12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Сіўчыкаў

_____________________
Мой Дамейка

Невялічкае эсэ з нагоды юбілею

Здаўна недалюбліваю юбілеі ды ўсялякія “дацкія” (ад слова “дата”) мерапрыемствы. Можа, таму, што, напэўна, усе календары, як месяцавыя, так сонечныя ды іншыя, якія былі прынятыя раней або якімі карыстаюцца ў сьвеце сёньня – недасканалыя, бо не зусім дакладныя, а нярэдка і пярэчаць адзін адному. А можа і таму, што калі мінуўся, скажам, дзень нараджэньня славутасьці, дык атрымліваецца, што пра яе нібыта можна і забыцца гадоў на пяць або нават на дзесяць... Але, разам з тым, мушу прызнаць, што круглыя даты даюць пэўныя выйгрышныя магчымасьці і маюць некаторыя станоўчыя моманты.
Адным з такіх момантаў стаўся актыўны ўдзел маёй малодшай дачкі Хрысьціны ў падрыхтоўцы да ваньня 200-годдзя нашага славутага земляка Ігнацага Дамейкі. З ласкі велешаноўнага спадара Адама Мальдзіса (дарэчы, гэтаксама юбіляра 2002 го-ду!) патрапілі да нас ксеракопіі з польскае кнігі – грунтоўнае манаграфіі Зьдзіслава Вуйціка “Ігнацы Дамейка. Літва. Францыя. Чылі”. Хрысьціна натхнілася тымі ілюстрацыямі – старадаўнімі літаграфіямі, малюнкамі і фатаграфіямі ды падахвоцілася на некалькі ўласных графічных аркушаў. Праўда, пасьля напружанага навучальнага года, у сьпякотныя чэрвеньскія дні праца ішла досыць марудна і з пе-рапынкамі. Таму колькі разоў сядаў поруч з Хрысьцінаю, і такім чынам ладзілася творчае спаборніцтва – у каго лепш атрымаецца той ці іншы матыў. Эксьперыментавалі – які памер аркуша і матэрыял (сангіна, аловак, шарыкавая або гелевая асадка) больш прыдатныя дзеля канкрэтнага сюжэту. Разам і нанова адкрывалі сабе творчасьць Орды дзякуючы падараванаму Рыгорам Сітніцам альбому “Беларусь у малюнках Напалеона Орды”, засяроджваліся на мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю Дамейкі, ягоных сяброў і паплечнікаў.
А потым і мая старэйшая дачка Алеся, заінтрыгаваная нашым шчыраваньнем, пачала корпацца спачатку ў хатніх энцыклапедыях і даведніках, а потым пайшла ў гарадскую бібліятэку, палезла ў сайты Інтэрнету, каб болей дазнацца пра вучонага, дасьледчыка і гуманіста. Яна нават напісала нататку пра яго, апублікавала яе ў выданьні для падлеткаў і палюе цяпер на публікацыі пра Дамейку, марыць пабываць на дамейкаўскіх чытаньнях, што ладзіць навукова-адукацыйны цэнтр імя Францыска Скарыны.
Калі браць па ўзросьце, дык дочкі дазналіся пра Ігнацы Дамейку значна раней за мяне, і гэта мяне як бацьку вельмі ўсьцешвае.
А маё знаёмства з Дамейкам пачалося ў 1988 годзе. Працаваў я тады літсупрацоўнікам у часопісе “Бярозка” і рыхтаваў да друку артыкул Андрэя Варатнікова “Вучоны краіны вулканаў” у рубрыку з ня вельмі карэктнаю ў адносінах да абарыгенаў Амерыкі назваю “Беларускія Калумбы” (замянілі яе пазьней на іншую — “Нашыя славутыя землякі”).
Дык вось, аказалася, што імем Дамейкі пайменаваныя мінерал дамейкіт, выкапнёвы сьлімак Nautilus Domeykus d’Orb, фіялка Viola Domeykana Gay, партовы горад Пуэрта-Дамейка ў паўднёвай частцы Чылі і нават горны хрыбет у Андах працягласьцю ў трыста пяцьдзесят кіламетраў! Але ж на Беларусі выдатны асьветнік і апостал навукі, як называлі дона Ігнасіо чылійскія газеты, на жаль, вельмі доўга быў знаны не настолькі шырока, як таго хацелася б, а многія даведачныя выданьні аддавалі яго выключна польскай або чылійскай навуцы…
Нарадзіўся ж Ігнацы Дамейка 31 ліпеня 1802 году ў сям’і старшыні Наваградскага суда ў маёнтку Медзьвядка, што непадалёку ад знака­мітага Міра з ягоным легендарным замкам. Маленства ягонае прайшло ў вёсцы, а размаўляць па-беларуску ён навучыўся, слухаючы беларускія народныя казкі. З малых гадоў імкнуўся ён да ведаў, а таму скончыў ня толькі школу айцоў піяраў (манахаў невялікага каталіцкага ордэну) у Шчучыне, а і фізічна-матэматычны факультэт Віленскага уні­версітэту. Абараніў навуковую працу па найвышэйшай матэматыцы і атрымаў дыплом магістра філасофіі. Там жа ён пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам і ўступіў у таварыства філаматаў (аматараў ведаў), а потым і філарэтаў (прыхільнікаў цноты) пад кансьпіратыўнай мянушкаю Жэгота. Пазьней ён пазнаёміў Адама Міцкевіча са сваёй стрыечнай сястрою Марыляю Верашчакай. Іхняе рамантычнае каханьне засталося няспраўджаным, але, хто ведае, можа дзякуючы гэтаму сусьветная літаратура ўзбагацілася на некалькі паэтычных шэдэўраў?!
У лістападзе 1823 года Ігнацы Дамейка быў арыштаваны царскімі ўладамі па справе філаматаў і філарэтаў і высланы пад нагляд паліцыі на Лідзеншчыну, у вёску Запольле. Але зламаць вольналюбівы дух Ігнацага Дамейкі гэтым не ўдалося. У вёсцы ён адмяніў баршчыну і адкрыў школу, дзе сам і настаў-нічаў, а таксама лячыў сялянаў.
Праз некалькі гадоў наш славуты зямляк стаў удзельнікам паўстаньня на Беларусі і ў Польшчы 1831 году. Быў інтэрніраваны пру-скімі ўладамі ў Расію, але здолеў вырвацца з палону і выехаў са сваім даўнім сябрам Адамам Міц-кевічам у Парыж, дзе паэт пачаў пісаць эпапею шляхецкага жыцьця “Пан Тадэвуш”. Дамейка спрыяў стварэньню гэтай паэмы, і яна нават першапачаткова называлася філамацкім найменьнем Дамейкі “Жэгота”. Але вымушанае разьві-таньне з Радзімай не перашкодзі-ла яму займацца навукай. Парыжскі перыяд жыцьця быў вельмі насыча віча. Ён шмат чытаў, слухаў лекцыі прафесара Бедана ў Сарбоне і прафесара дэ Бемо ў Калеж дэ Франсэ. (Мяркую, што менавіта Парыж зрабіў з Дамейкі вучонага, як зрабіў ён пазьней вялікага мастака з маладога і малавядомага каталанца Пабла Пікаса.)
Дамейка склаў тым часам геалагічную, гідралагічную і гаспадарчую карты Рэчы Паспалітай, напісаў геаграфічныя каментары да іх. У 1837 годзе ён скончыў Горную школу, бо вельмі сур’ёзна заняўся геаграфіяй, мінералогіяй і маладой па тых часах навукай геалогіяй. Гэты занятак і вырашыў ягоны далейшы лёс...
Па кантракце з чылійскім урадам (а краіна тая толькі ў 1818 годзе займела незалежнасьць ад Іспаніі) будучы прафесар мінералогіі, геалогіі і фізікі, рэктар універсітэту ў Сант’яга дэ Чылі і заснавальнік школы хіміі і мінералогіі ў горадзе Какімба, паплыў праз акіян на дасьледваньні Кардыльераў, нават не здагадваючыся, што адысея гэтая будзе доўжыцца паўстагоддзя.
Дамейка выдатна ведаў латынь, а таму літаральна праз тры месяцы здолеў загаварыць па-іспанску. А калі яму было ўжо больш за пяць-дзесят гадоў, ён пакарыў сэрца юнай арыстакраткі Энрык’еты дэ Сатамаёр Гузман, якая стала ягонай жонкаю.
Шэсьць разоў эксьпедыцыя пад ягоным кіраўніцтвам пераходзіла Кардыльеры. Сам жа ён доўгія месяцы жыў сярод плямёнаў, якія не закранула цывілізацыя, і нават напісаў грунтоўнае этнаграфічнае дасьледваньне “Араўканія і яе жыхары”.
Дасьледчык Кардыльераў і Андаў, пустыні Атакама і правінцыі Араўканія, ён арганізаваў у Чылі шырокае вывучэньне мінералогіі і геалогіі, напісаў 130 навуковых працаў па геалогіі і тэктоніцы, адкрыў шмат невядомых раней мінералаў, расьлінаў і жывёлаў.
Нястомная праца Ігнацага Іпалітавіча прынесла шмат карысьці ягонай новай радзіме і дала магутны штуршок разьвіцьцю прамысловасьці. Ён і ягоныя вучні адкрылі надзвычай багатыя радовішчы срэбра і медзі, засьведчылі каштоўнасьць чылійскай салетры як вельмі карыснага мінеральнага ўгнаеньня.
Шмат займаўся Ігнацы Іпалітавіч і асьветніцтвам. Менавіта ён падрыхтаваў праект арганізацыі ў краіне школьнага навучаньня, увёў метрычную сістэму вымярэньняў, наладзіў метэаралагічную службу, стварыў тры музеі, горную лабараторыю, заснаваў некалькі бібліятэк, напісаў падручнікі па фізіцы і мінералогіі.
На вялікі жаль, мы, беларусы, і сёньня робім далёка ня ўсё, што належала б, дзеля ўшанаваньня ды папулярызацыі асобаў, якімі іншая нацыя ганарылася б як нацыянальнымі героямі. Калі казаць пра таго ж Дамейку, дык паводле дасьледваньняў былога пасла Польшчы ў Чылі, прафесара Зьдзіслава Яна Рына, сёньня ў сьвеце налічваецца блізу васьмідзесяці (!) найменьняў, зьвязаных з імем нашага земляка. І толькі пяць-шэсьць з іх маюць беларускую “прапіску”.
Дарэчы, наконт веравызнаньня і беларускасьці Дамейкі. Можа каму і рэжа слых імя Ігнацы, але ж быў ён каталік, а таму перайменаваньне, перахрышчваньне яго ў Ігната або ў Ігнація лічу нелагічным і абсалютна непрымальным.
Сам ён, як і ягоныя славутыя сучасьнікі Адам Міцкевіч ды Тадэвуш Касьцюшка, прызнаваў сябе за ліцьвіна і быў гарачым патрыётам роднай зямлі. Добра ведаў мову, на якой гаварыў просты люд Наваградчыны ды Лідчыны, але ж лёс наканаваў яму найболей карыстацца польскай, французскай ды іспанскай мовамі, меней – англійскай ды нямецкай, а таксама латыньню, што цалкам натуральна для вучонага-прыродазнаўцы. Веданьне Дамейкам некалькіх моваў вельмі сімпатычнае мне як філолагу і літаратару.
А як у мастака – паводле першай адукацыі і некалькіх гадоў працы – выклікае маю сімпатыю здольнасьць Дамейкі да маляваньня. Згадаць хаця б аўтапартрэт вучонага, ягоныя малюнкі ў лістах да сяброў-філаматаў або падарожныя замалёўкі!
Заслугі Дамейкі, ганаровага сябра некалькіх нацыянальных акадэ-міяў, перад сусьветнай навукаю ды асьветаю неацэнныя і неаспрэчныя. Але прывабліваюць мяне і надзвычай высокія чалавечыя, маральныя якасьці Ігнацага Іпалітавіча. Да прыкладу, на працягу не аднаго дзесятка гадоў абіраўся ён рэктарам Універсітэта ў Сант’яга дэ Чылі і адмовіў-ся ад гэтай пачэснай пасады ў знак пратэсту супраць захопніцкай вайны, якую Чылі навязала суседняй Перу з-за памежных тэрыторый, багатых на карысныя выкапні.
Наш зямляк шырока вядомы за мяжою, а найперш у Польшчы, Францыі, паўднёваамерыканскіх краінах. У Чылі ён нават зьяўляецца нацыянальным героем, а дзень яго сьмерці быў абвешчаны ў далёкай ад нас краіне днём нацыянальнай жалобы і смутку. У Сант’яга яму пастаўлены помнік з надпісам “Гран эдукатар”, што ў перакладзе з іспанскае мовы азначае “вялікі асьветнік”. У ягоны гонар быў выбіты нават юбілейны памятны медаль. Нам жа пра помнік выдатнаму вучонаму і асьветніку пры Нацыянальнай акадэміі навук або пры Дзяржуніверсітэце покуль што застаецца толькі марыць! І ці шмат расказваюць пра Ігнацы Да мейку, скажам, студэнтам геаграфічнага факультэту таго ж Дзяржуніверсітэту?
На вялікі жаль, мы дагэтуль не навучыліся як сьлед шанаваць выдатных сыноў нашае Бацькаўшчыны… “Няма прарока ў сваёй Айчыне”? Ці такі ўжо лёс наканаваны ўраджэнцам беларускай зямлі – быць “донарамі” дзеля чужых навукаў ды культураў, атрымліваць прызнаньне спачатку ў сьвеце і толькі потым на радзіме? Хочацца верыць, што ў дачыненьні да Дамейкі становішча зьменіцца да лепшага падчас і пасьля святкаваньня ягонага 200-гадовага юбілею… Прынамсі, у Медзьвядцы ў двары школы ўстаноўлены бюст Ігнацага Дамейкі скульптара Генадзя Лой-кі. У вёсцы Крупава, што на Лідчыне, у тамтэйшай школе адкры-ты музейчык, прысьвечаны І. Дамейку, а цэнтральная вуліца цяпер носіць імя вучонага. Там жа, на Лідчыне, у вёсцы Запольле, устаноўлены абеліск з памятнай дошкаю. У серыі “Беларускі кнігазбор” ўбачыла сьвет кніга Ігнацы Дамейкі “Мае падарожжы. Дзёньнікі выгнаньніка”.
Урачыстасьці, прысьвечаныя юбілею, прайшлі ў Запольлі, Крупаве, Медзьвядцы, Наваградку. Нацыянальная акадэмія навук правяла ў Менску міжнародную навуковую канферэнцыю “Сучасныя праблемы геалогіі Беларусі, Літвы і Польшчы”, у Нацыянальнай бібліятэцы была разгорнута вялікая выстава, а ў памяшканьні Тэатра юнага гледача прайшла вечарына, прысьвечаная высокаму юбілею. Традыцыйныя ўжо, VI Карэліцкія чытаньні прайшлі сёлета ў Міры.
З юбілейным “медалём” надарыўся ў мяне амаль анекдатычны выпадак. Адзін знаёмы журналіст і заўзяты калекцыянер убачыў ксеракопію майго партрэту Дамейкі, на якім вучоны ўганараваны лаўровым вянком, і дужа зацікаўлена і ўсур’ёз дапытваўся, калі гэта на Беларусі пасьпелі выпусьціць юбілейны медаль і як гэта ён прапусьціў такую падзею. Мне ж адно толькі заставалася казаць, што быў бы зусім ня супраць, калі беларуская дзяржава выпусьціла б памятны медаль і ганарыўся б, калі ў якасьці асновы ці эскізу ўзялі б менавіта мой малюнак.
А вось улетку сёлета пашчасьціла памаляваць і пафатаграфаваць на радзіме Ігнацага Дамейкі: у жніўні здолелі выбрацца на пленэр са спадаром Міколам Купавам дый дзецьмі – Хрысьцінаю ды Вітаўтам. Праехалі на аўтамабілі-легкавіку па маршруце Менск-Ішкальдзь-Паланэчка-Мір-Менск. Пабачылі наяве знакаміты Ішкальдзкі Троіцкі касьцёл-крэпасьць, збудаваны яшчэ ў 1472 годзе (амаль што за два дзесяцігоддзі да нараджэньня Скарыны!), падзівіліся ў Паланэчцы на выдатныя абразы ў касьцёле, у якім, верагодна, быў ахрышчаны немаўляцем Ігнацы. А ў Медзьвядцы пагаманілі з вяскоўцамі, што паператвараліся адначасна ў Томаў Сойераў і заўзята фарбавалі новыя штыкетнікі, а з ласкі дырэктара базавай школы-садка Васіля Івана­віча Хіневіча пабывалі ў тамтэйшым музейчыку Дамейкі, сфатаграфаваліся там і пры памятным знаку — валуне з прышрубаванай да яго месянжовай шыльдаю. Падчас гаворкі ўзьнікла ідэя, што ў адным з ацалелых будынкаў сядзібы Дамейкаў трэба было б стварыць музей вызвольнага паўстаньня 1830-1831 гадоў, найменш знанага з трох, што выбухалі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай з перыядычнасьцю ў трыццаць гадоў! Засмуці­ла ж тое, што пры падмурку маёнтка Дамейкаў было бруднавата і не аказалася аніякай, нават самай сьціплай шыльдачкі, а яшчэ болей тое, што за савецкім часам, перад другой сусьветнай былі зьнішчаныя, зруйнаваныя дарэшты надмагільныя помнікі родных братоў Ігнацага Іпа­літавіча – Адама і Казіміра, пахаваных на радзіме поруч з жонкамі…
Асоба Ігнацага Дамейкі для мяне – рэнесансавая, адраджэнцкая. На карысьць гэтага сьведчыць нават тое, што сфера ягоных цікавасьцяў і пазнаньняў надзвычай шырокая і разнастайная. Пра яго немагчыма сказаць адным словам. Гэта постаць і вучонага, і дасьледчыка, і асьветніка, і гуманіста… У гэтым сэнсе Дамейку можна сьмела, не баю­чыся перабольшваньня, называць прадаўжальнікам традыцыяў такіх адраджэнцаў, як Леанарда да Вінчы або Францішак Скарына. Гэтая постаць – рознабаковая, невычарпальная, а ў нечым загадкавая і нават містычная. Прыцягвае яна людзей самых розных заняткаў – школьні­каў, журналістаў, навукоўцаў, мастакоў. Нават пішуць пра Дамейку людзі самых розных узростаў, нацыянальнасьцяў і прафесіяў. Гэта і знакаміты энцыклапедыст, дасьледчык літаратуры і культуры Адам Мальдзіс, і географ Валерый Ярмоленка, і дыпламат Зьдзіслаў Ян Рын, і архівіст Мікола Бандарэнка, і мінеролаг Альберт Багдасараў, і перакладчык Зьдзіслаў Сіцька, і многія іншыя.
У кожнага інтэлігентнага чалавека Дамейка свой, кожны знаходзіць з ім адметныя пункты судакрананьня. Некалькіх сваіх знаёмцаў я выпрабоўваў прамаўленьнем слова-пароля “Дамейка” і канчаткова пераканаўся ў гэтым.
Знаёмы літаратар разгарнуў цэлую навэлу вакол прачытанай ім у карэліцкай раённай газеце “Полымя” абвесткі аб продажы каровы па адрасе: вёска Медзьвядка, вуліца Дамейкі.
Лінгвіст-іспаніст казаў, што аж пяць краінаў падавалі ў ЮНЭСКА заяўку на абвяшчэньне 2002 году годам Дамейкі, ды абураўся, што сярод іх была і Расія. Расія, якая рвала на кавалкі радзіму вучонага, Расія, якая рукамі знанага генералісімуса Суворава патапіла ў крыві вызвольнае паўстаньне, Расія, якая зрабіла Дамейку выгнаньнікам і межы якой ён асьмеліўся перасекчы, толькі калі стаў сусьветна вядомым вучоным!
Навукоўца з абласнога музея паведаміла, што царскія сьпецслужбы не пакідалі ў спакоі былых паўстанцаў і адмыслова перасьледавалі іх нават па-за межамі імперыі. Пра Дамейку, да прыкладу, распаўсюджвалі брудныя плёткі: нібыта ён здрадзіў паплечнікам-паўстанцам, выдаў іх падчас сьледства, а ў Чылі падаўся, каб схавацца ад іхняга гневу і помсты!
Гісторык з нямецкімі каранямі згадаў, што яшчэ падчас вучобы ў Парыжы Дамейка адкрыў з сябрамі-студэнтамі радовішчы вугалю ў Эльзасе, на мяжы Нямеччыны з Францыяй.
Кінадакументаліст цяжка ўздыхаў, што так і ня здолеў здабыць грошай на навукова-папулярны фільм пра Дамейку, хаця за некалькі гадоў назапасіў процьму матэрыялаў дый грунтоўны сцэнар даўно напісаны.
Банкаўскі супрацоўнік расказаў нібыта па сакрэце, што Нацыянальны банк выпусьціць унікальную юбілейную манету, сапраўдны падарунак нумізматам – з кавалачкам каменю, падобнага да дамейкіту, усярэдзіне, коштам пад 100 еўра і з магчымасьцю вольнага вывазу за межы Беларусі.
Галоўны рэдактар газеты для турыстаў і адпачыньнікаў успомніў, як колісь на тэлевізійным шоў-конкурсе маладых палітыкаў прамаўляў сьпіч да чылійскага народу і казаў, што беларусы ведаюць Чылі ня толькі адно дзякуючы дыктатару Піначэту і ягонаму крываваму перавароту. Марыў ён і пра тое, каб не імкнуўся беларус да стодаляравага месячнага набытку, а на сумленна заробленыя тысячы даляраў або еўра мог дазволіць сабе падарожнічаць па паўднёваамерыканскім мацерыку, прайсьці сьцяжынамі Дамейкі, аддаць вучонаму даніну павагі пры помніку ў чылійскае сталіцы.
Карыфей графікі з захапленьнем гаварыў пра мастацкія вартасьці шкіцоў і дакументальную каштоўнасьць замалёвак Дамейкі, пра выставу творчай суполкі мастакоў да юбілею вучонага.
А я сёньня ўдзячны вялікаму вучонаму, дасьледчыку, асьветніку і гуманісту найперш за тое, што падахвоціў ён мяне сесьці поруч з дачкою Хрысьцінаю і зноў маляваць, зноў прымаць удзел у мастацкіх выставах, а таксама рыхтаваць новую кнігу прозы, у якой абавязкова будзе зьмешчанае і эсэ “Мой Дамейка”.