12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Аўдолька і Міхалка.
Апавяданьне

Аўдольцы, калі была малая, бацькі казалі:
— Як зьясі цьвілы хлеб, лёгка паплывеш... Як зьясі з прыгаркаю, лёгка пабяжыш... А як зьясі чорствы, то будзеш доўга жыць!..
Казалі ж так, каб гэта не выкідвала аніякі хлеб.
Яна й не выкідвала, а калі хлеб ужо надта быў цьвілы, прыгарэлы ці зусім сухі, што ня ўгрызьці, — крышыла і карміла курэй.
Курэй праз усё сваё жыцьцё вельмі любіла і ўсё яшчэ любіць...
Дык вось, навучылі Аўдольку шанаваць хлеб, а яшчэ хатняй прымаўцы: “Сонца за гару – пану насяру...”
Прымаўка гэта ня так сьведчыла пра нелюбоў да паншчыны, як пра ляноту аўдольчыных бацькоў.
Аўдолька таксама ж удалася ляніваю; як вырасла, рабіць ня вельмі любіла: пахаджала сабе каля прызбы, у галаве чухала, да плоту падступала, дзе трэба і ня трэба казала: “Сонца за гару – пану насяру...” і кошкалася са сваімі курамі.
Праз гэта й ня склалася ў яе жытка з Міхалкам...
Міхалку ж, калі быў малы, ягоныя бацькі сваё даводзілі:
— Будзь цваны1... Ні з кім не гавары брыдка... Як станеш гаспадаром, каня ня толькі ж кармі, але і пускай у работу, бо інакш ад сытасьці конь здурэе і можа цябе скалечыць... Не здавайся на лянца... Рабі кожны Божы дзень, то будзе табе, як не за долю, дык за працу.
І Міхалка быў цваны, і ні з кім не гаварыў брыдка, і, калі стаў гаспадаром, ня толькі добра карміў каня, але ўпрагаў яго і ў плуга, і ў аглоблі, і не здаваўся на лянца – працаваў шчыра.
Шчыра?!
Не, па-іншаму трэба сказаць пра тое, як працаваў Міхалка.
Раньняй вясною мёрзлую яшчэ зямлю кропам2 паліваў, — каб раставала, каб гэта хутчэй гарод капаць...
Во як працаваў!
Пабраўся ж з Аўдолькай у тым годзе, калі памёр Пілсудскі.
Бывала наробіцца, награкаецца, натоміцца, а ўвечары, выціраючыся закаўрашам ад поту, возьме й папытае:
— Ты мне скажы, Аўдолька, ці вячэра ўжо е?
— Вой, яшчэ ж нічога не зварыла!
— Добра, — лагодна сумаваў тады Міхалка, — як у хаце ўсё паямо, то наямося...
І вось так скрозь, — ён заўсёды мокры, хоць выкруці; Аўдолька ж нічога сабе, сухая, бо з куркамі час бавіць.
Гэтак і дажылі да першых бальшавікоў.
І зноў суседзі чулі:
— Ты мне скажы, Аўдолька, ці вячэра ўжо е?
— Вой, яшчэ ж нічога не зварыла!
А тут ужо й немцы на матацыклах прыехалі, Аўдольчыных курэй пахапалі; а тут ужо й партызаны Міхалкавага каня забралі; а тут ужо й другія бальшавікі праперлі немцаў назад у Нямеччыну, а зноў усё тое ж:
— Ты мне скажы, Аўдолька, ці вячэра ўжо е?
— Вой, яшчэ ж нічога не зварыла!..
Па немцах і партызанах Аўдолька новых курэй завяла, Міхалка ж новага каня расстараўся і неяк, з поля прыехаўшы, як зазвычай, пра харч нацякнуў.
Аўдолька ж, як і заўсёды, войкнула...
Ну колькі можна цярпець такое войканьне?!.
Ніякага ж тут “як у хаце ўсё паямо, то наямося...” – ня хопіць!
І вось аднаго разу, тое ўжо пры Мікіту было, узяўся Міхалка за пугу і пратурыў Аўдольку з двара:
— Юч, вашывая! Ня трэба мне твае куры! Увесь двор засралі! Дуга, аглоблі і нават хамут у гаўне!..
Стаўшы разьвядзёнкаю, Аўдолька спачатку ціха не сядзела, пачала на Міхалкаў пляц яйкі падкідваць.
Міхалка знаходзіў іх у такіх закутках-шчылінах, у якія ніякая курыца не магла ўшыцца – значыць, яйкі прыробленыя1.
Іх не чапаў, бо нельга, бараніўся праклёнам:

Ад варот у твой жывот,
Ад печы ў твае плечы,
Ад грубы ў твае зубы,
Ад падлогі ў твае ногі...

Ці падзейнічаў гэты праклён, ці нешта іншае памагло, аднак жа сталася так – недзе з тыдні два Аўдолька яйкі падкідвала і перастала, супакоілася на тым.
Ну, што тут болей языкаваць?
Болей і ня буду.
Скажу хіба пра тое, што пенсію ў зайцах атрымліваюць, не ў савецкіх рублях, але ж калі ў іх спытацца: “Які цяпер правіцель?” – адкажуць: “Мікіта...”
Гэта, мусіць, таму, што пабраўшыся пры Пілсудскім, пры Мікіту разышліся: як той казаў, к а л і раскідалася заўсёды памятаецца лепей, чым к а л і скідалася...
Аўдолька так і жыве адна, і Міхалка жыве адзін.
Яшчэ рухавыя, гузікі самі зашпільваюць, хоць і маюць ужо недзе пад сто.
Бог пашкадаваў ім даць дзяцей і не пашкадаваў здароўя.
Сіла далася Міхалку ад работы, Аўдольцы ж ад ляноты...
Заместа чаю Аўдолька п’е нейкія запараныя дубцы і называе такое пітво – г а р а ч ы м.
Калі хто заходзіць да яе, так і гаворыць:
— П’ю гарачае...
Яна ня мыецца, а калі квартаю й палье на сябе, то мыцьцё такое называе з м ы в а н ь н е м.
Таму й ня кажа: “Трэба памыцца!”, а кажа: “Трэба змыцца...”
І як звыкла змалку, яшчэ за царом, хлеб сьвежым ня есьці, то так і ня есьць.
“Чаму?”—пытаюцца ў яе і чуюць: “Сьвежага ж багата зьясі, а чорствага мала!”
Адказ нязнанага лёсу.
Зрэшты, ці лёс гэта гаворыць, ці яна сама, ці павучаньне бацькоў праз яе чорныя вусны чуецца (“А як зьясі чорствы, то будзеш доўга жыць!..”) – і тое праўда, і тое, і тое...
Аўдолька мае шмат падушак і ясікаў, але сьпіць на згорнутай кухвайцы, і калі сьпіць, то на Аўдольцы, як на седале, сядзяць куры.
Пра сьмерць і ня думае...
Міхалка таксама.
Вось ён паліць грубу ў сваёй пустой хаце, вярбовыя дровы весела трашчаць у агні, і Міхалка памаўчыць, памаўчыць ды сам сабе й скажа:
— Калі напачатку лістапада лісьце на вішні яшчэ трымаецца, то зіма будзе цёплая...
І зноў, памаўчаўшы, праз хвілю якую самому сабе:
— А калі ў кабана каса доўгая і вузкая, і толькі на самым канцы шырэйшая, то зіма перад вясною будзе вельмі халодная...

18 жніўня 2003 г.