12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Хадановіч

_____________________
Геніюс у лодцы. Вершы

сонечныя кларнэты

калі ўгары музыка ўзяў падсьвечнік
і музыка становіцца сьвятлом
і блізарукі мэламан-сланечнік
у промні занураецца чалом

сьляпое нешта захрыпіць у сферах
і вось яно патроху загуло
музычны мудрагелісты куфэрак
катрынка што іграе нам сьвятло

па-над прасторай вусьцішнай і брыдкай
стралою праз цямрэчу й цішыню
яно сьпявае падарожнай ніткай
высокай траекторыяй агню

але страла губляе наканечнік
і ападае вайстрыём тупым
і ўсё
адно разгублены сланечнік
разгойдваецца флюгерам сьляпым

* * *
час перайсьці ад словаў да явы
раяць курцы і матацыклісты
толькі прыходзіць сон мой яскравы
зыркія словы ў золак імглісты

ён наплывае нібы знадворку
покуль чуйную ў вадах і хібах
распачынае зьліва гаворку
першыя кроплі граюць на шыбах

дэсантавацца ў сярэдзіну зьлівы
высьніўшы словы выславіць сон
кінуўшы вонкі ў горад дажджлівы
свой параплаў парашут парасон

недзе на біржах падаюць баксы
недзе на ладан дыхае ўсама
менскаю зьлівай дыхаюць таксы
мокрыя таксы
й таксісты
таксама

толькі ўмыкнеш электронны папірус
вецер ляціць шалапутны і файны
як найнавейшы кампутарны вірус
кружыць над местам усе твае файлы

марна шукаеш маркі й канверты
марна чакаеш паслуг інтэрнэту
сеціва ўрыўкі лятуць у паветры
пазачарговае бабіна лета

сьпелячы словаў смачныя сьлівы
дыхаеш воляй пад рэбрамі коле
дыхаеш зьлівай дурань шчасьлівы
мроячы не прачынацца ніколі



* * *
проста сакавік галавакружны
проста за каўнер цячэ з галін
проста ручаі красуні лужыны
капяжы цяпло адрэналін

з думкаю што ўсё яшчэ ўваскрэсьне
усур’ёз надоўга дый ушчэнт
перадвесьне рыфмаю да песьні
коціцца з паданьняў і легенд

нізкавока мружыцца пад сонцам
мармытаць няўцямныя радкі
дурнавата шчэрыцца на соцыюм
на жыцьцё што прэ ўва ўсе бакі

як праўдзівы сакавіцкі вісус
з рыльца каштаваць дабро і зло
на закуску мець марцовы віскас
каб на скразьняку не павяло

за хвіліну вышаптаць у прозе
ўсё чаго не вышаптаў у друк
і не разважаць на паўдарозе:
добрыя намеры – роўны брук!
радавацца сонечнаму дыску
а найболей месяцу ўначы
напаткаць самотную нудыстку
й нарадзіцца з хваль дапамагчы

запытацца ў дзеўкі: не халодна
жыць у беларускі рамазан?
і захутаць не ў туманы лондана –
хоць у растуманы партызан

жэстам элініста-эрудыта
запрасіць сяброўку на віно
і назваць па-наску афрадыта –
рэдкае крывіцкае мяно

быў ты ўчора проста адмарозак
сёньня растапіла ледавік
пазнаеш па кроках нецьвярозых
проста радасьць проста сакавік



cны літаратара

Уладзімеру Арлову

засынаючы мозг нараджае пачвар
выбухае відзежамі кратэр
хто тут сьпіць і каго бачаць тварам у твар
чжуан цзы
матылёк
імператар

каб вы зналі з якога прабачце лайна
нараджаецца гэтае сьмецьце
але часам паэт перапіўшы віна
занатоўвае сны на дасьвецьці

што паробіш калі на апошняй мяжы
рэчаіснасьці й соннай відзежы
зноўку мрояцца коткі багоўкі бамжы
і князёўны часьцей без адзежы

мент з ментолавым пахам
яго паханы
ды зялёны гамункул у колбе
чорна-белыя сны й каляровыя сны
з гукавою сыстэмаю “долбі”
літаратар маньяк бо шануе ману
але часам дзівак навярзе з бадуну
ён калісьці паверыў у мудрасьць адну
Бог захоўвае ўсё
сны і словы
і паўзуць на сьвятло з недасьнёнага сну
хадановічы фаўны арловы



геніюс у лодцы

трэйція содні палюем на genius loci
менскаю зьлівай любуемся ў ілюмінатар
тры мудрагелі на жоўтай падводнай лодцы
лепей захоплены катэр чым схоплены катар

клёвыя мальцы гарачыя менскія парні
бы ў герметычную скрынку скарбонку шкатулку
разам загнаныя ў нетры падводнай кавярні
вонкі насоў не высоўваюць
просяць прытулку

у парцалянавы слоік хаваецца слонік
покуль вада не сягнула вяршыняў камоды
моцныя выразы моўчкі хаваем у слоўнік
у непагоду прыязнасьць вяртаецца ў моду

проста чакаць дэгустуючы словы й напоі
слухаць навіны ды ўважна сачыць за паводкай
катэр ці катар дарэчы абое рабое
мабыць усё-ткі ў глыбіні падводнаю лодкай

азбука морзэ вадой захлынаецца морскай
долу зрынаецца неба сьцякаючы рынай
звабленае марадзёрскаю мараю дзёрзкай
сьвет праглынуць і тваёй закусіць субмарынай

міжземнаморскае дзіва каралавы ёлуп
будзеш вякі вандраваць пад вадой аўтастопам
на гарадзкой тэлевежы ўскудлачаны голуб
устурбаваны чарговым сусьветным патопам



* * *
з нетрывалага даху сарвала скалечаны шыфер
і на досьвітку ў сон нацякло па калена вады
і паўночны алень у заходніх суседзяў “рэніфэр”
па сьцяжынах сьвядомасьці прэ невядома куды

гэты жарт не дагнаць не спыніць не стрымаць без паўлітра
восьмы год адукацыя зранку гудзе ў галаве
падступіла рака і дазваньня размыла палітру
й акварэльная фарба паволi з вадою плыве

санітары ракі не ўпалююць лернейскуювыдру
на паверхні затокі ўначы адлюструецца дом
я знайду гэты дом і на ганку тваім ногі вытру
каб назаўтра за плыняю зноў бестурботным плытом

пералётным калумбам ня вырвацца ў страчаны вырай
і мураш-самурай заблукае ў чужой барадзе
высакоснай тугой гераічнай сізіфавай гірай
гэта лета завісла й нікуды ніхто не ідзе

будзе ўсё як калісьці хоць лупу да вока наблізьце
пералётныя летнія зоры на ўскраіне сну
раўнадзенства па восені лічыць апалае лісьце
і зіма ў мацюгальнік завеі гукае вясну