12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Сітніца

_____________________
Дзівасловы. Вершы

Пад Гукі катрынкі

У Варшаве, на Starym MіaŚcіe,
На рагу Вялікага Рынку
Задарма наіўнае шчасьце
Раздае мінакам катрынка.

Там, дзе пекная пані Варшава,—
Не падумайце, што за грошы,—
У абдымкі свае запрашала,—
А таму, што настрой харошы
І ў цябе, і ў кароны Польскай
Пад апекаю Маткі Боскай.

Я і сам там трохі шчасьлівым
Быў калісьці неспадзявана,
Дзе катрынка — дачка аргана
Пазашлюбная, мне мажлівасьць
Гэтай згадкі падаравала.
А хіба дзеля шчасьця мала? —
Прыгадаць, як Пані Варшава,
Без ніякай за тое платы,
У абдымкі свае запрашала
На майдане, там, дзе цяляты
Не выпасваў Макар ніколі,
Дзе даволі для сэрца волі,
Дзе для ўсіх задарма катрынка
Раздае наіўнае шчасьце...

На рагу Вялікага Рынку,
У Варшаве, на Starym MіaŚcіe.



* * *
Пакінуўшы целу банальнае
права на сон,
Ізноўку душа мая пойдзе,
нібы беспрытульніца,
Блукаць у самоце
па вузенькіх Віленскіх вуліцах;
І часу падвода павернецца і перакуліцца,
І брук зацярушыць
аскепкамі колішніх дзён.

І клопатаў тлумных
прыспаўшы натомлены шал,
З каханаю Вільняй да ранку пабудзе
душа.

Ля Вострае Брамы
спаткае Максімаў пагляд,
І цень Кастусёвы
прывеціць каля Базылянаў;
У дворык Скарынавы зойдзе,
і сьлед Палуянаў
Пазнае на бруку ля Ганны сьвятое ці Яна,
І гляне з гары Гедымінавай за далягляд.

О, Вільня каханая,
— страта мая паміж страт!
О так… О канешне…
Ды ўсё ж пагаджуся наўрад
З вар’яцкім —
забраная, позна, ня наша, чужое…
Што шнар на душы
называюць дзяржаўнай мяжою,
Што Край захварэлы
нібы разьядае іржою…
О, Вільня каханая, —
страта мая паміж страт!
Ты — Госпада Бога
пярсьцёнак у безьліч карат.
А значыць ня страчана ты,
і журыцца ня трэба,
Бо межамі Бог ні зямлю не шматкуе,
ні неба…
О, Вільня! —
І згадкаю зноўку сьвятлее пагляд.
І ледзьве прымружу
я стомлены смутак павек, —
Зноў памяць клубок успамінаў
паволі разматвае…
І шэпча душа:
“Хай заўсёды сьвяціцца Імя Твае…
Цяпер і навек”.


Пароль

На Лукішкаўскім пляцы,
дзе з Богам спаткаўся
Кастусь,
Прыпынюся і зноўку
пачую пароль патаемны:
“Каго любіш? ”– спытае,
прамоўлю: “Люблю
Беларусь”.
“Дык узаемна”.


* * *
На вежах Наваградскіх
ціха начуюць вятры і аблокі.
Панурыя цені палеглі,
як варта ля колішняй брамы.
Адно толькі чуецца —
даўняга водгульля голас далёкі
Вяртае з нябыту
Міндоўгавы цвёрдыя крокі
І першыя
вершы зусім маладога Адама.
Ля вежаў Наваградскіх –
чуеш? — апоўначы загаварылі
Дзьве здані, ніколі нячутныя
дзённа-будзённаму сьвету:
Да ранку Паэт атуляцьме
санетамі плечы Марылі,
Да ранку — маўчы… —
цалавацьме Марыля Паэта.
Ля вежаў Наваградскіх…
Мроіцца гэта, ці сьніцца? –
Цішэй. Не спужайма вялікую іх таямніцу.
Цішэй. Не парушма.
Хай стануць маўчальнымі
вершы, малітвы…
Прамовы і песьні давераць сябе
цішыні і спакою.
Каб зноўку з нябёсаў
пачулася душам зьнявераным: “Litwo,
Ojcyzno moja!..”



Наўздагон


… А калі душа натоміцца
ад аблыжных ісьцін,
І яе самота выстудзіць,
ці іншае ліха, –
Я прашу, Сястра мая,
як Мама калісьці,
“ Каля грэблі шумяць вербы…” –
засьпявай мне ціха.

.................................

Як сястру, я журбу абдыму.
Не пяецца мне аднаму.

* * *
Летаргічным ахоплены сном,
Быў нашчадкам фальварка той дом.

І ня так сабе быў, — панаваў;
Ды, як розумам хворы стары,
Сам сябе ён не пазнаваў,
Сам свае не прыгадваў муры.

Урастаючы ў час і ў зямлю
Ён забыўся, як некалі чуў
Дзівасловы: кахаю, люблю…
Дзеясловы: жадаю, хачу…

Ён ня помніў, як рэхам умеў
Паўтараць іх, нібыта свае;
І даўно ўжо пытаньня ня меў —
Для чаго на зямлі існуе?

Так і жыў бы, марнуючы час,
Ды аднойчы прывеціў ён нас…



* * *

Ці лёсу гульня, ці абставінаў зьбег –
Хай будуць дарэчы.
Хачу, каб вавёркі асыпалі сьнег
На нашыя плечы.

Каб не падзяліўшы дрымотны спакой
Панурага парку,
Вароны і галкі вялі між сабой
Вясёлую сварку.

І перадначлежная іх валтузьня
З разгубленай цішай
На сумных праводзінах гэтага дня
Была б нам ня лішняй.

Каб вішневым сочывам паміж гальля
Сьцякалі нябёсы,
І знакам вышэйшым калісьці пасьля
Нам тое здалося.
Каб дзякаваць потым прысадам пустым
У смутнай гадзіне,
Дзе сёньня, нібы выпадкова зусім,
Блукаю адзін я.

І хмеліць душу маю прысмак тугі
Салодкава-горкі;
І ціха на плечы кладуцца сьнягі,
І скачуць вавёркі.



* * *
Зноў маіх вуснаў пякучая памяць
мне нагадае
Шыю і плечы,
і грудзі, і смочкаў сьпелых чарэшні...
Грэшны, канешне,
ды зноўку бяссоньне мяне спавядае –
Ведаю, – грэшны.
Ведаю, – сьмешны.
Ды пальцы прыгадваюць прагна,зацята
Сьпіну і сьцёгна,
і незагарэлыя дзьве палавіны...
Вінны, канешне.
Ды, Божа! – якое было гэта сьвята! –
Дзякую, Божа,
хоць каяцца мушу, бо ведаю – вінны.
Кленьчыць павінны,
ды помняць упарта пажадныя вочы –
Як ты сьвяцілася ў цемры, –
Сьвітальнае грэшнае дзіва!
О, як жахліва прачнуцца пасьля
без цябе сярод ночы,
Як у пустэльні –
пякельна, самотна, маркотна, жахліва...
О, як тужліва, душа мая,
з лёсам звыкацца жабрачым,
Кожнага слова аськепкі зьбіраючы –
на апраўданьне;
І разумець безнадзейна,
што мне апраўдацца няма чым;
І не прасіць дараваньня.

* * *
Як цяпер ні тлумач,
а выходзіць усё і банальна, і мелка.
Мы, як пчолы, што маюць у выніку
разрабаваныя соты.
На гадзіньніках роспач
паказваюць нам
звар’яцелыя стрэлкі.
І, паводле канону, цярушыцца
ад панядзелка да панядзелка
Дробны дождж на ўцеху
заўсёднай беднай басоты.
І, напэўна, дарма вінаваціць
абставіны, лёс, прыроду, —
Што на дробязі мінусаў
распадаюцца нашыя плюсы,
Што ляцяць у Егіпет
тутэйшых шпакоў і буслоў чароды,
І зьбіраюцца ў вырай
апошнія цёплалюбівыя беларусы.
Што ж, няхай спадарожным
будзе ім вецер, а Клопат Вышні
Долю вышые ім залачонаю ніткай,
ці хоць бы срэбнай...
Ну а мы зімаваць застаемся тут
і тлумачыць лішне,
Што камусьці вясною
шпакоў і буслоў
сустракаць патрэбна.


Зімовы сон


У Вітольда Каятанавіча
Бялыніцкага-Бірулі,
Пажадаўшы ўсім “дабраначы”,
Дрэвы сумныя заснулі.

Памаліўшыся да Звышняга,
За ўсе вёскі і сталіцы,
Прыцярушаная цішаю,
Сьпіць пустэльніца-капліца.

Да вясны закалыханая,
У нябёсы закаханая,
У сьнягах-сумётах ніцых, –
Што ёй мроіцца, ці сьніцца?

Можа згадку бачыць нейкую,
Ці чуваць ёй голас Божы?..
Варухнуць баюся вейкаю,
Каб той сон не патрывожыць.

І душа амаль ня месьціца
У грудзях, і дзіўна зроку
Бачыць, як дрыжыцца месяцу,
Ці сьлязінцы ў Божым Воку.