12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Сіўчыкаў

_____________________
Урок арыфметыкі.
Кнігапіс

Великие писатели ХХ века (серыя “Великие ХХ века”).Укладаньне, агульная рэдакцыя, прадмова, пасьляслоўе П. В. Васючэнкі. М.: Мартин, 2002.

Гады тры таму ў газеце “Книжное обозрение” была надрукаваная невялічкая рэцэнзія — “Шесть наших из сотни”. Разглядалася ў ёй кніга “100 писателей ХХ века”, выдадзеная ў Чалябінску. Кніга тая была перакладзена з нямецкае мовы, і рэцэнзент Я.Баханаў вельмі крыўдаваў, што былі пададзены ў ёй толькі шэсьць біяграфічных партрэтаў расейскамоўных пісьменьнікаў – Міхаіла Булгакава, Максіма Горкага, Уладзіміра Маякоўскага, Уладзіміра Набокава, Барыса Пастарнака і Аляксандра Салжаніцына. Праўда, адзначым дзеля справядлівасьці, прызнаваў ён і тое, што ў апошнія тры чвэрці мінулага стагоддзя рускія пісьменьнікі наўрад ці маглі прэтэндаваць на сур’ёзны ўплыў на сусьветную літаратуру.
Але ж гэта справа і воля складальнікаў, іх прэрэгатыва – каго ўключаць у зборнік, а каго пакінуць па-за яго межамі. Таму цалкам натуральна, што нямецкія складальнікі аддавалі перавагу нямецкамоўным творцам. Нямеччыну ў той кнізе прэзентавалі чатырнаццаць імёнаў, Аўстрыю – ажно адзінаццаць (паспрабуйма назваць ня тое што адзінаццаць, а хаця б пяць аўстрыйскіх літаратараў сусьветнага узроўню!), Швейцарыю — чатыры…
Аднак гутарка тут пойдзе пра падобную, але разам з тым і зусім іншую кнігу. Называецца яна “Великие писатели ХХ века”, і пабачыла сьвет у маскоўскім выдавецтве “Мартин” у шматтомнай і, напэўна ж, бяспройгрышнай серыі “Великие ХХ века”. У той серыі выходзяць тамы, якія можна было б, зразумела, умоўна, назваць “бульварнымі” — “Катастрофы”, “Мистические тайны”, “Преступления”, “Скандалы”, “Тайны НЛО”. Іншыя маглі б прэтэндаваць на статус “мяшаных” — “Тайны Третьего Рейха”, “Тайны спецслужб”. Да “высакалобых” трэба было б аднесьці “Ученых”, “Правителей”, “Художников”, “Мыслителей”, “Музыкантов”).
Да апошняй кагорты належыць і важкі том “Великие писатели ХХ века”. Ягоным складальнікам, аўтарам прадмовы, шэрагу артыкулаў, пасьляслоўя, а таксама “Кароткага слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў і паняцьцяў” выступіў драматург, празаік і літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.
Ён жа здолеў сабраць больш чым пачэсную кагорту аўтараў, якія напісалі сотню біябібліяграфічных артыкулаў. Сярод іх – шаноўныя дацэнты і прафесары некалькіх вышэйшых навучальных установаў Менску, сьпецыялісты, якія ня толькі маюць тэарэтычны досьвед у той ці іншай літаратуры, але й выкладаюць адпаведныя прадметы, узначальваюць кафедры. Да прыкладу, Пятро Васючэнка загадвае кафедрай беларускай мовы і літаратуры Менскага дзяржаўнага лінг­вістычнага універсітэту, агульнапрызнаны аўтарытэт у амерыканістыцы, аўтар манаграфіі “100 пісьменьнікаў ЗША” Юрый Стулаў загадвае там жа кафедраю замежнай літаратуры, паланістка Галіна Тычка зьяўляецца дацэнтам Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэту, а Ірына Шаблоўская, якая сьпецыялізуецца па чэшскай літаратуры, доўгі час ачольвала кафедру замежнае літаратуры ў Бел­дзяржуніверсітэце, чытала лекцыі ў Гішпаніі…
І справа тут зусім ня ў тытулах – проста мінуўся ўжо той час, калі падобную кнігу мог скласьці дылетант або проста штатны супрацоўнік выдавецтва. Што ж да тытулаў і рэгаліяў, дык іх больш чым дастаткова ў прадмове. Складальнік на амерыканскі манер (узгадайма даўжэзныя цітры галівудаўскіх блокбастараў!) выказвае шчырую падзяку за дапамогу, парады і каштоўныя кансультацыі выдаўцам, культуролагам, крытыкам, літаратуразнаўцам, навукоўцам, пісьменьнікам і перакладчыкам – ад Лявона Баршчэўскага да Вячаслава Чамярыцкага.
І калі ўжо вяртацца да арыфметыкі, дык у “залатую” сотню гігантаў сучаснага прыгожага пісьменства – ад Абэ Коба да Шоў Джорджа Бернарда – П.Васючэнкам уключана тры (згадайма даўнюю крыўду расейскага рэцэнзента!) персаналіі беларускіх пісьменьнікаў! Гэта Янка Купала, Васіль Быкаў і Уладзімір Ка­раткевіч. Чаму менавіта яны, а не, скажам, класічнае сузор’е – Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч – зноў жа пытаньне да складальніка, які палі­чыў, што сёньня менавіта ягоная “тройца” найлепш рэпрэзентуе ў сьвеце беларускую літаратуру мінулага стагоддзя. Хаця ізноў жа, ня толькі мінулага. Дзякуючы строгаму храналагічнаму прынцыпу – а ў зборнік уключаныя асобы, якія пражылі ў ХХ стагоддзі хаця б адзін дзень – атрымліваецца, што ў пэўнай ступені ахоплена і літаратура ХІХ стагоддзя. Большая частка зямнога жыцьця і асноўныя творы Жуля Верна, Эміля Заля, Генрыка Ібсэна, Льва Талстога, Антона Чэхава, Оскара Уайльда належаць дзевятнаццатаму стагоддзю, але іх уплыў на літаратурны працэс наступнага стагоддзя быў настолькі магутны, што такое ўключэньне выглядае цалкам мэтазгодным і заканамерным. З другога боку, разглядаецца ў кнізе і творчасьць майстроў, якія жывуць, а некаторыя працягваюць і плённа працаваць у нашыя дні. Гэта Чынгіз Айтматаў, Габрыэль Гарсія Маркес, Гюнтар Грас, Чэслаў Мілаш, Аляксандр Салжаніцын… Такім чынам перакінуты масток і ў ХХІ стагоддзе.
Згадаем тут яшчэ раз даўнюю крыўду расейскага рэцэнзента і супакоім яго – рускіх пісьменьнікаў пададзена тут ня шэсьць, а ўтрая болей. Дзеля справядлівасьці мусім адзначыць і тое, што Іосіф Бродскі ды Уладзімір Набокаў належаць ня толькі да расейскай, але і да амерыканскай літаратуры, бо доўгі час жылі і працавалі ў Злучаных Штатах, пісалі па-расейску і па-ангельску, а апошні дык яшчэ і па-французску!
А ўвогуле з вызначэньнямі ў прыналежнасьці да той ці іншай літаратуры нярэдка ўзьнікаюць пэўныя складанасьці, а то і парадоксы. Да прыкладу, ірландскі драматург Самюэль Бекет пісаў на французскай і на ангельскай мовах, аўстрыйскі і чэшскі празаік Франц Кафка пісаў на нямецкай мове, а літаратурныя творы тытана індыйскай культуры Рабіндраната Тагора ствараліся на бенгальскай і ангельскай мовах.
Заўважым таксама, што нярэдка — але гэтаксама заканамерна і аб’ектыўна — кантрастуюць па велічыні подпісы, якія вызначаюць імя (а калі трэба — імёны і псеўданімы), а таксама творчыя амплуа. Жан Ануй вызначаны як французскі драматург, Міхаіл Булгакаў – як расейскі празаік і драматург. Затое Герберт Уэлс – англійскі празаік-фантаст, драматург, публіцыст, крытык, грамадскі дзеяч, гісторык, вучоны-біёлаг. А першы афрыканец, які атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры, Воле Шайінка вызначаны ні больш ні менш як нігерыйскі празаік, драматург, паэт, публіцыст, тэатральны рэжысёр, кінасцэнарыст, артыст кіно і палітык!
Верагодна, што была ў складальніка немалая спакуса прысьвяціць кнігу нобелеўскім лаўрэатам у галіне літаратуры: колькі лаўрэатаў – столькі і вялікіх пісьменьнікаў, ад Армана Сюлі-Прудома да Гюнтэра Граса! Аднак агульнавядома, наколькі суб’ектыўнымі бывалі часам сябры нобелеўскага камітэта! Нярэдка прэміі ўручаліся імі з кан’юнктурных меркаваньняў, часам на рашэньні шведскіх акадэмікаў уплывалі і палітычныя сімпатыі. Да прыкладу, не дачакаліся сваёй Нобелеўскай прэміі такія мэтры як Франц Кафка, Астрыд Ліндгрэн, Джэймс Джойс, Марсэль Пруст, Станіслаў Пшыбышэўскі, аднак іх персаналіі ўключаныя ў кнігу.
А ў сваім выбары, як дэкларуецца ў прадмове і ў выдавецкай анатацыі, аўтары і складальнік кіраваліся магутнасьцю таленту, уплывам напісанага ім на сусьветны літаратурны працэс, усеагульным прызнаньнем і грандыёзнасьцю створанага майстрам мастацкага сьвету. Пры гэтым відавочна і памкненьне паз бавіцца снабісцкіх комплексаў, надаць увагу ня толькі так званым “сур’ёзным”, элітарным аўтарам, але і літаратарам, якія працавалі ў жанрах фантастыкі, прыгодаў, дэтэктыва, а таксама дзіцячай літаратуры.
Улічаны таксама асаблівасьці літаратурнай геаграфіі, прычым ахоплены практычна ўсе рэгіёны сьвету — прадстаўленыя ў гэтым томе Еўропа, Азія, Паўночная, Лацінская і Паўднёвая Амерыка, Афрыка. Акрамя згаданых ужо майстроў слова знойдзе заўзятар літаратуры біяграфічныя партрэты амерыканца Джэрома Дэйвіда Сэлінджэра, балгарына Паўла Вежынава, бельгійца Марыса Метэрлінка, ізраільцяніна Шмуэля Ёсефа Агнона, іспанца Федэрыка Гарсія Лоркі, нарвежца Кнута Гамсуна, чылійкі Габрыэлы Містраль і многіх іншых. Хіба што кітайцы аказаліся абыйдзеныя ўвагаю складальніка і аўтараў.
Але ж закіды паводле складаньня будуць ня толькі ў іх. Мастак-рамантык расчаруецца, калі ня знойдзе ў зьмесьце Аляксандра Грына, беларуса паводле паходжаньня. Інтэлектуал заявіць, што несумненная хіба — адсутнасьць такога волата, як чэх Мілан Кундэра, а таксама ягонага суайчыньніка Богуміла Грабала, “Гашака другой паловы стагоддзя”. Украінец, мажліва, абурацьмецца, што няма артыкула пра Максіма Рыльскага. Прыхільнік літаратурнай моды будзе наракаць, што абыдзены ўвагаю бразілец Паула Каэлья. Ну а заўзятары прыгодаў Гары Потара, напэўна ж, наракацьмуць, калі дазнаюцца, што ня ўключаная англічанка Джаана Роўлінг з фантастычнымі накладамі яе “сямікніжжа”. Але, паўторымся, немагчыма дагадзіць усім…
Дзеля зручнасьці карыстаньня – а выданьне гэтае можа служыць кнігаю для чытаньня, даведнікам, вучэбным дапаможнікам і нават своеасаблівай шпаргалкаю – аўтары мусілі жорстка структураваць біяграфічныя артыкулы. На пачатку кожнага з іх, як ужо было адзначана, падаюцца поўнае імя пісьменьні­ка, а калі ёсьць, то і псеўданім (псеўданімы), даты жыцьця, называецца краіна або краіны, якія ён рэпрэзентуе, мова ці мовы (калі іх некалькі), на якіх пісаў ці піша творца, а таксама ягонае творчае амплуа (напрыклад, драматург, празаік, літаратурны крытык).
Далей ідуць наступныя разьдзелы:
“Цытата” – выразная вытрымка з твора літаратара, якая дае ўяўленьне пра ягоную манеру, стыль, творчае крэда або сьветаўспрыманьне. “Асноўныя этапы жыцьця” – гэта храналагічнае апісаньне самых значных падзей з біяграфіі. “Асоба і яе сьвет” – кароткі творчы партрэт аўтара, у якім, тым ня менш, паказаны творчы сусьвет майстра, сьвет, які існуе паводле ўласных законаў, у сваіх прасторава-часавых каардынатах, са сваімі насельнікамі. “Асноўныя творы” – пералік самых значных прац і твораў з указаньнем іх жанравай прыналежнасьці, часу напісаньня, публікацыі або сцэнічнага ўвасабленьня.
Вельмі цікавым дадаткам да гэтых артыкулаў ёсць укладка з амаль паўсотняю фотапартрэтаў майстроў пяра. Адны з гэтых выяваў – класічныя, хрэстаматыйныя, пазнавальныя — як Уладзімір Маякоўскі, увасоблены мэтрам фотамастацтва Аляксандрам Родчанкам. Другія – амаль што дагератыпы, з выразным адбіткам даўніны — як парадныя або пастановачныя партрэты Герберта Уэлса ці Марка Твэна. Трэція – сюжэтныя, а таму нечаканыя, як партрэты Уільяма Фолкнэра ці Эрыха Марыя Рэмарка.
Несумненна цікавым, а ў нечым нават эпатажным уяўляецца пасьляслоўе П.Васючэнкі, у якім зробленая спроба намаляваць абагулены партрэт Вялікага Пісьменьніка ХХ стагоддзя, пададзены досыць неардынарныя, а часам і спрэчныя назіраньні і высновы. Вялікі Пісьменьнік уяўляецца П.Васючэнку найперш носьбітам асаблівых, патаемных ведаў, назапашваньне якіх папярэднічае стварэньню шэдэўраў. На жаль, веды гэтыя грунтуюцца на негатыўным жыцьцёвым досьведзе. Шчасьліўчыкаў сярод творцаў куды меней, чым асобаў з драматычным і нават трагічным лёсам. Досьвед пераменаў прафесіяў, жыцьцёвага ладу, поглядаў, сьветаўспрыняцьця – устойлівая і характэрная рыса класіка.
Найважнейшай крыніцаю пісьменьніцкіх ведаў ёсьць і адукацыя, зьвесткі, здабытыя з дапамогаю чытаньня. Вялікі пісьменьнік ХХ стагоддзя ня толькі майстра пяра, але і інтэлектуал, нярэдка і стваральнік новай філасофіі. Гэта “пісьменьнік-бібліятэка” (Х.Л.Борхес), “пісьменьнік-энцыклапедыя” (Дж.Джойс), “пісьменьнік-слоўнік”(М.Павіч), “пісьменьнік-архіў” (А.Салжаніцын).
Вялікі пісьменьнік ня толькі адлюстроўвае сьвет, але і пераўтварае рэчаіснасьць. Ён стварае свой сусьвет з аўтаномнай сістэмаю каардынатаў, з непаўторным часам і прастораю. Аднак мадэляваньне сусьвету перадумоўлівае ня толькі аналіз, але і прагноз. Энергія генія, скіраваная на час і прастору вакол яго, накіроўваецца і на яго. Пісьменьнік ня толькі прадбачыць лёсы – свой і чужыя – ён праграмуе іх.
Чытач можа і не пагадзіцца з меркаваньнямі П.Васючэнкі, аднак мімаволі заўважыць, як вялікія пісьменьнікі вырастаюць са свайго часу і займаюць свае “экалагічныя нішы” ўжо ў ХХІ стагоддзі.
Завяршаюць гэтае цікавае выданьне несумненна патрэбныя, карысныя, але ўсё ж хутчэй службовыя дадаткі. Маецца на ўвазе “Кароткі слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў і паняцьцяў” з двух дзясяткаў артыкулаў (ад “Абсурду драмы” і “Авангардызму” да “Экспрэсіянізму” і “Эпічнага тэатру”), а таксама “Бібліяграфія”, куды ўключаныя хіба што самыя грунтоўныя і салідныя, а нярэдка і шматтомныя рускамоўныя і англамоўныя манаграфіі ды энцыклапедыі, якімі карысталіся аўтары або раяць да азнаямленьня чытачу.
Патрэбным жа і карысным будзе гэтае выданьне сапраўды шырокаму колу чытачоў і, калі ўжыць звыклую цяпер кампутарную тэрміналогію, дык і карыстальнікаў. Ад школьнікаў-старшакласьнікаў, студэнтаў і абітурыентаў да інтэлектуалаў, якія цікавяцца прыгожым пісьменствам, ад бацькоў і настаўнікаў, якія імкнуцца прывіць дзецям любоў да чытаньня, да літаратурных гурмэ, якія папаўняюць сваю эрудыцыю і раскашуюць над падобнымі выданьнямі.
Можна толькі пашкадаваць, што, на жаль, вельмі мала кніг з серыі “Великие ХХ века” трапляе на беларускі кніжны рынак, бо распаўсюджваюцца яны пераважна ў Расеі. Затое радуе іншае. Аўтары ажыцьцявілі пастаўку ў суседнюю краіну і ня толькі ў яе — на ўсю расейскамоўную інфармацыйную прастору — ня газу альбо нафты, а паўнавартаснага інтэлектуальнага прадукту. А менавіта гэта найболей цэніцца ва ўсім цывілізаваным сьвеце! Прыгадайма, што самы багаты чалавек на планеце — амерыканец Біл Гейц, які распаўсюджвае якраз інтэлектуальны прадукт – кампутарныя праграмы і г.д.
Калі падобную кнігу складалі б амерыканцы, “залатая” сотня выглядала б іначай. Але калі кніга складалася б у суседняй краіне, дык цалкам верагодна, што аніводзін беларускі творца не патрапіў бы на яе старонкі. Дзеля таго, каб пераканацца ў гэтым, варта зірнуць на вокладку. На чатырох (з сямі) міні-партрэтах фігуруюць расейцы.
Вось такая арыфметыка.
На сёньняшні дзень.
А на персьпектыву вельмі добра было б, каб аўтары пераклалі гэтае выданьне на беларускую мову. А яшчэ лепш – грунтоўна перапрацавалі, дадалі айчынных персаналіяў, працытавалі ўрыўкі з перакладзенага на беларускую мову. Карацей – каб зрабілі яшчэ больш беларускацэнтрычны варыянт кнігі і неўзабаве здолелі выдаць на нашае зямлі!
Уладзімір Сіўчыкаў.