12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Казарын

_____________________
Глабалізацыя і праблема захаваньня моўнай шматстайнасьці сучаснага сьвету.
Соцыум

Уладзімір Паўлавіч Казарын…
На жаль, сёньняшняму беларусу гэтае прозьвішча пакуль што мала што гаворыць. Кажу “на жаль” і “пакуль што”, бо, з аднаго боку, шкадую шчыра з такой прычыны, але, з другога боку, гэтак жа шчыра спадзяюся: неўзабаве пра яго – вучонага, арганізатара навукі, палымянага публіцыста, грамадскага і дзяржаўнага дзеяча – будуць ведаць ня толькі на Украіне, у Крыме, дзе ён жыве і працуе, але і ў нас на Беларусі. Хацелася б, каб таму паспрыяла і гэтая нататка.
Вось што, у прыватнасьці, сказана пра У. Казарына ў біяграфічнай даведцы, зьмешчанай у ягонай апошняй па часе публікацыі — кнізе “Вера, язык, слово” (Сімферопаль, 2002): “Доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры рускай і замежнай літаратуры Таўрычаскага нацыянальнага універсітэту імя У.І.Вярнадскага. Аўтар звыш 450 публікацыяў, у тым ліку 30 кніг і вучэбных дапаможнікаў. Ініцыятар стварэньня Чарнаморскага філіялу МДУ імя Міхаіла Ламаносава ў Севастопалі, арганізатар Крымскага таварыства рускай культуры (1991 г.), Крымскага цэнтру гуманітарных дасьледаваньняў (1994 г.), Дома-музею А.С.Пушкіна ў Гурзуфе (1989 г.). Аўтар многіх іншых культурных пачынаньняў”. Дададзім ад сябе (самае апошняе і ня менш важнае): дэпутат Вярхоўнай Рады, намесьнік Старшыні Савету Міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым...
Сярод усяго пералічанага, але яшчэ далёка няпоўнага, – доўгачасовае (пачынаючы з 1991 году) пастаяннае старшынства на штогоднім Міжнародным Пушкінскім сьвяце паэзіі ў Крыме (а гэта значыць – і шматлікія абавязкі па яго арганізацыі). Сёлета такое сьвята праводзілася 6-8 чэрвеня 2003 г. у Гурзуфе пад патранатам Прэзідэнта Украіны Л.Д.Кучмы і Прэзідэнта Расіі У.У.Пуціна, пры садзеяньні Саюзаў пісьменнікаў Украіны, Расіі і Беларусі. Ад Беларусі на ім прысутнічалі старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, яго першы намесьнік Барыс Пятровіч і аўтар гэтых радкоў. Запомнілася многае з таго, што прапанавалі арганізатары сьвята: і вялікія літаратурныя вечары ў Гурзуфе і Ялце (на іх годнае слова пра Пушкіна і яго сувязь з Беларусьсю сказаў Алесь Пашкевіч), і “круглы стол” пушкіністаў Украіны, Расіі і Беларусі “Пушкіназнаўства на мяжы вякоў і тысячагоддзяў”, на якім з дакладам пра дасягненьні беларускага пушкіназнаўства давялося выступіць мне, і наведаньне ў Ялце магілаў украінскага паэта Сьцяпана Руданскага і нашага Максіма Багдановіча (дзе прачулае слова пра аўтара “Вянка” мовілі Іван Драч, Дмытро Паўлычка, Барыс Пятровіч і інш.), і адкрыцьцё ў гонар Пушкіна мемарыяльных дошак і знакаў у Керчы, Алупцы, каля вёскі Перакоп, і шматлікія сустрэчы з чытачамі… І паміж усяго гэтага адно з самых яскравых і запамінальных крымскіх уражаньняў – знаёмства і размовы з самім Уладзімірам Паўлавічам Казарыным.
Уладзімір Казарын, як нам падалося, ідэал сапраўднага рускага інтэлігента: шчыры патрыёт Расіі, але без той шавіністычнай пыхі, што характэрна для многіх сучасных т. зв. рускіх “патрыётаў”, глыбокі знаўца ня толькі рускай гісторыі і культуры, але культуры і гісторыі славянскай і ўвогуле сусьветнай, уважлівы суразмоваўца, што паважае думку субяседніка, хоць, можа, і не заўсёды згаджаецца з ім… Нарадзіўшыся ў 1952 г. у Ашхабадзе, займаючыся ў сярэдняй школе ў Феадосіі, вучачыся на філфаку Далёкаўсходняга, у асьпірантуры Ленінградскага дзяржуніверсітэтаў, з 1981 году зьвязаўшы свой лёс з Таўрычаскім нацыянальным універсітэтам, Уладзімір Паўлавіч, несумненна, увабраў у сваё сэрца веру, надзею і любоў, усе асноўныя радасці, клопаты і трывогі лепшых рускіх людзей нашага часу з усёй прасторы іхняга пражываньня – ад Ленінграду (цяпер – Санкт-Пецярбургу) на Поў­начы да Уладзівастоку на Усходзе і Крыму – на Поўдні. Фізічна моцны, шыракаплечы, з праніклівымі вачыма і адкрытым тварам, надзвычай жвавы, актыўны, ён стварае ўражаньне энергічнага чалавека справы. Што, зрэшты, і пацьвярджаецца рэчаіснасьцю.
Гаворку з намі, беларусамі, у Гурзуфе ён распачаў радаснай навіной, што напярэдадні па тэлефоне паведаміла яму яго сакратарка з Сімферопалю: з Менску цягніком адправілі новы надмагільны помнік Максіма Багдановіча, выкананы беларускім скульптарам Сяргеем Гумілеўскім. (Дарэчы, гэты помнік ужо ўстаноўлены на магіле паэта). Ды Уладзімір Паўлавіч вёў рэй далей: “Чаму Міністэрства культуры і ўлады Беларусі не зьвяртаюцца ў Кіеў, “не націскаюць” на цэнтральныя ўкраінскія ўлады дзеля адкрыцьця музея Багдановіча ў Ялце? З нашага ж боку ўсё робіцца, каб хутчэй адчыніць гэты музей”... На маю прапанову аб правядзеньні сумеснай беларуска-крымскай навуковай канферэнцыі адрэагаваў адразу ж: “Мы праводзім серыю канферэнцыяў “Пушкін і славянскі сьвет”. Давайце разам падрыхтуем наступную іназавем: “Пушкін і славянскі сьвет: Беларусь”. Вядома, усе мы ў адзін голас выказалі сваё адабрэньне гэтай ідэі…
Уладзімір Казарын падараваў нам сваю кнігу “Вера, язык, слово”. Кнігу склалі артыкулы, у аснову якіх ляглі выступленьні і даклады на розных навуковых канферэнцыях, сходах грамадскасьці. Вось назвы некаторых з іх: “Крымская (Усходняя) вайна 1853-1856 гадоў і разьвіцьцё рускай нацыянальнай самасьвядомасьці”, “Супраць гістарычнага бяспамяцтва. Маналог рускага ў абарону Украіны”, “Вера, мова, слова. Погляд з Крыму на лёс праваслаўнай культуры”, “Праблемы нацыянальнай ідэнтычнасьці ў Крыме і фармаваньне рэгіянальнай самасьвядомасьці”, “Пушкін: увесь рускі сьвет, яго пачатак і апраўданьне”, “Задачы русістаў Украіны на сучасным этапе” і інш. Ужо з саміх назваў артыкулаў відаць, пра што ў іх вядзецца гаворка, а часам – і ў якім рэчышчы. Магчыма, не з усім, што выказаў у кнізе У.Казарын, можна пагадзіцца, тым больш, што гэтыя даклады і выступленьні пісаліся і прамаўляліся на працягу апошніх 10 гадоў, за якія і Усходняя Еўропа, і сам Казарын значна зьмяніліся. У той жа час большасьць назіраньняў і высноваў культуролага, палітолага, сацыёлага (а ў кнізе менавіта ў такіх іпастасях выступае яе аўтар) вытрымала праверку часам.
Што ж датычыць меркаваньняў, выказаных У.Казарыным у дакладзе “Глабалізацыя і праблема захаваньня моўнай шматстайнасьці сучаснага сьвету” на Трэцім Міжнародным форуме русістаў Украіны 31 студзеня 2003 г. (водціск дакладу таксама быў падараваны нам), то, бадай, пад кожным з іх можна ўласнаручна падпісацца. Учытайцеся, удумайцеся хаця б у некаторыя з іх:
“Дзіўная рэч: чалавецтва ўжо ў значнай ступені ўсьвядоміла неабходнасьць абароны навакольнага асяроддзя… Аднак лёс моваў, іх сёньняшняе бытаваньне і іх будучыня, — так і ня сталі для чалавецтва задачай першачарговай важнасьці”.
“…Мова – гэта і ёсьць сам сьвет. А таму гібель кожнай мовы – гібель ня слоўніка і граматыкі. Гэта гібель цэлага сьвету — непаўторнага, арыгінальнага, непамерна глыбокага і непамерна важнага дзеля разуменьня як самога чалавека, так і сьвету вакол яго”.
“Няўжо мы, носьбіты рускай мовы, парушаючы запавет нашых вялікіх продкаў Кірылы і Мяфодзія, не ўстурбуемся лёсамі ўкраінскай і чэшскай, беларускай і славацкай, сербскай і балгарскай, македонскай і славенскай і іншых і іншых усходнеславянскіх, заходнеславянскіх і зусім не славянскіх моваў? Мы ж усе ў глыбіні душы ўсьведамляем, што трывога носьбітаў гэтых моваў за іх лёс мае падставы! ”
“Струменісты паток глыбокіх водаў чалавечай мудрасьці, культуры, самога жыцьця – залежыць самым непасрэдным чынам ад дабрабыту ўсіх і кожнай з зямных моваў”.
“Мы павінны ўвесьці ў ХХІ стагоддзі парадак, пры якім усе мовы народаў сьвету набудуць статус міжнародных… Дзеля гэтага мы перш за ўсё павінны зьмяніць сьвядомасьць нашых сучасьнікаў. Усе павінны зразумець, якой трагедыяй, якой незаменнай згубай для чалавецтва зьяўляецца страта любой з зямных моваў. Зьмяненьне сьвядомасьці – неабходная і абавязковая ўмова посьпеху гэтай працы”.
“Мы павінны выгадаваць новае пакаленьне людзей, якому будзе прывітая цяга да вывучэньня моваў. Мы павінны стварыць своеасаблівую моду на мовы, на іх веданьне. Менавіта ў гэтых адносінах быў бы вельмі карысны міжнародны тэлеканал “Планета моваў””.
Такі ён, Уладзімір Казарын. Так ён разважае, мяркуе, радзіць. А нам застаецца прыслухацца да думак сапраўднага рускага інтэлігента.
Вячаслаў Рагойша,
доктар філалагічных навук, прафесар,
акадэмік Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі.



Сьмерць і жыцьцё – ва ўладзе мовы,
і той, хто любіць яе, спазнае смак пладоў яе.
Прытчы 18, 22.

Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе;
а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.
Вернікаў жа будуць суправаджаць гэтыя знаменьні:
<…> будуць размаўляць новымі мовамі <…> .
Мк 16, 16-17.

На сёньняшні дзень на Зямлі існуе звыш дзьвюх з паловай тысячаў моваў. Гэтая колькасьць камусьці можа падацца вельмі значнай. У сапраўднасьці ж яна зьяўляецца, вобразна кажучы, даволі моцна пашкоджанай часам крапасной вежай. Яна адзінока стаіць у полі, з усіх бакоў акружаная шматлікімі руінамі іншых, ужо не існуючых вежаў і сьценаў некалі велічнай, а цяпер амаль цалкам разбуранай гісторыяй крэпасьці чалавечых моваў.
Намаляваная карціна – не пераўвелічэньне і не даніна палемічнаму запалу.
За мінулы гістарычны час мы страцілі, відаць, дзесяткі тысяч моваў, гаворак, дыялектаў. “Мёртвымі” ўжо пры нашым летазьлічэньні сталі старагрэцкая, арамейская, стараперсідская, латынь, санскрыт, ведыйская мова, сірыйская, старажытнапаўднёвааравійская, старажытнаруская, старажытнацюркская мовы (мова рунічных надпісаў, старауйгурская мова, старабулгарская і інш.), старажытнапруская мова, корнская (карнуэльская), коптская, кетская і многія іншыя. Сьмешна сказаць, але ж — без перабольшаньня — гераічным навуковым подзьвігам стала расшыфроўка ў пачатку ХІХ стагоддзя французскім вучоным Ж.Ф.Шампальёнам старажытнаегіпецкага іерагліфічнага пісьма, а ў сярэдзіне 50-х гадоў ХХ стагоддзя – савецкім вучоным Ю.В.Кнарозавым пісьма мая. Наколькі ўсё-такі кароткая гістарычная памяць у чалавецтва, як хутка яно забывае самое сябе! У выніку подзьвігам становіцца пасьпяховая спроба ўспомніць сваё ўласнае, параўнальна нядаўняе мінулае.
Пра многія зьніклыя мовы ў лепшым выпадку засталіся толькі мімалётныя згадкі ў гістарычных крыніцах. Такія, напрыклад, як сьведчаньне “Жыція Канстанціна” пра загадкавыя “руськія пісьмёны”, з якімі пазнаёміўся ў 861 годзе ў Крыме, у Херсанесе, Канстанцін (Кірыла) Філосаф, што ўваходзіў у склад афіцыйнай візантыйскай дыпламатычнай місіі ў Хазарыю. Адносна таго, што ж гэта за “руськія пісьмёны”, зафіксаваныя да афіцыйнага стварэньня славянскага пісьменства, адных толькі навуковых пунктаў погляду і гіпотэзаў існуе на сёньняшні дзень ня менш за дзесятак.
“Руськім пісьмёнам” з Херсанеса пашанцавала: іх хаця б згадала гістарычная крыніца. Большая частка моваў зьнікла зусім бясьсьледна.
Зьнікненьне моваў не зьяўляецца фактам толькі гістарычнага мінулага. Цяпер усе мы сучасьнікі і сьведкі згасаньня моваў класічных малых народаў Крыма і свету – караімаў і крымчакоў. Гэтыя мовы знікаюць разам са сваімі народамі. Па дадзеных мінулагодняга ўкраінскага перапісу караімаў у Крыме засталося 671 чалавек, крымчакоў – усяго 204. У шэрагу моваў, што зьнікаюць на нашых вачах, – румейская і ўрумская (мовы пантыйскіх і прыазоўскіх грэкаў), мова закарпацкіх русінаў, мова гагаузаў і інш. Па некаторых падліках да сярэдзіны ХХІ стагоддзя на Зямлі можа застацца ўсяго 500 моваў.
Дзіўная рэч: чалавецтва ўжо ў значнай ступені ўсьвядоміла неабходнасьцьны навакольнага асяроддзя. Мы абараняем атмасферу і водныя рэсурсы, глебу і народныя рамёствы. Мы абараняем кітоў і рэдкія віды малпаў, мы выратавалі ад зьнікненьня усурыйскіх тыграў і культывуем пашырэньне нацыянальнай кухні. Аднак лёс моваў, іх сёньняшняе бытаваньне і іх будучыня, — так і ня сталі для чалавецтва задачай першачарговай важнасьці. Мала таго, праблемы гэтыя знахо­дзяцца на перыферыі грамадскай сьвядомасьці.
Грамадская думка ўспрымае моўную праблему выключна праз прызму “шкалярскага” знаёмства з ёй у гады вучобы. У выніку для большасьці “мова” – гэта нешта абавязковае, але нуднае і сумнае, зьвязанае з памылкамі пры пісьме і малазразумелымі і цяжказапамінальнымі правіламі. Дарэчы, класікі сусьветнай літаратуры, як паказвае іх вывучэньне ў той жа школе, усе гэтыя арфаграфічныя і іншыя правілы заўсёды першымі ж і ігнаравалі. Гэта яшчэ больш умацоўвала ўсіх нас у гады вучобы ў праваце свайго лінгвістычнага нігілізму.
Кожны па-сапраўднаму адукаваны і ўдумны чалавек разумее, што гэтае ўяўленьне, якое засела ў сьвядомасьці многіх людзей, — грубая пародыя на рэчаіснасьць. Мова – гэта ня проста сродак зносінаў, які мае свой інструментарый і заснаваны на вялікай колькасьці складаных і заблытаных правілаў. Мова – гэта філасофія сьвету, гэта сінтэтычнае ўяўленьне пра гэты сьвет. Кожная мова – гэта ўвасобленая ў яе лінгвістычнай структуры, у яе правілах сістэма ведаў пра сьвет, бачаньне гэтага сьвету, яго разуменьне. Напрыклад, менавіта таму, што ў абарыгенных народаў рускай поўначы ўвесь лад жыцьця зьвязаны з суровым кліматам, у іх мове існуе больш 40 найменьняў розных відаў сьнегу, але няма абагульненага слова “сьнег”, як у рускай мове.
У гэтым сэнсе мова – гэта і ёсьць сам сьвет. А таму гібель кожнай мовы – гібель ня слоўніка і граматыкі. Гэта гібель цэлага сьвету — непаўторнага, арыгінальнага, непамерна глыбокага і непамерна важнага для разуменьня як самога чалавека, так і сьвету вакол яго. Можна сказаць, што мова – гэта ДНК створанай ягонымі носьбітамі культуры. На падставе мовы, як на падставе генаў ДНК, можна (хоць мы гэтага пакуль што ня ўмеем) узнавіць культуру народу як цэлае. Адным з першых прыкладаў такога характару спробаў “узнаўлення культуры” на падставе мовы зьяўляецца вядомы “Слоўнік індаеўрапейскіх сацыяльных тэрмінаў” Эміля Бенвеніста.
Як здорава, што мы абараняем атмасферу Зямлі і ратуем кітоў! Але чаму мы з такой самай непрымірымасьцю і жарсьцю, з якой ратуем сьвет, што нас акаляе, не ратуем сьвет, што нас напаўняе, — сьветы сучасных моваў, якія апускаюцца ў глыбіні небыцьця?
Маленькі, але надзвычай выразны прыклад: у зямлян ёсьць міжнародны тэлеканал “Планета жывёлаў”, але няма міжнароднага тэлеканалу “Планета моваў”.
Сітуацыя ў гэтым пытаньні ня толькі не паляпшаецца, але мае выразную тэндэнцыю да пагаршэньня. Пры ўсім мностве законаў, прынятых сусьветнай супольнасьцю ў абарону моваў тых жа нацыянальных меншасьцяў, сусьветная практыка дэманструе ўстойлівае прэваліраваньне невялікай групы моваў над усімі астатнімі. Тая ж еўрапейская “Хартыя рэгіянальных моваў і моваў нацыянальных меншасьцяў”, па вялікім рахунку, дэкларуе стварэньне моваўных рэзервацыяў, ня больш. Падставы прэва­ліраваньня адных моваў над іншымі самыя добрапрыстойныя: “гэтыя мовы самыя разьвітыя” ці “гэтыя мовы самыя распаўсюджаныя” і г.д. За дужкамі моўчкі маячыць нявыказанае: гэтыя мовы самыя зручныя ў палітычных і эканамічных адносінах дзеля вырашэньня прагматычных задачаў сусьветнага супольніцтва. Усё астатняе – сентыменты.
На самой справе, нельга ж аднолькава клапатліва песьціць усе мовы сьвету. Гэта немагчыма практычна. Таму дзеля ўтылітарных мэтаў эфектыўнай працы той жа Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў абярэм шэсьць самых прадстаўнічых моваў: англійскую, рускую, французскую, іспанскую, кітайскую і арабскую. З чым тут паспрачаешся? Спрачацца няма з чым. Аднак у выніку такога падыходу ў школах былога СССР спачатку амаль перасталі вучыць нямецкую мову, а цяпер класаў з французскай мовай (прынамсі, у Крыме) – на пальцах палічыш. Пра астатнія мовы проста змоўчым з-за далікатнасьці.
Давайце ў парадку эксьперыменту распаўсюдзім гэтую міжнародную практыку ў галіне мовы на іншыя сферы жыцьця. Напрыклад, пакінем дзесятак узорных відаў птушак, забыўшыся пра іншыя, вызначым персьпектыўныя, што маюць права на першачарговае існаваньне, пароды рыб, віды мядзьве­дзяў, расьлінаў, нарэшце, пейзажаў ці ландшафтаў… Усім зразумела, наколькі абсурдная гэтая прапанова і якім жудасным быў бы створаны на яе аснове сьвет. Дык чаму ж дзейнасьць па абароне моваў не падтрымліваецца гэтак жа рашуча і цьвёрда ўсімі? Чаму цяперашняя практыка не асуджаецца гэтак жа адзінадушна?
У адной з замежных краінаў зусім нядаўна я наведаў новаадкрыты факультэт замежных моваў пры мясцовым універсітэце. Там вывучаюць усяго чатыры мовы: англійскую, рускую, іспанскую і кітайскую. Дэкан сказаў, што гэтага дастаткова, каб яго краіна магла з дапамогай сваіх перакладчыкаў мець зносіны ў інтарэсах справы з любым рэгіёнам сьвету.
Калі справа так пойдзе і далей, і гэтай колькасьці моваў будзе зашмат. Хопіць трох моваў, потым двух, а там і адной…
Магутную падмогу працэсы глабалізацыі ў сферы мовы атрымалі ў эпоху Інтэрнэту. Гэтая сусьветная інфармацыйная сетка сваіх уніфікацыйных імкненьняў нават і не вуалюе. Дакладней, яна нічога іншага проста не прапануе. Ёсьць нешта злавеснае ў тым, што гэтая сістэма называецца “сусьветная павуціна”. Міжволі прыгадваеш выслоўе, што нарадзілася з мульт­фільмаўскай песенькі: “Як вы яхту назавеце, так яна і паплыве”.
Глабалізацыйныя намеры ўніфікаваць моўны воблік сьвету ўжо сустракаліся ў гісторыі. У Візантыі, напрыклад, пануючыя колы ў той ці іншай ступені падтрымлівалі так званую “трохмоўную дактрыну”, згодна якой хрысьціянства магло прапаведваць Боскае слова толькі на трох сьвяшчэнных мовах – старажытнаяўрэйскай, старажытнагрэцкай і латыні. Менавіта супраць гэтай афіцыйнай ідэалогіі сярэднявечча і выступілі 1100 гадоў назад самым рашучым чынам у сваёй практычнай дзейнасьці вялі­кія асьветнікі славянаў Кірыла і Мяфодзій. Калі б не яны і іх утрапёная адвага (я нагадаю, што вучні Кірылы і Мяфодзія пасьля сьмерці настаўнікаў былі прададзеныя ў рабства), — мовы славянаў чакаў бы зусім іншы гістарычны лёс.
Я хачу зьвярнуць увагу, што дзейнасьць Кірылы і Мяфодзія па стварэньні славянскага пісьменства была зусім пазбаўленая ўсялякага нацыянальнага эгаізму. Як вядома, браты былі родам з гораду Солунь (у сучаснай Грэцыі горад Салонікі). Іх роднай грэцкай мове дактрына “трохмоўнасьці” нічым не пагражала. Ды тым больш велічны зьдзейсьнены імі подзьвіг – подзьвіг бескарысьлівага служэньня, подзьвіг братняй любові да бліжняга, подзьвіг дзейснай абароны сьвету мнагалікага, а не паныла-аднастайнага.
Калі славянскія асьветнікі Кірыла і Мяфодзій лічылі, што ўсе народы маюць права засвойваць ісьціны хрысьціянскага вучэньня на сваіх мовах і таму заслугоў­ваюць стварэньня для іх самастойнага пісьменства, няўжо мы, іх спадчыньнікі, праз 1100 гадоў пакладзем пачатак адваротнай практыцы і згодзімся з персьпектывай зьнікненьня ня проста пісьменства, а і саміх моваў?
Рэальная пагроза навісла ня толькі над мовамі “малых” народаў. Так, рускай мове ў сучасным глабалізаваным сьвеце толькі на першы погляд нішто не пагражае. Аптымісты зыходзяць з таго, што ў лік шасьці “абраных” моваў яна трапіла. Але нават калі з гэтым сьцьвярджэньнем згадзіцца, то няўжо мы, носьбіты рускай мовы, парушаючы запавет нашых вялікіх продкаў Кірылы і Мяфодзія, не ўстурбуемся лёсамі ўкраінскай і чэшскай, беларускай і славацкай, сербскай і балгарскай, македонскай і славенскай і іншых і іншых усходнеславянскіх, заходнеславянскіх і зусім не славянскіх моваў? Мы ж усе ў глыбіні душы ўсьведамляем, што трывога носьбітаў гэтых моваў за іх лёс мае падставы!
З другога боку, сьпецыялісты-філолагі, як ніхто іншы, ведаюць, што любая мова жыве да таго часу, пакуль яна знаходзіцца ў жывым дыялогу з іншымі, ня толькі блізкароднаснымі, мовамі, пакуль яна насычаецца крыніцамі сваіх дыялектаў і гаворак. Мне здаецца, напрыклад, што мы перагнулі палку, абараняючы нарматыўную літаратурную мову ад уплываў глебы. Расія няўдзячна раўнадушная да сваіх дыялектаў і гаворак. У гэтым сэнсе нам ёсьць чаму вучыцца, напрыклад, у італьянцаў ці армянаў, якія ўсе ў межах сваёй мовы па сутнасьці двухмоўныя. Гэтак жа мы, думаецца, дарэмна трэціруем моўную зьяву, што ўтвараецца на мяжы Расіі і Украіны, — у зоне інтэнсіў­нага ўзаемадзеяння моваў, характарызую­чы яе выключна як “суржык”. Не гавораць жа англічане, што на шатландскім суржыку пісаў Роберт Бёрнс. З другога боку, пазбаўце так званага ўкраінскага-рускага суржыка паэзію Эдуарда Багрыцкага – і яна страціць значную долю свайго каларыту. Зрэшты, гэта тэма асобнай гаворкі.
Сусьветны статус мовы робіць яе сродкам зносінаў мільёнаў разнамоўных людзей, што непазьбежна нівелюе мову, абязьлічвае яе, пазбаўляе глебы. Згадаем пра тую эвалюцыю, якую прарабіла англійская мова, стаўшы амерыканскай. Згадаем і аб тым, што ў рускай мове, калі зьвярнуцца да слоўніка У.І.Даля, калісьці таксама было намнога больш найменьняў сьнегу, але, стаўшы прадметам калектыўнага выкарыстаньня сотняў мільёнаў, мова іх проста страціла: рянда, лепень, дряба, ляпа, чичер, чидега, заметь, волокуша, сипуха, чир, кидь, падь і шмат інш.
На самой справе руская мова ў сувязі са сваім сусьветным статусам знаходзіц­ца ў вялікай небясьпецы. З аднаго боку, яна адчувае ўсе перагрузкі, якія кладуцца на плечы кожнай сусьветнай мовы. З другога, я баюся, што статус рускай мовы як міжнароднай – у многім заспакаяльная і ўсыпляльная ілюзія, толькі часовая, тактычная ўступка з боку так званай сусьветнай супольнасьці. Няўжо мы ўсе ня ведаем, што ва універсітэтах сьвету імкліва скарачаюцца кафедры русістыкі, закрываюцца рускакультурныя часопісы і выдавецтвы, згортваюцца цэлыя школы перакладазнаўства? У лепшым выпадку ў краіны Усходняй Еўропы руская мова вяртаецца як мова бізнесу. Але кожны з нас разумее, што гэта таксама толькі часовая стадыя барацьбы за працоўныя рэсурсы і рынкі збыту краіны, за якой, як правіла, наступае страта эканамічнай самастойнасці. А пасьля і самастойнасьці культуралагічнай. Дарэчы, падлічаная ўжо працягласьць рэалізацыі так званага “закону тыгля”, пераварваючыся ў якім чалавек губляе старую і набывае новую нацыянальную ідэнтычнасьць. Гэты працэс займае ўсяго чатыры пакаленьні. Я баюся, што многія рускія сёньня (асабліва з маладога пакаленьня) ужо знахо­дзяцца на другой стадыі.
Зададзім пытаньне, чаму Кірыла і Мяфодзій змаглі выканаць сваё прызначэньне? Іх не падтрымлівалі ніякія міжнародныя фонды, у іх не было ўласнай эканамічнай базы, на іх не працавалі СМІ, ім не дапамагала ўсёй сваёй магутнасьцю дзяржава, за імі не стаялі армія і флот. Але пра тое, што яны зьдзейсьнілі, да гэтага часу ведаюць жыхары сьвету, а імёны імператараў ці прэм’ер-міністраў той пары большасьці з нас патрэбна ўдакладняць па даведніках.
Кірыла і Мяфодзій валодалі якасьцю, якую імкліва страчваем мы. Для іх справа, якой яны служылі, была не працай і нават не грамадскім абавязкам, а місіяй. Яны верылі, што мовамі з чалавекам гаворыць Гасподзь, бо сказана: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог” (Ін. 1, 1). А таму мовы – гэта стварэньне Бога, і таму яны абаранялі не славянскую мову як такую, а адну з моваў Бога, Боскую волю, якую яны, перакладаючы з боскай на чалавечую, увасаблялі ў зразумелыя для чалавека формы зносінаў.
Місія – даецца зьверху. Гэта прызваньне, якое не дапускае магчымасьці выбару, яно сакральнае. Дакладна гэтак жа місіяй зьяўляецца Радзіма. Паняцьце Ра­дзімы не ўключае ў сябе магчымасьці выбару, таму што выбіраць можна толькі месца жыхарства, а не Радзіму.
Аднак пры такім разуменьні ўсё астатняе: голад і холад, ганеньні і зьнявага, катаваньні і арышты, — становяцца чымсьці далёка другасным. І ў выніку два асобныя чалавекі перамагаюць эпоху.
Антычныя грэкі былі прасякнутыя адчуваньнем сваёй місіі і таму былі непераможныя. Іх зьнішчыла фізічная моц Рымскай імперыі, але яны перамаглі яе сілай свайго духу, пабудаваўшы на яе падмурку грэцкую Візантыю. Ірландцы і шатландцы стагоддзямі застаюцца самімі сабой усюды, таму што адчуваюць сваё паходжаньне як місію. Стваральнікі дзяржавы Ізраіль дабі­ліся свайго, таму што імі кіравала ўсьведамленьне місіі. Нашы рознанацыянальныя продкі стварылі вялікую Расійскую дзяржаву, таму што гэта было для іх выкананнем місіі. Пры такім падыходзе самая цяжкая, самая няў­дзячная праца – служэньне. Пры іншым – самая лепшая і самая прэстыжная дзейнасьць толькі баўленьне часу.
Мы аслабілі “сьмертную сувязь” (кажучы словамі Мікалая Рубцова) з Радзі­май і яе мовай, а таму нас можна аспрэчыць, пераканаць, перайначыць, перарабіць, пераламаць. Мовы ня могуць сябе абараніць толькі тады, калі іх носьбіты ня хочуць абараніць сябе і свае мовы. Мала хто з нас, сёньняшніх, падпішацца пад радкамі “Малітвы” Ганны Ахматавай з далёкага 1915 году, у якіх усё асабістае, усё, што па-за Радзімай і місіяй, — аддаецца забыцьцю:

Дай мне горькие годы недуга,
Задыханья, бессонницу, жар,
Отыми и ребенка, и друга,
И таинственный песенный дар –

Так молюсь за твоей литургией
После стольких томительных дней,

Чтобы туча над темной Россией
Стала облаком в славе лучей.

Калі руская мова для нас, яе носьбітаў, не місія, тады яна ўсяго толькі прадмет выкладаньня ў школе, а прадмет можна і замяніць. Аднак у гэтым выпадку народ становіцца этнаграфічнай групай, а сусьветная супольнасьць моваў ператвараецца ў моўны канцлагер, у якім кожны асуджана чакае хвіліны сваёй сьмерці і дзякуе ахоўніку, што той не паслаў яго на скон сёньня, адтэрмінаваў кару на заўтра.
“Трохмоўныя” ці “шасьцімоўныя” дактрыны – праява гардыні, уласьцівай будаўнікам Вавілонскай вежы. Гэта спрошчаны і таму небясьпечны погляд на сьвет, гэта нежаданьне лічыцца з тым, хто знаходзіцца з табой побач, гэта перакананьне, што ісьцінай валодаеш толькі ты, гэта чарговая спроба разьдзяліць сьвет на галоўных і негалоўных.
Самае сумнае заключаецца ў тым, што праблемы чужых моваў людзі ўспрымаюць як нешта іх асабіста і непасрэдна не датычнае. Гэта найбольшая памылка, якая будзе мець для ўсіх і для кожнага самыя негатыўныя вынікі. Даўно і не намі сказана: “Словы вуснаў чалавечых – глыбокія воды; крыніца мудрасьці – струменісты паток” (Прытч. 18, 4). Бяднее паток – бяднее мудрасьць чалавечая, зьнікаюць словы – мялеюць воды. Яны мялеюць ад зьнікнення любога слова, любой мовы! Ніякая (самая міжнародная і самая прэстыжная!) мова не заменіць сабой суродзічку – няхай нават самую малавядомую, з самай малой колькасьцю карыстальнікаў. Шэсьць рабочых моваў ААН не замяняюць сваім адносна пасьпяховым існаваньнем шэсьць зьнікаючых на Зямлі моваў (тую ж крымчакскую, караім­скую, румейскую, урумскую, русінскую, гагаузскую). А ў выніку – бяднее і бяднее плынь мудрасьці чалавечай. Зьнешне – непрыкметна, унутрана, для пранікнёнага назіральніка, – усё больш і больш відавочна. Ня буду цяпер і тут пачынаць даўно насьпелую гаворку пра тое, на якім жудасным валупяку ўсе мы ўсё больш яўна гаворым, думаючы, што гэта вышэйшы тып мовы міжнародных зносінаў. Які тут ужо “струменісты паток”! Гэта не паток, а забітая сьмецьцем і пластыкавай тарай смуродная сажалка. Адно толькі папулярнае ў апошні час слова “канализировать” у значэньні “перадаваць, паведамляць, даводзіць да ведама” выклікае шокавы стан. Гэта ўжо нават не праява прынцыпу мэтазгоднасьці, а сімптом распаду культурнай і паняційнай іерархіі сьвядомасьці.
Кожную мову паасобку можна прыпадобніць да ручая ці крыніцы. Здавалася б, ні ў якое параўнаньне не ідзе ручай ці крыніца з ракой ці вада­сховішчам. Але ўсе мы ведаем: калі ў гарах перасыхаюць крыніцы – мялеюць раўнінныя рэкі і пусьцеюць вадасховішчы. Струменісты паток глыбокіх вод чалавечай мудрасьці, культуры, самога жыцьця – залежыць самым непасрэдным чынам ад дабрабыту ўсіх і кожнай з зямных моваў.
Мы павінны ўвесьці ў ХХІ стагоддзі парадак, пры якім усе мовы народаў сьвету набудуць статус міжнародных. Я рэаліст і разумею, што немагчыма (дый не патрэбна) 2500 моваў зрабіць рабочымі мовамі ААН. Але, дарэчы, у гэтым прыватным пытаньні варта было б, відаць, прадугледзець ратацыю часткі рабочых моваў (напрыклад, двух з шасьці): чаму б ня ўвесьці аднойчы на нейкі час у якасьці рабочай нямецкую мову, потым італьянскую, японскую, украінскую, калі-небудзь партугальскую, шведскую, затым іншыя мовы? Дыскусія па гэтых пытаньнях пачалася ўжо ў Еўропе. Няцяжка здагадацца, што ў авангардзе ідуць немцы, якіх зусім не задавальняе цяперашняя сітуацыя.
Але галоўнае заключаецца ў тым, што мы павінны заявіць аб міжнароднай падтрымцы існаваньня і разьвіцьця кожнай з моваў народаў сьвету, аб праве мовы разьлічваць на атрыманьне дзейснай дапамогі ад міжнароднай супольнасьці ў барацьбе за сваё захаваньне, аб магчымасьці ўвядзеньня сістэмы мераў, што выключае яе “паміраньне” і тым больш зьнікненьне. Станоўчыя прыклады такога роду дзейнасьці ёсьць. У іх ліку – меры, накіраваныя ў апошнія гады ў Англіі на захаванне двух старажытных моваў кельцкай групы: валійскай (мовы жыхароў паўвострава Уэльс) і гэльскай (мовы гэлаў Шатландыі).
Для гэтага мы перш за ўсё павінны зьмяніць сьвядомасьць нашых сучасьнікаў. Усе павінны зразумець, якой трагедыяй, якой незаменнай згубай для чалавецтва зьяўляецца страта любой з зямных моваў. Зьмяненьне сьвядомасьці – неабходная і абавязковая ўмова посьпеху гэтай працы.
Мы павінны аб’явіць ХХІ стагоддзе – Стагоддзем моваў народаў сьвету. Першае, што мы павінны зрабіць, — стварыць “Чырвоную кнігу” моваў, задача якой – правесьці інвентарызацыю таго, што яшчэ існуе. Па выніках гэтай працы паві­нен зьявіцца Міжнародны банк дадзеных пра мовы.
З дапамогай сусьветнай супольнасьці можна і патрэбна стварыць міжнародныя фонды, якія будуць фінансаваць працу цэлай сеткі сьпецыяльных арганізацыяў. У іх шэрагу бачыцца Сусьветны інстытут моваў, што будзе мець свае філіі на ўсіх кантынентах, міжнародныя Цэнтры па распрацоўцы новых методык вывучэньня і выкладаньня моваў, міжнародныя Цэнтры па праблемах перакладазнаўства, стварэньня новых кампутарных тэхналогіяў вывучэньня, апісаньня і выкарыстаньня моваў. Ці ж гэта нармальна, што ўкраінская мова, якой карыстаюцца ў сьвеце больш за 60 мільёнаў чалавек, толькі ў канцы 2002 году атрымала ліцэнзійную кампутарную моўную праграму? Колькі ж тады чакаць астатнім мовам, за сьпіной якіх нашмат менш носьбітаў?
Мы павінны выгадаваць новае пакаленьне людзей, якому будзе прывітая цяга да вывучэньня моваў. Мы павінны стварыць своеасаблівую моду на мовы, на іх веданьне. Менавіта ў гэтых адносінах быў бы вельмі карысны міжнародны тэлеканал “Планета моваў”. Несумненна, могуць быць распрацаваныя навучальныя методыкі, якія шматкроць аблегчаць вывучэньне моваў, а ў выніку колькасьць людзей, што ведаюць 2, 5, 10, 30, 80, 100 (ёсьць і такія!) моваў, будзе няўхільна расьці. Што ж датычыцца “нямых” (у старажытнарускім значэньні гэтага слова – тыя, што ня ведаюць тваёй мовы, ня ўмеюць з табой згаварыцца, накшталт нямых), то іх будзе ўсё менш і менш.
У нас ёсьць бадай ці не адзіны прыклад ня страты, а адраджэньня ледзь не страчанай мовы – лёс старжытнаяўрэйскай, якая знайшла новае жыцьцё ў выглядзе іўрыту. Гэты прыклад сьведчыць: калі грамадскасьць разам з уладай пры падтрымцы міжнароднай супольнасьці паставіць перад сабой самую цяжкую задачу і настойліва возьмецца за яе вырашэньне, задача будзе вырашаная.
Няхай натхняе нас у гэтым нашым пачынаньні сьветлы прыклад падзьвіж­нікаў духу, вялікіх славянскіх асьветнікаў Кірылы і Мяфодзія!
Афіны – Ялта
Сьнежань 2002 – студзень 2003

Пераклад з рускай
Вячаслава Рагойшы.