12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Зьмяіны Бог. Вершы

ВОЛЯ

Рака крыві за волю — праз вякі...
Калі і хто той волі меў даволі?
Зацятыя рабы зацятай волі
Ня лепей, чым яе рабаўнікі.

Ніхто ня змог, як воля, вольным стаць...
Хоць абдымайся з воляю аберуч —
Паэту вольнай птушкай не сьпяваць,
Не паляваць тырану вольным зьверам.

А вольны, можа, толькі плач сірочы,
Няўцямны крык у прадсьмяротны час, —
І кожны з нас здабудзе волю двойчы,
І двойчы згубіць волю кожны з нас.

Усім на волю Бог дае іспыт —
І не займець збавеньня ад іспыту:
Адзін раз воля — калі мы з нябыту,
Другі раз воля — калі мы ў нябыт.


* * *
Я Богу ўсё перамаўчаў,
Як сіла слабла,
І кнігу шостую пачаў... —
Да д’ябла!

Ён спакусіў узьняць кулак
На самым нізе —
І праступіў ягоны знак
На шостай кнізе.

Каб зноў я ў мораку начы
Глядзеў, зьдзіўлёны,
На строгія, як на мячы,
Пісьмёны...
Каб меч, што адкаваў мне лёс,
Я ўзяў — і рогам
Упёрся, і на тле нябёс
Пабіўся з Богам.

І калі Бог мяне зваліў,
Як Дуба вецер,
Душа мая пяяла: быў!..
Любіў на сьвеце.


* * *
Пазёмка... Сьнегавыя дзюны...
Паўночны кут.
Калі я недзе жыць ня думаў —
Дык гэта тут.

Куды мяне занесьлі чэрці
Ад крэўскіх брам?
Калі і думаў я памерці —
Дык гэта там.

Спачну, адолеўшы адлегласьць,
У тым куце...
Пазёмка легла пад адлегу —
І не мяце.

Схаваю ў зьлепленую ўсьмешку
Адчай, нуду.
Зьляплю і кіну ў мора сьнежку —
Ваду ў ваду.


ЯЗЬМІН

На тваім інтэрнацкім прыпынку
У садах адурманьваў язьмін.
“Ты зламай, заламай мне галінку
На ўспамін, на ўспамін, на ўспамін”.

Белым холадам ноч выкіпала,
І да ранку галінка ў акне
Мне ківала, ківала, ківала...
Сны юначыя, сьніцеся мне!

Тое сьвята ў раі інтэрната —
Так даўно, як яго не было!
І на страту паклалася страта!
Гурбы цьвету ў садах намяло!
Гурбы люду мяне абступілі,
Неба засьцячы ў той старане,
Дзе, заснуўшы на міг, мы прысьнілі
Сад юнацтва — язьмін у акне.


* * *
Ноч — і д’ябал грае на трубе,
Пацяшае ведзьмаў-бессаромніц...

Анікому — і найперш табе
Я ўжо не расказваю бяссоньніц.

Не маню, што на тваім плячы
Сьніў-лічыў радзімкі залатыя...

Ах, як граюць!.. Скачуць уначы!..
Д’ябал гэты... Ведзьмы маладыя.


* * *
Пацалавала ў чало
І засьмяялася...
Гэта амаль што было
Тым, чым здавалася.

Што, як са срэбрам эмаль,
Музыка з голасам,
Зьлітна зраслося амаль —
І раскалолася.

Што заблукала, як боль,
Сэрца паблізу,
Не паўтарыўшыся больш
Нават прыблізна.


З ДРАНЬКО-МАЙСЮКА

Там, дзе ўжо ноч, там сьпяць, альбо крадуцца
Да куртызанак, што таксама сьпяць,
Укрытыя пялёсткамі настурцый —
І матылькі ў альковы іх ляцяць,
Каб кветкі пацалункаў рассыпаць
На губы палюбоўнікаў, на вочы,
На грудзі — што, як сьвечкі дзьве, гараць
І паляць крыльцы матыльковай ночы...

Пад страсны шэпт спалёных бліскавіц
Сусьвет начны ў любоўным ложку тоне...
Так у часы і сьвечак, і газьніц
Было — і засталося пры неоне,
І будзе, я ня ведаю, пры чым? —
Таксама, як ня ведаю прычын,
Каб не аддаць —
хай з кім заўгодна ў змове! —
Усё, што ёсьць — за ноч адну ў алькове...

* * *
Вазьму ў далонь лязо калянае
І кроплю выцісну з ляза...
Агню — агнём наканаванае,
Вадзе — сьляза.

У цемру болем перакулены,
Па-азіяцку торгну скуламі,
Зглыну сьлязу...
А па лязе
З вады ў агонь
Зьмяя паўзе.


КРЫВІНКА

Журбую — помнішся ў журбе.
Сьвяткую — у сьвяточнай скрусе.
О, Украіна! Я табе
І за гарою пакланюся.

Наканавана помніць двум,
Што па нялюбых не сумуюць,
Што зьберагае толькі сум
Ня памяць рэчы — рэч самую.
І калі б’юць наводмаш страты, —
Каб нешта зьберагчы,
Цябе
Прыкусваю, саланаватую,
Нібы крывінку на губе.


ЗЬМЯІНЫ БОГ

Усё, што ёсьць — ёсьць назва, ёсьць палова
Таго, што ёсьць...
У цэлае ня сшыць
Зьмяю — і рух — і рукі зьмеялова —
І шып, які шыпіць...

СЮЖЭТ ГЕНАДЗЯ КАРПЕНКІ

Што тваё — таго табе даволі.
Ну, прынамсі, сьмерці і жыцьця.
— Я, Валодзя, не памру ніколі,
Буду жыць ды жыць сабе... Хаця...

Ён прымоўк, як перадумаў нешта,
І, прастору сьціснуўшы ў кулак:
— Не, — сказаў, — абрыдне жыць,
дык зрэшты
Можна і памерці, але так,

Каб і чэрці не касілі крыва
На тым сьвеце, як на мудака,
Каб і ў пекле наліваў мне піва
У штанах з лампасамі
Лука.


* * *
Усё, што ўбірае пагляд,
Напрамку ня мае:
Сад-Верасень... Дым-Лістапад...
І дым застаецца, і сад —
Пагляд прападае.

Зьнікае.
Душу ледзяніць
Над дымам, над садам...
І вецер сустрэчна глядзіць
Тым самым паглядам.


КЫ-ГЫ

Шалёная шаша ад Прагі да Варшавы,
Нябёсы п’е нагбом Мядзьведзіца з Каўша,
І ў кожным з нас душа разбойніка Варавы —
Вясёлая гульба, віно і анаша.

З чаго гульба пайшла?.. Забылася прычына!
З таго, што ў нас жыцьцё — адно і на глыток!
І ў нас адна на ўсіх — навошта больш? — жанчына,
Калі адзін канец — і ўсім у той жа бок!

“А ну нам раскажы, як ты да нас блудзіла!
А ну нам пакажы кайфовае кіно!
А ну ўсё загалі!..” “Ты меней пі, вадзіла!
Ці, калі хочаш, пі! Усё на ўсіх адно...”
Як смокча! — ах ты, бл...!..
Як языком казыча!
Мы б не ўзялі з сабой старой якой каргі!..
“Гэй, музыку гучней, бо за вакном кыгыча,
І хто б гэта мог быць?! — кы-гы! кы-гы! кы-гы!”

А хто б ні быў — пляваць! Я сам сябе ня помню!..
Забыўся, хто я ёсьць!.. Крумкач? Пугач? Удод?..
І нахі-
ля-
ецца, плыве на захад поўня
Над скошанай шашой, што, як страла — на ўсход.

Вадзіла, ты куды?! Мне ў гэты бок ня ўсьпешкі!..
Там на мяне сіло! Я выскачыў з яго!
Дык для чаго — назад?
Які язык у Гнешкі!..
Але ж ня жыць было — на ўсходзе — са свайго.

Ні анашу курыць, ні піць было ў астрозе!..
Я заплаціў за ўсё! Я ўсе вярнуў даўгі!..
Ды што за птушка там — наперарэз дарозе?!
Пра што яна крычыць: “Кы-гы! Кы-гы! Кы-гы!”

Мне патакае ўсё — яна не патакае!..
І што гэта за крык,
і што гэта за знак? —
Я б разгадаў, але
кампанія такая! —
І Гнешцы ўсё адно — і хто крычыць, і як.

А гэтае “кы-гы”
заходзіцца над намі!
Як з адзіноты ўсёй! З усёй маёй тугі!
З маёй маны! З віны! Аглухлымі званамі
З расхрастанай душы:
“Кы-гы! Кы-гы! Кы-гы!”

Ламае кайф, як лёс! Спыніся ты, вадзіла!..
Не спыніцца ніхто! Шалёная шаша!
І ў кожным, як віхор, віруе злая сіла,
У кожнага свая шалёная душа!

Канае ўжо мая!.. Ды блізка да Варшавы —
Сьвітанак там! —
і ў ім
касьцёльны крыж дрыжыць...
І толькі пра адно ў разбойніка Варавы
Пытае Ешуа:
“Скажы, ты хочаш жыць?..”

Пра што пытаць?.. Калі
кампанія такая!
Такая Гнешка ў нас!
Ня капай на мазгі!..

А ў цёмнай вышыні, якая ўся пустая,
Няўцямнае, як Бог:
“Кы-гы, кы-гы, кы-гы...”

МАНАХ

Ён прыняў ад лёсу пострыг,
Кажа: “Божа барані,
Не сьпяшайся спраўдзіць помсту,
Патрывай, душу не рві”.

Я ў адказ: “А з крыўдай як жа,
Калі здрадзілі сябры?”
“Мір прымі, — ён зноўку кажа, —
І не помсьці. Лепш памры”.

“Грэх смяротны лепш за помсту?!” —
Я жахаюся, хоць ён
Проста кажа, як апостал,
Словы, знаныя здавён.

Проста словы, больш нічога —
Праз якія ўсё-такі
У жыцьці адным
Ад Бога
Мы па розныя бакі.

АНЁЛЫ

Як час настаў —
і рушыў я да Бога,
Анёлы — тры — мне перайшлі дарогу.
Адзін спытаўся: “Ты куды ідзеш?..”
Другі спытаўся: “Што з сабой нясеш?..”

А трэці не спытаўся анічога.
Ці быў нямы —ці знаў, што я да Бога.


* * *
Да Бога дрогкая дарога...
Здарожаны,
сабой самім
Зьняможаны,
шукаў я Бога
Ва ўсім, бо Ён і быў ва ўсім.

Яго ў спакусах прагла цела,
І дух быў з целам заадно...

А неба ямінай цямнела —
І праступала ў небе дно.

Над ямай неба стаўшы з краю
І ўбачыўшы сябе на дне,
Спытаўся я:
“Каго шукаю?..”
І выдыхнула дно:
— Мяне.