12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марына Наталіч

_____________________
Каханьне мацней за нянавісьць.
Вершы

Беларускі лёс

Я – “расейка”,
я – дачка “расейскага” афіцэра,
я жыву не ў сябе дома.
Мой каханы – беларускі паэт.
Ён амаль ненавідзіць “расейцаў”,
ён амаль ненавідзіць вайскоўцаў,
і сваіх, і чужых.
Ён ненавідзіць няволю.
– Як ты трываеш нянавісьць?
Як ты трываеш нязгоду?
Як ты трываеш яго?! –
пытаюцца родныя і сябры
у неўразуменьні.
Я люблю беларускія песьні,
я люблю беларускае Слова,
я люблю беларускі свой лёс
і я кахаю беларускага паэта.
А як жа іначай ён зразумее,
што такое каханьне рускай
і што яно мацнейшае за нянавісьць
і ўсёўладнае, як воля Божая?..

* * *

А у горадзе шум ды грум грыміць,
А ў мястэчку жыцьцё, як вада, цячэ,
А на вёсцы зямля чорнай плахай ляжыць –
Ад Чарнобылю не апамяталася яшчэ.

На Палесьсі пяскі не шкадуюць травы,
Аж цячэ у сны вабна-шчодры Ніл.
І лятуць журавы як на злом галавы,
Атрасаючы з крыл сум айчынны ды пыл.

Атрасе і Зямля нашу злосьць ды блуд,
Ператрэ Гасподзь нашы целы на прах.
А ці прыме нас – журавоў-прыблуд –
Незабруджаны зорны Млечны Шлях?..


Непаслухмяны

Зоркі-ападышы
Райскія яблычкі –
З маланак пападалі,
Надламаных громам ці гневам.
Адамам і Евай
Незадаволены стомлены Ойча –
Тройчы іх папярэджваў
Не гуляць пад дрэвам
Зла і Дабра пазнаньня.
Вось і спраўдзілася пакараньне –
Каханьне, –
Але на Зямлі,
На якую непаслухмяныя дзеткі
З райскага саду сышлі.


Зьнікненьне

Дакладна так, як падае лісьцё,
Цячэ вада,
Сплывае дым у неба,
Мільгае цень няўлоўнае красы, –
Зьнікаеш ты.
І глеба
Належыць не табе, а караням
Трывалых дрэў і непрыкметнай зёлкі.
І ты жывеш –
не на зямлі, а там,
Дзе век, як дзень,
І шлях па хмарах золкіх.


* * *
Чалавек увайшоў у мой лёс,
як у дзьверы,
не пастукаўся, не спытаў дазволу,
і я даверыла душу яму, як зьверу,
што ласкавым рэхам адгукнуўся назову.
І мы вочы ў вочы глядзім, як птахі,
засьпетыя бураю ў гушчыні лістоты,
маўчым ужо вечнасьць,
не адказваючы на страхі
чужых цікаўных: “Хто ты? Ну хто ты?!”
Чалавек увайшоў у мой лёс, як родны,
да мяне – адзінай –
прыйшоў на спатканьне,
і пытаньні, і воклічы гудуць, як пчолы,
роем зрынутыя ў глыбіні маўчаньня.
Адказу ня чуўшы, утапіўся камень,
у вір сігнуўшы цяжкой галавою.
Ля краю цёмнай вады прыстою…
Ты ў лёс увайшоў мой –
дык сьпяшайся за мною…


* * *
Дні адцьвітаюць, ападаюць ночы,
Нібы ранеты ў росную траву,
І сонца, як стамлёная каханка,
На плечы бору хіліць галаву.
Аблокі сонныя губляюць пазалоту,
І гром глушэе каменем на дне,
І, перамогшы боскую самоту,
Мой дух ляціць,
ня кінуўшы мяне.