12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Кавалёў

_____________________
Сёстры Псіхеі. П'еса-прыпавесьць у дзьвюх дзеях

АСОБЫ:

А т а, старэйшая сястра, каралева
І ф і д а, сярэдняя сястра
П с і х е я, малодшая сястра
Н і к а н д р, галоўны стратэг
М а р о н, вярхоўны жрэц

Як малое лашчыцца да маці, шукае абароны і цеплыні, так будзённая Еўропа – гэтае звышцывілізаванае дзіця – туліцца да сьвяточнай Грэцыі, да яе прыцягальнай даўніны, ратуючыся ад духоўнае пагі­белі.
Еўропа малітоўным шэптам успамінае запавет Элады: цудоўнае трэба ахоўваць ад звычайнага.
І мы, трывалая часьцінка будзённай Еўропы, ляцім у Грэцыю, каб яшчэ і пакаяцца, па-дзіцячы прызнацца, што часьцей за сьвечку запальваем электрычную лямпачку, часьцей за Евангельле чытаем газету.
Пані Грэцыя, даруй нам і, як вуснам даеш каханыя вусны, – дай нашым душам цудоўнае.
Леанід Дранько-Майсюк
Ратаваньне Грэцыяй”


Ад аўтара: Гісторыю пра Псіхею мы ня знойдзем у зборніках старажытна­грэцкіх міфаў, да нашага часу яна дайшла дзякуючы славутаму раману Апулея “Метамарфозы, альбо Залаты асёл”, дзе выкарыстаная ў якасьці ўстаўной навелы (Кн. IV – VI). Пазьней да міфа пра Псіхею зьвярталіся, праўда, без асаблі­вага посьпеху, Уільям Морыс, Роберт Брыджэс, Гаўдэнты Шапялевіч, Ежы Жулаўскі, бліскуча выкарыстаў яго ў сваім рамане „Пакуль маем твар” Клайв Стэйплз Льюіс.
На мой выбар гісторыі пра Псіхею ў якасьці сюжэту для п’есы паўплывала дзіўнае падабенства міфа да беларускага паданьня пра дзяўчыну, якая выйшла замуж за вужа („Адкуль зязюля”). Сумны фінал гэтага паданьня моцна ўразіў мяне ў дзяцінстве, праз гады даўняе дзіцячае ўражаньне спалучылася з дарослым захапленьнем трагічнай прыгажосьцю старажытнагрэцкага міфа.


ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Зьява першая

Палац Хірама – уладара каралеўства Геліка, што на самым ускрайку Элады. Пасярод троннай залы стаіць урна з прахам караля. Над урнай схіліліся тры дачкі Хірама ў жалобных накідках паверх адзеньня.

А т а. Якая цішыня… Нібыта не кароль памёр, а ўся краіна вымерла.
І ф і д а. Мёртвага яго баяцца яшчэ больш. (Спалохана.) Я таксама баюся!
А т а. Баішся жменькі попелу?
І ф і д а (пераканана). Душы злых людзей вяртаюцца на зямлю, каб шкодзіць жывым. Я баюся, што бацька вернецца і зноў паспрабуе мяне згвалціць.
А т а (з усьмешкай). Супакойся, Іфіда. Душа ня мае п р ы л а д ы для гвалту. Наш бацька не ўяўляе небясьпекі ні для цябе… ні для багоў з багінямі.
І ф і д а. Ата, ты такая самая багахульніца, як і ён!
А т а. Гэта адзінае, за што я паважала караля Хірама. (Усьміхаецца.) Паміраючы, ён шапнуў мне: “Дачушка, паглядзі, кудой вылеціць мая душа: праз рот ці праз с…”
І ф і д а. Ф-фу! Быў каралём, а лаяўся як апошні нявольнік.
П с і х е я (ціха). Ён быў нявольнікам…
А т а. Псіхея, што ты шэпчаш? (Іранічна.) Няўжо малітву за бацьку?
П с і х е я (стрымана). Прашу багоў, каб яны даравалі яму грахі і прынялі ягоную душу ласкава.
І ф і д а (злосна). Хай Тартар возьме гэтую брудную душу!
А т а (пагардліва). Бо вылецела яна не праз рот і цяпер сьмярдзіць невыносна.
П с і х е я (пра сваё). Багі міласэрнейшыя за людзей. (Апускае вочы.)
І ф і д а. Добра табе разважаць пра міласэрнасьць, сястрычка! Цябе бацька і пальцам не крануў.
А т а (задумліва). Праўда, хацеў забіць, калі даведаўся, што і за трэцім разам у яго нарадзілася дачка. Ня ведаю, якім цудам мы яго спынілі. Маці паплацілася за абарону Псіхеі жыцьцём, я выйшла з сінякамі…
І ф і д а. Затое Псіхея вырасла прыгажуняй, якіх ня бачыў сьвет, і цяпер можа ўсіх шкадаваць.
П с і х е я. Даруйце мне, сёстры.
А т а. Плач, Псіхея, па нашым бацьку, прасі ў багоў літасьці да ягонай душы. А мы будзем радавацца, што нарэшце… гэты паганы сабака здох. Цяпер мы самі гаспадыні свайго лёсу!
І ф і д а. Я магу нарэшце выйсьці замуж! Бацька блізка не падпускаў да мяне мужчынаў. (Ціха.) Для сябе бярог, стары вычварэнец!
А т а. Па праве старэйшай у родзе, дзе не засталося мужчынаў, я цяпер – каралева Гелікі. Жрацы, воіны – усе мусяць мне падпарадкоў­вацца і выконваць мае загады.
І ф і д а (марыць). З ложка вылазіць ня буду: толькі кахацца ды нараджаць дзяцей.
А т а (ласкава). Цябе, Псіхея, мы таксама выдадзім замуж. Вам, сястрычкі, трэба абзавесьціся сем’ямі, нарадзіць і выгадаваць дзяцей, а мне – засвоіць навуку ўлады. (Абдымае сясьцёр.)
П с і х е я (ціха). Хіба чалавеку дадзена быць гаспадаром уласнага лёсу?
І ф і д а (ня слухаючы). Ніхто не замінае больш майму шчасьцю!
А т а (натхнёна). Я ператвару Геліку ў расквітнелую краіну!

Гучыць урачыстая музыка. У тронную залу ўваходзяць вярхоўны жрэц Марон і галоўны стратэг Нікандр. Нікандр схіляецца перад сёстрамі ў ветлівым паклоне, Марон ледзь прыкметна ківае галавой.

М а р о н. Шаноўныя пані, усё падрыхтавана для пахавальнага абраду.
А т а. А народ Гелікі сышоўся, каб аддаць апошнюю пашану свайму ўладару?
Н і к а н д р. Няўцешныя жыхары горада сабраліся каля бажніцы. (Усьміхаецца.) Не без дапамогі маіх ваяроў, вядома.
А т а. Дзякуй за службу, Нікандр. Мы з сёстрамі памянулі ўжо доб рым словам караля Хірама. Можна распачынаць публічную цырымонію.
І ф і д а. Хадзем, Псіхея. (Цягне малодшую сястру за руку.) Не выцірай сьлёзы – у сьвятле паходняў яны будуць добра глядзецца.

Вярхоўны жрэц Марон урачыста ўзьнімае урну з прахам і аберуч трымае яе перад сабой. Дочкі нябожчыка-караля і галоўны стратэг Нікандр выстройваюцца ўсьлед за ім.
Жалобная працэсія пакідае тронную залу.
Зьява другая

У троннай зале палаца каралевы Аты. Толькі што завяршылася вясельле стратэга Нікандра з Іфідай. За сьвяточным сталом засталіся каралева Ата, жрэц Марон і пара маладых. Перад імі таньчыць Псіхея. У ейных лёгкіх, зграбных руках прасочваецца невыразны цень трывогі і смутку. Скончыўшы танец, Псіхея схіляецца спачатку перад маладымі, а потым перад каралевай Атай.

А т а. Дзякуй, мая ластаўка. Прысядзь, зрабі глыток віна.
Н і к а н д р (у захапленьні). Сама багіня таньчыла перад намі!
І ф і д а (штурхае Нікандра ў бок). Не забывайся, з каторай з нас ты ажаніўся!
М а р о н (задуменна). Калі б яна не была каралеўнай, я забраў бы яе жрыцай у Галоўны Храм.
А т а. Так бы я табе яе і аддала! (Хаваючы рэўнасьць.) Што сталася б з ёю ў змрочным скляпеньні, бяз сонечнага сьвятла і сьвежага паветра?!
І ф і д а (да Нікандра). Зірні на мяне, мой бясстрашны герой, і скажы, ці гатовы ты да найважнейшай у тваім жыцьці бітвы?
Н і к а н д р. Чакаю, што бітва будзе зацятай, вораг – неўтаймоўны, і напрыканцы я палягу пераможаным. (Цалуе Іфіду.)
І ф і д а. Толькі асьцярожна, не пратні мяне сваёй дзідай наскрозь. Я спадзяюся ўзяць удзел яшчэ не ў адной бітве і прывесьці на сьвет цэлае войска. (Прагна цалуе Нікандра.)
А т а (пазірае на любошчы маладых і зьвяртаецца да Марона). Гля­джу я на іх і думаю: ці варта адмаўляцца ад простага чалавечага шчасьця?
М а р о н. Дзеля ўлады варта, мая каралева. А нам ніхто не перашкаджае мець патаемна тое самае, што і яны. (Непрыкметна праводзіць рукой па шыі Аты.)
А т а. І ты не шкадуеш, Марон, што жрацу нельга жаніцца? Быў бы мужам каралевы…
М а р о н. Паасобку мы мацнейшыя, чым разам, мая каралева. Ты ўладарыш над целамі падданых, я паную над іхнымі душамі. (Крыва ўсьміхаецца.) Да таго ж ты ўпотайкі дзеліш са мной ложа і не мусіш прылюдна дзяліць трон.
А т а. Ты ўпэўнены, што гэта так?.. (Да Псіхеі.) Псіхея, а ты не зайздросьціш шчасьцю сваёй сястры?
П с і х е я (прастадушна). Як можна зайздросьціць таму, каго любіш?
А т а. Я зусім забылася, што ты ўсіх любіш. (Ціха.) Нават тых, хто цябе ненавідзіць.
І ф і д а (да Псіхеі). Псіхея, сястрычка, выпі за нас з Нікандрам!
П с і х е я. Зычу табе багата шчасьлівых дзён, мая любая сястрыца. Няхай багі ласкава спатоляць тваю прагную смагу. (Узьнімае келіх.)
І ф і д а (хітравата падміргвае Нікандру). Чуеш, Нікандр: калі ты не прыкладзешся як сьлед да працы, цябе падменяць багі. Калі ня хочаш гадаваць чужых дзяцей – не лянуйся сам.
Н і к а н д р (зноў цалуе Іфіду). У табе адгукаецца бацькава багахульства і насьмешлівасьць.
І ф і д а (працверазеўшы). О, усемагутныя, даруйце п’янай жанчыне дзёрзкі жарт!
А т а. Ня бойся, Іфіда, твая прапанова спадабаецца багам. (Да Марона.) Праўда, вярхоўны жрэц?
М а р о н (ціха). Як і многім сьмяротным, мая каралева. Думаю, наш стратэг будзе мець клопаты са сваёй гарачай жонкай.
А т а. Асабліва падчас шматлікіх войнаў, якія мы неўзабаве распачнем.
М а р о н. Ц-с-с! (Прыкладае палец да вуснаў.)
А т а. Твая праўда, ня час пра гэта. (Да Псіхеі.) Псіхея, можа мы і табе вясельле згуляем? Вунь колькі князькоў просяць тваёй рукі. Што маўчыш?
І ф і д а. Яна ж усім адмаўляе, ганарліўка! (Нечакана злосна.) А сама бегае цішком да падножжа Сівой Гары і прападае там да вечара. Відаць, завяла сабе палюбоўніка з прасталюдзінаў і таемна з ім (робіць непрыстойны жэст) сустракаецца.
П с і х е я. Іфіда! Ты… (Замаўкае.)
А т а. Псіхея, гэта праўда? (Сурова.) Зірні мне ў вочы, дзяўчынка.
П с і х е я. Не! (Апускае вочы.) Так…
А т а. Так ці не?
П с і х е я. Не, у мяне няма палюбоўніка.
А т а. Але ты бегаеш да Сівой Гары?
П с і х е я. Так.. я там бываю.
Н і к а н д р (уражаны). Ня можа быць! Самыя адважныя ваяры баяцца набліжацца да гэтага месца.
М а р о н. Вера забараняе нам падыходзіць да Сівой Гары! На тым месцы некалі складалі ахвяры Жоўтаму Яшчару.
А т а (да Псіхеі). Ты чула?
П с і х е я. Чула… яшчэ ў дзяцінстве… ад нашае няні. (Больш упэўнена.) Я ня веру ў Яшчара. Увечары з гары спускаецца звычайны туман.
І ф і д а. Няма лепшай хованкі, чым там, для палюбоўнікаў, якія не баяцца Яшчара! (З жаночай цікаўнасьцю.) Прызнайся нам, хто ён?
П с і х е я. Я не сутракалася з палюбоўнікам! Я… (Плача.)
А т а. Пачакай, Іфіда. (Да Псіхеі.) Ня плач, мая маленькая, я табе веру. Толькі раскажы мне ўсю праўду: навошта ты ходзіш да падножжа Сівой Гары?
П с і х е я (пасьля працяглага маўчаньня). Аднойчы, калі яшчэ быў жывы бацька, я гуляла з няняй на ўскрайку саду. Нечакана з-за агароджы да мяне даляцелі чароўныя гукі сірынгі. Я захацела паглядзець, хто гэта так соладка грае, пералезла праз агароджу, але нікога ня ўбачыла. Гукі сірынгі пачалі аддаляцца, здавалася, яны клікалі за сабой. Не паслухаўшыся няні, я пайшла ўсьлед за прывабнай таямнічай мелодыяй і не заўважыла, як апынулася ля падножжа Сівой Гары. Там музыка сьціхла… Я адчула раптоўную стому і прылегла адпачыць ля празрыстага ручая. Калі прачнулася, быў ужо вечар, і я хуценька вярнулася ў палац.
А т а. І ўсё? Загучала сірынга, потым сьціхла, і больш нічога ня здарылася?
П с і х е я. Так. (Павагаўшыся.) Але я бачыла сон.
А т а. Сон? Які?
П с і х е я. Быццам на тым беразе ручая вырас смарагдавы палац з бурштынавым дахам. На ганку зьявіўся прыгожы каралевіч і прамовіў да мяне: “Псіхея, з усіх сьмяротных нявест я выбраў цябе.” Ён узяў мяне за руку і павёў да сябе ў пакоі, дзе я зноў пачула пералівісты сьпеў сірынгі. Пасьля таго шмат разоў прыходзіла я на тое месца. Ся­дзела каля крыштальнага ручая, адпачывала. Але сон ніколі не паўтараўся.
А т а. Навошта ж ты працягваеш туды хадзіць?
П с і х е я (разгублена). Ня ведаю.
І ф і д а (зьдзекліва). Спадзяешся, што сон стане явай?
А т а. Можа, цябе заваблівае сьпеў сірынгі?
П с і х е я. Не, той незвычайнай музыкі я больш ня чула. Але гэта была такая музыка, якую немагчыма забыць. Мне яна падалася нават знаёмаю: нібыта я чула яе раней, толькі не магу згадаць, дзе.
А т а. Калі? У дзяцінстве?
П с і х е я. Не, раней! Яшчэ да нараджэньня. Мілыя сёстры, вам не здаралася бачыць ці чуць нешта ўпершыню, але так, нібыта вы гэта ўжо бачылі і чулі?
І ф і д а. Мне здаецца, што я ўжо аднойчы губляла дзявоцкасьць.
Н і к а н д р. А мне часта здаецца, што такі самы абед я еў учора.
М а р о н (пагрозьліва). Псіхея, ці пераходзіла ты праз той ручай, ля падножжа Гары?
П с і х е я. Не. Я не адважвалася.
М а р о н. Дзякаваць багам! Той, хто ступаў на другі бераг ручая, больш не вяртаўся да жывых. За ручаём пачынаецца краіна памерлых. (Да Аты). Нельга, каб пра гэты выпадак даведаўся просты люд.
А т а. Псіхея, нікому не расказвай, што ты была ля падножжа Сівой Гары. І паабяцай мне, што больш ніколі туды ня пойдзеш.
П с і х е я (ціха). А калі Ён мяне пакліча?
А т а. Які – Ён? Выкінь з галавы свае дзіцячыя прыдумкі, калі ня хочаш, каб яны зьвялі цябе са сьвету.
І ф і д а. А што, калі агідны Яшчар сапраўды ўпадабаў нашую прыгажуню Псіхею?
А т а. Нікандр, прыставіш да Псіхеі двух вартавых.
Н і к а н д р. Будзе зроблена, каралева.
А т а. А ты, Іфіда, калі будзеш распускаць свой язык… Я ведаю, як ты любіш Псіхею.
І ф і д а (надзьмуўшыся). А я бачу, як ты любіш мяне. Замест падарункаў маю ад цябе ў дзень шлюбу адны пагрозы.
А т а. Выбачай, будуць і падарункі. (Узьнімае келіх.) Нікандр, Іфіда, шчасьця вам, плёну, дабрабыту!
М а р о н. Здароўе каралеўны Іфіды і непераможнага стратэга Нікандра!
Н і к а н д р. Няхай жыве нашая каралева, уладарка Гелікі!

Усе ўзьнімаюць келіхі і выпіваюць, думаючы кожны пра сваё. Толькі Псіхея не дакранаецца да келіха.
Зьява трэцяя

У троннай зале палаца каралевы Аты праз год. Уваходзіць Іфіда, таропка аглядае пустую залу. Заўважае на троне каралеўскую карону, падыходзіць і прымярае яе на сваю галаву.

І ф і д а. Як пасуе мне каралеўская карона! Ня тое, што кульгавай Аце. (Важна.) У каштоўнай аправе павінен зьзяць сапраўдны дыямент.

Зьяўляецца Ата, падкрадаецца ззаду да Іфіды і спрытна здымае з галавы сястры карону.

А т а. Не прымярайся да кароны, сястрычка. Не для тваёй пустой галавы такая аздоба.
І ф і д а. Яшчэ не вядома! Можа, каб я яе насіла, нашае жыцьцё было б лепшым! Хто хваліўся, што ператворыць Геліку ў расквітнелую краіну? Дзе багатыя ўраджаі, сьвяточныя кірмашы? Дзе шчасьце і дабрабыт? Каралеўская казна пустая, людзі мруць ад голаду і хваробаў!
А т а. Пільнуй свайго інтарэсу, Іфіда. Дзе шматлікія дзеці, якімі ты абяцала нас абдараваць? Кладзешся з першым лепшым, а яшчэ ні разу не панесла. Сучка бясплодная!
І ф і д а. Лупатая сава!
А т а (абурана). Як ты размаўляеш са старэйшай сястрой?! Ты забылася, што перад табой каралева?

Падчас спрэчкі паміж сёстрамі ў залу ўваходзіць жрэц Марон, але ня ўмешваецца і назірае зводдаль.

І ф і д а. Знайшлася мне каралева! Кожны ведае, што насамрэч Гелікай уладарыць гэты гнюсны еўнух! (Паказвае на Марона.)
М а р о н (пагрозьліва). Не забывайся, жанчына: зьневажаючы жраца, ты абражаеш багоў, якім ён служыць!
І ф і д а. Ха-ха, багі даўно адвярнуліся ад свайго нядошлага служкі, а праз цябе – і ад усіх нас. Чаму ты ня выпрасіш у багоў дажджу для палёў, хлеба для людзей, чаму ня спыніш паморак і набегі суседзяў?
А т а. Калі хто і вінаваты ў варожых набегах, дык гэта твой муж, няздарны палкаводзец!
І ф і д а. А хто загадаў яму распачаць войны з усімі суседзямі адразу? Сядзелі б сабе ціха – і нас бы ніхто не чапаў.
А т а. О, няўдзячнае стварэньне! Забылася ўжо, як радавалася ты перамогам Нікандра і багатай здабычы?
І ф і д а. Але перамогі хутка зьмяніліся паразамі, а багатая здабыча абярнулася незьлічонымі стратамі. Мы сталіся жабракамі, а неўзабаве ператворымся ў нявольнікаў!
А т а. Сьціхні, гадзюка, інакш я загадаю вырваць твой пракляты язык і кінуць яго сабакам!
І ф і д а (ставіць рукі ў бокі). Паспрабуй крані мяне – і ўсё войска пяройдзе на бок бунтаўшчыкоў!
А т а. Анягож, яно цалкам складаецца з тваіх былых палюбоўнікаў! Цьфу! (Адварочваецца ад Іфіды.)
М а р о н (лагодна). Перад пагрозай агульнай небясьпекі ці варта блізкім людзям сварыцца? Ці не разумней трымацца разам?
І ф і д а. То няхай утаймуе свой непамерны гонар і зьвяртаецца да мяне, як роўная да роўнай. Добра вядома, на чым трымаюцца рэшткі вашае ўлады ў краіне: на мячах ваяроў майго мужа.
М а р о н. Хіба мы адмаўляем заслугі нашага слаўнага Нікандра? Наадварот, на ягоную адвагу і спрыт мы ўскладаем усе надзеі на выратаваньне.
І ф і д а (з выклікам зірнуўшы на Ату). Вось так!
А т а (стрымліваючы гнеў на сястру). Якія навіны, Марон? Чуваць што добрае?
М а р о н. Толькі дрэннае, каралева. Нястача, голад, хваробы штурхаюць пакорлівых некалі людзей у шэрагі бунтаўшчыкоў. (Разводзіць рукі.) Супраць нас узьнялася ўся краіна.
А т а. Супраць н а с?
М а р о н. Так, супраць каралеўскай улады і супраць касты жрацоў таксама.
І ф і д а. Яны не баяцца гневу багоў?
М а р о н. Бунтаўшчыкі кажуць, што сапраўдны бог жыве ня ў нашай бажніцы.
І ф і д а. А дзе?
М а р о н. На Сівой Гары.
І ф і д а (спалохана). Жоўты Яшчар!
А т а (пагардліва). Што за цёмны народ! Калі ўжо яны перастануць верыць у забабоны?
М а р о н (паціскае плячыма). У гэтыя забабоны верылі спрадвеку іхнія продкі. Цяжка вытравіць перакананьні, што за тысячы гадоў укараніліся не ў галовах нават, а ў крыві людзей.
А т а. Калі твае багі нас не ўратуюць, на што нам застаецца спадзявацца?
М а р о н. Як слушна заўважыла Іфіда: толькі на войска Нікандра, мая каралева. (Кланяецца Іфідзе.) Наш стратэг накіраваўся насустрач паўстанцам, каб ушчэнт разьбіць іх.
І ф і д а (пераканана). Нікандр разгоніць бунтаўшчыкоў, навядзе ў краіне парадак і… зробіцца яе Уладаром!

У залу ўвальваецца Нікандр, зьняможаны і брудны, бяз зброі і дасьпехаў.

І ф і д а. Нікандр!
А т а (сумна). А вось наш збаўца і ўладар… Што здарылася: нашае войска разьбіта?
Н і к а н д р. Не. Але яно перайшло на бок паўстанцаў. (Апускаецца на падлогу каля ног Іфіды.) Даруйце, я нічога ня мог зрабіць.
М а р о н (прыслухоўваецца). Я чую нейкі гул за сьценамі палаца.
І ф і д а. Яны набліжаюцца!
Н і к а н д р (няўпэўнена). Палац ахоўваюць узброеныя слугі і рэшткі гвардыі.
М а р о н. Думаю, яны ахвотна здадуць зброю.
І ф і д а. Я баюся. (Апускаецца на падлогу каля мужа.)
А т а. Калі яны шукаюць мяне, я ня буду ад іх хавацца. (Накіроўваецца да выхаду.)
М а р о н (спыняе Ату). Пачакай, каралева, я выйду да іх і паспрабую ўлагодзіць іхні гнеў.

Вярхоўны жрэц пасьпешна выходзіць з залы.

І ф і д а. Вы верыце, што ён выйдзе насустрач разьюшанаму натоўпу? Напэўна, уцячэ з палаца праз патаемны, аднаму яму вядомы ход.
Н і к а н д р. Баязьлівы пацук!
А т а (стомлена). Быццам вы лепшыя за яго…

У тронную залу ўваходзіць абуджаная ад сну Псіхея.

П с і х е я. Сёстры, што за крыкі чуваць за сьценамі палаца? (Углядаецца.) Чаму ў вас такія ўстрывожаныя твары?
І ф і д а (злосна). Прачнулася, нявіннае ягнятка!
А т а. Псіхея, вяртайся ў свой пакой і не выходзь адтуль, пакуль усё не суцішыцца.
П с і х е я. Што суцішыцца, Ата?
І ф і д а. Наш няўдзячны народ прагне паквітацца са сваёй каралевай.
П с і х е я. Я нікуды не пайду. Я ня кіну цябе ў небясьпецы. (Падбягае да Аты і моцна сьціскае яе ў сваіх абдымках.)
І ф і д а. Ах-ах! Якая адданасьць!
А т а (да Іфіды). Змоўч, нарэшце, яхідна!
Н і к а н д р (прыслухоўваецца). Чуеце? Зрабілася ціха.
А т а (прыслухаўшыся). Як на пахаваньні.

У абсалютнай цішыні выразна чуваць нечыя крокі. У тронную залу ўваходзіць Марон.

І ф і д а (зьдзіўлена). Вярнуўся? Яны не разьдзёрлі цябе на кавалкі?
А т а. Марон, што там адбываецца?
М а р о н (урачыста). Я прыйшоў, каб абвясьціць вам волю народа Гелікі. Я – ягоны пасланьнік і буду прамаўляць ад ягонага імя.
І ф і д а. Выйшаў каралеўскім пасланьнікам, а вярнуўся народным!
Н і к а н д р. Здраднік!
М а р о н (да Аты). Каралева, загадайце ім маўчаць, калі яны хочуць застацца жывымі.
А т а. Кажы, Марон. Я бачу, ты прынёс нам выратаваньне.
М а р о н. Народ Гелікі ня прагне тваёй сьмерці, каралева. Ён патрабуе толькі прынесьці ахвяру Жоўтаму Яшчару, каб той зьлітаваўся над намі і дараваў краіне спакой, а зямлі – ураджайнасьць.
А т а. Ахвяру? Усяго толькі? Дзеля нейкага паршывага ягняці яны перавярнулі з ног на галаву ўсю краіну?
М а р о н. Ты не зразумела, пані. Яшчар патрабуе чалавечай ахвяры.
І ф і д а (падхопліваецца). Ата, вазьмі майго найпрыгажэйшага раба! Калі гэта нас уратуе…
Н і к а н д р (сквапна). Навошта губляць здаровых слугаў? У вязьніцы хапае злачынцаў…
М а р о н. Я не сказаў вам галоўнага: ахвяра павінна быць каралеўскага роду.

Усталёўваецца гнятлівае маўчаньне. Усе глядзяць на Ату.

А т а (пакорліва). Усё-ткі яны прагнуць маёй сьмерці.
І ф і д а (паспешліва). Дзеля выратаваньня краіны трэба ахвяраваць жыцьцём, сястра. Мы прадоўжым твае слаўныя пачынаньні.
П с і х е я (з жахам). Не, Ата, не! Не згаджайся! Яны злыя людзі!
М а р о н (голасна). Народ Гелікі ня хоча мяняць каралеву. Ахвярай мусіць стацца твая сястра, пані.
А т а (з палёгкай). Цяжка пагадзіцца з такою стратай. (Пераводзіць погляд на Іфіду.) Але дзеля выратаваньня краіны давядзецца ахвяраваць жыцьцём, сястра. (Крыва ўсьміхаецца.)
І ф і д а (крычыць). А-а-а! Яны хочуць мяне пазбыцца! Яны ў змове! Ратуй мяне, Нікандр! (Хаваецца за мужа.)
Н і к а н д р. Рукі прэч ад маёй жонкі! За яе я падыму супраць вас усё войска!
А т а. Дзе тваё войска, бяздарны стратэг? І супраць каго яно выступіць? (Зьмяніўшы тон.) Не памыліся, Нікандр. Ці варта страчваць галаву і пасаду з-за дурной, распуснай бабы?

Хвіліну Нікандр вагаецца і апускае ў нерашучасьці рукі. Тым часам Псіхея падыходзіць да вярхоўнага жраца і запытальна глядзіць яму ў вочы.

П с і х е я (ціха). Я?
І ф і д а. Хочаце маім коштам адкупіць свае грахі? Ня дамся!
М а р о н (узвышае голас). Ціха! Можаце вы не сварыцца?! (Спакойна.) Ахвярай павінна быць цнатлівая, чыстая дзяўчына.

Усе застываюць нерухома і глядзяць на Псіхею.

А т а. Псіхея? Безабароннае дзіця ў ахвяру Яшчару?
І ф і д а (радасна). Багі лепш ведаюць, каго ім выбраць.
А т а. Што за глупства? Няма ў Геліцы іншых цнатлівых дзяўчат, акрамя Псіхеі?
М а р о н. Каралеўскага роду – няма.
А т а (з нянавісьцю). Марон, няўжо гэты сьмярдзючы натоўп думае, што я пагаджуся прынесьці ў ахвяру сваю любімую сястру?
П с і х е я. Ата, ня трэба!
М а р о н (падыходзіць да Аты, ціха). Яе прынясуць у ахвяру і без тваёй згоды, мая пані. А ты толькі дарэмна страціш карону, а з ёй і галаву.
І ф і д а (няшчыра). Бедная наша сястрычка! Ніяк не ўратаваць нам цябе ад сьмерці. (Абдымае Псіхею.)
Н і к а н д р (разважліва). На вайне не бывае бяз стратаў.
А т а (горача просіць). Марон, ты ўмееш паразумецца з просталю­дзінамі. Пераканай іх выбраць іншую ахвяру, прашу цябе!
М а р о н. Ты перабольшваеш мае здольнасьці, пані. Магутны леў ня можа затрымаць статак быкоў, які ў асьляпленьні імчыць на яго. Ён можа альбо скочыць убок, альбо загінуць пад капытамі разьятраных жывёлаў. Мудры леў выбірае першае, каб потым мець магчымасьць гнаць статак у патрэбным яму кірунку. (На вуха Аце.) Раю табе, каралева, зрабіць тое самае.
А т а (адштурхоўвае ад сябе Марона). Баязьліўца! Няхай затопчуць мяне сваімі бруднымі нагамі, няхай разьдзяруць мяне на шматкі, я сястры не аддам! Варта, да зброі! Нікандр, зьбяры рэшткі гвардыі! Будзем біцца да апошняга!
Н і к а н д р (не варухнуўшыся). Якой гвардыі? Усе перайшлі да паўстанцаў. (Насьмешліва.) Ці варта страчваць галаву, каралева, з-за звычайнай дзяўчыны, хай сабе і цнатлівай?
М а р о н. Апамятайся, каралева! У тваіх руках лёс усёй краіны!
П с і х е я (падбягае да Аты). Ата, скарыся! Ня мы выбіраем свой лёс, яго пішуць багі на нябёсах. Не вінаваць сябе ў тым, што здарыцца. (Падбадзёрвае сястру.) Ведай, мне зусім ня боязна.
А т а (скарыўшыся). Псіхея, любая мая, я не магу ўратаваць цябе ад сьмерці, але ад нясьцерпных пакутаў – яшчэ магу. Няма ніякага Яшчара, на ахвярным слупе цябе чакае жудасная сьмерць: ад смагі, голаду і холаду. (Шэптам.) Хочаш, я загадаю Нікандру, каб падчас ахвяра­ўскладаньня цябе незаўважна пазбавілі жыцьця?
П с і х е я (з жахам). О не, сястра, толькі ня гэта! Я не магу трапіць т у д ы мёртвай. (З мальбой.) Я не баюся ні Яшчара, ні доўгай пакутлівай сьмерці. Адзінае, што мяне палохае – гэта тое, што Ён ня возьме мяне ў свой палац. Мёртвай Ён мяне напэўна ня возьме.
А т а (не разумее). Хто – Ён?
П с і х е я (з прасьветленым тварам). Каралевіч, якога я бачыла ў сьне. Ты забылася пра мой чароўны сон, Ата?
А т а (выбухае гневам). Які сон, Псіхея?! (Трасе Псіхею за плечы.) Прачніся! Зірні праўдзе ў вочы. Цябе чакае пагібель, а ты ўсё бавішся дзіцячымі прыдумкамі!
І ф і д а. Пусці яе, вар’ятка! Душу з яе вытрасеш, і тады народ запатрабуе іншай ахвяры. (Адцягвае Ату ад Псіхеі.)
М а р о н (урачыста). Час рыхтавацца да ахвяраўскладаньня. Ха­дзем, дзіця маё!

Вярхоўны жрэц бярэ Псіхею за руку і выводзіць з троннай залы. Ата б’ецца ў абдымках Іфіды, намагаючыся вызваліцца і кінуцца ўсьлед за Псіхеяй. На дапамогу Іфідзе прыходзіць Нікандр.

А т а (крычыць). Прачніся, Псіхея! Пракляні гэты люд, які паслаў цябе на сьмерць!
І ф і д а. Пакінь яе ў спакоі! Няхай ідзе да свайго каралевіча.
Н і к а н д р (разважліва). Нехта мусіць загінуць, каб астатнія працягвалі барацьбу.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Зьява чацьвёртая

Праз месяц пасьля ахвяраўскладаньня ля падножжа Сівой Гары. Непрыглядная, дзікая мясцовасьць. Навідавоку стаіць ахвярны слуп, з якога зьвісаюць абрыўкі ланцугоў.
Зьяўляюцца Ата і Іфіда. Яны ідуць, крадучыся, і ўвесь час азіраюцца. Старэйшая сястра трымае ў руках пахавальную урну.
І ф і д а. Якая жудасная мясьціна… Навокал ні душы, а мяне не пакідае адчуваньне, што за намі нехта назірае. Я баюся!
А т а. Ніхто цябе не прасіў цягнуцца ўсьлед за мной.
І ф і д а. Думаеш, адна ты ў нас такая сумленная? Я таксама ёй сястра і хачу споўніць свой апошні доўг.
А т а. Так я табе і паверыла. Пэўна, хочаш пажывіцца каштоўнымі ланцужкамі ды бранзалеткамі, якімі жрацы ўпрыгожылі Псіхею перад ахвяраўскладаньнем.
І ф і д а (пакрыўджана). За каго ты мяне маеш, сястрычка? Ды калі хочаш ведаць, мне кожнае начы сьніцца бедная Псіхея, якая з дакорам глядзіць мне ў вочы. (Узвышае голас.) Думаеш, мне яе не шкада?
А т а (заўважае слуп). Цішэй! Ахвярны слуп. Вось мы і на месцы.

Сёстры падыходзяць да слупа, моўчкі абыходзяць яго, разглядаючы з усіх бакоў.

І ф і д а. Але я ня бачу Псіхеі. Дзе яна?
А т а. Колькі разоў уяўлялася мне жахлівая карціна: я падыходжу да падножжа Сівой Гары і бачу на ахвярным слупе раскляванае птушкамі, разьдзёртае зьвярамі цела сястры.
І ф і д а. Б-р-р-р.
А т а. Не, Іфіда. Нехта зьняў цела Псіхеі са слупа. (Падыходзіць да слупа зусім блізка.)
І ф і д а. Нехта?.. (Спалохана.) Ты куды?!
А т а (бярэ ў рукі абрывак ланцуга і спрабуе яго разарваць). Нечалавечая сіла патрэбна, каб разарваць гэтыя ланцугі.
І ф і д а (зьбялеўшы). Нечалавечая? О, богі, не іначай гэта Яшчар! Хадзем адсюль, Ата!
А т а. Хутчэй мядзьведзь ці які іншы дзікі зьвер. На слупе яму нязручна было жэрці сваю ахвяру і ён сьцягнуў цела на зямлю. Трэба ўважліва пашукаць навокал. Я думаю, мы знойдзем тое, што засталося ад нашае няшчаснае сястры і зьдзейсьнім пахавальны абрад.
І ф і д а. Я не зраблю больш ні кроку! (Апускаецца на зямлю.)
А т а. Можаш пачакаць мяне тут, я сама пашукаю.
І ф і д а (усхопліваецца на ногі). Не пакідай мяне адну каля гэтага праклятага слупа!
А т а (раздражнёна). Вяртайся тады ў палац, калі ты такая баязьліўка!
І ф і д а. Не, вяртацца адна я баюся яшчэ больш. Давай вернемся разам.
А т а. Я дала сабе слова, што не вярнуся ў палац, пакуль не пахаваю Псіхею.
І ф і д а. Ну, чаму мы не ўзялі з сабой Нікандра з ваярамі? Чаму мы павінны рабіць гэта самі, употайкі?
А т а. Таму што малойцы Нікандра ня дужа сьмялейшыя за цябе. Хадзем, Іфіда. Як табе ня сорамна быць баязьліўкай: ты ж каралеўская дачка!
І ф і д а (нерашуча). Скажы, Ата, ты напэўна ведаеш, што гэта дзікі зьвер, а ня Яшчар?
А т а. Колькі разоў табе паўтараць: няма ў сьвеце істотаў незвычайных. Ні багоў, ні прывідаў, ні яшчараў. Ёсьць толькі нашыя страхі і забабоны.
І ф і д а. Ты гаворыш адно – Марон зусім іншае… і вы разам кіруеце Гелікай. Каму з вас верыць?
А т а. Нават Псіхея, якая любіла выдумляць розныя казкі, ведала, што няма ніякага Яшчара. Памятаеш ейныя словы: “Я ня веру ў Яшчара. Увечары з гары спускаецца звычайны туман”. Хадзем, пашукаем рэшткі нашай беднай сястрычкі.

Ата падыходзіць да Іфіды, бярэ яе за руку. Іфіда неахвотна робіць адзін крок, узьнімае вочы і ад моцнага зьдзіўленьня ня можа вымавіць ані слова. Яна вырывае ў Аты руку і паказвае некуды за сьпіну сястры.

І ф і д а (крычыць). Ата! Зірні!
А т а. Што ты такое ўбачыла? Яшчара?

Ата абарочваецца і бачыць перад сабой Псіхею: у бруднай, ірванай сукенцы, але жывую, здаровую і – яшчэ больш прыгожую.

І ф і д а (з жахам). Здань!
П с і х е я. Сёстры мае, як я рада вас бачыць! Я верыла, што некалі вы прыйдзеце. (Працягвае рукі да сясьцёр.)
І ф і д а (да Аты). Не адказвай ёй! Нельга размаўляць з прывідамі: яны завабліваюць у краіну памерлых.
А т а. Яна жывая. Псіхея, радасьць мая!

Ата кідаецца да Псіхеі і сьціскае яе ў абдымках. Іфіда падыходзіць бліжэй, але трымаецца насьцярожана і глядзіць з недаверам на Псіхею.

А т а. Не магу паверыць у такое шчасьце! Мы са смуткам у сэрцы шукаем ейныя костачкі, а яна зьяўляецца жывая, здаровая, з радаснай усьмешкай на твары.
І ф і д а (з зайздрасьцю). І яшчэ прыгажэйшая, чым была.
А т а. Распавядай хутчэй, як ты ўратавалася, як не памерла ад голаду ды холаду. Чаму ты не вярнулася да нас у палац?
П с і х е я. Ах, мае любыя сёстры, вас чакае дзіўная гісторыя. Я рада нашай сустрэчы ня толькі таму, што люблю вас, але і таму, што магу распавесьці вам пра рэчы цудоўныя. Спраўдзіўся мой сон: смарагдавы палац з бурштынавым дахам існуе насамрэч.
А т а (строга). Псіхея, расказавай усё па парадку і нічога не выдумляй, калі ласка.
І ф і д а (азіраецца па баках). А, можа, мы выслухаем гэтую гісторыю па дарозе дамоў?
П с і х е я (усьміхаецца). Але ж калі вы выслухаеце мяне, то зразумееце, што ісьці нікуды ня трэба. (Натхнёна.) Я ўжо дома, а вы ў мяне ў гасьцях!
А т а. Псіхея, кажы нарэшце, хто разарваў на табе ланцугі і зьняў з ахвярнага слупа? Хто карміў цябе і даваў прытулак?
П с і х е я. Ата, ты яшчэ не здагадалася? (Зьзяе ад шчасьця.) Вядома, Ён. Гаспадар смарагдавага палаца.
І ф і д а. Жоўты Яшчар?
П с і х е я. Мой муж. Бог Сівой Гары. Магутнейшы за ўсіх зямных каралёў і князёў. Такі прыгожы, што можа асьляпіць сваім нябесным хараством. Таму я не магу пабачыць яго ўдзень, толькі ўначы. Калі ж я аслухаюся і зірну на яго пры сьвятле – страчу зрок і назаўсёды згублю каханага. А палац наш бясьсьледна зьнікне.
І ф і д а (да Аты). Пра што гэта яна гаворыць?
А т а. Бог Сівой Гары ўвасобіўся ў незвычайнага прыгажуна і выратаваў дурнічку Псіхею, каб з ёю ажаніцца.
П с і х е я. Ты кпіш з мяне, сястра, але я не крыўдую. Я сама не адразу паверыла ў сваё шчасьце. Сапраўды, хто я такая? Дурнічка Псіхея… Дзівачка і летуценьніца. Але калі жрацы пакінулі мяне прывязанай да ахвярнага слупа і зямлю ахінула цемра ночы, я пачула голас ніадкуль: “Псіхея, выбраньніца мая, вітаю цябе ў палацы. Увайдзі ў яго і будзь гаспадыняй, а для мяне – жонкай”. Нечыя моцныя, але надзіва далікатныя рукі падхапілі мяне, ланцугі лопнулі, як танюсенькія струны, і я апынулася ў палацы, які нечакана ўзьнік з цямнечы. З таго часу я жыву тут са сваім каханым мужам, які штоноч сыходзіць да мяне з нябёсаў.
А т а. Яшчэ адна прыгожая казачка, прыдуманая дзівосьніцай Псіхеяй. Бачу, ты ня памятаеш, што сталася з табой тае жахлівае начы… Што б там не было, ты ацалела, і цяпер мы можам вяртацца дадому. Бунт сьціх, я зноў уладару ў Геліцы, твайму жыцьцю нічога не пагражае. Хадзем, сястрычка. (Працягвае руку да Псіхеі.)
П с і х е я (хавае рукі за сьпіну). Ата, ты так і не зразумела? Я ніколі не вярнуся. Тут мой дом, мой уладар. Але я магу папрасіць яго, каб ён і вас пакінуў са мной. Заставайцеся, ён дазволіць!
А т а. Ты ня слухаешся мяне, сваёй старэйшай сястры, сваёй каралевы? Мусіць, ты зусім страціла розум ад голаду і холаду. Давядзецца ўжыць сілу. Іфіда, дапамажы мне.

Ата робіць некалькі крокаў да Псіхеі, але тая спрытна пераскоквае на другі бок ручая. Іфіда не спяшаецца выконваць загад сястры.

А т а. Іфіда, ты што, ня чуеш? Дапамажы мне яе злавіць. Бачыш, яна зусім звар’яцела і хоча застацца тут, бяз ежы, цёплага адзеньня і даху над галавой.
І ф і д а. Ня ведаю, каторая з вас звар’яцела. Можа, я не такая ра зумная, як ты, Ата, але цудоўна бачу, што Псіхея не падобна да змарнелай ад голаду і холаду істоты. Як ты гэта растлумачыш?
П с і х е я. Прыгледзься да мяне, Ата. Бачыш, як налілося маё цела, якім шчасьцем зьзяе твар? Хіба падобна я да чалавека, які месяц харчаваўся карэньчыкамі ды ягадкамі?
А т а (вагаецца). Але гэтая падзёртая сукенка… (Здаецца.) Ты хочаш, Псіхея, каб я паверыла ў існаваньне звышнатуральных рэчаў, каб я перакрэсьліла ўсе свае ранейшыя ўяўленьні пра сусьвет, а тым самым – і ўсё сваё мінулае жыцьцё? Добра, дзеля цябе я зраблю гэта, мая любая сястрыца. Вядзі нас у свой смарагдавы палац з бурштынавым дахам. Дзе ён, ці далёка да яго ісьці?

Выраз радасьці, які пры першых словах сястры зьявіўся на твары Псіхеі, зьмяніўся грымасай бязьмернага жаху.

П с і х е я. Але ж мы размаўляем пад ягонымі вокнамі! Вось ён, палац, проста перад намі. (Паказвае рукой.) Няўжо вы ня бачыце гэтыя сьпічастыя дахі, карункавыя сьцены, браму, упрыгожаную адмысловай разьбой? А вітражы ў вокнах?

Ата з Іфідай зьдзіўлена глядзяць перад сабой, напружваюць зрок, але нічога ня бачаць. Перад імі пустка.

А т а (пасьля працяглага маўчаньня). Брама? Вітражы? Псіхея, тут нічога няма. Разумееш, н і ч о г а… Хадзем лепш дадому, яшчэ ня позна, любая мая. (Робіць крок да Псіхеі.)
П с і х е я. Не, не! (Заліваецца сьлязьмі і ўцякае прэч.)

Ата кідаецца за ёю ўсьлед, але Іфіда хапае старэйшую сястру і не пускае.

А т а (б’ецца ў істэрыцы). Няма брамы! Няма смарагдавага палаца з бурштынавым дахам! Няма бога Сівой Гары! Іншых багоў таксама няма! Вярніся, Псіхея! Прашу цябе, вярніся…
Зьява пятая

Каля падножжа Сівой Гары праз некалькі дзён. Псіхея парадчыць кветнік перад сваім палацам. З боку гэта выглядае як адмысловы танец.
Зьяўляецца Нікандр з кошыкам у руках, убачыўшы Псіхею – нерухомее і любуецца танцам дзяўчыны.

Н і к а н д р (захоплена). Багіня! Жонка бога!

Заўважыўшы Нікандра, Псіхея спуджана ўскрыквае і зьнікае. Праводзіўшы яе поглядам, стратэг падыходзіць да ахвярнага слупа, ставіць на зямлю кошык і ўкленчвае.
Н і к а н д р. О, магутны Жоўты Яшчар! Ты, які ласкава суцішыў гнеў свой і паслаў Геліцы дажджы і ўраджаі, вызваліў яе ад пошасьці і спусташальных варожых набегаў. Я, стратэг Нікандр, зьвяртаюся да цябе са шчырай просьбай. Дай мне дзяцей, зрабі так, каб жонка мая, Іфіда, зацяжарыла і нарадзіла мне сына, каб мне было каму пакінуць у спадчыну маёнтак, а ў старасьці мець апеку ды абарону.

За плячыма Нікандра як з-пад зямлі вырастае жрэц Марон і падслухоўвае.

Н і к а н д р (працягвае). А яшчэ дапамажы мне ў справах вайсковых ды дзяржаўных. Пашлі перамогу ў барацьбе з ворагамі на полі бітвы і з ворагам, які завёўся ў самой краіне. (Па-змоўніцку.) Ведаеш, пра каго я гавару. (Шэптам.) Марон зноў служыць ілжывым багам і забараняе народу шанаваць цябе, спрадвечнага ды існага. (Гучна.) О, добры Яшчар, прыношу табе гэтыя сьціплыя дары і спадзяюся, што ты выканаеш мае просьбы. (Прастадушна.) Як ніяк, мы з табой цяперака сваякі.
М а р о н (зьедліва). Швагер Жоўтага Яшчара? Віншую, Нікандр!
Н і к а н д р (усхопліваецца на ногі і паварочваецца да Марона). Шпігуеш за мной, тлусты павук?
М а р о н. Я думаю: куды гэта бегалі ўпотайкі нашыя сястрычкі? А яны, аказваецца, складалі ахвяры крыважэрнаму Яшчару, які ўзяў сабе ў жонкі іхнюю Псіхею. Не заўсёды Іфіда хавае сакрэты ад свайго мужа. Бачу, ты таксама вырашыў зьвярнуцца па дапамогу да пачвары?
Н і к а н д р. Ці ня ты намаўляў нас на гэта месяц таму? А цяпер, калі ўсё наладзілася, вярнуўся да сваіх ранейшых багоў?
М а р о н. Да больш бясьпечных і паслухмяных, з дапамогаю якіх лягчэй кіраваць народам. Яны ніколі не запатрабуюць у ахвяру цябе самога.
Н і к а н д р. Гаворыш пра багоў, як пра пакорлівых служак. Сьцеражыся, Марон! Багі не даруюць зьнявагі.
М а р о н. Багі мусяць быць удзячныя мне за багатыя дары, якія прыносіць ім люд Гелікі.
Н і к а н д р. А якая частка гэтых дароў асядае ў тваім жываце і ў тваіх кішэнях?
М а р о н (прытворна). Не разумею, за што ты мяне так ня любіш? Няўжо нашаму войску і табе асабіста нечага бракуе? Чаму ты прыйшоў сюды, да падножжа Сівой Гары, а ня ў нашую бажніцу? Дарэчы, якія дары ты прынёс Яшчару? (Падыходзіць да слупа і зазірае ў кошык.) Вачам сваім ня веру: галубіныя яйкі! Няўжо ты, як просты рамесьнік, верыш у забабоны? (Сьмяецца.) Твае яйкі тут не дапамогуць. Іфіда ніколі не народзіць дзіця.
Н і к а н д р. Табе адкуль ведаць, еўнух?
М а р о н. Нават нявольнікі ў палацы ведаюць: твая жонка з кім толькі ні стараецца – а ня можа зацяжарыць.
Н і к а н д р. Змоўч, сабака! (Сьціскае кулакі і робіць некалькі крокаў да Марона.)
М а р о н (пераскоквае праз ручай). Асьцярожна, стратэг: за гэтым ручаём пачынаецца краіна памерлых.
Н і к а н д р (адступае). Я пакуль туды не сьпяшаюся. А вось ты хутка разьвітаешся з гэтым сьветам.
М а р о н. Ці хопіць у цябе спрыту, няздара?
Н і к а н д р. Паразважаеш пра мой спрыт, калі я выпушчу з цябе кішкі.

Нікандр паказвае, як ён расправіцца са жрацом, паварочваецца і ідзе прэч. Пачакаўшы хвіліну, Марон вяртаецца да ахвярнага слупа і ставіць нагу на кошык Нікандра.

М а р о н (з нянавісьцю). Пабачым яшчэ, хто з чым разьвітаецца! (Трушчыць нагой яйкі ў кошыку і сыходзіць.)
Зьява шостая

Ля падножжа Сівой Гары праз некалькі дзён пасьля першай сустрэчы сясьцёр. Зьяўляюцца Ата з мячом у руках і Іфіда з запаленым ліхтаром.

І ф і д а (азіраецца па баках). Нашай шчасьліўкі пакуль не відаць. (Іранічна.) Напэўна, прыбірае ў сваім вялізным палацы. Пра існаваньне ў ім прыслугі яна ня згадвала.
А т а. Ты ўпэўнена, што здолееш яе пераканаць?
І ф і д а. Не сумнявайся, Ата. Ёсьць у сьвеце рэчы, у якіх я разьбі­раюся лепш за цябе. Я ведаю, як нацкаваць жонку на мужа. Давай меч. А сама дзе-небудзь схавайся.
А т а. Пабачым, на што ты здатная са сваімі жаночымі хітрыкамі.
І ф і д а. На большае, чым ты са сваім мужчынскім розумам.

Ата сыходзіць, Іфіда ставіць ліхтар на зямлю, меч кладзе побач і кліча Псіхею.

І ф і д а. Псіхея! Сястрыца мая, дзе ты? (Азіраецца.) Але ж і панурая мясьціна! Як я набралася сьмеласьці прыйсьці сюды ў другі раз?

Невядома адкуль зьяўляецца Псіхея.

П с і х е я (зьдзіўлена). Іфіда?
І ф і д а. Не чакала зноў мяне тут пабачыць? Думаеш, адна Ата непакоіцца пра тваё шчасьце? Я таксама хачу выратаваць цябе.
П с і х е я (сумна). Ня трэба мяне выратоўваць ад шчасьця. Шкада, што вы з Атай ня бачыце яго.
І ф і д а. Гэта ты пра смарагдавы палац? Так, мы ня бачым яго, ня можам яго памацаць, але ў адрозьненьні ад Аты я веру ў ягонае існаваньне.
П с і х е я (узрадавана). Верыш? Сапраўды?
І ф і д а. Твайму богу прыйшла ў галаву выдатная думка: зрабіць свой палац нябачным для людзей. Чаму не? Ня трэба баяцца злодзеяў, наймаць ахову. Зразумела, што для сваёй абраньніцы ён зрабіў выключэньне, і ты можаш захапляцца прыгажосьцю вашага жытла звонку і ў сярэдзіне. (Заклапочана.) Мяне зьдзіўляе іншае, Псіхея. Чаму твой муж наведвае цябе толькі ўначы і не паказваецца пры дзённым сьвятле?
П с і х е я. Але я ўжо казала вам: прыгажосьць ягоная сьлепіць.
І ф і д а. А табе не здаецца, што гэтаму ёсьць іншае вытлумачэньне?
П с і х е я (няўцямна). Іншае? Якое, Іфіда?
І ф і д а. Муж твой – брыдкая пачвара, і калі б ты ўбачыла яго – памерла б з агіды.
П с і х е я (абурана). Ты… Ты… Як ты можаш такое казаць!
І ф і д а. Табе балюча гэта чуць, бо я кажу чыстую праўду. (Пераканана.) Твой так званы бог, твой каралевіч са смарагдавага палаца – насамрэч аблезлы Яшчар!
П с і х е я. Я не хачу цябе слухаць! (Закрывае вушы рукамі.)
І ф і д а (патэтычна). Якая абраза каралеўскаму роду! Штоночы нейкая юрлівая яшчарка цешыцца пекным целам нашае сястры, дакранаецца да яе сваімі сьлізкімі лапамі і пры гэтым мае нахабства распавядаць небыліцы пра сваю незямную прыгажосьць!
П с і х е я. Іфіда!
І ф і д а (па-змоўніцку). Паслухай мяне, даражэнькая! Я навучу цябе, як пазбыцца гэтай абрыды. (Бярэ ў рукі ліхтар.) Сёньня ноччу, калі ён засьне пасьля любоўных уцех, ты запаліш гэты ліхтар і пабачыш сапраўднае аблічча свайго мужа. Пераканаўшыся ў праўдзівасьці маіх словаў, возьмеш гэты меч і адсячэш галаву пачвары. (Бярэ з зямлі меч і працягвае яго Псіхеі.) Чары са смарагдавага палаца спадуць, ён зробіц­ца бачным і будзе належаць нам. (Задаволеная сваім бліскучым планам.) Вось.

Псіхея глядзіць на сястру шырока раскрыўшы вочы, а потым выбухае сьмехам.

І ф і д а (зьдзіўлена). Ты чаго?
П с і х е я (праз сьмех). Іфіда, як ты даўмелася прапанаваць мне такое? Няўжо ты лічыш мяне зусім ідыёткай?
І ф і д а. Не разумею.
П с і х е я (сур’ёзна). Ну, як табе сказаць… (Падбірае патрэбныя словы.) Я ня буду пераконваць цябе, што бог, які стварыў такі прыгожы палац, ня можа быць брыдкім. Што ня можа быць гідкай пачварай той, ад каго сыходзіць такое шчырае каханьне і дабрыня. Я паспрабую табе растлумачыць як жанчына жанчыне. Ты магла б у поўнай цемры адрозьніць Нікандра ад яшчаркі, калі б вы былі разам у ложку?
І ф і д а (разгублена). Вядома, магла б. Што за дурное пытаньне? (Не стрымаўшыся.) І ад кожнага іншага мужчыны – таксама.
П с і х е я. Вось і я, нават ня бачыўшы пры сьвятле аблічча свайго каханага, магу сказаць, што ён – ня Яшчар. Ён мае цела чалавека. (Натхнёна.) Віно п’янкое і хмельнае – пацалункі ягоныя, подых лагоднага ветру і націск навальніцы шалёнай – абдымкі ягоныя. Увесь ён авеяны лілейным водарам, а голас ягоны гучыць пералівістым сьпевам сірынгі. Начны змрок не перашкаджае нам зьлівацца ў шчырым каханьні, што ня бачаць вочы мае – чуе сэрца. Мой каханы ня Яшчар, Іфіда.
І ф і д а (зрываецца на крык). Ён цябе зачараваў! Ты ўспрымаеш яго не такім, які ён ёсьць насамрэч. Усё вакол цябе зачараванае, падман­лівае.
П с і х е я (разважліва). Калі я зачараваная, дык і пры сьвятле ліхтара я ня ўбачу ягонага, як ты кажаш, сапраўднага аблічча. Бывай, Іфіда. Блізіцца вечар, я мушу вяртацца ў палац, сустракаць свайго мужа. (Паказвае на меч з ліхтаром.) А ты ідзі лепш, і забяры з сабой гэтыя рэчы. (Шчыра.) Я вельмі хачу, каб багі паслалі табе нарэшце дзіця, якога ты так прагнеш, сястра.
І ф і д а (дрыжачым голасам). Дык папрасі за мяне свайго бога. (Пакорліва брыдзе прэч.)

Зьяўляецца Ата, якая хавалася непадалёк.

А т а (да Іфіды). Ну, што, сястра, дапамаглі твае жаночыя хітрыкі?
І ф і д а (агрызаецца). Пабачым, чаго варты твой мужчынскі розум.

Іфіда пакідае старэйшай сястры меч, ліхтар і сыходзіць.

П с і х е я (насьцярожана). І ты тут, мая мілая Ата? І ты будзеш пераконваць мяне, што мой каханы муж – Яшчар, будзеш намаўляць мяне забіць яго?
А т а. Ты ж ведаеш: я ня веру ні ў Яшчара, ні ў багоў.
П с і х е я. Тады дзеля чаго ты прыйшла? (Паказвае на меч і ліхтар.) Навошта табе гэтыя жахлівыя рэчы?
А т а. Можа, таму, што… люблю. (Кладзе меч і ставіць на зямлю ліхтар.) Ты верыш, што я люблю цябе, Псіхея? Адзіная істота ва ўсім сьвеце, да якой я па-сапраўднаму прывязаная – гэта ты.
П с і х е я. Калісьці і мне так здавалася, Ата. Але цяпер… Ня ведаю. (Сумна.) Ты ня зычыш мне шчасьця.
А т а. Якога шчасьця, Псіхея? Таго, што ты маеш? Пакажы мне, дзе яно? Неўзабаве скончацца апошнія цёплыя дні восені і халодны паўночны вецер прынясе на сваіх крылах лютую зіму. Твой прывідны палац не ўратуе цябе ні ад голаду, ні ад холаду. Хадзем дадому, Псіхея!
П с і х е я. Мой дом тут. Табе ня варта было зноў прыходзіць, Ата, калі ты ня можаш паверыць ні ў палац, ні ў ягонага гаспадара.
А т а. Я прыйшла, каб уратаваць цябе. (Рашуча.) І клянуся, што зраблю гэта. Палац існуе толькі ў тваім уяўленьні. А гаспадар… Магчыма, ёсьць нехта, каго ты называеш мужам і з кім дзеліш ложа. Але гэта ня бог.
П с і х е я (насьмешліва). Можа, Яшчар?
А т а. Не, звычайны мужчына. Беглы раб, злачынца, які знайшоў сабе сховішча на Сівой Гары. Ён зьняў цябе непрытомную з ахвярнага слупа і цяпер карыстаецца тваёй даверлівасьцю і безабароннасьцю. За твае пешчы ён поіць цябе і корміць. А каб лягчэй было цябе падманваць, гэты лайдак прыходзіць да цябе толькі ўпоцемку.
П с і х е я. Прыкрую, цёмную гісторыю прыдумала ты, сястрыца. Няўжо яна выглядае больш праўдападобнай, чым мая?
А т а. Ах, Псіхея, у жыцьці найчасьцей здараюцца менавіта прыкрыя гісторыі. Чым больш гісторыя прыгожая, тым далей яна ад праўды.
П с і х е я (падыходзіць да Аты). Ата, чаму ты ня бачыш таго, што бачу я? Чаму ня чуеш таго, што я чую? Я ня ведала маці, ты была мне замест яе. Я ня мела сапраўднай бацькоўскай любові, ты была мне за бацьку. Калі мне было блага – нешта балела, нехта мяне крыўдзіў – я прыбягала да цябе. І ты заўсёды знаходзіла тыя гаючыя словы, якія суцішвалі мой боль. Ты заўжды ахутвала мяне сваёй цеплынёй і любоўю. Ты рызыкавала дзеля мяне жыцьцём. Я ведала, што ты – самая моцная, самая мудрая, што абароніш мяне ад усякага ліха. Але цяпер ты здаешся мне маленькай дзяўчынкай, якой патрэбна мая дапамога і спагада. (Абдымае сястру.) Дзе мне знайсьці патрэбныя словы, каб пераканаць цябе, каб ты мне паверыла?
А т а (таксама абдымае сястру). О Псіхея, я старалася быць для цябе маці! Таму і цяпер я мушу ўратаваць цябе, вывесьці з гэтага ачмурэньня. Я перабрала ў галаве самыя розныя спосабы… Найпрасьцей мне здавалася прывесьці сюды кагорту жаўнераў, прачасаць схілы Гары і знайсьці таго мярзотніка, які цябе ашуквае. Забіць яго як сабаку, а цябе сілай завесьці дамоў!
П с і х е я (вырываецца з абдымкаў і трывожна азіраецца навокал). Ты не зрабіла гэтага, сястра?
А т а. На жаль, мой план ня мог зьдзейсьніцца. Ва ўсёй Геліцы не знайсьці ваяра, які б адважыўся наблізіцца да падножжа Сівой Гары. (Падбірае з зямлі меч.) Тады я вырашыла ўзброіцца сама і, выкрыўшы ягоную бярлогу, забіць нягодніка ўласнаю рукой.
П с і х е я (з абурэннем). Ты вынюхвала па ўсіх пакоях, як гнюсны шпег?!
А т а. Колькі ні шукала я, колькі ні высочвала так званага мужа, так нікога і не знайшла. Можа, ён існуе толькі ў тваім уяўленьні? Наступным рашэньнем было забіць цябе, калі ты не паабяцаеш назаўсёды пакінуць гэтае паганае месца. (Прыстаўляе вастрыё мяча да шыі Псіхеі.) Псіхея, вярніся дадому, іначай я заб’ю цябе. Выбірай: жыцьцё ці прывідны палац з ягоным няісным гаспадаром!
П с і х е я (нават не спалохаўшыся). Ты мяне добра ведаеш, сястра. Ты сумняваешся ў маім выбары?
А т а. Не. Вядома, ты выбярэш горшае: сьмерць. (Апускае меч.)
П с і х е я. Здрада можа разлучыць нас, сьмерць – не. (Задумліва.) Некалі мне давядзецца памерці для гэтага сьвету, каб навечна трапіць у ягоны… (Да Аты.) Ты пералічыла ўсе прыдуманыя табою спосабы, сястра?
А т а. Я было страціла ўсякую надзею выратаваць цябе, як раптам знайшла выйсьце. Псіхея, ты таксама мяне добра ведаеш. Я калі-небудзь парушала сваю клятву?
П с і х е я. Ніколі, Ата. Тваё слова мацнейшае за каралеўскую пячатку.
А т а. У мяне ёсьць да цябе адна просьба. Я не патрабую, каб ты зараз жа вярнулася да нас. Я не намаўляю цябе, як Іфіда, па-здрадніцку забіць свайго мужа. Я толькі прашу цябе, сёньня ўначы, калі твой каханы бог будзе спаць, запаліць на імгненьне гэты ліхтар і пераканацца, што любы твой сапраўды такі прыгожы, як табе гаворыць. Потым можаш заставацца ў сваім палацы і жыць шчасьліва. Я цябе больш не патрывожу.
П с і х е я (прастадушна). Я не магу гэтага зрабіць! Як ты не разумееш?! Ён прасіў мяне, і я яму абяцала.
А т а. Я таксама цябе прашу, і ты паабяцаеш мне, што зробіш гэта. (Прыстаўляе вастрыё мяча сабе да шыі.) Інакш, клянуся: я заб’ю сябе! Слова каралевы Гелікі.
П с і х е я. Не, не! Так няможна! (Падае да ног Аты і абдымае яе за калені.)
А т а (няўмольна). Калісьці я выратавала жыцьцё табе, цяпер маё жыцьцё знаходзіцца ў тваіх руках. Выбірай, што для цябе важней: капрыз мужа ці жыцьцё сястры. Гэта мой апошні спосаб твайго выратаваньня. Я не магу пакінуць цябе тут у невядомасьці, нічога не зрабіўшы дзеля твайго шчасьця.

Псіхея заходзіцца плачам ля ног Аты. Ата схіляецца над ёю і спрабуе суцешыць.

А т а (лагодна). Ня плач, дурнічка. Падумай, ты нічога не губляеш. Пабачыш на ўласныя вочы, як выглядае твой каханы. Сама ўпэўнішся, нас супакоіш. Калі твой бог кахае цябе, ён даруе табе тваё непаслушэнства. А калі ты пабачыш, што перад табой беглы раб, брыдкі ашуканец – уцякай з усіх ног, мы з Іфідай будзем чакаць цябе ля ахвярнага слупа.

Псіхея ўзьнімаецца з каленяў і выцірае з вачэй сьлёзы.

П с і х е я. Якая ты жорсткая, Ата. Якая нясьцерпная твая любоў да мяне. Шкада, што бацька не забіў мяне немаўляткам. (Бярэ ў рукі ліхтар.) Бывай, мы болей ніколі не пабачымся. (Брыдзе прэч.)
А т а (наўздагон). Памятай, мы будзем чакаць цябе ўсю ноч!
П с і х е я (спынілася і на імгненьне павярнулася да сястры). Няўжо ты не разумееш, што гэта ўсё? Калі я не паслухаюся свайго мужа, ён назаўсёды пакіне мяне, а я, нібы тая начная птушка, буду дарэмна шукаць яго па ўсёй зямлі. (Сыходзіць.)
А т а (пад уплывам незразумелага пачуцьця). Ён даруе табе, Псіхея! Вось пабачыш, абавязкова даруе!

Псіхея зьнікае. Ата стаіць здранцьвелая каля ахвярнага слупа. Зьяўляецца ўсхваляваная Іфіда.

І ф і д а. Я ўсё бачыла, сятрычка, хаця ня ўсё чула. Ты паклялася, што заб’еш яе, і яна паабяцала запаліць сьвятло ў спачывальні? (Лісьліва.) Якая ты спрытная, Ата!
А т а (выбухае гневам). Маўчы, дурніца!
Зьява сёмая

Позьнім вечарам ля падножжа Сівой Гары. Пад ахвярным слупам сядзіць маркотная Псіхея і то запальвае, то тушыць ліхтар.

П с і х е я. Быў сабе бог, малады і вечны, магутны і добры. І была простая дзяўчына, якая ўявіла сябе багіняй і марыла пра іншае, незямное жыцьцё. Бог упадабаў дзяўчыну за прыгажосьць ейных летуценьняў і, хаця іншыя багі адгаворвалі яго, вырашыў спраўдзіць яе чароўную мару. Але прыняўшы ад бога падарунак, дзяўчына ня здолела ўтрымаць яго і выпусьціла са сваіх нязграбных рук у самы бруд. Бо ніякая яна была не багіня, а нікчэмнае стварэньне, прывязанае да зямлі. Ланцугі мінулага трымаюць мацней за жалезныя. Любыя сёстры, ці маё няшчасьце зробіць вас шчасьлівымі?

Псіхея бачыць два прарочыя відзяжы.
Спачатку сьвятло ліхтара выхоплівае з цемры постаці стратэга Нікандра і жраца Марона. Нікандр дасканаліць удар мячом, уяўляючы, як ён забівае ненавіснага яму жраца. У гэты час Марон ціхутка падыходзіць ззаду і кратае стратэга за плячо. Калі Нікандр паварочваецца, Марон зьдзьмухвае са сваёй далоні нейкі залацісты парашок проста ў твар стратэгу. Атручаны Нікандр ссоўваецца на зямлю. Постаці расплываюцца ў цемры.
За другім разам сьвятло ліхтара асьвятляе постаці Аты і Іфіды. Ата падсыпае атруту ў кубак з віном і ўяўляе, як падае яго сястры-суперніцы. У гэты час Іфіда незаўважна падкрадаецца да Аты ззаду, накідвае ёй на шыю вяроўку і душыць. Бездыханная Ата апускаецца на зямлю. Постаці зьнікаюць у цемры.

П с і х е я (узьнімаецца з зямлі). Я выканаю, Ата, тваю просьбу. Не таму, што не давяраю свайму каханаму, але каб зьберагчы жыцьцё табе. Ведаю, што не пасьпее ўзысьці сонца, як маё шчасьце ляжа друзам. Ведаю, што мяне чакаюць бясконцыя вандроўкі, цяжкая праца, прыніжэньні і розныя іншыя выпрабаваньні. Мушу да дна выпіць горыч гэтага сьвету, спазнаць усе беды і няшчасьці чалавечага быцьця. Але я веру ў бязьмежную дабрыню і міласэрнасьць свайго каханага, веру, што напрыканцы майго пакутнага шляху ён будзе чакаць мяне, і там мы зноў зьяднаемся ў любові. Смарагдавы палац я атрымала ў падарунак, цяпер я павінна выпакутаваць сваё шчасьце.

Каля ахвярнага слупа зьяўляюцца сёстры Псіхеі. Яны ледзь відочныя ў цемры.

І ф і д а. А раптам яна не стрымае слова? Няўжо ты споўніш сваё абяцаньне, Ата?
А т а. Уяўляю, як ты ўзрадуешся. (Занепакоена.) Толькі б Псіхея пасьпела ўцячы.
І ф і д а. Залежыць, ад каго ёй давядзецца ўцякаць. Адно, калі ад брыдкага раба, іншае – калі ад прыгожага бога.
А т а (уражаная словамі сястры). Ты яшчэ сумняваешся – ад каго? Іфіда, ты больш ня верыш у свайго Яшчара?
І ф і д а (агрызаецца). Табе што да таго, у каго я веру? Раней цябе гэта ня вельмі цікавіла, сястрычка.
А т а. Іфіда… (Не адразу адважваецца спытацца.) Ты ўпэўнена, што мы ўсё слушна зрабілі?..

Нечакана далёка ў цемры ўспыхвае сьвятло ліхтара і асьвятляе зьнямелы твар Псіхеі. Праз імгненьне сьвятло зьнікае, а на Сівой Гары ўшчынаецца нешта неверагоднае. Б’юць перуны, бліскаюць маланкі. Чуваць, як нешта раскалолася і пасыпаліся дробныя аскепкі.
Сярод усяго гэтага шуму да сясьцёр далятае невыразны голас, адначасова прывабны і жахлівы, пяшчотны і суровы.
У водблісках маланак сёстрам бачыцца смарагдавы палац з бурштынавым дахам, які рассыпаецца на іхніх вачах. Над палацам узьнікаюць на імгненьне абрысы боскага твару невымоўнай красы.
Навальніца сціхае гэтак жа раптоўна, як і пачалася. Усталёўваецца цішыня, і толькі недзе ўдалечы чуваць плач, які ператвараецца ў крыкі начной птушкі.

І ф і д а (ціха). Сьпічастыя дахі, брама з адмысловай разьбой, вітражы ў вокнах…
А т а (няўцямна). Абрысы твару, велічнага і гожага… Позірк дакорлівы і гнеўны, які працінае наскрозь…
І ф і д а (ачуняўшы). Ата, што гэта было?
А т а (вяртаецца да рэчаіснасьці). Навальніца. Раптоўная зьмена надвор’я ў гарах. (Асьцярожна.) Ты бачыла ці чула нешта незвычайнае?
І ф і д а (павагаўшыся). Не. А ты?
А т а (перамагае сябе). Маланкі. Грымоты. Схілы Сівой Гары, асьветленыя бліскавіцай. (Памаўчаўшы.) Што мы тут робім, сястра? Ці ня час нам вяртацца ў палац?
І ф і д а (пасьпешліва). Самы час. Я зьмерзла і згаладала. Забрацца б хутчэй у цёплы ложак, да любага Нікандра.
А т а. Нас чакаюць справы дзяржаўнай важнасьці. Народу Гелікі патрэбная нашая мудрасьць і дасьведчанасьць. Вяртаемся дадому, Іфіда.

Баязьліва азірнуўшыся, сёстры пасьпешліва пакідаюць нядобрае месца.
Крык начной птушкі, пранізьлівы і тужлівы, заціхае ў далечыні.
З а с л о н а.