12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Патрык Зюскінд

_____________________
Двубой.
Навэла

Аднаго разу ў жніўні, адвячоркам, калі ўжо большасьць людзей пакінула Люксембургскі сад, у павільё­не яго паўночнай часткі за шахматнай дошкай яшчэ сядзелі двое, за партыяй якіх з такой напружанай увагай сачылі дзесяткі два гледачоў, што, хоць ужо і блізілася гадзіна аперытыву, ніхто і ня думаў сыходзіць з поля бою, пакуль ня будзе вырашаны лёс супроцьстаяньня.
Цікавасьць гурту гледачоў прыкаваў да сябе чарнявы бледнатвары малады чалавек з пагардлівымі цёмнымі вачыма. Ён не гаварыў ні слова, яго твар быў няўзрушны, толькі час ад часу пальцы пакручвалі незапаленую цыгарэту, і наогул малады чалавек быў увасабленьнем поўнай да ўсяго абыякавасьці. Ніхто ня ведаў яго, ніхто ніколі дагэтуль ня бачыў, як ён гуляе. Аднак жа з першай хвіліны, як толькі ён сеў за дошку, бледны і негаваркі фанабэра, ды пачаў расстаўляць фігуры, ад яго павеяла такой энергіяй, што ўсіх, хто бачыў яго, апанавала фатальная ўпэўненасьць, што перад імі сама мала выключная асоба каласальнага і рэдкаснага таленту. Магчыма ўсё было тут толькі ў абаяльным і разам з тым недас­тупным выглядзе маладога чалавека, у яго элегантнай вопратцы, у яго чыста фі­зічнай вабнасьці, можа нават, у спакойнай упэўненасьці ягоных жэстаў, а, можа, давалася адчуваць сябе аўра незвычайнай адмысловасьці вакол яго, — у кожным разе публіка яшчэ да таго, як была зрушаная з месца першая пешка, ужо ведала, што гэты маладзён быў шахматыст высокага класу, які ўчыніць цуд, патаемна жаданы кожным з прысутных, і праявіцца гэта ў разгроме мясцовага шахматнага куміра.
А кумір той, даволі нягеглы дзядок гадоў пад семдзесят, ва ўсіх адносі­нах быў поўнай процілегласьцю свайму маладому апаненту. Апрануты ў старую, зацухмоленую адзежыну французскага пенсіянера – сінія штаны і ваўняная камізэлька. У яго былі рэдзенькія валасы, нос колеру чырвонага віна і фіялетавыя пражылінкі на твары. Склератычныя плямкі пакрывалі дрыготкія рукі. І ніякай такой аўры, а яшчэ ў дадатак і непаголены. Ён нярвова дыміў сваім недапалкам, неспакойна патузваўся і юрзаў на складным крэсельцы і бесперастанку заклапочана пакручваў галавой. Публіка выдатна ведала і яго. Усе тут ужо гулялі з ім, і ўсе яму прайгравалі, бо, хай яму было даволі далёка да геніяльнасьці, але ж ён меў душавымотлівую для супернікаў, разьвярэдлівую і проста ненавісную ім здольнасьць не рабіць памылак. Гуляючы супроць яго, нельга было спадзявацца, што ў сваіх разьліках ён дапусьціць хоць якую дробную недакладнасьць. Каб выйграць у яго, трэба было сама мала гуляць лепш за яго. А гэта, як ужо ўсе меркавалі, адбудзецца менавіта сёньня. Прыйшоў-ткі час новаму майстру паквітацца са старым карыфеем – ай, ды чаго ўжо там! – разграміць яго, разматлашыць на кавалкі, ход за ходам, скрышыць яго на пыл і даць яму нарэшце скаштаваць горычы паразы. Гэта была б выдатная помста за іхнія ганьбы! “Асьцярожна, Жан! – выкрыквалі яны яшчэ падчас першых дэбютных хадоў, — гэтым разам табе прыпячэ! Супроць такога хлопца не папрэш! Ватэрлоа, Жан! Глядзі ж бо, сёньня табе будзе Ватэрлоа!”
“En bien, en bien…” — адказваў стары, пахітваючы галавою, дрыготкай рукою пасоўваючы наперад белую пешку.
Як толькі даходзіла чарга да чорных, якімі гуляў незнаёмы, навокал аціхала. Ніхто не адважваўся сказаць яму ні слова. Усе сачылі за ім з баязь­лівай увагай, як ён маўкліва сядзеў за дошкай, не адводзячы пагардлівых вачэй ад фігураў, як ён качаў у пальцах незапаленую цыгарэту і рабіў хуткія, упэўненыя хады, калі хадзіць было яму.
Першыя хады партыі прабеглі звычайным парадкам. Пасьля двойчы дайшло да разьмену пешак, прычым другая закончылася тым, што чорныя на адной лініі атрымалі здвоеную пешку, што ў прынцыпе лічыцца пазіцыйнай слабасьцю. Аднак незнаёмы, відавочна, цалкам сьвядома пайшоў на такі разьмен, каб выслабаніць дарогу свайму ферзю. Гэтай мэце паслужыла, верагодна, таксама і наступная ахвяра пешкі, так бы мовіць, своеасаблівы запозьнены гамбіт, які белыя прынялі даволі нерашуча, амаль апасьліва. Гледачы перакідаліся шматзначнымі перамігамі, задумліва ківалі, нецярпліва паглядвалі на незнаёмага.
варожыя шыхты, скажам, расколвае гэтым выпадам поле бою напалам. Ухвальнае шморганьне насоў прабягае па гледачах. Вось гэта ход! Вось гэта ўзьлёт! Та-ак, што ён пойдзе ферзем, — гэта прадбачылі, але каб аж так далёка! Ніхто з гледачоў – а гэта ж былі спрэс людзі, якія петрылі ў шахматах, — не рызыкнуў бы на такі ход. Але якраз бо майстар на тое ён і майстар! Сапраўдны майстар гуляе арыгінальна, з рызыкай, рашуча, карацей – проста інакш, чым сярэдні шахматыст. І таму сярэдняму не мусова разумець кожны асобны ход майстра, бо… яно і праўда ж было ня дужа зразумела, што патрэбна ферзю ў тым месцы, дзе ён цяпер стаяў. Ён ня нёс ніякай жыцьцёва істотнай пагрозы, а калі і пагражаў, дык толькі фігурам, якія былі абароненыя. Аднак мэта і глыбокі сэнс гэтага ходу, вядома ж, неўзабаве выявяцца, у майстра напэўна ж быў свой план, гэта чыталася з яго нерухомага твару, бачылася ў яго ўпэўненай, спакойнай руцэ. Пасьля гэтага нетрадыцыйнага ферзевага дэмаршу ўжо і самаму апошняму гледачу зрабілася ясным ясна, што за дошкай сядзіць шахматны геній, іншага такога, можа, больш ніколі і не пабачыш. На долю Жана, старога матадора, выпадала толькі зьедлівая спагада. Ну, бо і што ён мог супроцьпаставіць гэтаму валатоўскаму замаху? Яго ведалі! Хутчэй за ўсё ён паспрабуе выкаўзнуцца з афёры ў сваім стылі “памаленьку-павалютку”, у асьцярожным, стрыманым стылі сваёй гульні “ціха едзеш, далей будзеш”. …І пасьля працяглых ваганьняў і прыкідак Жан, замест каб на размашыста грозны выпад ферзем даць адпаведны размашыста грозны адказ, б’е хліпкую пешачку на h4, якая пасьля ходу чорнага ферзя як бы проста сама на пагібель напрасілася.
А маладому чалавеку страта тае пешкі як бы і не абыходзіць. Ён не задумваецца ні на хвілінку – яго ферзь падаецца направа, клінам у сэрца варожага баявога парадку, спыняецца на полі, з якога ён пагражае адначасова дзьвюм фігурам – каню і туры – і апроч таго займае небясьпечную для каралеўскай лініі пазіцыю. У вачах у гледачоў гарыць захапленьне. “Во — зух, во — урвікавалак, гэты чарнявенькі! Які кураж! Прафесіянал,— прабягае пошаптам па радах, — гросмайстар, шахматны Сарасатэ!” І ўсе з нецярп­лівасьцю чакаюць Жанавага ходу‚ у адказ, з нецярплівасьцю найперш таму, каб убачыць наступны ўкол чарнявага.
А Жан марудзіць. Думае, пакутуе, юрзае на крэсьле, тузае галавой. Адна мітрэнга глядзець на яго – ну, хадзі ж бо, нарэшце, Жан, хадзі і не заважай няўхільнаму бегу падзеяў!
І Жан ходзіць. Нарэшце. Нясьмелай рукою ён ставіць каня на поле, дзе той ня толькі ўнікае ўдару ферзя, але яшчэ і сам нападае на яго і абараняе туру. Так во! Неблагі ход. Бо такі што ж яшчэ яму заставалася рабіць у няпростай сітуацыі апрача такога ходу? Усе мы, хто тут стаіць, мы згулялі б гэтаксама. Але гэта яго зусім не ўратуе! Чуюцца глухія галасы, чарнявы ўлічыў усё!
Бо вось ужо яго рука, як каршун, узьлятае над полем, хапае ферзя і нясе… не! – не назад, баязьліва, як зрабіў бы кожны з нас, а перастаўляе яго на адно-адзінае поле правей! Неверагодна! Усе слупянеюць ад захапленьня. І праўда ж, ніхто не разумее, навошта патрэбен гэты ход, бо цяпер ферзь стаіць на краі дошкі, нікому нічым не пагражае і нікога не абараняе, стаіць там абсалютна слуп-слупам, але затое як прыгожа, да абсурду прыгожа, так прыгожа ферзь яшчэ ніколі не стаяў – самотна і ганарліва сярод варожага воінства… Жан таксама не разумее, якое мэты сягае гэтым ходам ягоны злавесны апанент, у якую пастку ён мерыцца завабіць яго. І толькі пасьля доўгага роздуму і з нячыстым сумленьнем ён важыцца зноў пабіць непрыкрытую пешку. Цяпер у яго, падлічваюць гледачы, на тры пешкі больш, чым у чарнявага. І што з таго?! Што яму дае тая колькасная перавага ў двубоі з шахматыстам, які мысьліць яўна стратэгічна, якому важныя не фігуры, а пазіцыя, разьвіцьцё, нечаканая, маланкавая атака? Сьцеражыся, Жан! Будзеш ганяцца за пешкамі, калі наступным ходам паставяць твайму каралю мат!
Ход чорных. Незнаёмы спакойна сядзіць на сваім месцы і качае ў пальцах цыгарэту.
Цяпер ён думае трошкі даўжэй звычайнага, можа адну, можа дзьве хвіліны. Стаіць поўная цішыня. Ніхто з прысутных не асьмельваецца нават на шэпт, амаль ніхто больш не глядзіць на дошку, усе напружана сочаць за маладзёнам, за яго рукамі і за яго бледным тварам – а ці не прамільгне які цень пераможнай усьмешкі ў куточках вуснаў? Ці не відаць там, як ледзь прыкметна расшыраюцца крылы яго носа, што папярэднічала б вялікім рашэньням? Які будзе наступны ход? Да якога зьнішчальнага ўдару рыхтуецца майстар?
І вось цыгарэта застывае ў пальцах, незнаёмы падаецца наперад, тузін пар вачэй сочаць за ягонай рукой – які ж ход ён зробіць, які ход ён зробіць?.. – і бярэ пешку з с7 – хто б мог падумаць! – пешку з с7 і ставіць яе на с6!
Хвіліна абсалютнай цішыні. Нават стары Жан на імгненьне перастае дрыжаць і юрзаць на крэсле. Каб яшчэ трошкі, і сярод публікі выбухнуў бы лямант захапленьня! Усе выдыхаюць затрыманае ў лёгкіх паветра, штурхаюць адзін аднаго локцем пад бок – не, вы бачылі такое? Які хітрун! Во дае! Пакідае свайго ферзя і спакойна ходзіць пешкай на с6! Гэта, вядома, вызваляе поле g7 яго афіцэру, гэта ясна, і праз ход ён аб’явіць шах, а потым… А потым?.. А што ж там потым?… Ну… — потым за самы кароткі час з Жанам будзе пакончана, гэта як божы дзень ясна. Паглядзіце толькі, як ён натужліва думае!
І праўда ж – Жан думае. Думае цэлую вечнасьць. Можна розумам дацца з дзедавага думаньня! Часам яго рука ўжо як бы памыкаецца наперад і тут жа — назад. Ну, давай, давай! Хадзі ж нарэшце, Жан! Мы хочам пабачыць гульню майстра!
І нарэшце, праз бясконцыя пяць хвілінаў, — гледачы ўжо зашаркалі нагамі – Жан адважваецца на ход. Ён нападае на ферзя. Пешкаю на саму каралеву чорных! Хоча гэтым застрашлівым ходам уцячы ад свайго лёсу. Ага, напалохаў — якая дзіцячая наіўнасьць! Варта чорным адступіць ферзем на дзьве клеткі назад, і ўсё будзе па-ранейшаму! Садухі табе, Жане! Больш ты нічога не прыдумаеш, садухі табе…
Бо чорныя зараз возьмуць… — няўжо ты ня бачыш, Жан, яму там няма чаго лішне думаць, зараз пачнецца калатэча! – Чорныя возьмуць… І тут на нейкі момант ува ўсіх застывае сэрца, бо чорныя, насуперак здароваму глузду і клёку, не бяруцца за ферзя, каб вывесьці яго з-пад сьмяхотнай атакі белай пешкі, а праводзяць свой намечаны план – ставяць слана на g7.
Усе глядзяць на яго, нічога не разумеючы. Усе яны, як у поўнай замілаванасьці, адступаюць на паўкроку назад і глядзяць на яго разгублена: ён ахвяруе сваю каралеву і ідзе сланом на g7! І робіць гэта абсалютна сьвядома, з няўзрушным тварам, спакойна, з выглядам поўнай перавагі седзябледны, пагардлівы і прыгожы. Тут іх вочы вільготнеюць, а сэрца ахінаецца цеплынёй. Ён гуляе так, як бы хацелася гуляць ім, на што, аднак, яны ніколі не адважацца. Яны не разумеюць, чаму ён гуляе так, як гуляе, а ім гэта нават усё роўна, больш за тое, яны, магчыма, здагадваюцца, што гуляе ён з самазабойчай рызыкай. Але яны тым ня меней хацелі б умець гуляць так, як гуляе ён: цудоўна, пераможна, па-напалеонаўску. Не так, як Жан, баязьлівая, нерашучая гульня якога ім зразумелая, бо і самі яны гуляюць не інакш за яго, толькі крышачку горш. У Жана гульня разумная і разважлівая. Яна ўпарадкаваная, правільная і да здыхаты занудлівая. А чарнявы кожным сваім ходам творыць цуды. Ён ахвяруе сваёй каралевай, каб перавесьці слана на g7 – дзе і калі, скажыце мне, вы яшчэ такое бачылі? Яны, да глыбіні душы ўзрушаныя, стаяць перад абліч­чам такога дзейства. Цяпер ён можа гуляць, як яму хочацца, яны пойдуць за ім, за кожным яго ходам хоць на край сьвету, да самага канца, будзь той канец шчасьлівы ці горкі. Цяпер ён іх герой, цяпер яны любяць яго.
І нават сам Жан, праціўнік, цьвярозы гулец, вагаецца быццам з нясьмеласьці перад бліскучым героем, калі дрыготкай рукою пасоўвае пешку, каб узяць ферзя, і ціха перапрошваючыся, амаль просячы, каб яго не змушалі на такі крок, гаворыць: “Калі вы мне яго аддаяце, мсье,… я ж павінен… я мушу…” — і кідае ўмольны позірк на свайго праціўніка. А той сядзіць з каменным тварам і не шманае. І стары, прыгнечаны, разьбіты, б’е.
Праз імгненьне чорны слон аб’яўляе шах. Шах беламу каралю! Замілаванасьць гледачоў пераходзіць у захапленьне. Страта ферзя ўжо забытая. Усе як адзін за маладога прэтэндэнта і яго слана. Шах каралю! Так бы і яны згулялі! Менавіта так, і не інакш! Шах! Праўда, цьвярозы аналіз пазіцыі падказаў бы ім, што ў белых на абарону мноства магчымых хадоў, але гэта ўжо больш нікога не цікавіць. Яны ня хочуць аналізаваць цьвяроза, цяпер яны хочуць толькі бліскучай дзеі, геніяльнай атакі і магутных удараў, якія дарэштуюць праціўніка. Гульня, гэтая гульня, мае для іх цяпер толькі адзін сэнс і інтэрас: убачыць, як выйграе малады хлопец і як будзе скінуты з п’едэстала стары шахматны кумір.
Жан марудліва думае. Ён ведае, што на яго ніхто не паставіць і су. Але ня ведае – чаму. Ён не разумее, чаму іншыя – а яны ж спрактыкаваныя шахматысты – ня бачаць моцы і стабільнасьці ягонай пазіцыі. На яго баку перавага на аднаго ферзя і тры пешкі. Як яны могуць думаць, што ён прайграе? Ён ня можа прайграць! – Альбо ж усё такі?.. Можа, ён памыляецца? Можа, яго пільнасьць аслабла? Можа, іншыя бачаць, чаго ня бачыць ён? І ён пачынае сумнявацца. Можа, ужо падрыхтаваная пастка, у якую ён павінен ускочыць наступным ходам? Дзе ж яна, гэтая пастка? Трэба абысьці яе. Трэба мусова выкруціцца. Але ў любым разе няма рацыі аддаваць партыю на дурніцу.
І яшчэ больш абачліва, яшчэ больш нерашуча, яшчэ больш нясьмела чапляючыся за ўсе вядомыя яму правілы, Жан узважвае і разьлічвае і рашае пасьля паставіць каня паміж каралём і сланом такім чынам, што цяпер ужо чорны слон аказваецца пад ударам белага ферзя.
Адказ чорных ідзе без затрымкі. Ён не перапыняе замаруджанай атакі, а падцягвае падмацаваньне: чорны конь прыкрывае загароджанага слана. Публіка трыумфуе. І цяпер удар ідзе за ўдарам: белыя выводзяць на дапамогу аднаго з сваіх сланоў, чорныя кідаюць наперад туру, белыя выводзяць другога каня, чорныя – другую туру. Абодва бакі канцэнтруюць свае сілы вакол поля, на якім стаіць чорны слон. Поле, на якім гэты слон так і так нічога не зрабіў бы, сталася цэнтрам бітвы – чаму, невядома. Чорныя так хочуць. І кожны ход, якім чорныя яшчэ больш нагнятаюць абстаноўку, падводзячы новую фігуру, цяпер выклікае зусім адкрытае і гучнае адабрэньне публікі, і кожны ход, якім белыя сілай акалічнасьцяў вымушаны абараняцца, суправаджаецца непрыхаваным пратэстам. І потым чорныя, зноў жа такі насуперак правілам шахматнага мастацтва, пачынаюць забойчую чаргу разьменаў. Гульцу, які саступае ў колькасных суадносінах сілаў, — вучыць шахматная тэорыя – такая безумоўная масакра наўрад ці можа прынесьці якую-небудзь прыкметную перавагу. Аднак чорныя ўсё адно яе пачынаюць, і публіка ўскрыквае ад радасьці. Такой бойні тут яшчэ не бачылі. Чорныя бязьлітасна косяць усё, што ў зоне дасягальнасьці іх фігураў, не зважаючы на ніякія свае страты. Цэлымі радамі гінуць пешкі, падаюць пад бурныя авацыі гледачоў коні, туры і сланы…
Ходаў праз сем-восем з абодвух бакоў дошка – як пустэльня. Вынік бітвы для чорных – жахлівы: у іх засталося ўсяго тры фігуры, менавіта – кароль, тура і адна пешка. А белыя разам з каралём і турою ўбераглі ад вялікага пабоішча свайго ферзя і чатыры пешкі. У любога кемлівага чалавека, які назіраў за гульнёй, цяпер не магло быць аніякай паняверкі што да таго, хто выйграе гэтую партыю. І сапраўды… Ніякіх паняверак і сумневаў. Бо па-ранейшаму (а гэта відаць па тварах, якія палаюць ад баявітага задору і разьвярэды) гледачы нават перад абліччам непазьбежнай бяды перакананыя ў тым, што іх абранец пераможа! Яны па-ранейшаму па­ставілі б на яго якую-хочаш суму і далі б адпор любому намёку на магчымасьць ягонага пройгрышу.
На маладога чалавека катастрафічная сітуацыя, здаецца, не зрабіла анія­кага ўражаньня. Ягоны ход. Ён спакойна бярэ сваю туру і совае яе на адно поле направа. І зноў настае цішыня. І на вочы дарослых людзей сапраўды цяпер нагортваюцца сьлёзы ад зачараванасьці геніем гэтага гульца. Яно ж бо — як у фінале бітвы пад Ватэрлоа, калі імператар пасылае сваю лейб-гвардыю ў даўно прайграны бой: са сваёй апошняй фігурай чорныя зноў рвуцца ў наступ!
А ўсё ў тым, што белыя атабарылі свайго караля на першай лініі на полі g1, і на другой лініі перад ім стаяць тры пешкі так, што белы кароль можа апынуцца ў цалкам заціснутым і такім чынам у самым пагібельным для сябе становішчы, калі б чорныя, як яны гэта яўна намысьлілі, правялі сваю туру на першую лінію.
А трэба сказаць, такая магчымасьць паставіць праціўніку мат, — самая вядомая і самая банальная, каб не сказаць – самая дзіцячая з усіх магчымасьцяў у шахматах, бо посьпех яе грунтуецца адзіна на тым, што праціўнік не заўважыць відавочнай небясьпекі і ня прыме контрмераў, самая эфектыўная з якіх палягае на ўскрыцьці пешачнага раду, каб тым самым даць каралю магчымасьць увільнуць праз адчыненую пралазіну. Паставіць вопытнаму шахматысту альбо нават пачаткоўцу, які мае сякую-такую падрыхтоўку, мат такім простым фокусам – жаданьне больш чым легкадумнае. І ўсё-такі зачараваныя гледачы захапляюцца ходам свайго героя, нібыта бачаць сёньня гэты ход першы раз. Яны хітаюць галовамі ад бязьмежнага зьдзіўленьня. Праўда, яны ведаюць, што белыя павінны цяпер зрабіць капітальную памылку, каб чорныя здабылі перамогу. Але яны вераць у гэта. Яны і праўда вераць у тое, што Жан, тутэйшы шахматны кароль, які кожнага з іх перамагаў, які ніколі не дазваляе сабе ніякай слабіны, што Жан возьме і зробіць гэтую памылку шахматыста-пачаткоўца. І больш за тое: яны на гэта спадзяюцца. Яны палка гэтага прагнуць. Яны ў душы моляцца, горача моляцца, каб Жан зрабіў гэтую памылку…
І Жан думае. Заклапочана пакручвае галавой, ва ўласьцівай яму манеры ўзважвае кожную магчымасьць, яшчэ раз марудзіць з адказам – і пасьля яго дрыготлівая, усыпаная склератычнымі плямкамі рука выпаўзае наперад, бярэ пешку на g2 і перастаўляе яе на g3.
Гадзіньнік на царкве Сэн-Сюльпіс б’е восем. Другія шахматысты Люксембургскага саду даўно пайшлі на аперытыў, будка пракату гульнёвых дошак даўно зачынілася. Толькі сярод павільёна вакол двух гульцоў усё яшчэ стаіць гурт гледачоў. Вялікімі каровінымі вачыма яны глядзяць на шахматную дошку, дзе маленькая белая пешка замацавала паразу чорнага караля. І яны ўсё яшчэ ня хочуць паверыць у гэта. Яны адводзяць свае лупатыя вочы ад гнятлівай карціны поля бою і пераводзяць іх на палкаводца, які, бледны, фанабэрлівы, прыгожы і нерухомы, сядзіць на сваім складным крэсле. Ты не прайграў, кажуць іх каровіныя позіркі, ты зараз явіш нам цуд. Ты з самага пачатку прадбачыў такую сітуацыю, ты сьпе­цыяль­на яе зладзіў. Зараз ты разгроміш праціўніка – як, мы ня ведаем, мы ж бо наогул нічога ня ведаем, мы ж толькі простыя шахматысты. А вось ты, цудадзей, можаш гэта ўчыніць, ты ўчыніш гэта. Не паглумі нашых на­дзеяў! Мы ў цябе верым. Ствары цуд, цудадзею, ствары яго і выйграй!
Малады чалавек сядзеў і маўчаў. Потым перакаціў вялікім пальцам цыгарэту да кончыкаў указальнага і сярэдняга пальцаў і сунуў яе ў рот. Запаліў, зацягнуўся, выпусьціў дым над шахматнай дошкай. Працягнуў руку праз дым, затрымаў яе на імгненьне над чорным каралём і пстрыкнуў яго.
Гэта вельмі вульгарны і грубы жэст, калі караля куляюць на знак сваёй паразы. Гэта робіць такое ўражаньне, быццам заднім планам разбураюць усю гульню. І потым жа такі непрыемны гук, калі перакулены кароль стукаецца аб дошку. Кожнаму шахматысту гэта – як нажом па сэрцы.
Грэбліва перакуліўшы свайго караля пстрычкай, малады чалавек устаў і, нават позіркам не ўгонарыўшы ні свайго праціўніка, ні публіку, не разьвітаўшыся, — пайшоў.
Зьбянтэжаныя, аканфужаныя стаялі гледачы на сваіх месцах і разгублена глядзелі на шахматную дошку. Праз нейкі час нехта кахекнуў, нехта шаркнуў нагой, нехта дастаў цыгарэту. – “Каторая там гадзіна? Ужо пятнаццаць на дзевятую? Божа, так позна! Ну, пара! Бывай, Жан!” – і, сьпехам прамармытаўшы нейкія там перапросіны, яны хуценька разьбегліся.
Мясцовы кумір застаўся адзін. Ён зноў паставіў перакуленага караля як сьлед і пачаў зьбіраць фігуры ў скрынку – спачатку пабітыя, потым пазасталыя на дошцы. Робячы гэта, ён па ўласьцівай яму звычцы сьпярша перабіраў у памяці асобныя ходы і пазіцыі партыі. Ён не зрабіў ніводнай памылкі, зразумела, не. І ўсё-такі яму здавалася, што гуляў так дрэнна, як ніколі ў сваім жыцьці. Па сутнасьці яшчэ ў дэбюце ён павінен быў заматаваць суперніка. Той, хто рабіў такі нікчэмны ход накшталт таго ферзевага гамбіту, выкрываў сябе як дылетанта шахматнай гульні. Звычайна з такімі навічкамі Жан, у залежнасьці ад настрою, распраўляўся альбо мілажальна, альбо неміласэрна, але ў кожным разе хутка і не сумняваючыся ў сабе. Аднак гэтым разам нюх на яўную слабасьць праціўніка пакінуў яго – альбо ж гэта ён, Жан, проста спалохаўся? Няўжо ён так баяўся ўчыніць гэтаму фанабэрыстаму шарлатану хуткую расправу, як той таго заслугоўваў?
Не, горш за тое. Ён не хацеў дапусьціць думкі, што яго праціўнік гуляе аж настолькі дрэнна. І яшчэ горш: амаль да канца двубою ён хацеў верыць, што моцна саступаў незнаёмаму ў сваім уменьні гуляць. Ён па сваёй добрай волі паддаўся сьляпучаму зьзяньню саманадзейнасьці, геніяльнасьці і юнацкага німбу гэтага выскачкі. Таму і гуляў аж так запабегліва. І яшчэ сёе-тое: калі ўжо зусім шчыра, Жан мусіў прызнацца сабе, што ён захапляўся незнаё­мым гэтаксама, як і іншыя – мала таго, ён нават хацеў, каб той выйграў і найбольш эфектыўным і геніяльным чынам нарэшце паднёс яму, Жану, навуку паразы, чакаць якое столькі гадоў яму ўжо абрыдла. Жан хацеў, каб яго нарэшце вызвалілі ад цяжару быць самым моцным і выйграваць ва ўсіх, хацеў, каб зласьлівыя людцы-гледачы, гэтая зайздросьлівая банда, атрымала сваю сатысфакцыю, каб усе супакоіліся, нарэшце…
Але потым, вядома ж, ён зноў атрымаў перамогу. І гэтая перамога была яму самай непрыемнай за ўсю яго шахматную кар’еру, бо, каб прадухіліць яе, ён цягам усёй партыі выракаўся самога сябе, прыніжаўся і складваў зброю перад самым нікчэмным халтуршчыкам у сьвеце.
Ён ня быў чалавекам вялікіх маральных досьведаў, гэты Жан, тутэйшы шахматны карыфей. Але адно яму было ясна, калі ён ішоў дамоў з шахматнай дошкай падпахай і скрынкай з фігурамі ў руцэ: што насамрэч менавіта сёньня ён атрымаў паразу, паразу, якая менавіта ж таму і была такая жахлівая і канчатковая, што за яе нельга было ўзяць рэванш. Як нельга было і рэабілітавацца за яе самай бліскучай перамогай у будучым. І з гэтай прычыны ён вырашыў (а, трэба сказаць, ён ніколі дагэтуль ня быў чалавекам вялікіх рашэньняў) паставіць на шахматах крэс, раз і назаўсёды.
Наперад, як і ўсе прыстойныя пенсіянеры, ён будзе гуляць толькі ў буль – бяскрыўдную, поўную сяброўскай зычлівасьці гульню, якая ставіць перад яе ўдзельнікамі менш маральных патрабаваньняў.

Пераклад з нямецкай
Васіля СЁМУХІ

Перакладзена з выданьня:
Patric Süskind “Der Kampf”.
Арыг. выд.: Demon’s Eye Verlags GmbH, Berlin, 1997
Арыгінал тэксту разьмешчаны на
http://members.aol.com/anatar1/