12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Скрыпач Антоні. Верш

Ты расказала пра скрыпача Антоні, —
Свайго прадзеда,
Які найбольш любіў іграць пра сажу і муку.
Аздобіўшы сваё апавяданьне рыфмамі,
Я ўбачыў у ім тое, што мог убачыць:
Сажа — благое, мука — добрае,
А сам Антоні —
Сымон-музыка ў глыбокай старасьці...

Ігрок душы — Антоні
За грошы не іграў;
Як зьнічку, у далоні
Жывую скрыпку браў.

У полі ці ў гародзе —
Заўсёды пры смыку
І песьню ён выводзіў
Пра сажу і муку...

Таўкач муку пакажа,
Дастукае да дна.
І ўсім пакажа сажа,
Што чорная яна.

З мукі пірог сьпячэцца,
А з сажы толькі дым,
І сажа застанецца
У коміне пустым...


2
Струна струне сьпявала.
Смык выцалоўваў іх.
Антоні граў удала
І цешыў так усіх.

Лагодным лістам слаўся.
Быў лёгкі на руку.
Іграў і не стамляўся
Пра сажу і муку.

Але чаму пра сажу?
І пра муку чаму?
За скрыпача адкажам:
Так гралася яму;

Хацелася ў настроі
Старому дзіваку
Іграць адно і тое –
Пра сажу і муку.

І з песьняй гэтай хвацкай,
Як голубу ў турму,
Ягонае юнацтва
Зьяўлялася яму.

Ня вельмі каб цяжкое,
Хоць і было цяжкім, —
То белае такое,
То чорнае зусім.


3
Куды вяла дарога —
Туды не давяла.
І з усяго такога
Адна была хвала.

Аб той пары юначай
І нежывы кажы
Як не смыком, то плачам —
Па струнах, па душы!..

Таўкач муку пакажа,
Дастукае да дна,
І ўсім пакажа сажа,
Што чорная яна.

З мукі пірог сьпячэцца,
А з сажы — толькі дым,
І сажа застанецца
У коміне пустым...

“Можа Ганна скрыпку ўчуе,
Можа звонкая струна
Яе душу пацалуе...”

14 красавіка 2001 г.