12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Яўген Лецка

_____________________
Прыадчыніць заслону.
Архівы

Асобнік Весьніка ўкраінскага геральдычнага Таварыства “Знак” (сьнежань, 2002 г., №28) я атрымаў ад свайго даўняга пабраціма, доктара гісторыі, прафесара Нацыянальнага універсітэту “Кіева-Магілянская акадэмія”, пратаярэя Украінскай праваслаўнай царквы, Кіеўскага патрыярха Юрыя Мыцыка падчас нядаўняга побыту ў Кіеве. Гартаючы яго, знайшоў невялікія, але, мяркую, цікавыя ня толькі ўкраінскаму, але найперш беларускаму чытачу нататкі Анд­рэаса Герцфельда. Яны цікавыя ўжо тым, што напісаныя замежным навукоўцам. Прытым, калі карыстацца вядомым лацінскім выразам – “Бяз гневу і прыхільнасьцяў”. А гэта для нас, беларусаў, павучальна. Бо ці ж не пераважае ў нас дасюль заідэалагізавана-эмацыянальны падыход да падзеяў мінулай вайны, асабліва што датычыць ацэнкі дзейнасьці партызанаў і так званых калабарантаў. Калі казаць пра бэсэсэраўскі перыяд нашай гісторыяграфіі, то партызанскі рух ацэньваўся без усякіх выключэньняў цалкам станоўча і падаваўся зьявай, народжанай з глыбінных народных нет­раў і скіраванай выключна на абарону і вызваленьне беларусаў з фашыстоўскай няволі. Але ж у кожнай зьяве ёсьць свае супярэчнасьці, якія ў час вайны, людзі са зброяй вырашалі проста і відавочна, драматычна і трагічна: аплочвалі крывёю, сьлязьмі і пакутамі ні ў чым невінаватых... Каб пераканацца ў гэтым, ня трэба было чытаць аб’ёмныя акадэмічныя манаграфіі і ня менш аб’ёмныя ды не заўсёды дакументальныя (хоць іх любілі называць менавіта так) успаміны колішніх партызанскіх камандзіраў, якіх, хто памятае, было процьма. Бо праўдзівай крыніцай інфармацыі зьяўляліся жывыя сьведчаньні і аповеды людзей, якія ўсё бачылі на свае вочы, перажылі ўласнымі сэрцамі той час, калі днём выграбалі ўсё са скрыняў і хлявоў немцы, а ўночы прыходзілі народныя мсьціўцы і заступнікі. І метады, па сутнасьці, былі аднолькавымі: альбо аддавай патрэбнае ім, альбо станавіся да сьценкі...
З акупантамі ўсё ясна. Добрыя яны ці дрэнныя, а набрыдзь, да якога б яна роду-племені ні належала, якую трэба гнаць з роднай зямлі, бо нацыя, гэты найвышэйшы Божы дар і здабытак многіх пакаленьняў, можа выжыць, разьвіцца і самаўдасканаліцца, а, значыць, і забясьпечыць сабе годнае, як матэрыяльнае, так і духоўнае жыцьцё, толькі будучы паўнаўладным гаспадаром на ўласнай зямлі. Менавіта па гэтай прычыне ня можа быць аднолькавага стаўленьня да “сваіх” і “чужых”, што не вызваляе нас ад аб’ектыўнай ацэнкі зробленага як першымі, так і другімі. Ды паміж імі стаіць яшчэ адна, трэцяя сіла — так званыя калабаранты. Як на беларускім гістарыяграфічным абшары, дык самы занядбаны палетак. Нават у такім грунтоўным выданьні, як 6-томная “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”, пра калабарантаў зьмешчаны да сьмешнага малюпасенькі артыкульчык. Але яго аўтар, салідны навуковец Аляксей Літвін, здолеў у межах адпушчанай яму плошчы даць, як мяркую, аб’ектыўную ацэнку сутнасьці гэтай няпростай зьявы: “Беларускія калабарацыяністы ставілі сабе за мэту стварэньне беларускай нацыянальнай дзяржавы пад пратэктаратам Германіі, аднак гітлераўцы мелі наконт Беларусі іншыя планы. Становішча на франтах, разгортваньне партызанскага руху вымушалі акупантаў рабіць пэўныя карэктывы ў сваёй палітыцы. У сьнежні 1943 з іх дазволу была створаная Беларуская цэнтральная рада, якая ў сакавіку 1944 аб’явіла мабілізацыю ў Беларускую краёвую абарону”.
Найбольш поўная і аб’ектыўная панарама тагачаснай драматычна-трагічнай рэчаіс­насьці ўзноўленая ў грунтоўных дасьледаваньнях беларускага гісторыка, які жыве ў Варшаве, Юркі Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” і “Беларуская кніга пад нямецкім кантролем” у іншых манаграфіях і шматлікіх артыкулах, выдадзеных па-польску.
Маю перакананьне: калабарацыянізм – натуральная зьява, якая існуе тады і там, дзе чужынцы акупуюць родны край. Безумоўна, у прапагандысцка-ідэалагічных мэтах можна бэсьціць калабарантаў колькі заўгодна, чым, дарэчы, у часы існаваньня СССР і БССР займаліся пасьлядоўна і апантана. Але ад пустых словаў вынік той самы, што і ад надакучнага сабачага брэху. Прыйшоў час гісторыкам, якія жывуць у Беларусі, усьлед за Юркам Туронкам уважліва і аб’ектыўна разабрацца ў гэтай няпростай зьяве. А найперш адказаць на пытаньне: было б лепей ці горай, каб беларускіх калабарантаў падчас мінулай вайны ўвогуле не існавала? Пытаньне гэтае па сутнасьці рытарычнае, але адказ на яго тэарэтычна правамерны. Я ж спашлюся на два зусім канкрэтныя факты, што датычылі лёсу блізкіх мне людзей. Так сталася, што ў час вайны мярзотны чалавек з суседняй з нашым Пабрэзьзем вёскі Баярскай падаў у камендатуру на некалькі дзесяткаў людзей данос, што ўсе яны нібыта варожа настроеныя да новай улады, бо зьяўляюцца па сваіх перакананьнях камуністамі. Сярод іх быў і цяпер ужо сьветлай памяці мой бацька – Лецка Рыгор Іванавіч. Немцы, як вядома, доўга не цырымоніліся і не разьбіраліся: каго схапілі, адразу ж і расстралялі. Гэта былі зусім бязьвінныя людзі, якія, мо за рэдкім хіба выключэньнем, ня мелі дачыненьня да КПЗБ і камуністычнай ідэалогіі. Дый калі б і мелі, то ці ж трэба пазбаўляць чалавека жыцьця за перакананьні? На шчасьце, мой хросны бацька, татаў пляменьнік Лецка Жэня, на той час служыў нават добра ня ведаю ці то ў рагулеўцаў, ці то ў паліцыі, бо са сваім авантурна-рамантычным характарам здолеў перабыць усюды, у тым ліку ў партызанах і на савецкім фронце. Ён быў рызыкантам, і не пабаяўся ўступіцца за сваіх людзей і пераканаць акупацыйную ўладу не расстрэльваць іх... Яшчэ больш ня толькі сваіх людзей, але і габрэяў выратаваў другі “калабарант” ваць іх... Яшчэ больш ня толькі сваіх людзей, але і габрэяў выратаваў другі “калабарант” Лецка Іван, які меў млын, удзень працаваў на немцаў, быў у іх даверанай асобай, а ноч­-чу — на партызанаў...
З улікам гэтых двух канкрэтных фактаў давайце ўявім віртуальную сітуацыю, што ўсе жыхары Беларусі сустрэлі прыход немцаў з зацятай варожасьцю і не ішлі з імі ні на якое кантактаваньне, а тым больш на супрацоўніцтва... У такім разе акупацыйнай фашыстоўскай уладзе, па сутнасьці, не заставалася б нічога іншага, як толькі зьнішчыць увесь шматмільённы беларускі народ. Бо не чакаць жа было, каб ён узняўся са зброяй у руках і пачаў пагалоўна вынішчаць усіх ненавісных яму прыхадняў?!. У нашых адмысловых умовах быў, праўда, яшчэ і такі варыянт: немцы маглі з колішніх заходне-беларускіх польскіх ашчэпкаў, што ўцалелі ад рэпрэсіяў савецкай улады, стварыць мясцовую тутэйшую адміністрацыю. І ў шмат якіх мясцовасьцях так і зрабілі. Але як пачуваліся беларусы пад такой падвойнай акупацыяй, думаю, асабліва даводзіць ня трэба. Пра гэта, напрыклад, добра расказаў у сваіх нарысах, прысьвечаных падзеям ваеннага часу, іх непасрэдны ўдзельнік, беларускі эмігранцкі гісторык, аўтар шматлікіх кніг, выдадзеных у Лондане, дзе ён жыве, а таксама ў Беластоку і Вільні, Юры Весялкоўскі...
Мой невялікі экскурс у мінулае спатрэбіўся дзеля таго, каб увесьці ў кантэкст гісторыі выкладзеныя ў нататках шаноўнага Андэаса Герцфельда тагачасныя падзеі беларускага жыцьця ваеннай пары. Бо зацемка нямецкага навукоўца прываблівае зацікаўленых ня толькі сваёй фактурнай насычанасьцю і навізной. Яна прыадчыняе заслону ў нашым усё яшчэ дрэнным разуменьні становішча Баларусі пад нямецкай акупацыяй перыяду другой сусьветнай вайны, працуе на асэнсаваньне ролі тых самых беларускіх калабарантаў, сярод якіх Іван Ермачэнка афіцыйнымі савецкімі гісторыкамі прызнаваўся “здраднікам” свайго народу і нямецкім паслугачом нумар адзін. Спадаром Герцфальдам прыведзены ўсяго адзін, але досыць красамоўны эпізод, які сьведчыць пра тое, што беларускія нацыяналісты не былі бязвольнымі істотамі пад фашыстоўскім ботам, не кіраваліся ў сваёй дзейнасьці, як у савецкай гісторыяграфіі падавалася, толькі шкурнымі інтарэсамі, а рызыкавалі ня толькі сваім становішчам, але і галавой, бо іх самавольныя рашэньні яўна ішлі ўсутыч з палітыкай акупацыйнай улады. Таму нялішне будзе параўнаць іх грама­дзянскія пазіцыі з паводзінамі “калабарантаў” іншага, камуністычнага часу. Неяк не ўяўляецца, каб і найбольш сімпатычныя з кіраўнікоў БССР, якая па асноўных параметрах ніяк не адпавядала самастойнай дзяржаве, а зьяўлялася тыповай падначаленай імперскаму цэнтру, тэрыторыяй, вось узялі дый адважыліся апублікаваць важны для нацыі дакумент, пакладзены ва ўладнай Маскве “пад сукно” да лепшых часоў. Ды што казаць пра нацыянальную сімволіку, ды іншыя “дробязі”, калі беларуская па назьве, а на самой справе антыбеларускія па сваіх поглядах і сутнасьці, кіраўнікі ўзялі ды кінулі пад чарнобыльскі пыл будучыню нацыі: на першамайскую дэманстрацыю дзяцей і падлеткаў. Тое самае, стараючыся дагадзіць Маскве, зрабілі і іхнія ўкраінскія калегі на чале з Першым сакратаром ЦК КПУ Шчарбіцкім, які ў сёньняшняй незалежнай краіне прызнаецца адным з самых мярзотных і агідных тыпаў за ўсю яе шматвяковую гісторыю...
Гісторыя калабарацыянізму ў асобах – вось дзе неўзараны, але такі ўдзячны для навукоўцаў палетак нацыянальнай мінуўшчыны і цяпершчыны...
Зацемка Андрэаса Герцфельда калі ня высьвеціла, дык пасьвяціла асобу чалавека, які нават не названы, але лёгка ўгадваецца кожнаму мал-мала зацікаўленаму і дасьведчанаму. Гэта Рыхард Паўль Вільгельм Кубе, які з верасьня 1941 па верасень 1943 году быў гаўляйтэрам, ці, іначай, галоўным кіраўніком Беларусі. Яго роля і дасюль нашымі афіцыйнымі гісторыкамі ацэньваецца як адназначна варожая беларускаму народу, як і ўсё, што зьвязана з палітыкай і дзейнасьцю фашызму. Але пры ацэнцы любога ладу, любога рэжыму патрэбна аналітычнае стаўленьне, гэта значыць вызначэньне ня толькі асноўных тэндэнцыяў і заканамернасьцяў, але і ўсіх складанасьцяў і нават выключэньняў. Зусім верагодна, што ў спрэс мярзотным атачэньні Гітлера Вільгельм Кубэ быў унікальнай, не пазбаўленай сентыментальнасьці, лірызму, паэтычнасьці, пэўных бяспрэчна станоўчых якасьцяў асобай. А таму праводзячы на абшарах Беларусі вызначаны ў Берліне генеральны курс, ён у сваёй практычнай дзейнасьці часамі пад уплывам чыста асабістых пачуцьцяў расслабляўся, дапускаў адхіленьні. Карацей, асоба накладвала свой адбітак на гісторыю. У незалежным друку ўжо неаднаразова зазначалася, што намесьнік фюрэра ў Беларусі меў своеасаблівы сентымент да нашай зямлі і яе народу. І гэта фактычна пацьвярджаюць нататкі сп. Герцфельда. Бо як іначай ацаніць ягоныя паэтычна-ўзьнёслыя словы пра валошку – “цьвяток радзімы васілька” – як своеасаблівы сімвал нашай Бацькаўшчыны, што ўвасабляе сабой прыгажосьць, мяккасьць і чысьціню характару беларуса! З прыведзеных словаў можна вызначыць, што Кубэ ведаў у арыгінале беларускую паэзію, апрача М. Багдановіча, яшчэ і Н. Арсеньневу, бо менавіта яна можна здагадацца, стаіць за словамі пра таго, хто паэтызаваў “валошкава-сінюю Беларусь”. Таксама вядома, што Вільгельм Кубэ цікавіўся і ведаў нашу гісторыю, культуру, у прыватнасьці – выяўленчае мастацтва, прынамсі высока цаніў творчасьць мастака Мікалая Дучыца, які заставаўся ў акупаваным Менску.
Давайце ў такім разе спакойна паразважаем, каму косткай у горле стала палітыка, хоць такое вызначэньне і можа падацца сяму-таму дзіўным, а мо нават і абсурдным, нацыянальнага духоўнага Адраджэньня, якое пасьля 20-х гадоў зноў перажывала Беларусь. Нацыянальная гістарычная сімволіка, за якую стаяў Кубэ, была часткай мерапрыемстваў, якія з дазволу гаўляйтэра перажывала краіна ў вяртаньні таго, што было зьнішчанае пры Саветах. Гэта найперш адукацыя, якая спрэс была беларускамоўнай, выдавецкая справа, тэатр, музыка, выяўленчае мастацтва і г.д. Народ, як і ў справе вяртаньня нацыянальнай сімволікі, добраахвотна, без аніякага прымусу выбіраў сваё. А гэта, у сваю чаргу, было вялікім козырам супраць сталінскага камуністычнага рэжыму і тых, хто са зброяй у руках яго адстойваў...
Няма сумненьня, што калі б на месцы звыродцаў, з якіх, як і сталінскае атачэньне, складалася гітлераўскае кіраўніцтва, былі памяркоўныя характарам людзі тыпу Кубэ, якія б не настройвалі людзей супраць сябе, не заганялі ў лес, а раздалі зямлю, ды дазволілі народу-працаўніку мірна засяваць сваю ніву і мець з яе плён, то сапраўды масавага супраціву магло б і ня быць, як не было ў краінах Еўропы, кшталту Бельгіі, Францыі... Аднак гэтае “калі б” мае, як вядома, у дачыненьні да гістарычнага мінулага ўсяго толькі адносна-разважальны характар. Яно падобнае на настальгічныя ўздыхі тых, хто сьцьвярджае, што камунізм сам па сабе рэч выдатная, ды бяда толькі ў людзях, якія добрую справу ператварылі ў штосьці супрацьлеглае. Факт відавочны: і камунізм, і фашызм – гэта антычалавечыя рэжымы, якія несьлі ўсім народам і асобным людзям неймаверныя няшчасьці, пакуты і сьмерць. Ні пра якую незалежную і шчасьлівую пад пратэктаратам фашыстоўскай Нямеччыны Беларусь не магло быць гаворкі. І гэта не дапушчэньне, а адназначна жорсткі факт, які пацьвярджаецца прынятымі вышэйшым кіраўніцтвам Трэцяга Рэйху дакументамі адносна далёкасяжных планаў гітлераўцаў пра лёс і будучыню нашай сінявокай Бацькаўшчыны.
Фактура і пафас нататкі Анрэаса Герцфельда нас заклікаюць, у тым ліку, і да разгадкі асобы і лёсу Кубэ, і ўвогуле да аб’ектыўнага ўзнаўленьня надзвычайна складанай панарамы ваеннага часу.
Яўген Лецка.

Нацыянальныя сімвалы
падчас нямецкай акупацыі 1942-44 гадоў

Нядаўна, праглядаючы нямецкі дакументальны кінафільм “Калабаранты пад свастыкай”, я згледзеў беларускі бела-чырвона-белы сьцяг над адным з будынкаў у Менску 1943 году. Я падумаў: такога не магло быць! Крыху пазьней знайшоў у Федэральным архіве Нямеччыны справу пра ўсталяваньне “беларутэнскіх” сімвалаў (немцы ўжывалі ўжывалі прыметнік “беларускі” як “Weissruthenisehe,” то бок – “беларусінскі” – ад лацінскага слова “Ruthenia” – “Русь”).
Кіраўнік Беларускай народнай самапомачы (Беларуская народная самапомач – БНС) доктар І. Ермачэнка паслаў просьбу Генеральнаму камісару Беларусі наконт дазволу выкарыстоўваць беларускія нацыянальныя сімвалы. 27 ліпеня 1942 году генкамісар падпісаў адпаведную пастанову. Але кіраўнік палітычнага аддзелу пры генеральным камісарыяце Юрда запярэчыў, ня стаў публікаваць пастанову і перадаў справу на зацьвярджэньне райхскамісару Остланду ў Рызе. Але ў Рызе не сьпяшаліся гэтага рабіць і да пачатку 1943 году нават не далі адказу на запыт з Менску.
Іван Ермачэнка, ведаючы пра тое, што генкамісар падпісаў пастанову, але яе не апублікаваў, перадаў тэкст дакумента беларускай газеце “Раніца”. У нумары за 6 верасьня 1942 году была надрукаваная “Пастанова генеральнага камісара Беларусі пра беларускія нацыянальныя сімвалы і эмблемы”. У ёй зазначалася:
а) дзяржаўны знак (герб) – белы рыцар на чырвоным полі (Пагоня; малюнак 1);
б) нацыянальны сьцяг – бел-чырвона-белы (малюнак 3).
Крыху пазьней, 5 кастрычніка 1942 году, беларуская секцыя Украінскага дапамогавага камітэту ў Любліне прасіла ва ўрада Генеральнай губерні дазволу выкарыстоўваць беларускія сімвалы для службовых формаў, пячатку і г. д. Аднак у Любліне не адважыліся на залагоджваньне і перадалі тую справу ў Берлін на разгляд Райхсміністру для акупаваных усходніх земляў.
Толькі 2 кастрычніка 1943 году (!) пан Гемман з Рыгі дакладваў у Берлін, што беларускія нацыянальныя сімвалы шырока выкарыстоўваюцца і што іх трэба ўзаконіць. І асабіста ён больш не пярэчыць супраць выкарыстаньня беларускага вершніка, не зважаючы на яго падабенства з літоўскім, бо патрэбна падымаць нацыянальную сьвядомасьць беларусаў, каб мець супрацьвагу бальшавіцкім і польскім уплывам.
За некалькі тыдняў да таго (27 жніўня 1943 году) генеральны камісар Беларусі даслаў 4 новыя праекты дзяржаўнага герба і нарукаўнае павязкі (малюнак 4-6). Тут упершыню зьяўляецца ў якасьці нацыянальнага сімвалу кветка валошкі. Генеральны камісар выбраў першы варыянт (малюнак 4), але хацеў зьмяніць форму шчыта, а валошку перамясьціць на 2 см. ніжэй – на чырвоную палоску. Далей ён піша: “Валошка – гэта сімвал усяго, што ёсьць Беларусяй. У шматлікіх народных песьнях апяваюць гэтую кветку. Такое ж блакітнае, як валошка, беларускае неба і вочы беларускіх дзяўчат і хлопцаў. Душа беларуская блакітная, мяккая і чыстая, як валошка. На сусьветнавядомых паясах са Слуцку ёсьць малюнкі валошкаў. І беларускія паэты часта пішуць пра валошкава-сінюю Беларусь. Адзін з найвядомых лірыкаў Багдановіч узьвялічвае валошку нават да сімвалаў беларускага мастацтва”.
У беларускім міністэрстве пагадзіліся прызнаць валошку беларускім сімвалам, але прынцыпова забаранілі называць яе дзяржаўным знакам, каб не абу­джаць надзеяў на тое, што ў беларусаў будзе і ўласная дзяржаўнасьць, паколькі іх будучыня яшчэ ня вырашаная. Лёс беларускіх сімвалаў рэзка зьмяніўся... З генштабу СС у канцы 1943 году паведамілі пра тое, што валошка недапушчальная ў беларускай сімволіцы, бо фюрэр абдарыў гэтаю кветкай фольксдойчаў, якія служаць у Ваффен-СС, але ня могуць выкарыстоўваць зброю (нарукаўны шаўрон – малюнак 7). Неўзабаве валошка стала знакам 22-й добраахвотнай кавалерыйскай дывізіі (пятліца – малюнак 8). Практычна гэтую справу закрылі 4 лютага 1944 году. Гэтым днём гаўптштурмфюрэр СС Брандэнбург заявіў, што цяпер праектуюць пазнавальныя знакі для остарбайтараў. Беларуская эмблема складалася з колца з кветкамі і зубчатага кола (малюнак 9).
Уся беларуская сімволіка за 1942-44 гады мела напаўафіцыйны характар. На дзяржаўным узроўні яе ніколі не зацьвярджалі. Але беларусы ахвотна і шырока ёю карысталіся. Пэўных відазьменаў зазнала яна на нарукаўным знаку беларускіх добраахвотнікаў у СС (малюнак 10).
Андрэас Герцфельд,
Лейпцыг, ФРГ.



Ілюстрацыі да артыкулу: