12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Галіна Каржанеўская

_____________________
Кватарант. Апавяданьне

Ён пераязджаў на чарговую кватэру. З кватэрамі катастрафічна не шанцавала. Заценены дамок прыватнага сектару мяняўся на хрушчоўку ля вакзала, тая – з няўмольнасьцю зьмены пораў году – на пакой у далекаватым “спальным” раёне. З аднаго канца гораду даводзілася перакідвацца ў другі, і сьвет быў відзён то з ніжніх паверхаў, то з самай верхатуры. І ня тое каб гаспадыні трапляліся спрэс ведзьмы, – не. Кожны раз неяк дзіўным чынам псаваліся адносіны, акалічнасьці бралі ў сваё шчыльнае кола, і не пасьпяваў ён абжыцца, парас-соўваць кнігі ды знайсьці месца для гітары, як на табе – новы пераезд (якому звычайна папя­рэднічаюць пошукі), найманьне “Рафіка” ці яшчэ якога транспартнага сродку, перавозка драбязы ў сумках і пакетах, прывыканьне да чарговай гаспадыні…
Гэтым разам машына знайшлася без праблемаў. Верны сябра і зямляк, нязьменны памочнік у ягоных блуканьнях па сталіцы, цярпліва зносіў цяжкія зьвязкі ды, мабыць, сам сабе ціха кляў гэтую непад’ёмную кніжную мудрасьць. А літаратуры было шмат. Айчынная і замежная, даведачная і мастацкая, сьпецыяльная і “дзеля душы”. Усё гэта ён чытаў і перачытваў, звычайна робячы алоўкам ці ручкай пазнакі на палях.
Усе пажыткі, аднак, у салон ня ўлезьлі. Неяк за апошнія гады сабралася і адзеньня, асабліва камізэлек і штаноў. Камізэлькі то вязала, то купляла маці, штаны служылі да непрыстойнасьці доўга – якраз таму, што іх было з паўдзясятка. Некаторыя захаваліся з самай школы, але выкідваць іх альбо звозіць у вёску чамусьці не хацелася.
Новы пакой выходзіў вокнамі на паўночны захад, за шыбамі расло і буяла штосьці разгалістае. Прыглядвацца не было калі, яго чакала раскладка, парадкаваньне рэчаў. Гэта было звыклым, разьмераным рытуалам, які патрабаваў цярпеньня і акуратнасьці. Калі разабраўся з пасьцельнай бялізнай, з касьцюмамі і кашулямі, дастаў і павесіў на куце абразок Божай Маці. Добра, што ён не забыўся яго на старым месцы жыхарства. Гэта таксама падобна было на рытуал – абавязкова забываць абразок на сьцяне ці падваконьні, а потым вяртацца па яго, каб пасяліць на новым месцы.
Божая Маці ўжо глядзела са сьцяны, прымацаваная клейкай стужкай, у шуфлядцы стала пасяліліся кубкі і кіпяцільнік, пад ложкам разьмясьціўся архіў – выразкі ды выпіскі, настольную лямпу прыцяні-ла тонкая сурвэтка, прывезеная з дому і вышытая матчынай рукой.
Я н а, прыходзячы, заўжды любавалася гэтай сурвэткай, прыглядалася да ўзору, кранала кужэльную бель палатна. Звыкла акідвала паглядам абразок на сьцяне ды высокія стосы кніжак, у адну з іх спрабавала ўчытацца – гартала старонкі, праглядвала разьдзелы. Ён не любіў гэтых незапланаваных адхіленьняў, успрымаў ледзьве не як абразу сабе і пасьпяхова іх перапыняў – пяшчотным або чэпкім абдымкам (у залежнасьці ад настрою і працягласьці расстаньня.)
Я е нячастыя прыходы сагравалі і адамашнівалі непаглядныя часовыя прытулкі. Наведваньні маглі б быць і часьцейшымі, калі б ня пэўныя жыцьцёвыя абставіны і не фізічная прысутнасьць гаспадыняў за дзьвярамі: тыя размаўлялі, грымелі посудам, шоргалі венікам, проста тупалі, і зьяўлялася адчуваньне, што яны дэманстратыўна робяць як мага болей шуму. Ня то ў знак пратэсту, ня то, каб проста не прыслухоўвацца да іхняй сумеснасьці. А што тут было слухаць? Яны і так цішэй вады, ніжэй травы (ці наадварот?). Як дзьве сьплеценыя ад кораня да вяршыні лазы, што замерлі ў любасьці і толькі зрэдзь часу пагладж-ваюць адзін аднаго рукамі-галінамі…
Каторая ж гэта па ліку кватэра? На аўтобусе да яго езьдзіла, на метро, на тралейбусах з перасадкай. І вось новы пераезд, зноў давядзецца прывыкаць да сьценаў, да новага маршруту і самае галоўнае – да гас падыні. Як ты ні прасьлізгвай у цесны пакойчык, а трапляцца на вочы ўсё адно даводзілася.
Адна з гаспадыняў была невылечна хворай. Рэдкая хвароба скуры спачварыла цётцы амаль увесь твар, той быў як сьвежаабпалены: зморшчаны, страшны… Ён стараўся перш не глядзець на яе (больш з далі­катнасьці, чымся ад міжвольнай агіды), а потым звыкся. Увогуле яны паладзілі. Ён, як заўсёды, стараўся дагадзіць, сказаць штосьці прыемнае, а пасьля знайшоў адчувальную кропку – прагу спагады – і ўжо націскаў на яе не перастаючы. “Трымайцеся, цёця Віля”,– казаў ён важка і са значэньнем. Як быццам яму аднаму вядомы сакрэт чалавечай трывушчасьці, і толькі з гэтай жанчынай ён лічыць патрэбным – з пашаны і ўдзячнасьці – сваім сакрэтам падзяліцца.
Цёця Віля лёгка “купілася” на ўвагу і чым магла спрыяла кватаранту ў яго будзённых патрэбах. Ён сапраўды быў паважлівы, мяккі, як воск, бо падсьвядома хацеў, каб да яго “добра ставіліся”, і непрыкметна сам прыкіпаў да чалавека.Ужо як бы і любіў. Адкрываючы брамку ў двор, настройваўся “на хвалю” і наперад прадумваў, што скажа гас­­-падыні.
Так бы і цягнулася іх ідылія, каб не гаспадар, бо цёця Віля не была ні векавухай, ні разьвядзёнкай, а, як і ўсе, мела мужа (захварэла пазьней, пасьля замужжа). Той часьцяком прыходзіў пад мухай, а пера-піўшы лез біцца. Работу меў досыць экзатычную – пры пахавальным бюро, тое-сёе перападала і звыш зарплаты, так што піць можна было колькі душа пажадае. Што ён і рабіў.
Гаспадар напачатку таксама кантактаваў з маладым кватарантам – загаворваў, выкладваў свае погляды на сьвет і бл…ае жыцьцё. Той зга­джаўся, своечасова падаваў рэплікі, але перастараўся, мабыць, з падладжваньнем, а, можа, дзядзька проста не шанаваў такога гатунку мужчынаў. Адным словам, стары пачаў прыглядвацца, западозрыў няшчырасьць, а калі пачуў, да таго ж, сакраментальнае “Трымайцеся, цёця Віля”, то ўзьненавідзеў кватаранта ўсёй душой. Злаваў яго ня столькі сам па сабе рахманы і хітраваты хлопец, колькі дурная жонка, якая звычайную лісьлівасьць прымала за чыстую манету і гатовая была прадаць душу нячысціку за спагадлівае слова.
“Заб’ю!” – хрыпеў ён, хапаючыся за што папала, гарэтная кабета кідалася з кухні ў пакой зачыняцца, а кватарант сьцінаўся нутром ды хала­дзеў ад досыць непрыемнага пачуцьця, якое завецца звычайным страхам.
Доўга так, вядома, працягвацца не магло. Гаспадар ужо ня толькі да жонкі чапляўся, але і да хлапца, пры гэтым брыдка лаяўся. Аказалася, што стары, да ўсяго, банальна зараўнаваў. У душэўнай еднасьці немаладой жонкі і чужога, “задужа вумнага“ смаркача бачылася яму штосьці брыдкае, зьняважлівае для яго як для мужчыны. Яму здавалася, што яны ў змове, што разам супрацьстаяць яму, бы клейкай павуцінай злучаныя паміж сабою, і ўсё часьцей, п’яны, ён узрываўся ды выплюхваў на іх сваю злосьць.
Непрыемныя акалічнасьці свайго бескватэрнага жыцьця ад я е даводзілася хаваць. У тую пару яны яшчэ не сварыліся. Колькі месяцаў узаемнай згоды і лагоды, прывыканьня, абжываньня прасторы незнаёмай душы. Што ён павернуты да людзей толькі адным сваім, сьветлым бокам і мае, як поўня, бок прыхаваны, заценены, яна зразумее намнога пазьней.
Ён і да я е звыкла прыўлашчваўся, але сьцінаўся ад павучальнага тону, ад залішняй катэгарычнасьці, а яна ва ўсім дабівалася пэўнасьці і не цярпела расплывістасці фармулёвак – чаго б гаворка ні тычылася. Шмат размаўлялі, знаходзілі процьму агульнага ў поглядах, блукалі па вуліцах і завулках гораду, мілаваліся (балазе, лета на двары). Нашто ім тая змрочная цесная кватэра? Чужое заўжды тоіць у сабе небясьпеку.
Сварыцца яны пачалі пазьней. Сваркі былі зацяжныя, пакутлівыя, нейкія нялюдскія, як ё й падчас думалася. Жыць тады станавілася немагчыма. Яны ня елі, цямнелі тварамі, блукалі як здані. Было адчуваньне недахопу кіслароду, пераціснутай артэрыі ці пупавіны.
Асабліва жорсткі крызіс (такое найменьне атрымалі сваркі) адбыўся ўвосень, калі я н а яго сур’ёзна прыраўнавала. Не да дзяўчыны, не да маладзіцы-каляжанкі – да чарговай гаспадыні.
А ён жа думаў, што з новай кватэрай пашанцавала: уладкаваўся з дапамогай знаёмых і меў надзею раскашаваць у поўнай халасьцяцкай адзіноце. Так яму, ва ўсякім разе, паабяцала “кватэраздатчыца”. З вялі­кай сумкай яна перабралася да свайго даўняга сужыцеля, каб там пажыць (зарабляючы на здачы хаты), а мо і прыжыцца назаўсёды. Эксьперымент па сумесным пражываньні быў асуджаны на правал, і гэта неўзабаве адкрылася і самой кабеце, і яе “сябру жыцьця”, і беднаму кватаранту.
Гаспадыня перш пазвоньвала, зрэдку наведвалася паліць хатнія кветкі, падмесьці, што-небудзь спарадкаваць. Ён думаў, што гэта часовая зьява, што абяцанае – вызваліць кватэру цалкам – некалі збудзецца. Дзе там! Неяк вечарам яна вярнулася без настрою, пераначавала, і назаўт­ра, як быццам так і трэба, зноў вярнулася з працы дадому. Сноўдала па кухні, намазвала сьмятанай твар, глядзела тэлевізар у пакоі кватаранта, загаворвала… Потым на тыдзень сыходзіла да каханка, каб зноў вярнуцца.
Стан быў цалкам няпэўны. Прыводзіць сяброў (гэта значыць – я е) было нязручна, амаль немагчыма. Сама верагоднасьць, што ў любы момант могуць адчыніцца дзверы, адбівала ўсялякую хэнць. Увесь час даводзілася прыстасоўвацца, хітрасьцю ўдакладняць планы гаспадыні, па звычцы падабацца.
Прыемным быць пры жаданьні ён умеў як ніхто. Рабіў удалыя кампліменты, распытваў пра здароўе і працу. Высьветліў стаўленьне да нацыянальнага пытаньня і неадкладна павялічыў ступень сваёй талерантнасьці, бо гаспадыня аказалася не проста рускамоўнай гара­джанкай, а этнічна рускай, прыезджай.
Сталася так, што амаль усе вечары яны праводзілі разам. Сужыцель неўзабаве западозрыў патаемныя амуры і спрабаваў скандаліць па тэлефоне. Гаспадыня ў сваіх гадах таварнага выгляду ня страціла, блізкая прысут насьць маладога мужчыны яе ўзбадзёрвала, надавала тонусу, а, можа, і хвалявала. На жаночы голас, што прасіў паклікаць на дрот кватаранта, адказвала нехаця, з доўгімі, незразумелымі паўзамі.
Паўтарылася тое самае: ён зноў адчуваў сябе залежным, зьвязаным па руках і нагах! Размовы рабіліся натужнымі, сьмех вымучаным. Ён проста ня здольны быў пазіраць жанчыне ў вочы! “Яна зацягвае, як вір”, – прызнаўся неяк ё й, і зрабіў недаравальную памылку, бо вынікам сталі роспачныя сьлёзы (ад боязі здрады і падману? ад жалю да сябе?).
Гаспадыня таксама жыла ў напружаньні, нервавалася, раздражнялася па дробязях – з-за непамытай міскі, сапсаванага прасам стала, не туды павешанага ручніка… Усё было ня так, як ёй хацелася, а маладзён нібыта не разумеў, у чым справа, веры не даваў, ці што? Альбо сам сабе не жадаў прызнацца, што ня так сябе паводзіў, што сам вінаваты у такім небясьпечным павароце справаў?
Жыцьцё і ў гэтай кватэры загусла, як тавот, і ўрэшце стала невыносным. Трэба было адчальваць хоць куды, і як мага хутчэй. А тут якраз надарыўся зручны выпадак: сын гаспадыні, афіцэр, прыехаў з Маскаліі з водпуск, марудзіць невыпадала. Шлях да прыпынку ўжо здаваўся яму даўгім, дарога – гразкай з-за суседняй новабудоўлі, аўтобусы і тыя хадзілі радзей чым звычайна. Хацелася волі і палёгкі. “Хопіць з мяне”, – прамовіў у думках, прадчуваючы збавеньне ад спакусы і ўжо намаляваных карцінаў спусташэньня. Толькі ці здолее ён на самай справе стаць свабодным – ад сваёй не зразумелай яму самому прыроды? Часамі ён па-жаночы шкадаваў сябе – адначасова мучыцель і ахвяра, міжвольны правакатар і падманшчык, ліпучая стужка для ўсіх даверлівых і падкіх на салодкае мух…
Вось тады і адбылася ў каханкаў бурная сцэна, той невыносны для іх абрыў энергетычнай сувязі, які дапамог яму ўрэшце вызваліцца і ад няўдалай кватэры, і ад пажадлівай матроны.
З цягам часу яны памірыліся, але інцыдэнт стаў кропляй, што перапоўніла чашу: усё, што я н а ведала пра яго, што чула і бачыла на свае вочы, раптам выбудавалася ў нейкае падабенства сістэмы, і загана любага, роднага ёй чалавека адкрылася ва ўсёй бессаромнай галізьне. Тумалася так: ён у чужым горадзе, між чужых людзей, без свайго кута, неўладкаваны – проста слабы, і менавіта слабасьць вымушае яго шукаць падтрымкі ў людзей. У людзей, а не ў жанчын! Дакладней, у жанчын як у людзей. А яны проста “западаюць” на ягоную маладосьць і мужчынскую прывабнасьць. Усё лагічна!
Ды логіка логікай, а штосьці глыбіннае ў душы пратэставала і не давала мірыцца з ягонай “ліпучасьцю”. Хопіць таго, што ён прыкіпеў да я е. Як можна яшчэ і да іншых?
Ён і на працы меў здольнасьць лёгка парушаць субардынацыю з дыстанцыяй. Перакінецца словам-другім, зробіць дробную паслугу, гарбатай з булачкаю пачастуецца ў кабінеце, і тады нават раздабрэлая цётка-каляжанка непазьбежна разьмякае ў прысутнасьці гэтага напалову мужчыны, напалову дзіцёнка.
Належала распачаць загане бязьлітасную вайну. Лёгка сказаць! Су­праціў пайшоў магутны. Загана засела глыбока ў падсьвядомасьці і быць выцягнутай на божы сьвет аніяк не жадала. Давесьці яму што-небудзь рацыянальна (з таго, што тычылася ягоных патаемных хібаў) было ўвогуле цяжка. Ягоная плыткая істота жыла па нейкіх сваіх зако-нах – то ўзьнімалася ў эмпірычныя высі, то загразала ў прыватнасьцях, а я н а зноў і зноў прабівалася праз цемрадзь ірацыянальнасьці да ягонага розуму. Бо душа ягоная – я н а ведала гэта пэўна – адвечна належала ё й.
…Нічога вечнага не бывае, думала я н а, абшчапіўшы рукамі яго адданую, схіленую галаву. Побач адпачывала гітара, што ня раз дапамагала яму выказаць пачуцьці. Яго высокі, чысты галасок яшчэ трымцеў у пакоі. Над імі плаваў лёгкі прыцемак – натуральны, прыродны, бо штораў тут не павесілі, адно празрыстыя гардзіны. Панавала сьцішанасьць з адценьнем самоты – звычайны іх настрой. Усё гнятлівае, што навалілася на іх і мучыла, некуды сышло. Яны былі разам. Чаго яшчэ жадаць? Хто можа ім перашкодзіць? Чыя неасьцярожная душа асьмеліцца ўшчаміцца паміж імі, цесна злучанымі зараз, улагоджанымі, са­грэтымі пяшчотай і любасьцю? І нашто думаць пра нейкую вечнасьць, калі яны тут, цяпер і сёньня? А галоўнае, што тут (цяжка паверыць!) не жыве гаспадыня

Вясна 2002.