12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Камоцкі

_____________________
Я ведаю, што прыйдуць халады.
Вершы

* * *

У цябе –
птушыная усьмешка,
ясны позірк
дзіўнай глыбіні.
Без цябе
я неяк жыў, канешне,
іншы сьвет
мне думкі паланіў…
Ды нарэшце выбавіўся з ночы,
і чыясьці лёгкая рука
мне працерла стомленыя вочы,
каб убачыў,
дзе цябе шукаць.

* * *

У час, калі сябе не пазнаваў,
І мэту абмінаў, як перашкоду,—
Хацела нешта думаць галава,
Ды толькі з ёй я быў тады ня згодны.

* * *

Зямля, Лі Фан, вялікая такая,
нам выпадкова болей не сустрэцца.
Я вечарамі не цябе чакаю,
і да цябе ня я прыходжу грэцца…
Вакол ня ты, і сумна быць вясёлым,
але Сусьвет тваіх усьмешак поўны.
Ён раздае іх бляск далёкім зорам
і твой партрэт малюе промнем поўні.

* * *

Я ведаю, што лісьце ападзе,
але пакуль ня думаю пра гэта,
і бесклапотным падаецца лета,
і ўжо няма адбою ад надзей.
Я ведаю, што прыйдуць халады,
і нават тэрмін ведаю дакладны…
Свой сум да таго тэрміну адкладваю,
я так раблю ўжо многія гады.

Сьнег


А сьнег шукае месца на зямлі,
пакінуўшы зусім сівое неба,
а сьнег ідзе, дзе мы з табой былі,
дзе нашыя сьляды прысыпаць трэба,
каб для наступных сьвежы шлях сьцяліць.

* * *

Дым разыходзіцца ціха над соннай зямлёй,
нізкія хмары яго не пускаюць уверх.
Ён неадчэпны, як рэха гаворкі пустой,
і невядомы ягоны сапраўдны намер.

Быццам пазбыўся агню, што яго нарадзіў,
з цемрай на пару хавае шляхі і сьляды.
Вочы ад дыму такія, што не паглядзіш,
вось і завернеш, бывае, зусім не туды.

Вецер схавацца яму дапамог ад дажджу,
Месяц яму дапамог паказацца ўначы.
Ён проста так пераходзіць любую мяжу,
але пры гэтым ня вабіць яго далячынь.
Мусіць таму і ляціць ён наўсьцяж паўзучы,
і не бывае такога, каб поўз летучы.


Човен


А човен той, што плыў над поймай чыстай,
бяз пэўнай мэты моўчкі рэзаў хвалі,
у вокаміг рукой сваёй празрыстай
ўзяла ў абдоймы прывідная далеч.
Дзе ён цяпер, ці мае вёслы-крылы,
ці ланцугом, як вязень, прыкаваны,
ці сьмела паглядае на глыбіні,
ці як раней — губляецца ў тумане?
Ён больш, чым ёсьць,
яго ня менш, чым многа…
Паўсюдны ён,
ён там, дзе подых ветру,
і непатрэбнай лічыцца дарога,
і ні аб чым ня сьведчаць кіламетры.
Вакол вада, і берага ня бачна,
ды й мне пакуль ня хочацца на бераг.
За сонца ў небе я вятрам удзячны,
а небу ўдзячны быццам бы за веру.



* * *

Я доўга глядзеў на ваду,
што колер мяняла пад вечар,
чародамі зорак адсьвечвала,
спыняючы хваляў хаду…
А потым і восень прыйшла,
прыйшла, як заўжды, нечакана,
мяне між прысадаў знайшла,
абсыпала лісьцем барвяным.
Я ў вочы агню зазірнуў,
і з цяжкасьцю здолеў адвесьці
свой позірк ад позірку сьмерці.
Агонь наўздагон мне ўздыхнуў…
А потым і восень прыйшла,
прыйшла, як заўжды, нечакана,
мяне між прысадаў знайшла,
накрыла мне плечы туманам.
Я часта гляджу на людзей,
і часта, бывае, ня бачу
таго, каму можна аддзячыць,
але не магу не глядзець…
Як потым і восень прыйшла,
прыйшла, як заўжды, нечакана,
мяне між прысад не знайшла, —
а толькі лісьцё ды туманы.