12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Сідарэвіч

_____________________
Чаканае і нечаканае.
Кнігапіс

Брыль Янка. З людзьмі і сам-насам: Запісы, мініяцюры, эсэ. Менск: “Мастацкая літаратура”, 2003.

Яны — дзьве кніжкі Янкі Брыля — стаяць на паліцы побач: “На сьцежцы — дзеці” (1988) і “Дзе скарб ваш” (1997). Да іх прысуседзілася кніга выбраных лірычных замалёвак “Сьцежкі, дарогі, прастор” (2001). Цяпер да іх далучыцца чацьвёртая сястрыца — “З людзьмі і сам-насам”. Усе чатыры кніжкі надрукаваныя аднолькавым фарматам (70х1001/32), дарма, што адна з іх выходзіла не ў “Мастацкай літаратуры”, а ў сьвятое памяці выдавецтве “Юнацтва”. Перад імі ўсімі на паліцы стаіць зборнік “Вячэрняе” (1994), у якім і знаёмае з ранейшых кніг, і датуль не публікаванае. А перад “Вячэрнім” стаіць том “Ад сяўбы да жніва”, юбілейны, да 70-годдзя аўтара складзены і выдрукаваны, але ж і з непублікаванымі раней апавяданьнямі. Ды на паліцы з “кнігазбораўскімі” тамамі стаіць Брылёва “Запаветнае” (1999)...
Ня так яно й блага, калі за 16 гадоў выходзіць сем кніжак, ды калі тры з іх цалкам, а дзьве часткова арыгінальныя.
...Вось і знойдзеная “зачэпка”, тыя сказы, з якіх можна пачаць пісаць водгук на новую кнігу Янкі Брыля.
Яе, новую кнігу, можна было б назваць і дзёньнікам чытача (прафесійнага чытача; так пісьменьніка назваў ягоны сябар і калега Міхась Стральцоў), і кронікаю духовае працы. Што гэта менавіта кроніка, сьведчаць наз­вы разьдзелаў: “Дзевяноста шосты”, “Дзевяноста сёмы”... Дзьве тысячы другім запісы, мініяцюры ды эсэ заканчваюцца. Ведаючы аўтара трохі бліжэй, насьмелюся выказаць здагадку: ня ўсё, што цягам тых гадоў было запісана ў ягоным нататніку, трапіла на старонкі часопісаў (“Полымя”, “Тэрмапілы”, “Дзеяслоў”) ды ў новую кніжку. Вось і сам аўтар прызнаецца: “Бывае ў маіх паводзінах трохі, а то і больш за трохі ранейшай, прысавецкай боязі ды асьцярожнасьці, у тым ліку і ў запісах. Лаўлю сябе на гэтым, дакараю, а потым бачу, што і яшчэ ня выжыў гэтага з сябе, каб цалкам”. Гаворка тут, мусіць, аб рэчах “на злобу дня”. Магчыма, нешта з іх і пакінутае на потым. Нешта, але ня ўсё. І той, хто пачытае запісы ў новай кнізе, або зьдзіўлены будзе, што Брыль (мажліва, як ніколі) наўпрост выяўляе сваю грамадзянскую пазіцыю, або скажа: “А вы што, чакалі ад гэтага чалавека чагосьці іншага?” Ня ведаю, як хто, а я ў сэрцы запісаў і буду паўтараць сугучныя маім думкам і настроям Брылёвыя словы: “У сьцягах нашых многа сьвятла”. Калі б раптам хто надумаўся правесьці конкурс вершаў, прысьвечаных нашаму Сьцягу, я б параіў яму паставіць умову перад паэтамі: гэты Брылёў сказ павінен стаць ці абавязковым эпіграфам, ці абавязковым радком у вершы.
У Брыля мастакоўскія рахункі з татальнаю сістэмаю паняволеньня чалавека, бо што ні кажы, але ні за царом, ні за Польшчаю эстэтычнае цэнзуры не было — яе ўвялі бальшавікі і фашысты. Вось чытае пісьменьнік Паўлюка Труса і адзначае, “як ён энергічна рос, як вызваляўся ад уплываў, выходзіў на сваё”. І тут жа — пра раньнюю сьмерць паэта: “...ён справіўся не дажыць да горшага, што пачалося з 1930-га...” І ў гэтым жа запісе: “Успаміналася і пра другога раньняга, Багдановіча, якога ў гады вынішчэньня магла б, вельмі проста, ня выратаваць ад карнікаў і геніяльнасьць”.
Як правіла, фізічнае ўратаваньне пісьменьніка ў 1930-х азначала ягоную сьмерць (поўную ці частковую) як мастака, бо сацрэалізм — творчы метад, замешаны на страху. Праглядваючы “цяжкі ды змрочны пяты том” Поўнага збору твораў Янкі Купалы, том “з “паэзіяй” трыццатага — сорак другога гадоў, вельмі далёкай ад Яго таленту”, Янка Брыль не асуджае паэта, а шкадуе, бо ня можа ня ўбачыць “падобнае і ў самога сябе”. І ў іншым запісе прызнаецца: “Востра адчулася, што маё, у той ці іншай меры аўтабіяграфіч­нае, перш за ўсё “Птушкі і гнёзды”, трэба было напісаць з усёй безагляднай, бязьлітаснай шчырасьцю, чаго я не зрабіў на ўсю моц, з той асьцярожнасьцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў і мой сацрэалізм...” І яшчэ прызнаньне: “...мала і не на ўсю сілу мною зроблена, і лепш ды больш ужо ня зробіцца”. Мусіць, пагартаўшы той пяты том Купалавых твораў, пісь­меньнік зрабіў і такі запіс, які чытаецца як эстэтычны запавет: “Пасьмяротны Поўны збор твораў. На тое, каб пакараць маю памяць доказамі, колькі непатрэбнага і шкоднага я напісаў?..”
І калі пісьменьнік, як ніхто з ягоных калегаў, такі шчыры і нават бязьлітасны сам з сабою, дык пагатоў ён павінен быў сказаць і нямала сказаў, што ён думае пра грамадскія і літаратурна-мастацкія справы. Не забудзем, што кніга ўбачыла сьвет на восемдзесят шостым годзе жыцьця яе аўтара. Добра пазайздросьціўшы творчаму даўгалецьцю пісьменьніка, адзначым і такое: сам узрост дае яму права быць гранічна шчырым.
Ня гэтак пра боязь ды асьцярожнасьць, выкліканую грамадска-палітычнымі абставінамі, піша Янка Брыль у гэтай кнізе. Штосьці, як тое нярэдка бывае ў літаратурным жыцьці, уразіла ці абразіла ягонае эстэтычнае або маральнае пачуцьцё. А вось не апублікуеш зафіксаваныя на паперы ўражаньні й думкі. Ці мала ёсьць жыцьцёвых абставінаў, якія змушаюць нас не сьпяшацца з выказваньнем свайго абурэньня, устрымацца, адкласьці на потым?.. А нешта, што ў свой час пісьменьніка ўсхвалявала і ўстурбавала, так і ня трапіла ані ў нататнік, ані — тым больш — на старонкі кнігі толькі таму, што “за ўсім жыцьцём пяром не пасьпееш”. І Брыль, згадзіўшыся з гэтым трапным назіраньнем-выказваньнем Аляксандра Салжаніцына, занатаваў яго.
У нечым гэтая кніжка, яе сюжэты прадказальныя. Быць таго ня можа, каб Янка Брыль не напісаў штось пра сабакаў. Або ластавак. Ці буслоў. Любіць ён іх. У новай кнізе і пра “двубой” салаўёў, і пра пачутую перапёлку, якую “ласкава, па-песеннаму” захацелася назваць перапёлачкаю. І ў той самай мініяцю­-ры — верш у прозе пра жораваў: “Ня толькі чуў ужо іх галасы з таго... нізкага лугу, — аднаго назіраў у палёце. І ня ў тым характэрным для жораваў паэтычна-вырайным клінаваньні неба, а нізка над дарогай, над краем лесу, калі я, захоплена спыніўшыся, то бачыў, то ня бачыў, то зноў бачыў яго, шэра-магутнага прыгажуна, у ажурна-сетачных прасьветах лісьцяных ці хвойных вяршыняў. У нейкім звычайным, будзённым клопаце ён аднекуль або кудысьці сьпяшаўся, і гэта было для мяне незвычайна і люба”. А мініяцюра пра чорнае кацяня, што прыгрэлася каля слоіка з сырадоем, магла б стаць адпраўным пунктам для семінару “Мастацкая дэталь, або Як нара­джаюцца мініяцюры”. І — пераходзячы ад братоў нашых меншых да людзей — не магу ўявіць Брылёвае кнігі бяз згадкі пра Льва Талстога, без цытаты з яго. У новым зборніку ён піша і пра Аляксандру Талстую (ейную кнігу “Дочь”), і пра Янку Купалу, і пра Якуба Коласа, і пра Веру Палтаран, Рыгора Бярозкіна, Аляксея Пысіна, Уладзіміра Калесьніка, Фёдара Янкоўскага, Міхася Стральцова, Алеся Адамовіча...
Працяглы час ведучы з пісьменьнікам часопіса- і кнігаабмен, заўважыў я, што ў Брылёвай бібліятэцы нямашака твораў фантастаў. Пагатоў у той “шафе Найлепшых”, пра якую піша сам пісьменьнік і ў якой стаяць кнігі Максіма Гарэцкага, Лукаша Калюгі, Міхася Стральцова... А тут — неспадзяванка: не адна зацемка пра Рэя Брэдберы, якога я чытаў ужо даўнавата і стыль якога запаў у душу. Нават цікава: хто ж гэта рэкамендаваў кнігу амерыканскага фантаста Янку Брылю? Ці не ягоныя фізікі-матэматыкі — сын ды ўнук? Вось жа дзед не бяз гонару піша, што ўнук упадабаў паэзію Алеся Гаруна, ставіць яе адразу ж за паэзіяй Багдановіча. Значыць, мае густ.
Або яшчэ адзін запіс:
“Ман, “Доктар Фаўстус”.
Свабода ў мастацкай павольнасьці, поўным праве гаварыць грунтоўна і нясьпешна, што я рассмакаваў яшчэ ў “Іосіфе і яго братах”. Гавару як хачу, і нікуды вы ня дзенецеся, будзеце слухаць мяне, плысьці са мною, куды я хачу”.
Міжволі ўсьміхнешся: частавата бывае так, што бяру з паліцы адзін з тамоў “Іосіфа і яго братоў”, разгортваю на любой старонцы і чытаю, і каторы раз зачытваюся, плыву сьледам за Томасам Манам да шатроў Якуба-Ізраіля, у зямлю Егіпецкую... Ёсьць у гэтым запісе захапленьне майстра “малога жанру” майстэрствам эпіка. І майстэрствам перакладчыка — Васіля Сёмухі, якога ён, Брыль, “ужо стаміўся хваліць”, але хваліць у гэтай кнізе — з розных нагодаў — ці не чатыры разы, бо “трэба зноў” сказаць добрае слова. Мне цікава, што напішацца пра Сёмуху яшчэ, бо заўважыў я на стале ў Брыля два пераклады Бібліі: сінадальны і Сёмухаў.
Кнігу Кнігаў пісьменьнік таксама абысьці ня можа. Яна цікавая яму як помнік літаратуры. Што Брыль — вальнадумец, у тым можна пераканацца, гартаючы і самы новы зборнік. Ня верыць ён у жыцьцё вечнае і ўваскрасеньне мёртвых, і Хрыстос для яго — толькі чалавек. Як і належыць людзям, закранутым цывілізацыяй, з павагаю паставімся да поглядаў чалавека, які не мяняў іх праз усё сваё самастойнае жыцьцё (вальнадумны дух працінае ягоныя творы, пісаныя яшчэ за Польшчаю).
Хрысьціянства — незалежна, рэлігія гэта, як для адных, ці філасофска-этычная сістэма, як для другіх — ёсьць грунтам маральнасьці народу, разумных паводзінаў чалавека. Тыя маральныя нормы ўвайшлі ў кроў людзей. Як у гэтым абразку:
“ — А дзякуй вам, дзякуй! — малёкае жабрачка, прымаючы шчодрую міласьціну мукою.
— Богу сьвятому! — адказвае гаспадыня”.
Усё ў руцэ Божай. Бог дае адным, каб яны дзяліліся з іншымі. Сёньня Бог даў, а заўтра можа ня даць. У пісьменьніка каментар больш секулярызаваны, але трапны: “Сьціпласць правільных чалавечых паводзінаў. Народнае гэта”. І дадае: “І маміна”.
Вобраз маці неадменна прысутнічае ў творах Янкі Брыля й тады, калі ён піша пра слова. А пра слова Брыль ня можа не пісаць. І пра чутае ад маці, і ад землякоў, і далёкіх людзей, і пра вычытанае ў кнігах.
Мусіць жа, у шмат разоў чытаным Купалавым вершы “Мая навука” ўвагу пісьменьніка спыняе раней не заўважаны вобраз:
Душу акрылялі прыгожасьці сьвету,
Па гонях пад небам лунала яна,
Купалася ў сонцы вясёлкай расьпетай...

І пасьля гэтага ён бачыць вясёлку “яшчэ раз інакш”.
Гадоў колькі назад чытаючы Купалавы вершы запар, я паставіў быў птушачку насупраць радкоў:

Аслу з напоўненай машною
Леў акаваны лапы ліжа...

Пры адпаведным выпадку меўся працытаваць іх. А вось Янку Брылю кінуўся ў вочы наступны за гэтымі радкамі радок-вобраз:

Рака затоўчана крывёю...

Нельга не згадзіцца з пісьменьнікам, што праз вылучанае слова “бачыцца ня толькі чырвонае, кроў, але і... мяса, целы забітых”. Праз гэтае слова “жудасьней даходзіць” вобраз, карціна.
І сам Брыль праз слова стварае непаўторныя вобразы. Прыкладам, луг можна скасіць, але можна й палажыць, як у дужаньні, у бітве. Вось чытаем у адным з запісаў:
“...Як мы ўтрох, наш Міша, Валодзя і я, да сьнеданьня палажылі старому Калесьніку добрую лугавіну над Сэрваччу — зноў прыгадалася тая раніца, той росны луг, спраўныя косы, маладыя сілы і дружба наша сьветлая, нейкая затоеная песьня роднай сувязі з прыродай і сялянскай працай...”
Тут празаічны тэкст ператвараецца ў верш дзякуючы ня толькі настраёвасьці, танальнасьці, але й канструкцыі: гэтае шматкроп’е на пачатку, адсутнасьць самога па сабе зразумелага ўступу надае яму пругкасьці, лаканічнасьці.
Або вось: “Праз чырвоныя, жоўтыя і блакітныя, рознафарматныя шыбі­ны ды шыбінкі касьцельнага вітражу відно, як у сонцы варушацца лапы сасны, неад’емна дасканалячы красу”. Ці вось гэтае: “Едучы ў родныя мясьціны, з акна электрычкі гляджу, як да густога высокага ельніку прысусе­дзіўся нейчы белы, у квецені, ціхі садок”. Гэткія мініяцюры нагадваюць мне вершы японскага складу.
Багавейлівасьць перад усімі праявамі жыцьця — мусіць, так можна было б акрэсьліць асноўную танальнасьць кнігі. Мы адыдзем, а яно, жыцьцё бу­дзе працягвацца. Янка Брыль знаходзіць вобраз, які сімвалізуе яго няспыннасьць: “Якое б гора ні было, як ні плакалася б расказваючы пра яго, а бульбы трэба наабіраць. І яна абірае яе, нейчая ціха-цярплячая матуля”. Пісьменьнік рады, што такое — багавейлівае — стаўленьне да жыцьця бачыць і ў творах калегаў. І цытуе: “Состояние души такое, при котором яснополянский мудрец записал поразившие меня когда-то слова: “Вышел в Заказ вечером и заплакал от любви, благодарной за жизнь”.
І ў гэтай багавейлівасьці, мусіць, і крыецца, сутнасьць літаратуры. Янка Брыль піша:
“Якое жыцьцё, такая і літаратура” — у сэнсе адлюстраваньня.
Значыцца, жыцьцё як мага ніжэй апусьціць і туды ўжо цягнуць літаратуру?..”
Паэзія — а ў класічнай эстэтыцы гэта ўся літаратура — вырастае з бруду, са сьмецьця, як пісала паэтэса, а не ўрастае ў яго. Яна ёсьць адмаўленьнем бруду.
Новая кніга Янкі Брыля ёсьць фактам паэзіі.
Анатоль Сідарэвіч.