12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людка Сільнова

_____________________
Імя тваё - сьвет.
Вершы

Сьмелае дрэва

На скрыжаваньні дарог
І трывог чалавечых,
У нетрах шэрых драўляных сьценаў
Даўно пакінутага дому,
Вольна ў празрыстым кубе
Пераможнае прасторы
Чалавечай прысутнасьці — шумнай,
Дынамічнай і незразумелай —

Расьце Сьмелае дрэва.

Выбухам жыцьця,
Фейерверкам радасьці,
Спружынай эрасу...
Праз пустыя ваконныя праёмы
Цягнуцца кволыя галіны.
Трапечуць зялёныя сэрцы
На сонцы і ветры жыцьця!



Беларуская руніка

Зьлятаюць зоркамі з рукі
Рунічных тайнаў васількі.
Лятуць на жыта, ручнікі,
Адзеньне, куфры і глякі,

На вокны, кафлю, паясы,
Ў гартанных сьпеваў галасы,
У казкі, кніжкі — на вякі!..
Мы — каралі, не жабракі!

Чаму ж у цемрадзі гадоў
Мы ўсё шукаем зноў і зноў
Барвянай папараці жар
І жарсьцяў прывідных пажар?

Чаму глядзім на карані,
Свае зыначваючы дні,
Не паглядаючы — уверх,
Паўз рытм рунападобных стрэх?

Блакітам крэсьляць раўчукі...
Глядзяць скрозь жыта васількі...



Спасьціжэньне

Ва ўсёй сваёй
Жаночай грознай сутнасьці
Яна паўстала перад ім.
І тут спасьціг

Ён сьвет,
Ад неабходнасьці — да волі,
У ціхамірным
Васільковым полі.
Скруглялася наўкол
прастора цудам,
Сьвятло лілося —
быццам ніадкуль!..

...Бы кроплі,
на ігліцы у сасны
Блішчаць Сусьветы,
а ці нашы сны.



Тваё імя

Імя тваё — сьвет,
Імя тваё — лёд,
Імя тваё — ловы
Ўсю ноч напралёт.

І — сховы для тайны,
І — птушак узьлёт,
І — куля, што сэрца
Прайшла навылёт.



Асеньняе каханьне

Хіба можна — згубіцца нам,
Апасьля як — знайшліся
Перуны з бліскавіцамі
У грымотнае высі?

Хіба можна — ня цешыцца
Са сьвяточнага граду
скрозь нябеснае рэшата?
Хіба можна — даць рады

Дажджу, сьнегу і шчырасьці
Насланьня,
ці — пасланьня:
“Знакам вышняе міласьці
Ў цябе
ўвойдзе каханьне...”?



Голуб серабрысты

Голуб серабрысты
Ходзіць пад вакном
Ранкам урачыстым
І квяцістым днём,
Вечарам шаўковым
І як прыйдзе ноч.
Расказаць гатовы,
Толькі не суроч...

“Сэрцайку — быць чыстым,
Хлопца пакахаць.
Латам серабрыстым —
Воя ратаваць.
Мёду залатому —
Вусны саладзіць.
Дубу векавому —
Цела схараніць...”

Лірнік не вясковы
І не гарадскі.
Ён ня знае словаў,
Струнаў з-пад рукі.
Чарадзейных зёлак
Не зьбіраў урань...
Ён бязважкі морак,
А ці можа здань.

Небасхіл ільдзісты
Зробіцца вадой.
Голуб серабрысты
Дробнаю хадой
Вартавым каханьня,
Вестуном багоў
З ціхім буркатаньнем
Ходзіць зноў і зноў...