12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Наста Кудасава

_____________________
Божа, пашлі мне Верасень!
Вершы

* * *

Расставаньне – раздваеньне.
Адрываюся, зьнікаю,
Сыплю іскры поўнай жменяй:
Дагараю.

Пачарнелая каплічка
Бы зьнямелая нязгода…
Адсьпявала сваё Зьнічка
Назаўсёды.
Вадаспадам льюцца рэкі
Сьлёз маіх – дурная звычка!
Я ад сёньня і давеку –
Проста зьнічка…

Расставаньне – раздваеньне…
Адрываюся, зьнікаю
І – ужо па азначэньні –
Дагараю…


* * *

У бязьвер’і – як у труне!
Не ўздыхнуць, не падняцца, не
выйсьці ў сьвет.
Шлях адзін – сьвятло.
Сэрцу – Слова,
руцэ – крыло…

Хай пачуцьцяў ліецца вольніца,
Размываючы ўсе сьляды.
Ад каханьняў і ад бяссоньніцаў
Адрываюся
Назаўжды.



Спатканьне з вясной

1.
Восені! Толькі восені!
Госпадзе, досыць!
Досыць мне
Біцца самотным ветразем…
Божа, пашлі мне Верасень!

Сэрца замоўкне – буйнае.
Песьня сарвецца – чуйная.
Зьнікне чаканьне – сьмешнае.
Сьціхне жаданьне – грэшнае.

Быццам жыцьцё – халодная,
Быццам любоў – нямодная
Восень!
Сьвятая, родная,
Самая неаб-ХОДная…
Самая непазь-БЕЖная…
Дзе ж яна, Божа?
Дзе ж яна?..

2.
Вясна ружовая
Мяне ўкрыжоўвае!
Самотнай птушкаю
крывавай стужкаю
душа трапечацца
ў палоне Вечнага…
Вясна – бяссоньніца!
Вясна – прыгоньніца!
Вясна – манюка!
Рукі
выкручвае,
сэрца атручвае.
Вясна балючая…

Ідзі, насьмешніца!
Ідзі, я – грэшніца!
За мной – ні-чога:
ні Бога,
ні Лога-са.
Сама
магу.
(Магла б – магутная!
Калі б ня ты, Вясна атрутная!)
Ну, што спыняешся?
Ідзі!
Я каюся…
Кахала? Бясконца…
Чакала? Як сонца…
Час мар-навала – марыла.
Замарылася.
Замарылася.
Вясна, зьлітуйся!


* * *

Дотык вуснаў і… Зьнікні!
Толькі сьплю,
Толькі сьплю…
Разам з ранкам стазыкім
Я свой боль наталю.

Нахілюся лісьліва
Перад лёсам сваім.
Можа, стану шчасьлівай?
Толькі дым…
Толькі дым…

За ўсе скарбы і грошы
Я цябе не куплю…
Дотык вуснаў – навошта…
Толькі сьплю,
Толькі сьплю?..


* * *


Калі сэрца астыне ў апошняй мальбе,
Калі крыкне натоўп майму кату “Убей!”,
Калі чырвань затопіць бязьвінную бель, –

Я, схіліўшыся, небам прыйду да Цябе,
Вечнакрылым буслом прылячу да Цябе,
Залатымі дажджамі абмыю Цябе,
Назаўсёды мая
Беларусь.