12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алеся Мамчыч

_____________________
Сталі вершы перакаці-полем.
Вершы

На зьвечарэлых даляглядах чырванелі мёртвыя гурбы тэрыконаў. Абсалютна непрыдатныя для жыцьця — за дзясяткі гадоў на іх нават трава ня вырасла. Ад таго ў пейзажах Данеччыны ёсьць нешта марсіянскае. А калі спалучыць іх з савецкай тапанімічнай спадчынай – славянскамі, арцёмамі, праўдзінскамі, краматорскамі і etc., то закра­даецца думка, што на тутэйшай зямлі маглі нараджацца хіба толькі слынныя кукурузаводы, але ніяк не паэты. А таму паэтычны дэсант з Кіева ў межах традыцыйнага Шаўчэнкаўскага свята “В сім’і вольній, новій…” на шахцёрскай зямлі ча­сам успрымаўся, як прылёт касманаўтаў на не­вядомую планету. Ля пісьменьнікаў завіхаліся, іх уз­­моц­нена кармілі, іх хацелі апусьціць у шахту – абы толькі яны менш выступалі. Калі пісьменьнікі раней часу выбаўляліся з чарговага застольля, на іх напускалі мясцовых экзальтаваных паэ­так. Адна з такіх ахвотна падсела да мяне ў аўтобусе
й пачала ўслых чытаць сваю гульлівую лірыку: “Социальная эротика: один член – четыре ро­тика”. Прызнаюся шчыра: ад такой “эротыкі” хацелася ўцякаць праз усе тэрыконы да самай Беларусі... Знаёмства й сумоўе з Алесяй Мамчыч было ў тых умовах збавеньнем. Яе галіцкі тэм­перамент (хоць сама кіянка), яе не­­ўтаймоўны малады нонканфармізм былі вельмі дарэчы на сустрэчах, дзе ў прэзідыумах звыкла засядалі літаратурныя дзяды. Зьбліжала нас і агульная любоў – Ліна Кастэнка. Калі не давалі слова, Алеся прымалася за графіці. Мітынг на цэнтральным пляцы Данецку. Пакуль “голова міськой рады” чытаў сваё пасланьне ня надта каб уважліваму народу, Алеся схітрылася напісаць “Кучму – геть!” на асфальце – у паўкроку ад чаравіка міліцыянта… З тае пары мы лістуемся. А летась Алеся прыязджала ў Менск, выступала са сцэны Дома літаратара. Публікацыя ў “Дзеяслове” яе вершаў са зборніка “Перекотиболе” – першая спроба пачуцца ў замежжы. І, як можна з пэўнасьцю меркаваць, – спробаў такіх з цягам часу будзе нямала. Але першы водгалас быў з-за беларускага небакраю.
Міхась Скобла.




МАСТАК

А такога ж уночы насьніцца!
Падхапіцца й пісаць нацямку!
Заняволіць майстэрня-вязьніца,
Дзе абое дзьвярэй на замку.
Каля брамкі, падступны і хітры,
Час-хімернік насупіў чало.
Ён чытае жыцьцё па палітры –
Што надыдзе, а што ўжо было.
Час усё перамеле на сечку,
Ці — на пыл, што над шляхам курыць.
Пэндзаль вельмі нагадвае сьвечку,
Што, тварца спапяліўшы, гарыць.


* * *
Мы – як муміі пад аховай.
Гэта – гета – Украйналанд.
Груз самоты стопавярховай
Я трымаю, нібы атлант.
Наліпае туга, як гліна,
Maloross у азёрах-пенсьне!
Бы ў фальклёры, стану калінай —
Хоць на дудкі рэжце мяне.

ПАЭТ

Паэт самотны ў цэлым сьвеце
І адзінокі між планет.
Вачэй апалае двуквецьце
Нясе задумлівы паэт.

Лагодны ён, а часам страшны,
Зірне і бачыш, — Божа, крый, –
У зрэнках, нібы ў рукапашнай
Сышлося пяць шызафрэній!

Яго заспанае аблічча
У валасах, нібы ў хусьці.
Паэта варта узьвялічыць,
Але найлепей – абысьці.


* * *
Па-над ракою гаснуць промні,
Паўзе імгла.
А ты мяне такой запомні,
Якой была.

Запомні і – абавязкова,
Спытае Бог:
Ці вусны ейныя, ці слова
Забыць ня змог?

Нас паасобку – вельмі мала.
Страх не міне:
Ці я цябе запамятала,
Як ты – мяне?


* * *
Жыцьця невыканальныя законы.
Здаецца часам, сум – ужо навек.
І сэрца б’ецца глуха ля іконы,
І сьлёзы ціха капнуць з-пад павек.
Душа – як перахопленая дзягай.
І дзьме калымскім холадам з вакон.
І ты сьпявала б нават і за дзякуй,
Але – глуханямыя навакол.


СКІФ’ЯНКА

Стэп мой, стэп вядзе мяне так п’янка,
Вецер – як настой на чабары.
Я – малая сьмешная скіф’янка,
Птушкі і зьвяры – мае сябры.

Травы спавядаюцца далоням.
Ведаюць крыжы ля пуцявін,
Што пад сілу толькі скіфскім коням
Праскакаць і не прымяць палын.

Праглынулі вецер мае коні!
Кіну ў рукі травам бранзалет.
Ён цяжкі – а хочацца ў пагоні
Пакідаць на небасхілах сьлед!

Што мне скарбы і пра іх лятункі!
Золата ў палацах у цане.
Вуснамі уп’юся ў пацалункі
Скіфа, апярэдзіць што мяне!


* * *
Ціха. Цёпла. Змрок такі —
Сьцежка не відна.
Прыпячатаў плынь ракі
Маладзік да дна.

Помняць вострую касу
Восы і чмялі
І залізваюць расу,
Быццам кроў зямлі.
Падхапіцца: ё-маё,
Дзе душа, дзе плоць…
І на песьні вастрыё
Сэрца накалоць.


* * *
На пагостах адзін толькі мох
Прачытаў надмагільныя руны.
Камянелі крыжы ля дарог,
А цяпер камянеюць трыбуны.
Хтосьці ўзьлез на іх – ідалаваць,
За усё — адпаведная плата.
І сьвітанкі з дакорам стаяць,
Як Хрыстос над сумленьнем Пілата.


Пераклады Міхася Скоблы.



* * *
Што было — усё мінецца,
Што было — растане ўміг.
Анёл белы дакранецца
Да валоў валос маіх.

Берагоў занадта мала,
Я – вада. Канал-анклаў.
Выплыла туга з туману,
Ды анёл яе прагнаў.

Але колькі іх адзаду,
За тугой туга плыве.
Я вада і маю зваду
Патануць сама ў сабе.


* * *
На узгорках крыжы –
Божа, нас беражы.
Пад крыжамі ляжым —
Не зьлічыць вам, жывым.

І няма нам вясны.
Быць адкуль тут вясьне?
З нашых душ камяні
Камяняцца ў сьцяне.
Сумам выстылы кут,
Толькі сполахі сноў.
Ані ворагаў тут,
Ані блізкіх сяброў.
Тут усё аблажыў
Дух смуродны турмы.
Хто тут зможа пражыць?
Мы.

* * *
Жыцьцё пралятае,
І што тут пярэчыць?
Жыцьцё пралятае —
Нібы верабейчык.

Пасьпееш схапіцца –
Дык сам палятаеш.
Калі не пасьпееш –
Ну што ж, — пралятаеш.


* * *
Я па пяты ў расе
І па сэрца ў расе.
І ня знае ніхто,
Што пабачылі ўсе.

І ня знае ніхто –
Толькі сьвет патойбоч,
Як сьпявала наўзрыд
Скрывянелая ноч.

Як сьпявала наўзрыд,
І як месяц асьлеп,
І як потым дажджы
Разарвалі сусьвет.

І як падаў сусьвет
Цяжкакрыла між траў,
Пахрысьціўшы мяне
На сьвітанку – як храм.


* * *
Я шчэ дзіця. Хоць схільная ў самоце
Сябе часамі вязьніць
Анягож.
Я шчэ дзіця. Бо не пайду супроць
Сябе самой. І ўласных мараў-кроз,

І тых надзей
Зварушліва-празорных,
Што ўскрылілі наіўна карані.
Я шчэ дзіця.
Я шчэ блукаю ў зорах...

О як жа цяжка падаць з вышыні!


* * *
Ізноў самота сватае мяне.
Як штосьці абарвалася ў душы,
Настырнаму жаданьню уцячы
Штораз слабей я прамаўляю:
Не.

Куды ўцякаць мне? На падэшвах клей.
Каханы мой. Я без Цябе ніхто.
Хоць да касьцей выгрызвае натоўп.
(Але ж гурма складаецца з людзей!)

О сьмех і грэх! І боль, і жаль, і шлях.
І, як дзіцятка, Муза на руках.


ЖУРБА

Журба, як птах,
Гадуе птушанят —
Малых рахманакрылых
журбянят.

Каб ціхі рэй,
каб іх крылаты рэй
асеньнім лісьцем
падаў з чорных вей.
Каб у калюжах
Крылы іх сьпляліся...

Журба, як птах,
адлётвае калісьці.


Пераклады Эдуарда Акуліна.