12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Бадак
Ра.Паэма

Радзіма лепей бачыцца здалёк.
А я ў такія трапіў далячыні —
Нічога не відаць, апроч пустыні.
Ці вочы зацярушыў мне пясок?

Гукнуць — мо адзавецца родны край?
Ды ў горле запяршыла, як ад дыму.
За далягляд крычаць хацеў: “Радзіма!”,
А вырвалася з горла толькі:
— Ра-а-а!

І грымнуў гром, і, быццам вечны Ніл,
Пацёк пясок гарачы пад нагамі,
І сокал распасьцёртымі крыламі
нібыта хмара, сонца засланіў.

А склаўшы крылы — дзюбкай залатой
Штурхнуў ён сонца, скараціўшы век наш.
А долу ўпаў — зрабіўся чалавекам,
Ды толькі — з сакалінай галавой.

Зірнуў мне ў вочы і прамовіў:
— Раз
Мяне ты клікаў, значыць, ёсьць прычына.
— Я клікаў не цябе — сваю Айчыну.
— Няпраўда, на ўвесь сьвет крычаў ты “Ра!”.

“Ня страшны бог, калі ён бог ня твой”, —
Ці я сказаў, ці думкі ён падслухаў.
— Ды страшна богу, — вымавіў са скрухай, —
За тых, што веру дзеляць між сабой.

— Усё міне.
Ён падхапіў:
— Міне.
— Да лепшага.
Ён згодна:
— На пагібель.
— Ты стаў бы ратаваць тады Егіпет?
— Егіпет сам адрокся ад мяне;

Ды ўсё міне — і ўсё пачнецца зноў,
Зямнога разьвіцьця замкнецца кола,
І прыйдзе Час мой, як прыходзіць золак
На зьмену ночы ў цішыні вякоў.

Я моўчкі слухаў, што гаворыць Ра,
І ў далячынь гарачую ўглядаўся,
Але з пяску ніяк не падымаўся
Пакінуты даўно мной родны край.

“Радзіма лепей бачыцца здалёк”.
А можа, гэта выдумка, ня болей?
— Яго няма. Магчыма, што ніколі
Нідзе і не было. Былі — пясок,

Што з рук у рукі льга перасыпаць,
Вада, што затрымаць хацелі сітам, —
Так гаварыў мне бог былы Егіпта.
Што мог тады я богу адказаць?

— Была! — крычаў. — Я веру, так, была!
А што на сьвеце ёсьць мацней за веру?!
Хоць намалюй — яна адчыніць дзьверы,
Каб вызваліць Дабро з палону Зла.

Яна паэту дорыць небакрай,
Відушчы посах — мудрацу сьляпому,
Выгнаньніку — бясьпечны шлях дадому,
А п’яніцу — кароткі шлях у рай.

Падасьць герою пераможны сьцяг
Перад сьмяротным для яго паходам
І вызваліць краіны і народы,
Нібы маланку з хмары — з небыцьця.

Я гаварыў — і моўчкі слухаў Ра.
Я гаварыў — а там, у далячыні,
На ўвесь прастор, што вокам не акінеш,
Радзіма паўставала, як міраж.

Зьяўляліся на час
То гарады,
То вёскі, то палеткі, то азёры.
Сыходзіліся на адной прасторы
І храмны звон, і стадыённы ўздых.

Я паказаў рукой на гарызонт.
— Што ты там бачыш? — запытаў у бога.
Ён паглядзеў і мовіў:
— Геліопаль!
— Не тое!
— Бачу храм, дзе Манефон

Гісторыю Егіпта піша.
— Не!
— Апоп сабраўся Ніл бяздонны выпіць.
— Там Беларусь цяпер, а не Егіпет!
— Дык раскажы, якая яна, мне.

Каціўся дзень то ўперад, то назад
І, нібы воды Ніла, не канчаўся.
Я ў далячынь сасьмяглую ўзіраўся
І гаварыў, чым повен далягляд.

Што бачыў я?
Два вечныя шляхі
І паміж імі — гулкае бяздоньне.
Нябесным ценем нашае Сягоньня
Над ім рабіла доўгія кругі.

І чуўся мне — ледзь можна зразумець —
У гэтым цені скрозь жальбу і звадкі
Нікім не разгаданаю загадкай
Матыў адвечны: “Чаму ж мне ня пець”.

І слухаў я, і верыў пакрысе
У Беларусь, што вырасла ў пустыні.
І ў кожным твары ў гэтай далячыні
Мне бачыўся пасланы нам Майсей.

— Ты не сказаў, куды вядуць шляхі, —
Прамовіў Ра, бог сонца і бясчасься.
— Шляхі? Да абяцанага нам шчасьця.
— А ёсьць яно? Ёсьць гора, ёсьць грахі,

Дабро і зло — яны адны для ўсіх.
А шчасьце кожным бачыцца па-свойму.
Хоць з-за яго спрадвек вядуцца войны,
Што ёсьць яно? Ці ёсьць яно зусім?

— А гэта важна? — я ў яго спытаў,
Але ад бога не пачуў адказу.
Мы зноў загаварылі не адразу.
Нарэшце Ра задумліва сказаў:

— Раз верыш у нязбытнае, скажы,
Табе навошта некуды вяртацца?
Ня лепей назаўсёды тут застацца,
Дзе назаўсёды — толькі міражы?

Сам выберы свой час, а ў ім — народ.
Прамовіў так і птушкай абярнуўся,
Да сонца дзюбкай залатой даткнуўся,
І сонца пакацілася на ўсход —

Хутчэй, хутчэй...
Зьліліся ноч і дзень.
І сёньняшнім рабілася былое.
Да ўсёй планеты стоячы сьпіною,
Я на Айчыну ў далечы глядзеў.
І бачыў: мільганула між пяскоў
Вірлівай плошчай
слова “Незалежнасьць”,
І хмара з цэзіем, як непазбежнасьць,
Плыла жалобнай хусткаю
Удоў.

І плыў чырвоным сьцягам над зямлёй
Вялікі Парадокс былой эпохі.
І чулася бязьлітаснае “Хопіць!”,
Ва ўсе вякі палітае крывёй.

Мільгалі постаці.
Я пазнаваў —
І скуру зьдзёр, каб вырасталі крылы.
Купала, Каліноўскі, Радзівілы,
Скарына, Вітаўт...
Божа, я ўзьлятаў

Насустрач ім і прывідным вякам!
Але на паўдарозе зноў вяртаўся,
Бо кожны век здалёку мне здаваўся
Мілейшым за той век, што выпаў нам.

Ішоў народ — нікуды, ніадкуль,
Якога так і гэтак называлі.
“Якою пупавінаю, — гадалі, —
Ён з гэтым сьветам зьвязаны дасюль?”

Сьвяцілася пытаньне, быццам плеш.
А што народ? Ён і цяпер ня знае.
З самім сабой сустрэўшыся, пытае
Зьдзіўлёна-хітравата: “Як жывеш?”

Жыве, жыву... І тут, і недзе там,
Куды, як у сябе, я ўсё ўзіраўся.
І паміраў, і зноўку нараджаўся,
І, што жыву, пасьля дзівіўся сам.

І плыў каўчэг, які пакінуў Ной,
З маёй Радзімы воблакам ці дымам.
— Ты выбраў век,
дзе хочаш быць з Радзімай?
— Той век, які быў выбраны ня мной.
І воблака растала, нібы дым.
І Ра сказаў пасьля даўгое паўзы:
— Яшчэ ты ў будучым ня быў ні разу.
— Яго ня раз я бачыў у былым.

— Вы сапраўды загадкавы народ, —
Прамовіў Ра. — Ну, што ж, як давядзецца,
Я рады буду зноў з табой сустрэцца
Сярод пяскоў і сноў тваіх сярод.

І паміж намі вырасьлі вякі.
Я позіркам блукаў па далячыні,
А там, дзе бачыў любую Айчыну,
Паўсюль былі пяскі, пяскі, пяскі.

Я пехатой назад пайшоў — наўсьцяж
Нямых вякоў, дзе засталіся продкі.
Шлях да Айчыны адусюль кароткі,
Калі твая Айчына не міраж.


Lotus Notes/Lotus Domino hosting by IDLab company