобшчым, пагналi нас у баню мыцца. I быў там адзiн штунда*, ну, словам, загрымеў на два года, бо ў армiю iцi атказаўся. I ўжо там, у банi, галяком, (усьмiхаецца) сцапiўся той штунда з адным, як я поняў, нашым веруюшчым, праваслаўным. А счапiўся за то, што калi Хрыста расьпялi, то радам з iм яшчэ ж двух расьпялi, знаеш? Разбойнiкаў. Уродзi нас, блатных, тока тагдашнiх. I яны ўжо на крастах, расьпятыя, значыцца, пачалi з Хрыстом базарыць, да? I штось там адзiн яму сказаў, штось другi, а Хрыстос патом аднаму з iх i кажа, як там, дай-ка ўспомню… Ага, значыць, ён i гаворыць: “Кажу табе — сягоньня яшчэ будзеш сядзець каля мяне на нябёсах”. Гэта наш так гаварыў, праваслаўны, значыцца. А той штунда, ён даказваў, што Хрыстос, быццам сказаў: “Кажу табе сягоньня — яшчэ сядзець бу­дзеш ты са мною на нябёсах”. Ну, сягоньня, значыцца, кажу табе, а сядзець будзеш на нябёсах недзе ў будушчым… Панiмаеш? Вот як ты сабе думаеш, хто з iх праў быў, га?
Цягнiк пачынае гамаваць, урэшце спыняецца. Дзьверы адчыняюцца.
ГОЛАС: Станцыя Магiляны! Наступная станцыя Астрог. Асьцярожна, дзьверы зачыняю!
Электрычка зноў кранаецца. АНДРЭЙ дакурыў i павярнуўся тварам да цёмнага вакна ў дзьвярах, прытулiўся да яго лобам.
АНДРЭЙ: Кажу табе сягоньня… Кажу табе сягоньня…
ШТЫР: Што ты шэпчаш, зёма? Хто з iх праў, па-твойму?..
АНДРЭЙ: Кажу табе сягоньня… Кажутабесягоньня…
Дзьверы вагону расчыняюцца. У дзьвярах, шырока расставiўшы ногi, стаiць ТАЛЯН.
ШТЫР: Ну, што там?
ТАЛЯН (ня вельмi прыязна): Да пака што нiчо, но шчэ, можа, што i ўломiцца. (Да АНДРЭЯ.) — Гэй, фраер, сякi! (Неспадзяваным хуткiм рухам аднекуль з-пад курткi выхоплiвае нож, якi ў цьмяным сьвятлеблакiтна блiскае лязом.) — Опа-на! Пёрышка! (Забаўляецца са зброяй, перакiдаючы яе з рукi ў руку.) — Опа-на! Сякi. I сквозь вахту пранёс, i ад шмону заныкаў! Гэта я для брацiшкi вытачыў, для Русьлiка. (Падыходзiць на крок блiжэй да Андрэя.) — Iз чаго, ты думаеш? Iз напiльнiчка!..
ШТЫР: Талян, iшоў бы ты…
ТАЛЯН: I пайду!.. (Ужо цераз плячо.) Учцi, фраер, нам яшчэ ехаць да ехаць…
Заходзiць у вагон, спыняецца над мужчынам, якi сьпiць каля ЧАЛАВЕКА з СУМКАЙ, гэта значыць, над ГАРМАНIСТАМ.
АНДРЭЙ: I ўсё адно штосьцi ня так.
ШТЫР: Што — ня так.
АНДРЭЙ: Зноў ты ня так сябе паводзiш. Ну, ня так, як сапраўдны пахан. Давай спачатку. (Адварочваецца да вакна.)
Цягнiк спыняецца, дзьверы адчыняюцца.
ГОЛАС: Станцыя Магiляны! Наступная станцыя Астрог! Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца!
ШТЫР: Нiчога ты не разумееш, зёма. Вот, напрымер, ты, як на бабу глядзiш, можаш апрадзялiць, колькi ёй гадоў? Можаш?
АНДРЭЙ: Як гэта?
ШТЫР: Ну, вот гэта была дзеўка з цёткай, што з неграмi выйшлi. Вот колькi ёй па-твойму?
АНДРЭЙ: Ну, недзе так дваццаць пяць…
ШТЫР: Вот бачыш — можаш апрадзялiць. А ў нас, братан, пасьля году адсiдкi гэта ўсё прападае. Цi ёй дваццаць лет, цi сорак, мы не разьлiчаем. Цяпер панiмаеш?
АНДРЭЙ: Разумею.
ШТЫР: I ты з намi, з такiмi хочаш ехаць тут, i курыць спакойна, i што б з табой нiхто не зачапiўся. Но так ня будзе, братан. Яны (кiвае ў бок вагону)… яны табе не прасьцяць ужо таго, што ты з iмi робу не насiў i баланду не хлябаў, i на развод ня строiўся. Ты для iх не чалавек. Ты вабшчэ хто такi?
АНДРЭЙ: Хто? Я?
ШТЫР: Да! Ты — хто такi?
АНДРЭЙ: Я… Мастак… художнiк…
ШТЫР: Ху-дожнiк… А што малюеш?
АНДРЭЙ: Я — мастак-афармляльнiк.
ШТЫР: I што ж ты аф-фармляеш? (Ягоны тон усё больш робiцца блазнавата-жорсткiм, як у астатнiх вуркаў.)
АНДРЭЙ: Ну… рознае…
Адчыняюцца дзьверы мiж вагонамi, i ў тамбур заходзяць адзiн за адным двое РЭВIЗОРАЎ у чыгуначных кашкетах. Адзiн адразу ж праходзiць далей, у вагон, а другi затрымлiваецца ў тамбуры.
РЭВIЗОР: Бiлецiкi, пажалуста.
АНДРЭЙ лезе ў кiшэнi, знаходзiць квiток, паказвае. РЭВIЗОР кампастуе квiток, паварочваецца да ШТЫРА. ШТЫР стаiць моўчкi, як нiчога нiякага, дымiць недакуркам, пазiрае на РЭВIЗОРА з падкрэсьленай абыякавасьцю, зьверху ўнiз.
РЭВIЗОР (неяк больш да АНДРЭЯ): I не курыце тут! За курэньне штраф, што, ня знаеце? (Праходзiць у вагон.)
У вагоне РЭВIЗОРЫ правяраюць квiткі ў пасажыраў, але ЦЫГАН, ТАЛЯН, МУЛЬЦIК i ГАРМАНIСТ застаюцца па-за iхняй увагай. Яны для РЭВIЗОРАЎ як быццам не iснуюць. ЦЫГАН у гэты час намагаецца раскатурхаць ГАРМАНIСТА.
ЦЫГАН: Гэй, зямеля, уставай, праспаўся. (Трасе ГАРМАНIСТА за плячо, той перакручваецца на лаўцы на другi бок.) Уставай, зямеля, пабазарыць нада.
Нарэшце ГАРМАНIСТ нечакана падымаецца, трэ вочы кулакамi. ЦЫГАН сядае каля яго.
ЦЫГАН: Слыш, чалавек, у цябе выпiць есьць? Вот пячонкай чуствую, што есьць.
ГАРМАНIСТ нахiляецца пад лаўку й дастае адтуль футарал з музычным iнструментам. Ставiць на лаўку пад вакном i пстрыкнуўшы замкамi, адчыняе вечка.
МУЛЬЦIК, ЦЫГАН i ТАЛЯН адначасна зiркаюць туды, у сярэдзiну, i ўсьцешана пераглядаюцца.
МУЛЬЦIК: Во! Вот эта да! То што нада!
ГАРМАНIСТ здабывае з футарала гармонiк i нiштаватую, дзесьцi так на 0,7 лiтра, пляшку, заторкнутую кукурузным кiяхом.
ГАРМАНIСТ: А стакан у вас есьць?
МУЛЬЦIК (наўздагон РЭВIЗОРАМ, якiя ўжо амаль дайшлi да канца вагону): Гэй-гэй-гэй!.. (РЭВIЗОРЫ азiраюцца.) — Стакана не найдзёцца? (РЭВIЗОРЫ са сваiх кiшэняў i партфеляў дастаюць i з гатоўнасьцю працягваюць вуркам па шклянцы. МУЛЬЦIК падыходзiць, прыглядаецца, выбiрае з дзьвюх шклянак лепшую. РЭВIЗОРЫ моўчкi выходзяць.) Есьць пасуда!
Вяртаецца да ГАРМАНIСТА, i ўся хеўра сядае каля яго, пасунуўшы ЧАЛАВЕКА З СУМКАЙ. Той урэшце не вытрымлiвае i з словамi “Ну нiдзе ад вас няма спакою!” — выбягае кудысьцi ўсьлед за РЭВIЗОРАМI. Кампанiя раскаркоўвае пляшку, налiвае й выпiвае дзесьцi па паўшклянкi на брата, занюхваючы рукавамi. Хекаюць, хукаюць, хакаюць. Раптам ГАРМАНIСТ хапае гармонiк, расьцягвае мяхi, глядзiць на ўсiх з заклiкам.
ГАРМАНIСТ: Ну, што сыграць?
ЦЫГАН: А ты песьню пра братоў Крыценкаў знаеш?
ГАРМАНIСТ: Знаю. Гэта iзьвесная песьня. (Яшчэ раз расьцягвае мяхi, прабягае пальцамi па гузiках. Усе разам, хоць i ня вельмi суладна, заво-дзяць песьню.) (Гл. дадатак.)
Калi песьня канчаецца, вiдаць, што ўсе прыкметна захмялелi. Цягнiк зьнячэўку спыняецца.
ГОЛАС: Станцыя Астрог! Выхад на правы бок! Станцыя Астрог! Наступная станцыя Iвачкаў. Платформу Украiна прасьледуем без прыпынку.
Адна з жанчын, што сьпяць на сярэдзiне вагону, падхоплiваецца i з крыкам: “Дзяўчаты, Астрог!”— кiдаецца да выхаду. Рэшта жанчын, паўтараючы: “Дзяўчаты, Астрог! Астрог, дзяўчаты!”, хапатлiва валочачы сумкi, таксама выходзяць.
ГОЛАС: Зачыняю дзьверы! Наступная станцыя Iвачкаў! (Цягнiк кранаецца.)
У вагоне кампанiя пускае шклянку па другiм коле. У тамбуры ШТЫР дастае з кiшэнi яшчэ дзьве цыгарэты. Адну дае Андрэю, другую прыкурвае ад свайго недакурку.
ШТЫР: Дык што ты афармляеш?
АНДРЭЙ: Што?
ШТЫР: Ну, ты ж сказаў, што ты — афармiцель. Дык — што ты афармляеш?
АНДРЭЙ: А… Стэнды розныя малюю ў мастацкiм фондзе. Для музею, напрыклад.
ШТЫР: Ясна. Слухай, а сам ты… нiкагда не судзiўся?
АНДРЭЙ: Як гэта?
ШТЫР: Ну, пад судом ня быў? Нi па якому дзелу не праходзiў?
АНДРЭЙ: А чаму ты гэта пытаешся?
ШТЫР: А iнцярэсна мне. Штосьцi мае хлопцы чуюць у табе. Чым-та ты пахнеш для iх такiм прывлякацельным.
АНДРЭЙ: Ну, калi папраўдзе…
ШТЫР (неспадзявана рэзка й гучна): А што такое праўда? (Iмклiва рассоўвае дзьверы ў вагон i з цыгарэтай у зубах ступае туды. Галовы сябрукоў i ГАРМАНIСТА паварочваюцца яму насустрач. МУЛЬЦIК дагодлiва падае яму шклянку з самагонам.) Не знаходжу я ў iм нiякай вiны. (Бярэ ў МУЛЬЦIКА шклянку й адным глытком выпiвае.) А толькi — што такое праўда?
Вяртаецца ў тамбур, за iм тудысама выходзяць па адным i шыхтуюцца ў адзiн шэраг, затуляючы плячыма дзьверы, МУЛЬЦIК, ЦЫГАН i ТАЛЯН. Усе яны закурваюць.
ШТЫР: Ну дык што там — па праўдзе?..
АНДРЭЙ: Мяне раз трое пабiлi… недзе год таму. Страшна так пабiлi, я месяц у бальнiцы праваляўся, у нейрахiрургii. I вось нядаўна… быў нарэшце суд. (Пры слове “суд” усе чацьвёра вуркаганаў наструньваюцца.) Так… Iм там розныя тэрмiны давалi. Адному два гады, а тым двум — па году… А той, што бойку распачаў, Серадняк, — дык у яго бацька мiлiцыянт, палкоўнiк…
МУЛЬЦIК: Х-ха! Пральна! Саджай мянцёныша! Там, на зоне, з яго быстра петуха зьдзелаюць, апусьцяць ня спусьцяць! Х-ха!..
ШТЫР (неспадзявана): Усiм устаць! Суд iдзе! (Усе выцягваюцца ў струнку.) Прашу сядаць. (Да АНДРЭЯ.) — Пацярпелы, раблю вамзаўвагу. (Да ТАЛЯНА.) Прашу сакратара суду занесьцi гэта ў пратакол. (ТАЛЯН запiсвае.)
Цягнiк раптоўна скiдае хуткасьць, спыняецца. Адчыняюцца дзьверы, i ў iх зусiм зблiзку заплывае царкоўны сьпеў.
ГОЛАС: Станцыя Iвачкаў! Наступная — канцавая станцыя Здалбунаў! Платформу Сямiлетка прасьледуем без прыпынку! Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца!
ТАЛЯН: Сягоньня пасяджэньне суду вядзе судзьдзя Перазоўская. (Да АНДРЭЯ.) Пацярпелы, вы маеце адводы цi прэтэнзii? (АНДРЭЙ нiякавата пацiскае плячыма.)
ШТЫР: Iмем, правам i законам сягоньня мы разглядаем вашу справу, пацярпелы! Гэтыя трое зьмясiлi вас, адп…лi, прычынiлi вам цялесныя пашкоджаньнi сярэдняй цяжкасьцi. Слова для абвiнавачваньня мае прадстаўнiк пракуратуры.
ЦЫГАН: Паколькi падсудны Серадняк адмовiўся ад абароны, то мяне, прадстаўнiка абвiнавачаньня, таксама тут зараз нiбыта й няма. (Да АНДРЭЯ.) Няма мяне, поняў? I не было вабшчэ! (Адварочваецца да дзьвярэй, пыхкае цыгарэтай.)
ШТЫР: Паколькi прадстаўнiк абвiнавачаньня ў зале адсутнiчае, слова мае абаронца…
АНДРЭЙ: Падсуднага… Хмарчука… так, Хмарчука Алега.
ШТЫР: … падсуднага Хмарчука Алега.
МУЛЬЦIК: У мяне ёсьць пытаньне да пацярпелага. (ШТЫР кiвае.) Скажыце, пацярпелы… Э-э-э… цi ведалi вы, што падсудны Серадняк — сын палкоўнiка мiлiцыi?
АНДРЭЙ: Ён не так пытаўся. (Адмоўна хiтае галавой.)
МУЛЬЦIК: О, выбачайце… Пацярпелы… э-э-э цi ведалi вы, што падсудны Серадняк… псiхiчна непаўнацэнны… э-э-э… псiхiчна хворы… i нават стаiць на ўлiку ў э-э-э… абласным псiхiятрычным дыспансэры?..
АНДРЭЙ: Не, ня ведаў. Але ён заўсёды неяк… неяк так…
МУЛЬЦIК (абрываючы яго): Дык чаму ж тады, пацярпелы, якога чорта, я нават не выбачаюся, якога хрэну вы тады апынулiся ў той вечар на тым забытым усiмi тралейбусным прыпынку?
АНДРЭЙ: Я…
ШТЫР: Суду ўсё зразумела. Суд абвяшчае перапынак.
Электрычка спыняецца. Зноў чуваць царкоўныя сьпевы.
ГОЛАС: Здалбунаў. Паўднёвы парк. Наступная — канцавая станцыя Здалбунаў–Пасажырскi.
Дзьверы зачыняюцца, цягнiк кранаецца.
ШТЫР: Агалошваем прысуд! Iмем, правам i законам, правым, i левым, i сьцягном, i каленам…
АНДРЭЙ: Там, здаецца, ня так было.
МУЛЬЦIК: Цiха, фраер! Слухай i ня ўмешвайся.
ШТЫР: Судовае пасяджэньне ў складзе мяне, суддзi Перазоўскай, пастанавiла!..
ЦЫГАН: Цiха, ублюдкi! Слушаць усiм!
ШТЫР: … падсуднага Серадняка Валерыя… падсуднага Хмарчука Алега… i… i таго (да АНДРЭЯ) — трэцяга там як, таго, трэцяга?
АНДРЭЙ: Палiшчука Руслана…
ШТЫР: Палiшчука Руслана…
ТАЛЯН: Што?! (Гэта не пытаньне, гэта немы нялюдзкi крык.) Што? Русьлiка? Брацiшку? Ня нада!!! Ня нада яго туда-а-а!
Электрычка спыняецца. За вакном нейкi пасажырскi цягнiк павольна адыходзiць у бок Львову.
ТАЛЯН: Ня нада! Ты што?! Русьлiка, брацiшку, на кiчу саджаць, на брудныя нары! (Лiхаманкава мацае крысьсё курткi, кiшэнi.) Дзе мой нож? Дайце нож! Дайце но-о-ж! (Кiдаецца ў сярэдзiну вагону.)
ГОЛАС: Грамадзяне пасажыры! Наш электрацягнiк прыбыў на канцавую станцыю Здалбунаў–Пасажырскi! Дзьверы электрацягнiка будуць адчыняцца пасьля адпраўленьня пасажырскага цягнiка з першай каляiны. Пры выхадзе з цягнiка будзьце ўважлiвыя! Не забывайце сваiх рэчаў у вагонах! А калi хто забудзе мяшок цi торбу, сумку цi партфель, то няхай нiхто iншы не пажадае й ня возьме дабра ягонага, анi поля ягонага, анi раба ягонага, анi нявольнiцы ягонай, анi вала ягонага, анi асла ягонага, анi ўсяго, што ёсьць у блiжняга твайго!..
У вагоне паволi гасьне сьвятло. Падае, б’ецца, кiдаецца, шукаючы нож, ТАЛЯН. Усе iншыя персанажы стаяць, быццам скамянелыя. Знадворку на iх зноў, усё мацнейшай i мацнейшай хваляю наплываюць царкоўныя сьпевы. Чуваць гамана й рух хроснага ходу. Колькi разоў б’е звон.

З а с л о н а


Д а д а т а к:
Песьня пра братоў Крыценкаў

Ў зале суда перарыў.
Суд савяшчацца уходзiт.
Дзьверы суда прыаткрыў,
Маленькi мальчык заходзiт.
Толька зашол он туда,
Ў зал тот большой, нелюдзiмы,
Па працэдуры суда
Слова бярот падсудзiмы:
“Граждане суддзi маi,
Суддзi маi, пракуроры!
Раньню пацеру сям’і
Ўрад лi паймёце вы скора.
Ў страшныя жуткiя днi
Мама з папашкай рассталiсь,
Так што з брацiшкай аднi
Мы в этам сьвеце асталiсь.
Я варавал, убiвал.
Грабiл я ўсiх на дарогах,
Ну а ў жывых астаўлял
Я толька очань нямногiх.
Посьле я пiл i гулял,
Дзеняг я не эканомiл,
Толька ўсягда адпраўлял
Долю брацiшке ў дзятдоме.

Граждане суддзi маi!
Суддзi маi, пракуроры!
Я не баюся стацьцi,
Што міне вашы укоры!
Я не прашу вас прасьцiць.
Пусьць прыгавор будзет “вышка”.
Но за міня атамсьцiць
Сможат мой младшы брацiшка!…”.