12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Барыс Пятровіч

_____________________
Экспрэс,
альбо Няспраўджанасьць адзіноты. Аповесьць
І я ад зьзяньня гэтага зьнямеў...”
Дантэ. “Боская камедыя” – “Рай”.

1a.

...І вось ідзе ён лесам: ноч, дождж – што яшчэ можа быць горш.
А ён – не зважае на непагадзь, цемру, страх, які дыхае ў твар. На ім лёгкая, прамоклая наскрозь кашуля, а яму ня холадна.
Ён крочыць не адчуваючы стомы, ён – ляціць. Ён не заўважае адлегласьці, не заўважае адзіноты. І дарога дадому – шэсьць кіламетраў глухім лесам – дарога, якая так абрыдла яму за дзесяць школьных гадоў, цяпер у асалоду.
Ён – шчасьлівы, але ня згадвае пра шчасьце, пакуль яно ёсьць.
Гэтай дарогаю ён цяпер мог бы ісьці з завязанымі вачыма – і не заблукаў бы. Бо вочы ягоныя глядзяць не наперад, а ў самога сябе і бачаць там толькі Яе – дзяўчыну, з якою ён пазнаёміўся ў начным аўтобусе. “Стах... – шэпча яна яму, – Ста-а-асік!..” – і ён – ляціць...
Яна паехала далей. Бліснула ў ягоным жыцьці асьляпляльнай звышновай і зьнікла назаўсёды: згасла сьвятлом аўтобусных фараў за паваротам. Мажліва, праз гады яны будуць жыць у адным горадзе, на адной вуліцы, у суседніх дамах, але ніколі больш не сустрэнуцца. Ён будзе ехаць з працы ў тым жа трамваі, што і яна, адчуваць незразумелы неспакой і сум па нечым, але так і не даведаецца: ча-му рап-там я-ны а-па-на-ва-лі ім...
Гэта можа быць, а можа і ня быць, а пакуль ляціць Стах над зямлёю, між дрэваў да свайго дому і бачыць прад сабою толькі яе постаць, твар, усьмешку... Яна тут, побач, з ім, у ім, у гэтым лесе, гэтай цемры, у гэтым сьвеце – адна-адзіная. Яна. І больш нікога. Няма нікога. Нікога... Нават яго самога.

1б.

На менскім аўтавакзале яе праводзіў высокі бялявы хлопец, пра якога Стах запомніў, што – у акулярах і дужа статны. Яны застылі ў разьвітаньні акурат перад вакном, за якім ён сядзеў. Яна паклала хлопцу галаву на грудзі і зьнізу ўверх замілавана глядзела на яго.
Іх нельга было не заўважыць – настолькі файнаю была пара. І ўздых, які Стах пачуў ад бабулькі наперадзе, прыналежаў ім.
Пасьля аб’яўленьня пасадкі кіроўца падагнаў аўтобус да платформы, а сам зьнік у будынку вакзалу на няпэўны і таму доўгі час.
Хлопец згінаў галаву, дзяўчына падымалася на дыбачкі, і яны зьліваліся ў зацяжным, нібыта паказаным у запаволеным паўторы, пацалунку. Скульптара, скульптара, Радэна сюды: ах, якою чароўнаю была дзяўчына на тле статнага хлопца з модна-доўгімі валасамі, што казытліва асыпаліся ёй на твар. Цела дзяўчыны прылягала да хлопцавага: шчыльна-ласкава, млява-спакусна, напружана-чуйна – так, што здавалася, калі прыгледзецца, можна ўбачыць, як праскокваюць вост­рыя маланкі жарсьці ад цела да цела і фізічна адчуць, як добра ім ця­пер разам.
Ішоў час. Для каго – бег, каму – поўз, а кіроўца ўсё не выходзіў з аўтавакзалу. Стах зірнуў на нягегла-маленькі для вялізнага гораду двухпавярховы будыначак і ўбачыў, як трасецца ён ад сьмеху: то кіроўца выгаворваўся показкамі з дзяўчаткамі-дысьпетчаркамі перад маўклівай начной дарогаю.
Хвілінаў праз дзесяць Стах прыкмеціў, што дзяўчына таксама нярвова зыркае ў бок вакзалу і нецярпліва цярэбіць, пераступае ножкамі, бы ў прыбіральню хоча: ну дзе ўжо ён? дзе ж ён? А спаднічка – кара цей нельга, а ножкі – хоць адварочвайся: “даўжэй грамадзянскай (чачэнскай) вайны...” Ага, ці не стамілася ты бясконца разьвітвацца і рабіць твар глыбока закаханай? Цікава...
Стах бачыў, што хлопец не заўважае турботаў дзяўчыны: яму ня хочацца выпускаць яе з рук, і ён перанёс бы цяпер гэтае разьвітаньне дамоў, у ложак, на цэлую ноч... А дзяўчына, цалуючыся, зноў і зноў спрабуе вызірнуць з-за хлопцавага пляча: ну дзе ж, дзе ж той кіроўца. Яна ехала б, ехала цяпер, а гэты дылда ўсё ліпне і ліпне, б’е і б’е па твары сваімі потнымі валасамі... Стах злавіў сябе на тым, што зайздросьціць ім (і не адзін ён у гэтым аўтобусе), і таму лёгкі неспакой дзяўчыны выдаваў за тое, што яму самому мроілася: яна ня любіць гэтага хлопца, а толькі гуляе ў закаханую. Аднак глядзеў і ня мог вачэй адарваць ад гэтае сімпотнае парачкі.
Што прыйшоў нарэшце кіроўца, Стах зразумеў па тым, як калыхнуўся аўтобус пад грузным і рашучым целам, і як хуценька пацалаваліся хлопец з дзяўчынаю. Яна выхапіла свае рукі з хлопцавых і лёгенька ўзьбегла ў расчыненыя дзьверы. Прайшла па салоне, увесь час гле­дзячы на свайго каханага, які з перону ўсім целам цягнуўся ўсьлед за ёю – як не разрываўся напалам. Прайшла і... села каля Стаха. Толькі цяпер зьвярнуў увагу Стах на тое, што месца побач з ім адзінае пустое ў аўтобусе і даўно чакае дзяўчыну, і што за гэтымі праводзінамі назіралі ўсе пасажыры.
Дзьверы зашыпелі і мякка бразнулі, аўтобус крануўся. Дзяўчына падняла тоненькую руку з маленькай далонькай, пакруціла ёю ў паветры і... са шчырай палёгкай уздыхнула. Нібы вялізны цяжар з сябе скінула. Дзелавіта расчапіла сумачку на каленях, дастала люстэрка, угледзелася ў сябе, пакратала шчочкі, зморшчыла вусны... ні на кога не зважаючы, быццам у крэсьле побач нікога не было. Потым дастала з сумачкі стракатую кніжачку на ангельскай мове, пстрыкнула начное сьвятло над галавою – усё абыякава, млява, нехаця...
Ну і хай сабе. Аўтобус імчыць па вечаровым горадзе, і тут самы час было б сьпець оду яму. О, начны экспрэс! Як Стах любіў цябе! Тваё дрымотнае мроіва, хваравітае трызьненьне, якое абуджае фантазію і нараджае творчасьць. Як лёгка думаецца ў мяккім фатэлі, што нясецца з хуткасьцю сто кіламетраў у гадзіну, колькі вобразаў убачылася яму тут і колькі твораў прымроілася! Мільгаюць дрэвы, вёскі з хатамі, у якіх ня сьвеціцца ніводнага вакенца, а калі якое сьвеціцца – дык гэта цэлая паэма думак і пачуцьцяў... А начныя размовы выпадковых су­се­дзяў – дзе яшчэ пачуеш такую нутраную шчырасьць? А плаўная сьветламузыка фараў. А заклапочана-манатонны сьпеў матора – песьня эскімоса ў сьнегавой пустэчы. А шчасьце блізкай сустрэчы з Домам. А раптоўная стома, супраціўляцца якой няма сілаў, бо ўсе нядаўнія турботы засталіся там, за вакном і – аддаляюцца, забываюцца. Забываюцца...
Але за вакном пакуль Менск, які стаў Стаху амаль родным. За сьпіной першы курс тэатральна-мастацкага інстытуту, цяжкая сесія... а наперадзе – радасьць сустрэчы з бацькамі, мілаю вёскаю, знаёмымі краявідамі, якія маляваць не перамаляваць. Цяпер не па памяці. Усё лета.

1в.

Памяць – дрэва, якое расьце каранямі ўверх. Памяць – прамежак часу ад адзіноты ў лоне да адзіноты ў труне.
Сярод абсалютна “роўных” заўсёды ёсьць больш “роўныя” і менш “роўныя”. Зазірніце ў сваю памяць, і вы ўбачыце, што ўсё жыцьцё складаецца з крыўдаў. Крыўдзілі вас, крыўдзілі вы. Але вас – часьцей. Кожнага з вас – часьцей, чым кожнага...
Жывёлы памятаюць крыўду і крыўдзіцеляў, дрэвы памятаюць крыўду і крыўдзіцеляў. Усе, хто адчувае боль, маюць памяць. А боль – гэта і пакута, і асалода, і шчасьце.
“Жыцьцё – ёсьць невылечная хвароба, якая перадаецца полавым шляхам”. Чужая думка – пустая ў сваёй паўнаце.
Сон – таксама невылечная хвароба. Мары – невылечная хвароба. Усё, што робіць чалавека чалавекам – невылечнае.
Але ня вечнае: Маўглі сьніць і марыць, а ўжо не чалавек.
Сьпіце спакойна, і хай спакой вам толькі сьніцца. Бо лепей журавель у небе, чымсьці ў руцэ сініца, якая ціха крадзе пшаніцу ў доме, што пабудаваў ваш дзед.
Чалавек адзінкавы, непаўторны экземпляр, які не паддаецца кланаваньню. Статкавасьць неўласьцівая чалавеку, таму і не прыжыўся ў сьвеце камунізм.
Адзінота – дрэва, якое расьце ня ўверх, а ўніз: у сябе, у сябе.
Радзіма, і ўвогуле прывязанасьць да пэўнага мейсца, таксама спадчынная хвароба, якая робіць чалавека – грамадзянінам.
Каб любіць... трэба кахаць... Каб кахаць, трэба любіць... Паэтам можаш ты ня быць...
Усё ў гэтым сьвеце ўзаемазьвязанае, запраграмаванае і закальцаванае. І нуль, а не згвалтаваная васьмёрка – вось сімвал гэтай закальцаванай бясконцасьці. Вось сімвал твой забыты...

2a.

...Але за вокнамі Менск. Сонны, ды яшчэ жывы. Ужо не мітусьлівы, аднак гараць вітрыны, імчаць машыны. Сьпяшаюць некуды людзі. Купкамі і па адным. Часьцей – па адным. І гэтыя адзінокія постаці за шклом настолькі чужыя, што здаюцца фанернымі дэкарацыямі. Яны пралятаюць міма аўтобуса не пакідаючы пасьля сябе нічога. А ў іх жа недзе ёсьць дзеці, а ў дзяцей – мары... А ў іх ёсьць лёсы, характары, пакуты і шчасьце... Як гэта намаляваць? Ці варта гэта маляв...
Стах спыніўся, замёр, замоўк, завіс на паўслове: халоднае калена чыны дакранулася да ягонай нагі. Неасьцярожна, выпадкова. І яго бы токам працяла: куля са зьмешчаным цэнтрам цяжару трапіла ў нагу і пайшла гуляць па ўсім целе – ад нізу жывата, дзе імгненна ўсё напялася, загарэлася, захвалявала ажно забалела, да сэрца, якое затахкала, да галавы, якая ўспыхнула... Яго кінула ў жар, ён адчуў, як чырванее... Ён зразумеў, што чакаў, што жадаў гэтага дотыку, хацеў, прагнуў. Але сам бы на яго не адважыўся. “Стоп!” – паспрабаваў ён супакоіць сябе: “Стоп! Нічога не адбылося… Стоп!” Аднак галава ягоная паплыла ўжо, ён не валодаў сабою, ён бачыў перад вачыма толькі аголеную да кароценькай спаднічкі нагу дзяўчыны, калена, якое вабіла яго, якое хацелася пагладзіць, проста дакрануцца…
Дзяўчына нібыта нічога не заўважыла. Яна схілілася да валізкі, што стаяла ў праходзе побач з крэслам і нешта хацела дастаць... Ножкі яе разьехаліся… Не-не-е… Стах адвярнуўся да вакна, унурыўся ў яго, прымусіў сябе супакоіцца: “Нічога ня здарылася… Нічога ня здарылася…” Менск заканчваўся. Паўз дарогу бег слаба асьветлены “спальны” раён з аднолькавымі дзевяціпавярховікамі і рэдкімі тралейбусамі… Аднак цела ягонае памятала той салодкі дотык, хварэла ім і прагнула новага…
Дзяўчына дастала з сумкі кнігу – гэтым разам расейскую, адгарнула закладзеную старонку: нікога з ёю побач не было, яна адная раскашавала ў крэсьле, не зважаючы на цень хлопца справа. Між імі – маладымі, яшчэ неспатоленымі дарослымі забаўкамі – было ўсяго некалькі сантыметраў, якія аўтобус, пагойдваючыся на выбоінах, ператвараў у міліметры…

2б.

Стахава вёсачка была маленькая, згубленая ў лесе на поўдні Беларусі. Да школы, крамы, сельсавету, шасейкі – да цывілізацыі ўвогуле – шэсьць кіламетраў старым, густа зарослым маладняком лесам па сьцяжыне, што блукала ўздоўж разьбітай грузавымі машынамі дарогі, па якой на легкавіку не праедзеш і ў сухмень. А ўжо ў дажджы, калі глыбокія яміны рабіліся лужынамі-азёрамі, даехаць можна было хіба на гусенічным трактары. Шэсьць кіламетраў – роўна гадзіна хады пешкам, дваццаць хвілінаў язды на веласіпедзе, дзесяць – на матацыкле. Ня так і далёка, калі падумаць, не такая і вялікая па сёньняшнім часе плата за раскошу жыць сярод дзікай, нечапанай прыроды.
Стаху пашанцавала: вёсачка была не зусім паміраючай, стаяла ў ёй дзясяткі два жывых хатаў, і ў палове з іх былі дзеці – найменш двое-трое, а ў адной – васьмёра. Гулялі яны звычайна разам, амаль у цэнтры вёскі, там каля калодзежа мелася пашырэньне: на месцы, дзе некалі стаяла цэркаўка, потым – хата-чытальня, потым – клуб, спалены партызанамі, каб не дастаўся ворагам, цяпер была пустэча, пасярод стаптаная дзецьмі да току, а па краёх зарослая высокаю густою травою і лапушыньнем, кустамі і дробнымі дрэўцамі: акацыяй, грушамі-дзічкамі – калючымі ды злоснымі.
Колькі Стах памятае сябе – яго заўсёды хвалявалі дзяўчынкі. І жанчыны ўвогуле. Здаецца, ён і нарадзіўся з гэтым непакоем. І ня толькі ён... Суседскі, гадоў на пяць старэйшы і на той час, пра які Стах згадвае, самы вялікі хлопец у іх кампаніі – Сёмка, якога ўсе, і браты, і бацькі, і свае, і чужыя, клікалі па мянушцы Гец, таксама жыў толькі гэтым хваляваньнем, і ў хлопцаў, якія зьбіраліся разам на пустцы, іншых размоваў не было, апроч як пра такія мары. “Эх, вось вырасту, ажанюся, — казаў Гец, лежачы пад дзічкай і задумліва-мройліва гледзячы ў высокае бясхмарнае неба, — ох і папакачаюся тады з жонкаю ў ложку, ох і папакачаюся...” Пры гэтым ён церабіў свой немалы ўжо стручок, які рос на вачах і выклікаў зайздрасьць і захапленьне ў малечы. Потым Гец пачынаў вучыць малых няхітрай навуцы, як атрымаць найбольшае задавальненьне...
Аднойчы застаў яго за гэтым бацька і злупцаваў пругкім дубцом калючай акацыі да крыві.
Сёмка-Гец… Вечны двоечнік і прагульшчык урокаў у школе, ён, здавалася, мог гаварыць толькі пра дзяўчат, пра тое, як бы якую злавіць дзе ў кукурузе, у лесе, у калгасным садзе... Твар ягоны расплываўся ў сьлінявай усьмешцы і рука, засунутая ў штаны, пачынала механічна ўжо не дрыжэць, а вібраваць... Ён урэшце і сеў у турму гадоў у сямнаццаць за спробу згвалтаваньня.
Вядома, былі ў вёсцы і дзяўчынкі. Аднак яны нібыта ад пачатку разумелі, што – іншыя, і трымаліся асобна.
Ды іх таксама цягнула да хлопцаў і часта яны наладжвалі супольныя гульні – у “бабу-рабу-цап”, у “квача”, у “хованкі”... Падчас гэтых гульняў Сёмка-Гец толькі тым і займаўся, што стараўся ўшчыпнуць, ціскануць, “памацаць” тую ці іншую. Дзяўчаты пішчэлі, білі па руках, але з гульні не выходзілі, з чаго хлопцы рабілі выснову, што ім гэта падабаецца. Вечарамі, калі цямнела, меншыя дзеці ішлі дамоў, а старэйшыя заставаліся. Што рабілі яны, у якія гульні гулялі, Стах даведаўся, калі падрос.
...Маленькая вёсачка... Маленькая вёсачка... Цэлы сьвет у мініяцюры. Увесь сьвет у мініяцюры. Бо ці бывае ўвогуле вялікім тое, што вакол нас? Горад-мегаполіс і той сьціскаецца, звужаецца да свайго раёну, вуліцы, двара... да свайго мікракосму, у якім ёсьць мейсца толькі бацькам, родным, знаёмым, сябрам, сяброўкам... І ў вялізным сяле альбо ў аграмадным горадзе іх роўна столькі ж, колькі ў маленькай вёсачцы. І яны такія ж самыя. Недзе хітрэйшыя, а недзе больш наіўна-шчырыя ў сваіх пачуцьцях і ўчынках, але – такія ж...
Абсалютна.

2в.

Адзінокімі не становяцца, адзінокімі нараджаюцца.
Адзіноты шукаюць найчасьцей ня людзі, якім абрыдла быць навідавоку, якія стаміліся ад шуму і тлуму, а людзі глыбока адзінокія.
Адзінокі чалавек ня йдзе да людзей – на рынак, у краму, у кіно – а наадварот пазьбягае людных месцаў.
Людзі такія непадобныя між сабою: тое, што камфортна аднаму – раздражняе другога.
Хемінгуэй, каб пісаць, ішоў з друкаркаю ў бар і там пад віскі з содавай выстукваў чарговы аповед.
Гофман абклеіў чорнаю паперай увесь пакой, заткнуў усе дзіркі, каб пісаць у поўнай цішыні.
Адзінота – каму лёгкія крылы, а каму цяжкія кайданы, каму агідная зьмяя, а каму ласкавая котка. І наадварот: каму ласкавая зьмяя, цяжкія крылы...
Можна пачуваць сябе адзінокім пасярод пчалінага гулу і мітусьні вялізнага рынку, а можна не заўважаць адзіноты ў пустым доме на востраве за тысячу кіламетраў ад бліжэйшага жытла.
Самая страшная адзінота ў вясковай жанчыны, у якой рана памёр муж.
Мужчыну цяжка быць адзінокім нават у самай глухой вёсачцы, калі ня хворы, ён і там ня згубіцца, знойдзецца, яго абавязкова камусьці параяць.
Абсалютна адзінокіх людзей няма. У Рабінзона быў папугай, пакуль не зьявіўся Пятніца.
Увогуле – ніколі ня бойцеся адзіноты: яна недасягальная.
Імкненьне да адзіноты ёсьць імкненьнем да пачуцьця адзіноты. І толькі.
Тэрмін “адзінота” – самы абстрактны з усіх канкрэтных і самы канкрэтны з усіх абстрактных.
У адзіноты няма твару, але заўсёды ёсьць гаспадар, які носіць яе ў сабе і ня ведае, што ён раб. Забярыце ў яго адзіноту і што застанецца ад яго?
“Усё сваё жыцьцё мы не набываем сяброў, а толькі страчваем іх”. Мы ня цэнім іх, пакуль яны побач, і пачынаем разумець, што яны значылі для нас, толькі калі яны далёка, альбо іх ужо няма.
Па сваёй натуры чалавек – істота статкавая. Маўглі губляюць сваю чалавецкасьць за некалькі гадоў і так ніколі потым яе і не набываюць.
Шчасьце і адзінота – несумяшчальныя. Адзінокі можа быць шчасьлівым толькі калі ня ведае, што недзе ёсьць іншыя людзі.
Хрыстос у пустэльні ня быў адзінокім.
Адам у раі да зьяўленьня Евы ня быў адзінокім. Што ёсьць адзінота, Ён зразумеў не тады, калі Яна зьявілася, а калі Яна на хвілю зьнікла з вачэй.
Адзінота і ёсьць пекла на зямлі.
Адзінота – шырокая рака, што паўстае раптам на тваім шляху і не абыйсьці яе, не пераплыць. Застаецца толькі чакаць Харона, які перавязе цябе на другі бераг.
Якім жа адзінокім будзе апошні чалавек на планеце Зямля!

3a.

Дзяўчына чытала нейкі раман. Нібыта ўважліва. Стаха ж па-ранейшаму, нат краем вока, не заўважала. Мо і ня бачыла зусім? Не, як хутка ён, аказваецца, забыўся – падышоўшы да яго, яна спынілася і спытала: “Тут сямнаццатае месца?” Прыгожым танклявым і разам крыху грудным (мо яшчэ не астылым ад нядаўняе жарсьці разьвітаньня) голасам спытала і сьлізганула па ім кароткім і вопытным (так-так, вопытным – Стах гэта адразу адчуў) поглядам. Імгненна ацаніла, ня ўтойваючы сваёй цікаўнасьці, ён нават уціснуўся глыбей у крэсла пад гэтым рэнтгенаўскім позіркам, дачакалася маўклівага кіўка галавой, і паставіла сумку каля крэсла. Стах злавіў сябе на тым, што ўвесь гэты час, як зачараваны, як заяц, загіпнатызаваны рухамі зьмяі, ня можа адвесьці вачэй ад дзяўчыны, а яна, заклапочаная хіба тым, што пад вакном стаіць яе каханы, спакойна села і падняла разьвітальна маленькую далоньку...
Стах адкінуў сьпінку крэсла, разьняволіўся, бы сабраўся спаць. Але і ня бачачы дзяўчыну, адчуваў яе блізкасьць. Ён хутка стаміўся паўляжаць гэтак. Яму было нязручна, бо ўсё цела напятае, бо ўсім левым бокам ён лавіў прысутнасьць дзяўчыны. Яму стала горача. Ён адарваў сьпіну ад крэсла, сеў, стамлёна паклаўшы рукі на калені, потым вырашыў зьняць пінжак. Зьняў і адчуў, што ў аўтобусе прахалодна, нават холадна. Стала лягчэй. Бакавым зрокам згледзеў, што і дзяўчына неўпрыкмет, цішком назірае за ім. Быццам чытае, аднак... Стах яшчэ раз прыкінуў, як спакусьліва-далёка аголеныя яе ногі: спаднічка, калі дзяўчына села, зрабілася яшчэ карацейшай. Кароткая спадніца – мода. Ды і лета на двары – сярэдзіна чэрвеня. Дзяўчына, пэўна, была старэйшая за яго. Гады на два. Ня болей. І прыгожая... Стах пераканаўся ў гэтым яшчэ раз. Русявыя валасы да плячэй, вялікія вочы, крыху выцягнуты твар, сьвежая-сьвежая скура – нібы ня вечар на вуліцы, ня ноч. Маленькае вушка – дзіцячае проста. Бачыў Стах яе ў профіль і яму неймаверна моцна захацелася пацалаваць яе ў крыху прыўзьняты, бы ва ўсьмешцы Моны Лізы, куточак пульхных вуснаў. Пульхных – разагрэтых нядаўнімі пацалункамі – вуснаў.
Стах зноў заплюшчыў вочы, каб пастарацца забыць пра дзяўчыну. Апошнія тыдні ў яго былі надзвычай трывожнымі: яму трэба было здаць усе іспыты на “выдатна”, каб атрымаць павышаную стыпендыю, бо бацькі асабліва не маглі дапамагаць яму вучыцца. Здаў, на апошнім, які быў сёнь­-ня, парваўшы троху нерваў. “Гісторыя КПСС” давалася яму з цяжкасьцю. А тут яшчэ тэма: “Роля асобы ў гісторыі”. Ніякая яна, гэтая роля, калі меркаваць па марксісцка-ленінску: усё вырашаюць масы. Ён не пага­джаўся з тым. А Аляксандр Македонскі, а Напалеон, а сам Ленін, урэшце... Масы ж – быдла, статак, хай сабе і такі абучаны, як войска ці дысцып­лінаваны, як партыя... Аднак мусіў адказваць так, як патрабаваў падручнік. Выкладчык заўважыў слабінку, раскусіў яго і крыху пазьдзекаваўся “наваднымі” пытаньнямі. Але “пяцёрку” паставіў. Стах вылецеў з аўдыторыі і адразу кінуўся на вакзал па квіток. У Менску заставацца не хацелася больш ні дня. Квіткі былі толькі на гэты – начны рэйс.
Стах расплюшчыў вочы. За вакном – цемра, суцэльная чарнота, пэўна, лес. Але калі зірнуць наперад, можна ўбачыць, як фары асьвятляюць-выхопліваюць край дарогі, як імкліва нясецца аўтобус. Белыя начныя матылькі разьлятаюцца перад ім, як адзінокія сьняжынкі. Стах вярнуў позірк у салон. Квола-жоўтае сьвятло на падлозе ледзь пазначала праход, большасьць пасажыраў спала. Чыталі яшчэ двое – бачна было гэта па сьвятле, што падала на іх зьверху. Дзяўчына таксама быццам драмала: загорнутая кніга ляжала на каленях і вялікі палец левай рукі быў у ёй закладкаю. Галаву дзяўчына паўадвярнула ад Стаха – і валасы адкрылі вушка, агалілі край шыі, тое асаблівае мейсца ў жанчын, што пад вухам – аксамітна-пяшчотнае, вабнае – гледзячы на якое, Стах заўжды нямеў, млеў ад замілаваньня, і сэрца ягонае пачынала вырывацца з грудзей...
Дзяўчына ня спала. Стах бачыў гэта па тым, як зьлёгку ўздрогвалі ёйныя павекі, па той асаблівай напрузе твару, якой не бывае ў людзей, што сьпяць. Але – як яму карцела дакрануцца да яе, нахіліцца над ёю і... Не, не, не... Трэба супакоіцца. Што тут такога. Чужая дзяўчына. Хай і побач. Чужая!.. Чужая?.. А што, калі паддацца гайданьню аўтобуса, даць волю сваёй левай назе... і прытуліцца на імгненьне да такой блізкай, такой даступнай, такой спакусьлівай нагі дзяўчыны...
І што яму гэтак далося калена дзяўчыны?.. Чым яно яго прываражыла? Што ў ім такога спакусьлівага? Блізкае, даступнае... Хіба што. Ну ты даеш! Даступнае... А па мордзе не хацеў? Але... Але – як бязвольна пагойдваецца нага дзяўчыны, крыху адстаючы ад калыханьня аўтобуса. І спыняецца ў нейкім міліметры ад ягонай нагі. Яшчэ трошкі, яшчэ... Дапамагчы? Не, не, не...
Ніколі раней не жадаў Стах нічога падобнага, хоць амаль год ад’езьдзіў у “самых сэксуальных у сьвеце” – так пісала адная газета – менскіх аўтобусах і тралейбусах, вечна перапоўненых у “гадзіны пік”. Людская хваля часта прыбівала-прыціскала яго да вабнага дзявочага цела, але ён стараўся адсунуцца, саромеўся, а тут… Колькі разоў у такіх вось начных экспрэсах ён ехаў разам з файнымі дзяўчынамі, бывала і знаёмымі, але ніколі, ніколі не апаноўвалі ім такія думкі, такое неспатольнае, нясьцерп­нае жаданьне.
Няўжо, няўжо прыйшоў ягоны час?..
Стах расплюшчыў вочы – твар дзяўчыны паружавеў, пакруглеў, быццам яна відочна паправілася. Заснула, пэўна, заснула…
І тады Стах зрабіў выгляд, што паварочваецца да вакна. Няёмка так, няспрытна. І пры павароце – міжволі! – зусім таго не жадаючы, проста па неасьцярожнасьці, крануўся сваім каленам нагі дзяўчыны...

3б.

Калі прыходзіла цемра і бабулькі, перамацаўшы бяззубымі ртамі дзённыя падзеі, разыходзіліся, сагрэтыя імі лавачкі займалі хлопцы і дзяўчаты. І распачыналі новыя гульні, у якіх ня зьмест быў важным, ня сэнс. Галоўнае, на лавачках можна было сядзець побач з дзяўчатамі, а лавачкі заўсёды былі кароткімі, мейсца ўсім не хапала – цяснота ней­маверная. Цяснота салодкая... Чутно, як тахкае сэрцайка тваёй суседкі, як дрыжыкі праходзяць па ейным целе... А можна, быццам неўпрыкмет, абняць яе за плечы, за талію – цесна ж, няма куды рукі падзець: такая дробная хлапечая хітрасьць. Дзяўчына заўважыць, сьцепанецца, крутнецца, каб адсунуцца, але – куды ж падзенешся – цяснота, і здасца...
А колькі гульняў было цудоўных, “лавачных”. “Садоўнік”... “Я садоўнікам назваўся, не на жарты раззлаваўся, усе кветкі мне абрыдлі, апроч... апроч (выбірай!!!)… апроч васілька...” “Васілёк” адгукаўся – усе бралі сабе імёны кветак, а калі зазяваўся поруч з суседачкай, табе – фант. І сканчалася ўсё тым, што за фанты хлопцам і дзяўчатам прызначаліся розныя выпрабаваньні, самым цяжкім (і частым!) сярод якіх было – пацалавацца... Так і Стах некалі ўпершыню ткнуўся вуснамі ў вусны дзяўчыне. Яго выбрала на год меншая суседская Нінка. Наўмысна. Ён няўмела і саромеючыся – хоць і цёмна, але здаецца, што ўсе ўсё бачаць – падставіў твар, і яна гэтаксама нясьмела і ня дужа ўмела чмокнула яго: а што ж – фант такі выпаў...
А вось жа, памятаецца – было ў тых гульнях столькі чысьціні і не­пасрэднасьці! І ні каліва бруду. Нават той жа Сёмка-Гец хацеў здавацца лепшым, чым ёсьць, і матам пры дзяўчатах ня лаяўся ніколі.
Адсюль, з такіх гуляў, Стах некалі ўпершыню правёў дахаты дзяўчыну. Каго? Вядома ж, Нінку. Выбар у яго быў ня дужа вялікі. Зрэшты, чаму ж. Выбар быў. Асабліва ўлетку, калі да бацькоў прыязджалі на адпачынак з гарадоў нядаўнія вяскоўцы са сваімі дзецьмі. Тады вёска ажывала. Доўгімі вечарамі мужчыны зьбіраліся на лавачках перакінуцца ў “дурня”, бабы – папляткарыць, а дзеці пагуляць пакуль відно – у “пікура”, у “клёца”, у “штэндара”... а калі сьцямнее – у “садоўніка”...
Зьбіраліся звычайна бліжэй да цэнтру вёскі, паблізу той самай пусткі. Большыя хлопцы ў гульні ня ўдзельнічалі, стаялі збоку, пакурвалі і зіркалі на дзевак. Чакалі пакуль скончацца гулі, каб потым разабраць дзяўчат. Стах, скажам, сядзеў каля аднакласьніцы Галі – пругкай, гарачай... і ведаў, што вунь стаіць Алік Атаманаў, які нярвова чакае яе, а Галя нібыта стараецца аддаліць той момант, калі пойдзе з Алікам, да­зваляе Стаху прыціснуцца да яе... Яна хітрыць... Дзяўчаты ўвогуле хутчэй за хлопцаў робяцца дарослымі, а ў вёсцы – тым болей. Мажліва таму, што страх працягу роду да іх прыходзіць раней...

3в.

Прага адзіноты – псіхічная хвароба, яшчэ не апісаная дактарамі і не названая. Ня фобія, а манія.
Але ж прага адзіноты ніколі не лічылася хваробай. Больш за тое, людзей, якія імкнуліся да адзіноты, называлі мудрацамі. Да іх ішлі па параду.
Яны хаваліся ад усіх – у бочцы, у пячоры, у скіце... каб ня бачыць нікога, а найперш тых, хто набіваўся ў суразмоўцы, а то і ў вучні.
Іх потым залічвалі ў сьвятыя, а трэба было проста вылечыць.
Хіба гэта нармальна, калі чалавек цураецца бліжніх, пазьбягае іх і ўрэшце замыкаецца ў сваім закутку. Ня есьць нічога, гніе жыўцом, адмаўляецца ад усяго, і ён – мудрэц?
Іншыя фобіі ды маніі – хваробы, а за гэтую – у сьвятыя.
Аднак, калі б людзі часьцей прыслухоўваліся да словаў такіх “псі­хічнахворых”, колькі б глупстваў удалося пазьбегнуць...
І ўвогуле, ці ёсьць сёньня абсалютна здаровыя людзі. Псіхічна. Па­кажыце такога. Вы ўпэўненыя? То-та ж...
Няма такіх.
Пагартайце падручнік па псіхалогіі, прачытайце сьпіс хваробаў. Сімп­томы некалькіх дзясяткаў у вас ёсьць, а дзьве-тры – у чыстым выгля­дзе. Баіцеся мышэй – вы хворы чалавек. Любіце мышэй... ці скажа большасьць, што вы нармальны? Баіцеся вышыні – у вас псіхічнае расстройства. Любіце вышыню – вы герой! А ці герой? У вас элементарная манія. Вы маньяк! Маньяк вышыні. Вам лячыцца трэба, а вы – у лётчыкі...
Боязь быць сьмелым. Сьмеласьць прызнацца, што баязьлівы. Боязь зрабіць тое, чаго хочаш, што прагнеш... Сьмеласьць дабіцца свайго...
Хочацца дакрануцца да жанчыны. Вам гэта прыемна. Фраттаж, кажаце. Цяга да супрацьлеглага полу? У бальніцу! У клініку! У дурдом!.. Да псіхіятра!..
Усё, што падабаецца вам, чаго хочацца, што вядзе да асалоды – загана, распуста...
Усіх лячыць трэба. Усіх да аднаго! Усім лячыцца трэба. Пачынаючы з псіхіятраў...

4a.

Першае каханьне... Што ёсьць “першае каханьне” і што ёсьць “каханьне” ўвогуле? Пажада? Жарсьць? Юр? Падман прыдуманы дзеля працягу роду?
Стаху здавалася – людзі і нараджаюцца ўжо закаханымі. Што ён мог бы назваць сваім “першым каханьнем”? Дакладней, каго? Маці – банальна, ня верце, гэта іншае... А калі ж у яго адбылося першае ўсьведамленьне сваёй цягі да... Госпадзе, як гэта кепска гучыць: “цяга да...”
Няўжо тады, калі бацька ўзяў яго з сабою ў райцэнтр. Горад... Яго больш за ўсё ўразіла колькасьць платоў – у “прыватным сектары”, каля рынку, яны былі бясконцыя... Ён узяў пруток, ішоў побач з бацькам і тарабаніў ім па штыкецінах. І так заняўся гэтым, што і не заўважыў, як яму насустрач ідзе, гэтаксама стукаючы па плоце, дзяўчынка. Яны сышліся і сутыкнуліся лоб у лоб: ударыліся галовамі да гузакоў. Ён сьцярпеў, пэўна, адчуваючы нейкую сваю віну, а дзяўчынка заплакала. Голасна, залілася сьлязьмі. Румзаючы падняла ручкі, кароценькая сукеначка падцягнулася, агаліўшы ружовенькія трусікі... Яна была міленькай, бо чысьценькай і акуратненькай. Ён такой яе запомніў... Маці дзяўчынкі кінулася на яго з крыкам. І тады ён таксама заплакаў ад болю.
Потым Стах недзе чуў, што гэта – лёс, што, маўляў, тая дзяўчынка па­­вінна стаць ягонаю жонкаю... Няўжо і сапраўды ёсьць “лёс”?
Зрэшты – пра “першае каханьне”. Садка (дзіцячага), дзе, дарэчы, у большасьці дзяцей якраз і прачынаюцца пачуцьці, у іхняй вёсцы, зразумела, не было. Аднак мама з ім сядзець доўга не магла: які там “дэкрэтны” адпачынак, месяц – і ў калгас, на працу: кароўкі зачакаліся... А тут бабуля, з якою пакідала яго мама, надумала да сына ў Карэлію зьезьдзіць. Ды і засталася там унукаў глядзець. Мама папрасіла назіраць за ім суседзкую дзяўчынку, яшчэ ня школьніцу, Вальку. Ён чамусьці запомніў яе тою, якою яна была тады. Чаму? Ня ведае. Але як нейкі сімвал – не ідэал, не, — а проста сімвал жаноцкасьці ці прыналежнасьці да жанчынаў, яна запомнілася. Гэта каханьне? А хто яго ведае...
Так, яго заўсёды, усё сьвядомае жыцьцё, цягнула да жанчын. Сьвядомае?.. На сенакосе жанчыны ў абед купаліся голыя (вось жа, запомнілася – першы эратычны “фільм”) у рачулцы, яго, малога, не саромею­чыся. І ўжо тады ён разумеў нейкім сваім разуменьнем, што ёсьць прыгажосьць, і вылучыў сярод аголеных баб і дзяўчын самую вабную. І гэта была не ягоная мама... Тая цётка і сапраўды была самай прыгожай у вёсцы – ён ацаніў гэта, калі падрос, але яна так і засталася адзінокай...
Потым, згадваецца, стаіўшыся з суседскай Нінкай за хлявом, яны па­казвалі адно аднаму, чым адрозьніваюцца. Чаму гэта запомнілася? Хутчэй таму, што кепска яны схаваліся: бачыў іх здалёку Сёмка-Гец, які доўга з яго зьдзекваўся-кпіў, крычаў усьлед “жаніх і нявеста”, а ён саромеўся, чырванеў...

4б.

...Нічога ня здарылася. Гром ня грымнуў, маланка ня бліснула. Цемра не расступілася. І не асьляпіла...
Але якая асалода пранізала ўсё Стахава цела... Чаканая, аднак неспадзеўна магутная.
Стах забыўся, дзе ён. Трэба было ўжо, як злодзею, адсоўваць нагу, а ён не здалеў прымусіць сябе зрабіць гэта. Д-р-э-в-ы нясуцца ўздоўж д-а-р-о-г-і – убачыў Стах затуманена-абвостраным зрокам – с-л-у-п-ы мільгаюць, часта, бы ш-т-ы-к-е-ц-і-н-ы, успыхваюць і патухаюць да-рожныя з-н-а-к-і... Але – трэба вяртацца ў салон: хітрасьць ня можа працягвацца в-е-ч-н-а.
І ён адарваўся ад цяпла дзяўчыны.
Яна, здаецца, нічога не адчула. Сьпіць? Няўжо сьпіць? Ага, сьпіць... І тады Стах таксама “заснуў”. І ў “сьне” лёгенька зноў прытуліў сваю нагу да нагі дзяўчыны: калена да калена, потым лытка да лыткі... Яна не варухнулася. Стах сядзеў з заплюшчанымі вачыма і лавіў кайф, на яго. Яму хацелася, каб гэты стан доўжыўся і доўжыўся. Бясконца. Яму карцела большага: прытуліцца да гэтай мілай дзячыны ўсім целам, ці хоць бы бокам... Не, абняць яе, прыгарнуць да грудзей… Грудзі да грудзей… Ды гэта было немагчыма. І ўсё ж плошча судакрананьня, паддаючыся пакалыхваньню аўтобуса, усё большала і большала.
Яны “спалі”. Стах балдзеў. Ён жыў цяпер толькі гэтым. Праз дотык ён адчуваў усю дзяўчыну, ён ужо “абсьледаваў” яе. Пабываў заплю­шчанымі вачыма ўсюды, дзе хацеў. І гатовы быў паклясьціся, што яна ня сьпіць. Бо і яе сэрца білася там, у назе, і ўсё часьцей, часьцей, часьцей… А, можа, яна сьпіць – засумняваўся Стах. Няўжо сьпіць? Няўжо яна не адчувае “кантакту”? Няўжо ёй не прыемна? Няўжо ёй да “ліхтара”? Ці ёй таксама хочацца гэтага?
Стах паспрабаваў (як жа яму не хацелася таго!) крыху адхіліць сваю нагу (дзеля эксьперыменту, вядома, у такт аўтобусу), і яму падалося, дзявочая нага хітнулася ўсьлед... Ён вярнуў нагу назад і атрымаў яшчэ большую порцыю асалоды, бо, здаецца, адчуў “кантакт”. Зноў адтуліў нагу (эксьперыментатар, пта маць!), і цяпер ужо праз паўрасплюшчаныя павекі ўбачыў, як дзявочая нага нібы за магнітам пахіснулася за ягонай... “Ня сьпіць”, – вырашыў ён.
Колькі часу яны сядзелі гэтак – ловячы асалоду ад блізкасьці адзін аднаго, і целы іх патроху-паціху, як яму думалася, зусім незаўважна, прыцягваліся... І хто да каго падсоўваўся? Стах мог пабажыцца, што і яна таксама... Ці гэта ён выдумваў сабе апраўданьне, разумеючы, што займаецца ня дужа прыстойнай справай. Але спыніцца ня мог. Ноч... Да­рога... Аўтобус гайдаецца, спакушае... І адна адзінота туліцца да другой, каб хоць адною адзінотай у сьвеце стала менш.
Калі экспрэс пад’ехаў да першага свайго прыпынку – падкаціўся пад павець і сьцішыўся, калі заварушыліся пасажыры, калі пайшла гамана па салоне: “Дзе гэта мы?”, “Што за станцыя?”, “Бабруйск?”, “Асіповічы?”, “Колькі будзем стаяць?” – “прачнуліся” і Стах з дзяўчынаю. Першаю яна: ён адчуў, як холад атуляе, агортвае мейсца, дзе яшчэ нядаўна было ейнае цяпло. І тады “прачнуўся” ён. Зірнуў на дзяўчыну. І ўбачыў тое, што хацеў: яму падалося, што яна аднымі ва­чыма “ўсьміхнулася” яму, нібы “падзякавала”, нібы “адобрыла”. А што? А чаму б і не?..
“Вы выходзіце? – спытаў Стах, і выдаў сябе, сваё хваляваньне, бо язык непаслухмяна заплёўся на гэтым “вы-вы”, — не?.. Тады дазвольце...” Дзяўчына моўчкі ўстала, прапусьціла яго. Стах сьлізгануў вачыма па яе чыстым ілбе, па густых валасах, чуйным носам злавіў пах – тонкі пах парфумы і жаночага цела… і выйшаў у начную прахалоду. Мужчыны і жанчыны разбрыліся па платформе, палілі, прагульваліся. Сонныя, нечым незадаволеныя, бурклівыя. І Стах пасьміхнуўся, гле­дзячы на іх.

4в.

Скошаная травінка стала сенам, сена – малаком. Сагрэтае малако ўра­тавала чалавека ад сьмерці...
Нічога на сьвеце няма выпадковага.
Часовасьць усяго – вось што найбольш турбуе. Бо часовасьць, нанізаная на выпадак, робіць усё кароткае – імгненным, а доўгае падаўжае да бясконцасьці.
Толькі сон лечыць, расьцягваючы ў часе, аддаляючы ад нас падзеі і здарэньні. І сваё пачынае здавацца чужым.
Адзінае, што трэба чалавеку – спакой. Нават у экстрыме ён шукае спакою: “а ён, мяцежны, хоча буры...” Цэлае жыцьцё шукае, нібыта ня ведаючы, што якраз спакоем усё і заканчваецца.
Кажуць: адтуль яшчэ ніхто не вярнуўся. Сюды. Няпраўда – вярталіся.
Ніхто так хутка не аддаляецца ад вас, як вашыя дзеці, бо ніхто ня быў так блізка.
Боль і асалода, пакута і шчасьце – рэчы настолькі палярныя, што сыходзяцца на другім полюсе і зьліваюцца ў адно. Боль робіцца асалодай, пакута – шчасьцем. І наадварот.
Людзі ўсяму зайздросьцяць. Нават чужой сьмерці: адпакутваў. А самі чапляюцца за жыцьцё да апошняга.
Хто, калі, дзе бачыў цалкам задаволенага сабою, сваім лёсам? Ніхто, ніколі, нідзе. Хоць, часам, людзі гэтую незадаволенасьць скі­роўваюць на іншых: кепскі муж, паганая жонка – яны вінаватыя. Падман. І добра, калі самападман.
Калі Марфей апераджае Харона – жыцьцё дае нам надзею прачнуцца.
Усё на сьвеце глыбока асабістае. Усё ў адзіночным ліку. Чалавек – са­мая адасобленая, самая замкнутая ў сабе істота з усіх статкавых.
Ніхто ня можа пабыць у скуры іншага. Чалавек – уяўны сьвет, які зьяўляецца з ягоным нараджэньнем і зьнікае з ягонай сьмерцю.
Але прыходзіць сон. Сьніцца прыгожае і страшнае, пакуль не прачнешся.
Здольнасьць марыць – апошняе, што адрозьнівае чалавека ад жывёлы. І першае, што зрабіла яго чалавекам. Ці марыць муха? А слон? Мядзьведзь? Дрэва зімою?
Мала хто запісвае свае думкі і амаль ніхто не фіксуе іх. А калі нехта паспрабуе зрабіць гэта – ён жахнецца: колькі зла носіць у сабе чалавек. І як мала дабра.
Жыцьцё кароткае, і толькі адзінота падаўжае яго: бярэ ў канцы і пры­точвае ў сярэдзіне.
Адзінота – гэта вайна шэрага з шэрым, у якой перамагае шэрае.
Усё часовае – вечнае. Усё абсурднае – звышлагічнае. Трэба толькі не ленавацца.
Не стамляйцеся лячыцца сном. Бо менавіта ў сьне вы адкрытыя для вы кантактуеце з іншымі. Удзень вы – рэч у сабе. Ніхто ня ведае вашых думак, а чужыя – вы самі выдумляеце.
“У добрых думак – кароткія штонікі”, “Дзе коратка – там і рвецца”, “Ціха сам з сабою... з цэлым народам гутарку весьці”.
Кепскае – кароткае – сваё.
Добрае – доўгае... у чужых руках...
Шчасьце доўгім не бывае, як гора кароткім.
Самае доўгае шчасьце можа ня даць шчасьця, а самае доўгае гора ня быць горам. Не таму, што ўсё адносна і залежыць толькі ад нашага ўспрыняцьця, а таму, што няма нічога вечнага.
Апроч адзіноты.
…Чалавек – скошаная травінка, якая думае, што яна думае.

5a.

Стах сядзеў за другою партай, а за першай, каля стала настаўніцы, сядзела самая файная дзяўчынка ў класе.
Яна заўсёды была проста перад ім: падымеш галаву, і вось яна – зьлева. Іх так пасадзілі: хлопчыкі справа, дзяўчынкі зьлева.
Таня! Якое прыгожае імя! Ён ніколі ня думаў, што самае звычайнае імя можа быць такім прыгожым. Яму хацелася паўтараць і паўтараць яго. Па дарозе дамоў, да сваёй вёсачкі, на самай тоўстай бярозе Стах выразаў яе імя і кожны раз праходзіў і любаваўся ім, нібыта ёю...
Так, яна, Таня, а не суседка Нінка, не Валя, якая глядзела яго, і нават ня мама, была ягоным першым каханьнем. Гэта яе імя ледзь высьвечваецца цяпер на ягонай левай руцэ: калі напружыцца, калі ведаць, можна і цяпер яшчэ скласьці ў літары сінія кропачкі наколкі, няўмела зробленай яму Сёмкам у чацьвёртым класе. Ён стрываў боль, але наколка не ўдалася... Як і іхняе каханьне. Бо ён так і не адважыўся прызнацца ёй. Хоць, здаецца, усе ў класе і настаўнікі ведалі пра ягоную неабыякавасьць да Танькі. Ведала і яна сама. Пэўна, таму і пазьбягала яго. Дарэчы, і першы партрэт, які намаляваў ён і па памяці, і з “натуры” – быў яе. У профіль і крыху збоку – гэтак, як бачыў яе ў класе. Можа, і маляваць ён пачаў у вёсцы таму, што летам сумаваў па ёй, а “картачкі” ў яго не было.
У дзевяты клас Таня не пайшла: паступіла ў тэхнікум. Маскоўскі, харчовы, дзе вучылі на тэхнолагаў, што робяць каўбасы. І ўсё – зьнікла з ягонага жыцьця, як прапала...
А тое, што было ў іхняй вёсцы, тыя гульні разам, тая “дружба” – не былі каханьнем. То была цяга, прага, якая дыктавалася прыродай, пэўная патрэба, што хвалявала, не давала спакою. Ад нара­джэньня. І толькі.
Стаху было гадоў восем-дзевяць, калі ён упершыню ўбачыў – “як гэта робіцца”.
Побач з вёскаю быў алёс. Дакладней, вёска паўакружала – паўабдымала падковай – яго, гэтае лясное балота, у якім амаль заўсёды стаяла, чмякала пад нагамі, вада. Пасярод алёсу быў астравок-палянка: яшчэ адное месца гульняў дзятвы. Але – таемнае. Тут была ў іх “вышка” на дрэве: своеасаблівы будан, амаль не бачны з зямлі, змайстраваны на старой раскідзістай асіне невядома кім і невядома калі, аднак штогод паднаўляльны. Там, у шалашы на дрэве, гулялі яны ў “ачко” на грошы, што дарослыя забаранялі. Дзяўчынак туды з сабою не бралі ніколі, ды яны і самі баяліся хадзіць, бо на дрэва трэ было ўзлазіць па сьлізкіх, зарослых і амаль незаўважных прыступках – круках, зьнятых з тэлеграфных слупоў.
Аднойчы ішлі яны да сваёй “вышкі” і раптам пачулі на палянцы чыесьці асьцярожныя галасы. Хлопцы адразу сьцямілі, што адбываецца нешта таемнае, забароненае. Сьцішыліся і пачалі падкрадацца.
З-за вольхаў, аднекуль зьнізу, з высокае травы, чуўся цяпер толькі жаночы голас, і па ім кожны з іх мог здагадацца, што там робіцца. Жанчына прасіла: “Хопіць... Хопіць...” – і адчайна стагнала. Мужчына маўчаў і гучна, з хрыпам соп. Яны вызірнулі з-за дрэва і спачатку ўбачылі, як над травою падымаецца і апускаецца голы бела-сіні, з ружовінкамі пасярод, зад. Узьлятае і з сілаю падае ўніз. І тады з травы чуецца стогн і просьбы: “Хо-о-піць...”.
Вышка была на краі палянкі. Яны ўзьлезьлі наверх. Адсюль усё было відаць як на далоні, як на засланым зялёным абрусам стале. Сэрцы іх забіліся яшчэ хутчэй. Яны пазналі мужчыну – то быў кульгавы Яўген, няўдаліца, няўклюда, які жыў адзін, бо бацькі памерлі, а жонкі не займеў. Пазналі і жанчыну – дзяўчыну, тую самую Валю, якая некалі гля­дзела Стаха... І як яна магла?..
Колькі іх было ў тым будане? Пяцёра... Ня больш. Стах быў самым меншым. І ўсе, гледзячы на гэтае “кіно”, бы па камандзе, засунулі рукі ў штаны. А ён пасаромеўся: там была Валя...
Аднак на палянцы нешта здарылася. Падхапіўся на калені Яўген. Прысеў над Валяю. “Што, што з табою?” – пытаўся. Валя нібыта за­снула. “Прытомнасьць страціла...” – прашаптаў нехта з хлопцаў. Яўген падцягнуў штаны і, трымаючы іх у руках, пакульгекаў па сьцяжыне да вёскі. “Па ваду пабег...” – зноў сказаў хтосьці. А на паляне ляжала голая, расхрыстаная дзяўчына: якую не засьціла цяпер цела муж­чыны. Яўген нават не затуліў, не накрыў яе – так і пакінуў... І самы старэйшы з іх – той жа Сёмка – нічога не кажучы, зьлез з вышкі, падбег і лёг на Валю. Ляжаў і торгаўся, амаль як Яўген, толькі нейк коратка і хутка, а над ім ужо стаяў ягоны брат Івута і ныў-прасіў: “Ну злазь ужо, дай і мне паспрабаваць... Дай і мне...” Сёмка нехаця падняўся, і да Валі прыпаў Івута. Потым Віталь... Стаху было брыдка назіраць за гэтым? Яму хацелася ўцякчы, каб не рабіць тое, што і хлопцы, бо адмовіцца перад імі ён ня змог бы. Але ён чакаў чаргі... Ч-а-к-а-ў чаргі, ня ведаючы, куды падзець вочы. І тут з боку сьцяжыны пачуўся шоргат ног і шум: нехта бег, сьпяшаў. “Кульгач!” – крыкнуў Сёмка, і яны кінуліся да кустоў...
З алёсу Яўген і Валя выходзілі паасобку. Спачатку Валя – яны назіралі за гэтым здалёк – няўпэўнена, пагойдваючыся, бы п’яная, асьцярожна чы нагамі зямлю, а потым Яўген – азіраючыся, як нешта ўкраўшы, і сьпешна-радасна, жвава: кульгець, кульгець подбегам...
А Стаху, між іншым, падалося, што Валя прыйшла ў сябе яшчэ да таго, як на яе лёг Сёмка, аднак выгляду не падала... Чаго баялася? Галоўнае – каго?..

5б.

Дзяўчына прыязна ўсьміхнулася Стаху, калі ён вярнуўся да свайго месца. Прапусьціла да вакна (зноў пах валасоў, цела: водар!..), спытала:
— Холадна?
— Не сказаў бы. Але зоркі на небе не відаць ніводнай. Пад раніцу тут будзе дождж.
— Ты фенолаг ці проста назіральны чалавек?
— Не, я захапляюся астраноміяй і дужа шкадую, калі хмары захі­наюць зоркі.
— Значыць, ты вельмі летуценны чалавек, любіш марыць, у сьне лятаеш...
— Лятаю (“Што за намёк на сон?”, — падумаў Стах), а вы што – прафесійная гадалка? – яму не спадабалася неспадзяваная напорыстаць, наступальнасьць дзяўчыны. Ён заўважыў, як лёгка, адразу яна перайшла на “ты”, і ў ягоным “вы” таксама быў прыхаваны выклік. Дзяўчына ніяк не зрэагавала, а толькі зноў спагадна-ветла ўсьміх­нулася:
— Я трошкі псіхолаг, без пяці хвілінаў – дыпламаваны, а значыць, яшчэ не прафесіянал, аднак ужо і не аматар... Магу і пагадаць – давайце руку...
— Заўтра... – выйшла грубавата, хоць Стах і скарыстаў свой даўні жарт, бо ніякога “заўтра” ў іх з дзяўчынаю быць не магло, — вы студэнтка?
— Потым пра гэта... А гадаць, дарэчы, можна па твары – па носе, вуснах, ілбе, па вушах, вачах... Па фігуры, па манерах трымацца, па голасе... а ня толькі па руцэ. Вось я магу сказаць пра цябе, што ты нядаўні вясковец. Студэнт. Курс гэтак другі... — Яна какетліва зірнула Стаху ў вочы: ці так? Стах не падаў выгляду, што ацаніў гэта. – Выдатнік, чалавек творчы, таму не з політэху, не з наргасу... Філолаг – можа быць. Вершы, прынамсі, пішаш. Едзеш на канікулы да бацькоў...
— Так і я магу пагадаць – вы гарадзкая, з інтэлігентнай сям’і, мае-це жаніха... – ён не стрымаўся, усьміхнуўся, гледзячы, як уважліва яна слухае: — Даруйце, нясу нейкую лухту...
— Не, чаму ж, цікава. – Яна выключыла сьвятло над сабою, і ў паўцемры стала яшчэ больш прыгожаю і жаданай. Кніга ляжала на каленях, загорнутая, і яна павольна пагладжвала яе рукой, двума пальцамі, уздоўж карэньчыка: уверх-уніз, уверх-уніз... Стах толькі цяпер заўважыў, што яны стараюцца гаварыць паўшэптам, каб не замінаць па­сажырам-суседзям драмаць. І гэта надавала іхняй гутарцы дадатковую шчырасьць, і нават інтымнасьць.
— Я не псіхолаг і тым больш не гадалка, — сказаў Стах, гледзячы дзяўчыне ў вочы і дзівячыся сваёй раптоўнай сьмеласьці, — але бачу, што вам, як і мне, ня сьпіцца. Дарога ў нас далёкая, дык чаму б нам, землякам, не пазнаёміцца бліжэй... Бо ўгадаць, як вас завуць, я не бяруся. І вам гадаць не раю.
— Добра, але пяройдзем на “ты”... Іра, — і дзяўчына працягнула Стаху сваю маленькую далоньку.

5в.

Быць сьмешным ня сьмешна.
Стах жыў у інтэрнаце ў адным пакоі са старшакурсьнікам-клоўнам, які казаў, што любіць бачыць, як з яго сьмяюцца.
“Калі ты на сцэне?” – пытаў Стах. “Не, заўсёды”, – адказваў клоўн. “Бо ты лічыш, што цябе пазнаюць і сьмяюцца з таго, сцэнічнага, як з Нікуліна?””. Дарэчы, прозьвішча хлопца-клоўна і было Нікулін, а ён зьмяніў яго на незразумелы псеўданім “Пясочны” (у касьцюме такога колеру выступаў). “Не, я заўсёды сьвядома ці падсьвядома, усюды: дома, у аўтобусе, на людзях, раблю так, каб было сьмешна. Купляю хлеб, бяру яго з рук прадаўшчыцы і выпускаю яго на стол так, каб яна спачатку войкнула ў адчайным жаху, а потым пасьмяялася... Я нарадзіўся такім. Я люблю, калі з мяне сьмяюцца”. “А калі ты ня робіш наўмысна сьмешна, а наадварот кажаш нешта сур’ёзна, а з цябе ўсё роўна сьмяюцца, цябе гэта не раздражняе? Табе гэта таксама прыемна?” Клоўн хацеў адказаць: “Так!”, але раптам задумаўся і прамовіў – не зразумець усур’ёз ці жартам: “Мне ніколі ня стаць прэзідэнтам краіны. Я сам сябе абмежаваў...”
Жыцьцё называюць цыркам. Але цырк жыцьцём – не адважваюцца.
Чалавека называюць клоўнам. А клоўна чалавекам? Гэта маецца на ўвазе, падразумяваецца...
Стаху здавалася, што няма абмежаваньняў на прафесію. І добры клоўн можа стаць добрым прэзідэнтам.
Але ж кепскі – ніколі. Затое кепскі прэзідэнт можа быць добрым клоўнам. А добры – ніколі.
Добры клоўн заўсёды сярод сяброў. А як адзінока кепскаму прэзідэнту! Вакол яго тысячы людзей, якія ўмеюць зазіраць у рот, выконваць любую прыхамаць, а яму – хрэнова, а яму – адзінока...
І тады ён бярэ гармонік, зачыняецца ў сваім вялізным кабінеце, грае і сьпявае ў самотным адчаі на поўны голас...

6a.

Летам, між дзевятым і дзясятым класам, Стах упершыню ўсур’ёз правёў дзяўчыну дахаты. І потым з месяц “хадзіў” з ёю. Так гэта называлася: “Ты з кім ходзіш?”, а не “сябруеш”... Амаль месяц, пакуль бабулі. Дзяўчына была старэйшаю за яго і ўжо вучылася ў нейкай вучэльні, але драбнейшаю: і станам, і ростам Стах выглядаў куды сталей і за ейных гарадзкіх аднакурсьнікаў-шчаўлікаў.
Увогуле Стаху было цяжкавата знаёміцца з дзяўчатамі. Бо нейкім невясковым ён быў. Ненармальным. Бо які ж звычайны вясковец бу­дзе цэлы вечар дзяўчыне пра зоркі расказваць і рукамі, замест таго, каб абдымаць яе, паказваць, дзе абедзьве Мядзьведзіцы, а дзе Касіяпея... Гэта ён потым зразумеў, што хоць жанчыны і любяць вушамі, але чуць яны хочуць іншае, і ягоная “эрудыцыя” і “выхаванасьць” павінны быць пастаўленыя на службу пэўным намерам. Яму трэ было быць “прос­тым” вясковым хлопцам і не “выпендрывацца” нават на першым курсе, а ня тое што ў вёсцы...
Стах бачыў, што гарадзкія дзяўчаты выбіраюць не па розуму, а наадварот: чым нахабней і дурней хлопец, чым хутчэй ён пачынае “распускаць” рукі, тым болей у яго шанцаў. Ён бачыў, што яны ня “дуры набітыя”, аднак з большым захапленьнем слухалі хлусьню чарговага Сёмкі, які пахваляўся тым, як учора на трактары ганяў перапалоханых курэй ды гусей у суседняй вёсцы, а аднаму гусю праехаў проста па даўжэзнай шыі. Пры гэтым Сёмка стараўся размаўляць па-расейску, хоць сам у сваім пэтэвэ толькі “да” і “нет” казаць навучыўся.
Стах жа ніколі, прынцыпова, не “ламаў” язык перад дзеўкамі, заўсёды размаўляў па-свойму, хоць расейскую мову ведаў дасканала, прынамсі, калі летам езьдзіў да дзядзькі ў Карэлію, там у яго акцэнту і не заўважалі... Стах рос у той час, калі ў беларускіх вёсках жанчын яшчэ паважалі і шанавалі, узьвялічвалі і аддавалі ім першынства. Але часы мя­няліся і мяняліся проста на ягоных вачах. І вінаватымі ў тых зьменах былі і самі жанчыны, якія жадалі быць (здавацца?) больш незалежнымі. Стах бачыў, што ў Сёмкавых аповедах самае цікавае дзяўчатам было тое, што ён пры гэтым рукамі сваімі лазіў усюды, дзе можна і няможна...
Стах жа, нават калі заставаўся з дзяўчынаю сам-насам, баяўся абняць яе, а ня тое што пацалаваць.
Тую дзяўчыну, пэтэвэшніцу, звалі Ірка... Таксама, дарэчы, Іра. Бывае ж такое, што па жыцьці суправаджаюць жанчыны з адным і тым жа імем. (Гэта потым яго вучыў старшакурсьнік-клоўн, што каханку трэ выбіраць з імем жонкі: тады ў ложку не памылішся...) Ірка мужна, штовечар, выхадзіла з ім колькі тыдняў – самае большае за руку патрымацца ды ў вочы пазазіраць – слухаючы расповяды пра зоркі, пра цікавосткі жыцьця вясковага, пра сьмешныя выпадкі са Стахавага такога кароткага вопыту... і нарэшце не вытрывала і сказала яму пры разьвітаньні: “Ты мне падабаешся...” Для яго гэта было нечакана, але не зьдзівіла: а як жа іначай, калі яны столькі часу “ходзяць”... І яна яму таксама падабаецца... Яны стаялі каля падворку яе бабулі, і ён моўчкі лыпаў на Ірку, не выпускаючы ейныя рукі, сьціскаючы іх усё мацней і мацней. І тады яна вызваліла рукі, прыгарнула яго да сябе і пацалавала. Лёгка, аднымі сухімі вуснамі. У цішыні пачулася: “Па-а-а...” – чмокнулі яе губы... Цалуючы, Ірка ўкалола-кранулася яго пругкімі ў станіку ўзгоркамі сваіх грудзей, і ён ледзь не самлеў ад гэтага дотыку. А яна прашаптала: “Бывай...”, і пабегла дамоў.

6б.

Такім чынам, яна назвалася Ірай. Ён – Стахам (“Якое незвычайнае імя!” – Караткевіча, відаць, не чытала). Яна ехала праведаць бабулю, у якой некалі жыла кожнае лета. Вёска яе была далекавата ад ягонай – у іншым раёне. І бачыцца яны раней ніяк не маглі. Праводзіў яе жаніх, з якім яна заручылася і ў ліпені будзе вясельле. Іра і сапраўды студэнт­-ка – перайшла на апошні курс. Вучыцца ня любіць. Лічыць, што ўся кар’ера для жанчыны – удала выйсьці замуж. Разумна. Выгадна. Будучы муж – сын дыпламата і сам стане дыпламатам... Стах слухаў яе і адразу забываў, што яна кажа, бо словы цяпер нічога ня значылі. Ён не заўважыў, як яе рукі апынуліся ў ягоных. Ён трымаў іх – маленькія, кволыя, цёплыя – і ня мог натрымацца. Ён кахаў яе – так, кахаў, хіба для гэтага трэба шмат часу? – гэтую чужую жанчыну. Ён пакахаў яе з першага погляду, яшчэ там, на пероне, калі праходзіў паўз іх з хлопцам у аўтобус. Ён тапіўся цяпер у ейных бліскучых, вільготных, вялікіх вачах, у якіх прабягала сьвятло рэдкіх сустрэчных. Стах паднёс яе рукі да вуснаў і пацалаваў. Ён дзівіўся сабе: раней ніколі ня змог бы адважыцца на такую сьмеласьць. Іра дрогнула – страпянулася так тонка, быццам нябачная хваля прабегла па ейным целе – але рукі не забірала. І Стах адчуў сябе зусім хлопчыкам у параўнаньні з гэтай жанчынай, з гэтай ільвіцай, якая ў любы момант можа яго разарваць на кавалкі, можа ўзьняць, узвысіць, а можа апусьціць, выкінуць, зруйнаваць, зьнішчыць... Стах разумеў, што і яна гэта ведае, што ягоны лёс, ягоная будучыня цяпер у гэтых маленькіх руках, якія ён трымае ў сваіх. Яна ўжо адчула, што можа дыктаваць яму ўмовы, і ёй гэта спадабалася: чаму б не пагуляцца з нявопытным шчанючком... Ноч, глухая ноч. Іх двое. Ён хваравіта гарыць, палае. Людзі вакол для яе – ня больш чым манекены, антураж, ён жа іх увогуле не заўважае. Мілы, наіўны вясковы хлапчук, які, напэўна, у жыцьці яшчэ нічога ня бачыў, толькі што вырваўся ў сьвет са сваёй вёсачкі... Чаму б не завесьці яго... Тым больш, што ноч, сумна і спаць ня хочацца, тым больш, што ў любы момант гульню гэтую можна перапыніць...
Стаха прываражыла гэтая жанчына, як ніхто раней, ён не валодаў са­бою, ня мог спыніць сябе, нібыта і сапраўды прыйшоў ягоны час. Яна была так блізка і здавалася такой даступнай. Яму хацелася большага і большага... Ён закахана глядзеў у яе вочы, і яна разумела, што гэта не акцёрства, не гульня, што гэта шчыра, што і ў яе, мусіць, такога яшчэ не было і наўрад ці калі будзе... І яна таксама моўчкі, крыху стомлена, пазірала ў ягоныя вочы, якія глядзелі шырока-шырока... Крыху стом­лена глядзела, але быццам бы дазваляльна-заахвочвальна... Прынамсі, яе бліжэй, адчуў ейнае цела – яно зноў страпянулася, затрымцела, чуйна напялася, як леска, калі рыбі­на кратае нажыўку... Вочы яе яшчэ больш заблішчэлі, пакрыліся туманам... Пажадай? Жаданьнем? Прагай?.. Стах ня думаў пра гэта. Ён думаў толькі: “Якая ж ты прыгожая, Ірынка...”, і праз паўзу: “Як жа я цябе хачу...”
Іра раптам адабрала ў яго свае рукі, адсунулася на край крэсла, грубавата адштурхнула ад сябе – і настойліва, працяжна, бы зьмяя ў мульціку, прашаптала: “Сьпі-і-і!” Стах не зьдзівіўся гэтай нечаканай перамене. Са свайго невялікага вопыту ён ведаў ужо, што гэта свое­асаблівая лакмусавая паперка: праверка мужчыны на трываласьць, што гэта і ёсьць дазвол жанчыны ісьці далей, пераступаць мяжу... Ён пяшчотна абхапіў яе галаву, прыцягнуў да сябе і пацалаваў гарачымі вуснамі ў шчаку, у вусны, у шчаку, у вушка, вушка, вушка... Прагна, па-даросламу, як не цалаваў яшчэ нікога.
— Сьпі-і, сьпі-і, — шаптала яна, і дыханьне яе зьбівалася, — сьпі-і..., — бо вусны ня слухаліся яе і лавілі ягоныя, — сьпі-і..., — і грудзі шалёна, адчайна ўздымаліся, — сьпі-і...

6в.

Асалода – гэта самападман.
І каханьне – самападман.
Любое імкненьне шукаць асалоду – хвароба. Але любое імкненьне атрымаць асалоду ёсьць нармальная зьява, незалежна ад таго, якім чынам гэтая асалода даецца. Няма нічога забароненага. Як можна забараніць тое, ад чаго чалавеку добра? Галоўнае, каб пры гэтым было добра кожнаму паасобку і ўсім разам. І ніякога гвалту. Ні над кім. Ніколі. Усё толькі па згодзе.
І тады любыя спосабы і любыя варыянты атрыманьня асалоды мажлівыя. Рознаполыя, аднаполыя, калектыўныя...
Толькі – ні кроплі прымусу, зьдзеку, гвалту, падману, хітрыкаў. Усё па добрай згодзе: “Табе “калясо” і мне “калясо”...
Вам добра? Ну дык – “упярод”.
Стаха ж цікавілі выключна жанчыны. Яго задавальняў толькі адзін варыянт: мужчына+жанчына. Ён шукаў яго. І гэта было адзінае, што жыцьцё магло супрацьпаставіць ягонай самоце. Жанчына не давала яму быць адным. Адзіным – так, але не адным... Жанчыны – вось што ўрэшце рэшт разьбіла ягонае ўяўленьне пра адзіноту. Пакуль ёсьць жанчыны – ён не самотны...
І цягнецца адная адзінота да другой. І разам ім добра.
Жанчыне добра – пакуль добра, пакуль ідзе “працэс трэньня”. Мужчыну добра – пакуль ня выштурхне з сябе семя. Жанчына схопіць імпульс звышдобрага і зноў вяртаецца да ранейшага – да проста добра. І так да бясконцасьці. І ў любы момант гэтай даброты яна можа ад­піхнуць мужчыну, устаць, абцягнуць спаднічку, паправіць прычоску, падфарбаваць вусны, і як ні ў чым ні бывала сысьці... Жанчына можа не заўважыць “разрыву”, перайсьці ад стану трэньня да стану спакою амаль імгненна. Гэтаксама лёгка яна можа падняць спаднічку, растуліць ногі і быць гатовай прыняць порцыю асалоды...
Жанчына больш дасканалая істота, чым мужчына, бо менш тонкая.
Жанчына адзінокая заўсёды. І да таго, і пасьля. Адзінокая і няшчасная. Падманутая сама сабой. І найбольш адзінокая яна якраз тады, калі носіць у сабе другое – новае – жыцьцё...
Мужчына ж не супакоіцца, пакуль ня выкіне з сябе семя. Ён будзе страшэнна пакутаваць, калі гэта не здарыцца, пакуль гэта не здарыцца. А калі ўсё адбудзецца – гэтчаснае расслабленьне, млявасьць, санлівасьць, абыякавасьць. У аднаго бывае так пасьля першага разу, у другога хай сабе і – дзясятага... Але бывае абавязкова. Ізноў мужчыну агортвае адзінота. Яшчэ большая, чымсьці да таго. І пачуцьцё віны. Без віны вінаватага...
Ці не таму, што Бог выгнаў Адама з Раю пасьля першага, самага першага, спазнаньня жанчыны.

7a.

Наступным разам Ірка вучыла Стаха цалавацца. Ноч была не па-летняму чорнаю і ярка-зорнаю. Проста над ягонаю, пахіленаю ў пацалунку, галавою вісела сузор’е Ліры і Вега была зьдзіўлена-вялікаю, велізарнаю, бы зоркавае вока, што бачыць усё, вялізнаю, як срэбны рубель, як асалода, як шчасьце ніколі не каштаванае ім у такой колькасьці.
Было хваляваньне, быў мандраж, быў, нарэшце, сорам. Але толькі напачатку. Потым усё забылася. З мулкай лаўкі яны ўпалі на мяккую, халодную, яшчэ ня росную траву, качаліся па ёй і Стах, калі быў зьнізу, і калі шырока расплюшчваў вочы, бачыў толькі аграмадную Вегу, што бессаромна зазірала проста ў ягонае нутро. Вялізная, як сонца, Вега – сімвал ягонага шчасьця. Першы пацалунак: паэма і няскончаны, скамечаны вершык – разам... Вусны ня слухаюцца, вусны драўляныя, вусны нічога ня ўмеюць, вусны сухія-сухія, гарачыя-гарачыя...
Ірка была непадобнай да сябе. Нястрымнаю, палкаю, шалёнаю... Яна літаральна ўпівалася, усмоктвалася ў яго, рассоўвала языком вусны, тра­пятала ў руках, білася, як рыбіна... Потым супакойвалася, і, лежачы пад ім, вучыла, як цалавацца “па-школьнаму” – цнатліва... “як муж з жонкаю”... “як з каханкам”... проста – “узасос”... Затым па “Камасутры” – пацалунак “лёгкі”... “паветраны”... “трапяткі”... Ён не дзівіўся – адкуль яна гэта ведае, ён ня думаў ні пра што, ён бачыў толькі яе, нават нічога не бачачы...
Цемра – вочы заплюшчваць ня трэба, а вочы заплюшчваюцца самі і шныпараць па тваім нутры і зьдзіўляюцца, не пазнаючы цябе...
Гарачыя вусны, гарачае дыханьне, гарачае цела... Гарачыя зоркі, гарачая трава, гарачая ноч... Такая кароткая летняя ноч. Запалаў усход, пазначыліся на ім цені хмарак, даўно сьпяваюць пеўні: гучна-гучна... Сонца пасьпела аббегчы зямлю і да нас вярнулася. Хоць бы ты яшчэ на трошкі затрымалася... Але – час разьвітвацца, час ісьці дамоў. Нацалаваныя вусны – гараць. Абадок чырвоны вакол іх – палае. У Іркі, пэўна ж, і ў яго. Сарамлівае “бывай”, “да вечара”...
Ранак халодзіць змакрэлыя штаны: Стах так і не “ўзяў” яе – забыўся, зацалаваўся... Нічога, будзе новы вечар. Цяпер – будзе...
Шчасьце – хіба ж можна схаваць яго ад маці, якая ўжо ня сьпіць, зьбіраецца ісьці даіць карову:
— Дзе ты да самага ранку валэндаўся? — буркліва.
Дзе-дзе... Нідзе-е... Апусьціўшы вочы, затуліўшы твар, моўчкі – у ложак.
Спаць... Але хіба ж тут засьнеш...

7б.

Спаць?..
Што ты кажаш, які сон, калі побач, у лічаных міліметрах, такое жаданае, чаканае... Ірына адказвала на пацалункі – то млява, то горача... Але завісчэлі тармазы, аўтобус пахіснуўся на рэзкім павароце і па­вольна падкаціўся пад павець чарговае аўтастанцыі. Пасажыры заварушыліся, і Стах, ня маючы сілаў заставацца ў салоне, выйшаў на вуліцу, на прахалоду, каб крыху астыць.
Ён вырас у такіх умовах, што жанчыны здаваліся яму боскім стварэньнем: нечым чыстым, сьвятым. Ён абагаўляў жанчыну. Гэтак яго выхоўвалі. Хіба можна такую слабую і такую пяшчотную істоту крыў­дзіць? Гвалтам дамагацца ад яе чагосьці? Аказваецца, можна. Часам, яна і сама таго хоча. І падштурхоўвае, спакушае мужчыну. Жанчыны – найвялікшыя здраднікі. Вось і гэтая: пару гадзінаў таму тулілася да за­ручонага, з якім праз тры тыдні вясельле, а цяпер цалуецца з першым сустрэчным, з чужым, абсалютна невядомым, незнаёмым, выпадковым чалавекам... Псі-хо-лаг называецца... Як так можа быць? Як можна ўсім ім пасьля гэтага верыць?..
Разам са Стахам з аўтобуса выйшаў толькі адзін мужчына гадоў са­рака – стаяў каля дзьвярэй, паліў прагна, узацяжку, але нясьпешна. Астатнія пасажыры спалі альбо сонна вызіралі ў вокны і пацепвалі пля­чыма ад уяўнага холаду. Стах падыйшоў да мужчыны і папрасіў цыгарэтку. Той нехаця палез у кішэню тэніскі, дастаў пачок, зазірнуў у яго і сказаў: “Апошняя... А апошнюю...”, – Стах не даслухаў яго, ён і не хацеў паліць, ня ўмеў, і не паліў ніколі апроч аднаго выпадку ў першым класе, калі яны з сябрам купілі ў краме на сэканомленыя дзесяць капеек пачок “Паміру” – падманулі прадаўшчыцу: “бацька папрасіў” – і выкурылі яго ўвесь пасьля школы ў прысадах. Ён памятае, як прыплёўся дамоў, кінуў ранец, залез на печ, дзе заўсёды па восені вісела цыбуля, зьеў адну – каб мама паху не пачула – і адключыўся: усё, больш нічога не памятае. І пасьля таго ён ніколі не спрабаваў паліць. Ад адное думкі пра гэта ў горле падымаўся непрыемны камяк і яму рабілася брыдка. А цяпер вось – закурыў бы. Ды – няма...
Так, ён зараз вернецца ў аўтобус да Іры. Яна чакае яго. Прызнаецца сабе ў тым ці не, але – чакае. Трошкі нахабства – і яе можна браць голымі рукамі, трошкі нахабства – і яна твая. Альбо – ты яе. Ня трэба скідваць гэтага з рахунку. Яна – львіца. Яна – гаспадыня: царыца... Толькі – ніякіх сумненьняў, ніякіх ваганьняў. Усе гэтыя львіцы – проста коткі, ласкавыя кошачкі. Непрыступна-даступныя. Крэпасьці з вы­сачэзнымі сьценамі і расчыненымі насьцеж варотамі. Ня кідайся, ня лезь на сьцены, зайдзі ў дзьверы...
Але ж – страціць нявіннасьць у аўтобусе, у антысанітарных умовах...
У аўтобусе, які нясецца з хуткасьцю сто кіламетраў у гадзіну...
Рамантыка...
З гэтай прыгожанькай сучкай...
Бы пад плотам...

7в.

Могілкі пачынаюцца з аднаго крыжа. Першага. Адзінага. Адзінокага. Але ў іх яшчэ ўсё жыцьцё наперадзе. І будуць яны густымі ад крыжоў і цеснымі ад сьвежых магілаў. Будуць.
А ці бачылі вы могілкі, якія паміраюць?
Жудасная зьява.
Так бывае, калі спачатку памірае вёска, з якое на гэтыя могілкі людзей везьлі спачываць.
Моладзь вёску пакідае, застаюцца толькі старыя, якія нібыта па пэўнай чарзе, паступова, перабіраюцца пад рыжыя сосны суседніх могілак. І тады могілкі, са сьвежымі магіламі, з дагледжанымі сваякамі магілкамі, здаюцца больш жывымі, чым вёска, дзе даўно пахіліліся, абрасьлі мохам платы, дзе ўтравела вуліца, дзе зарастаюць сьцяжыны да калодзежаў, дзе абсыпаюцца і гніюць несабраныя нікім яблыкі і грушы ў садах, дзе дзі­чэюць пакінутыя гаспадарамі на галодную сьмерць каты і сабакі...
А ці бачылі вы, як паміраюць чарнобыльскія вёскі? Не, ня тыя, дзе выкапалі вялізныя ямы і ссунулі ў іх хаты бульдозерамі. А тыя, што засталіся за калючым дротам на радасьць марадзёрам, дзяжурным мі­ліцыянтам, зьбеглым зэкам, бамжам, і проста адпрэчаным Богам лю­дзям... Гаспадары думалі, што вернуцца сюды праз дзень, тыдзень, месяц – так ім тлумачылі. Зачынілі хаты са звычайным скарбам на замкі, а з сабою ўзялі толькі дакументы...
За першы год зарасьлі бур’яном і пустазельлем незасеяныя па вясьне агароды – “соткі”. Вокны ў хатах выбітыя, вырваныя “з мясам” замкі. З пакояў вынесенае ўсё: тэлевізары, лядоўні, сталы, ложкі... і вывезенае куды – у “чыстую зону”, кім – тымі ж міліцыянтамі, мара­дзёрамі, бамжамі... Зьедзеныя ўсе прыпасы, што пакінулі гаспадары – бульба, збожжа, сала... У пошуках прыхаванага самагону ўзламаныя падлогі...
За другі год на селішчах зарасьлі ўсе сьцяжыны да хлявоў, да пограбаў, да сьцёпак, да лазьняў... Трава цесна абступіла асфальт, што па­кладзены пасярод вуліцы. З некаторых хатаў ужо зьняты – тымі ж людзь­мі: дайшлі рукі – і прапіты шыфер, правальваюцца дахі, абсыпаюцца ад сырасьці столі, развальваюцца печы, грубкі...
За трэці год кустоўе, якога летась яшчэ не было відаць з высокае травы, пачынае тырчэць паверх яе і пераходзіць у свой пераможны на­ступ ад платоў – да хатаў і дарогаў. Слупы, як клічнікі, чарнеюць уздоўж вуліцы – дрот з іх зьняты і прапіты. Вецер гуляе ў расхрыстаных хатах без рамаў, без дзьвярэй, дождж залівае іх, сьнег засыпае іх...
Людзям сюды ўжо можна не вяртацца – лепш будавацца на новым месцы. І добра яшчэ, калі сухім летам не пракоціцца пушчаны чыёсьці злою рукою (а можа, і добраю, бо няма сілаў глядзець, як рабуецца і разбураецца – памірае – вёска) сьляпы і бязьлітасны пажар – тады застаюцца тут толькі ўчарненыя цагляныя сьцены ды коміны...
Зрэшты, час няўмольны, і – адныя цагляныя сьцены ды коміны застануцца тут праз пятнаццаць гадоў. Зрубы асунуцца ўніз, згніюць, са­тлеюць без догляду, маладыя дрэўцы цесна абступяць былыя котлішчы і толькі цэгла з-за іх чырванее, як кроў, толькі крэйда бялее, як бінты на месцы ранаў нядаўняга селішча. Па асфальтаванай дарозе, аброслай кус­тоўем і ладнымі дрэўцамі акацыі, можна заехаць ці зайсьці глыбока ў памерлую вёску, а зьвярнуць на неасфальтаваны завулак, па якім хадзілі некалі людзі, на якім гуляла ў пяску дзятва, ужо нельга – няма яго...

8a.

Справядлівасьць і праўда, гонар і сумленьне – для Стаха былі ня прос­та словамі, а сэнсам жыцьця. І пакуль ён быў малым, пакуль ён жыў у вёсачцы, яму ўдавалася ня толькі самому ня здраджваць гэтым прынцыпам, але і патрабаваць таго ад іншых. Дарослыя “падыгрывалі” яму, і да пары да часу ён ня бачыў, ня ўмеў бачыць падману, хітрасьці, хцівасьці, здрады. Ён верыў усім. І толькі пазьней пачаў разумець сваю наіўнасьць, сваю піянерска-камсамольскую шчырасьць, што не падобны гэтым да іншых, і што яму цяжка будзе жыць правільна ў гэтым ня­правільным сьвеце.
Першае расчараваньне, першы падман, зразуметы Стахам – запом­ніўся. Дзядзька Віця паабяцаў, што возьме яго на рыбалку. Ён сам напрасіўся, і дзядзька сказаў: “Ідзі пасьпі, а я цябе раненька разбу­джу”. Стах паверыў і заснуў. А прачнуўся, калі ўжо ўзыйшло сонца. Зразумеў, што яго пад-ма-ну-лі і заплакаў.
Але гэта быў яшчэ не падман, хоць Стах моцна перажываў. Падманы і здрады былі потым, наперадзе. Сяброў і... жанчын... – тых, ад каго гэтага не чакаеш...
Тым ранкам, пасьля той ночы пацалункаў, Стах так і не заснуў. Праваляўся ў ложку колькі гадзінаў з неспакойным сэрцам, з вобразам Іркі ў вачах: змружыш павекі – і вось яна, тут... Прагныя вусны, трапяткое цела... Хіба ж засьнеш?..
Падняўся, паеў, у хату зайшла маці:
— Гуляеш цэлымі днямі, — прабубніла яна, ён прамаўчаў, бы вінаваты, хоць гэта была няпраўда, — а кралям есьці няма чаго: ні травінкі. Клеткі грызуць...
Стах узяў серп, мех, сеў на ровар і паехаў у калгасны сад. Там пад яблынямі і грушамі расла высокая, сакавітая, ядрана-зялёная дзікая трава, якую вельмі любілі трусы. Жаць сярпом яе не забаранялася – вартаўнік за гэта не ганяў. Стах ад’ехаў ад дарогі метраў сто, выбраў месьцейка з нявытаптанаю травою, прысеў і пачаў нясьпешна жаць...
Заставалася толькі сабраць у мех купкі зжатае травы, калі па дарозе, што вяла праз сад, прапыліў калгасны “газік”. Аб’ехаў вакол і спыніўся з другога боку, якраз насупраць Стаха. З “газіка” вылез вясёлы, узрушаны парторг. Стах хоць і ведаў, што траву не крадзе, стаіўся, прылёг за бугарком, схаваўся. Парторг, дарэчы, дужа непрыгожы мужчына – бываюць жа такія! – да таго ж з пакалечаным, прыжмураным крыху вокам і ад таго перакошаным на гэты бок тварам: нібы скамечаным, і крывым носам – Квазімода! – Стах гэтую брыдкасьць парторгаву міжволі зноў сабе адзначыў, пакуль той борздзенька аббягаў “газік” сьпераду. Аббег, расчыніў дзьверы, і з машыны выйшла... Ірка. Парторг артыстычна пада­гнуў адну нагу, адставіў другую, падаў ёй руку як пані ў кіно, яна за­сьмяялася, гарэзьліва прыхінулася плечуком да ягоных грудзей...
Далейшае Стах памятае, як скрозь сон. Парторг з Іркай прайшлі ў ягоны бок і спыніліся на паўдарозе пад раскідзістай яблыняй. Парторг дастаў з адной кішэні пінжака пляшку гарэлкі, з другой — нейкую закусь: плаўлены сырок, печыва, цукеркі... і кінуў пінжак пад ногі, на траву. Выглядала гэта гідкавата: ежа з кішэняў... Ірка села на пінжак. Войкнула, і з рогатам дастала з пад сябе зялёны яблык, шпурлянула яго ў бок Стаха. Парторг зубамі адкаркаваў пляшку, і яны выпілі. З горла. Ірка першая. Смачна-смачна (!!!) пацалаваліся. Парторг выцер сьлінявыя губы і зноў падцягнуў да сябе Ірку.
Былі яшчэ нейкія жарты і сьмех, як прэлюдыя, разбаўленыя дапіваньнем гарэлкі, — а потым парторг паваліў Ірку на траву, ус-ка-рас-каў-ся на яе, шкрабаючы тоўстымі пальцамі па плячах, грудзях, сьцёгнах... А затым... яны качаліся па траве пад яблыняй з віскам і стогнамі, і то парторг быў наверсе, то Ірка... Стах успомніў нядаўнюю ноч, і яго ледзь не званітавала...
Аслупянелы, анямелы, асьлеплены, ён даляжаў у траве да самага канца – ажно пакуль яны, рагочучы, ня селі ў “газік” і не паехалі. У ягоных вачах назаўсёды застаўся рух Іркі: двума рукамі яна абцягвае – пасьля таго! – кароткую сваю сукенку: двума рукамі дзелавіта тузае ўніз-уніз, а зьмятая сукенка ня слухаецца...
Стах сабраў падвялую траву – мех быў ня поўны, не хапіла нейкай жмені. Ён ухапіў рукою пук травы, разануў сярпом з усяе сілы і – мізінец, самы згіб яго на костачцы, быў развалены сярпом да касьці. Імгненьне бялела мяса, косьць, а затым пырснула гарачая, чырвона-чорная кроў. Стах заціснуў палец рукою і заплакаў.
Сьлёзы ліліся ручаём. Не ад болю. Ад крыўды. І не было цяпер нікога побач з ім, хто б супакоіў яго, растлумачыў, што нічога ня здарылася, што гэта ніякая ня здрада, што гэта і ёсьць жыцьцё...

8б.

Толькі ніякіх сумненьняў, ніякіх ваганьняў. Досыць... До... До... До...
Ірына чакала яго вясёлымі вачыма. Пэўна, і ў яе быў час падумаць. І сапраўды – калі адкінуць усе ягоныя прыдумкі: якая яна прыгожая! Асабліва цяпер, у паўцемры. Як гараць яе вочы, блішчаць пажадай...
Стаху захацелася іх запомніць, сфатаграфаць, каб потым намаляваць... Ён усьміхнуўся ў адказ – аднымі вуснамі: лёгка, прыязна, супакаяльна...
Аўтобус крануўся.
Толькі ня трэба словаў... Ня трэба словаў!
...Маленькая рука пацягнулася да маланкі на Стахавых джынсах, гузік расшпіліўся сам...

8в.

Сьмерць хацела ажаніць Стаха на сабе. Але да таго – даць адпакутаваць неспазнаньнем жанчыны. Каб стаць першай.
З маленства ён адчуваў, што лёс рыхтуе яго да адзіноты. І як мог су­праціўляўся таму. Сьмерць не ўлічыла гэта. Яна і падумаць не магла, што ў ягоным кволым цельцы пасяліўся такі моцны дух. Трэба было не даваць яму шанец, не пакідаць яго жыць, а забраць сабе яшчэ тады, калі трое сутак ён ляжаў у коме з пераламанымі нагамі і скабамі пасьля таго, як Сёмка-Гец сьпіхнуў яго ўніз з дзевяціметровай вышыні той самай вышкі. Але яму споўнілася ўсяго дзесяць, і ёй закарцела трохі падрасьціць яго...
А потым яна са сьмехам заўважыла, як хапаецца ён за сваё жыцьцё, не ўсьведамляючы, што ягонае зямное існаваньне можна назваць хіба суцэльнай пакутай, а шчасьце ўяўным і прыдуманым. І яна вырашыла правучыць яго, пазьдзеквацца хоць тым, што патрымаць як даўжэй у гэтым балючым цельцы. Яна думала – Стах паразумнее, убачыць, што апроч болю і пакутаў нічога ня мае. І сам папросіцца да яе: закіне вяроўку за крук над люстрай і павісьне, будзе боўтаць нагамі ў паветры і ўмольваць яе забраць яго. Аднак ішоў час, а ён усё чапляўся і чапляўся за жыцьцё, сталеў, старэў, і да яе не сьпяшаў. Больш за тое, адвучыўся на мастака, потым ажаніўся на звычайнай зямной жанчыне і... ягонае семя дало ўзыходы...
І тады яна зразумела, што падманулася, пралічылася, што ён перахітрыў яе, і ноччу, у сьне, прыйшла да яго, але не бабуляй з касою, як малююць кепскія мастакі, а гожаю жанчынаю, якую тыя ж мастакі мо­гуць назваць Музаю.
І тады Стах усьвядоміў, што жыве ня так, ня дзеля той мэты, з якою прыйшоў на Зямлю, што пралічыўся. Ён цярпеў пакуты, ён супраціўляўся сьмерці, а яна – перахітрыла яго, падкінуўшы спакусу ў выгля­дзе каханьня, у вобразе зямных жанчынаў... Ён супраціўляўся адзіноце, але ці варта было рабіць гэта толькі дзеля аднаго: працягу жыцьця, працягу радаводу? Бо...
Бо... платай за гэта можа стаць ягоная творчая нікчэмнасьць і незапатрабаванасьць. Бо ён раптам сярод ночы ўсьвядоміў, што жыве дарэмна, што Геніем яму ня быць... Бо геній – гэта пустацьвет. Геній – гэта найпрыгожая кветка, якая ярка цьвіце, аднак не дае пладоў. Ге­ній – засохлая галіна на дрэве радаводу. Геній не дае працягу: ён – вянец.
Інакш ён ня геній.
“А Талстой!” – хапануўся Стах за саламіну. “А хто сказаў, што Талстой – геній...”, – супакоіла яго сьмерць-муза.
“У мяне ж дачка, у мяне ж няма сына, няма працягу...” – у адчаі крыкнуў ён. “Тым горш для цябе...” – адказала сьмерць і зьнікла.
Стах прачнуўся. Побач спала жонка – усё ягонае багацьце, увесь ягоны набытак... А яшчэ ў яго ёсьць праца – любімая праца, ёсьць карціны. Карціны... Каму патрэбная ягоная мазьня...
У яго быў шанец, а ён змарнаваў яго. Ён хацеў быць як усе, і стаў такім: растварыўся між іншых.
Але ж – ён баяўся адзіноты і перамог яе. Ён дабіўся свайго: зьмяніў лёс. А хіба гэтага мала, хіба кожнаму гэта дадзена?
“Умеюць людзі прыдумваць сабе апраўданьні”, – сьмерць глядзела на Стаха – маленькага і роспачнага, агаломшанага пасярод ложку і ночы, і ёй было шкада яго. Толькі цяпер яна зразумела, што прагадала, пакінуўшы яго, але парадавалася, што не памылілася ў ім. Толькі цяпер яна ўсьвядоміла, якое значэньне ён надаваў свайму начному маляваньню, і ўсьміхнулася: яна дабілася свайго – ён так і застаўся адзінокім. Нічыім тут, чужым усім. І гэтай жанчыне побач, і той дзяўчынцы ў суседнім па­коі, і тым людзям, што за сьценамі дому, у майстэрнях, на выставах, у часопісах... Ён яшчэ зразумее гэта. Жахнецца... І аддасца ёй…
Аддасца...

Верасень, 2002.