12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Сідарэвіч

_____________________
Паэт і дыктатура

Сацыяльны, эканамічны і палітычны лад, устаноўлены бальшавіцкаю партыяй, можна і трэба аналізаваць ды паказваць у катэгорыях, якія ўжываюцца пры апісаньні і аналізе ўсходніх цывілізацыяў. Калі царскі рэжым лічыў сябе хрысьціянскім і азіраўся на хрысьціянскія вартасьці, на тыя каштоўнасьці, якія ў секулярызаваным грамадстве называюць заходнімі, дык рэжым, устаноўлены бальшавікамі, адрадзіў такія нехрысьціянскія, паганскія праявы, як вынішчэньне роду за правіну аднаго з прадстаўнікоў гэтага роду перад уладаю, як адмаўленьне дзяцей ад сваіх бацькоў, а сужэнцаў — адно ад аднаго. Камуністычны рэжым замахнуўся на такія хрысьціянскія каштоўнасьці, як шлюб, сям’я, шанаваньне бацькоў.
Прышэсьце Хама, дэхрысьціянізацыя і дэгуманізацыя адчуваліся з самых першых крокаў новае ўлады. Купалу давялося быць сьведкам “чырвонага тэрору” 1918 году ў Смаленску. Успаміны пра той час засталіся ў яго на ўсё жыцьцё. Вобраз чэкіста Яркіна мы сустракаем у купалаўскай публіцыстыцы бээнэраўскай пары. Паказальна тое, што Мікіта Зносак, які мог прыстасавацца і да царскіх, і да нямецкіх, і да польскіх акупантаў, быў забіты бальшавікамі. Купала прадчуваў ці разумеў (а мажліва і прадчуваў, і разумеў), што пры бальшавіках не існуе нейкіх пэўных правілаў гульні, нейкіх законаў, што чалавека не ратуе ягоная лаяльнасьць да ўлады: вельмі шмат залежыць ад капрызу дэспата.
Дадамо да гэтага і другі чыньнік: “мяжа на замку”. Але нават калі мяжа не была яшчэ “на замку”, выезд у Заходнюю Беларусь не гарантаваў свабоды. Адзначу толькі тое, што не гарантуючы асабістай свабоды за палітычныя перакананьні, эндэцкі і санацыйны рэжымы ў Польшчы рэдка каралі сьмерцю палітычных апанентаў і зусім не стралялі паэтаў за іх уласна паэтычную творчасьць. Пілсудзкі і ягонае атачэньне прадастаўлялі такую магчымасьць бальшавікам, ахвотна ідучы на абмен палітвязьнямі паміж Польшчаю ды СССР. Паколькі польскія ўлады азіраліся на Еўропу, дык заходнія беларусы Максім Танк, Натальля Арсеньнева ды іншыя змаглі ўратаваць гонар беларускае літаратуры ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Аднак ніхто не гарантуе, што польскія ўлады ня выслалі б Купалу ў БССР, як, прыкладам, Максіма Гарэцкага. Купала мусіў абраць БССР, бо тут — побач з Менскам — жылі маці і сёстры.
Тое, што Маркс вызначыў як азіяцкі спосаб вытворчасьці, зьяўляецца базаю дэспатыі. Гэты азіяцкі спосаб вытворчасьці быў уласьцівы Савецкаму Саюзу (як, між іншым, і Рэспубліцы Беларусь). Тыя паняцьці аб недатыкальнасьці асобы і ўласнасьці, якія пачалі складвацца ў Расіі ад часу Пятра ІІІ, пачаткі грамадзянскае супольнасьці і прававое дзяржавы, якія фарміраваліся пасьля Вялікае рэформы 1861 г., былі выкарчаваныя хутка і дарэшты.
Пачаткам усяго на Усходзе зьяўляецца вярхоўная ўлада. Дэспат ёсьць вярхоўным уласьнікам і зямлі, і людзей. Падуладныя яму чыноўнікі атрымліваюць сродкі вытворчасьці за службу, але гэтыя сродкі вытворчасьці не зьяўляюцца іх прыватнаю ўласнасьцю: дэспат у любы момант можа пазбавіць свайго сатрапа ўласнасьці і нават самога жыцьця. Усходняя дэспатыя, паводле вызначэньня Гегеля, зьяўляецца грамадствам пагалоўнага рабства. Дзяржава і калектыў увесьчасна падаўляюць прыватную ініцыятыву і асабістую свабоду чалавека; чалавек увесьчасна абавязаны служыць і ахвяраваць ня толькі ўласнасьцю, але і сваім жыцьцём дзяржаве і грамадству.
У СССР і БССР паводзіны чалавека рэгулююць і кантралююць партыя-дзяржава, яе карныя органы, камсамол, прафсаюзы; дзеля кантролю за дзейнасьцю творчае інтэлігенцыі і рэгуляваньня гэтае дзейнасьці створаныя гэтак званыя творчыя саюзы. Часта за чалавекам сочаць і дома: даносы мужа на жонку, жонкі на мужа, дзяцей на бацькоў і бацькоў на дзяцей ухваляюцца і заахвочваюцца.
Ад пісьменьніка патрабуецца ня толь­кі лаяльнасьць: ад літаратуры вымагаюць услаўленьня дэспата, партыі-дзяржавы і яе органаў. Адбываецца ўласьці-вая ўсходнім цывілізацыям сакралізацыя ўлады і дэспата.
Паэт ня можа пазьбегнуць абавязку пісаць хваласьпевы, бо ад яго гэтага па­трабуюць. У дзяржаве, у якой існуе карт­кавая сістэма і органы ўлады займаюцца разьмеркаваньнем матэрыяльных дабротаў, у краіне, у якой усе друкарні знаходзяцца ў руках партыі-дзяржавы, упарты паэт можа быць пазбаўлены сродкаў да існаваньня, абвешчаны, як Іосіф Бродзкі, дармаедам. Вось тая маральная і сацыяльна-палітычная атмасфера, створаная бальшавікамі і ў якой Купала павінен быў жыць ды працаваць. Сапраўды, “мы людзі свабодныя”, сапраўды, “хто калі сьніў, ды і хто калі думаў”, што можа быць такое. “Мы забыліся, калі сьмяяліся”, — сказаў Якуб Колас свайму большаму сыну. Калі праглядаеш фотаздымкі 30-х гадоў, на Кулавым твары ня бачыш радаснае ўсь-мешкі. Сьлёзы Купалы і Коласа, пра якія згадваў былы рэдактар газеты “Известия” Іван Гронскі, найбольш красамоўна сьведчаць, як жылося песьнярам на пачатку 30-х гадоў.
Дзякую Віталю Скалабану за інфармацыю аб размове Купалы ды іншых беларускіх дзеячоў з Аляксандрам Чарвяковым. Размова тая адбылася ў ліпені1920 году, перад аднаўленьнем ССРБ. Вось тады Купала пачуў ад нацыянал-камуніста: будзеш выступаць супраць нас, нашае ўлады — расстраляем. Што бальшавікі будуць страляць публіцыстаў і паэтаў, Купала ўжо меў магчымасьць упэўніцца на прыкладзе Фабіяна Шантыра. Неўзабаве ён ня мог не скалануцца пры вестцы аб расстрэле Мікалая Гумілёва. Думаю, кожнаму зразумела, чаму аўтар бээнэраўскіх газетаў ужо на пачатку 20-х гадоў стараўся засьведчыць сваю лаяльнасьць уладзе. Вальнадумства патроху зьнікае. Вобразы расстраляных Шантыра і Гумілёва, вераемна, паўсталі ў вачах паэта, калі ён пачуў з вуснаў агента АГПУ Аляксандра Улья­нава абвінавачаньне за напісаньне верша “Пасеклі край наш папалам”. І паэт назваў імя сапраўднага аўтара.
Не асудзі! — кажа Аляксандр Салжаніцын. І мае рацыю: ніхто з нас ня можа асудзіць тых, хто ў 20—50-х гг. ня змог выстаяць, бо ніхто з нас ня можа сказаць, як бы ён сам паводзіўся б у той сітуацыі. Задача дасьледчыка — вывучаць факты, даваць ім тлумачэньне, але ні ў якім разе не ацэнку, не выносіць прысуды.
У нас ёсьць Купалавы тэксты 30-х гадоў і ваеннае пары. І трэба адрозьніваць тэксты паэтычныя і публіцыстычныя. Паэтычныя тэксты без сумлеваў напісаныя рукою паэта. Нават у калектыўных пасланьнях Сталіну мы ўгадваем строфы, напісаныя Купалам.
Больш складана з публіцыстычнымі творамі Купалы тае пары, у тым ліку з адкрытымі лістамі. Вельмі часта адсутнічаюць рукапісы, адсутнічаюць машынапісы на мове арыгіналу. Вось і атрымліваецца, што тэкст, апублікаваны ў літоўскай камсамольскай газеце з подпісам Купалы, перакладаецца з літоўскае мовы і друкуецца як Купалаў. А мы ж ведаем практыку (і сьведкі яшчэ жывыя), што нашыя класікі давалі згоду, каб журналісты пісалі ад іх імя “пра-вільныя” і патрэбныя ўладзе тэксты. І нават казалі журналістам: пішыце самі. І першы раз бачылі “свае творы” толькі на старонках газетаў. Такім чынам, перад намі паўстае немалая праблема.
Той, хто будзе чытаць восьмы том Поўнага збору твораў Купалы, сутыкнецца з тэкстамі ваеннага перыяду. Калі іх чытаеш адзін за адным, складваецца ўражаньне, што цэлую серыю артыкулаў пісаў не зусім здаровы чалавек. Вось чаму я змушаны быў зацікавіцца, ці сапраўды Купала пісаў гэтыя “творы”. Дзякуючы спадару Арсеню Лісу, які быў у блізкіх стасунках з Максімам Танкам, мы ведаем цяпер, што Купала ня меў да іх ніякага дачыненьня, што тэксты складаліся ад ягонага імя. Шкада, што Максім Танкасабіста, сваёю рукою не засьведчыў, што значную частку ваеннае публіцыстыкі, што прыпісваецца Купалу, пісаў нейкі маскоўскі літаратар, аматар выпіць, які пазьней выкінуўся з вакна.
Тое ж і з многімі даваеннымі тэкстамі. Мы ня ведаем, хто насамрэч пісаў артыкулы і лісты, якія засталіся ў машынапісах, нават калі гэтыя тэксты падпісаныя Купалам і нават калі ў іх маюцца сякія-такія праўкі, зробленыя рукою паэта. Ня ведаем, хто замаўляў тыя тэксты: рэдакцыі непасрэдна ці адпаведны аддзел ЦК. Асабліва гэта датычыць тэкстаў, напісаных у сувязі з публікацыяй Купалавых твораў ці інфармацыі пра Купалу ў заходнебеларускім друку, бо паэт ня мог атрымліваць заходнебеларускіх газетаў і часопісаў. Заказны характар такіх выступленьняў Купалы відавочны. Але часта праблема ў тым, ці сам Купала пісаў гэтыя тэксты.
Мне давялося прачытаць усе вядомыя на гэты момант публіцыстычныя творы Купалы. Міжваенная публіцыстыка ня мае ніякае мастацкае каштоўнасьці. Яна цікавая толькі дасьледчыкам тае эпохі ды гісторыкам літаратуры, купалазнаўцам. Тэксты 30-х гадоў адпавядаюць вымаганьням, выпрацаваным у кабінетах ЦК. Іх можна было б назваць трафарэтнымі. І толькі адзін тэкст — ліст у рэдакцыю заходнебеларускага часопісу “Шлях Моладзі” — нейк пераклікаецца з нашымі рэаліямі, мог бы быць выкарыстаны супраць дэмакратычных сілаў Беларусі. У гэтым лісьце Купала пісаў пра “ненавісную” яму “буржуазна-нацыяналістычную” Пагоню. Дзякуючы Віталю Скалабану я бачыў копію таго ліста. Ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што гэты тэкст падрыхтаваны для Купалы. Ён на-друкаваны на той самай машынцы, што і прыкладзены да яго машынапіс артыкулу Міхася Клімковіча, праўкі ў ім зробленыя — найбольш вераемна — Клімковічавай рукою, але дакладна не Купалавай. “Твор” лічаць Купалавым толькі таму, што пад ім — подпіс паэта. Спадзяюся, што Віталь Скалабан надрукуе падрабязнае паведамленьне пра гісторыю зьяўленьня гэтага тэксту.
Як чалавек, які вывучае жыцьцё і спадчыну Антона Луцкевіча, я ўнутрана ўпэўнены, што артыкулы “Што было сном, тое стала явай” (1934) і “Успа­міны” (1937), у якіх гаворка ідзе пра “разьюшаную зграю паслугачоў польс­ка-нямецкага фашызму ў Заходняй Беларусі”, у якую залічаныя “Луцкеві-чы, Станкевічы і г.д.”, і пра “банду Луцкевічаў”, напісаныя не Купалам, а толькі падпісаныя ім. Патрабуецца ўважлівае вывучэньне тэкстаў.
І ўсё-такі вывучэньне тэкстаў, гісторыі іх напісаньня і зьяўленьня ў друку — гэта толькі адзін з бакоў вывучэньня тэмы “паэт і дыктатура”. Тэксты не дазваляюць нам зразумець, чаму хворы Антон Луцкевіч трымаўся на начных допытах цьвёрда і нікога не павёў за сабою ў апраметную; тэксты ня скажуць нам, чаму Барыс Пастэрнак мог выгнаць саюзпісьменьніцкіх чыноўнікаў, якія прыйшлі па ягоны подпіс пад чарговае ўхваленьне чарговага масавага расстрэлу; тэксты ня скажуць нам, чаму Восіп Мандэльштам мог напісаць радкі пра горца і чаму Андрэй Платонаў мог пайсьці ў дворнікі дзеля галоўнага — сваіх твораў “Ювенільнае мора”, “Катлаван” ды “Чэвенгур”.
Тэма “паэт і дыктатура” можа быць спасьцігнутая ў большым набліжэньні і праз вывучэньне псіхалогіі (індывідуальнае, творчае), і пры выкарыстаньні метадаў культурнае антрапалогіі. Пра гэта я пісаў раней і мушу яшчэ раз сьцьвер-дзіць, што наша літаратуразнаўства, у тым ліку купалазнаўства, знаходзіцца яшчэ ў дзяціным узросьце.

1935 г.