12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Зараслава Камінская

_____________________
Каб любіць Беларусь. Фрэска

Учора зноўку ішла па вуліцы з шэрымі дамамі-каробкамі, спадчынай савецкага часу, і каля новай, пераробленай па еўрастандартах, крамы ўбачыла жаб­рака. То быў стары мужчына, мабыць, пенсіянер, які саромеўся нават працягнуць руку – проста трымаў поліэтыленавы мяшэчак і картонны ліст з надпісам, чамусьці па-беларуску: “Памажыце”. А крама ў гэты час “работала круглосуточно” і “сердечно приглашала”...

Трэба быць моцным. Каб любіць Беларусь.

Сёньня быў урок беларускай літаратуры. Зноў пе­ра­казвалі крытыку, бо ўласныя думкі ня лічацца вар­тымі ўвагі. І няўжо нельга не прапагандаваць ідэалогію ў школьных падручніках і падбіраць цікавейшыя творы? Бо ствараецца ўражаньне, што вывучаецца ўсё, абы было напісана па-беларуску. Але і гэта здаецца ня надта дрэнным, калі прыходзіш на ўрок беларускай гісторыі і слухаеш доўгі, пераважна на трасянцы, пераказ старонак падручніка.

Трэба вучыцца самастойна. Каб любіць Беларусь.

Нядаўна стаяла на месцы, дзе знаходзіўся полацкі сабор Сьвятога Стэфана. Яго ўзарвалі ў 1964 годзе, бо ён “псаваў выгляд” мясцовым жыхарам. Кіраўніцтва гораду пасьля выдзеліла 40 тысячаў рублёў, каб вывезьці сьмецьце. Цяпер тут жылы дом з крамаю і кавярняю на першым паверсе. У гэтай кавярні дэфіцыт кіпеню і блакітныя пластмасавыя лыжкі, якія каштавалі 3 капейкі...

Трэба помніць усё. Каб любіць Беларусь.

Глядзела перадачу пра Амерыку. Тэлевізар сьпяваў пра камфорт, уласныя аўтамабілі, медыцынскую страхоўку, адрамантаваныя дарогі, багатых фермераў, агульны экзамен пасьля школы, гімн, вядомы кожнаму грамадзяніну, і сьцяг, якім усе ганарацца. Туды мараць эміграваць шмат знаёмых, сябры жадаюць застацца тут...

Трэба зайздросьціць. Каб любіць Беларусь.

Часта гуляю з сабакам, істотай небясьпечнаю, бо заўсёды жадае палезьці ў бойку з сабе падобным. Мы жывем на ўскраіне гораду, побач з вёскай, дзе шмат вартавых сабакаў, якія сядзяць на ланцугах і чакаюць злодзеяў. І я заўжды баялася, што мая занадта сьмелая пачвара пачуе выцьцё і ўцячэ, каб пагрызьціся з іншымі пачварамі. Але вясковыя сабакі брэшуць і ўначы, і ўдзень, ды Тарас не зьвяртае на іх ніякай увагі, яго больш цікавіць уласны хвост...

Трэба ня быць на ланцугу. Каб любіць Беларусь.

Гляджу на круты, падобны на лоб маладога шчанюка, бераг Дзьвіны. Самой ракі не відаць – зіма схавала яе пад гладкі, бы магільны камень, і такі ж халодны, лёд. А наверсе – блякла-сіняе палінялае неба і чырвань галінаў, і хтосьці нябачны трусіць на зямлю белую кастрыцу. Гэта толькі здаецца, што хвалі сьпяць. Але чутны іх подых, шалёны шэпт, і бачны ўжо трэшчыны на магільным камяні. І дарэмна галосяць званы, бо прыйдзе вясна, абавязкова прыйдзе.
Я стаю на беразе Дзьвіны і гляджу ў невядомую, туманную далечыню... А над маёю зямлёю – мо аблокі, мо шызыя крылы анёлаў.

У нас няма нічога, акрамя магілаў, але мы іх ня вартыя. А трэба быць вартымі. Каб любіць Беларусь.