12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Густаў Майрынк

_____________________
Чалавек на бутлі.
Навэла

Маска, з якою танцаваў Мэланхтон, — то быў кажан, нагамі дагары, галавою ўніз.
Крылы шчыльна абліпалі цела, а ў кіпцях кажан моцна трымаў вялікую залатую апону, падняўшы яе ўгору, як бы тым самым паказваючы, што ён з нечагасьці зьвісае, — глядзелася гэта, ну, зусім дзіўна і павінна было ўразіць Мэланхтона адмыслова, калі падчас танцу ён увесь час мусіў глядзець у гэты абруч, які быў яму сама-сама ў рост.
Гэта была ці не найарыгінальнейшая маска на бале персідскага прынца, бадай, нават найбрыдчэйшая, прынамсі, гэты кажан.
Нават Яго Сьветласьці Махамеду Дарашэ-Когу, гаспадару сьвята, яна кінулася ў вочы.
— Красуня маска, я ведаю цябе, — кіўнуў ён ёй, падкінуўшы тым самым вялікага ажыўленьня ў гурт масак вакол сябе.
— Пабажуся, гэтая бубачка — маркіза Х., інтымная сяброўка княгіні, — сказаў галандскі радца, выштукаваны ў стылі Рэмбранта – інакш і быць не магло б, як бо сама кажа, яна ведае кожны закутак у замку, — а крышку раней, калі многім кавалерам дапаў у галаву “халодны” намысел загадаць старому камердынеру прынесьці валёнкі і паходні, каб там, звонку, у парку, можна было пакідацца сьняжкамі, і там гэты кажан заўзята дурэў сярод іншых, ён, “можа пабажыцца”, заўважыў, як на запясьці бліснуў добра знаёмы гіяцынтавы бранзалецік.
— Ах, як цікава, — ублытаўся ў гаворку блакітны матылёк, — ці ня мог бы Мэланхтон тым часам асьцярожненька навесьці невялічкі зандажык, — а ці ня сам граф дэ Фааст, як тое здаецца апошнім часам, ці ня сам ён і ёсьць пеўнік у графініным кошыку.
— Асьцерагаю цябе, маска, не гавары так гучна ўголас, — сур’ёзна перапыніў яго галандскі радца, — добра яшчэ, што канцоўку вальса аркестр завяршыў фартысіма – некалькі хвілінаў таму прынц стаяў тут, зусім жа паблізу…
— Так, так, самае лепшае — ні слова пра такія рэчы,— шэптам улез у гаворку егіпецкі анубіс, — жарсьць гэтага азіята межаў ня ведае, і тут у замку напэўна ж назапашана жару больш, чым усе мы сабе думаем. – Граф дэ Фааст даўно ўжо бавіцца з агнём, і калі б Дарашэ-Ког ведаў…
Грубая, кашлатая постаць, падобная на вяроўчаны маток, пракладала сабе – у дзікіх уцёках ад элінскага ваяра ў мігатлівым блішчастым баявым убраньні – дарогу праз групу масак, якія няўцямна глядзелі ўсьлед абодвум, што на лёгкіх гумовых падэшвах спрытна шмыгалі па люстрана-гладкай каменнай падлозе.
— А табе не было б страшна, калі б цябе расьсеклі, мінгер Канітферстан, калі б ты быў гордзіевым вузлом і ведаў, што за табою ўпадае Аляксандр Вялікі? — пакпіў, павярнуўшыся, кажан і лёгенька паляпаў веерам па сур’ёзным носе галандца.
— Ай-яй-яй, красуня маркіза-кажан, жывы дух заўсёды праявіць ся­бе, — усьміхнуўся даўгавязы “мефістофель” з хвастом і конскім капытом, шкада, ах, як шкада, што цябе, дагарыножка, можна ўбачыць вось так, уніз галавою, толькі ў вобразе кажана.
Нехта гучна зарагатаў.
Усе павярнуліся і ўбачылі тоўстага прыстарка ў шырокіх штанах і з асьлінай галавою.
— Ах, гэта засьмяяўся адстаўны гер віцэ-прэзідэнт гандлёвага суда, — суха зазначыў мефістофель.
Глухі ўдар у звон — і пасярод велізарнай залы паўстае кат у чырвоным талары вестфальскай Феміды; абапіраючыся на бліскучую сякеру, ён узмахвае медным звонам..
З нішаў і ложаў сплываліся маскі: арлекіны, ladies with the rose, людаеды, ібісы і каты ў ботах, віновыя валеты, кітаянкі, нямецкія паэ­ты з шыльдачкамі “Толькі чвэрць гадзінкі”, дон-кіхоты, Валенштайнавы рыцары, каламбіны, баядэры і даміно ўсіх колераў і барваў.
Чырвоны кат раздае ў натоўпе слановай косьці таблічкі з залатым надпісам.
— Ах, праграма прадстаўленьня!
— Чалавек у бутлі.

Камедыя марыянетак у духу Обры Бёрдсьлейс
прынца Махамэда Дарашэ-Кога.

Асобы:
Чалавек у бутлі Мігель граф дэ Фааст
Чалавек на бутлі прынц Махамэд Дараш-Ког
Дама ў паланкіне ***
Вампіры, марыянеткі, гарбуны, малпы, музыкі.
Месца дзеяньня: разяўленая пашча тыгра.

— Што? Сам прынц у лялечным сьпектаклі?
— Мабыць, сцэна з Тысячы і адной начы?
— А хто ж будзе за даму ў паланкіне?— чуюцца цікаўныя галасы.
— Небывалыя неспадзяванкі ў нас сёньня яшчэ наперадзе – о так,— шчабеча міленькая incroyable у гарнастаі і туліцца да свайго абата,— ведаеш, той П’еро, з якім я танцавала тарантэлу, гэта быў граф дэ Фааст, які будзе іграць чалавека ў бутлі, і ён шмат чаго даверліва адкрыў мне: марыянеткі будуць злавесна страшныя, але толькі для тых, хто гэта разумее, ведаеш, а слана сабе выпісаў па тэлеграфе з Гамбурга асабіста сам прынц, – ай, але ж ты ня слухаеш мяне! — І малышка злосна адпускае руку свайго кавалера і ўцякае.
Праз шырокія бакавыя дзьверы ў сьвяточна прыбраную залу з суседніх памяшканьняў наплываюць усё новыя маскі, беспарадкава зьбіваюцца ў гурт пасярэдзіне, снуюць, і перакідаюцца, як вечна зьменлівыя ўзоры фарбаў у калейдаскопе, альбо ціснуцца да сьценаў, з захапленьнем разглядаючы дзівосныя фрэскі, якія, падымаючыся да сіняй, усыпанай зоркамі столі, абдымаюць усю залу, як нейкія казачныя пейзажы.
Падобная да квяцістай, страката-яркай выспы жыцьця разьлеглася зала, амываная палямі калярова-бліскучых фантазіяў, якія, сьпярша прачнуўшыся ў радасна ўсхваляваных сэрцах мастакоў, цяпер ледзь ужо зразумела, спрошчана і запаволена нашэптваюць нешта мітусьлівым душам сёньняшняга дня.
Абслуга разносіць на срэбных падносах асьвяжальныя напоі, шэрбет і віно. Уносяць крэслы, ставяць у ваконныя нішы.
З шоргатам рассоўваюцца сьцены бакоўкі, і з цемры павольна выкочваецца сцэна з чырвонабура і жаўтлява падсьвечанай аблямоўкай і белымі зубамі ўгары і ўнізе: стылізаваны позях тыгравай зяпы.
Пасярэдзіне сцэны велізарная кулепадобная бутля – з таўшчэзнага шкла, амаль у два чалавечыя росты і вельмі ёмістая. У глыбіні сцэны – ружовыя шаўковыя заслоны.
Каласальныя дзьверы з чорнага эбэнавага дрэва адчыняюцца, і ў велічным спакоі ў залу ўваходзіць слон – упрыгожаны золатам і каштоўнасьцямі. На ягоным хібе — кат увесь у чырвоным, які доўгім тапарышчам сякеры кіруе сланом.
З канцоў яго біўняў зьвісаюць і боўтаюцца аметыставыя ланцугі, павяваюць вееры з павіных пёраў. Расшытыя золатам гуні разынкавага колеру кутасамі зьвісаюць абапал тулава да самай зямлі. Магутны лоб пад сеткай з блішчастымі камянямі, — абыякава і роўна ступае ён праз сьвяточнае памяшканьне.
Вакол яго ціснуцца маскі і захоплена віватуюць стракатую групу знакамітых актораў, якія сядзяць у паланкіне на сьпіне ў слана: прынц Дарашэ-Ког у турбане і чубатым аграфе. – Граф дэ Фааст у масцы П’еро побач з ім. – Марыянеткі і музыкі, застылыя і нерухомыя, як драўляныя лялькі, — абапал.
Слон даходзіць да сцэны і аднаго за адным хобатам падымае з паланкіну седакоў; воплескі і лямант захапленьня, калі слон падымае П’еро і апускае яго ў бутлю, пасьля накрывае яе металічным векам, а наверх садзіць прынца.
Музыкі паўколам апускаюцца на сцэну і дастаюць дзіўныя, тонкія, як бы прывідныя інструменты.
Слон сур’ёзна глядзіць на іх, пасьля павольна паварочваецца назад да выхаду. Гарэзьліва і свавольна, як дзеці, маскі абвешваюцца яму на хобат, вушы, біўні і зь вясёлым галёканьнем спрабуюць затрымаць яго; але жывёліна амаль і не зважае на гэтыя іх завіханьні.
Прадстаўленьне пачынаецца, аднекуль, як усё роўна з-пад зямлі, ціха ліецца музыка. Лялечны аркестр і марыянеткі застываюць, як нежывыя, як васковыя. Флейтыст са шкляным, дурнаватым тварам глядзіць у столь; дырыжорка-ракако ў парыку і капелюшы з плюмажам — дырыжорская палачка, як бы паднятая, як бы прыслухоўваецца, вусны, скажоныя ў агіднай пажадлівай усьмешцы.
На авансцэне марыянеткі: гарбаты карлік у парыку, з вапнавабелым тварам, жахліва вышчараны чорт і бледна напамажаная сьпявачка з чырвонымі сьмягла-юрлівымі вуснамі, здаецца, у сатанінскай злосьці яна ведае нейкую жудасную таямніцу, якая прымусіла яе застыць у пахацімскай сутарзе. Вусьцішнасьць ад выгляду жывой сьмерці, аж валасы дыбарам, пануе над нярухомай групай.
Адзін толькі П’еро ў бутлі ў неспакойнай рухавасьці памахвае сваім востраверхім лямцавым каўпаком, кланяецца, вітаючы ўгары персідскага прынца, які, нага на нагу, нярухома сядзіць наверсе бутлі, – пасьля зноў кроіць вар’яцкія грымасы.
Яго скачкі і подбрыкі ўводзяць гледачоў у рогат – так гратэскава ён глядзіцца! Тоўстыя шкляныя сьценкі бутлі скажаюць відовішча так неверагодна, што часам яго вырачаныя вочы лезуць з арбітаў і дзіка блішчаць, пасьля зноў амаль зьнікаюць, застаюцца толькі лоб і падбародак, альбо патройваецца твар, часам П’еро робіцца тоўсты і азызлы, пасьля зноў шкілет шкілетам, высахлы і даўгалыгі, нібы павук. Альбо надзімаецца трыбух, як шар. І кожны бачыць яго інакш, — хто з якога боку бутлі гляне.
На нейкія кароткія імгненьні, бяз ніякай прыкметнай лагічнай сувязі ў постаці як бы штуршкамі прарываецца нейкая прывідная жыцьцёвасьць, якая адразу ж пасьля зноў вяртаецца ў ранейшае, вусьцішна-трупнае здранцьвеньне, аж здаецца, быццам уся карціна пераскоквае з мёртвасьці ў жыцьцё і назад, як стрэлка на вежавым гадзіньніку з хвіліны на хвіліну – такая дзікая небывальшчына.
Адзін раз фігуры нават як бы выскачылі з каленных чашак на тры фантастычныя танцавальныя пасажы збоку бутлі, а на заднім плане, як бы ў нейкай грахоўнай пакуце скурчылася пачварнае дзіця.
Адзін музыка – з выгляду башкір, вочы вар’ята, бяз веек, чэрап як груша – кіўнуў на ўсё гэта, з выразам жахлівай грэблівасьці растапырыў сухія, пачварныя, патоўшчаныя на канцах пальцы, падобныя на палачкі ў руках барабаншчыка, — як васковыя сімвалы таямнічай звыраднеласьці.
Пасьля на сьпявачку скокнула нейкая фантастычная жанчынападобная гермафрадытная істота з доўгімі зьвіслымі бяскостнымі пальцамі і застыла ў танцавальнай позе.
Літаральна асьвяжальным аддыхам стаў момант, калі акурат падчас такой паўзы зьнерухомленасьці з-за ружовай шаўковай заслоны з глыбіні сцэны два маўры ўнесьлі зачыненыя насілкі-паланкін з сандалавага дрэва і паставілі каля бутлі, на якую цяпер раптам палілося бляклае, як бы месяцавае сьвятло.
Цяпер гледачы, так бы мовіць, падзяліліся на два лагеры: адны, няздольныя паварухнуцца і анямелыя, цалкам пад уладай гэтай фантастычнай вампірна-загадкавай пантамімы марыянетак, з якое струменіліся дэманічныя флюіды атрутнай, неспасьцігальнай асалоды, тым часам другая група, занадта няздатная да такога роду душэўных згрызотаў, ніяк не магла астыць, гледзячы на пацешныя выкрунтасы чалавека ў бутлі.
А гэты хоць ужо і перастаў уцінаць свае вясёленькія падкіндэсы, але і яго цяперашнія паводзіны здаваліся ім ня менш пацешнымі. Усімі даступнымі спосабамі ён высільваўся давесьці да цяму прынцу, які сядзеў на бутлі, пра нешта звонку, што, відаць, падавалася яму мусова неадкладным. Так, ён біўся аб шкло, нарэшце пачаў на яго кідацца, быццам хацеў разьбіць альбо нават перакуліць тую бутлю. І выгляд быў у яго, як бы ён на ўсё горла крэчма крычаў, хоць, вядома ж, ані віску, ані піску не пранікала за тоўстае шкло вонкі.
На пантамімныя вычварэньні і грымасы П’еро перс час ад часу адказваў сьмехам альбо паказваў пальцам на паланкін.
Цікаўнасьць публікі дайшла да апагею, калі пры такой акалічнасьці было заўважана, што П’еро даволі падоўгу прыціскае твар да шкліны, як бы спрабуючы нешта разгледзець на насілках, калі раптам, як вар’ят, заламаў рукі над галавою, нібы ўбачыўшы-такі штосьці агіднае і, рвучы на галаве валасы, кінуўся на калені. Пасьля падхапіўся і з такой хуткасьцю папёр у бутлі ўздоўж сьценкі, што ўжо відаць былі ня грымасы, а толькі сьветлая паласа ад белай апраткі.
Вялікае ж было і недаўменьне ў публіцы, усе круцілі сабе галаву, што там яму такое памроілася з тою “дамай у паланкіне”; можна было лічыць за верагоднае, што белы твар быў прыціснуты да шкліны і нярухома ўзіраўся ў бутлю, усё астатняе ж было ў цені, і заставалася толькі здагадвацца.
— І які ж бо такі сэнс мае быць у гэтым лялечным тэатры,— шапнуў блакітны даміно і баязьліва прытуліўся да мефістофеля. – Узбуджана і прыглушанымі галасамі людзі абменьваліся думкамі. — Проста так людскага сэнсу гэтая штука ня мае, толькі рэчы, якія не азначаюць нічога, зьвязанага з мазгамі, маглі б знайсьці прыхаваны доступ да душы, — сказаў адзін – вогненная саламандра – і так, як што бываюць людзі, якія, убачыўшы вадзяністыя выдзяленьні з бяскроўнага трупа, у эратычным чадзе выдаюць з сябе бясьсілыя крыкі экстазу, дык бываюць, вядома ж, і…
— Карацей, — асалода і жудасьць растуць на драўніне, — умяшаўся кажан, — але паверце мне, я дрыжу ўсім целам, я ўвесь у трансе — у паветры завісла нешта містычна-вусьцішнае, чаго я ніяк не магу атрэсьці з сябе, яно зноў і зноў аблягае мяне, як ваўняная хустка. Ці не ад лялечнай гульні гэта? Я кажу – не; на мяне нешта струменіцца ад прынца Дарашэ-Кога. Чаму ён сядзіць там, здаецца, так бязуважна, угары, на бутлі? І ўсё-такі часам па ягоным твары прабягае як бы дрыготка! – Нешта злавеснае адбываецца перад намі, я дазволю сабе не прымаць гэтага.
— Думаю, я выздабыў з гэтага пэўнае сімвалісцкае значэньне, і да яго дужа добра пасуе, што ты толькі што сказаў,— умяшаўся ў гаворку Мэланхтон,— ці ж бо не “чалавек у бутлі” ёсьць выява заключанай у чалавеку душы, што вымушаная няпрытомна сузіраць, як пачуцьці – марыянеткі – дзёрзка бушуюць і выцьвельваюцца, і як цяпер усё нястрымна ідзе насустрач распаду?
Гучны рогат і воплескі абарвалі ягоныя словы. П’еро скурчыўся на дне бутлі і абшчаперыў пальцамі шыю. Пасьля шырока разявіў рот, у дзікай роспачы паказаў на свае грудзі і ўгору – і нарэшце ўмольна склаў рукі, нібыта нешта хацеў выпрасіць у публікі.
— Ён хоча піць – ну, так, такая велізарная бутля, а ў ёй ані кроп­лі, — дайце ж яму піць, марыянеткі! — крыкнуў адзін глядач. Усе засьмяя­ліся і запляскалі ў далоні.
Тут П’еро зноў ускочыў, садраў з грудзей белую палатніну, сьцепануўся, як бы пахістваючыся, і ўсім целам грымнуўся на дно бутлі.
— Брава, брава, П’еро! Выдатна сыграна! Da capo, da capo! — лямантаваў натоўп.
Але як што чалавек больш не варушыўся і ня кроіў грымасаў, каб паўтарыць сцэну на біс, апладысменты спакваля аціхлі, і агульная ўвага перакінулася на марыянетак.
А тыя ўсё яшчэ стаялі ў ранейшых паставах духаў, але цяпер у іх выразы твараў утачылася нейкая напруга, што раней неяк ня кідалася ў вочы. Здавалася, быццам яны чакалі нейкай важнай каманды. Гарбаты карлік з вапнавабелым тварам нарэшце асьцярожна перавёў вочы на прынца Дарашэ-Кога.
Перс не варушыўся. Ягоны твар здаваўся мёртвым.
Нарэшце з глыбіні сцэны выступіў маўр і баязьліва падышоў да насілак і адчыніў дзьверцы.
І тут сталася нешта неверагодна дзіўнае. З насілак вывалілася зусім голае жаночае цела і з глухім пляскам упала на падлогу.
Хвіліна мёртвай цішыні, пасьля крык тысячы галасоў – зала забушавала.
— Што гэта? – Што здарылася?!
Марыянеткі, малпы, музыкі – усе паўскоквалі; маскі паўзьляталі на сцэну: княгіня, жонка Дарашэ-Кога, голая ляжала на падлозе, прывязаная да сталёвай арматуры. У месцах, дзе шнуркі абвівалі цела, былі сінія падцёкі. У роце тырчаў шаўковы квач.
Неапісальная жудасьць спаралізавала ўсіх у зале.
— П’еро, — заверашчаў раптам нейкі голас,— П’еро!
Шалёны, падсьвядомы страх — як удар кінжалам кожнаму ў сэрца.
— Дзе прынц?
Падчас агульнай неразьбярыхі і вэрхалу перс зьнік бяз сьледу.
Мэланхтон ужо стаяў у мефістофеля на плячах, пустое – ён ня мог падняць накрыўку з бутлі, а невялікі вентыль для паветра быў – за­кручаны!
— Разьбівайце шкло, хутчэй, хутчэй!— Галандскі радца вырваў з рук чырвонага ката сякеру, адным скокам узьляцеў на сцэну. Калі пасыпаліся ўдары, зазьвінела, як бы ў расколаты звон — жудасны звон. Рэзкія ўдары джгалі па шкле, як белыя маланкі, – лязо сякеры сагнулася. Нарэшце – нарэшце… бутля рассыпалася на асколкі. Сярод іх трупам ляжаў, задыхнуўшыся, граф дэ Фааст – пальцы ўпіліся ў грудзі.
Праз сьвяточную залу, бязгучна махаючы крыльлем, нябачна, луналі велізарныя птахі жудасьці.


Пераклад
з нямецкай –
Васіля СЁМУХІ.

Пераклад з Інтэрнэт-публікацыі:
Gustav Meyrink. Der Mann auf der Flasche.
http://www.frank.deutschesprache.ru/