12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Прылуцкі

_____________________
Ні мітаў, ні гісторыі, ні шасьця...
Вершы

Fin-de-siecle

«Я хацеў бы нарадзіцца на Новай зямлі,
напачатку ХХ-га, сьціплым клеркам;
працаваць у маленькай канторы ці нейкім
іншым месцы; на караблі

раз на год выпраўляцца да Рыму ці Вены;
ажаніцца пад трыццаць, завесьці дзяцей;
паважаным быць, каб аніхто табе «Гэй!»
не казаў і ставаць не змушаў на калені.

Штонядзелю хадзіць у кіно, на Каляды –
у царкву, усхваляючы Божую ласку.
Мець свой дом і рахунак у банку.

Прачынацца і ў сьвежых газетах шторанку
праглядаць некралогі, ня ведаць спагады
да жывых і да мёртвых, ды верыць у казку».



Кансьпект аднаго жыцьця

Ён вырас у мястэчку, ад бацькоў
чуў толькі пахвальбу; цудоўна падкаваны
ў мастацтве здрады прыкладам сяброў,
падлічваў перамогі; быў адданым
прыхільнікам розуму й моцы. Старанны
у навуках і стэрыльны ў тым,
што тычыцца пачуцьцяў, жыў адным:
ня важна як… Або цаной
чужых надзей, ці дабрабыту нечага, — абы
дабрацца ўрэшце да Алімпу ўлады.
Ён вывучаў людзей, як архітэктар –
ландшафт; папрокі і парады
выводзілі яго з сябе. Як рытар
талент меў, хоць надта нізкай пробы.



Элегія

Ты ўсё маўчыш, чакаеш калі я
нямоту выплюну, скажу нарэшце
такі звычайны, але неабходны
маналог, дзе будзе ўвесь набор…
І я ня вядаю: чаму мне так балюча
з азяблых вуснаў выпускаць табе
насустрач сьлізкага малюска «я цябе
кахаю», каб пасьля нікчэмна хліпаць
носам у халоднай кухні. Мне
здаецца, я трапіў у твае балоты
надоўга (значыць – назаўсёды)…Чакай,
мяне й самога верне ад
паветраных шароў узьнёсласьці, але
язык бяры свае падаткі і ахвяры.
Мы толькі напачатку: ў нас яшчэ
ні мітаў, ні гісторыі, ні шчасьця…
Мы – чарвякі: з агідаю ямо
ўсю тую поскудзь, што завецца сольлю
зямлі; наіўна верым, мала сьпім. У 23 —
слупок крыві ў тэрмометры хаосу
ужо знаёмы з перападамі. Сягоньня
ты ад мяне схаваная, як рай
ад грэшніка. Мая перад табой
віна – нішчымніца у дарасхове словаў.
Адзінае што маю на далоні –
вось гэтыя кульгавыя трызьненьні,
якія, мо, аднойчы цьвёрда стануць
на глебу красамоўства, а пакуль –
чарот пацьвілых думак ды балота
былога, у якое ўвойдзем неаднойчы
мы з табою.