12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Віктар Ярац

_____________________
Паўстанак расстаньня. Вершы

* * *
Ты полем пайшла між высокага жыта
Сьцяжынай да вёскі, дзе дрэвы здалёк
Твой позірк лавілі, нябёсам адкрыты,
Лавілі твой лёгкі на досьвітку крок.

Паўстанак расстаньня.
Пад сонцам і ветрам,
пад небам палескім ты полем пайшла
праз леты і далеч, праз дым цыгарэтны
дыханьнем сьвітаньня, малітвай сьвятла.



* * *
Скрыгат крыг на абуджаных рэках
Гоніць скруху на самае дно,
І па-іншаму колы на рэйках
Зноў імя паўтараюць адно.

Кліча далеч і ў сонцы, і ў крылах.
І пакуль разгавеецца гром –
Вузялкам нематы на галінах
Маладым разьвязацца сьвятлом.



* * *
На хрэсьбінах вясёлае віно
Ліецца ў чаркі, хмелячы застольле.
І ў позірках расьце сьвятло – яно
Пра смутак не пытаецца ніколі.

Пра горкі прысмак сумнага віна
Цень згадкі нечай адплывае хмаркай...
Жыцьця пачатак – як пачатак дня.
Віно сьпявае!
Вечнасьць звоніць чаркай!


* * *
Ня раз у сьнежны дзень, абмыты сонцам,
Ласі праз поле йшлі ў такім спакоі,
Нібы на сьвеце гэтым пахаваны
І жорсткасьць —
зло, і сквапнасьць чалавека,
І стрэльбы ўсе даўно іржа паела...

Калі бывае на душы пахмурна –
Прыгадваю заліты сонцам сьнег,
Глыбокі сьнег, якім ласі спакойна
Ідуць, нібы плывуць у белы сьвет,
Дыханьнем цёплым грэючы бязьмежжа.