12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Рублеўскі

_____________________
Нявыкрутка, альбо Жыцьцёвае кола вучонага агранома.
Аповесьць

Аднойчы я падумаў: а чаму выпускнікам сельскагаспадарчых акадэміяў ды інстытутаў у дыпломах, у радку «сьпецыяльнасьць» пішуць «вучоны аграном». Ва ўсіх звычайна: доктар, настаўнік, будаўнік... А тут – «вучоны»... І даўмеў. Справа ў тым, што ўсе мы крышку аграномы, яшчэ ад праайца нашага Адама, пасьля выгнаньня з раю. Трэба ж было неяк сілкавацца. Найпрасьцей – з расьлінаў. Паспрабаваў на зуб зярнятка – нішто сабе, і задумаўся далёкі продак, як гэтую расьлінку памножыць непадалёк ад свайго жытла, займець «свае соткі».
А калі гектары, ды не свае, тады да іх прыстаўлены адмысловец – вучоны аграном.
У калгасе «Чырвоная прышчэпка» такім быў Яўген Верацейка, яшчэ маладога веку мужчына, а ўжо галоўны ў расьлінаводстве гаспадаркі. Тое-сёе нам вядома пра чатыры дні яго доўгага і збальшыні шчасьлівага жыцьця.

Дзень першы, веснавы
Ня дужа-ткі турбавала Яўгена ў гэтым годзе вясна. Трактары ў асноўным падладзілі, а ўвосень узьнялі, як ніколі шмат, зябліва. Пасеяць якіх-небудзь сямсот гектараў ярыны – невялікая напруга. Дык Яўген Цімафеевіч і не прысьпешваў механізатараў, чакаў, калі найлепш угрэец­ца глеба.
А вось агранома прысьпешвалі – раз-пораз тэлефанавалі з «Сельгасхарчу» і пыталіся, колькі ўзарана, пабаранавана, падкормлена азіміны ды траў... А ў чацьвер даслалі тэлефанаграму: заўтра семінар па глыбокаму ворыву. Каб быў! А сакратарка «Сельгасхарчу» яшчэ і перапыталася, хто прыняў, нібыта дагэтуль ніколі ня чула Яўгенавага голасу.
Галоўны аграном папярэдзіў старшыню і пачаў рыхтавацца да паездкі. Як і большасьць калгасных аграномаў, ён меў зграбны пікапчык, з кабінкай на два сядзеньні і крытым кузаўком за сьпіною, у якім круглы год вазіў колькі абладжаных вудзільнаў ды ахапак духмянага чэрвеньскага сена. Вудзільны выяўлялі яго невыводную мару – калі-небудзь збочыць з езджаных-пераезджаных калгасных дарожак ды заруліць на дзянёк на ціхае лясное возера і лавіць, лавіць, лавіць у сонечных хвалях дзіцячыя рыбацкія ўспаміны. На роспыты пра ахапак сена Яўген аджартоўваўся, маўляў, пах пуні за сьпіной важу, каб на свае хатне-гаспадарчыя абавязкі не забываць.
...У пятніцу галоўны аграном устаў раней звычайнага. Зрабіў тое-сёе па гаспадарцы, накарміў ганчака, заліў у радыятар цёплай вады, каб лаўчэй завялася машына, бо яшчэ крыху прымарожвала. Сам дзеля су­грэву выпіў добры кубак гарбаты, ды і паехаў сабе.
Пад шынамі шаргацеў крохкі лядок, і гэты шоргат зусім не псаваў музычнае сугучча, якое лілося з магнітолы. На ўсе раённыя мера­прыемствы Яўген выязджаў вось так загадзя, бо не любіў сьпяшацца. Апроч таго, ён амаль заўсёды даваў кругаля, ехаў «цяплейшай» дарогай. Найперш заязджаў у “бетонны пасёлак”, дзе ў адным са страхалюдных двухпавярховікаў жыла Паліна Зімко, аграном па кормавытворчасьці, а галоўнае – Яўгенава каханка. І сэрца сагравалася, як птушачка ў гнязьдзечку, калі маладзён паглядаў на яе сьветлазорнае акно.
Гэтым разам яно было яшчэ зацемненае – зарана, але ўсё адно прыем­на глянуць.
Яўген газануў і выскачыў на масток праз Язьмінку, які, па сутнасьці, прылучаў вясковую вуліцу да бальшака. На колькі кіламетраў ён струніўся ў прысадах таполяў, і ўзьнікала двоеснае пачуцьцё: і хуткасьці карцела прыбавіць, і ў той жа час – нясьпешна палюбавацца карункавымі спляценьнямі густых галінаў. Вельмі ўтульна было ў прасьцяжным тапалёвым калідоры, які суладна надточваў і далягляд шчымлівага пачуцьця. Яно ўзьнікала заўсёды, калі Яўгену хоць драбок-драбнічка засьведчвала прысутнасьць у сьвеце каханкі. Толькі пасьля прысадаў, у чыстым полі аграном трошкі прысьпешыў хаду пікапчыка ды зьнячэўку зацягнуў на ўсю моцу: «Поля, родная По-о-ля...»

l l l
А Палінцы сьніўся, можа, пяты ці шосты за гэтую ноч сон. Мала­дзенькая, яна яшчэ лётала ў адкрытых Марфеем абсягах. Вось, як цяпер: на вёрткім кукурузьніку, поплеч з лётчыкам Васілём Смажнікам, усьмешлівым хварсістым мальцам.
Васіль робіць круты віраж, і бруя паветра – а ляцяць яны ў адкрытай кабіне – задзірае Паліне спадніцу. Ды так ёмка, што адкрываюцца ўсе яе вабноты. Хлопец залівіста сьмяецца і яшчэ круцей выпісвае дугу. Паліна аберуч абціскае падол і штомоцы крычыць: «Васька, будзеш ванадаваць – не падпішу пуцёўку. Кіруй на Саколіна азіміну аглядаць. Не дурэй!» І тут насустрач вылятае пярэсты дзяцел, надзвычай падобны на ўчарашняга, якога яна бачыла ў калгасным садзе, і вострай дзюбай б’е ў шкло кабіны, нібы спрабуе пратараніць самалёт...
Паліна, якая зазвычай спала вельмі чуйна, прачнулася ад ценькага звону шыбы. «Няўжо дзяцел?» – спрасоньня падумала яна і падышла да акна. Адхінула фіранку – і ўбачыла... Васіля Смажніка, які замахваўся шпульнуць у акно яшчэ адзін глыжок. Убачыўшы Паліну, хлопец адумаўся, ветла ўсьміхнуўся і, узняўшы руку, торкнуў пальцам у гадзіньнік: маўляў, пара ўставаць, мая каралева, хутка старшыня збор пратрубіць. А потым правёў рукамі па сваіх баках і ўзняў угору вялікі палец. Толькі тады Паліна зразумела, што стаіць, як ёсьць – у нацельнай карункавай кашульцы. Зачырванелася і хуценька захінула фіранку.
Ох, гэты ухажорчык! Ужо другі год сохне ён па Палінцы.
Па сутнасьці, мясцовы хлопец, родам з Клячына, што ў суседняй гаспадарцы, Смажнік, як ён сам заўсёды казаў, служыў у «эскадрыльлі «Язьмінка–Нёман» Узброеных паветраных сілаў абласнога прад­прыемст­ва «Сельгасхімія». І марыў аб заваёве сэрца Паліны Зімко. Марыў, бо ня надта хінулася да яго аграномка. Як толькі прыехала ў гаспадарку пасьля тэхнікума, штосьці наклёўвалася, а потым нібы хто халадзёнкай між імі лінуў. Ссох бы Васька, калі б Паліна была яго адзі­най марай. Але ж, дзякаваць Богу, грэла сэрца і яшчэ адна – стаць штурманам дальняй авіяцыі. Калі быў з нагоды ў сталіцы, ён не паленаваўся аб’ехаць з дзесятак камісійных крамаў, пакуль не натрапіў на адмысловую лётчыцкую паддзёвачку, цёмна-блакітную, з мяккім футравым падбоем. Угрэўную, як сама тая мара. Дарэчы, гэта быў першы дзень, як Васілёк выйшаў у абноўцы.
«А яму да твару неба...», – падумала Паліна і пайшла ў лазеньку наводзіць красу, зьбірацца на працу.

l l l
Старобіна – другое мясьцейка, якое ніколі не прамінаў Верацейка. Вёска стаяла непадалёк ад бальшака, а на дальнім яе канцы раскінуў шаты спаконвечны неабдымны дуб, у каравыя галіны якога за пяцігоддзе ўплялося столькі даверлівых думак чульлівага Яўгена. У вёсцы ўжо прызвычаіліся да таго, што зрэдчасу ля помнага дуба прыпыняецца зялёны пікапчык, хоць Яўген і стараўся асабліва не патрапляць на людскія вочы. Ён затуляўся за дрэва-волат і прыхінаўся да камля сьпінай, разьвінаў рукі і таксама як мага шчыльней прысланяў іх да ствала, ды прасіў у дуба мацунку. Не маліўся, як паганец які, а проста прамаўляў, спавядаўся, нібы надзейнаму сябру. І прыкмеціў: дапамагае.
А яшчэ дуб вабіў Яўгена запаволенасьцю, у параўнаньні з іншымі дрэвамі, ня кажучы ўжо пра расьліны, праходжаньня свайго гадавога круга. Волат, з яго марудлівым сілкаваньнем пупышак, здавалася, і на кроплю ня верыць у абяцаную веснавымі капяжамі цеплыню, як дзяды-гарапашцы ня вераць у абяцаны з трыбуны росквіт. Па ўсім было відаць, што ён жыве ў сваім рытме, па сваім, не зусім суладным з прыродным, гадзіньні­ку. Хоць не насуперак, а ўсьлед, але па-свойму.
Яўген глянуў на гадзіньнік. Час прысьпешваў, пара было ехаць.

l l l
Як заведзена, аграномы зьбіраліся ў фае адміністрацыйнага будынка «Сельгасхарчу» ля вялізнага гіпсавага барэльефа, які захінаў амаль усю сьцяну. Выява была звыклай: чубаты ўсьмешлівы механізатар абшчаперыў за плечы і прытуліў да сябе спрытную жанчынку, якая, нібы куль з немаўляткам, трымае аберуч вялізны жытнёвы сноп. Унізе барэльефу, якраз ля чаравіка маладзіцы, была патаемная ямачка (пра яе, вядома, усе ведалі), у якой сельскагаспадарчыя адмыслоўцы тушылі свае недакуркі.
Вось і цяпер аграномы ў большасьці сваёй палілі, абменьваліся жартамі, кепікамі, сьвежымі показкамі. І ні слова пра якія-небудзь вытворчыя праблемы, быццам хто ўсклаў табу на гэтую тэму.
І далей усё пайшло, як па пісаным. Аўтобус – саўгас “Шчыгульня”, які месьціцца побач з райцэнтрам, – поле.
Высозны ярка-жоўты «Кіравец» з доўгай счэпкай плугоў, а ў кабіне – усім знаёмы трактарыст-перадавік Сёмка Дымакур у новай кухвайцы з нагоды. Ля трактара – галоўны чыньнік усіх раённых семінараў Адам Шоргат, намесьнік начальніка «Сельгасхарчу» па расьлінаводстве.
– Усе – у круг, падыходзьце, падыходзьце, павыкідвалі цыгарэты, слухаем. Раней пачнём – раней скончым, – пачаў свой рэй Адам.
Потым падрабязна распавёў пра будову перадплужнікаў, іх гістарычную ролю ў паглыбленьні ворыва, без чаго ў мясцовых умовах прос­та немагчыма атрымаць добры ўраджай. Незаменны агратэхнічны прыём! Шоргат у якасьці ўказкі трымаў у руцэ вярбовы дубец, і гэта вельмі пасавала яго строгаму абліччу. Начальнік рабіў выгляд, што адкрывае вучоным аграномам Амерыку, тыя ў сваю чаргу – што пра Амерыку і чуць ня чулі.
Уся гэтая вучоба заняла хвілінаў сорак, а потым, як заўсёды, – у аўтобус і ў саўгасны клуб на “разбор палётаў”.
Яўген прадчуваў, што зноў пападзе і ў хвост, і ў грыву. Аграному наогул падалося, што напрацягу двух апошніх гадоў Адам праводзіць свае семінары толькі дзеля таго, каб у пух і прах расчахвосьціць менавіта яго, прынізіць, зьвінаваціць хоць у якой драбніцы, калі няма да чаго прычапіцца.
– А возьмем калгас «Чырвоная прышчэпка», – амаль у самым пачатку сваёй прамовы ўзяўся за любімую тэму Шоргат. У Яўгена захала­дзела пад лыжачкай. – Тэлефануюць: пасеяна шэсцьдзесят гектараў ячменю... Прыязджаем, правяраем – і дваццаці няма. Я ня ведаю, як працаваць з такім галоўным аграномам...
І пайшло-паехала. Яўген слухаў, трымаючы ў кішэні кукіш. Сьцяўся, уцягнуў галаву ў плечы. Раней спрабаваў пярэчыць Адаму, але атрымлівалася яшчэ горш. Бо любы аргумент успрымаўся толькі як хітрая спроба апраўданьня. Вучоны аграном зразумеў, што зламысьнік уядае яго зусім не за якія-небудзь канкрэтныя правіны ці ўпушчэньні, а прос­та як нялюбага чалавека – несугучнага, з прыкрым сьветапоглядам, надта незалежнага. Прычым месяц за месяцам Адам глыбіў і глыбіў сваю варажнечу на тле, як яму здавалася, маральнага пераўзыходства, якое было ўсяго толькі начальніцкім узвышкам. Але ж прыкметным! Многія ж прылучанасьць да дзяржаўнага стырна ўспрымаюць як асабістае пераўзыходства.
Адам нагаворваў на Яўгена вышэйшаму начальству і шкодзіў дзе толькі мог – то ўгнаеньнямі абдзеліць, то правяраючых з вобласьці заверне ў гаспадарку, то прыдзярэцца да чаго ды прэмію абрэжа... Не пералічыць усяго. І кожнаму сустрэчнаму-папярэчнаму плявузгаў: «Верацейка – ня наш чалавек, палітычна несьвядомы, ненадзейны...» А якая палітычная сьвядомасьць патрэбна пры вырошчваньні буракоў ці турнэпсу – пра гэта ніхто і не задумваўся. Вінаваты, раз начальнік кажа.
– Дык што будзем рабіць, Яўген Цімафеевіч? – падводзячы рысу пад сваім доўгім крытычным вычварэньнем, зьвярнуўся Шоргат да Верацейкі.
– Будзем выпраўляць хібы... – узьняўшыся з месца, вінавата прамовіў вучоны аграном, які даўно ўжо засвоіў, што ў такіх выпадках гэта лепшы з усіх магчымых адказаў.
І ён, дарэчы, цалкам задавальняў уедлівага Адама, бо зьяўляўся свое­асаблівым белым сьцягам маральнай капітуляцыі, прызнаньнем недахопу сілы і мужнасьці для адчайнага двубою.
«І калі ён ад цябе адчэпіцца?!» – спачувальна казалі пасьля заканчэньня семінару калегі-аграномы, паляпвалі Яўгена па плячы, як маглі, падбадзёрвалі. Але ўадкрытую ніколі не падтрымлівалі, бо таксама былі вучонымі.

l l l
Яўген рупненька выруліў з райцэнтру ды імкліва пагнаў па бальшаку свой пікапчык. Цяпер, у адрозьненьне ад раніцы, яму не хацелася марудзіць і ўжо зусім не цікавілі краявіды. Прыгнечвалі змрочныя думкі.
«Напэўна, на кожнага ў гэтым сьвеце знаходзіцца контрчалавек, яго супрацьлеглы «знак» ці полюс. Туліся не туліся на ўзбочыну, а ўсё адно рана ці позна стрэнешся, – разважаў Верацейка. – Здаецца ж і не чапаў ніколі, не замінаў, не пярэчыў, а на табе – стрэмку пад пазногаць, каб жыцьцё цукрам не здавалася. Як ні сорамна, але ж і дагаджаць спрабаваў – каб табе вокам лыпнуў. І чарку ж разам бралі: ты шчыранька тост прамаўляеш, а ён лыч убок верне, зьедліва ўсьміхаецца хаўрусьнікам, маўляў, ня верце ніводнаму слову... Што й казаць – сапраўдны асабіс­ты вораг, жорсткі і няўмольны, ды яшчэ правіць свае разборкі ад імя дзяржавы...»
Яўген запаліў, прычым так незаўважна для сябе, што нават ня ўспомніў пра зарок не дакранацца больш да тытуню. Аграном нават ня ўцяміў, што і цыгарэты ён падхапіў старшынёвы, якія той забыўся ў бардачку, калі ў выхадныя браў пікапчык для пільнай паездкі.
«І чаму я такі чульлівы, такі неахаваны. Чаго ўжо толькі ні раблю – і дулю складваю ў кішэні, і «сам ты даўбень» шапчу, а ўсё адно працінае сэрца, – вярнуўся да сваіх гнятлівых думак Яўген. – А можа, Адаму гэта толькі і трэба: думай пра яго, перажывай, нудзіся... Ёсьць жа, кажуць, такія своеасаблівыя вампіры, якія правакуюць найчасьцей думаць пра іх і праз сьпецыяльны касьмічны канал паглынаюць тую энергію думаньня, «кроў» душы высмоктваюць...»
– А хай цябе бура заб’е! – прамовіў услых Верацейка бабульчын праклён ды павялічыў хуткасьць.
Толькі ля павароту на Старобіна ён крышку прыцішыў рух, і то на імгненьне, бо перадумаў заязджаць да дрэва-сябра, каб не прыгнечваць яго чыстую аўру паскудствам.

l l l
Па прыезьдзе Яўген паставіў машыну ля канторы, зайшоў на колькі хвілінаў да старшыні распавесьці пра глыбокае ворыва.
– Рабі па-ранейшаму, – буркнуў заклапочаны кіраўнік. Што і трэба было даказаць.
Калі вучоны аграном выйшаў на двор, дык адразу заўважыў: Палін­ка ўжо прыкмеціла яго таямнічы знак і накіравалася ў бок Рымзуліна. Такая ў іх была дамова: калі пікапчык пастаўлены фарамі ў вокны канторы, а да люстэрка ў кабіне прычэплены футравы зайчык, значыць, вельмі пажадана сустрэцца – кроч на аселіцу.
Яўген нагнаў Паліну, як толькі яна схавалася за пагоркам, прыпыніўся, расчыніў дзьверцы – і каханка хуценька апынулася ў кабіне. І яны паехалі на нядаўна аблюбаванае Яўгенам месца на ўзвышшы непадалёку ад старых крушняў. Толькі пыл закурэў сьледам.
На першы погляд, месца гэтае было зусім непрыдатнае для таемных сустрэчаў каханкаў: гола наўкруг – ані кусьціка. А ў тым і штука! Яўгенка добра засвоіў павучаньні свайго папярэдніка, вучонага агранома Міколы Кірдуна: станаві машыну не ў затулак, бо незнарок набрыдзе хто незаўважна, а ты і нагавіцы ўзьдзець не пасьпееш. Займай вышыню, каб далёка бачна было наўкруг чыстае поле – мала што табе там трэба, можа пасевы аглядаць прыехаў...

l l l
Яны ляжалі поплеч – улагоджаныя і супакоеныя. Толькі якая рэдкая кропля з блуклівай веснавой хмаркі абуджала іх сутоньне, калі гучна разьбівалася аб бляхавы дах пікапчыка. Але бяды! Каханкаў хінула ў сон, і ня толькі стома, але і духмяна-п’янючы пах шапатлівага сена. Яўген прымружыў вейкі і навобмацак пачаў пяшчотна абводзіць далоняй вабныя выгіны Палінінага цела. І тады дзяўчына ўсклала сваю руку на яго, прыціснула яе да ўлоньня:
– Ты мяне кахаеш?
– Кахаю...
Просьценькім дыялогам, здавалася, былі вырашаныя ўсе праблемы сьвету, згабляваныя ўсе яго несуладнасьці. Узрушаны Яўген нахінуўся ўперад і разнасьцежыў дзьверцы кузаўка. Было ціха і дарма, што ня дужа цёпла, бо каханкаў сагравала шчасьлівае пачуцьцё.
Сонца хілілася долу якраз у праёме расчыненых дзьверцаў. На яго тле недарэчна і трошкі сьмешна выглядалі голыя ногі палюбоўнікаў – нібы дзіўная купіна з чатырох парасткаў, увершаных бульбінкамі пальцаў. І Яўген, і Паліна адразу зьвярнулі на гэта ўвагу. Яўген хацеў пажартаваць, маўляў, раскусьціліся мы з табой, Поля, ня горш ад азіміны, як пачуўся моцны гул, а праз колькі імгненьняў па пікапчыку дробна загрукацеў ні то цяжкі шрот, ні то град. Яўген хуценька зачыніў дзьверцы.
– Не хвалюйся, – супакоіла яго Паліна. – Гэта Васька Смажнік салетру расьсявае. Забыў хіба?.. А можа, і наўмысна завярнуў сюды, лётчык. Крушні ж...
І яны пачалі сьпешна зьбірацца, каб пасьпець зьехаць да таго, як Васіль выведзе кукурузьнік на новы загон.
Калі ад’язджалі, вучоны аграном не прамінуў абгледзець усеяную тукамі паласу, ацаніць, ці шчыльна лягло ўгнаеньне. І гэтае хутка-лёгкае пераключэньне на гаспадарчае было чыста мужчынскім.

l l l
Па вяртаньні дамоў Яўген знайшоў у паштовай скрынцы пісьмо ад жонкі.
«Штодзень працую ў архіве. Тут, у бібліятэках і архівах паўночнай сталіцы, куды больш зьвестак па маёй тэме, чым у нас. Лічы, на палову дысертацыі ўжо сабрала», – пісала малады навуковец Сьцеша Верацейка.
«І для чаго нам даюцца разумныя жонкі?» – падумаў вучоны аграном і лёг спаць.

Дзень другі, летні
Яўген не любіў лета, як і Пушкін, – за сьпёку, за камароў, за мух... А яшчэ за тое, што расьліны набіраліся завяршальнай моцы, буялі навыперадкі, аж да зьніценьня цягнуліся ўгору, ішлі ўсуплёт, чубаціліся, і здавалася, што гэтая зялёная навала заваладарыла абшарамі самачынна, без якога-кольвечы ўдзелу чалавека. Лета, па сутнасьці, прыніжала кшталт прафесіі агранома. Вядома, калі толькі ўдала зробленая хімпраполка.
А яе лепш за ўсё рабіць з самалёту. Але ж на яго чарга, так што кукурузьнік прыляцеў у «Чырвоную прышчэпку» напачатку чэрвеня, калі калгасныя механізатары пасьпелі ўжо тое-сёе «прахімічыць» трактарнымі апырсквальнікамі.
Дарэчы, пры ўсёй складанасьці пачуцьцяў да лета, першыя чэрвеньскія дні ўсё ж усьцешвалі Яўгена. Бо давалі хоць якую перадышку завіранаму неадкладнымі клопатамі хлебаробу: сяўба завершаная, а касавіца яшчэ не пачалася – можна перавесьці дух.
Але ў гэты пагодлівы дзянёк Яўген з палёгкай мог уздыхнуць толькі ў першай яго палове, бо на другую (добра, што яшчэ не на вечар) Адам Шоргат запланаваў семінар па догляду пашы. З усіх гаспадарак выклікаў аграномаў па кормавытворчасьці, а з «Чырвонай прышчэпкі» – галоўнага, маўляў, трэба атрымаць колькі тлумачэньняў па справаздачах аб сяўбе. Прадчуваньне чарговай лупцоўкі прыгнечвала Верацейку, але была і ўцеха – усё ж ён трохі затуліць Паліну, бо немаведама чаму і на яе займеў зуб нястомны Адам.
Да таго ж б’е ў сонечны бубен запрашальная раніца: радуйся жыцьцю! Яўген прычапіў да люстэрка зайчыка і паехаў да канторы.

l l l
Яны скіраваліся ў бок Старобіна, каб па дарозе агледзець пасевы, травастой... Паліна яшчэ ня ведала, што каханак меў і таямнічы план, які высьпеў у яго яшчэ на тым тыдні. І вельмі зьдзівілася, калі Яўген прамінуў паварот на вёску, бо ня мела сумневу, што ён заруліць да свайго дрэва-сябра – шмат жа наслухалася пра яго ачышчальную аўру. Між тым Яўген прыбавіў хуткасьці. Паліна радасна ўсьміхнулася: па ўсім было відаць, што паездка абяцала ня толькі хуткацечныя і пудлівыя, хоць і нязводна-салодкія любошчы ў полі, але і штосьці большае, ня­знанае дагэтуль. Ёй падабалася і проста быць побач з каханым, гля­дзець на яго мілае аблічча, туліцца да плечука, удыхаць п’янючы пах валасоў... А яшчэ любое пашырэньне звыклых зносінаў давала надзею на перамены да лепшага ў іх супольным жыцьці. Каханьне ж прышпі­ленае да паўсядзённасьці гузікамі рэальных дзеяў.
...Дарога вывела ў лес. Сонца вісела наўпрост над дарожнай прасекай, і зыркія промні білі ў ветравое шкло.
– А ў цябе, Яўгенка, ужо сівыя валосікі пачалі пракідвацца, – з прыкметнай цеплынёю ў голасе прамовіла Паліна і правяла далонькай па яго скроні. – Вось адзін, другі, а больш не хачу лічыць.
Між тым пікапчык узьляцеў на пагорак, і ўнізе, скрозь засень дрэваў заблішчэла сталёвая палоска возера.
– А я тут ніколі не была! – усклікнула Паліна.
– А тут наогул мала хто бывае, асабліва ў маім куточку. Ды і я – таксама... – азваўся Яўген і збочыў з дарогі ды паціху патачыўся між дрэваў уздоўж берагавых чаратоў. Ехалі даволі доўга, пакуль ня ўпёрліся ў вузкую затоку, якая глыбока ўразалася ў лес.
– Затулак ад усіх прыкрасьцяў сьвету! – усклікнуў Яўген і расчыніў дзьверцы багажніку.
– Што і ў мядзьвежым куце будзем хавацца ў гэтай бляшанцы? – сумелася Паліна.
– Каб навечна закансерваваць нашае каханьне! – пажартаваў у адказ Яўген і дастаў з пікапчыка... колькі бярозавых цурбачкоў, чым таксама зьдзівіў сяброўку.
– Цьвердзь, вада, неба, агонь і ціхае сумоўе двух каханкаў – вось табе і асноватворнасьць сьвету, – задумліва прамовіў вучоны аграном.
Закрываючы багажнік, ён міжволі зірнуў на свае вудзільны і на хві­лінку запаволіўся ў разгубленасьці. Так заўсёды бывае з мужчынамі, якія раптам са зьдзіўленьнем прыкмячаюць, што і самае вялікае пачуцьцё не адцурае ад прыемных жыцьцёвых повязяў.
Але трэба было раскладваць вогнішча, і Яўген, гэты вясковы думаньнік і кнігалюб, пачаў акуратна складваць дровы намёцікам ды зьбіраць кару на падпал.
...Яны цялёпкаліся на водмелі нібы ў адмысловых ночвах маці-прыроды, абдавалі адзін аднаго пырскамі, грэліся ля агню і любіліся, любіліся, любіліся... Цалкам упэўненыя, што ў іх затулак ніхто не зазірне, падстаўлялі плечы і грудзі пад сонечныя промні. І Сонца цалавала іх. Каханкі цяпер нагадвалі сабою Адама і Еву, выгнаных з раю, але не з Зямлі.
А потым Яўген і Паліна перакусвалі дамашнімі бутэрбродамі і запі­валі іх гарбатай з тэрмасу. А калі прыйшоў час ад’язджаць і пачалі апранацца, вучоны аграном з сумам агледзеў навакольле і замаркоціўся. Ён раптам згадаў думку аднаго сербскага пісьменьніка пра тое, што за сваё жыцьцё мы неаднойчы бываем у раі, але заўсёды памятаем толькі выгнаньне.
...На гэты раз Яўген запомніў шчымлівую постаць Паліны, калі яна, як бусьліха, стоячы на адной назе, узьдзявала на другую чаравік. Сэрца зашчыміла, Яўген чамусьці пашкадаваў каханую.
У гаспадарку, балазе быў яшчэ запас часу, ён вырашыў вяртацца кружной дарогай (калі па сваім сьледзе – спудзіш шанцунак) ды агледзець і палі суседзяў, бо кожны вучоны аграном употай нацэлены на самы важкі ўраджай.

l l l
Васіль Смажнік быў лётчыкам-дуронікам. Чаго ён толькі ні вычвараў у сельскагаспадарчым небе ўдалечыні ад начальніцкага вока. Без малога – фігуры вышэйшага пілатажу, асабліва, калі ляцеў паражняком.
Гэтым разам бакі былі напоўнены аміннай сольлю, але маладзёну ўсё роўна закарцела падурэць. Ён ішоў нізенька, уздоўж палявой дарогі і, убачыўшы ў паветры шпака, пачаў гайдаць кукурузьнік з крыла на крыло, нераўнуючы як пілоты вайсковых перахопнікаў, якія такім чынам загадваюць ляцець за імі варожым парушальнікам паветраных межаў ды садзіцца на аэрадром. Шпачок у імгненьне вока порснуў у зарасьнік алешніку. І дарэчы, бо Васілю трэба было ўжо пільней сачыць за мясцовасьцю, каб не прамінуць сваё поле, якое пачыналася за пералескам. І тут паветраны хуліган убачыў на дарозе зялёны пікапчык. Можа, дзяцінства куды кальнула Ваську, бо ён з дурным крыкам «Алес капут!» адразу ж з’імітаваў атаку.
Яўген, які ведаў, што Смажнік апрацоўвае пасевы аміннай сольлю, не на жартачкі ўпудзіўся: а што як гэты шалапут запырскае атрутай машыну?! Прасьмярдзіць усё, а сёньня ж на «семінарскія»...
Вучоны аграном да плешкі ўціснуў акселератар, каб найхутчэй ускочыць у выратавальны сасоньнік. А потым адумаўся і рэзка затармазіў. Разьлік быў правільны. Вясковы ас праскочыў паўз іх у адно імгненьне.
Васька, не раўнуючы як падчас гульні са шпаком, пагайдаў з крыла на крыло кукурузьнік. Яўген зрушыў з месца, хуценька ўехаў у падлесак, збочыў з дарогі і выключыў рухавік. Але Смажнік і ня думаў вяртацца.

l l l
Прасёлкавая дарога, па якой ехалі каханкі, вывела ў Старобіна, толькі з супрацьлеглага ад шашы боку.
Ля дуба-волата завіхалася з дзесятак вясковых мужчынаў. Яўген успомніў, што яшчэ зімой адзін тутэйшы дзядок хваліўся яму, што гэтым летам ладзіцца замацаваць у разложыстай кроне борць. Дык вось і здарылася.
Вулку загарадзіла чарада хлапчукоў і дзяўчынак, якія, прыставіўшы да вачэй далонькі, сачылі за незвычайнай дзеяй. Яўгену не хацелася турбаваць гэтых захопленых гледачоў. Нічога не заставалася, як паставіць машыну ды самім пацікаваць за бортнікамі. Стаў крыху воддаль.
І вось борць, прычэпленая да перакінутай цераз таўшчэзны сук вяроўкі, адарвалася ад зямлі і высілкамі мужчынаў, якія па каманьдзе рыўкамі цягнулі вяроўку за другі канец, паплыла ўгору. Пара хлопцаў з маткамі дроту ў руках ужо чакалі яе на вышыні.
«А гэта ж па сутнасьці асьвячэньне майго своеасаблівага храма, – падумаў Яўген. – Заснаваньне царскай брамы для сонечных пырскаў...»
Ён усьміхнуўся, але Паліне не адкрыў сваіх дзівацкіх думак.
– А ведаеш, якое было любімае выслоўе ў нашага папярэдніка Міколы Кірдуна? – зьвярнуўся Яўген да каханкі. – «Усё – гумно, апроч пчол!» Дарэчы, як толькі Адам выбіўся ў начальнікі, дык адразу натачыў зуб на Міколу Ігнатавіча...
– Яўгенка, а ўжо часу ў абрэз, – глянула на гадзіньнік Паліна. – Выпраўляйся, а я напрасткі пешкі прайдуся, колькі тут. Заадно і палі агледжу.
Так і парашылі.

l l l
Якая прыкрасьць для Верацейкі сьпяшацца да Адама!
Таполевыя прысады і ля Старобіна шчыльна затулялі бальшак, але цяпер ужо не заманьвалася імі любавацца: як вясной карцела найхутчэй пабачыць першыя лісьцікі, так цяпер, у пару буяньня – першыя прыкметы заміраньня жывой зеляніны ды вяртаньня да графікі галінаў.
«Як гэта добра, што прырода нічым не дагаджае чалавеку, а толькі ўводзіць у зман сваімі метамарфозамі, калі здаецца, што яны адбываюцца ня столькі наяве, колькі ў тваёй душы, – зноў занурыўся ў свае роздумы Яўген. – І ніколі ня спраўдзішся ў ёй, хіба што «Тут быў Вася!» на скале, дрэве надрапаеш ці намалюеш».
Верацейка прыехаў у «Сельгасхарч» за паўгадзіны да семінара, як і дамаўляліся з Шоргатам: «каб крышку пагутарыць».
Адам стрэў яго ветла. Ён любіў борзьдзенька рукацца, каб наведнік адчуў яго неўтаймоўную энергетыку, ды хуценька ўсаджваць, усчынаць размову, нават у этыкетнай звыкласьці праяўляць сваю змушальную волю.
– Вось вы заўсёды хочаце быць мудрэй за дзяржаву, спадар Верацейка... – здалёк пачаў намесьнік. – Паглядзіце, з гэтым вы знаёмы? – Шоргат падаў са стала дробна раздрукаваны аркуш.
Яўген пазнаў у ім сваё планаваньне пасяўных плошчаў на гэты год.
– І чый там подпіс, апроч старшынёўскага? Правільна, ваш. І колькі ў нас жыта запланавана? Правільна, 210 гектараў. А ў наяўнасьці? – метадычна доўжыў свой слаба прыхаваны зьдзек Адам. – Правільна, 170 гектарчыкаў... – ня даваў ён Яўгену ўставіць слова.
– Дык вымакла ж увесну азіміна, самі бачылі! – нарэшце прабіўся вучоны аграном.
– Правільна, – дзяўбаў, як дзяцел, Адам Шоргат. – А перасеяць жытца было ж чым, аднак вам клін рапсу захацелася пашырыць...
– Дык...
– Дык будзеце трымаць адказ на бліжэйшым пасяджэньні райвыканкаму. Я вас, галубчыкаў, пакрываць не зьбіраюся. Можаце ісьці. І будзьце гатовы, на семінары дам слова...
Гэта каб не здымаць напружаньня. Насамрэч ня даў, толькі калі Сямён Дымакур застракатаў сваёй адладжанай касілкай і пачаў падраўноўваць купкі нязьедзенай каровамі травы, Шоргат зьдзекліва пажартаваў: «Бачыце, як стрыжэ, лепш, чым некаторыя нашы аграномы свае вусы машынкай...»
Яўгена перасмыкнула, ён міжволі агледзеў грамаду, хоць і без таго было ясна: з вусамі толькі адзін ён. У асноўным жа на семінар прыехалі аграномкі.Адам Шоргат любіў вось так што-небудзь адрасаваць чалавеку і прытым не называць яго імя. Але ж усе ведалі, пра каго гаворка, і гэта яшчэ больш раздражняла і злавала.

l l l
Па дарозе дадому Яўген зноў не ўтрымаўся, адкрыў зьненавіднаму вампіру свой касьмічны канал – зноў пачаў думаць пра свае стасункі з Адамам, згадваць, дзе, калі яму перайшоў дарогу. А таго ня ведаў, што замінаў уедліваму начальніку ўсім сваім існаваньнем, вальналюбствам, спосабам думаньня і нават адказнасьцю ды творчасьцю ў працы, што было нязвыклым, а значыць, і не дзяржаўным.
«А можа, ён дадзены мне звысаку, – думаў Яўген. – Як дакор за маё няўмецтва годна ладзіць з людзьмі, ашчасьлівіць хаця б аднаго чалавека на сьвеце. Поля ж пра гэта адкрыта ніколі ня скажа...»
Гэтым разам вучоны аграном вырашыў завярнуць у Старобіна: карцела аднаму паглядзець, як там трымаецца борць, наогул, як пачуваецца волат, ці не задужа цесна абкруцілі хлопцы дротам яго сукі.
А борць, гэты неабгабляваны цурбак з адтулінай, дарэчы, была ня дужа прыкметная на шэра-карычневым тле кары. Праўда, зьверху даносілася зумканьне пчол, якія, прываджаныя кавалкам мядовай вузы, пакладзеным знаўцамі на дно прылады, мітусіліся ў кроне.
«З пчолкамі яшчэ лепш!» – зрабіў выснову Яўген.


Дзень трэці, восеньскі
Васька Смажнік абышоў наўкруг свой «кукурузьнік» і паляпаў па яго борце даланёй – разьвітваўся са сваёй «баявой» машынай перад тым, як у апошні раз узьняць яе ў паветра. Тукі рассыпаныя, гербіцы­ды распырсканыя – усё пароблена. Да налецьця, але гэта ўжо без яго. Васіль цьвёрда вырашыў вучыцца на лётчыка-«дальнабойшчыка»: папярэдзіў начальства пра свай намер звольніцца сёлета, неадкладна, каб не засмоктваў вір клопатаў чарговага сезону. Можа, вы­бітны авіятар і не спяшаўся б так, калі б хоць які знак дала яму ўпі­­рыстая Палінка, хоць бы брывом павяла ці вочкам міргнула. А так закарцела хлопцу ўзьняцца над гэтай крыўдай на тысячы і тысячы метраў, а калі-небудзь прыехаць на пабыўку ў новенькай, сваёй, а не з чужога пляча лётніцкай паддзёвачцы ды ў фуражцы з срэбнай адмысловай цэшкай.
Васіль узьняў самалёт і пачаў набіраць вышыню, каб з-за рагу лесу адкрыўся выгляд на родную вёску, хату з ліпавымі прысадамі. На разьвітаньне, бо калі яшчэ ў жыцьці пабачыш такі краявід. Потым хлопец зрабіў даволі круты віраж і скіраваў «кукурузьнік» у бок Шалафанаў, цэнтральнай сядзібы калгаса «Чырвоная прышчэпка». А гэта ж по­бач – перакуліцца цераз гару ды пару невялічкіх гаёў. Тут ужо Васіль ляцеў нізенька, бо ня столькі цікавілі краявіды, колькі людзі, з якімі з усёй акругі найбольш здружыўся. І вядома ж, хлопцу хацелася, каб хаця б рукой на разьвітаньне махнула яму Палінка.
Смажнік нарэзаў пару кругоў над майстэрняй, і механізатары, балазе яшчэ ня выйшлі ў поле, прывітальна замахалі яму. Яны ўжо ведалі, што гэта разьвітальныя кругі іх незаменнага памочніка.
А з канторы дык ніхто і носу не паказаў.
«Можа, старшыня сьпяцоў на ранішнюю нараду сабраў», – падумаў Васіль, выраўняў самалёт і лёг на курс. Бядак ня ведаў: каб на сустрэчу выйшла Паліна, трэба садзіцца ды прырульваць да самай канторы, а ў кабіне павінен вісець футравы зайчык, такі мілы і цёпленькі. Але і гэтага замала. Трэба выяўляць такі вытанчаны розум і пранікнёнасьць (вось з ім і цікава!), як Яўген Верацейка. І гэта ня ўсё. Каб жа і пах цела быў непаўторны, п’янючы, водарны, як у Яўгенкі.
Васіль ляцеў над пералескамі, рэчкамі, ржышчамі і думаў пра тое, што яго мары, нібы дамы-мураванкі, маюць паверхі. Найвышэйшая – зааблочная, кіламетраў за дзесяць над узроўнем мора, ніжэй – злучаная з роднасьцю краявідаў, шчупачыным тузаньнем лёскі і баравіковай таямнічай затоенасьцю, яшчэ ніжэй – людское, звабліва-няпэўнае і сардэчна-балючае. Васіль трошкі пашкадаваў, што думкі яго зноў сышліся на Паліне, глянуў колькі можна ўперад: авохці! які прасьцяг перад вачыма! Ляці сабе...

l l l
Як заўсёды перад семінарам, а на гэты раз Шоргат задумаў падвучыць, як сеяць азіміну, Яўген устаў ні сьвет ні зара. Апроч усяго, увечары павінна была прыехаць Леакадзія, дык трэба было прыбраць непрывабныя сьляды свайго халасьцяцкага жыцьця. Але не пасьпеў ён памыць і першую талерку, як патэлефанавалі з «Сельгасхарчу»: семінар пераносіцца ў гаспадаркі, пойдзе па імкліваму графіку, у вас – сёньня ранічкай, так што затрымайце механізатараў перад выездам у поле...
«Так Шоргат загадаў», – зацьвердзіў паведамленьне работнік «Сельгасхарчу»: маўляў, аніякай самадзейнасьці ды вольнасьці, усё па графіку.
А вучоны аграном і ня думаў пярэчыць. Ён зноў узяўся за мыцьцё талерак і крыху пашкадаваў толькі аб тым, што ня дасьць кругаля па сваіх «цёплых» мясьцінках – ня ўгледзіцца па дарозе ў акенца Паліны, не адведае таўстарукага волата ды не дазнаецца ў вяскоўцаў, як там «прыжылася» борць і ці займелі з яе якую кроплю асалоды...
Але што дуб – так, сузіраньне, калі сэрца ные па каханцы, якую апошнім часам Яўген жартам пачаў называць «мая Палінэзія». «А ты мой Поль Гаген. Давай хоць прылюдна распрануся!» – казала яна ў адказ і ўсьміхалася сваёй чароўнай усьмешкай.
Але апошнім часам з чутак, якімі заўсёды поўніцца сяло, яна ўжо дазналася, што прыязджае Леакадзія, і надзьмула вусенкі, стала не такой гаваркой, ды ўсё часьцей, і з нагоды, і бяз дай прычыны пранікліва зазіраючы ў вочы, пачала пытацца: «Ты мяне кахаеш?».«Кахаю...», – па-ранейшаму шчыра адказваў Яўген і лавіў сябе на думцы, што гэта ўсё ж адказ на пытаньне і не абыходзіцца бяз пэўнага змушэньня, а на душы ў яго цяжар ад раздваеньня ды заблытанасьці пачуцьцяў. І задумваўся: «А які я па сутнасьці чалавек? Калі б сьпешна трэба было падсумаваць пражытае, які быў бы падрахунак? Добрыя ж намеры і памкненьні не пакладзеш як наробак на вагі...» А яшчэ Паліна пры разьвітаньні пачала прыкметна марудзіць, падоўгу маўчаць, не жадаючы выпускаць са шчэпу яго руку. Аднойчы ж і наогул прамовіла тужліва-прыкрае ды трошкі адчуджанае:
– І што вы, мой саколік, з Леакадзіяй аніяк дзіцятка ня зладзіце. Я табе вунь колькі нарадзіла б...
Яўген змаўчаў, але сэрца яго сьцялася ў макавую пушку. Такім разам яму не хацелася жыць. І жаданьне гэтае цьвердзілася як жалезны прэнт, так, што ён падоўгу сядзеў зьнерухомлены ў якім-небудзь цёмным кутку і глядзеў у адну кропку.
Паліну ён кахаў, Леакадзію шкадаваў – столькі ж гадкоў разам і ў горы, і ў якой там ні было радасьці, а дзе яна, мяжа паміж шкадаваньнем і цяпельцам каханьня, ніхто ня ведае.
Адзінае, чым суцяшаў сябе вучоны аграном у такія моманты, дык гэта ўспамінам пра выпадак з жыцьця сябра-мастака. Аднойчы той уваліўся ў хату нападпітку і ня даў вачам веры: на кухні за распачатай бутэлькай віна сядзелі ды мірна гаманілі жонка і яго мілосная каханачка. Як толькі пабачылі яго, дык давай у два голасы ўшчуваць, выказваць набалелае.
– Я кахаю вас абедзьвух! – як адрэзаў мастак і забурыўся спаць.

l l l
Механізатары, па ўсім было відаць, нярвуюцца. Просьбу Яўгена затрымацца сустрэлі з непрытоеным зьдзіўленьнем. Заўсёды прысьпешваў, а тут: пачакайце паўгадзінкі, потым чвэрцьгадзінкі... І што той раённы начальнік, калі на сёньня запланаваныя дажынкі і старшыня абяцаў увечары ёмкую чарчыну, а на закусь наважыўся парашыць спраўнага бычка.
Гэтым годам у жніўні добра задажджыла, і дажынкі трошкі запазь­ніліся супраць звычайнага. Але ж не бяды, калі верасень такі пагод­ліва-крамяны, як сьпелы яблык.
– Цімафеевіч, а, можа, няхай сейбіты застаюцца, а мы паедзем, і хвілінка ж дорага, – ня вытрымаў адзін з механізатараў.
– Хлопцы, прашу вас, пачакайце... – Яўген прыкмеціў, што пачынае раздражняцца, і ня столькі ад таго, што ня едуць Адамавы выслужэнцы, колькі ад вострага адчуваньня сваёй залежнасьці ад іх волі, якая почасту зьяўляецца вытворнай звычайнай бязглузьдзіцы ці якога шалу.
Але гэтае раздражненьне раптам «утрамбавалі» шыны «уазіка», які ўкаціўся на машынны двор. У «Чырвоную прышчэпку» прыехала правая рука Шоргата, галоўная ў раёне аграномка па кармах Домна Астрашаб. Яшчэ маладога веку жанчына, зграбная і рухавая. Пагаворвалі, што яны даўно сябруюць, разам вучыліся ў акадэміі і Адам «выпісаў» яе на падмогу аднекуль з паўднёвага рэгіёну краіны.
Домна ветла павіталася з мужчынамі, а Яўгену нават падала руку і падзякавала, што дачакаліся. Дастала з рэдыкюльчыка паперы і пачала прамаўляць.
– Вось тут Адам Пятровіч падрабязна ўсё распісаў...
Але, дзякаваць Богу, ня стала зачытваць усе сьціслыя радочкі, а сваімі словамі пераказала, на якую глыбіню запраўляць зерне, як рэгуляваць сеялкі, рабіць счэпкі, пра норму высеву, адным словам, тое, што механізатары даўно ведалі. І яны не хавалі сваёй абыякавасьці: пазяхалі, курылі, хто сядзеў у позе вароны, хто прыпёршыся да кола камбайна ці трактара. І толькі Яўген быў сама ўважлівасьць, нават тое-сёе запісваў у нататнік.
У Домны хапіла розуму доўга не разводзіць «анцімонію», і хутка машынны двор абудзіўся гулам рухавікоў. А яшчэ і таму аграномка скруціла паперы, што па «імкліваму графіку» ёй трэба было пабываць яшчэ ў некалькіх суседніх гаспадарках.
На разьвітаньне вучоны аграном шчыра падзякаваў ёй за навуку і запрасіў увечары на дажынкі: ён і на хвілю не сумняваўся, што паманеныя чаркай камбайнеры гадзінаў да чатырох састрыгуць збажыну да апошняга каліва.
– Буду, калі ўпраўлюся, – без усялякага ламаньня пагадзілася Домна.
«І чаму ў нас так мала жанчын у кіраўніцтве», – падумаў падбадзёраны Яўген. І пры гэтым усё ж згадаў зламыснага Шоргата, праўда, на якое імгненьне. Бо Адам тыдзень таму патрапіў у бальніцу, а толькі недавярак які можа сьпяліць з гэтага радасьць. У намесьніка начальні­ка «Сельгасхарчу» здалі нервы. Злыя языкі плявузгалі, што ён, дзякую­чы сваяку са сталіцы, уладкаваўся ў адмысловую вар’ятню. А таго ня ведаюць, што і ў псіхдамах ёсьць утульныя затулачкі для сваіх людзей, дзе табе і душ Шарко ўключаць, і масаж турэцкі ў саўне зробяць, і ў гаючай гразі пакачаюць, і пад поўную псіхалагічную разгрузку паставяць... Не, крый Божа, каб Яўген радаваўся, проста яму стала крыху лягчэй і вальней. А сон стаў куды спакайнейшым.

l l l
Камбайны зьехаліся на ўрочышча «Умесьніца», пасталі наўкруг вакол даўжэзнага, зьбітага з дошак стала на казлах. Сонца было яшчэ да­волі высока, і промні весела бегалі па сьвежаму габляваньню. Атрымалася своеасаблівая тэатральная пляцоўка для нязьменнай штогадовай дзеі. Усё было падрыхтавана, і ўвішныя маладзіцы (работніцы канторы ды ўдзельніцы самадзейнасьці) за лічаныя хвіліны паслалі сурвэткі ды расставілі стравы, у тым ліку і толькі што зьнятыя з агню клёц­кі з душамі, проста ў вялікім сагане. Загадчыца клубу Зіна Салавей, якая завіхалася ля агню, падлічыла, што па адной хопіць усім, а сьмелым, дык і па дзьве. (І чаго мы так «падселі» на гэтыя клёцкі?).Механізатары мыліся, трошкі папраўлялі вопратку, купкаваліся, палілі. Падбіўся да іх і старшыня.
– Хлопцы, няхай сёньня камбайны ў полі застаюцца, а дамоў вас на аўтобусе адвязём, – на ўсялякі выпадак закінуў ён прапанову.
– Ды што нам упершыню, Іванавіч, усё будзе нармальна, – адказаў за ўсіх Юрка Крыклівец.
На зьдзіўленьне Яўгена, акурат перад пачаткам бяседы прыкаціла Домна Астрашаб у суправаджэньні старшынёўскай сакратаркі.
Як водзіцца, ёй першай далі слова.
– Дарагія таварышы, шчыра віншую вас з паспяховым завяршэньнем гэтай на самой справе бітвы за ўраджай. З перамогай! Хачу паведаміць вам прыемную навіну. Па апошніх дадзеных вы трывала замацаваліся ў дзясятцы найбольш ураджайных гаспадарак вобласьці. Малайцы! Але ж вы можаце быць наогул першымі, рэзерваў дзеля гэтага дастаткова...
У апошняй фразе Яўген учуў ноткі ўедлівага Адама: маўляў, як ні высільвайцеся, а ўсё адно ня ўсьцешылі – ёсць жа рэзервы... «А можа, проста па інерцыі гэты начальніцкі максімалізм з іх прэ», – суцешыў сябе Яўген і кульнуў чарку.
...І завірыла вясёлая бяседа. Механізатары гаманілі, па-поўніцы выпівалі, апетытна закусвалі і аказаліся самымі «сьмелымі» – разьмялі ўсе клёцкі.
Сьпяваў гармонік, а ў суплёце з яго галасамі ды басамі і Зіна Салавей зацягнула традыцыйную «Выходил на поля молодой агроном...»
У гэтых «полях» Яўгену пачулася штосьці большае, і вучоны аграном нават крышку сумеўся.
Але пачала ўжо разганяць па жылах кроў пылкая гарэліца... Яўген не прапускаў ніводнай чаркі, бо ўсё было ў ахвотку, нібыта яго натхні­ла вялікая ўдача. А што! Ураджай неблагі, засекі поўныя, людзі паважаюць, душу грэе каханьне... І Верацейка ўзьняў позірк на Паліну, якая сядзела за сталом насупраць, побач з Домнай Астрашаб.
Ён наогул абвёў вачамі ўвесь стол: сябрына сядзела радком ды ладком – і цеплыня замілаваньня зварухнула Яўгенаву душу. Ён згадаў сваю даўнюю паездку да нямецкіх фермераў, калі там вось так сядзелі сябрынай з нагоды, гаманілі, частаваліся півам са смажанымі кілбаскамі. І тады Верацейка прыкмеціў, што як толькі фрыцы паселі за стол, дык адразу зьнік між імі хоць які знак субардынацыі. Усе раўня – і кіроўца аўто, і чарнарабочы, і гаспадар прадпрыемства, усе. Выйшлі з-за стала – зноў жыцьцё-тэатр, дзе ў кожнага свая роля. І тады вучоны аграном зразумеў, што такія людскія стасункі – прыкмета моцнай, згуртаванай нацыянальнай супольнасьці, калі цёплае, душэўнае выструньвае па кшталту душы, а не па значнасьці пасады, а фармальна-службовае навідавоку толькі ў будзённасьці. Вось гэта еднасьць!
«А чаму ж у нас такая апастыленасьць між людцаў, такая пажада ў многіх стаць начальнікам, здаецца, толькі дзеля таго, каб прынізіць, здратаваць учарашніх таварышаў, узвысіцца над імі?..»
Яўгенава сэрца ўсё яшчэ сьлімачыў і сьлімачыў смоўж крыўды, нават цяпер аграном аніяк ня мог даць веры, што і ў нас, не раўнуючы як у тых немцаў, сябрына родніць.
Але заглыбляцца ў тэму не было калі. Зінаіда Салавей аб’явіла перапынак ды ўсіх запрасіла ў круг на пацеху. Сьпявалі, таньчылі. Яўген падышоў да Паліны, і гэтым зараз жа скарысталася загадчыца клуба: крадком наблізілася ззаду і перакінула цераз галовы каханкаў ды са­шчапіла, зьвязала даўжэзнае, напэўна, загадзя падрыхтаванае вязьмо.
— Вось і куль аграномікаў, рупліўчыкаў нашых. Зараз мы іх пажыцьцёва зьвяжам, – зашчабятала Зіна і пад галасісты сьпеў гармоніка пацягнула сваіх «палонных» у круг.
А тады, як заўсёды, было хвіліннае замаркочваньне, і чальцы вясёлай дзеі разышліся па купках, каб яшчэ больш поўна выявіць сваю ўзрушаную шчырасьць.
Паліна і Домна прыселі ў сьвежую капу духмянай саломы. Убачыўшы самотнага Яўгена, Домна запрасіла яго ў кампанію. Вучоны аграном схадзіў па чаркі і напоўніў іх густа-чырвоным «Кабернэ», бутэльку якога прадбачліва залучыў у схованку. І сеў паміж ня менш вучонымі аграномкамі.
Яны цадзілі вінцо і гаварылі неабавязковыя словы. Пры такой улагоджанасьці залішняй была б якая-небудзь глыбокадумнасьць.
Жытнёвы водар хмяліў галаву ня горш, чым сьпелае «Кабернэ». І Яўген падумаў пра тое, што ўвосень поле пахне сьвірнам, а сьвіран – полем, і такім чынам адбываецца скразное яднаньне ўсіх існых сьветаў, у тым ліку і асабістых, чалавечых.
Сьвята атрымалася. Ніхто не перапіў (на прыродзе – мудры старшыня! – ня так разьбірае), не пабіўся.
З Домнай разьвіталіся ля канторы. Яўген шчыра, хоць і зусім няўцямна за што, дзякаваў і дзякаваў візіцёрцы. Паліна тым часам вынесла з канторы вялізны сноп, які каласок да каласка, сьцясьніла для маю­чай адбыцца раённай выставы сялянскіх дасягненьняў. Але старанную аграномку перасмыкнула, калі яна пабачыла, як неахайна запіхвала сноп у багажнік начальніца. Ды і ці трэба ж быць такой чульлівай у нашым жорстка-дзівацкім сьвеце?
Калі Палінка вярталася ў кантору, яна зьвярнула ўвагу на Яўгенаў «пікапчык», які стаяў кабінкай да будынку, а ўсярэдзіне, падвешаны на нітцы да люстэрка пакручваўся ў скразьнячковай бруйцы знакаміты зайчык. І яна азірнулася.
– Не забудзь жонку на станцыі сустрэць, зайка ты мой, – зьедліва кінула Яўгену.
Так і зайшло за хмару рэўнасьці сонца добрага настрою вучонага агранома.

Дзень чацьвёрты, зімовы, кароткі
Сямён Дымакур па загадзе Шоргата пачаў заводзіць дызель. Трактар быў яшчэ даволі новы, і рухавік схапіў амаль адразу. Нібы стромкі цёплы хвост дыму над комінам у марознае надвор’е, пачала ўзьнімацца пара. Зтоўпленыя аграномы пускалі хукі, ды пастуквалі нага аб нагу – мароз шчыпаў за насы і пяты. Аднаму ўмеламу і незаменнаму Сямёну было лацьвей у сьвежазваляных валёнках ды кажушку, ён і гора ня ведаў. Трактарыст, як толькі Адам даў адмашку, уключыў хуткасьць і пачаў сноўдаць туды-сюды па бетоннай пляцоўцы. Адгарне кучку гною – едзе ў другі бок, каб прыгарнуць торфу, потым зноў гною, зноў торфу...
– Вось бачыце, як барляць трэба! І зьвярніце ўвагу на цьвердзь пляцоўкі, – загалдучыў у мегафон нястомны Адам, калі Дымакур па яго каманьдзе заглушыў рухавік. – А каб мы ўсюды так рабілі кампосты! А то прыцярушаць зьверху гной тарфакрошкай – і парадак. А хіба ж там пойдуць біялагічныя працэсы? Вядома, не. Вось і падумайце: ці спажыўнае такое ўгнаеньне?..
– Вядома, не, – азваўся хтосьці з натоўпу.
– А толькі і чуеш: мы ўсё ведаем, самі з вусамі, у перадавіках ходзім, – не зьвярнуў на яго ўвагі Шоргат. – А калі падумаць, колькі мы недабіраем ураджаю з-за дрэннага прыгатаваньня кампостаў...
І пайшло-паехала.
– А ведаеш, мая маці на торф кажа «турпа». Ды і наогул усе старыя людзі ў вёсцы. А мне і падабаецца. Услухайся: «турпа»... – зьвярнуўся да Яўгена Зьмітрок Гаркун, галоўны аграном калгаса «Чырвонае суквецьце».
– Невялікая карысьць з гэтай турпы, – азваўся Верацейка.
– А Шоргат пасьля больніцы аніяк формы набраць ня можа... Спалатнелы, і гаворка, здаецца, замарудзілася, – з відавочнай надзеяй патра­піць Яўгену падоўжыў гаворку Зьмітрок. Але вучоны аграном змаўчаў, чым даў зразумець, што яму зусім нецікава гэта абмяркоўваць.
Яго наогул мала што цікавіла апошнім часам, бо пасьля таго, як пахаладнела ў сваёй палкасьці Паліна, жыцьцё скасабочылася, нібы карабель, які атрымаў прабоіну ў борце. Цяпер ён нарэшце зразумеў, што любыя падколкі ці ўшчуваньні і разносы несправядлівага, прыдзірлівага Шоргата амаль не дапякаюць.
Яўген і на паседжаньні, якое па завядзёнцы праходзіла тут жа, у «Шчыгульні», лічы, ня слухаў прамоўцу, нават ня ўзьняў вачэй на Адама, які пагражаў выгнаць з работы тых, хто хоць на гектар зьменіць зацьверджаны севазварот ды структуру пасяўных плошчаў: маўляў, гэта сёлета вам мінулася...
Пад заслону дакучлівай гаварыльні Верацейку знайшла сакратарка дырэктара «Шчыгульні».
– Вам нейкую дзіўную тэлефанаграму прасілі перадаць, – зьвярнулася яна да агранома, балазе той сядзеў якраз ля ўваходу. Хлопец невядомы перадаў, сказаў, што гэта вельмі важна, вы ўсё зразумееце. З гаспадаркі вашай тэлефанавалі.
Яўген разгарнуў цыдулку:
«Дубянец-Старобінскі, Палінэзія чакаюць разам. Пасьля семіна­ру», – прачытаў ён напісанае.
Вучоны аграном усё зразумеў: Палінка прызначала яму спатканьне.
«Нарэшце ты ня выцерпела, мая красачка, пахінулася. Столькі дзянькоў адчужэньня, нарэшце», – усхвалявана прамаўляў пра сабе Верацейка. На яго нават зьвярнулі ўвагу. Ды гэта і зразумела, бо пісьмёны каханьня і з глыбіні душы праступаюць і на абліччы, хоць крышку, хоць якім дробным знакам, які тут жа распазнаецца ўсімі, хто хоць аднойчы кахаў.
Яўген узьняў галаву і заўважыў, што ў яго ўтаропіўся Адам, нібыта ўпершыню бачыць. І тады Верацейка ледзь прыкметна, куточкамі вуснаў усьміхнуўся яму. Адам зьбіўся з тропу, папярхнуўся, нібы ад гарачай дробнай бульбінкі. Але няўцямнасьць была нядоўгай. Калі Шоргат пачаў разглядаць папярэднія планы сяўбы на наступны год, вядома ж, у агранамічнай службы «Чырвонай прышчэпкі» яны аказаліся самымі легкадумнымі і непераканаўчымі. Ды дзіва: цяпер Яўген ужо толькі краем вуха слухаў зьністажальную Адамаву крытыку, проста каб не згубіць ніткі размовы. Ён круціў у руках цыдулку, зноў і зноў неўпрыкмет перачытваў яе і зьдзіўляўся гумару ды хітрасьці сваёй Палінэзіі – гэта ж трэба так зашыфраваць пасланьне. Але перадай яна нават просьценькае «буду», Яўген адразу здагадаўся б, дзе тое верагоднае месца спатканьня. А каб не здагадаўся, дык пешкі ўсю акругу абхадзіў бы.
Думкі гэтыя ды маючая адбыцца сустрэча грэлі і адначасна вярэдзілі сэрца, і Яўген зноў і зноў усьміхаўся, іншы раз нават міжволі. Шоргат перастаў і глядзець у яго бок, і пра гаспадарку больш ня згадваў. А які сэнс, калі Верацейку нібы прышчэпку якую зрабілі – абыякавым раптам стаў.
...Ніколі так хутка ня езьдзіў узімку на сваім «пікапчыку» вучоны аграном. Пару разоў яго нават добра занясло ў гурбы на ўзбочыне бальшака, але, дзякаваць Богу, выязджаў сваім ходам. І тады зноў даваў газу па плешку. Яўген ведаў, што Паліна даведаецца, калі скончыўся семінар, па тэлефоне, пазваніўшы ў кантору «Шчыпульні», прыкіне час на дарогу і пойдзе да дуба напрасткі – хады той з паўгадзіны. Але ўсё адно турбаваўся: ужо прыкметна пашарэла, а ісьці ж і цераз пералесак... На шызым небе ўжо засьвяціўся серпік маладзіка, бралася на добры мароз – калі добра апрануцца не надумае, закалее дзеўка...
Як шмат у каханьні дробных перажываньняў і турботаў, без якіх, дарэчы, яно проста памірае.
Старобіна патанала ў густым мораку. Толькі адзін ліхтар мерна гайдаў на ўезьдзе жоўты конус сьвятла ды зіхцелі рэдкія вокны, у асноўным тыя, што выходзілі на дзяньнікі. Гаспадыні ўходжваліся па гаспадарцы. А вось на другім канцы вёскі, побач з дубам Яўген заўважыў сьвятло мірглівае і зыркае. Пад’ехаўшы, убачыў Палінку і дзеда Халі­мона, жыхара крайняй хаты, якія палілі вогнішча. Дровы былі з кладні, бярозавыя, стромка пастаўленыя, яны жвавенька сыходзілі полымем.
«Малайчына, дзяўчынка, не прападзе. Дзеда надумалася залучыць. Можа, гарэліцай спакусіла?..»
Верацейка прыязна паздароўкаўся, з Халімонам – парукаўся, але і слова сказаць не пасьпеў, як радасна зашчабятала Паліна:
– А да мяне брат-студэнт прыехаў. Ён і «тэлефанаграму» адбіў і сюды праводзіў. Вось цяпер з дзедам Халімонам вінцо цэдзім... А падзі­віся, чым прыкусваем, – і падала яму невялічкі збанок. Яўген, паколькі было цемнавата, вырашыў панюхаць, што там за прысмакі. Знарошку гучна засоп, уцягваючы ў сябе паветра. І з чарадзейнага збанка забруілася кветкавым разнатраўем лета.
– Няўжо з борці? – глянуў вучоны аграном на дзядулю.
– Угадаў, – усьміхнуўся негаваркі Халімон. – Няхай кропля, ды якая!
Ён падкінуў у вогнішча апошнія дровы і зазьбіраўся дадому:
– Ваша дзела маладое, а мая сярэдзіна доўгага вераду не вытрымлівае, ня любіць, калі яе стацьмака трымаюць...
– Тады збанок вазьміце, – падышла да яго Паліна.
– Даядайце смакату з борці, а посуд, як ад’язджаць будзеце, на ганак пастаўце.
– Тады вось гэта, – дзяўчына падала старому ладна недапітую пляшку віна.
– О, гэта не адпіхну, – Халімон далікатна ўставіў пляшку ў глыбокую кішэню паддзёўкі і патрусіў дахаты. Не пасьпеў ён зрабіць і пяць крокаў, як каханкі імкліва абшчапіліся і зашапталі адно аднаму:
– Я так змаркоцілася без цябе...
– А я думаў, мы ўжо проста калегамі сталі. Зайчык мой вісіць у кабіне круглыя суткі. Цяпер ніколі не адчэпліваю...
– Падары мне яго.
– Зараз.
Яўген адчыніў кабіну, але перад тым, як адчапіць футравага вушасьціка, завёў машыну, даў крышку ўзад, так, што дзьверы багажніка апынуліся ля самага вогнішча. Вучоны аграном расчыніў іх, прысеў на ўскраек ды запрасіў Паліну. І яна з радасьцю прысела побач. І зноў усчаліся згадкі пра тое, што каханьне – невылечная хвароба, ад якой нельга адкараскацца. Пра гэтае колішняе сваё адкрыцьцё, якое маладой парой зрабілі многія, яны гаварылі ўзрушана і з вялікай асалодай. І ўсьцеўна радаваліся, бо калі б каханьне было хваробай лёгкай і хуткацечнай, як, напрыклад, прастуда, дык згасла б усё ў сьвеце да сьмяротнай цемры. Значыць, жыцьцё – гэта шчасьлівая пакута ў верадзе нязводнай жарсьці. І выйсьця з яго ніхто не шукае.
Паліна падправіла палкай галавешкі, і ўгару шугануў сноп іскраў. Супакоеная, яна пачала назіраць за тым, як яны прападаюць сярод буйных зімовых зорак. І раптам падалося, што адна іскарка ня згасла, а пачала раўнамерна міргаць на схіле глыбокага неба. «Самалёт!» – здагадалася Паліна.
– Глядзі, Яўгенка, вось так калі-небудзь і Васька Смажнік над намі паляціць – мая сініца ў небе. Але адтуль ужо салетрай не пасыплеш, праўда? – пажартавала яна.
Яўген не азваўся. Ён падрыхліў сена і адкінуўся ў фургончык, утульна ўладкаваўся. Паліна агледзела вясковую вуліцу – ці ня йдзе хто, і легла побач. Яна так і трымала ў руках падоранага зайку.
– А хочаш, давай сабе сьмерць зробім, – прашаптала раптам на вуха каханка. Яўген зварухнуўся, ён ужо чуў аднойчы такое. – Каб не вы­скнарваць у лёсу па кропельцы шчасьцейка, а здаволіцца адным годным імгненьнем ды і ўвечніць яго...
Яўген маўчаў. Разумней памаўчаць у такім выпадку.
І чаму жанчыны не баяцца сьмерці? Можа таму, што носяць пад сэрцам гнязьдзечка, у якім не заўсёды ціўкае птушанятка, але ж з якога ніколі не сыходзіць цеплыня надзеі...
Верацейка паклаў пад голаў руку, і яму ў праёме дзьверцаў паўней адкрылася вогнішча, якое ўжо сыходзіла ў чырвонае мігценьне прысаку. Але і на гэтым цьмяным тле яшчэ даволі выразна былі бачныя іх ногі. Палініны, у зграбных падшытых валёнках, і яго, у кругланосых зімовых боціках. І тады Яўген згадаў вясну, калі яны, напоеныя асалодай любошчаў, вось так ляжалі басанож...
Вучонаму аграному раптам да мятлікаў уваччу захацелася вясны – першаснага адліку новага жыцьцёвага кола. Верацейка добра разумеў, што кола чалавечага жыцьця зусім не зьнітаванае наўпрост з прыродай, што яно можа пачацца і ўзімку, і ўвосень, і раніцай, і ноччу, калі заўгодна, бо душа сілкуецца не спажыўнасьцю рэчываў, а спадзевам на жыцьцё, напоўненае каханьнем. Насуперак усяму. У тым ліку такім, як Шоргат ды іншая валадарная пошасьць, ад якой нікуды не падзецца, як ад дрэннага надвор’я.
Яўген абшчапіў Паліну, і яны паляжалі яшчэ колькі хвілінак. А маглі б ляжаць вось так да самай вясны і шаптаць адно аднаму што-небудзь прыемнае і сагравальнае. Ды прысак амаль ачах, і час было ехаць. Ужо з цяжкасьцю распазнаваліся абрысы дуба, толькі было чутно, як у высокіх галінах пад парывамі ветру ўпарта шаргацяць нібы выразаныя з бляхі лісьцінкі.
І чаму дуб-волат так разджагерыста ўпарціцца прадвызначанай ха­дзе часу?