12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алег Аблажэй

_____________________
Броўнаўскія думкі.

Чым лепшая думка прыйшла табе ў галаву, тым большая верагоднасьць, што яна ўжо наведвала чыюсьці іншую...

Нельга вось так проста сесьці і напісаць верш. Гэта як бы тата Карла спрабаваў выразаць Бураціна з першага лепшага палена. Найперш трэба голас пачуць...

Кожны пісьменьнік імкнецца пісаць такую кнігу, якую хацеў бы прачытаць сам.

У барацьбе паміж кнігаю і кампутарам пераможа каменная сякера.

Нідзе так не зайздрошчу багатым, як у кнігарнях. Яны ж усё гэта могуць купіць. І прачытаць. Але – не купляюць. І не чытаюць.

Дом бяз кніг нагадвае труну.

Недарэчна вызначаць для творцаў месцы – «нумар адзін», «нумар два». Яны – як вітаміны, кожны патрэбны. І вітаміну А не заменіць С, хоць ты яго жменямі еш.
А то яшчэ – «буйны», «найбуйнейшы».
Як парсюк які ці карняплод!

Не разумею тых, што прагнуць пахвалы для сваіх твораў, ці абураюцца на крытыку.
Творы ж ад гэтага ня робяцца ані горшымі, ані лепшымі.
Талстой лічыў Шэксьпіра нікуды ня вартым драматургам.
Брэжнеў атрымаў Ленінскую прэмію ў галіне літаратуры.
Ну і што?...
Даўно карціць сабраць калекцыю глупстваў, якія адны творцы гаварылі пра другіх.

Ёсьць два спосабы стаць чысьцейшым за іншых: памыцца самому або абліць кагосьці брудам.

Тое, што падаецца як адназначна правільнае, часьцей за ўсё няправільнае зусім.

Пра што б чалавек ні апавядаў, ён тым самым расказвае і пра сябе.

У літаратуры «постмадэрнізму» сустракаюцца сапраўдныя разынкі.
Толькі што ўвесь батон – з апілак.

«Постмадэрністы» – піянерская арганізацыя імя Герастрата.

Уявім сабе футбаліста, які ніяк ня можа пацэліць у вароты, — здымае папярэчыну – усё роўна міма, выкідвае адну штангу – вынік той жа.
Так вось і сучасныя паэты. Аблегчылі сабе задачу, выкінуўшы рыфму. Адмовіліся ад усіх гэтых ямбаў, харэяў, дактыляў.
А гол забіць ня могуць.
Бо нават б’юць ня ў той бок.

Філасофія — гэта літаратура, якая сама сябе лічыць навукай.

Веліч мора, краса аблокаў – усё гэта не ў прыродзе, а ў нас саміх.
І Моцарт іграе не на струнах скрыпак, а на струнах нашай душы.
Калі такія ёсьць.

Прыгажосьці няма.
Ёсьць уяўленьні аб прыгажосьці.

Сіла моды такая вялікая, што многія выбівалі б сабе вока, каб запанавала мода на аднавокіх.

Хочаш выглядаць недарэчна – ганіся за модай.
Хочаш быць недарэчнай – змагайся з модай.

Калі б я мог заснаваць нейкі фонд, мая ўзнагарода называлася б так: «За адвагу быць нармальным».

Можна прымаць, можна аспрэчваць ідэю Бога.
Бясспрэчна, аднак, тое, што з гэтай ідэі можна карміцца. І надзвычай сытна.

«Сучаснае» мастацтва – фалацэтрычнае.
А маё – «Тварацэнтрычнае».
Гітлер вызваліў сваіх ваякаў ад «хімеры сумленьня».
«Авангардысты» вызвалілі мастацтва ад «хімеры прыгажосьці».

— Вашы творы занадта дарагія!
— Бо я сам дорага за іх плачу.
Сваім жыцьцём.

Непарушнае правіла: чым менш мастак працуе сам, тым больш сурова ён крытыкуе іншых.

Што лепш: злы розум ці добрае глупства?
Абое рабое.

Недарэчную, на першы погляд, варожасьць каталікоў і праваслаўных лягчэй зразумець, успомніўшы «Кока-колу» і «Пепсі-колу».

Даўнія назіраньні: чым больш шчыры вернік, тым хутчэй ён уступае ў канфлікт са сьвятарамі.

Усё цудоўна ў хрысьціянстве.
Апроч хрысьціянаў.

Сіметрыя стэрэатыпаў: амерыканцы ў савецкім кіно: тупыя «містэры» ў капелюшах з тоўстай цыгарай у зубах. Нічога не разумеюць у савецкіх парадках, якія спрабуюць ім растлумачыць будаўнікі камунізму з адкрытымі добрымі славянскімі тварамі.
Расейцы ў амерыканскіх фільмах: эпізод з фільму «Армагедон» – амерыканцы, чыстыя, стройныя і мужныя, трапляюць на расейскую арбітальную станцыю. Расейскія касманаўты – грубыя, п’янаватыя, у вушанках з зоркамі і ватоўках. Буйным планам разяўленая пашча расейца: металічныя зубы чаргуюцца з гнілымі і запламбаванымі чорнай масай. Наўкол трубы, заматаныя анучамі, з якіх б’е пара і капае вада (ацяпленьне?)...

Чым шукаць невядомых «гуру» недзе за марамі ды гарамі, лепш пайсьці ў бібліятэку.

Мабыць, думаць самастойна – такі цяжкі і небясьпечны занятак, што як жа многія вандруюць аж на край сьвету, у якую-небудзь Індыю ці Тыбет, каб атрымаць «гатовы прадукт».

Вяршыня альтруізму: стаматолаг, які рэкламуе зубную пасту, у выніку ўжываньня якой ён страціць працу.

Прыгажосьць – не галоўнае.
Шчасьце – не ў грашах.
Падрабязнасьці – у творы над назваю «Ліса і вінаград».

Адзін з самых бедных людзей, якога я спаткаў у сваім жыцьці, мае два гатэлі і будуе сабе трэці.

Сон – апошні сябар бедных.

Найдаражэйшыя пачастункі – бясплатныя.

Адна з самых цяжкіх хваробаў – маніякальнае імкненьне быць здаровым.

Чым большыя дамы робяцца ў людзей, тым менш у іх месца для сяброў.

Ёсьць асобы, якія робяць усё, каб стала немагчыма іх любіць, а потым скардзяцца і пакутуюць.

Найменш сьвятасьці ў тых, каторыя патрабуюць яе ад іншых.

Філасофія – як дом з карункамі.
Можа быць вельмі прыгожы, толькі карысьці мала.

Я не зьяўляюся ворагам сучаснага мастацтва.
Я – вораг таго, што прысвоіла сабе гэта найменьне. Але мастацтвам не зьяўляецца.

Мова сучасных мастацтвазнаўцаў – «эсьперанта» наадварот – ня каб усе паразумеліся, а каб усіх заблытаць.

Каб зьнішчыць ці то грамадскі лад, ці то мастацтва, найперш трэба перавярнуць шкалу вартасьцяў. І хто быў нічым, той стане ўсім.

Цяперашнія «авангардысты» нагадваюць дзяцей, якія так захапіліся бунтам супраць бацькоў, што й не заўважылі, як самі вырасьлі, і калі бацькі паўміралі – усё працягваюць кідацца зьмесьцівам начных пасудзінаў.

Паміж многімі рэчамі можна правесьці мяжу. Але паміж глупствам і даверлівасьцю – не.

Творы мастацтва, як і людзі, маюць свой лёс. Але найперш трэба іх нарадзіць.

Найлепшая маска для канфарміста – маска бунтара.
Адзін з найбольш рафінаваных зьдзекаў над творцам – пасьмяротная ўзнагарода.

«Джаконда» ў Луўры і яна ж на поліэтыленавым пакеце.
Там – усё, тут – нічога.
А такія падобныя!

Мастаку дарогу падказвае ня толькі тое, што ён умее, але і тое, што яму не даецца.

Талент і годнасьць таямніча зьвязаныя паміж сабою. І калі асоба страчвае адно — губляе і другое.

Думаю, што ў пекле прыбіральні будуць такія ж, як і ў беларускіх вёсках.

Некаторыя ганарацца тым, што ніколі нікому, нічога не выбачаюць.
А трэба гэтай якасьці саромецца.
У расейскіх інтэлігентаў — ад Пушкіна да Салжаніцына — паталагічная няздольнасьць разумець іншых.
«Паду лі я, дручком пропэртый
Чі мімо прошпындаріт він?!
Гэта, паводле «зоркі» сучаснай рускай літаратуры М.Велера, так сьпяваюць «Анегіна» ў Беларускім оперным тэатры...

Жорстка, але для Горкага своечасоваю сьмерць была б адразу пасьля публікацыі «Нясвоечасовых думак».

Два незайздросныя варыянты лёсу пісьменьніка: быць забытым, або патрапіць у школьныя хрэстаматыі.

Усе мае думкі круцяцца вакол адной — як пражыць, зарабляючы думкамі.

Я не асуджаю жанчын «лёгкіх паводзінаў». Куды страшнейшыя кабеты цяжкіх паводзінаў!

ХХ стагоддзе скончыцца тады, калі міне мода на джынсы.

Сутыкнуўся ў супермаркеце з рэдактарам адной буйной газеты, з якой некалі супрацоўнічаў.
Мы абодва маем праблему з жыватамі. Ён ня можа спыніць рост уласнага, я — думаю, што пакласьці ў свой.

Патрабаваньні крытыкаў: «Рабі ўсё, што хочаш, апроч таго, што сапраўды хочаш».

Свабода прыходзіць аголенай.
Затое, як добра апранаюцца тыя, хто яе распрануў...

Найбольш людзей мы пакрыўдзілі не падазраючы аб гэтым.

Сьвет з адных толькі разумных, добрых і справядлівых – немагчымы.
Бо ў ім не было б вітаміну ірацыянальнасьці.

Мастак гадамі «ставіў вока», дасканаліў мастэрства, а трэ было найперш трэніраваць локці.

Чамусьці кнігамі для дарослых лічацца тыя, у якіх найбольш сэксу і парнаграфіі. На справе, яны найцікавейшыя для падлеткаў.
У сапраўдных «кнігах для дарослых» галоўныя тэмы — іншыя.

Ну прызнаешся сабе — «Я — дурань».
А як жыць далей?..

Цяжка, калі ўсе перамены ў тваім жыцьці ты можаш назіраць толькі ў люстэрку.

Зусім нялішне спытаць самога сябе, скончыўшы твор: чаго ў сьвеце стала болей — сьвятла ці цемры?..

NB. Афарызмы — ня творчасьць. Проста прадукт жыцьцядзейнасьці мозгу.