12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Маракоў

_____________________
Усход - штука тонкая.
Ціхі аповед

І.

У тыя далёкія васьмідзесятыя нядаўна забранага гісторыяй стагоддзя, калі седала Галоўнага Стырнавога яшчэ непадзельнай і бязьмежна ганарлівай краіны Саветаў першым пасьля заўчаснага скону вышэйшага партыйца заняў самы інтэлектуальны гэбіст за ўсю лубянкаўскую гісторыю, я дапяў, што час адпачыць ад мясьцінаў спазнаных. Дапяў, бо ўразумеў: хадзіць-дыхаць сьвежым паветрам па роднай зямлі цяпер небясьпечна. Памагатыя Галоўнага інтэлектуала могуць спорна даць па шапцы і не на жарты сапсаваць ня толькі настрой, але і скурнае покрыва з прычоскай.
— А што гэта вы, добры чалавек, удзень і не на працы? — спытаюць. — Га?! Другая зьмена? Які ж вы гаварун, жартаўнік і сьмяльчак у адначас! Дзівосьненькае спалучэнь-не! Тое, што трэба! Пройдземце! Дазвольце вас за ш-шкірку! Не ўжо, — даз-з-в-о-о-льце! Будзе ў цябе, разумнік, і другая зьмена, і трэцяя, і чацьвёртая звышурочная, і пятая праклятая! Усё будзе!
Усяго мне было ня трэба, усім можна хіба толькі падавіцца. А таму ў роспачы вырашыў я пакінуць на нейкі час прасторы маёй малой, але вельмі любай Радзімы. Наважыўся палавіць рыбку ў мутнай вадзіцы Каракумскай пясчанай невядомасьці. Нечакана паўстаць перад панамі экс-басмачамі з забароненай камерцыйнай прапановай: купіць у шчырых хлопцаў, ад белага сьпякотнага сонца разамлелых, не раскошу, а сродак руху (як пераконвалі нас, крывячы душою, класікі) — саўковы mersedes, volvo, ford і тачанку разам. А менавіта: нязьдзейсную мару сумленнага савецкага чалавека — аўтамабіль, магчыма, і нездарма ахрышчаны татарскім словам жыгулі. (Небясплатныя дзяўчаткі-красуні скарыстоўваюць больш эфектнае name — аўто!)
Адзін, вядома, у такое далёкае падарожжа ня выправішся, і я падзяліўся ідэяй вандроўкі на “Каракумскую выспу скарбаў” са старэйшым таварышам па працы Валерыем Яфімкіным. Ён ня толькі падхапіў ідэю, але і стаўся актыўным арганізатарам каманды — зьбіральнікам, натхняльнікам і папулярызатарам.
— Колькі таго жыцьця! Пад лежань-валун вада не цячэ! — размахваў агітатар мятровымі рукамі і бліскаў дзюймовымі вачыма. — Ляцім, пакуль лепшыя тачкі не парасхоплівалі! (Уласна, тады і прыйшло мне ў галаву, што “тачка” гэта, магчыма, скарочана ад “тачанкі”). Вы ж ве­даеце, Масква дзецям Поўдню заўсёды зямных дабротаў больш падкідвала! — не сунімаўся аратар. — А як жа інакш? Усход — штука, вядома, тонкая, як у тым фільме казалася, але і капрызьлівая, дадам ад сябе.
Рана ці позна пасьля такіх гучных словаў і зманлівых абяцаньняў павінна была згуртавацца падпольная каманда ахвотнікаў рызыкнуць сваім здароўем і грашыма. Яна і сабралася. Вось толькі сам Валерка ў апошні момант занядужаў і ў шлях-дарожку ня выправіўся. Так мы і ня ўведалі, ці сапраўды галоўны агітатар прыхварэў, ці проста трохі астыў, пакуль іншых вучыў праўдзе-розуму. Ды хай яго Бог судзіць.
У рэшце рэшт група азіяцкага захопу сфармавалася з трох адважных гвардзейцаў.
Перш-наперш хацелася б назваць кіраўніка раённага хору — маларослага, лысаватага, самааддана закаханага ў сваю задужа фігурыстую Асю чалавечка. Гэта быў ціхі, на людзях, і мухі не пакрыўдзіць, але ваяўнічы на кухні нацыяналіст з велізарным і неўтаймоўным жаданьнем вырвацца з галечы. Як сапраўдны змагар за справядлівасьць, а значыць, прыхільнік усяго экстрэмальнага, у тым ліку — забароненай літаратуры, у прыватнасьці — самвыдату і антысавецкай замежнай фантастыкі, ён і мянушку меў адпаведную: Harry Harrison. Для сваіх — Гарык.
Другім ахвотнікам праехацца ў краі далёкія стаў “часовы” сусед кіраўніка раённага хору па лесьвічнай пляцоўцы, прымак па разьліку (пра­ піска плюс бясплатны сэкс) недавучанай бульбашкі, аматар вясёлага бесклапотнага жыцьця і ўладальнік зайздроснага здароўя грузін Вахтанг. У адрозьненьне ад свайго славутага цёзкі, народнага сьпевака Кікабідзе, — вольны мастак і разьгільдзяй. Красунчык трошкі большага за сярэдні росту, з пякельна-чорнымі шарлатанскімі вачыма. Фразу: “Ах, якая попка!” ён вымаўляў без аніякага акцэнту.
Укамплектоўваў бліскучую тройцу ваш пакорлівы слуга — таксама “хлопец з нашага двара” (як і сачок-агітатар пералічаных вышэй таварышаў, Валерка) калісьці студэнт-спартсмен-камсамолец-выдатнік, пазьней — абаронца не сваёй Радзімы, а на той момант — ну што зробіш?! — звычай­­ны, прыдушаны жыцьцём радыёінжынер, а па сумяшчальніцтве — мела­ман і аматар вострых адчуванняў-прыгодаў (часьцей на сваю ж галаву).
І, вядома, неабходна згадаць пра грашовыя запасы кожнага з адчайных шукальнікаў удачы.
Гарык узяў з сабою ўсё назьбіранае з Асяй за дзевяць гадоў дужа эканомнага (дзякуючы жонцы) сумеснага жыцьця — дзьве тысячы семсот пяцьдзесят рублёў.
Вахтангу на свой страх і рызыку даверлівая бульбашка ўручыла “часова ўзятыя” ў любых дзядулі і бабулі (яе маці-адзіночка жыла ад зарплаты да зарплаты і нічым памагчы не магла) адну тысячу дзевяцьсот рублікаў -- продкі зьбіралі іх чвэрць веку.
Я аказаўся самым багатым з тройцы — дзевяць тысяч сапраўдных, моцных, як сталь, савецкіх рублёў грэлі маё правае лёгкае (ляжалі ва ўнутранай кішэньцы курткі): чатыры тысячы сваіх (здаў у камісіёнку неймаверна цяжка прыдбаную шматблочную апаратуру: стэрэавідак, двайную дэку, цюнэр, узмацняльнік, эквалайзер, прайгравальнік, калонкі) і пяць — аднакласьніка і музыканта Юзіка Кульбіцкага. За апошнія тры гады ніводнага выхаднога не правёў “артыст” у коле сям’і: усё па вясельлях, па вясельлях, па вясельлях, дзе, як вядома, сьпяваюць і таньчаць. Дзякуючы “вясельнай” музыцы Юзік і сабраў кругленькую суму. Памятаеце: “И был я молодой, неженатый и жалел о том, что я не жени-их…”
Пацягнуўшы “і-іх”, Юзік тупаў нагою, перабіраў ад першай да апошняй клавішы акардэону — і публіка, узвыўшы, пускалася ў скокі.
— Ах, эта свадьба-свадьба-свадьба пела и-и плясала, и крылья эту свадьбу вдаль несли-и… — заводзіў гарэзьлівы музыка ў экстаз удзельнікаў галоўнай падзеі ў жыцьці маладых. І дабіваў галубочкаў: — Широкой этой свадьбе было места мало и неба было мало и земли-и! Широкой этой свадьбе было места мало и неба было мало и земли-и-и!
І капейку за гэтыя шырокія вясельлі плацілі таксама досыць шырокую, больш дакладна — шыкоўную.
— Трымай! — уручыў мне Юзік пакет, але паставіў умову: — Да канца зімы возіш сябрука па халтурах бясплатна. Я толькі за бензін у адказе. Затое доўг можаш аддаць вясною.
— Згода, — узяў я грошы і ўсьцешліва падумаў: “Да вясны — як да Месяцу, а грошыкі — во яны, “жыгулямі” пахнуць”.
ІІ.

Асноўную частку няблізкай адлегласьці ад Менску да Каракуміі пераскочылі на малагабарытным “ТУ-134”, што сабраў усе паветраныя ямы над Саюзам. Далей пайшлі бясконцыя пераезды аўтобусамі ды аўтобусікамі. І вакол пясок, пясок, пясок. Без прасьвету, паўсюль: у вопратцы, у чаравіках, на зубах, у вачах, у страўніку. А як дабраліся да патаемных мясьцінаў казачнага пустыннага каралеўства і разгарнулі прадбачліва прыхоплены ціхмяным, але кемлівым нацыяналістам Гарыкам атлас СССР, дык ледзьве з розуму не крануліся: яшчэ пара такіх рыўкоў-пераездаў — і Мікалай Міхайлавіч Пржэвальскі адпачывае.
Спыніліся ў невялікім гарадку, цэнтры тутэйшага басмача-чабанскага жыцьця. Пасьля непрацяглых пошукаў пасяліліся ў двухпавярховай (адзінай тут) гасьцініцы — некалі казарме-інтэрнаце адвечнага вандроўніка-саўкантынгенту. Акупавалі “трайны люкс”: пра тэлефон і гарачую ваду — забыць, але малодшая сястрычка “кавээну” — чорна-белая круглавата-вуглаватая “Зорка”, мутнаватыя, часінаў галоўнага “кукурузь­ніка”, люстэркі і сюрпрызы-ручнікі даўжынёй з локаць меліся. На завяршэньне высьветлілася, што ў будынку мы былі адны. “Гэ-эй, хто там? Сядзі, я сам адчыню…” Можна жыць!
Падарожнікі-расейцы і нашчадкі таленавітага Тараса Шаўчэнкі, спрадвечныя нашыя па жыцьці канкурэнты, аддавалі перавагу таму, каб спыняцца (як мы пасьля пераканаліся) у прыватным сектары: і дах над галавою напалову таньнейшы, і сталавацца нядорага можна. Аднаасобнікі ж бульбашы (як, дарэчы, часам занадта ганарлівыя — амаль фіны! — прыбалты) згодныя былі без любімых суседзяў зьведваць жыцьцёвую асалоду (што беларусам, праўда, зрэдку ўдавалася), ды і гатаваць прызвычаіліся самі.
От гэтак і мы, хоць з нашае троіцы шукальнікаў прыгодаў адзін я быў бульбашом. Зрэшты, гэта ня мела асаблівага значэньня. Галоўнае — прыбылі мы з роднай і тады ўжо самай савецкай з сясьцёр-рэспублік Бульбашыі.
Не пасьпелі ўвечары паходны настольнік разаслаць — адзначыць прыезд ня надта хуткі, як у дзьверы ціхенька пастукаліся. На калектыўна-дазваляльнае “калі ласка!” ў нумар зайшла моцна скроеная мадамс няпэўнага ўзросту — яна забрала ў нас пашпарты на ўваходзе ў “гатэль”. Усьлед за ёй паказаўся вусаты, з усьмешкаю на ўсе трыццаць два, задаволены сабою і сьветам джыгіт.
— Гэта — Руслан, мой зяць, — назвала джыгіта мадамс. — У гонар галоўнага героя вядомай казкі Пушкіна, між іншым, назвалі. Мы хоць і ў пустыні жывем, але класіку чытаем.
Парупілася, варта адзначыць, цешча, яна ж — далёкая сваячка, а яшчэ — адміністратар гасьцініцы Зульфія Зульфіяраўна, ці, як пазьней скараціў яе “каардынаты” бесклапотны Вахтанг — Зузу, не дарма. Цёпленькіх заезджых шукальнікаў “караў” адразу па прыездзе, у першы ж лагодны вечар, маглі перахапіць і іншыя мясцовыя дылеры. Усход — штука тонкая, але, як пачыналі мы разумець, і спрытная.
— Малойцы, мяркую, у такую далеч не на сонейку грэцца прыехалі? — бліснула залатымі зубамі Зульфія Зульфіяраўна. — Як разумею — машыны прыдбаць! Пахвальны ўчынак! І прашу паверыць: спыніўшыся ў нас, вы зрабілі вельмі ўдалы першы ход, чым дужа аблегчылі сабе задачу. Русланчык за сімвалічную плату аб’езьдзіць з вамі кожны двор, і я перакананая: што-небудзь вартае вы абавязкова знойдзеце. Зяцёк, зноў жа, дапаможа і старгавацца: ён усіх ведае, яго ўсе ведаюць — якія праблемы? І не падмане з хлопцам ніхто. Цешча ж у гэтых мясьцінах не апошні чалавек.
Першы азваўся з адказам ужо бадай акліматызаваны Вахтанг (як-ніяк, меў стасункі амаль што з землякамі):
— Сэрцам адчуваю, добрая ты жанчына. І калі мае сябры ня супраць, а яны, бачу, “за”, дык дзякую — пакуль словам — за прапанову дапамагчы. Скажу больш: калі зацікаўленыя бакі, як кажуць у такіх выпадках, згодныя, з заўтрашняе раніцы і прыступім.
— Прыемна мець справу з разумнымі людзьмі, — зноў бліснула золатам Зульфія Зульфіяраўна. — Што ж, прабачце за турботы, не будзем вам больш назаляць. Да заўтра!
— Душэўна зычым адаспацца пасьля цяжкай дарогі, — разьвітаўся і Руслан. Але перад тым, як зачыніць за сабою дзьверы, удакладніў: — Калі ў дзевяць пад’еду, не разбуджу?
— Самы раз, — пагадзіўся за ўсіх Вахтанг.

ІІІ.

Мінулі два дні, больш дакладна — двое сутак бесперапыннага гойсаньня па сядзібах, дварах, хлеўчуках, вуліцах і завулках, ці, як супакойваў-жартаваў Руслан — тутэйшых адметных мясьцінах. Вынік — нуль! Няма выніку! Траплялася то рыхтованае-перарыхтованае, цыравана-перацыраванае ламачча, то рухавік у “кара” кіпеў, як забыты на пліце чайнік, то машына нават па пяску кацілася з такім грукатам, быццам танк не “самый быстрый” на парадзе па брусчатцы Чырвонай плошчы, то яшчэ які-небудзь невылечны дэфекцік нечакана выпаўзаў напаверх. Але рук мы не апускалі, не здаваліся, шукалі, мітусіліся, спадзяваліся. Надзея памірае апошняй. А калі яна яшчэ і адзіная…
Раніцай трэцяга дня Руслан, як заўсёды, заехаў па нас раней дамоўленага часу: перастрахаваўся, каб які халяўшчык выпадкам не перахапіў гасьцей. Пачакаў, пакуль мы нясьпешна і сытна пасьнедаем (спадзеву паабедаць пры нашым цэйтноце не было) і пасадзіў у сваю таратайку, вядомую сярод аўтамабільнага люду як “Запор 968, мадыфікаваны”, і мы накіраваліся на пошукі здабычы.
Гэтым разам, выехаўшы з гасьцінічнага, аб’яднанага са школьным, дворыку, поўнага дзятвы, якая чамусьці больш поўзала, чым бегала, мы выправіліся ў чарговую пошукавую шлях-дарогу ўжо ня з тым радасным настроем, які быў у першыя дні.
Бянтэжыў, у дадатак, і прычэп, які валачыў за сабою Русланаў “запор”. Навошта? “Что еще за географические новости”?
— Улавіў запытальныя адносна прычэпа позіркі, — заўважыў наш непакой Руслан. — Думаеце, хачу вам “левую” машыну ўперці? Такую левую, якая на сваіх чатырох і метру не пракоціцца? Памыляецеся і дарэмна мяне крыўдзіце. Прычына зусім іншая. Я на працу еду! Таму і прычэп спатрэбіўся. Сёньня аніяк няможна без прычэпу. Неўзабаве пабачыце. І не хвалюйцеся, калі ласка: адразу ж пасьля працы дарагімі гасьцямі займуся…
— Пасьля? — перапытаў я, адчуваючы, што закіпаю. — А мы сюды, значыцца, адпачываць прыехалі? Каторы дзень марна матляемся! Вы што, нас “ванькамі” лічыце? Думаеце, на ноч гледзячы кінемся машыны выбіраць? Упоцемку драпіну з палец можна прафуфукаць і зашмальцаваны салон за новы прыняць? І дзе, скажыце, нам цэлы дзень кукаваць у чаканьні перадавіка вытворчасьці містэра Руслана?
— Цэлы дзень — гэта ў вас, у БССР, гарбацяцца гэтыя самыя перадавікі. Каб сагрэцца, бо ў вас холадна. А ў нас і без таго цёпла. За га­дзінку ўпраўлюся.
“Слаўная работка, — астыў я адразу. — Гадзінку ў тыдзень? Гэта нават не камунізм, а бяры вышэй. Нешта такое, на што і Маркс-Энгельс разам з дзядулем Леніным адказу ня ведалі”.
Яны — ня ведалі, але наш рамізьнік — ведаў!
Праз паўгадзіны мы падкацілі да Русланавай “працы”: будаўніцтва дванаццаціпавярховага, як апавяшчала выцьвілая шыльда ля ўваходу, А…ага сельскагаспадарчага навукова-дасьледчага інстытуту.
“Багатыя, аднак, будаўнікі, — прыкінуў я колькасьць прыватнага аўтатранспарту вакол недабудаванага першага паверху. — Машынаў у хлопцаў больш, чым на ўсёй нашай немаленькай вельмі Камуністычнай вуліцы разам з трыма ейнымі завулкамі…”
У чым жа заключалася аднагадзінная ў тыдзень посткамуністычная праца, я дацяміў не адразу — давялося паднапяцца.
Па чацьвяргах, як сёньня, “масква” завозіла на аб’ект будматэрыялы. “Пяты ўжо год — хутка юбілей!” — весела ўдакладніў Руслан. Як і хто рабіў справаздачу, да прыкладу, адносна цэглы, якой за пяток гадоў было адгружана ці не на цэлы Акадэмгарадок (гэта я, матэматык-самавук, падлічыў), мяркую, застанецца неразгаданай таямніцай савецкай гісторыі, але фактычна рабілася гэтак: раз на тыдзень будматэрыялы спачатку разгружалі, а потым дзялілі (строга па чарзе і старшынстве) і развозілі дзеля патрэбаў сямейных на сваіх машынах. Начальнік аб’екту падганяў не легкавік, а грузавічок. (На тое ён і начальнік, каб больш за ўсіх ад жыцьця браць.) Посткамунізм і толькі! А правільней — рай! Рай — гэта і ёсьць посткамунізм (ад кожнага і кожнаму — па жаданьні!), і няма чаго тут нешта прыдумляць!
“Адпрацаваўшы” сьвятую належную гадзіну, за якую Руслану дасталіся прэміяльныя ў выглядзе паддону цэглы, дэфіцытнага чэшскага блакітнага унітазу, скрынкі цьвікоў, дзьвюх бляшанак белай фарбы, чатырох ўпаковак зварачных электродаў, меху цэменту, дзьвярнога замка (усяго і ня ўспомніш), наш вадзіцель на гэты тыдзень афіцыйную працу скончыў. Завёзшы дадому няўлічаныя ані ў адным “дзяржплане” прэміяльныя (джыгіт яшчэ і зарплату атрымліваў!), ён зноў прыступіў да левага прыробку: абслугі гасьцей і кліентаў з далёкай Еўропы-Беларусі.
Гэтым разам мы кіраваліся да мясцовага эскулапа, пра візіт да якога наш памочнік-вадзіцель дамовіўся напярэдадні.

ІV.

Медыцыну ў Каракуміі за гады савецкай улады так і не ўдалося зрабіць бясплатнай, і Руслан дрыготкай рукою, амаль ня гледзячы на дарогу, прытрымліваючы руль адно левым каленам, ці не пятнаццаты раз то клаў у канверт трэцюю “пяцёрку”, то вымаў яе. Нарэшце, ня вытрываўшы, ён матлянуў галавой і, злосна плюнуўшы на “праклятага абдзіралу”, працэдзіў:
— Ды хай ён падавіцца!
З гэтае міжвольна выяўленай шчырасьці я зразумеў, што каракумскаму эскулапу ўсё роўна, дзеля чаго ты да яго ў госьці завітаў: лекавацца, пагаварыць душэўна ці яшчэ па нейкай рупнай прычыне. Галоўнае — ты прыйшоў, а не да цябе, ты і плаці…
Вось гэткі вобраз доктара-крывасмока (грошыкі ж людзям крывёю дастаюцца — большасьці, вядома) склаўся ў мяне, і, само сабою, ехаць да яго ахвоты не было.
А “крывасмок”, наўзьдзіў аказаўся чалавекам прыстойным і цывілізаваным: акуратна падстрыжаныя скроні і патыліца, беласьнежны шаўковы халат, пах дарагога адэкалону, гаворка без азіяцкага пранонсу, які каверкае словы. Праўда, ветліва доктар вітаў толькі нас. Пасьля рабскага паклону і нясьмелага падкладваньня на краёк стала канверту Руслан, заікаючыся, выціснуў:
— Гэ-эта мае госьці з Беларусі…
Доктар замест адказу пстрыкнуў двума пальцамі ў бок дзьвярэй: “Пайшоў!”.
І Руслан пайшоў…
“Ты глядзі, які аўтарытэтны таварыш, — падціснуў я губы. — Нават зяця Зу-зу нулём лічыць! Нездарма Руслан усю дарогу калаціўся ад страху”.
Пазьней зразумеў: вяршэнства старэйшых над малодшымі на гэтых землях закладзенае ў генах.
Застаўшыся з намі, суровы доктар умомант ператварыўся ў добрага Айбаліта і згладзіў узьніклую няёмкую сітуацыю:
— Няварта ўсё бачанае ў нашых краях прымаць блізка да сэрца. З абарыгенамі толькі гэтак і трэба абыходзіцца. Інакш нельга — тут жа на карак сядуць. Усход — штука тонкая і жорсткая… — Доктар разгарнуў шматок паперы і прадоўжыў: — Хоць бы той жа Руслан… Дзеці пустыні і ёсьць дзеці пустыні! Прысылае малодшага брата з запіскай. (Можа, гэта па ёй доктар зараз пальчыкамі паляпвае?) Чытаю: “Вельмі паважаны…” (Акурат па ёй!) Так, гэта няважна… Во: “Пайшоў трэці дзень, як бульбашы прыехалі па машыны і пасяліліся ў нашай гасьцініцы. Я, само сабою, узяўся дапамагчы, а тут, як на ліха, перад Новым годам усе распрадаліся. Вы ж ведаеце, у студзені новая партыя чакаецца… А я пра яе зусім забыўся… І вось вынік… Што рабіць? Дапамажыце…”
Доктар падняў на нас добрыя, поўныя прыязнасьці вочы, спытаў:
— Зразумела, шаноўныя госьці, пра што Руслан турбуецца? Тады — едзем далей. Просьбу хлопца я без увагі не пакінуў. Хоць, напэўна, вы і спытаеце, дзеля чаго паважанаму доктару, для тутэйшага люду чалавеку амаль сьвятому, дапамагаць нейкім прыезджым беларусам? З якое такое прычыны? На гэтае пытанне з ходу і не адкажаш. Прапаную, таварышы, прайсьці ў дворык, пад навес і там, дзе не так задушліва — чуеце, ветрык пагульвае? — папіць чайку, а заадно і пагаварыць.
Ня ведаю, як Вахтанг і Гарык, а я пачаў прыслухоўвацца да доктаравых словаў. І праўда ж: што яму да нас, прышэльцаў з іншага сьвету? І чаму ён сказаў ня проста пра нейкіх прыезджых, а — пра прыезджых беларусаў? За гэтым нешта ёсьць?
Мы прайшлі ва ўнутраны — за домам — дворык, селі, падкурчыўшы пад сябе ногі, на сьпецыяльным узвышэньні пад стрэшкай ад нясьцерпнага сонца (у нас бы — перш-наперш ад дажджу) за шчодра застаўленым усходнімі ласункамі нізкім столікам, па-тутэйшаму — дастарханам. Гаспадар наліў зялёнай гарбаты. З апетытам сёрбаючы яе з тонкага, амаль празрыстага, парцалянавага кубачку, гасьцінны “крывасмок” несупынна гаварыў, гледзячы на мяне і нібыта адказваючы акурат мне на тыя ўзьніклыя, зусім невыпадкова, аказваецца, пытаньні:
— З нейкага часу, сябры, лічу беларусаў сваімі братамі, — пачаў аповед доктар, калі мы трошкі асвойталіся за імправізаваным застольлем. — Мяркую, пасьля таго, што пачуеце, вы зразумееце, чаму. Пачну здалёк. Паходжу я са старадаўняга і шаноўнага роду. І род мой нікому і ніколі ня быў вінен. А на мне раптам, па незалежных ад мяне прычынах, павіс і дагэтуль вісіць адзін даўжок. І не зьдзіўляйцеся — менавіта перад беларусамі. Даўно ўжо вісіць, а выканаць яго я ня мог: беларусы за маёй тут бытнасьцю яшчэ ні разу да нашых мясьцінаў не дабіраліся. А рэч вось у чым. Калі я паступіў у Першы маскоўскі медыцынскі інстытут, мне сьпярша было страшэнна цяжка вучыцца: залічалі ж нашага брата, сярэднеазіята, само сабою, за грошы, а засвойваць курс даводзілася “сумленна” — самі разумееце, усіх ня купіш! Думаў, капцы мне. Адно сьвяціла: вяртацца ў аул — бараноў пасьвіць ды авечак стрыгчы…
Доктар памаўчаў, зьвесіўшы галаву, быццам страшэнна засмучаны чалавек. Потым схамянуўся, скінуў з сябе горкую безнадзейную асуджанасьць, сонечна ўсьміхнуўся:
— Ды знайшоўся адзін чалавек, узяў мяне на буксір, пацягнуў за сабой, і мы — паехалі. Пазьней, калі я ўвайшоў у “працэс”, у рытм, пачаў рыхтавацца самастойна і неўпрыкмет нават захапіўся вучобай…
Сьвідруючы вострымі чорнымі вачыма акурат мяне, доктар секануў:
— Чалавек, які тады ўратаваў сёньняшняга вашага апавядальніка, быў з Беларусі, з-пад Магілёву. Ён скончыў інстытут з чырвоным дыпломам і яго пакідалі на кафедры вучыцца далей у ардынатуры, але выпускнік неўспадзеўкі выказаў жаданьне служыць на Паўночным флоце. Бо (як ваш зямляк мне пасьля, з Мурманску, пісаў), з дзяцінства, прачытаўшы “Дваццаць тысяч лье пад вадой” (колькі людзей гэтыя “лье” паклікалі ў дарогу!), марыў плаваць на падводнай лодцы. Ведаючы, што па стане здароўя ў вайсковае вучылішча ня пройдзе, паступіў у медыцынскі інстытут, спадзеючыся такім шляхам праскочыць на флот. І трэба заўважыць, ён свайго дамогся: трапіў на падводную лодку. Гадоў пятнаццаць назад яна патанула. Чаму? Сапраўдная прычына, думаецца, да гэтага часу засакрэчаная… — Доктар зноў замаркоціўся, уздыхнуў: — Такая вось гісторыя. Ды нічога ня вернеш. — І яшчэ больш тужліва дадаў: — Гэтак я і не адплаціў свайму беларусу дабром за дабро. Цяпер трэба сплачваць доўг беларусам наогул. Ягоным землякам…
Расчуліў мяне ды, напэўна, і Вахтанга з Гарыкам доктараў аповед. Уражваў трагічны лёс безыменнага земляка, ратавальніка нашага сентыментальнага і гасьціннага гаспадара. На нейкі час нават прыцьмела ўсьведамленьне таго, дзеля чаго я тут з кампанейцамі.
Але доктар нечакана, амаль без паўзы, вярнуў нас, кажучы сёньняшняю моваю, да парадку дня:
— Цяпер узгадаем мэту вашага прыезду. Хацелася б адразу ўдакладніць: ня проста па шкоднасьці ня можа Руслан знайсьці вам машыну. Апошнім часам з усяго Саюзу кінуліся ў нашу глухмень аўташукальнікі і падчысьцілі тутэйшыя засекі грунтоўна. Але для беларусаў, абяцаю, што-небудзь знойдзем… Дарэчы, пакуль не забыўся. Раю ня толькі на машыны паляваць, але і да мясцовых крамаў і крамак прыгледзецца. Актыўная Каракумская мытня закідала іх заморскім таварчыкам пад самую столь. Калі мяне па разьмеркаваньні загналі ў гэтую глушэчу, я гады тры запрашаў сяброў-аднакурснікаў прыехаць адпачыць, а заадно і набыць абноўкі па сьмешных коштах. Цяпер я — галоўурач, не да скупкі-перакупкі. Зрэшты, і ўдзячныя кліенты не забываюць — быць здаровым усім хочацца…
Крамкамі з заморскім таварчыкам доктар зноў адвёў нас ад прадмету сустрэчы. І гарбатка зялёная — добра, і зычлівая ўсьмешка — добра, і нават трошкі сарамлівае ўпамінаньне пра ўдзячных пацыентаў — таксама добра, але пара б ужо і да справы. І калі доктар сказаў: “А цяпер…”, мы натапырылі вушы. Аказалася — дачасна.
— А цяпер лічу неабходным сьцісла ўвесьці вас у курс мясцовых звычаяў і ладу жыцьця, — прадоўжыў “крывасмок” (зноў прыгадалася забытае было слова). — Яны досыць дзіўныя і гэтым цікавыя. Але спачатку прапаную зноў напоўніць кубачкі. Бачу, вам ня надта даспадобы зялёная гарбата? Не праблема, памяняем на чорную. Але ўсё ж хачу параіць: пастарайцеся прывучыць сябе піць і зялёную. Хоць бы чаргаваць яе з чорнай. Вынік не прымусіць доўга чакаць. Праўда, самі вы гэта, магчыма, адразу і не адчуеце. Першай адчуе жонка…
Пакуль мы ўсьміхаліся з амаль цалкам інтэлігентнага доктаравага жарту, была пададзеная чорная гарбата. Мы, урэшце, не асабліва і прагнулі яе, але ўжо, за дзень-другі, зразумелі, што гарбата тут у першую чаргу не пітво, а — баўленьне часу. І нават нешта большае. Як у нас не вырашаюцца справы без “моцных напояў”, так тут — без гарбаты. Разумеючы гэта, мы таксама — усьлед за гаспадаром — дружна пацягнуліся да кубачкаў.
— Дык — пра тутэйшыя звычаі, — працягваў між тым доктар. — Паабедзенная лагоднасьць дзяцей пустыні — ня мае межаў — правёў рукою, быццам акрэсьліваючы небакрай. Усьміхнуўся і перайшоў на пафасна-жартаўлівы тон. — Прыняўшы дозу — укалоўшыся ці накурыўшыся, галава сям’і як бы зьнікае, зьліваецца са сьвятым духам, вызва­ляючы гэтак неабходную ў жытле шматдзетнай сям’і прастору. Вяртаецца ж зноў у сьвет жывых быццам з ніадкуль. От не было нікога на ганачку — і на табе! — ёсьць! Усьмешлівы вясёлы чалавечак з кубачкам зялёнага чыфірчыку сядае на ніколі не фарбаваны ганак, асалавела азі­рае родную бязьмежную пустыньку і ўсмоктвае першы адпускны глыток — асьцярожны, нясьмелы, маленькі-маленькі. За ім — другі, больш рашучы, больш жыватворны. “Ха-а-а… — выдыхае-растае нашчадак аднаго з так і недарэзаных камуністамі басмацкіх родаў. — Якшы-ы… —І зноў глыток: – А-а-а…” – І доўжыцца гэта да вечару…
— Вы проста паэт! — не стрымаўшыся, перабіў я доктара. — Як сакавіта працэс адыходу ў кайф апісалі! І праўда, райскае жыцьцё зладзілі для некаторых ня вельмі сьвядомых народаў кіраўнікі роднай камуністычнай партыі і доблеснага савецкага ўраду. А як бульбаш ці хахол, дык — да станка яго, гада, да станка! І за тры капейкі ў дзень, за тры капейкі! Як паўднёва-ўсходні таварыш-сусед, нашчадак варвара Чынгісхана, дык — на яму, родненькаму, чыфірчыку, на! Хай прахалоджваецца-адпачывае! Толькі б не чапаў той станок: угробіць жа…
На зьдзіўленьне (і дзякаваць Богу!), доктар не пакрыўдзіўся, наадварот, падтрымаў мяне:
— Цалкам з вамі згодны! Нездарма гаворыцца: кесару — кесарава, а… Пра гэта, мяркую, мы яшчэ пагамонім. — І нарэшце-такі, зусім зьнячэўку, прамовіў: — Цяпер вернемся да вашага клопату. Я аддаю вам вы­дзеленую мне Мінздравам машыну… Не-не, не махайце рукамі! Вы ня так зразумелі. Я аддаю вам не машыну, а — чаргу на яе. На жаль, ня маю магчымасьці за вас яе аплаціць, самі бачыце — будуюся, другі паверх нават ня скончаны, але, як кажуць, чым багаты, — памагу: тысяча-другая заўсёды знойдзецца…
Магчыма, камусьці падасца, што не было асаблівай патрэбы ўзгад ваць тут досыць падрабязна чаяваньне за доктарскім дастарханам. Я з гэтым не пагаджуся. Сустрэча з “беларускім даўжніком” у пясках Каракуміі — ці не важнейшая частка нашай адысеі. Калі б ня доктар і не яго высакародны ўчынак — акурат гэткая адплата доўгу заўчасна загінуламу сябру, — дык што было б далей? А нічога! “Фініта ля камедыя”! Цалкам магло б здарыцца так, што вярнуліся б мы з пяскоў сыпучых наогул без “караў”, а хіба што — з пяском: у кішэнях, як ужо гаварылася, і на зубах. Таму доктару — доктарава! Тым больш, што скончыў ён менавіта, яшчэ раз падкрэсьлю, словамі, якіх больш за ўсё прагнула душа мая, як і душы маіх сяброў-спадарожнікаў:
— Так што, калі не пярэчыце, прапаную праехацца ў аўтамагазін. Нас там ужо чакаюць…

V.

Паўтаралітровую малочнага колеру “пяцёрку” я ўпадабаў адразу. Грошай на дзяржцану (за парогам магазіна машына каштавала ў паўтара-два разы даражэй) хапіла, і доктару раскашэльвацца не давялося. Праўда, ад куплі і далейшай прэзентацыі яркіх югаслаўскіх чахлоў да яе я “даўжніка беларусаў” не ўтрымаў. Адным словам, засталося здабыць машыны Гарыку і Вахтангу. Тут зноў паспрыяў доктар. Выправіў хлопцаў з запіскай дадому да бальнічнага заўгаса. Той, прачытаўшы пасланьне, пачухаў няголеную патыліцу, але дагледжаную, колеру казачна далёкай адсюль марской хвалі “капеечку” з гаража выкаціў.
Машына з ходу ўпадабалася Гарыку. Упадабалася, а грошай не хапала: на такі варыянт мастацкі кіраўнік хору, а заадно дысідэнт і зацяты антысаветчык не разьлічваў. Меркаваў купіць нешта прасьцейшае, абы ехала лепш за дзедаўскі “Масквіч”, які праз раз кудахтаў і глухнуў (набыты яшчэ ў год выхаду на экраны стужкі “Сьцеражыся аўтамабіля”). Заўгас жа беларусам нічога вінен ня быў, і хоць дзеля начальніка-доктара мог істотна папусціцца з цаною, але ж не настолькі, каб аддаваць выпешчаную прыгажуню бясплатна. Потым Гарык распавядаў: у той момант у яго сьвярбелі рукі пазваніць доктару, паклікаць мяне і параіцца, што рабіць, можа, у “пратэжэ” пазычыць адсутную суму, але падумаў і вырашыў не перагінаць кій — чалавек і так усё магчымае для нас робіць.
Здавалася, выйсьця не было. Ды нечакана на выручку прыйшоў Вахтанг:
— Давай, дружа, возьмем яе на дваіх, усё ж не чужыя мы людзі — суседзі, а дома разьбярэмся, што да чаго і хто каму і колькі вінаваты.
Гарык павагаўся, павагаўся: вельмі ж хацелася мець акурат асабістае аўто, але — пагадзіўся:
— Усход — штука тонкая, аднак — даражэйшая, чым доўгія языкі мянташылі…
Адным словам, мы не паехалі пустымі з краіны далёкай, ды, як высьветлілася, зусім не казачнай. Цяпер, калі мінулі гады, я разумею, што тады нам проста пашанцавала — мы ўскочылі ў апошні вагон апошняга цягніка. Пасьля нас, калі ў Каракумію хто і езьдзіў па “кары”, дык вяртаўся, як зазвычай, на сваіх дзьвюх і з досыць тужлівай фізіяноміяй…
“Банкет” з нагоды пачаўся рана, яшчэ ўдзень. І пачаўся ня ў доктара. Выбачыўшыся, што з гасьцямі больш заставацца ня можа — выклікалі ў сталіцу (памятаецца, нешта казалася пра павышэньне), ён перадаў нас свайму дружбаку, дырэктару школы.
Сябра нашага сябра прапанаваў “амаль земляку” Вахтангу выбраць з самапасных бараноў найбольш апетытнага, а мне — прадэгуставаць з дзясятак марак тутэйшых вінаў. Я аддаў перавагу беламу дэсертнаму, і яго прынесьлі скрынку, што вельмі зьдзівіла: думалася, будзем піць, як калісьці ў гасьцях у Ерэване, — з бочачкі.
Гатавалася ўсё ў тандыры (паўтараметровай печы, якая нагадвала ў анфас падкову) проста на нашых вачах, і вострыя сьлінагонныя пахі туманілі нязвыклую да іх сьвядомасьць.
Галоўны настаўнік, вядома ж, заўважыў гэты нонсенс і яшчэ задоўга да духавой бараніны нам прапанавалі разьвеяць туман бакалам маладога віна. Яго прынесла гаспадыня, якая так і ня села з намі за стол.
Усход — штука тонкая, але — не жаночая…
Не прамінула і гадзіны, як шашлыкі і манты пачалі зьнікаць са стала бы ў фокусніка. Шчыра прызнаюся: ніколі, ні раней, ні пазьней, я ня еў нічога такога фантастычна смачнага. Ні ў хітраванаў-палякаў, ні ў працаголікаў-скандынаваў, ні ў вечна бесклапотных баварцаў, ні ў адлучаных ад свету таёжных сібірскіх паляўнічых, ні ў бандзюкаватых гаспадароў Уладзівастоку, ні ў падманліва марудлівых арабаў… Віно падагравала кроў, але зусім па-іншаму, чым тое, што прадаецца ў нашых мясьцінах. Ня столькі хмяліла, як весяліла, узбадзёрвала, дадавала моцы. Хацелася жыць, жыць і жыць! Доўга і шчасьліва. І каб усе былі шчасьлівыя! Усе і заўсёды!
Раніцай падняліся з надзіва сьвежымі галовамі — во напоі і закусачка каракумскія! — і, нават сьпехам не пасьнедаўшы, пачалі зьбірацца ў дарогу. У гасьцях — добра, але ж калі-небудзь і дома трэба зьявіцца.
Аднадушна пагадзіліся, што больш вопытны вадзіцель Гарык паедзе адзін і за намі, а я і Вахтанг, як нядаўнія выпускнікі вадзіцельскіх курсаў, паціху пакоцім наперадзе, падмяняючы адзін аднаго за рулём.
У такой пасьлядоўнасьці нас і праводзіў галоўны школьны настаўнік. Усьмешкай, жылістым целам і ўпэўненай хуткай хадою ён нагадваў таго, “першага”, з вядомага кінафільма.
“Дырэктар — жыўчык і разумнік, — адзначыў я, сядаючы ў машыну. — А дзятва, якую ён вучыць грамаце, — напаўмёртвая. Ад сьпякоты, напэўна… — Ужо ў дарозе прыйшло ў галаву яшчэ адно назіраньне: — у Каракуміі, каб быць Паважаным Чалавекам, дастаткова вывучыцца і не глытаць наркату штогадзінна. У нас паўкраіны з дыпломамі і шпрыц ніколі ў руках не трымалі, а Паважаных — адзінкі…”

VI.

Бяскрайнюю пустэльню разрэзала роўная і вузкая, як між польскімі мястэчкамі, палоска асфальту. І на гэтай “вузкакалейцы” вёрстаў гэтак праз пяцьдзесят, а можа, і праз сто, расстаўлены сабачыя будкі. Зрэшты, не зусім сабачыя, хутчэй — тэлефонныя, у якіх усё роўна сядзяць сабакі, гэта значыць — даішнікі, што для многіх (не тутэйшых) адно і тое ж.
Пустэльня і ёсьць пустэльня — ніводнай лішняй малекулы! — і будка відаць, нібы на далоні. І вы, як чалавек-нядурань, — а ня дурань, калі машыну купілі, а перад гэтым яшчэ на яе і зарабіць умудрыліся, — узі­раецеся ў сьціплы прыборны шчыток пад імянной назваю “Ура — Італія! — працяжнік — год шэсьцьдзесят сёмы” і з палёгкаю выдыхаеце: едзеце нават не дазволеныя “семдзесят”, а ціхія “пяцьдзесят пяць” — парадачак! Далей папраўляеце рэмень бясьпекі: як ён? Зашпілены? Нармальна! Што яшчэ ня гэтак? “Ручнік”? Не, ручнік правяраў перад выездам — трымае. Пра што мог забыцца? От чорт, — аптэчка! Не, ня чорт: каб доктар і без аптэчкі? Глупства несусьветнае! Ёсьць аптэчка! Якія яшчэ могуць узьнікнуць пытаньні? Алкаголь? Пілі ўчора. Па тройцы дэсертнага “бэтэ” на брата — хіба гэта піцьцё? У дадатак замест сьняданку прынялі па літру малачка казінага — страўнікі прачышчалі. Забыць! З алкаголем у хлопца ў фуражцы, калі спыніць, таксама нумар ня пройдзе. Бадай, усё. Рулюем, усьміхаемся, не хвалюемся. “800 метраў да паста ДАІ”, “400…” Дзе гэта яны столькі дарожных знакаў у пустэльні пазнаходзілі? І чаму дагэтуль па хатах не разьнесьлі? Дзівосы. Непадобна на тутэйшую публіку…
Вылазіць таварышок, вылазіць ласкавы. Яшчэ б ня вылез. Яму ж з будкі далей відаць, чым мне з кабінкі “жыгулька”.
“Да ўзбочыны, да ўзбочыны”, — паказвае паласатай палкаю дарожны начальнік, і каманду я выконваю. У мяне ж ўсё о’кей, якія праблемы?
— Дарагі госьць нашага сонечнага краю! — ашаламіў, быццам улез мне ў грудзі і пагладзіў па сэрцы дарожны дазорца і, здаецца, ілюзіяніст плюс казачнік. — Велікадушна прашу прабачыць, што перапыніў ваша доўгачаканае вяртаньне на Радзіму, — выйшла рука з маіх грудзей. — Ці не жадаеце прайсьці ў мае апартаменты? Будзеце прыемна зьдзіўленыя!
Гэта ўжо абсалютны перабор! Якая гаворка! Якія манеры! Добра, доктар у Першым ММІ вучыўся, шэсьць гадоў мазгі сушыў, Руслан ад цешчы, вялікай паклоньніцы Пушкіна, і, між іншым, выпускніцы А-ага наргаса, куды простага сьмяротнага і з круглымі пяцёркамі ў атэстаце ня возьмуць, нахапаўся, але — дарожны мент? Дзівосы! Шахерэзада ды і толькі…
Мент у чаканьні ўсьміхнуўся, і трэба было штосьці адказваць.
— Пытаньне рытарычнае. Хвілінку, прыхаплю дакументы…
— Ня трэба ніякіх дакументаў! І так бачу: харошы чалавек за рулём. А таварыш ваш, здаецца, з сонечных краёў родам?
Вахтанг неяк неактыўна пацьвердзіў здагадку і нават вяла павітаўся, але з машыны ня вылез (жыхары поўдня чамусьці ўсе адзін да аднаго ў прысутнасьці жыхароў поўначы не раўнадушныя), — зрэшты, на гэтым ніхто і не настойваў. Я рушыў да “апартаментаў”. Трэба было зайсьці ў будку і як мага даўжэй адцягнуць увагу даішніка. Тады ў Гарыка, які прытармазіў непадалёку, зьявіўся б шанец праскочыць без дагляду.
— Прашу! — адчыніў перада мною дзьверы старшы лейтэнант. — Усход — штука тонкая і… — гасьцінная! Не чакалі?
Я прыціх. Ніжняя, закрытая частка будкі была абвешаная шыкоўнымі імпартнымі жаночымі касьцюмамі — з тых, што называюцца “на выхад”. У такіх апратках і па вечаровых Канах можна пашпацыраваць! І сапраўды — ня мент, а ілюзіяніст!
— Ангельскія рэчы! Не якое-небудзь “шыла” мэйд ін Турцыя, якім усе прамтаварныя навокал заваленыя: бяры — не хачу! — ажыў старлей, злавіўшы мой заблішчэлы позірк. — Выбіраем каханай жанчыне падарунак. Машына — гаспадару, суперубор — яго красуні! Усе радыя, задаволеныя і шчасьлівыя! Поўны, удакладню, камплект! І аддаецца ўсё за трэць кошту, бо (гасьцям можна прызнацца) таварчык на рэалізацыю брат з мытнага канфіскату перадаў. А дасьць Бог, пасябруем-парахуемся, дык і на карце пакажу — у вас, бачыў, атлас аўтадарог ёсьць, — як пасты з нашымі хлопцамі да самага Краснаводску (цяпер перайменаванага, зразумела, па просьбах працоўных, у Туркменбашы) ня надта кемнымі, аб’ехаць, а калі зловяць — навучу, якія байкі для адбіўкі распавесці…
Сукенкі былі ашаламляльныя, але нават за трэць цаны грошай хапіла толькі на адну. Затое самую лепшую! (І для якой-такой тутэйшай цемнаскурай красуні кантрабандыст супердарагую Шанель валок?) Цяпер усё, фініш, аніякіх дарожных пакупак. Грошай у абрэз нават на бензін…
— Трымайцеся, бульбашы! — пажадаў нам бізнэсоўца-даішнік, калі мы зноў крануліся ў дарогу.
Доўга ня мог я забыць безыменнага кантрабандыста, вылаўленага братам даішніка. Хацеў хлапчына падзарабіць, чагосьці дасягнуць у гэтым жыцьці беспрасьветным, а цяпер — што? Цяпер косьці на нарах пар і плач, успамінай дзянькі вясёлыя. Нічога ня зробіш: суадносіну “рызыка — прыбытак” кожны выбірае сам і па меры сваіх здольнасьцяў.
Запомніўся і старлей-даішнік, што ўручыў мне ў знак удзячнасьці за пакупку нечаканы прэзент — жаночыя лайкавыя пальчаткі. (“У нас усё роўна не спатрэбяцца”.) Стрымаў ён і слова — намаляваў на атласе, дзе і як аб’язджаць сяброў дарожных. А дзе гэта немагчыма – што казаць, якія байкі для “адбіўкі” баяць.
Ну і браткі! Не працаўнікі пільнай сферы, а адладжаны мытна-даішны тандэмчык бізнэсоўцаў: першы рабуе тых, хто прыязджае, другі — за бясцэнак збывае нарабаванае тым, хто ад’язджае, у дадатак падказвае выйсьце з пясчанага лабірынту.
І варта адзначыць: апошняе было даражэй за ўсё, таму што амаль бяз збояў і яшчэ да надыходу цемры дапамагло нам дабрацца да аўтапляцоўкі парому, што плыў па маршруце “Краснаводск — Баку”. На ім мы і павінны былі пераплыць Касьпій.
Тут, праўда, без ускладненьняў не абышлося.
Два жвавыя, упартыя да немагчымасьці, азербайджанцы-карцёжнікі са шматстайнасьці сабранага на пароме народу для сваіх несумленных гульняў чамусьці выбралі ў напарнікі мяне. Ці то выгаралы да бледна-жоўтага “колер” маіх валасоў ім не спадабаўся, ці то мардаграфія, падсмажаная каракумскім сонцам (як, зрэшты, ва ўсіх “паўночнікаў”), іх нервавала. Фініш гульні, як і трэба было думаць, атрымаўся скандальны, з бойкай, і калі б своечасова не вынырнуў (з трума, ці што?) Гарык, які, на маё шанцаваньне, няблага ведаў арабскую, значыць трошкі і азербайджанскую, — дык невядомаму менскаму радыёінжынеру і меламану ў адной асобе маглі б і кранты быць: карцёжнікі ўжо нажы падаставалі.
Нацыяналіст Гарык пытаньне, як кажуць, закрыў, але больш ад мяне не адыходзіў. Напэўна, адчуваў, што яшчэ ня ўсе свае думкі і не з усёй пяшчотаю я выказаў шулерам. Правільна адчуваў.
Потым ён мне патлумачыў, як супакоіў карцёжнікаў: “Грошы ў хлопца даішнікі вытраслі, так што дарэмна з жабраком час марнуеце. Яшчэ ня позна знайсьці і абуць сапраўды ўпакаванага лоха”. Тады ж і прызнаўся Гарык, што паказаў на Вахтанга, які стаяў паблізу.
Я аслупянеў: чаму ён гэтак? Менавіта ж Вахтанг падаў яму руку дапамогі, без чаго не каціў бы цяпер аматар фантастыкі ў сваёй (няхай пакуль і “на двух”) тачцы. Прытым, абодва — паўднёвыя, скажам так, браты. Тут ужо і праўда задумаешся: усход — штука тонкая…
Зрэшты, Гарык ведаў, што рабіў: з плячыстым Вахтангам лёс-удачу карцёжнікі выпрабоўваць ня сталі.

VII.

Суша сустрэла нас танкамі, перакрытымі дарогамі, зачыненымі крамамі і бесперапыннымі праверкамі дакументаў. Нейкі рызыкоўны мясцовы афіцэр бакінскую ўладу, як ён лічыў, ушчэнт карумпаваную, спрабаваў зваліць, ды нумар у порсткага не прайшоў. Мафія — несьмяротная!
Гадзіны тры мы прабіраліся праз кардоны, пасты і шлагбаумы, але паступова яны надараліся ўсё радзей і радзей, пакуль, нарэшце, ня зьніклі.
Выявілася, мы ўжо заехалі ў Дагестан — краіну Расула Гамзатава-Казлоўскага (гэтак, здаецца, звалі ягонага перакладчыка-перапісчыка), краіну здароўчага для лёгкіх паветра, спакойных, але непрадказальных барадатых мужчынаў, невыразных жанчын і па-мурашынаму мітусьлівых (у адрозьненьне ад каракумскіх) — галодных, ці што? — дзяцей. Самы спакойны, як мне падалося тады, край. Заказвай, выбірай, плаці і шуруй далей. Бай-бай…
Дэрбент, Ізьбербаш, Махачкала, Хасавюрт — усё на адным дыханьні…
Праімчаўшы без прыпынкаў па самым спакойным да Стаўрапольля (Чачню з яе тады яшчэ ня грозным Грозным у сьпешцы не заўважылі), вырашылі, што досыць гонак, час прытармазіць, заправіць машыны і задаволіць галодныя страўнікі. Прышвартаваліся ля запраўкі-забягалаўкі. Запоўнілі бакі і завіхнуліся было выпрабаваць арганізмы падазронай прыдарожнай ежай, ды — не даелі. Таварышы-бандыты з вялікай дарогі (з часам гэтыя хлопцы перабудуюцца ў больш культурных, але ня менш нярвовых рэкеціраў) ужо наладзілі кантроль за аўтаперагоншчыкамі, і заставалася самае лёгкае — здымаць капусту.
“Самае лёгкае”? Каб жа! Паспрабуй, пасьпей за ўсімі, прасачы, не празявай каторага хітразадага! Нас от прашляпілі, калі абкладвалі разамлелых ад шчасьця ленінградцаў (хлопцы дзесьці адхапілі чорную “дваццацьчацьвёрку”!).
На ўсялякі выпадак далей (у Паўночнай Асеціі і Кабардзіна-Балкарыі) мы амаль не спыняліся, рулілі без перадыху. Здаліся толькі на запраўцы ў нейкай несусьветнай глушэчы ўжо за Мінеральнымі Водамі, дзе не было знаку прысутнасьці ня тое што рэкеціраў, але і наогул жытла.
Смуглая чарнавокая краля-запраўшчыца, на выгляд і па апратцы відочна старшакласніца, прапанавала-прамурлыкала зазірнуць на агеньчык у пакой адпачынку і, як здагадаўся, каханьня. Пушок над ейнымі ярка пунсовымі ад прыроды вуснамі, якія яшчэ ня ведалі памады, зьлёгку пакрыўся потам ад хваляваньня. І з якое гэта прычыны дзеўчына ў краях гарных мужыкоў-казакоў галодная ходзіць і наважылася на прыдарожны флірт, па чутках досыць небясьпечны? Хіба я адзін гэткі герой па дарозе хуткасьці пераключаю? Наўрад…
— Паспрабаваў бы спачатку! — у адчаі павысіла голас малалетняя красуня, калі зразумела, што госьць не зазірне на агеньчык. Але я задушыў у сабе небясьпечнае жаданьне, не рызыкнуў здароўем і Бог ведае чым яшчэ.
Такія прапановы перадыхнуць і расслабіцца гучалі з вуснаў дарожных каралеў і Краснадарскага краю, і Растоўскай вобласьці, і па ўсім поўдні Украіны да самай яе слаўнай сталіцы. І цяпер прымаўку: “Язык да Кіева давядзе”, я разумею па-свойму. Раз, з цікаўнасьці, зазірнулі ў хахляндскую сталоўку, але і там няўрымсьлівыя мясцовыя дзяўчаткі спакойна падсілкавацца не далі. Надзіва рухавая для свайго сем на восем цела кухарка тут жа парасьпіхвала канкурэнтак з “раздачы” і падсела да нас за столік. Да канца трапезы так у рот і праглядзела. Як я даеў і не папярхнуўся?
Самае дзіўнае, што ўсе дзяўчаткі былі вельмі апетытныя: і грудзі — сукенка трашчыць, і вочы — не адарвацца, і ўсьмешка — палымяна-вабная: “Ты вазьмі мяне з сабою…” І чаму мужчынская брація ў гэтых мясьцінах разгубілася? Неразгаданая для мяне дагэтуль таямніца.

VIII.

За Кіевам наваліўся несусьветны туман. У такое марыва я патрапіў упершыню: дарогі за два крокі — не відаць.
Упарты грузін спрабаваў ехаць кіламетраў дзесяць за гадзіну, пакуль ледзьве не пацалаваўся з шыкоўным, у тры абхваты, дубам. Спыніліся перачакаць. Гэтак бы, напэўна, і адпачывалі невядома колькі, калі б рап там, нібы на самалёце, міма нас не пранёсься нейкі вар’ят. Заведзены гэтым выбрыкам якогасьці дзівака, Вахтанг, не раздумваючы, ірвануўся ўсьлед за гоншчыкам.
— Дудкі, мяне так проста ня возьмеш! — лямантаваў ён па-чапаеўску.
Сьмяртэльнай хваткай Вахтанг “учапіўся” за бампер здагнанай машыны невядомага сьмельчака. Так да Казельцаў на халяву і пракацілі.
На ўказальніку “Нежын” наш вядучы збочыў направа і прытармазіў.
Спыніўся і Вахтанг. Дастаў з бардачка дзяжурную — даішную — пляшачку і занёс яе нашаму звышзоркаму павадыру.
Высьветлілася, што ня гоншчык быў звышзоркі, а яго супрацьтуманкі са стоватнымі японскімі галагенкамі.
Разьвітваліся перазвонам сігналаў…
Дзесьці пад Чарнігавам Гарык, які ўвесь час старанна і моўчкі трымаўся ззаду, рынуўся наперад.
— Пайду цяпер я паравозам, стаміўся на хвасьце ў салаг сядзець! — крыкнуў ён у прыспушчанае правае акенца іх з Вахтангам “сямейнай” машыны. — Заўтра ў Асі дзень нараджэньня! Абяцаў абавязкова быць! І буду!
Так і пайшоў верны муж наперад, толькі мы яго і бачылі. Спачатку, гледзячы яму ўсьлед, зьдзекаваліся нязлосна: ну адрывайся, адрывайся, сьпяшайся да сваёй пульхненькай імяніньніцы. А вядома ж: пасьпяшыш — людзей насьмяшыш, бо сказана даўно і слушна: едзеш цішэй — бу­дзеш далей. Жартавалі-пасьміхаліся і не заўважылі, як сапраўды здорава адсталі. Ці то Гарык занадта высільваў “капейку”, сьпяшаўся на імяніны да каханай жоначкі, ці то мы часьцей, чым неабходна было, спыняліся, мяняліся месцамі ды перакурвалі.
Ужо ў адзіночку пракацілі па цэнтры Рэпак і абагнулі яшчэ парачку сельскіх мястэчак. Але дзе б мы ўсе гэтыя апошнія суткі ні кацілі і што б ні абгіналі, нязменна падымаліся па мерыдыяну зямнога шарыку ўсё вышэй і вышэй і, значыць, апыналіся ўсё бліжэй і бліжэй да роднай зямелькі.
Такім манерам адматалі без сну (ад самага Баку) дваццаць восем га­дзінаў. Я прапанаваў далей лёс не выпрабоўваць і перадыхнуць. Але Вахтанг — ён якраз сядзеў за рулём — заўпарціўся:
— Дацягнем…
І мы ледзь не дацягнулі… да могілак!
Сон зламаў ягоны арганізм, і кацо адключыўся. Праўда, руль трымаў моцна, і я не адразу ўгледзеў небясьпеку. Мы памалу, непрыкметна бралі лявей і лявей, хоць Вахтанг усё гэтак жа ўчэпіста сьціскаў, ні на што не рэагуючы, абаранак. А між тым на нас марудна і ўпэўнена насоўвалася шэрая сьмерць у выглядзе роднага “МАЗу” з пяцісекцыйным прычэпам-вагонам (можа, якраз на будаўніцтва А-ага сельгасінстытута кіраваўся зямляк?), і я ледзьве пасьпеў ірвануць руль на сябе. Мы прашмыгнулі ад аграмадзіны на адлегласьці выцягнутай рукі. Вадзіла яшчэ доўга ціснуў, аглушаючы нас, на сігнал…
Вахтанг прахапіўся і, добра не цямячы, што здарылася, учапіўся за руль. Я аддаў упартаму грузіну кіраваньне, але заўважыў:
— Як толькі дагонім Гарыка, перасаджваешся да яго. Там свае небясьпечныя эксьперыменты на выносьлівасьць і паказвай!
У рэшце рэшт грузін скеміў, што лепш не гуляць з лёсам у рызыкоўныя гульні, і, праехаўшы пару кіламетраў, здаўся:
— Тармажу, крыху пакемарым. І праўда — вочы зьліпаюцца…
— Правільна, адпачні, а я павяду. Да мяжы ўжо рукой падаць, — памяркоўна прапанаваў зьменшчыку.
— Э, не! — нечакана Вахтанг зноў заўпарціўся. — Пакуль не адматаю кіламетраж, як дамовіліся, руль не аддам!
Што было рабіць? Пярэчыць — дарэмна. Ды і стаміўся я спрачацца з наравістым грузінам.
— Спадабалася мераць зямныя прасторы? Давай, давай…

ІХ.

Прачнуўся я, калі пад’язджалі да Беларусі. Вахтанг, задаволены тым, што ажыў першы і пасьпеў пару дзясяткаў кіламетраў “пагаспадарыць” адзін, прысьвістваючы, вырульваў на запраўку.
— Ачуняў, бос? Своечасова! Давай авёс, пайду каня падкармлю, а то зусім хлопец прагаладаўся: чырвоная лямпачка з паўгадзіны гарыць…
Вярнуўся Вахтанг не ў настроі:
— Запраўшчыца песьні пяе: “Бензіну — няма. Толькі НЗ для ДАІ… Чакайце да раніцы…” Але да раніцы — адубеем. Адчуваю, сваім фэйсам ёй не прыглянуўся. Можа, ты схадзі? З бландзінамі, наколькі прыкмеціў, хахлушкі больш ветлівыя, самі да іх ліпнуць…
— Ліпнуць брудныя рукі і яшчэ сякое-такое месца, калі салодкім абжэрціся, а дзеўчынёха — спалохалася, — перавёў я гаворку ў іншае рэчышча, мала спадзеючыся на сваё меркаваньне. — Зірні на сябе ў люстэрка: двухсутачная чорная шчэць, вочы галодныя — бандыт адназначна! Ды ня дрэйф, дыхай глыбей. Пагляджу, ці пасьвеціць мне ўдача. Паспрабую ўгаварыць хоць на пару дзясяткаў літраў, іх нам якраз і не хапае…
Дасьведчаныя вучаць: калі нельга дасягнуць мэты ні за так, ні за грошы, а вельмі трэба, яе дасягаюць любой цаною. Любой!
У гэтым выпадку абышлося без крайнасьцяў, але ахвяраваць падараванымі каракумскім бізнэсоўцам-даішнікам лайкавымі пальчаткамі давялося. Супраць вырабаў з лайкі ў аніводнай жанчыны няма аргументаў.
Заправілі і пакацілі. Як прыгаворваў Астап Ібрагімавіч, пасяджэньне працягваецца!
…Нарэшце мяжа! Ды дзіўна: штосьці няма нашых хлопцаў-даішнікаў. Сьпяць, напэўна. Сьвяты занятак для беларуса. Гэтак ён апошнія два стагоддзі і праспаў…
І ўсё ж — як вольна дыхаецца на роднай зямельцы! Вось мы і дома! Амаль дома, калі хто занадта дакладнасьць любіць. Цяпер мяне складана запыніць… Цяпер…
Я сеў за руль, і мы пагналі!
Здавалася, не за пяць гадзінаў, а за пяць хвілінаў праімчалі трыста кіламетраў. Заставалася зусім дробязь…

Х.

Я ведаў: галоўнае — не расслабляцца на апошнім адрэзку дарогі. Прытым не па чутках ведаў — меў і сякі-такі досьвед. Але калі мінулі знак “Менск — 17 км”, розум мой памёр, адключыўся, задрамаў. У сьне я ішоў па канаце над безданьню і раптам хіснуўся… Ахоплены жахам, закрычаў:
— Стаяць!
І спалохаўся: падалося, што прапусьціў нешта жахлівае, непапраўнае, і прытармазіў! На галалёдзіцы! І як?! Педалька — да канца! Машыну панесла юзам, закруціла, і вось яна — бездань, тая, што сьнілася! І мы ныраем…
— Не-е! — закрычаў.
Я спалохаўся, але змагацца не пакінуў. Рэзка вывернуў руль направа, у бок, супрацьлеглы кручэньню, вырваў кіраваньне з рук лёсу-стыхіі і выруліў за метр ад абрыву, — ня даў сну стацца яваю, а нам — абрынуцца ў бяздонную будаўнічую яму.
Яшчэ доўга я штосьці крычаў на мангола-татарскай, ускідваючы ўгору кулакі, трос, быццам эпілептык, галавою — здавалася, да скону яна гэтак і будзе ў мяне матляцца туды-сюды, туды-сюды… Нервы ня вытрывалі, я не валодаў сабою…
Але тое, што ўбачыў далей – спаралізавала.
Нейкае чалавекападобнае — інакш не назавеш — стварэньне скінула з рамантаванай дарогі знакі “папярэдні ўказальнік пераходу на другую праездную паласу” ды іншыя, што спадарожнічаюць ім. І на поўнай хуткасьці (ня толькі мы сьпяшаліся трапіць дадому да надыходу поўначы) — чатыры машыны — па дзьве ў сваім радзе — урэзаліся адна ў адну.
Фуршчыкі пасьпелі перагарадзіць ужо дарогу з раскіданымі па ёй зьнявечанымі целамі і пакарэжанымі аўтамабілямі, уключылі аварыйныя сігналы. Ня першы раз пераконваюся, якія дальнабойшчыкі малайцы! Калі б не яны, целаў было б нашмат больш — з кожнай хвілінай больш.
Тады я і ўбачыў чалавека без галавы. Замест яе на шэрым асфальце ў чорна-барвовай лужыне ляжала кучка раструшчаных касьцей і падрыгваючае жэле мазгоў.
Прыгадаўся той пяцісекцыйны “МАЗ”, які прагрымеў літаральна за некалькі сантыметраў ад нас. Тады Усявышні зьлітаваўся, пашкадаваў, зараз — таксама. Наступны раз чарга на выратаваньне можа аказацца не нашай.
Штосьці змусіла зноў паглядзець на абезгалоўленага. Гэта ў прыродзе чалавечай: жахлівае ня толькі адштурхоўвае, але і прыцягвае. І я зноў павёў вачыма. Божачка! Боты з меднымі каўбойскімі шпорамі! Гэта ж хвалёны штатаўскі абутак Гарыка! “Другіх такіх “кірзачоў” у краіне няма!” — любіў хварсануць ён пры нагодзе. Не хацелася верыць. Сьвядомасьць адмаўлялася ўспрымаць убачанае. Божа! Навошта ён адарваўся і панёсься наперад? “Да Асі на дзень нараджэньня спазьняюся…” От і пасьпеў…
Вахтанг раптам залапатаў па-свойму. Пэўна, таксама пазнаў Гарыкаў абутак. І закрычаў. Ягоны голас узрываўся ўсё мацней і мацней, і неўзабаве я нічога, акрамя яго, не чуў. Нішто не магло заглушыць гэты голас.
Нечакана Вахтанг заціх, укленчыў каля славутых ботаў, пачаў маліц­ца — таксама па-свойму, незразумела. Гэтак і прастаяў да прыезду “хуткай” і даішнікаў.
Вахтанг застаўся дзяжурыць на месцы аварыі, а я пацягнуўся ў Менск — паведаміць родным. Акурат пацягнуўся — доўга поўз на другой перадачы, забыўшы на трэцюю і не чуючы за спінай абураных сігналаў тых, хто ўсё адно сьпяшаўя. І гэта злавала. І са злосьцю думалася аб тым, што дарога бярэ занадта дарагую плату за тое, што яе хтосьці і калісьці праклаў для хуткасьці перамяшчэньня. Цяпер яна вымагае грошай? Так, вядома. Але здаўна і нястомна бярэ і куды больш дарагую плату — чалавечыя жыцьці.

ХІ.

Ёсьць, акрамя любові і нянавісьці, яшчэ адно пачуцьцё, што змушае губляць галаву. Яно прыходзіць, калі мы вяртаемся пасьля доўгага расстаньня дадому.
Я заехаў ў двор, спыніўся, заглушыў матор. Усё, прыехаў! Здаўся, абмяк. Сьціснула ў грудзях. Кудысьці прапала дыханьне.
Выйшаў з машыны. Моцна удыхнуў-выдыхнуў — адпусьціла! Закарцела зірнуць на неба. Вялізная чорная птушка лунала над горадам. Яст­раб? Няўжо арол?! Вось ён праляцеў над маім домам, узьняўся ўвысь і растаў у нябёсах. Як Гарык, мой сябра, цяпер ужо вечны. А можа, гэта ён і быў?