12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяржук Сыс

_____________________
Мясцовы час. Вершы

Зьмяіны цар

Шызае зьлятае павуціньне
на разлапы дрэў, на правады,
Адгарэла чэзлае бацьвіньне.
Зьвіжаньне. Начныя халады.
Невытлумачальнаю трывогай
Поўніцца стары зьдзічэлы бор,
Зьмеі зазьбіраліся ў дарогу,
Да таемных схованак і нор.
З нерушы вільготнай і замглёнай
Па карчах, скрозь нетры і гушчар,
Павядзе іх, залатакаронны,
Мудры павадыр, Зьмяіны цар.
Дзе крычаць начамі нема совы,
на прагалах, між глухіх лагчын
мы сустрэнемся абавязкова,
толькі б путы страху расьсячы.
Божа мой! Я сам сябе ня чую
І дыхнуць баюся да пары...
Раптам Цар карону залатую
Скіне і растане ў гушчары?
Колькі год шукаю утрапёна,
нібы ў час засушлівы ваду...
Ці знайду зьмяіную карону,
Мудрасьці зьмяінай ці знайду?..



Мясцовы час

Мясцовы час...
Нясьпешны плёскат Сожа,
спагада позіркаў, што ловіш незнарок,
на скрыжаваньні выцьвілы ларок,
язьмін ды бэз за кожнай агароджай.
Бабулька размаўляе з галубамі,
“Пятра і Паўла” ціхі перазвон,
пах ежы з незачыненых вакон...
Мясцовы час,
як вытрымаць экзамен?

Мясцовы час...
Ці я ў жо не мясцовы,
па сьвеце патаптаўшыся як сьлед;
дымяць патроны танных цыгарэт,
каля піўной плятуць карункі словы.
На ровары — падлетак круглатвары,
педаль нагой кранаючы ледзь-ледзь...
Мне за табою болей не пасьпець
мясцовы час,
стрыножаныя мары.



* * *
За сьцяною — поле,
чорнае, пустое,
а за полем — прорва
стогне ў хмызьняках.
Там пугач палюе
над цьвілой вадою,
крыламі сівымі
разьдзімае жах.
У начным сутоньні
страх згінае плечы
і сьцірае межы
між дабром і злом.
Ні дарог, ні броду
на той бок пустэчы,
дзе ў смузе трывожнай
цьмяніцца сьвятло.
Шэпча хвошч самотна
над злавеснай кручай:
— Лепей за сьцяною
у спакоі жыць.
Толькі вабіць прорва, —
крок раблю рашуча,
не крыўдуйце, сьцены...
Быць альбо ня быць!



* * *
Ляціць сузор’е Вадалея
па галаледзіцы нябёс
у лес, замецены завеяй,
на шлях, засьнежаны наўскос.

Трашчаць прамерзлыя яліны,
мароз бярэцца ўсё мацней...
аднак, скажыце, ці павінны
у тым далёкі Вадалей?

Ён сам хацеў у гэты вечар
цішком пашастаць па зямлі,
ды паглядзець, як тут, у печы,
мігцяць і тухнуць вугалі.



* * *
Я не баюся ўпасьці з вышыні
свайго неверагоднага палёту.

Спаліць душу аб зорныя агні,
каб на зямлі сканаць спакойна потым.

На жаль, ня мне адчайным птушанём
па стромкіх кручах ветру падымацца,
І недзе ў высі, скончыўшы пад’ём,
чакаць ад неба славы і авацый.

Я паляцеў бы, ды ня той крыві,
і за сьпіной — ня крылы —
горб пакоры...
І толькі цень мой шэры і крывы,
здараецца, чапляе часам зоры.