12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Хуан Рамон Хімэнэс

_____________________
Пад позіркам першай зоркі.
Вершы

Аблокі

Нябёсаў сьнегапад – як ветах весьніх дзён.
Аднойчы ўбачыў я лагодную даліну,
нібыта першы сьнег прынёс сваю даніну,
і гэты белы сон быў болей, чымся сон.

Пасланьнем да мяне ты вернешся ўдагон
з апошняй белізной, каб замаліць правіну.
Прачнуўся двойчы я для сумнага ўспаміну,
ці ў сьне, ці ў бессані з табою зводзіў кон.

Сьвятло тваёй душы блукае самапасам,
ад досьвітку твайго ўцякае мга начная.
Разбуджаны, я не згублюся ў тлумаце.

Я большы за жыцьцё і адчуваю часам,
нібыта чорны цень мой сон перапыняе,
цень міндалю, які расчулена цьвіце.


* * *

Малалецтва! Зялёнае поле, званіца,
пальма, шыбаў альтанкі зіхоткая казка,
сонца – той матылёк, што ня даўся злавіцца,
і ў зеніце лунаў, як ружовая ласка.
Сад самотны, дзе ў засені птушка сьпявала,
брыз ласкавы з матывамі золата й жалю,
ён даходзіў здалёку, як музыка шалу
з той арэны, дзе спрэчку быкі вырашалі.
Безыменнай няўдачы пазнаўшы гаркоту,
я, малы салавейка, любіў несьціхана
адвячорку шаўковую цішу й пяшчоту,
і дыханьне маўчаньня, і голас фантана.


Вершнік

Даль фіялкамі сагрэта!
Сьцежкай, вечарам прыспанай,
Едзе вершнік – ён паэта…
Даль фіялкамі сагрэта!

Пахне мокрай асакою,
І прыносіць пошапт рэчкі
Подых сьвежасьці й спакою…
Пахне мокрай асакою…

Едзе вершнік – ён паэта…
Даль фіялкамі сагрэта!

Сэрца падае ўтрапёна,
А нібыта самавіты
Плюшч абвіў яго зялёны…
Сэрца падае ўтрапёна…

Едзе вершнік – ён паэта…
Даль фіялкамі сагрэта!
Ён залоціць думкай бераг…
Сонца робіцца ягонай
Мрояй у хмурынах шэрых…
Ён залоціць думкай бераг…

Даль фіялкамі сагрэта!
Сьцежкай, вечарам прыспанай,
Едзе вершнік – ён паэта…
Даль фіялкамі сагрэта!


Вазы ўжо адсюль далёка…

(Пра гэта казалі сасоньнік,
і вецер, і залатая поўня,
і рэха, і дым-бяссоньнік…)
Вазы адыходзяць у вечар
пад ценяў самотных сьпевы.
Журботна нясуць вазы,
нібыта нябожчыкаў, дрэвы.

Рыдаюць вазы па дарозе
да новай сялібы ў зьнямозе!

Пад позіркам першай зоркі
валы йдуць, мроячы лена,
брыдуць да цёплай стадолы,
дзе пахне й маці і сена.
Ідуць вазакі за вазамі,
стамляюць свой крок ахвочы,
і шост на плячы трымаюць,
і поўняць нябёсамі вочы.

Рыдаюць вазы па дарозе
да новай сялібы ў зьнямозе.

Ідуць па спакоі долу,
а мёртвыя дрэвы ў страху
пакідаюць сьлед голага сэрца
і сьлед зьвечарэлага паху.
І сьвежы анёл на старое
пасельбішча ніспадае,
і на неастылых лядах
магільніка дух пакідае.
рыдаюць вазы на дарозе
да новай сялібы ў зьнямозе!

* * *
Паўсюль залатыя стрэлы
у лета ўпіваюцца люта.
І сум растаў у паветры,
нібыта ў крыві атрута.
Сьвятло, краскі, крылы ідуць –
кудысьці іх кліча пакора.
О, сумнае разьвітаньне!
І сэрца ўцякае ў мора.
І сутаргі й сьлёзы, дзе вы,
куды вас вядзе дарога?
Усё ўва ўсяго пытае.
Ніхто не адкажа нічога.



Ноч
Спаць – як ступіць на мост настрою
ракі часін, дзе сьпіць імша.
А пад мастом, нібыта мроя,
цячэ вада, цячэ душа.



* * *
(…Вільготная
чарапіца
ў квецені.
Х. Р. Х.)

Душа вясёлых красак пад дажджом
шаптала штосьці.
О, краскі жоўтыя на дахах – вочы чутак,
што, як бальзам салодкі,
разьліваюць подых млосьці,
жыцьця майго ўпарадкаванага
надзейны смутак!
Пах, як цнатлівы голас той, што працінае,
як бессэнсоўная ідылія, ці як паданьне,
пад колер суму хатак,
што самоціць мга лясная,
з блакітнымі вачыма,
бо яны прачнулі раньне…
О, пах, боль жоўтых красак,
дзіва рэчаў тых часінаў,
якім дажджы сваёй не шкадавалі ласкі.
А сэрца аж дасюль баліць ад успамінаў,
нібыта жоўтыя наскрозь яго прабілі краскі…



* * *
Салодкая стома долу,
і глухнуць вечара крокі,
чуваць з лугоў недалёкіх
пах сена такі адзінокі.
Сасоньнікі сьпяць казытліва,
пчала прыхавала джала,
неба над валатоўкай
пяшчотна-фіялкавым стала.
Ступаю за сьпевам сьледам,
спаткаў яго на сьцяжыне,
сьпеў плача, працяты часам,
ідзе ў сьлязах па ўспаміне.
Ня ведаю, ці па дзіцяці,
ці па вечарах, дзе аблокі
асеняцца, сьпеў галосіць.
Пах сена такі далёкі.


Пераклад - Рыгора Барадуліна