12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Паліна Качаткова

_____________________
Начныя размовы пра матылёў.
З нізкі "Маўклівыя сябры"

Ёсьць словы, якія ня варта казаць.
Ёсьць рэчы, пра якія лепш ня ведаць.
Давайце пагаворым пра матылёў.
Матыль – гэта матыль — прыгажосьць. Ён ніколі ня сядзе ні на што брыдкае.
Ці матылі нейкім чынам зьвязаныя з тым, з іншым сьветам?
Крылатая Душа-Псіхея? Ня ведаю. Магчыма. Паэты так лічылі, ня людзі. Душа-матыль? Наўрад ці.
А што вы ведаеце пра матылёў?
Некаторыя віды матылёў могуць пераляцець праз мора. Ёсьць такія матылі — пралятаюць тысячы кіламетраў. А ёсьць матылі — жывуць адзін дзень – аднадзёнкі. Празрыстыя самотныя душы.
Ці дажываюць да вясны тыя з іх, хто хаваецца восеньню? Дажываюць? Восеньню яны лезуць хавацца. Лезуць, ва ўсе цёмныя месцы — пад драўляны ложак, пад канапу, за шафу. Іх шмат-шмат набіваецца. Бывае яшчэ цёпла, а яны ўжо залазяць.
А да вясны дажываюць?
Думаю, што некаторыя з іх – маладыя. Маладыя — дажываюць.
Неверагоднае мноства матылёў апынулася ў кватэры на вуліцы Алтайскай у Менску — на выспе маёй часовай незалежнасьці. Там я жыла, памятаеце? Матылі былі паўсюль — у пад’езьдзе і ў кватэры. Сядзелі, як прыклееныя на столі і сьценах. І ў ваннай. Спалі склаўшы крылы. Калі я адчыняла вам дзьверы, матылі зрываліся з месцаў і кружыліся, кружыліся. Узьляталі пры кожным нашым руху. І зноў нерухомелі на сьценах і столі. Ціха складалі і раскладалі пяшчотныя крылы, разгортвалі і згортвалі, як кніжныя старонкі. Толькі тады я ня ведала, што напісана ў той кнізе.
І куды яны пасьля падзеліся? Восень, кастрычнік. Матылі маглі забіцца куды-небудзь і схавацца. А маглі выляцець праз вокны і паляцець далей. Яны маглі паляцець далей, але гэта была восень кастрычнік. Куды яны падзеліся. Куды? Інсекты добра ўмеюць маскавацца. Я цяпер вельмі часта думаю пра гэта.
Яны пражылі пэўны час у той кватэры. Я таксама пражыла там пэўны час. Памятаеце, я радавалася, калі набыла лямпу з аранжавым абужурам? Лямпа стаяла на падлозе побач з кілімам брэсцкай вытворчасьці з выявамі паўлінаў. Яшчэ былі канапа і тэлефон на зэдліку. Фіялетавая пуховая коўдра, новыя махровыя рушнікі. Апошні паверх. Пад балконам дрэвы з жоўта-чырвоным лісьцем. Цёплая восень. Краявід з электрастанцыяй.
І паўсюль матылі. Вядома, рэдкае відовішча ў наш час. Незвычайнае. Гронкі матылёў. А можа гэта было перасяленьне ў вырай?
Мы гаварылі, рухаліся, матылі лёталі.
Помню вас у дзьвярах і помню матылёў — яны маглі ўляцець у вітальню сьледам за вамі, ці наадварот – выляцець у пад’езд, калі вы сыходзілі.
Цяжка паверыць, што ня вярнемся туды.
Матылі, якія ўвосень залятаюць у кватэры і пад’езды – шукаюць сховішча... У красавіку, калі цяплее, яны ажываюць. Некаторыя за зіму зьнікаюць, паміраюць, высыхаюць, астатнія пачынаюць вылятаць. Калі дастаткова цёпла я ім вакно расчыняю і выпускаю на сонейка. А бывае, што і зімой, калі горача, яны вылятаюць і пачынаюць біцца ў шкло раней часу.
— Гэта тыя самыя, якія восеньню схаваліся за шафу, пад ложак?
— Так, калі цяплее, яны вылятаюць.
— Вы хочаце сказаць, што яны могуць перазімаваць?
— Так, яны могуць перазімаваць.
— Ну, некаторыя паміраюць, напэўна?
— Напэўна.
Матылі вылятаюць вясной, калі пах сырой зямлі робіцца невыносны — адтала зямля і ўсё, што ў зямлі. Паветра вільготнае, вецер...
Вецер варушыць валасы, дакранаецца аднолькава да ўсяго – жывога і нежывога. А ў паветры зьяўляюцца прыгожыя вясёлыя матылі. На людзей тым часам проста страшна глядзець — выходзяць на вуліцы, з шэрымі тварамі – быццам усю зіму правялі ў зямлі.
Бываюць такія вясна-лета-восень, калі матылёў асабліва шмат. А бывае – амаль няма. Памятаю ў жніўні — у двары і на верандзе — іх было процьма. Цьма, цьма і цьма. Я чытала кнігу ў крэсьле, яны на мяне сядалі і махалі крыламі, я была ціхая і нерухомая, таму яны так рабілі.
Цяпер распавяду, як мяне ўразіў вялікі чорны матыль з блакітнай каёмкай, — Антыопа. Так атрымалася... Калі праводзілі класіфікацыю матылёў, некаторым з іх дасталіся імёны міфалагічных істотаў. Вялікі чорны матыль атрымаў імя Антыопа ў гонар адной са шматлікіх каханак Зеўса, якая пакутвала і ад усіх хавалася. Па-руску, Антыопу называюць “Траўрніца”, беларуская назва мне невядомая. Хто мне сказаў, што матыль так называецца? Мама. Так і засталіся гэтыя назвы на ўсё жыцьцё, як у дзяцінстве вывучыла – Адмірал, Крапіўніца, Лімоньніца, Махаон. Адмірал такі ўрачысты, чорна-чырвоны, буйны. Цяпер рэдка яго ўбачыш. Яго яшчэ называюць Ванеса. Махаон вялікі жоўты з чорным, яшчэ большы за Адмірала – буйны матыль, напэўна, буйнейшага няма ў нас. Назвы матылёў, як назвы кветак — тыя, якія ў дзяцінстве назвалі, запомніліся назаўжды, а цяпер вывучыць што-небудзь цяжка.
Так, я распавяду, пра жалобнага матыля. Убачыла там, дзе мы праводзілі лета, калі мне было шэсьць гадоў. Там лёталі розныя матылі. Але чорны матыль быў ня разам з усімі на той палянцы, дзе яны ўсе мільгацелі. Антыопа зьявілася перада мною за вакном пакою, дзе мы жылі. Яна сядзела на дрэве. На бярозе. Самотная, склаўшы крылы – ледзь заўважная рыса на белым тле. А пасьля разгарнула крылы. І я зьдзівілася. Чорны матыль выглядаў вельмі кантрастна на белым. Можа я і раней бачыла Антыопу, але да таго выпадку не зьвяртала ўвагу. А тут мая ўвага сфакусавалася на незвычайным чорным матылі. Матыль зварухнуўся, расправіў крылы. І вось яго ўжо няма – толькі мільгануў цень. Антыопа зьнікла ў гарачым летнім паветры. Засталася хваля расчараваньня.
У агорнутых цемрай садах жывуць начныя матылі – аксамітныя, важкія з чырвонымі вачыма. У ясны дзень яны хаваюцца, дзе могуць. А цёплымі летнімі начамі б’юцца ў шыбу.
Яны падлятаюць да вокнаў у той самы час, калі мы падаем у цёмную бясконцую бездань сну, калі ў душу пачынае пранікаць незямное. Начныя матылі прыносяць з цемры трывожную таемнасьць. Шолах іх крылаў зьліваецца з прыглушанымі начнымі ўскрыкамі, шэптам дрэваў, шамаценьнем шынаў і перамовамі сабак. Зранку, калі сонца працягне па падлозе бліскучыя, рухомыя палосы сьвятла, заўважыш — некаторыя з начных матылёў памерлі — ляжаць на падваконьні – з крылаў абляцеў пылок. Так гінуць на мяжы цемры і сьвятла нашы з вамі ілюзіі, фантазіі і нават тое, што было.